Гуринович Влада: другие произведения.

Мроi Багны

Журнал "Самиздат": [Регистрация] [Найти] [Рейтинги] [Обсуждения] [Новинки] [Обзоры] [Помощь] [Ridero]
Реклама:
Новинки на КНИГОМАН!


Читай и публикуй на Author.Today
 Ваша оценка:
  • Аннотация:
    "Чистилище - это ад, в котором есть место надежде" (с) Филип Фармер. Даркфэнтэзи. Архетипический сюжет о борьбе с фашистскими оккупантами. Остальное детали.

  ЗМЕСТ
  
  Прадгісторыя
  Прыпавесць першая
  Мроя першая. Прывіды
  1. Дзецi грэшнiкаў
  2. Карчма ля ракi
  3. Прывiды
  4. На тым беразе
  Прыпавесць другая
  Мроя другая. Цёрн
  1. Цёрн
  2. У белых выдмах
  3. Выгнанне
  4. Перасяленцы
  5. Стражнiкi
  6. Крамольнiк
  7. Свята
  8. Берэнiс
  9. Бунт
  10. Намеснiк
  11. Астрог
  12. Аблава
  13. Зацiшша. Мроi
  14. Забойца
  15. Сход. Мiстэрыi
  16. Аўдыенцыя
  17. Эшафот
  18. Братчыкi
  19. Мярцвячы Ярок
  20. Жалезны Цмок
  Прыпавесць трэцяя
  Мроя трэцяя. Пошасць
  1. Кронпрынц
  2. Рудзiца
  3. Iнспектар
  4. Кветка Нявiннасцi
  5. Пошасць
  6. У цемры
  7. Куратар
  8. Нара
  9. На заставе
  10. Гаспадар Вулiц
  11. Вандроунiк
  11. За сцяной
  12. Варгус
  13. Нявеста-Пачвара (устаўная навела)
  14. Акруговы суддзя
  15. Лютнiст на дзядзiнцы
  16. Храм
  17. Чалавек у чорным
  18. Пачатак легенды
  
  
  "Чысцец - гэта пекла, ў якім ёсць месца надзеі" (с) Філіп Фармер
  
  
  
  
  Дзе карона Сонца?
  - Скралі яе цмокі.
  А дзе ясны Месяц?
  - Ён у багне згінуў.
  А дзе зоркі-знічкі?
  - Крумкачы паелі.
  Дзе ж твая лучынка?
  - Дагарэла, згасла...
  
  
  ПРАДГІСТОРЫЯ
  
  "Бегчы, бегчы! Не спыняцца!" Раўніну ахінае туман, жаўтлява-бялясы, як дым над пажарышчамі, жоўклая трава мокрая ад расы, глеба набрыняла вільгаццю - ногі слізгаюць, з-пад падэшваў лятуць пырскі халоднай гразі, - а ў небе за хмарамі цьмее хмурны світанак. 'Не спыняцца!.." Аннеке бяжыць, спрабуючы адначасова глядзець сабе пад ногі, каб, барані Божа, не паслізнуцца і не выпусціць з рук дзіця, і наперад, каб не губляць з вачэй Альбіна. Ён бяжыць наперадзе, то знікаючы ў смузе, то з'яўляючыся зноў, і ёй здаецца, быццам яна гоніцца за прывідам. Следам бяжыць Алаіс, яна чуе ў сябе за спінай яго перарывістае дыханне. Да Цёрну застаецца зусім нямнога.
  
  Аннеке ўжо бачыць яго - ланцужок бетонных слупоў, паміж якімі нацягнуты шэрагі калючага дроту. Цёрн нежывы. У смузе бачны металічны корпус генератара, чорны ад куродыму і злёгку аплаўлены. Слупы агароджы ля генератара павалены, дрот разарваны і ўбіты ў зямлю. "Сюды!", - крычыць Альбін, не абарочваючыся. Яшчэ трохі. Апошні рывок. На нічыйную зямлю найміты Аўгусты не сунуцца...
  
  Дзесьці зусім побач чуецца гуд рухавіка, і прамень пражэктара прарэзвае смугу. Рэзкі вокрык: 'З'хог-сааг! (Стаяць!) Йіімн окхам! (Назад!)' Ксайлахскія найміты. Іх мова, нібы крык драпежнай птушкі. Альбін рэзка абарочваецца, ірвануўшы з-за пояса парабелум, і робіць некалькі хаатычных стрэлаў у туман. Пражэктар згасае, але ў шэрай смузе ўжо маячаць бартавыя агні машын, і шум рухавікоў цяпер чуецца з усіх бакоў. 'З'хог-сааг!' Альбін брудна лаецца, перазараджаючы парабелум. Аннеке глядзіць, як Алаіс павольна здымае з пляча вінтоўку і ўбівае патрон у ствол.
  - Бяжы, Аннеке, - гаворыць ён вельмі спакойна.
  Аннеке. Ён ніколі не называў яе 'Феафана' - імем, якое яна атрымала пасля навяртання ў новую веру, званую Законам Праведнікаў. Гэта было абавязковай умовай, без якой Арцыпастыр не прызнаў бы іх шлюбу. Цяпер усё законна. Аўгусце, аднак, пляваць і на Арцыпастыра, і на Закон, і на ўсіх Праведнікаў. Свайго мужа яна ўжо звяла са свету, і зараз яна хутчэй выкарчуе свой уласны род да апошняга нашчадка, чым выпусціць з рук вянец і парфіру Усеўладаркі...
  - Алаіс, не!
  - Бяжы, - кажа ён мякка, але настойліва. - Марна-Сігёл праз паўмілі адсюль. Там ты будзеш у бяспецы.
  Яна хоча запярэчыць, але тут распачынаецца бязладная страляніна - зелянявыя святлівыя палосы раскрэсліваюць туман. Альбін раптам выпускае зброю з рук і валіцца тварам на зямлю.
  - Дзіця, Аннеке, - гаворыць Алаіс. - Нашае дзіця павінна жыць. Выратуй яго, Аннеке.
  І тады яна кідаецца бегчы. Пераскочыўшы цераз вузкі роў, праараны ўздоўж лініі загароды, Анеке нясецца да пралому. Над яе галавой свішчуць кулі. Наперадзе ляжыць пустка, ахінутая туманам. Маленькая Зоі заходзіцца ў плачы. 'Цішэй, цішэй, дзіця, - шэпча Аннеке, прыціскаючы да грудзей кволае цельца, загорнутае ў абрывак парфіравага плашча. - Кляштар ужо блізка...'
  
  Адчуўшы рэзкі штуршок у спіну, Аннеке ледзь не падае, але ўпёршыся каленам у зямлю, прымушае сябе падняцца на ногі. Болю яна не адчувае. Зоі крычыць. Дзякуй Богу, не ўпусціла... Узняўшы вочы, яна бачыць наперадзе высокую чарнавата-шэрую сцяну, якая спачатку падаецца ёй крэпасцю, што стаіць проста пасярод раўніны. Марна-Сігёл. Яловы гай, які нашчадкі ксайлахскіх лучнікаў завуць 'Чорным'. Марна-Сігёл - гэта на іхняй мове...
  
  Хістаючыся, яна ўваходзіць пад шаты дрэў, нібы ў пячору. Глеба тут рудавата-бурая ад апалай ігліцы, вяршыні елак патанаюць у тумане, з галін зрываюцца кроплі вады. Адчуваючы, што ногі яе слабеюць, Аннеке асцярожна кладзе дзіця на зямлю і сама ў знямозе валіцца побач. Ігліца здаецца ёй мяккай, як пярына. Зоі крычыць. Нічога, дзіцятка, нічога. Матуля зараз падымецца і падыдзе да цябе. Дай толькі аддыхацца. Хоць хвіліначку. Нам ісці яшчэ тры мілі, цераз лес. Дарога роўная, але напрыканцы прыйдзецца падымацца пад гару.
  "Вы бачылі калі-небудзь гэты кляштар? - чуе яна голас Альбіна. - Ніштаваты такі. Стаіць на вяршыні скалы, што ўздымаецца над лесам, як уцёс па-над морам. Ёсць у гэтым пэўная прывабнасць".
  "Альбін!.."
  "Аднак у Семгалене вам лепш не затрымлівацца. Тут і так міжусобіца, а старушэнцыя напэўна палезе ў бойку за свайго Ахмістрыньчыка. Перачакайе колькі дзён у кляштары, а потым рушце ў Эверон і Антраўм. Дуумвірат не выдасць вас Аўгусце, яны ў гэтым не зацікаўленыя..."
  "Чакай, Альбін, чакай. Дай аддыхацца!.."
  Аннеке расплюшчвае вочы і бачыць над сабой набрынялыя яловыя галіны з заблытанымі ў іх пасмамі туману. Паміж ялін мільгаюць агні. Чуецца гуд рухавікоў і храбусценне вецця пад чыімісьці цяжкімі крокамі. Галасы. Размаўляюць на рамейскай, мове Імперыі. Яны зайшлі на нічыйную зямлю, парушаючы ўсе правілы. Аннеке спрабуе прыўзняцца, але разумее, што не можа зрушыцца з месца. У ногі холадна, па спіне пад сукенкай збягаюць струменьчыкі чагосьці клейкага і гарачага, дыхаць цяжка, быццам у горле захрас камяк зямлі. Потым яна бачыць постаці ў адзенні зелянковага колеру. Яны выплываюць з туману, як здані. Мільгаюць агні, бразгае зброя. Хтосьці схіляецца над ёй. Бляклыя вочы, бялясыя валасы. Твар з воспінкамі. Тонкія вусны крывяцца ва ўхмылцы. Аннеке ведае гэтага чалавека. Аўгуста паабяцала яму карону Семгалена як узнагароду за пэўную паслугу.
  - Міка. Міка, ты не ведаеш, што дзееш, - шэпча яна на семгальскай мове. - Спыніся, Міка...
  Ён хмыліцца.
  - Не "Міка", а Яго Мосць, спадар Намеснік. А ты - ўсе вы - па-ранейшаму - ніхто.
  Яе падхопліваюць з зямлі і цягнуць да машын. Зоі крычыць - дзесьці вельмі далёка. 'Не крыўдзіце яе. Не крыўдзіце', моліць Аннеке, але голас яе ўжо занадта слабы. Яшчэ некаторы час чуюцца вокрыкі каманд і гуд рухавікоў. Потым святло пражэктараў згасае, і робіцца вельмі ціха.
  
  МРОЯ ПЕРШАЯ. ПРЫВІДЫ
  
  Прыпавесць першая. Аб стварэнні Сусвету
  
  
  Была Пустэча, пракаветнае нястворанае Нішто, якое не мае ні пачатку, ні канца, і быў Хаос у Пустэчы, падобны да вірлівага акіяна.
  І быў Той, Хто Мроіць. У бязмежнай Пустэчы сузіраў ён Хаос і мроіў аб сусветах, яшчэ ненароджаных. Цені ягоных сноў, зменлівыя і зыбкія, луналі ў Пустэчы над акіянам Хаосу, і таіліся ў іх пачаткі ўсіх рэчаў, яшчэ безназоўных.
  І пажадаў Той, Хто Мроіць стварыць Сусвет у Пустэчы. Са сноў сваіх зрабіў ён Мора Ценяў - унутранае мора ў акіяне Пустэчы, і ў сэрцы Мора збудаваў ён Грот Цішыні. У цэнтры Грота змясціў ён Сусвет - імглістае мігатлівае воблака, вытканае з ягоных мрояў, і былі ў ім зоркі і месяцы, планеты і сонцы, і безліч душаў жывых.
  І ўзвёў Той, Хто Мроіць прастолы ў Гроце сваім, і заклікаў Вартавых з нябыту. І прыйшлі яны, пачуўшы покліч яго, і паселі на троны, зрабіўшыся захавальнікамі Сусвету і заступнікамі людзей.
  А Той, Хто Мроіць, палюбаваўшыся плёнам працы сваёй, сышоў у Пустэчу і зноў звярнуў позірк свой на Хаос.
  А Хаос, падобны да вірлівай бездані, пазайздросціў Творцу і пажадаў знішчыць усё, што было створана ім.
  І тады з Хаосу выйшаў Вандроўнік, безаблічны і безназоўны, і ўвайшоў у Сусвет, увасобіўшыся ў народах, якія насялялі яго.
  З тых часоў нябачна вандруе ён па Зямлі, ловячы душы ў цянёты сваі, і сутнасць яго - няствораны Хаос.
  І калі збярэ ён усе душы жывыя ў сеткі свае, надыдзе Дзень Апошні.
  І тады Вартавыя пакінуць свае троны і вернуцца ў нябыт, і спусцее Грот Цішыні. Мора Ценяў знікне ў прорвах Пустэчы, а вірлівы Хаос, чыё ўвасабленне - Вандроўнік, паглыне крохкі Сусвет.
  Але калі гэта адбудзецца, ведае толькі Той, Хто Мроіць...
  
  'Збор легенд і паданяў Паўночнай Правінцыі (раней Каралеўства Семгален), складзены Дам'янам Росіцам, прафесарам кафедры культур малодшых народаў Універсітэта Славеснасці ў Вільску, Рамейская Імперыя, год 999 ад Усёспалення'
  
  
  Дзеці грэшнікаў
  
  Успаміны нахлынулі знянацку, быццам мроя наяве - так перасохлы лясны раўчук, пахаваны пад лам'ём, раптам ажывае, і вырваўшыся на паверхню, б'е магутным, светлым струменем. Аднак ўспаміны тыя былі горкія, як палын, і чорныя, як дзёгаць. Калісьці даўно, бясконца даўно... Была восень. Такая ж, як цяпер - туманная і золкая. Час быў позні, месяц на зыходзе праглядваў з-за свінцовых хмар, бялеў у цемры каменны дарожны слуп, небрукаваная дарога стужкай вілася сярод пожняў, а ўдалечыні на ўзлессі пунсовымі і зялёнымі агеньчыкамі ўспыхвалі вочы ваўкоў. Іларыя стаяла на ўзбочыне, чакаючы начную фурманку, з нізін на гасцінец наплывалі пасмы туману, а трохі наводдаль ў яе за спіной цямнеў узгорачак сельскіх могілак, зарослых па баках калючым шыпшыннікам і высокім, у рост чалавека, быльнікам. У паветры ўжо адчувалася дыханне зімы. Сівер нёс пахі крыві і гару. Там, на поўначы, гарэла зямля, і гінулі людзі...
  - Цётачка, чаму ты не паміраеш?
  Яна расплюшчвае вочы. Дзверы хаты разнасцежаны, на парозе стаіць дзіця гадоў чатырох. У адной ільняной сарочцы - і як яму не холадна? Тут, у гэтых балотах, народ як з жалеза. І валасы белыя-белыя, быццам выбеленыя марской соллю, а вочы колеру волава.
  - Чаму ты не паміраеш? - пытаецца шэравокае дзіця.
  Ты таксама іх бачыш, маленькі мой? Два сабакі каля парога. Ганчакі Ману. Псы-прывіды, што суправаджаюць душы памерлых да Прапрадзедаў за Жалезныя Скалы - так кажуць гэтыя язычнікі. Там, дзе яны з'яўляюцца, абавязкова будзе нябожчык... Іларыя спачатку іх баялася - ляжаць каля парога, чорныя, страшныя, вочы, як каганцы. Пасля прыгледзелася - ды не, не страшна. Добрыя калматыя сабачэнцыі. Чакаюць цярпліва. А яна ўсё ніяк.
  - Нельга мне, дзіцятка.
  Нельга, пакуль жывыя ўспаміны. Пошчак капытоў і грукат колаў па грунце. Яна падышла да краю дарогі, узмахнула рукой. Фурманка спынілася. Храплі шараватыя коні, пазвоньвала збруя, разгойдваўся алейны ліхтар. Ля ног фурмана ляжала доўгая крэмневая стрэльба, побач валяўся бізун, сплецены са скуры і свінцовай ніткі. Часы надышлі неспакойныя, цяпер ніхто б не наважыўся падарожнічаць па начных дарогах без зброі.
  
  Іларыя працягнула фурману некалькі манет, і асцярожна перахапіўшы кошык, у якім спала немаўля, паднялася ў фурманку. Яна чула, як звонку фурман хвастануў коней, зарыпелі рысоры, кузаў фурманкі пачаў злёгку гайдацца. Іларыя села на драўляную лаву ля акна, паставіўшы кошык сабе на калені. Апроч яе ў фурманцы былі яшчэ двое падарожных - бязвусы юнак, падобны да шкаляра, і бледная худая жанчына з немаўлём на руках. Шкаляр спаў сном праведніка, жанчына ціхенька напявала, люляючы дзіця. Калі Іларыя ўвайшла, маці кінула на яе кароткі, пільны позірк, поўны недаверу і нават варожасці. Відаць, беспамылковае жаночае чуццё падказала ёй, што немаўля ў кошыку Іларыі чужое, а мабыць, яшчэ і крадзенае... Іларыя павярнулася да акна, каб не сустракацца з ёй позіркам, і заплюшчыла вочы, імкнучыся не думаць больш ні пра што...
  - Яны бы загубілі гэтае дзіця. Не далі б яму жыць. Ігумення сказала - кінь на падваконнік, само дойдзе. Яны далі яму малака, змешанага з настоем красаўкі. Ігумення сказала - добра зрабілі, бо плачу і крыку тут хопіць і без таго. Дзіця амаль не дыхала, і тварык быў, нібы з воску. Я думала, і напраўду дойдзе. А яно выжыла. Выжыла, кацянё гэта.
  Іларыя змаўкае. Бялявая дзеўка, якая двойчы на тыдзень прыходзіць прыбірацца ў хаце, кідае на яе доўгі, пуставаты позірк. Потым, пахітаўшы галавой, яна вяртаецца да свайго занятку - старанна скрабе падлогу бярозавым дзеркачом, вымятаючы смецце з кутоў і з-пад лавак. Дзеўка апранута ў вышываную кашулю і спадніцу-андарак у каляровыя палосы. На яе шыі і запясцях пазвоньваюць абярогі - 'месяцовыя сонцы', 'каралі жаб' і сплеценыя змеі. Людзі Багны амаль не разумеюць па-рамейску. А мова ў іх прыгожая. Складаецца як быццам з адных галосных, яе можна слухаць проста як музыку. Яны вераць, што продкі семгальцаў прыйшлі з-за Паўночнага Мора. Адтуль, дзе цяпер Абшар Цемры. Забаўна. Продкі рамейцаў таксама з-за мора, калі верыць паданням. Яны прыйшлі з Ледзяной Зямлі ў Год трохсоты ад Усёспалення. Прыйшлі і прынеслі з сабой дары Творцы - Мрою і Ключ... Рамейскай Імперыі ўжо семсот гадоў. Кажуць, што год Тысячны будзе апошнім.
  
  У мястэчка пад назвай Ксілея яна прыбыла досвіткам. Ліхтары ўжо згаслі, і вуліцы былі пустыя - толькі ўздоўж бруку цягнуліся ў прыцемках вулічныя гандляры, валакучы на спінах кошыкі і палукашкі. Некаторыя ўжо пачыналі разгортваць прылаўкі і раскладваць свой няхітры тавар - познюю восеньскую гародніну, ячменныя праснакі, вяленую рыбу, драўляныя лыжкі, гліняныя гаршчкі... Дом, у якім жыла загадчыца прытулку, Іларыя адшукала даволі хутка. У вокнах не было ні агеньчыка - пэўна, гаспадары яшчэ спалі. Пераадолеўшы нясмеласць, Іларыя пазваніла ў дзверы. Праз некаторы час у перадпакоі запалілася святло, і на ганку з'явілася заспаная служанка - дзяўчынка гадоў трынаццаці ў стракатым сарафане. Потым Іларыі давялося чакаць добрую гадзіну, пакуль гаспадыня апраналася. Нарэшце на парог выйшла мажная кабета сярэдніх гадоў, убраная ў жоўты каптур і ліловую сукенку з мноствам бантаў і фальбон. Яе твар быў даволі азызлы і бледны, быццам абсыпаны мукой. З-пад цяжкіх павекаў глядзелі маленькія, уважлівыя вочкі. То была спадарыня Катапаўла, начальніца прытулку.
  - Паслушніца, ці што? - спытала яна, акінуўшы позіркам шэрую сукенку Іларыі і такую ж хусткачку. Затым спадарыня Катапаўла зазірнула ў кошык, і яе верхняя губа злёгку скрывілася - ці то ад жалю, ці то ад гідлівасці. - Ну што ж, хадзем.
  Потым яны сядзелі ў працоўным кабінеце, асветленым газавай люстрай. Спадарыня Катапаўла афармляла дакументы - пяро-самапісец, парыпваючы, так і лётала па паперы. Прафесійная чыноўніца.
  - Тваё малое? - спытала раптам спадарыня Катапаўла, не адрываючы вачэй ад папер.
  Не атрымаўшы адказу, яна падняла галаву і проста ўпілася ў Іларыю сваімі вачамі-шпількамі. Тая маўчала ў разгубленасці. Яна не чакала, што ёй стануць задаваць падобныя пытанні.
  - Бач ты, чырванее, як нявінніца на адрыне, - сказала, пасмейваючыся, спадарыня Катапаўла. - Раней трэба было чырванець. А цяпер чаго ўжо...
  Яна зноў схілілася над паперамі, і пяро яе зарыпела.
  - Як, у кляштары? Дажыліся, называецца. І куды толькі свет коціцца? - прыгаворвала яна, запаўняючы фармуляры. - І хто ў вас там такі спрытны? Пэўна, дзячок які прыгожанькі? Ці гэта быў садоўнік? Можа, апольнік? Ат, свавольнікі... Добра, маўчу, маўчу. Не мая гэта справа.
  Іларыя маўчала, кусаючы вусны. Ведала б гэтая курыца, хто бацька дзіцяці. І хто яго маці. Ігумення сказала: 'Разбярыся з ім'. З маці ўжо 'разабраліся'. Дыван на падлозе келлі быў заліты крывёй. І сафа, абцягнутая сінім аксамітам, таксама. На сафе ляжала цела, загорнутае ў скрываўленую прасціну.
  - Я не нараджала гэтае дзіця, ойча. Я ніколі не мела дзяцей. Але яны хацелі, каб я забіла яго, - кажа Іларыя. Голас яе гучыць слаба.
  - Ойча. Што я вам за 'ойча'? Эх, людзцы, людзцы. Калісьці ледзь не богам звалі, цяпер вось чортам клічуць. А за 'ойча' дзякуй, канечне.
  Локіс. Чорный Шаман. Глядзіць на яе, незласліва пасмейваючыся. Размаўляе на "псаванай рамейскай'. Ведае аднекуль. Яго Іларыя не баіцца. Ён падобны да старца-схімніка. Ссівелыя валасы, вусы і бародка, а твар гладкі, без адзінай зморшчынкі. І вочы колеру волава. Рамейцы таксама нараджаюцца са светлымі вачыма, а потым раёк чарнее ад грахоў. А пасля смерці вочы зноў становяцца чыстымі. Толькі немаўляты ды памерлыя ў нас без граху. Схіліўшыся над Іларыяй, Локіс кладзе далонь ёй на лоб. Пальцы яго правай рукі дакранаюцца да яе запясця. Прыкрыўшы вочы, ён услухоўваецца ў біццё яе жыцця. Слабое, занадта слабое. Калі б жыла Іларыя на вялікай зямлі, даўно бы ўжо сканала. А тут трымае Мроя. І абяцанне. Не памерці без споведзі.
  - Ойча, я зграшыла, - шэпча Іларыя.
  Локіс ківае.
  - Ведаю. У ігуменні кашэль сцягнула. Нічога, не збяднела яна. Затое злая была, як чорт. За грошык душу прадасць.
  Локіс смяецца. І адкуль толькі ведае? Яна яму не гаварыла... Шкада, што Локіс не можа прыняць у яе споведзь. Ён не святар, і ён служыць іншым багам. А ігумення і напраўду не збяднела. У яе келлі столькі золата. Ледзь не болей, чым у Саборы ўсіх Праведнікаў, што ў горадзе Нір. І раскошная мэбля, абабітая аксамітам, і газавыя свяцільні пад столлю, і каштоўны дыван, у якім нага тоне па самую шчыкалатку... Дыван, зрэшты, быў безнадзейна сапсаваны. Яны кінулі на яго скрываўлены труп, калі ўвайшлі. Потым, праўда, цела перанеслі на сафу. Алаіс ім загадаў. Ён таксама там быў. Сядзеў на краі сафы побач з нябожчыцай, і выгляд у яго быў зусім не царскі - вопратка пашматаная і заляпаная граззю, валасы ў беспарадку, сам белы, як смерць. Нібыта ён стаіць на эшафоце, і кат вось-вось прыйдзе.
  
  А потым у келлю ўвайшла Аўгуста. На ёй быў ваўняны дарожны плашч, пад якім віднелася белая, расшытыя золатам сукенка са стаячым каўняром. Яе аблічча пад пластом бяліл нагадвала маску. Іларыя так і не зразумела, прыгожая Аўгуста ці не. Цяжка разабраць, занадта многа фарбы. І яна была зусім невысокага росту. Іларыю гэта вельмі здзівіла. 'Не думала, што яна такая маленькая', мільганула ў яе тады. Трохі вышэй за гуля. Напэўна, на троне яна здаецца высокай. Стаіць, выпрастаўшыся і паклаўшы рукі на падлакотнікі, і ніхто не здагадваецца, што ў яе пад нагамі ўслончык, старанна задрапіраваны краямі доўгай вопраткі. Падман. Паўсюль падман.
  - Ты адчуваеш боль? - пытаецца Локіс.
  - Не, ойча.
  Толькі стомленасць. Смяротную стомленасць. Болю няма. Хаця павінен быць. Калі гэта тая ж хвароба, ад якой памерлі яе матуля і старэйшая сястра. Пухліна ў баку. Кажуць, гэта ад самерытавага пылу, які нябачна лунае ў паветры. Паспела наглытацца, пакуль жыла на паўднёвым усходзе. Там усё атручана самерытам. Ніхто не ведае, адкуль узялася гэта брыдота. Існуе паданне, быццам самерыт - гэта акамянелы попел старога свету. Усё, што засталося ад яго пасля Года Ўсёспалення. Госпад Усявышні, што ж гэта быў за свет, калі нават прах яго - атрутны?..
  
  Сыходзячы, Іларыя пакінула начальніцы прытулку жменю манет - 'за турботы'. Так было прынята. У яе заставаліся яшчэ грошы. Няшмат. Доўга не працягнуць. Што рабіць далей, Іларыя не ведала. Ісці ёй не было куды. Усе яе сваякі даўно ў магіле. У кляштар яна таксама не вернецца. Там ігумення, якая забівае немаўлят. Мабыць, самым правільным зараз было бы памерці. Кінуцца ў раку з высокага моста. Альбо ціха засіліцца дзе-небудзь у завуголлі. Але спачатку трэба паесці. Яна нічога не ела з учорашняга дня. І спаць хочацца. Так, перш-наперш трэба паесці і трохі паспаць. А потым і памерці можна.
  
  Іларыя спынілася ў мясцовай гасцініцы, таннай, але ніштаватай. Паслужлівая пакаёўка правяла яе ў пакой наверсе. Там пахла дрэвам, свячным воскам і свежай накрухмаленай бялізнай. На паліраваным начным століку ляжала пухлая кніжыца ў скураной вокладцы: "Выслоўі Праведнікаў". На сцяне, абклеенай серабрыста-блакітнымі шпалерамі, красавалася выцвілая прастакутная пляма - пэўна, яшчэ зусім нядаўна тут вісеў партрэт Імператара Сільвірыя. Памёр Імператар, прыбралі партрэт. Неўзабаве павесяць новы. Няцяжка здагадацца, хто будзе на ім адлюстраваны. Маленькая, з пластом бяліл на тварыку... Іларыя загадала прынесці ёй у пакой позні сняданак - варанае мяса, гарачы хлеб, запечаную гародніну і чырвонае віно, разведзенае крынічнай вадой. Напрыканцы можна і скаромнага паесці. Адпусціўшы пакаёўку, Іларыя скінула чаравікі і, не распранаючыся, легла на ложак. Вочы яе закрыліся самі сабой. Котка-Дрымота, добры калматы звер са старой казкі, падкралася нячутна і паклала на павекі сваю цяжкую, мяккую лапу. Засынай. Засынай. Памірай...
  - Ігумення сунула мне ў рукі немаўлятка, ойча. Спачатку мне здалося, што гэта проста лялька. Васковая лялька, загорнутая ў абрывак парфіравага плашча... Ойча, я стаяла там і ўсё бачыла. Увайшоў кат, і салдаты з ім. У жароўні былі распаленыя пруты. Дыван быў заліты крывёю, і на яго падалі вуглі з жароўні...
  - Атож. Рабілі пераварот, дыванок сапсавалі. Эх, людзцы, людзцы.
  Локіс кладзе яе бязвольную руку паўзверх коўдры. Падымаецца з лаўкі, якая стаіць каля падгалоўя ложка. Зараз пойдзе. Чакайце, ойча, я яшчэ не ўсё сказала!..
  - Яна тады з'явілася мне ў сне, ойча.
  - Эглі, - гаворыць ён спакойна. - Яе імя Эглі. Белая Вяшчунка.
  Вяшчунка. Маці-Заступніца. Рамейцы называюць яе Валадаркай Гадзюк. А семгальцы - Жытняю Цёткай, якую можна сустрэць у спелых палях гарачым летнім поўднем...
  - Яна мне сказала - не бойся. У Семгалене, у Паўночнай Багне, Мрою сваю знойдзеш...
  - Ты знайшла сваю Мрою, Іларыя.
  - Але мне патрэбен толькі спавядальнік!
  Локіс маўчыць, ківаючы галавой. Потым кажа, усміхаючыся:
  - Хутка, Іларыя, хутка. Спавядальнік ужо ў дарозе. Ён будзе тут з дня на дзень. Я кажу.
  - Я дачакаю, ойча. Дачакаю, - адказвае яна ледзь чутна.
  Локіс сыходзіць. Два ганчакі ляжаць ля парога і глядзяць на яе вачыма праайцоў.
  
  
  Карчма ля ракi
  
  Многае змянілася з тых часоў, як Міка Венд (у народзе званы Ахмістрыньчык, то бок ахмістрыні сынок) прыйшоў да ўлады, зрабіўшыся Намеснікам Паўночнай Правінцыі. Альбо, калі па-шчырасці сказаць, здзейсніў дзяржаўны пераварот, гвалтам захапіўшы карону. Хаця кароны той ўжо не існуе. І каралеўства таксама не існуе. Цяпер тут правінцыя. Паўночная ўскраіна Імперыі. Даволі адсталая, трэба заўважыць. А мінула ўсяго толькі дзесяць гадоў... Альбо дванаццаць? Так адразу і не ўзгадаеш. Хутка ж яны скаціліся. Шкада. Была дзяржава, як той сад у квецені, а сёння... Яшчэ не такое запусценне, як ва ўсходніх фемах, аднак блізка ўжо, блізка. А Міка... Ды што Міка? Ахмістрыньчыку пляваць на свой народ. Яму паабяцалі, ні многа, ні мала, вянец і парфіру Імператара. Чакае аж дагэтуль. Наіўны. Дакладней кажучы, вар'ят, горай за тых, каго трымаюць пад замком ў абіцелі Ойгена Блажэннага. І ён даўно ўжо не першы фаварыт Аўгусты. Абрыд за гэтыя гады. Байструк, бялясы варвар... Некаторыя ўсё яшчэ асмельваюцца вымавіць гэта ўслых. Нават цяпер. Заканчваюць, праўда, пагана. Іх галовы з выдранымі языкамі гніюць на тычках пасярод Гарматнай плошчы ў Вільску, сягонняшняй сталіцы правінцыі. Галовы на калах, выстаўленыя на ўсеагульны агляд. Вынаходка Ахмістрыньчыка. У Царгорадзе так не робяць. І за старымі Вендамі такога не было. Але, шмат чаго змянілася. А вось віно тут па-ранейшаму дрэнь. Хоць у чымсьці пастаянства. Апроч коштаў, хіба што. Віно тут цяпер таннейшае за хлеб. Тутэйшыя затое задаволеныя. Цяпер для іх адна ўцеха - хмель ды забыццё... Госпад Вышні, пра што я толькі думаю?..
  
  Нартас сядзеў за сталом, збітым з груба абчасаных дошак, утаропіўшы безуважны позірк за акно. Звонку шумела залева, па шыбах збягалі частыя кроплі. Удалечыні за полагам дажджу віднеліся смутныя абрысы ракі колеру свінцу і навіслыя над ракой уцёсы, парослыя густым хвойнікам. Праз непагадзь прыцемкі надышлі раней, чым звычайна. У зале карчмы панаваў змрок, але свяцільняў яшчэ не запальвалі. Наведнікаў было няшмат. Ніводнага з Царгорада, усе тутэйшыя. Каржакаватыя і шыракаскулыя, з грубаватымі рысамі твару. Будзем шчырыя - не самы прывабны народ на Кантыненце. Усе як адзін схмурнелыя ды панурыя, ды яшчэ і маўчаць, нібы на пахаванні. Амаль увесь час маўчаць. А калі і гавораць, то неяк з асцярогай, напаўголасу. Зрэшты, іх можна зразумець. Нават сюды, у гэтую глухень, маглі завалачыся Шпегі з Тайнай Канцылярыі і Ахоўнікі з Калегіі Праўды. Калісьці іх лёгка было вызначыць па чорных і шэрых адзеннях, але ў апошнія гады яны ўсё часцей адмаўляліся ад уніформы і апраналіся, як звычайныя местачкоўцы альбо сяляне. Так прасцей было змяшацца з натоўпам.
  - Ты бачыў...гэтых?
  Хрыплы шэпт вырваў Нартаса з задуменнасці. Ён адвярнуўся ад акна і перавёў позірк на чалавека, які сядзеў насупраць. Лодачнік. Мужчына гадоў сарака, апрануты ў буры непрамакальны плашч і такія ж боты. Светла-шэрыя вочы і бялявыя валасы выдавалі ў ім ураджэнца прымор'я. Альбо Дольнай Зямлі, як кажуць тутэйшыя. Ён хмыліўся, дэманструючы дрэнныя, вышчарбленыя зубы.
  - Гэтых вось бачыў? - паўтарыў лодачнік, тыцнуўшы пальцам у бок агмяню, у якім гарэла бярозавае паленне.
  Нартас прасачыў за ягоным позіркам. Ля агмяню на дошках падлогі сядзелі, скурчыўшыся, дзве істоты. Ростам не вышэй за дзіця-падлетка. Абодва захутаны ў бясформенныя скураныя плашчы з нізка насунутымі каптурамі - так, што не разгледзець ні іх постацей, ні абліччаў.
  - Гулі. Пажыральнікі мярцвячыны, - хрыпла зашаптаў лодачнік. - Сноўдаюцца тут. Спускаюцца з уцёсаў. Бач ты, ад дажджу хаваюцца. Поскудзь!
  Ён схапіў са стала пустую драўляную міску і шпурнуў яе ў бок агмяню. Тыя двое нават не зварухнуліся, быццам пагружаныя ў дзіўнае здранцвенне.
  - Чакаюць свайго часу. Калі мы ўсе здохнем, яны будуць тут гаспадарамі, - змрочна падагульніў лодачнік.
  Кіўнуўшы ў знак згоды, Нартас паднёс да вуснаў чару з падагрэтым віном. У тутэйшых корчмах густое чырвонае віно змешвалі з насеннем кмена, дзікім мёдам і засушанай вішняй, а пасля награвалі гэтую сумесь на вуглях. Смеху вартае падабенства салодкага віна з цынамонам, разынкамі і бурым цукрам, якое падаюць у корчмах Царгорада, сталіцы Імперыі. Сапраўдны рамейскі цынамон каштуе занадта дорага. Тутэйшыя прылаўчыліся гатаваць гэты вытанчаны напой, выкарыстоўваючы больш танныя складнікі.
  - Цяпер шмат хто жыве з думкай аб блізкім канцы свету, - прагаварыў Нартас, адпіўшы глыток.
  Гэта было праўдай. Канца свету чакалі яшчэ летась, калі ў небе віселі хвастатыя зоркі, бачныя нават удзень, а Месяц пацьмянеў і набрыняў атрутай, якая пралівалася на Зямлю чорнымі дажджамі. Сонца, аднак, не згасла, і жыццё працягвалася.
  
  У зале карчмы з'явіўся хлопчык-служка з лампадкай у руцэ. Ён моўчкі абыходзіў залу, запальваючы свяцільні. Шэры змрок за вокнамі адразу згусціўся, ператварыўшыся ў апраметную цемрадзь. Цяпер зала карчмы нагдвала каплічку, ў якой стаіць труна з нябожчыкам - цёмна, ціха, адно агеньчыкі мільгацяць ды шэпты лунаюць спалохана... Так было не заўсёды. Нартас яшчэ памятаў часы, калі ў мясцовых корчмах гучала музыка ліры і трохструннай скрыпкі, а наведнікі спявалі застольныя песні. Цяпер гэта па-за законам. Карчомныя песенькі забаронены цэнзурай Кліра за 'распуства' і 'лаянку'. Гэткі ж лёс напаткаў ліры і скрыпкі, якія былі абвешчаны 'д'ябальскім вынаходствам'. Рамейскія лютні ў мясцовых корчмах так і не прыжыліся, таму цяпер тут проста моўчкі п'юць. Ды шэпчуцца. І так ва ўсёй правінцыі. Ужо дванаццаць гадоў. Хаця сам Намеснік не грэбаваў простымі зямнымі ўцехамі. У самым пачатку свайго кіравання, калі яшчэ не былі забаронены святы ў гонар Сонцастаяння і Ўспаміну Продкаў, ён выходзіў на плошчу ў суправаджэнні ўсяго толькі двух-трох целаахоўнікаў і далучаўся да святочнага натоўпу. Ахмістрыньчык стаў больш абачлівым пасля таго, як падчас аднаго з такіх фэстаў з натоўпу да яго кінулася юродзівая - ускудлачаная, з пенай на вуснах - і паспрабавала ўсадзіць шыла яму ў горла. Юродзівая нешта крычала. Людзі, якія стаялі паблізу, распавядалі потым, што яна крычала: "Забойца!" Ахова зрэагавала імгненна, і вар'ятку пасеклі шаблямі, перш чым яна паспела прычыніць шкоду Намесніку. Пазней Ахоўнікі распаўсюдзілі вестку, што гэта была ерэтычка-змеепаклонніца з Паўночнай Багны, якую падкупілі эверонцы - заклятыя ворагі Рамеі. Выгодная трактоўка, якую немажліва ні пацвердзіць, ні абвергнуць...
  
  Пасля замаху Міка адмовіўся ад сваіх хаджэнняў у народ. З гэтага часу ён назіраў за святкаваннямі з бяспечнай адлегласці, стоячы на тэрасе свайго палаца-крэпасці ў Вільску, альбо на высокім памосце, акружаным натоўпам стражнікаў. Ён не тое каб страціў давер да сваіх падданых. Зусім не. Проста чалавек, ад якога залежыць лёс цэлага народа, не мае права сабой рызыкаваць. Прынамсі, так казаў сам Міка. Крывадушнічаў, як заўжды. Ад яго не залежала роўным рахункам нічога. Ён ужо дванаццаць гадоў трымае правінцыю ў жалезным кулаку, але сам ён, па сутнасці, ніхто. Менш, чым ніхто. Сваю пасаду ён атрымаў з рук Аўгусты. Ўсе рашэнні прымаюцца ў Царгорадзе, за зубчастымі мурамі Цытадэлі. Міка аж дагэтуль ва ўладзе толькі таму, што так жадаюць яго заступнікі. А калі ён перастане іх задавальняць, яго адразу ж штурхалямі згоняць з трона і прызначаць новага Намесніка... І ты гэта разумееш, Міка, выдатна разумееш. Дарма толькі ўзяў грэх на душу. Ты нічога не дамогся. Як быў нікчэмнасцю, так ёю і застаўся, і ў Цытадэлі на цябе глядзяць, як на смецце. А зрэшты, я не лепей... Нартас намацаў кашэль у складках сваёй манаскай хламіды і махнуў рукой шынкару, даючы зразумець, што збіраецца расплаціцца.
  - Як, ужо? - лодачнік захваляваўся. - Трэба дачакаць, пакуль дождж перастане. Нядобра выходзіць у дождж. Бачыў я тут сёе-тое...
  Нартас уздыхнуў, разумеючы, што спрачацца няма сэнсу. Нягледзячы на тое, што Клір вёў жорсткую барацьбу з перажыткамі паганства, у правінцыі распаўсюджваліся ўсё новыя забабоны, і тутэйшыя рабіліся ўсё больш прымхлівымі. Зямля кішэла нячысцікамі. Уначы мары залазілі ў вокны хат і душылі немаўлят у калысках. Над дарогамі ў слупах пылу з лямантамі насіліся стрыгі-паўдніцы. Пасля заходу сонца па вуліцах блукалі прывіды-невідзімкі, з плачам і енкам скрэбліся ў вокны і дзверы, прасіліся ў хату. Людзі сядзелі за зачыненымі дзвярыма сваіх хацін, дрыжэлі ад страху і шапталі малітвы. Багі караюць гэтую зямлю за тое, што народ яе выракся веры продкаў, казалі тутэйшыя. А таксама за тое, што Міка Венд здзейсніў грэх супраць Рода, забіўшы брата свайго Міраслава, каб завалодаць каронай. Апошняе, зрэшты, услых стараліся не прамаўляць. Сабе даражэй.
  
  Братазабойца. Нартас часам пытаўся ў сябе: адкуль ідзе гэтая пагалоска? Абставіны смерці Міраслава ні для каго не былі таямніцай. Міраслаў Венд, апошні кароль Семгалена, быў забіты падчас штурму Ліэндале, былой сталіцы каралеўства. У той дзень Ахмістрыньчыка не было ні ў Ліэндале, ні ў наваколлях. Ён знаходзіўся ў Грэўскай цьвярдыні, што ў Дольнай Зямлі, за тры сотні міль ад стольнага горада. І Міку сапраўды было не да братазабойства, бо Міка быў вельмі заняты. Калісьці даўно (вельмі даўно) прыгажуня Ільмара, дачка гетмана Эльске, нанесла Міку цяжкую абразу, адпрэчыўшы яго заляцанні і аблаяўшы 'байструком'. Міка той крыўды не дараваў, і праз гады ганарліўцы давялося заплаціць за свой востры язычок. Ва ўзяцці Грэвы была задзейнічана 17-я Тагма Імперскай рэгулярнай арміі. Загад быў палонных не браць, таму жаўнеры выразалі ўсіх. Апроч Ільмары. Калі ўсё было скончана, Міка авалодаў ёй проста на вачах у гэтых салдафонаў. На падлозе разгромленай гасцёўні, дзе покатам ляжалі скрываўленыя целы яе бацькі, маці і абодвух братоў. А таксама двухгадовага Вальгарда - сына Міраслава Венда і спадчынніка семгальскай кароны. Дзіця было забіта ўдарам шаблі проста на руках у маці. Гэта зрабіў рамеец Юстын "Котка", пяхотнік 17-й Тагмы. Прынамсі, так было сказана ў ваенных справаздачах. Атрымалася хвацка - адсечаная галава дзіцяці скацілася на падлогу пад ногі маці, а ў руках яе засталося абезгалоўленае цельца*. Вайсковец хацеў быў і жанчыну адправіць следам, ды Ахмістрыньчык не дазволіў. Нацешыўшыся, Міка прапанаваў салдатам прадоўжыць забаву, але тыя адмовіліся. Пэўна, пагрэбавалі. Таму жанчыну проста закалолі багнетамі, і на гэтым справа скончылася. А братазабойцам Міка не быў. Перадаручыў гэта іншым. Як і Аўгуста... Сцепануўшыся, Нартас зноў зірнуў за акно. Звонку панавала непраглядная цемра. У шыбах адлюстроўваліся чырванаватыя агеньчыкі свяцільняў. Нартас убачыў адбітак свайго ўласнага аблічча ў чарноцці шкла - шаравата-бледнага, з глыбокімі ценямі ля вуснаў і вакол вачніц.
  - Дождж перастаў. Час рушыць у дарогу, - прагаварыў ён.
  
  ----------------
  * Сцэна забойства спадчынніка запазычана Аўтаркай з эпасу аб Нібелунгах: "Then Hagen, the valiant hero, slew the child Ortlieb, so that the blood flowed along the sword onto his hands, and the head bounced into the queen's lap." (с)
  
   Прывіды
  
  Нартас сядзеў ля краю чоўна, назіраючы, як лодачнік кіруе вяслом. Напачатку іх сустрэчы мужчына назваў сваё імя, але Нартас адразу ж забыўся на яго. У апошні час ён пачаў заўважаць за сабой неўласцівую яму рассеянасць. Дождж перастаў, але неба было па-ранейшаму зацягнута хмарамі. Над ракой плылі жмуты шызага туману. Агеньчыкі карчмы засталіся далёка ззаду. Супрацьлеглы бераг ракі патанаў ў апраметнай цемрадзі. Там, за лесам, пачыналася Паўночная Багна, якая цягнулася да самага мора. Гіблае месца. Логавішча змеепаклоннікаў. Толькі гэтым вар'ятам вядомы былі патаемныя сцежкі, па якіх можна прайсці праз бурыя тарфяныя палі з вокнамі прорваў, над якімі паднімаюцца атрутныя выпарэнні. Усім іншым Багна абяцала верную смерць. Рамейцы так і не знайшлі спосабу дабрацца да сэрца паўночных балот. Самаходныя машыны гразнулі ў хісткай твані. Верацёнападобныя паветраныя караблі і лёгкія крылатыя машыны-"птэрыксы" трацілі кіраванне і валіліся ў дрыгву. Імаверна, тут мела месца нейкая нязведаная прыродная з'ява. Прастадушныя семгальцы гаварылі пра так званую 'мрою', пэўна, маючы на ўвазе морак альбо чорную магію. Так ці інакш, Паўночная Багна аж дагэтуль заставалася недасягальнай. Ніхто не ведаў дакладна, што там дзеецца. Па правінцыі гулялі чуткі пра селішчы, ці нават цэлыя гарады з велізарнымі храмамі, што ўзвышаюцца сярод непраходных балот. У тых храмах фанатыкі ладзяць блюзнерскія імшы і прыносяць ахвяры дэману Ангхі і Чорнаму Шаману, а таксама агіднай Эглі-валадарцы гадзюк... І вось цяпер Нартас, у мінулым біскуп-духоўнік Аўгусты, а сёння - просты манах, шукае сустрэчы з гэтай набрыддзю.
  
  Плёскат вёслаў і парыпванне ўключын разносіліся далёка над ракой. Лодачнік памоўчваў, чаму Нартас быў невымоўна рады. Ён не меў ніякага жадання слухаць чужую балбатню. Схіліўшыся над кармой, Нартас працягнуў руку да цёмнай вады. Край шырокага рукава яго манаскай хламіды адразу ж намок. Вада была, як сцюдзёны метал.
  
  Рака звалася Вужалка, што на мясцовай мове значыць 'Змееўна', 'Дачка Змея'. Паводле падання, Вужалка з'яўлялася сястрой-блізнюком крывавай Рудзіцы, падземнай ракі, што цячэ ў краіне памерлых. 'Дачка Змея' брала выток у гушчарах Сумрадзі, паўднёвага ўскрайку правінцыі, і мінаючы Разлог-Сярэднія Раўніны, бегла да Паўночнага мора. Ля самага вусця Вужалка рабіла круты выгін, звіваючыся, нібы сапраўдная змяя, і ўшчыльную падбіралася да Паўночнай Багны. Мясціны тут былі дзікія і малазаселеныя - пяшчанікі, балоты ды чорны ельнік на многія мілі вакол. Пустынная, панурая мясцовасць, нічога прывабнага. Пасля таго, як каралеўства Семгален было пераведзена ў статус імперскай правінцыі, некаторыя рамейскія арыстакраты прыняліся будаваць сабе рэзідэнцыі на стромкіх берагах Вужалкі. Адтуль адкрываўся даволі маляўнічы від на пяшчанікі, а ўлетку тут можна было папаляваць на хогаў - нізкарослых балотных дзікоў, ляванаў - грывастых ваўкоў, а таксама плямістых рысяў, чый мех быў асабліва каштоўным. Гэтая пустка магла прывабіць хіба толькі аматараў ловаў на рэдкіх звяроў, але нават яны тут надоўга не затрымліваліся. Адчувалася суседства з Паўночнай Багнай. Страшнаватыя легенды, з ёю звязаныя, тут, вядома, ні пры чым. Балачкі напаўпісьменных язычнікаў рамейцаў не цікавілі. Сумнавата тут проста, забавак мала. І паветра гнілое. І вада аддае торфам. Прабыць тут можна дзень-другі, самае большае тыдзень. І ўсё, хутчэй дадому. Да Парфіравага мора, пад шчодрае сонца Рамеі. На паўднёвы ўсход. Тутэйшыя завуць рамейцаў 'паўднёўцамі'. Па-іхняму і не вымавіш, язык зломіш. Пацешная ж у іх гаворка. Зрэшты, у буйных гарадах ужо бегла размаўляюць на рамейскай, а паўночная мова выцясняецца на ўскраіны, павольна, але няўхільна згасаючы. Падумаць толькі... Усяго толькі дванаццаць гадоў...
  
  Нартас здрыгануўся, пачуўшы голас лодачніка. Той нешта казаў яму, але Нартас, паглыблены ў свае думкі, не разабраў слоў.
  - Я кажу, не нахіляйся да вады, - цярпліва паўтарыў лодачнік. - Інакш яны ўчэпяцца табе ў адзежу і пацягнуць на дно.
  - Хто?
  - Ды тапельніцы, - лодачнік рыўком выдраў вясло з вады, быццам яно за нешта ўчапілася. - Тут яны. Бач, распусцілі валасы, грэбці немагчыма.
  Здзіўлены, Нартас стаў узірацца ў цёмную паверхню ракі. У нейкі момант яму здалося, быццам ён бачыць пад вадой пасмы светлых валасоў. Яны павольна калыхаліся, як сцёблы вадзяной расліны... Ды не, няма тут нічога. Гэта морак. Гульня ценяў. Мроіва, пасмы туману. А яны ж напраўду вераць. Праклятае гэта месца, зачараванае, кажуць яны. Тут усё выткана з мрояў. І як у мроях, усё тут зменліва і зыбка. Чорны ельнік раптам ператворыцца ў армаду зданяў, з-за каменя паўстане мярцвяк з нацягнутым лукам у руках і калчанам ледзяных стрэл за спінай, на роўным месцы раптам уздыбіцца гара, а цвёрдая зямля расцячэцца тванню... Але ж ты не язычнік, каб прымаць на веру гэтую лухту? Усё мае сваё тлумачэнне. Альбін Гхор... Памятаеш яго? То ж бо. Выскачка не надта шляхетнага паходжання, што ўжо ў трыццаць з невялікім даслужыўся да камандзіра палацавай варты. Памятаеш, як ён смяяўся? 'Ды палігон у іх там быў, хутчэй за ўсё. Манеўры адпрацоўвалі, і відавочна, не адзін год. Цяпер зямля там нашпігаваная самерытам, і ў вадзе ён таксама. Адсюль і прывіды. Вадзіцы самерытавай сербанеш - і не такое ўбачыш. А гэтыя жывуць там цэлымі пакаленнямі. Яны псаваныя ўжо. Ад нараджэння з чарцямі карагоды водзяць, таму што нараджаюцца вар'ятамі. Гэта ўсё самерыт, я кажу!.. '
  - Альбін... Альбін... Алаіс... - пранеслася над воднай роўняддзю, быццам ўдых ветру ў прыбярэжных вербах.
  Ля кармы над вадой ускінулася тонкая, бледная рука. Нартас не паспеў адхіліцца, і ледзяныя слізкія пальцы абхапілі яго шыю. Потым ён убачыў аблічча тапельніцы. З яе мокрых валасоў сцякалі струмені вады, шырока раскрытыя вочы былі зацягнуты мутнаватай плёнкай, як у мёртвых рыб. Распухлыя сінія вусны рассунуліся ў хваравітай усмешцы, бліснулі белыя зубы. Нартас ускрыкнуў і адхіснуўся. Рука саслізнула, рот тапельніцы раскрыўся, як у нямым крыку. Яна ўзняла далоні да неба, быццам з маленнем аб літасці, і павольна пагрузілася на дно, знікла ў чарноцці вод.
  - Алаіс...
  - Я ж папярэджваў, - прабурчаў лодачнік.
  Ён з сілай ірвануў вёслы і прыняўся нешта мармытаць сабе пад нос - мусіць, словы малітвы. Туман зрабіўся гусцейшым. Нібы зачараваны, Нартас назіраў, як над ракой адзін за другім загараліся агеньчыкі, быццам нечая нябачная рука запальвала свечкі, якія луналі ў паветры. Узняўся вецер, закруціў над ракой пасмы туману. Напружыўшы зрок, Нартас разгледзеў у шэрай смузе невыразныя абрысы. Абліччы. Твары мерцвякоў. Чарапы, пазбаўленыя плоці. Пустыя вачніцы, касцяныя ўхмылкі. У клубах туману вымалёўваліся то кашчавыя рукі, то растрапаная пасма валасоў, то край савана. Ужо не жмуты туману, а бесцялесныя прывіды кружыліся над ракой у маўклівым танцы.
  
  Над цёмнай вадой уздымаліся сотні бледных рук, цягнуліся да прывідаў, быццам вітаючы іх. Слізкія пальцы скрэблі аб драўляныя борты чоўна, разгойдвалі яго, пагражаючы перакуліць. Лодачнік, здавалася, канчаткова страціў прысутнасць духу. Кінуўшы вёслы, ён абхапіў галаву рукамі і ўтаропіўся сабе пад ногі, быццам не жадаючы бачыць таго, што адбывалася наўкол. Нартас зноў пачуў яго мармытанне:
  - Адыходзьце, адлятайце, згіньце прэч... Не губіце заблукалых уначы.... Свечкі вашы хай гараць ля алтара.... Душы вашы няхай знойдуць супакой...
  Словы ахоўнай малітвы, якую звычайна чытаюць, каб аднадзіць нежыць. Нартас усвядоміў, што рука яго слізганула за пазуху хламіды, і пальцы сутаргава сціснуліся вакол меднага медальёна з выявай Усёвідушчага Вока. З прыкрасцю ён прымусіў сябе расціснуць далонь. Цяпер, пасля ягонага адрачэння, крывадушнасцю было б спадзявацца на заступніцтва Нябачнага Вышняга.
  - Алаіс... Альбін...
  Альбін. Яго падстрэлілі, як сабаку, ля самай мяжы Семгалена. Стаяла туманная восеньская раніца, і трава была шызая ад расы. Бетонныя слупы агароджы цямнелі ў ранішняй імгле. Цёрн. Энергія была адключаная, і металічныя ніткі, усеяныя шыпамі, віселі безжыццёва, як павуцінне, на іх паблісквалі кроплі вільгаці. Ён быў яшчэ жывы тады. Курчыўся на зямлі і выў ад болю. Альбо ад злосці. Ні даць ні ўзяць ваўчуга, якому перашыбла хрыбет. Яны падышлі, тыцнулі ствалом яму ў зубы - ўстаць, падла! Той толькі ашчэрыўся: "Ідзі ты! Я ног не адчуваю". Тады яго ўзялі за каўнер і поцягам павалаклі да самаходнай машыны, за імі па роснай траве цягнуўся крывавы след... Што ж, ён сам абраў свой лёс. Пасля скону Імператара Сільвірыя (які, па некаторых звестках, памёр не сваёй смерцю, але быў атручаны), стала відавочна, што і сыну яго Алаісу жыць засталося зусім нядоўга. Найміты Аўгусты ішлі за ім па пятах. Выразалі ўсіх яго людзей да апошняга служкі. За выключэннем тых, хто здаўся на міласць Аўгусце. Тых не кранулі. Застаўся толькі Альбін Гхор. Целаахоўнік Імператара. Ён быў верны кесару да канца. А мог бы захаваць і жыццё, і свабоду, проста прысягнуўшы новай валадарцы...
  
   Алаіс, Імператар Рамеі. Феафана, яго жанчына. Аўгуста так і не прызнала гэты шлюб. Зоі, іх першыніца. Шкада, што не сын. Але ж будуць у нас яшчэ дзеці, праўда? І пражывём мы яшчэ доўга-доўга. І шчасліва. І няхай гэтая змяюга захлынецца ўласным ядам, няхай гэты святоша-яе духоўнік раздзірае на сабе адзенне і сыпле прыгаршчы попелу на сваю лысаватую галаву. Мы іх усіх перажывём, праўда?.. Ім быў абяцаны прытулак у Каралеўстве Семгален. За старым Сільвірыем адносіны паміж дзвюма дзяржавамі былі хоць і некалькі нацягнутымі, але наогул неблагімі. Аўгуста ж магла развязаць вайну, таму адразу было вырашана, што ў Семгалене ўцекачы надоўга не затрымаюцца. Аддыхаюцца трохі, а потым рушаць далей, ў Эверон і Антраўм. Туды Аўгуста наўрад ці сунецца... Пераследнікі дагналі іх каля самай мяжы. Феафана ўжо не жыла. Альбіна падстрэлілі. Алаіс ... Аўгуста загадала даставіць яго жывым. Загад быў выкананы. Цяпер іх імёны гучаць галасамі зданей над цёмнымі водамі. Алаіс. Альбін. Феафана. Зоі...
  - Прэч, прэч. Згіньце прэч!..
  Быццам пачуўшы словы малітвы, начная мроя пачала рассейвацца, адступаць. Новы парыў ветру развеяў туман, гонячы прывідаў прэч. Магільныя агеньчыкі згасалі адзін за другім. Тапельніцы зніклі ў цёмнай глыбіні вод. Імгненне - і няма нічога. Толькі плёскат вады ля борта чоўна, ды шэпты ветру ў зарасніках прыбярэжнага чарота і асоту. Бераг ужо блізка.
  Лодачнік уздыхнуў з палёгкай і зноў узяўся за вёслы.
  - Ніяк не магу прызвычаіцца, - сказаў ён, быццам апраўдваючыся за сваю нядаўнюю маладушнасць. - Думаеш, першы раз такое бачу? Толькі малітва і ратуе.
  Ён зірнуў на чалавека ў манаскай хламідзе і ўсміхнуўся.
  - Сапраўды не раздумаўся? Мы ж, лічы, яшчэ не прыплылі. Можаш сабе ўявіць, што робіцца ў самой Багне? Яшчэ не позна вярнуцца.
  Нартас пахітаў галавой.
  - Скажы, брат, а ты многіх пераправіў на той бераг? Апроч мяне? - спытаў ён, каб змяніць тэму гутаркі.
  - Сёлета дваіх, - сказаў лодачнік. - Ты трэці. І ніводзін яшчэ не адмовіўся.
  
  На тым беразе
  
  Ён быў народжаны ў Царгорадзе, у сям'і дробнага чыноўніка. Яшчэ ў малалецтве ён прыняў рашэнне прысвяціць сваё жыццё служэнню Госпаду Вышняму. Яго юнацтва прайшло ў беламармуровым Ніры, горадзе ўніверсітэтаў і храмаў, дзе ён вучыўся ў семінарыі, спасцігаючы Закон Праведнікаў. Атрымаўшы духоўны сан, ён з блаславення Арцыпастыра накіраваўся ў Семгален, варварскае каралеўства, што ляжала на паўночным захадзе Кантынента, паміж Рамейскай Імперыяй і Дуумвіратам - саюзам заходняга каралеўства Эверон і паўночнага Антраўм.
  
  Яго служэнне доўжылася амаль дзесяць гадоў, і за гэты час ён паспеў дасканала вывучыць тутэйшыя норавы і звычаі. А таксама палюбіць гэтую зямлю і гэты народ. Па-свойму палюбіць. Нягледзячы на тое, што семгальцы ў большасці сваёй былі язычнікамі. Вярхоўнымі багамі тут лічыліся безаблічны і безназоўны Творца-стваральнік сусветаў, і Мітра-Ўсеўладар, бажаство ў вобразе Сонца і вершніка, узброенага мячом. У пашане быў і Торас-бог навальніц. У Разлогу і ў прыморскай Дольнай Зямлі распаўсюджаны быў культ Продкаў, альбо Рода, а паляўнічыя і смалакуры багністай, пакрытай лясамі Сумрадзі шанавалі Урсу, Мядзведзіцу-Прамаці. Акрамя таго, у каралеўстве пражывала нямала іншаземцаў, перасяленцаў і наймітаў, якія вызнавалі ўласныя рэлігіі і ўзводзілі і храмы і капішчы сваім багам. Законам Семгалена гэта не забаранялася. А яшчэ былі Мройцы. Тыя, каго сёння завуць 'змеепаклоннікамі'. Яны збеглі ў Паўночную Багну дванаццаць год таму, не пажадаўшы прысягаць Аўгусце і Царгораду...
  
  Дно чоўна заскрыгатала аб пясок водмелі.
  - Усё, прыехалі. Выходзь, - сказаў лодачнік.
  Нартас кіўнуў у знак падзякі і працягнуў яму некалькі манет. За свае паслугі лодачнік браў зусім нядорага. Затым, сышоўшы на бераг, ён назіраў, як лодачнік адштурхваецца вяслом ад водмелі і накіроўвае човен да сярэдзіны ракі. Неўзабаве ён знік з вачэй, растварыўшыся ў змроку - да слыху Нартаса даносілася толькі мернае рыпанне ўключын ды ўдары вёслаў аб ваду. На бераг з ціхім плёскатам набягала хваля. У зарасніках прыбярэжнага чароту насіліся прыцішаныя шэпты-шоргаты, быццам начны вецер шаптаўся з соннай ракой. За спіной Нартаса ўзвышаўся часты ельнік, які ў цемры здаваўся суцэльнай чорнай сцяной. Там, за лесам, пачыналася Багна.
  
  Нартас лічыў сябе добрым прапаведнікам. Ён нёс сваё служэне з пакорай і радасцю. Дзякуючы яго клопатам у Семгалене было заснавана некалькі новых парафій, збудаваны храм Вышняга ў стольным Ліэндале і адчынены два кляштары - мужчынскі і жаночы. Місіянерам Рамеі тут не чынілі перашкод. У наступным гэта адыграла фатальную ролю ў лёсе краіны. Калі пасля смерці Барыслава пачалася міжусобіца паміж яго сынамі - Міраславам і Мікам Ахмістрыньчыкам, Аўгуста накіравала ў Семгален рэгулярныя войскі. Фармальна - ў мэтах абароны сваіх братоў па веры. На справе ж для таго, каб адваяваць трон для 'бялявага варвара', свайго фаварыта. Але тое было ўжо пазней...
  
  Арцыпастыр заўважыў старанні маладога прапаведніка і ацаніў іх па заслугах. Нартас атрымаў сан біскупа, і неўзабаве пасля гэтага ён быў закліканы ў Царгорад, у саму Цытадэль. Нартас меў права адмовіцца. Ён мог застацца тут, у гэтай варварскай краіне, несучы святло ісціны семгальцам-язычнікам. Мог бы. Але ён не выстаяў перад спакусай. З гэтага часу справы яго пайшлі ўгару. Яго, вядома, бянтэжылі норавы, які панавалі ў Цытадэлі і імператарскім палацы - але толькі спачатку. У наступным ён прыняў правілы гульні. Палітыка. Бруд. Што зробіш. Усё на карысць Дзяржаве. Па вялікім рахунку, ён усяго толькі сьціплы пастыр. Духоўнік Аўгусты. А таксама спавядальнік Алаіса, тады яшчэ кесарэвіча, спадчынніка прастола. Алаіс заўсёды быў наравістым юнаком. Трохі наіўным. Затое шчырым. Залішне шчырым. Але хіба мог ён ведаць, што таямніца споведзі захоўваецца далёка не заўсёды? І што Аўгуста кожны раз выслухвае падрабязныя справаздачы свайго духоўніка? Я яго маці, я павінна быць у курсе. І апроч таго, гэта пытанні дзяржаўнай важнасці...
  
  Так, вядома. Пахвальна, калі духоўная асоба дбае пра дзяржаву. У Цытадэлі Нартас навучыўся на многае закрываць вочы. У тым ліку на тое, што Аўгуста ілжэ на споведзі. А калі і не хлусіць, то шмат чаго не дагаворвае. Ва ўсякім выпадку, пра яе сувязь з Мікам Ахмістрыньчыкам Нартас даведаўся ад свайго сакратара, не ад яе. Цытадэль поўнілася чуткамі. Аўгуста зблыталася з гэтым варварам, пазашлюбным сынам Барыслава. Удваіх яны труцяць Імператара, падмешваючы яму ў ежу тхоос, атрутны мінерал, які здабываюць у паўднёвых пустынях. Тхоос па рэйкавай дарозе дастаўляюць на жалезныя млыны, дзе з яго вырабляюць самерыт - душу і сэрца цывілізацыі і аснову магутнасці Імперыі, і млыны гэтыя таксама працуюць на самерыце. Замкнёнае кола...
  
  Пасля перавароту Аўгуста пачала самадзяржаўна кіраваць Імперыяй. Прычым абсалютна законна. Імператрыца-ўдава, якая не мае нашчадкаў, становіцца ўсеўладаркай і кіруе да таго часу, пакуль не знойдзе сабе новага мужа. Такі быў закон. З апошнім, аднак, Аўгуста не спяшалася. Міка, гэты крэцін, напэўна, не адразу зразумеў, што яго абвялі вакол пальца. Ён-то разлічваў ажаніцца з Аўгустай і зрабіцца валадаром Рамеі. А ў выніку замест вянца і парфіры яму падсунулі кашэль і пугу - рэгаліі Намесніка, а Імперыя прырасла паўночнымі правінцыямі. Нядрэнна для Імперыі, але сумна для каралеўства Семгален. Яно папросту знікла з мапы сусвету.
  
  У наступным Нартас многа разважаў над учынкам Аўгусты. Мажліва, яна не жадала смерці ўласнаму сыну. Яна хацела толькі адхіліць яго ад пасады. Адпаведна закону. Строга кажучы, Імператарам мог зрабіцца і варвар, і прасталюднік - пры ўмове, што яго кандыдатуру ўхваліць Сінкліт. Выключэнне рабілася толькі для калек, сляпых і юродзівых, а таксама ўраджэнцаў поліса Бал-Сахір. Лічылася, што грамадзяне Бал-Сахіра блытаюцца з гулямі і людзьмі з'яўляюцца толькі напалову... Перад пакараннем Алаіс адмовіўся ад споведзі: "Мне няма ў чым каяцца!' Тады дазволь мне памаліцца за цябе, Кесар, прапанаваў Нартас. 'Як жадаеш, - кінуў той. - Гасподзь не чуе нас больш. Мы самі адвярнуліся ад яго. Зірні на нас, Нартас, хто мы цяпер, што сталася з усімі намі?'
  
  Потым яго адвялі ў келлю, а Нартас застаўся чакаць у паўцёмным калідоры. Навокал тоўпіліся салдаты, гарэлі цьмяныя алейныя ліхтары. У глыбіні калідора пад скляпеністай столлю Аўгуста, захутаная ў дарожны плашч, перашэптвалася з чалавекам, зацягнутым у чорную ўніформу са срэбнымі нашыўкамі. Тайная Канцылярыя. За дзвярыма келлі панавала цішыня, толькі аднойчы адтуль данеслася нейкае шыпенне, але ні крыкаў, ні стогнаў Нартас не расчуў. Праз некаторы час з келлі выйшаў кат, апрануты ў чорнае з барвовым, да яго паспяшалася манашка-рахманая сястра, трымаючы ў руках срэбны паднос, на якім стаяла вялізная чара з віном. Потым з'явіліся два жаўнеры, якія цягнулі на насілках знежывелае цела. Нартас пазнаў ў ім кесара Алаіса. Ён нерухома ляжаў на насілках, аблічча яго было закрыта кавалкам тканіны, на якой праступалі барвовыя плямы. Алаіс быў аслеплены, але ўсё яшчэ жывы. Ён пражыў яшчэ тры дні, потым Аўгуста загадала перадаць яму капсулу з атропасам - смяротным ядам, які забівае імгненна. Міласэрны ўчынак*.
  
  Мажліва, ён бы здолеў прыняць свой лёс, змірыцца, калі б не памерла Феафана, і калі б жывое было іх дзіця. Мажліва. Нартас ўсё ж паспрабаваў яго адгаварыць. Заклікаў да пакоры. Прапанаваў шукаць суцяшэння ў веры. Падрабязна распавёў пра ўсе тыя жахі, што чакаюць у замагільным свеце самагубцаў. Алаіс толькі засмяяўся яму ў твар, і страшны быў той смех. І вось тады, стоячы перад гэтым скатаваным, зламаным чалавекам, які страціў літаральна ўсё, Нартас раптам адчуў сябе апошнім крывадушнікам. І мярзотнікам. Ці ёсць апраўданне таму, што мы дзеем? Гэтае пытанне ён тады задаў самому сабе. Упершыню ў жыцці. Адказу не было. Магчыма, менавіта тады пачалося яго адступніцтва.
  
  Неўзабаве пасля смерці Алаіса ён добраахвотна зняў з сябе епіскапскі сан, і зрабіўшыся простым манахам - апошнім з апошніх - на доўгія гады зачыніўся ў келлі манастыра. То было абдуманае і ўзважанае рашэнне. Царгорад зрабіўся яму агідны. Навучаць язычнікаў любові і ўсёдараванню цяпер было бы крывадушнасцю. Ды й вера яго пахіснулася. Што, калі Алаіс меў рацыю, і Гасподзь не чуе нас больш? Але мы першыя адвярнуліся ад Яго... А потым, быццам кара за грахі, напаткала яго дзіўная хвароба, ад якой вочы яго пачалі блякнуць і выцвітаць, пакуль не зрабіліся светлымі, як у наўца. 'Пэўна, аслепну неўзабаве, - гаварыў ён, нявесела пасміхаючыся. - Што ж, заслужыў'. Зрок, аднак ён не страціў. Толькі выглядаць стаў, як жывы мярцвяк. Цяпер нават манахі-рахманыя браты ўнікалі яго, адчуваючы гідлівасць, баючыся зірнуць ў гэтыя мёртвыя вочы... Ён усё яшчэ спрабаваў маліцца - з нейкай паўвар'яцкай надзеяй, што калі не чуе яго Гасподзь, то, магчыма, пачуе хто-небудзь іншы. Маліўся ён заўсёды ў адзіноце, у цеснай каплічцы, што размяшчалася ў заходняй вежы манастыра. І аднойчы яго пачулі.
  
  Нартас не ведаў, адкуль узяўся той малады манах - высокі, станісты, захутаны ў чорную хламіду з востракутным каптуром, накінутым на твар. Ён з'явіўся адным золкім восеньскім вечарам, калі за мурамі кляштара ліў халодны дождж, а ў свінцовых прыцемках стагналі дрэвы пад парывамі рэзкага, злога ветру. Бясшумна крочачы, незнаёмец увайшоў у каплічку, дзе маліўся Нартас, і апусціўся на лаву побач з ім.
  - Ці не жадаеце паспавядаць мяне, святы айцец? - спытаў напаўголасу малады манах. - Бо я, здаецца, зграшыў.
  - І ў чым жа твой грэх? - безуважна спытаў Нартас.
  - Цікаўнасць, святы айцец. Люблю зазіраць у чужыя мроі.
  Здрыгануўшыся, Нартас падняў галаву і пільна зірнуў яму ў твар, напалову схаваны пад каптуром - прывабны, але белы, нібы крэйда, з бяльмом на правым воку.
  Малады манах засмяяўся.
  - Ды не вар'ят я, не вар'ят, - сказаў ён. - І я табе не хлушу. Хіба можна хлусіць на споведзі, а, святы айцец?
  - І шмат ты там выглядзеў, брат? У чужых снах? - спытаў Нартас.
  Той махнуў рукой.
  - Ат, нічога цікавага. Звычайныя сны, каляровыя і пустыя. Але калі я хацеў зазірнуць у вашу мрою, то бачыў толькі шэры змрок. Пустэчу.
  Малады манах працягнуў руку да металічнага століка, на якім гарэлі пляскатыя свечкі.
  - А калісьці і рамейцы ўмелі мроіць, - сказаў ён, акуратна здымаючы нагар са свечак. - Намад забраў вашу мрою. І цяпер ён у кожным з вас. Глядзіць з глыбіні вашых зрэнак. Дзе была мроя, там цяпер апантанасць. Чорны морак. Намад.
  - Ты не манах, - прагаварыў Нартас.
  - Калі і манах, то зусім неважнецкі, - адказаў той, пасмейваючыся. - Ніяк не магу адмовіцца ад зямных уцех.
  - Не разумею цябе, брат. Аб кім ты гаворыш? - спытаў Нартас. - Хто забраў нашу мрою?
  - Намад, - паўтарыў той. - Вандроўнік. Той, хто вандруе з эпохі ў эпоху, з народа ў народ, і з ім зграя дэманаў. Ён быў тут яшчэ да Года Ўсеспалення, ён тут застаўся, калі стары свет згінуў ў агні ды полымі, і новы кантынент падняўся з хваль акіяна... Ведаеш гэту семгальскую песеньку?
  
  Варажбіт-Вандроўнік -
  На рыззі дзядоўнік,
  На карчы гарцуе,
  Усё бачыць, усё чуе.
  Хто ноччу спаць не хочыць,
  Таго ачмурыць, замарочыць
  І ў багну звядзе...
  
  - Вар'яцтва, - прамовіў Нартас.
  - Калі жадаеш, лічы гэта вар'яцтвам і жыві, як заўсёды жыў, - пачуў ён ў адказ. - Але калі хочаш вярнуць сваю мрою, то шукай у Паўночнай Багне. Там яна, там.
  Дзіўны манах падняўся з лавы і насунуў каптур на сваё бяскроўнае аблічча.
  - Пачакай... Ды хто ты такі?! - выклікнуў Нартас.
  - Кіньце крывадушнічаць, - сказаў незнаёмец, адступаючы да выхаду з каплічкі. - Проста кіньце крывадушнічаць. І тады Намад знікне.
  
  Нартас стаяў, утаропіўшы позірк у водную роўнядзь, якая распасціралася перад ім. Вада была чорная, як яго думкі. Ён паднёс руку да грудзей і сціснуў у далоні медальён с выявай Усёвідушчага Вока. Нартас атрымаў яго з рук свайго настаўніка, калі быў яшчэ юнаком-семінарыстам. З таго часу ён насіў гэты святы знак на тонкім скураным шнурку, пад адзежай, ля самага сэрца, як патрабаваў таго Закон Праведнікаў. Памарудзіўшы імгненне, Нартас з сілай ірвануў шнурок. Тонкая палоска скуры лопнула, як напятая струна. Медальён упаў яму пад ногі. Некаторы час Нартас стаяў, цяжка дыхаючы, спрабуючы суняць нервовую дрыготку. Страшнае блюзнерства, якое ён толькі што здзейсніў, назаўжды закрывала яму дарогу ў Царства Вышняга. "Маё адступніцтва адбылося значна раней, - сказаў сабе Нартас. - Адрынуўшы святы знак, я толькі падвёў канчатковую, бачную рысу". Ён накінуў на галаву каптур свайго манаскага адзення і павярнуўся да чорнага ельніку. Засталося зрабіць апошні крок. Сваё мінулае ён адрынуў, яго будучыня гублялася ў цемры. Нартас заплюшчыў вочы і рушыў да Багны.
  
  -----------------------
  * Гэта, бадай што, адзіны выпадак, калі Аўтарка звярнулася да рэальнага гістарычнага сюжэту. Тут абыгрываецца эпізод з гісторыі Канстанцінопаля 8 ст. Але, Візантыйцы былі тыя яшчэ беспрадзельшчыкі (не будзем паказваць пальцам, аднак).
  
  
  МРОЯ ДРУГАЯ. ЦЁРН
  
  Прыпавесць другая. Пра Блізнят і Белую Вяшчунку
  
  
  Спачатку была Вялікая Багна, якая атуляла ўсю зямлю. Не было ў свеце ні вады, ні сушы, але адна толькі неабсяжная хісткая дрыгва, што распасціралася ад краю і да краю. Плыла па-над багнай цёплая, вільготная смуга, а ў тлустым балотным глеі драмалі зародкі будучых жыццяў.
  Змяніліся эпохі, на небасхіле абнавіліся сузор'і. Ад багны аддзялілася вада - там, дзе некалі ляжала бязмежная Багна, цяпер гулялі салёныя хвалі, а багна зрабілася дном усепланетнага Акіяна.
  Зародкі жыццяў, што тысячы і тысячы эпох драмалі ў Багне, пачалі абуджацца. Пазбаўленыя розуму і самасвядомасці, яны падпарадкоўваліся толькі адной сіле, імя якой - Каханне. На загад Кахання зародкі жыццяў сталі цягнуцца адно да аднаго, каб зліцца ў адзінае. Так у глыбінях салёнага Акіяна паўстала Першаістота, у якой хаваліся пачаткі ўсіх рэчаў на зямлі. Першаістота паднялася з глейкага дна і выйшла на паверхню вод. Яна мела цела змяі, галаву і шыю дзікага гусака, адзін рыбін хвост і тры мядзвежыя лапы, яна крочыла па вадзе, як па сушы, і несла на сваёй спіне каменныя гарады.
  А ў вышынях разгулялася Вялікая Навальніца, з неба на Першаістоту абрынуўся Агонь і раздзяліў яе цела на часткі, і тое было ў Год Усёспалення. З цела і костак Першаістоты паўсталі Кантынент і прылеглыя Выспы, а з яе крыві нарадзіліся новыя плямёны і народы.
  А потым з Поўначы, з-за краю зямлі, прыйшла Белая Вяшчунка.
  У тыя часы не было ў свеце ні дня, ні ночы, толькі бясконцы шэры змрок. Белая Вяшчунка аддзяліла святло ад цемры, і з таго часу дні і ночы змяняюць адно аднаго. А зямля была, нібы выпаленая пустэльня, і не было на ёй нічога жывога. Белая Вяшчунка падняла жменю ўрадлівага глею са дна акіяна і раскідала яго па зямлі. І тады над Кантынентам узняліся і зашумелі лясы, але не было ў іх ні птушак, ні звяроў.
  А потым Белая Вяшчунка знайшла сабе мужа з сыноў чалавечых і зацяжарыла ад яго двума блізнятамі. Адчуўшы, што надышоў ёй час нарадзіць, Белая Вяшчунка адправілася на край зямлі, дзе Акіян зрынаецца ў бездань. Там, ля краю бездані, паднімаецца над хвалямі высокі ўцёс, а на вяршыні ўцёса расце дрэва, якому ўжо тысяча гадоў - карані яго сягаюць царства памерлых, а ў кроне ягонай шуміць зорны вецер.
  На ўцёсе ля каранёў дрэва нарадзіліся Блізняты, Балтас - Светлы ды Эўфімас - Радасны. Раслі яны не па днях, а па гадзінах, і бацькі выхоўвалі іх у любові і пяшчоце. Калі ж сыны выраслі і пасталелі, маці-вяшчунка адвяла іх на пустынны Кантынент, пакрыты першабытнымі лясамі, і сказала ім: "Вось свет перад вамі, гожы ён і прывабны, але створаны ён толькі напалову. Зрабіце яго такім, як вам даспадобы, і будзьце яго захавальнікамі".
  І Эўфімас стаў валадаром Сонца, а Балтас - валадаром Месяца, і Балтас стварыў нізіны, балоты і глыбокія азёры, а Эўфімас - высокія груды, спадзістыя раўніны і хуткаплынныя рэкі, а потым Эўфімас стварыў барса і сокала, а Балтас - вужа і мядзведзя, і яны былі падобныя да тых, што жылі на зямлі да Ўсёспалення.
  Доўга блукалі Блізняты па Кантыненце, стваралі птушак і звяроў, і нябачных прывідаў, і іншых істот зямных, вадзяных і падземных, і кожнаму стварэнню давалі яны імёны. Штодня свет рабіўся ўсё прыгажэйшым, але неставала ў ім музыкі і песень.
  І тады Эўфімас-Радасны адшукаў самы высокі груд, адкрыты сонцу і ўсім вятрам, на вяршыні якога шумеў клён з разгалістай кронай і ствалом роўным, нібы страла. З того клёна зрабіў Эўфімас звонкую лютню, і песня яе стала песняй Радасці.
  А Балтас-Светлый адправіўся ў яловы лес, і ўвайшоў у самы гушчар, дзе галіны спляталіся так шчыльна, што адвеку не пранікала сюды сонечнае святло. Тут расла бледная лаза са скрыўленым ствалом і галінамі, пазбаўленымі лістоты. З лазы той зрабіў Балтас трохструнную скрыпку, і песня яе стала песняй Смутку.
  Змяніліся эпохі, на небасхіле абнавіліся сузор'і. З-за краю зямлі прыйшлі Людзі Поўначы, здольныя мроіць, і далі яны Блізнятам новыя імёны, з гэтага часу пачаўшы зваць іх багамі.
  
  'Збор легенд і паданяў Паўночнай Правінцыі (раней Каралеўства Семгален), складзены Дам'янам Росіцам, прафесарам кафедры культур малодшых народаў Універсітэта Славеснасці ў Вільску, Рамейская Імперыя, год 999 ад Усёспалення'
  
  
  
  Патрульныя
  
  Калі ўсё было скончана, мы выйшлі з-за невялічкага ўзвышша, якое служыла нам сховішчам, і спусціліся да прасёлкавай дарогі. Лёгкая двухмесная машына-"псіла" з адкрытым верхам стаяла каля ўзбочыны, паднятая на дамкрат. Побач валялася адкінутае ў бок кола. Мы натрапілі на патрульных, калі прадзіраліся скрозь зараснікі паўзучага хвойніку ўздоўж лініі дзюн. Вайсковая машына, якая набліжаецца, звычайна выдае сябе ляскам і гудам рухавіка, але гэтым разам мы іх не пачулі. Напэўна, здарылася нейкая паломка, патрульныя заглушылі рухавік і заняліся наладкай. Нават калі яны перагаворваліся паміж сабой, шум мора і строкат Цёрну скрадвалі іх галасы.
  
  Выйшаўшы на пагорак, мы сутыкнуліся з імі тварам у твар. Некалькі імгненняў мы проста стаялі, моўчкі гледзячы адно на аднаго. Потым краем вока я ўбачыла, як Хлусік плазам кінуўся на зямлю, адначасова выхопліваючы з-за пояса вінтоўку са спілаваным ствалом. Я засталася стаяць. Вінтоўка была ў мяне ў руках, і за апошнія месяцы я навучылася з ёй абыходзіцца. Наступныя некалькі хвілін чутныя былі толькі бязладная страляніна і ляск затвораў. Потым наступіла цішыня - толькі шумела за дзюнамі мора, а на высокім пясчаным грэбні над нашымі галовамі патрэскваў Цёрн.
  
  Адзін з патрульных быў нежывы. Ён ляжаў тварам уніз упоперак дарогі, усё яшчэ сціскаючы ў руцэ вінтоўку. Другі з хрыпам курчыўся каля ўзбочыны, сутрагава ўчапіўшыся пальцамі ў каўнер уніформы. Такую ж уніформу зямлістага колеру насіў мой брат, калі служыў ва ўнутраных войсках. Патрульны ляжаў, адкінуўшы галаву, з яго носу і горла цякла кроў. Ён часта і цяжка дыхаў. З кожным уздыхам вакол яго рота ўскіпала ружаватая пена, у раструшчанай грудной клетцы сіпела і хлюпала.
  
  Не звяртаючы ніякай увагі на параненага, Хлусік падышоў да забітага жаўнера. Для пэўнасці штурхнуў яго раз-другі. Пераканаўшыся, што ён мёртвы, Хлусік нахіліўся і асцярожна пацягнуў за ствол вінтоўкі. Пальцы патрульнага звяло перадсмяротнай сутаргай, і рука мерцвяка сціскала зброю, як абцугамі. Пасля некалькіх няўдалых спроб Хлусік падняўся на ногі і прыняўся лупіць пяткай па мёртвых пальцах жаўнера, імкнучыся пры гэтым не зачапіць курок. Я моўчкі глядзела на яго. Хлусіку гадоў шаснаццаць, а можа, нават менш, але ўжо зразумела, што прыгажуна-мужчыны з яго не атрымаецца. Ён маленькі і худы, з капою рудых валасоў, якія спадаюць на глыбока пасаджаныя бледна-зялёныя вочы. Аблічча яго не надта прывабнае - лоб і шчокі пакрыты рабаціннем, быццам яму сыпанулі ў твар дробнай грэчкай, рот вялікі, а нос кірпаты. Апроч таго, ён амаль няспынна хмыліцца, агаляючы дробныя няроўныя зубы, што зусім не дадае яму прыгажосці. Але наогул ён слаўны. Даволі слаўны. А да ягоных дзівацтваў я ўжо прыцярпелася.
  
  Здолеўшы, нарэшце, расціснуць пальцы забітага, Хлусік з радасным смяшком выхапіў вінтоўку з рук мерцвяка і закінуў яе сабе за спіну. Затым ён падышоў да машыны, якая стаяла ля ўзбочыны, і перахіліўшыся цераз борт, прыняўся з засяроджаным выглядам вышукваць нешта паміж сядзеннямі. Я перавяла позірк на параненага. Ствол вінтоўкі ў маёй руцэ быў трохі цёплы пасля нядаўняй страляніны. У ёй яшчэ заставаліся зарады. Гэта была "вужніца", рамейская шасцізарадная вінтоўка з ручным затворам. Пасля кожнага стрэлу неабходна было перасоўваць затвор, каб накіраваць у ствол чарговы патрон. Аўтаматычныя штурмавыя вінтоўкі ў Семгалене амаль не сустракаліся. Паўднёўцы не выкарыстоўваюць хуткастрэльную зброю на тэрыторыі правінцый. Калі, вядома, не абвешчана ваеннае становішча. Патрульны хрыпеў, захлынаючыся крывёй. Я перасунула затвор і прыставіла рулю да яго галавы. Потым я націснула на спуск. Пачуўшы стрэл, Хлусік падскочыў ад нечаканасці і ўтаропіўся на мяне. Яго зелянявыя вочы паблісквалі з-пад рудых пасмаў.
  - От навошта было, га? - незадаволена сказаў ён. - Адно патроны марнаваць. Ён бы і так памёр.
  Я толькі паціснула плячыма. Абодва патрульныя былі семгальцамі. У рамейцаў бранзаватае адценне скуры і чорныя, як смала, валасы. У гэтых дваіх валасы былі светлыя, амаль белыя.
  
  Хлусік тым часам вывалак з-пад сядзенняў дзве скураныя сумкі з патронамі. Потым зноў зазірнуў у машыну ў пошуках другой вінтоўкі. Агнястрэльная зброя была ў Братчыкаў на вагу золата. Пакуль Хлусік важдаўся каля машыны, я паднялася на пясчаны грэбень і наблізілася амаль ушчыльную да Цёрну. Ён цягнуўся ўздоўж усяго ўзбярэжжа. Густая сетка, сплеценая з жалезных нітак і ўсеяная вострымі шыпамі. Па Цёрне ўверх і ўніз беглі сінія агеньчыкі, якія трашчалі. Гук быў такі, быццам гарэла сухое галлё. У Цёрне таілася смерць. Варта было толькі дакарнуцца да жалезных нітак, як цела пачынала курчыцца ў вар'яцкіх скоках, скура чарнела, вочы ўскіпалі ў вачніцах, плоць гарэла, і агаляліся косткі. Цёрн выклікаў жах. Цёрн быў знакам улады Рамейскай Імперыі. Цёрн загароджваў выхад да Паўночнага Мора. Я стаяла ля агароджы і глядзела на мора скрозь Цёрн.
  
  У белых выдмах
  
  Я не забылася на тыя часы, калі Цёрну яшчэ не існавала, і выхад да мора быў вольны. Мы жылі ў рыбацкім селішчы сярод белых выдмаў і хваёвых гаёў. Мора было зусім блізка. І ўдзень, і ўночы я чула яго дыханне. І галасы марскіх вятроў у кронах прыбярэжных хвой. І шэпты пяску ў дзюнах.
  
  Я, Літа Сямішка, была старэйшай дачкой Далі і Барыслава з Дольнай Зямлі. Ян, мой брат, быў на тры гады малодшы за мяне. Наша маці была сапраўднай прыморкай - шэравокая, са светлай скурай і валасамі белымі, быццам выдубленымі марской соллю. Я была зусім дзіцём, калі памёр наш бацька, але я памятаю яго вельмі добра - валошкава-сінія вочы, русыя валасы і моцныя загарэлыя рукі, пакрытыя цёмнымі валасінкамі. Ён быў ураджэнцам Разлогу, самага сэрца Каралеўства Семгален, дзе вялізныя каменныя гарады, глыбокія халодныя азёры і салаўіныя гаі на стромкіх грудах. У Дольную Зямлю яго прывяло каханне да маёй маці - хаця яна часта смяялася, кажучы, што закахаўся ён зусім не ў яе, а ў мора. Збольшага гэта было праўдай.
  
  Калі Ян быў маленькі, бацькі часцяком даручалі мне прыглядаць за ім, і абавязак гэты быў зусім няцяжкі. Я любіла свайго брата. Часам пасля шторму мы ўдваіх блукалі па беразе, вышукваючы скарбы, якія мора выкінула на пясок са сваіх нетраў. Ракавінкі мудрагелістай формы. Рознакаляровыя каменьчыкі, адшліфаваныя хвалямі. Кавалачкі дрэва з вычварнай разьбой і аблупленай пазалотай - пэўна, з фасадаў падводных палацаў, ў якіх жыве Марскі Народ. Але асабліва каштоўнымі былі аскепкі закамянелай драўнянай смалы, якую мора ператварыла ў залацісты бурштын. Яны зіхацелі ў бурым багавінні, як россып маленькіх сонцаў.
  
  У спякотныя дні, якіх у годзе было не так шмат, мы плавалі ў моры на водмелі і кідаліся ў ваду з камянёў хвалярэза. Над хвалярэзам кружыліся нахабныя тлустыя чайкі. Чаек мы пабойваліся і каб залагодзіць, кармілі іх жытнімі праснакамі. Мы адломлівалі ад хлеба маленькія кавалачкі і падкідвалі іх угору. Чайкі праглыналі іх проста ў паветры. Часам мы хадзілі гуляць у разваліны старога форта ў хваёвым гаі. Гуляць у форце дзецям сурова забаранялася, бо там можна было незнарок зваліцца ў сутарэнне, або саслізнуць у запоўнены вадой роў, які ўсё яшчэ быў досыць глыбокім. Але хто слухаў гэтыя забароны? Вежы форта абваліліся і зараслі ажынамі, праходы паміж вежамі, калісьці брукаваныя, параслі травой і мохам. Форт атачала напаўразваленая сцяна з рэшткамі рова, злучанага з морам невялічкім каналам. Часам у роў заплывалі цюлені з прадаўгаватымі тулавамі і смешнымі кароткімі лапамі, падобнымі на лопасці вёслаў. Яны ляніва песціліся ў цеплаватай стаялай вадзе, падняўшы над паверхняй бліскучыя галовы з велізарнымі цёмнымі вачыма. Мы з братам сядзелі на руінах сцяны і кідалі цюленям дробных рыбак.
  
  Мы любілі Дольную Зямлю, і хвоі, і выдмы. І мора. Мы не перасталі яго любіць, нават калі загінуў наш бацька. Мора прывабіла яго, і яно ж адабрала ягонае жыццё. Аднойчы пасля шторму ён не вярнуўся на бераг. Хвалі выкінулі на пясок абломкі ягонай лодкі. На наступны дзень бацьку знайшлі каля хвалярэза. Мёртвым. Мора пашкадавала яго. Ягонае цела не пераламала аб камяні, і марскія істоты не абязвечылі яго аблічча. На твары яго застыла ціхамірная ўсмешка, і здавалася, быццам ён спіць. Маці не плакала. Я помню, як у ноч перад пахаваннем яна сядзела ля труны, сашчапіўшы пальцы рук і гледзячы проста перад сабой. Яна была збялелая, як палатно, вакол яе вачэй ляжалі глыбокія цені, але ніводная слязінка не скацілася па яе шчацэ. Мы з Янам сядзелі, абняўшыся, на ложку, і таксама не асмельваліся плакаць. То было наша першае сутыкненне са смерцю і горам. Пасля гэтага мы з братам больш не хадзілі на хвалярэз.
  
   Выгнанне
  
   Пасля смерці бацькі нашае жыццё пачало развальвацца на часткі. Але не з прычыны таго, што маці засталася адна з двума дзецьмі на руках. Яна была яшчэ маладая і поўная сіл. Яна ўмела кіраваць чоўнам з ветразем і магла ўправіцца з рыбалоўнымі сеткамі не горай за любога мужчыну. Вакол яе ўвесь час круціліся жаніхі - галоўным чынам маладыя ўдаўцы і старыя халасцякі, якія вырашылі абзавесціся, нарэшце, сям'ёй. Але яна адпрэчвала ўсіх. Маці кахала ў сваім жыцці толькі аднаго чалавека - нашага нябожчыка бацьку, а іншыя былі ёй непатрэбны. Яна была моцная, вельмі моцная. Ёй хапіла бы сіл, каб адной выгадаваць нас з братам. Нас усіх загубіла іншае.
  
  Спачатку да нас дайшла вестка аб сконе старога караля Барыслава. А пасля па Дольнай Зямлі пачалі хадзіць трывожныя чуткі аб крывавых сутычках паміж двума яго сынамі - Міраславам і Мікам Ахмістрыньчыкам. "Карону не падзялілі", - казалі людзі. Некаторыя гаварылі больш з'едліва: "Цела караля-нябожчыка яшчэ астыць не паспела, а сынкі ўжо грызуцца над ім, як шакалы. Скончыцца тым, што яны перарвуць адзін аднаму глоткі, і краінай будуць кіраваць іншаземцы". Я была зусім яшчэ дзяўчынкай, але я ўжо пачынала прыслухоўвацца да гутарак дарослых, і я ўжо шмат чаго разумела. Весткі аб міжусобіцы даносіліся да нас, як водгулле далёкай навальніцы. Вайна была дзесьці там, сярод раўнін Разлогу і багнаў Сумрадзі. Мы спадзяваліся, што нас гэта не закране. А пасля я ўпершыню пачула слова "рамейцы". Яны ідуць з паўднёвага ўсходу, казалі людзі. Чарнавалосыя, з бранзаватай скурай і вачамі, як аскепкі базальту. Смерці яны не баяцца і самі не шкадуюць нікога. Яны кленчаць перад кожнай бітвай, узносячы малітвы свайму нябачнаму бажаству, а іхнія жрацы ў востраканцовых каптурах бласлаўляюць воінаў на забойства. А забіваць яны ўмеюць, казалі людзі. Ідуць і ідуць наперад, як чорная саранча. Уваходзяць у хаты і расстрэльваюць з вінтовак ўсіх, хто трапляецца ім на вочы. Параненых дабіваюць штыкамі і шаблямі. Лёзы цьмянеюць ад крыві. Нівы гараць, над пажарышчамі плыве водгулле храмавых званоў - і храмы палаюць таксама, а па дарогах брыдуць пагарэльцы, да мора, на поўнач, куды яшчэ не дакацілася вайна...
  
  А потым мы даведаліся, што Ліэндале спалены. Старажытная сталіца каралёў. Горад, які ляжаў між трыма высокімі грудамі, размешчанымі ў выглядзе кароны або трызуба. Аднойчы я была ў Ліэндале. Калі яшчэ жывы быў бацька, мы ездзілі туды на святкаванне Летняга Сонцавароту. Ліэндале, дзе храмы такія высокія, што здаецца, быццам іх ігольчатыя шпілі працінаюць аблокі. Ліэндале з брукаванымі вулачкамі, такімі вузкімі, што там ледзьве раз'едуцца два вершнікі, і з шумнымі кірмашовымі плошчамі, такімі прасторнымі, што на іх хапае месца і гандлярам, і скамарохам, і святочнаму натоўпу. Ліэндале з беласнежнымі вежамі, каваными масткамі і каляровымі сцягамі, якія лунаюць на цёплым летнім ветрыку. Я не магла паверыць, што горада больш няма. Я плакала па Ліэндале, як плачуць па памерлых.
  
  А потым Міка захапіў карону, забіўшы брата Міраслава, і ў Дольную Зямлю прыйшлі рамейцы. Прыморскія дзюны былі абвешчаны памежнай тэрыторыяй, дзе грамадзянскае насельніцтва не павінна знаходзіцца. Я помню, як у выдмы забівалі сваі і нацягвалі на іх калючую металічную сетку. Цёрн. А потым па жалезных шыпах пабег сіні агонь, які забівае ўсё жывое. Мы сыходзілі. Мы развітваліся з морам. Рыбацкія хаты стаялі кінутыя, спусцелыя. У трысняговых стрэхах шамацеў дзюнны пясок. Сонца ў чырванаватай смузе павольна апускалася ў мора. Па дарозе з рыпеннем валакіся калёсы, даверху нагружаныя хатнім начыннем. Побач цягнуліся людзі - мужчыны, жанчыны, дзеці. Нямоглых старых везлі на вазках. Немаўлят неслі на руках. Уздоўж дарогі стаялі рамейцы з аўтаматычнымі вінтоўкамі.
  
  Маці не плакала, калі памёр бацька. Але калі мора знікла за грэбнем дзюны, яна завыла. Не заплакала, а менавіта завыла. Як вые смяротна паранены звер. Як галосяць плакальшчыцы над магілай. Дзень нашага зыходу запомніўся мне гукамі, перадусім. Рыпенне колаў. Рэзкія вокрыкі вайскоўцаў. Патрэскванне Цёрну. Плач дзяцей і ляманты кабет. Брат быў яшчэ занадта малы, каб усвядоміць увесь сэнс таго, што адбывалася, але напалоханы слязамі маці, ён таксама пачаў румзаць. Я рэзка ірванула яго за руку і ўляпіла яму поўху. "Не вый, ты ж не дзяўчынка!" - сказала я. Ён быў спалохана замоўк, але амаль адразу разроўся зноўку - ўжо ад болю і крыўды. А ў мяне ўжо не заставалася слёз. Больш ні разу ў жыцці я не заплакала. Нават праз шмат гадоў, калі мой брат стаяў на эшафоце, побач са злодзеямі і забойцамі, а кат схіляўся над жароўняй, правяраючы, ці дастаткова распаліліся жалезныя пруты.
  
  Перасяленцы
  
  Дванаццаць год мінула з тых часоў, як мы пакінулі дзюны. Майму брату тады было сем. У восем яго аддалі ў адну з імперскіх ваенных школ, якія паўсюдна адчынялі ў былым каралеўстве пасля ўсталявання Закона Праведнікаў. У шаснаццаць ён стаў жаўнерам унутраных войскаў. У дзевятнаццаць яго адправілі на эшафот за замах на забойства. На шчасце, наша маці была даўно ўжо ў магіле і не бачыла ўсяго гэтага.
  
  Пасля адсялення мы атрымалі новае жытло ў горадзе Вільску. Лічылася, што нам добра пашанцавала, бо пасялілі нас не дзе-небудзь, а ў сталіцы Правінцыі. Не ведаю, чаму Намесніку ўздумалася зрабіць новай сталіцай менавіта Вільск. Шэры, маркотны горад з пустыннымі вуліцамі і няўклюднымі будынкамі. Магчыма, горад сам па сабе быў не такі ўжо дрэнны. Але мне ён здаваўся выродлівым.
  
  Мы жылі ў барачным квартале на ўскрайку горада, непадалёк ад рэйкавай дарогі. Небрукаваныя вуліцы пасля кожнага дажджу расцякаліся граззю. Квартал быў абнесены высокім доўгім плотам, адразу за якім пачыналіся пусткі. Удалечыні па-за пусткамі віднеліся вежы Вільскага астрога. Дамы былі пабудаваны спехам і прызначаліся адмыслова для перасяленцаў. Кожны барак быў разлічаны на дзве сям'і. Кватэры злучаліся цёмным калідорам, вечна загрувашчаным, заваленым нейкім смярдзючым рыззём. У нас быў адзін пакойчык і кухня з вялікай печчу. Прыбіральня месцілася на вуліцы - адна на тры баракі. Гэтыя дамы прыналежылі гарадской радзе. Плацілі мы толькі за пастой. Сума была невялікая. Узімку даводзілася даплачваць за пячны вугаль.
  
  Нельга сказаць, што нас кінулі на вырак лёсу. Я помню, як да нас прыходзілі чыноўніцы з Калегіі Грамадскага Нагляду. Тры атлусцелыя кабеціны з бульдожымі фізіяноміямі, нейкія аднолькавыя, як сёстры-блізняты. Усе трое ў нягнуткіх шэрых пінжаках, з высокімі прычоскамі і залатымі пярсцёнкамі на мясістых пальцах. Камяні ў пярсцёнках былі буйныя і фальшывыя. Выраз твару ў іх таксама быў аднолькавы, злосна-грэблівы. Чыноўніцы прапанавалі маці аддаць сына ў ваенную школу. Плаціць за навучанне не трэба - аб усім паклапоціцца ўрад. Ян атрымае адукацыю, і апроч таго, будзе забяспечаны жыллём, ежай, вопраткай і ўсім неабходным. Маці не пярэчыла. Таксама яны знайшлі для маці часовую працу - прыбіральшчыцай у гарадской карчме. Часовую, бо жанчынам Рамейскай Імперыі не належыла працаваць. Невялікі заробак падтрымае яе, пакуль яна не знойдзе сабе новага мужа. Чыноўніцы нават пакінулі ёй аркуш паперы са спісам удаўцоў і халасцякоў, гатовых прыняць самотную жанчыну з дзецьмі. Калі яны сышлі, маці скамячыла гэтую паперчыну і кінула ў печ. Яна не працягнула доўга. Маці заўсёды была моцная духам, але пасля перасялення ў ёй быццам штосьці надламілася. Мора давала ёй сілы і ўдыхала ў яе жыццё. У Вільску маці затыхалася, як рыба, выкінутая на пясок.
  
  Яна мы цяпер бачылі нячаста. Выхаванцы ваеннай школы маглі адведваць сваякоў толькі па вялікіх святах, калі ім давалі кароткі водпуск. Я разумела, што брату з намі нецікава. Калі ён прыходзіў, нам нават не было пра што пагутарыць. Спакваля мы рабіліся яму чужымі. Калі маці пачала хварэць, я змушана была падмяняць яе ў карчме. Нам патрэбны былі грошы. Калі яна памерла, брату далі пазапланавы водпуск. На суткі. Але ён сышоў адразу пасля пахавання. Імперская школа зрабіла сваю справу. Родная маці стала для яго чужым чалавекам. І я таксама. Я нават не ўпэўнена была, ці памятае ён Дольную Зямлю.
  
   Стражнікі
  
  Ішоў трэці луструм кіравання Мікі Ахмістрыньчыка. Намеснікі правінцый прызначаліся Аўгустай тэрмінам на пяць гадоў. Гэты адрэзак часу і зваўся "луструм". Міка як кіраўнік Аўгусту цалкам задавальняў. І не толькі як кіраўнік, калі верыць чуткам... Пачатак кожнага луструма суправаджаўся бунтамі. На маставых гарэлі перакуленыя машыны. Жаўнеры ўнутраных войск стралялі ў натоўп з вінтовак, схаваўшыся за металічнымі шчытамі, а бунтаўшчыкі шпурлялі ў жаўнераў камяні і кідаліся на іх з жалезнымі прутамі ў руках.
  
  У гэтыя дні ў Правінцыі ўводзілася ваеннае становішча. У мэтах бяспекі Намеснік пакідаў сталіцу і хаваўся ў адной са сваіх прыгарадных рэзідэнцый. Аўгуста дасылала з Царгорада рэгулярныя войскі, і ў горад уваходзілі імперскія баявыя машыны. Нязграбныя "храміёны", падобныя да гіганцкіх браніраваных чарапах. Лёгкія хуткаходныя "кампіі" з лапамі-лёзамі. Машыны стаялі на пляцах, рухаліся па гарадскіх вуліцах. Па начах я чула іх глухі, працяглы гуд, і зямля злёгку дрыжэла. "Кампіі" выклікалі ў мяне панічны жах. Я бачыла аднойчы, як падчас вулічных закалотаў адна з "кампій" з разгону ўляцела проста ў сярэдзіну натоўпу. У мяне ў вушах доўга стаялі немыя крыкі няшчасных, якія трапілі пад лёзы. Натоўп адразу ж рассеяўся. Калі вуліца спусцела, прыйшлі коранеры, якія трымалі ў руках доўгія тычкі з жалезнымі крукамі на канцах. Яны літаральна саскрабалі з бруку крывавае шмаццё і кідалі яго ў доўгія скураныя мяхі. Потым вуліцу старанна палілі вадой са шлангаў. Але ўсё роўна над гэтым месцам доўга кружылі зграі гругання. Крумкачы апускаліся на маставую і нешта выдзёўбвалі са шчылін паміж камянямі.
  
  Я не ўдзельнічала ў бунтах. Калі скончыўся першы луструм, мой брат быў у ваеннай школе пад наглядам афіцэраў і настаўнікаў, а я сядзела каля ложка маці, якая памірала. Падчас другога луструма парадкі зрабіліся больш жорсткімі. Цяпер сурова каралі не толькі ўдзельнікаў бунту, але і чальцоў іхніх сем'яў. Калі мяне зловяць падчас закалотаў, у Яна будуць непрыемнасці. Гэта было маім крывадушным апраўданнем. Я старалася добра сябе паводзіць. Заставацца непрыкметнай. Таму што ў мяне была праца, якую я баялася страціць. І ў мяне быў брат, якога я не хацела падстаўляць. Калі пачаўся трэці луструм, Ян ужо служыў ва ўнутраных войсках і сам удзельнічаў у задушэнні бунтаў.
  
  ***
  Быў час, калі я саромелася свайго брата, амаль ненавідзела яго. У ягонай пасадзе было штосьці ганебнае. Ва ўнутраныя войскі сцягвалася набрыдзь і смецце з усёй Правінцыі. Паўднёўцы мелі рацыю, называючы іх 'стражнікамі', а не вайскоўцамі. І сапраўды, толкам ваяваць яны не ўмелі. Іх справа - душыць мяцяжы ў гарадах ды мястэчках. І выконваць іншую важную работу. Напрыклад, ахоўваць рэзідэнцыі Намесніка. Альбо суправаджаць асуджаных да плахі і сцерагчы шыбеніцы з павешанымі. Патруляваць вуліцы. Патруль стражнікаў быў гразой вулічнай навалачы - публічных дзевак, жабракоў і гандлярак зелянінай як ветрам здзьмувала, і нават прапойцы, што насмакталіся чарвіўкі, пры набліжэнні патруля сяк-так падымаліся на карачкі і ціха распаўзаліся па завуголлі.
  
  Цывільныя пагарджалі стражнікамі нават больш, чым вулічнымі курвягамі, што прадавалі сябе за чарку палёнкі і жменю медзякоў, але ў той жа час іх і баяліся. Стражнікам дазвалялася вельмі многае. Камандзіры ўнутраных войск глядзелі скрозь пальцы на дэбошы сваіх салдат. Лічылася, што стражнікі павінны час ад часу "выпускаць пару" (так гэта звалася). Галоўнае, каб не даходзіла да панажоўшчыны ды смертазабойства. Я бачыла аднойчы, як стражнікі павалілі на брук нейкага старога і прыняліся штурхаць яго нагамі. Ужо не ведаю, чым ён ім насаліў. Гараджане праходзілі міма, адводзячы вочы і нават не спрабуючы ўмяшацца. І я таксама. Прайшла міма, зрабіўшы выгляд, што нічога не заўважаю. Паспрабуй толькі ўлезці. Добра, калі проста атрымаеш па карку. Будзе значна горш, калі цябе схопяць за каўнер, заштурхнуць у жалезны фургон з закрачанымі вокнамі і звязуць у Вільскі астрог. Суды ў Правінцыі працавалі, як машына. Суддзяў не цікавіла, напраўду ты ў чымсьці правініўся, альбо трапіў стражнікам пад руку выпадкова. Каралі ўсіх аднолькава, і вінаватых, і невінаватых.
  
  Зрабіўшыся жаўнерам унутраных войск, Ян пачаў атрымліваць жалаванне, і час ад часу ён дасылаў мне грошы. Я не адмаўлялася. Грошай мне заўсёды бракавала. Ян усё яшчэ наведваўся да мяне падчас водпускаў - хутчэй па звычцы, альбо для прыліку. Да гэтага часу мы сталі зусім чужыя адно аднаму. Я спадзявалася, што скончыўшы навучанне ў ваеннай школе, Ян вернецца дадому. Але мае надзеі не спраўдзіліся. Жаўнеры-шарагоўцы (а Ян быў шарагоўцам) жылі ў казармах на ўскраінах Вільска. Афіцэрам давалі казённыя кватэры. Калі Ян даслужыцца да звання афіцэра, яму дадуць жыллё. А потым ён, хутчэй за ўсё, ажэніцца. І забудзе мяне канчаткова.
  
  Сама я аб замужжы не думала. Мне было ўжо дваццаць два, яшчэ трошкі, і я зраблюся старой каргой, на якую не паглядзіць ніводзін мужчына, але адна толькі думка аб сямейным жыцці выклікала ў мяне агіду. Жыла я амаль у галечы, але ўсёткі гэта было падабенствам свабоды. Мне, прынамсі, не трэба было прасіць дазволу ў мужа, каб выйсці на вуліцу або купіць сабе стужку ў валасы. І мяне не білі штодня, як маю замужнюю суседку. Я часта бачыла, як мужык-прапойца цягае яе па калідоры барака, наматаўшы ейныя валасы сабе на кулак. Дзеці? Я не бачыла сэнсу ў тым, каб нараджаць жаўнераў для Імперыі і дзевак для салдацкіх уцех. Я ведала, што робяць з дзецьмі рамейскія школы. Мой брат быў таму жывым прыкладам.
  
  За гэтыя гады Ян з хлапчука ператварыўся ў гожага юнака. Ваенная ўніформа лічылася прывабнай. Дзеўкі яго любілі. Ён з задавальненнем распавядаў мне пра свае любошчы. Аб жаніцьбе ён пакуль што не задумваўся - дый хто пойдзе за простага стражніка? Вось калі ён стане камандзірам... Але гэта будзе яшчэ не скора. Пакуль жа Ян імкнуўся ўзяць ад жыцця ўсё, што толькі мог. Ён са смехам расказваў пра свае п'яныя загулы і бойкі з мясцовымі забулдыгамі. Адна з такіх прыгод скончылася сумна - цывільныя адцягнулі яго на задворкі карчмы і даволі моцна адмяцелілі. Так моцна, што яму прыйшлося тыдзень праваляцца ў лазарэце. 'Ледзь усе зубы не павыбівалі, паганцы. Бачыш? ' - гаварыў ён, і адцягнуўшы пальцам верхнюю губу, дэманстраваў два абламаных зуба. Потым, ачомаўшыся, ён разам з двума сябрукамі-стражнікамі адшукаў завадатара той бойкі. Небараку зацягнулі ў прыбіральню і заклінавалі шчоткай дзверы. 'Ён ледзь не абрабіўся са страху, думаў, мы з яго эверонскую мужадзеву зробім, ах-ха-ха! Ды не, мы з ім па-добраму," казаў Ян. Стражнікі проста паштурхалі яго нагамі - не вельмі моцна, але каб запомніў. Пасля Ян ўзяў свайго крыўдзіцеля за валасы і пару разоў прыклаў яго галавой аб кафлянае сядалішча - так, што ў таго зубы пырснулі з рота, што тыя пацеры. Напрыканцы стражнікі прымусілі яго поўзаць на карачках і злізваць ўласную кроў з запаганенай падлогі. Няблага, так?
  - Госпадзе, Ян, знайшоў чым хваліцца. Жах які, - гаварыла я з агідай.
  - Жах, якая ты зануда! - адказваў ён, смеючыся.
  Ад такіх гутарак мне рабілася ніякавата. Я б і рада была думаць, што ўсё гэта хлусня, салдацкія байкі - але Ян быў не такі. Я занадта добра яго ведала. Хлусіць ён не ўмеў. Яны напраўду так жылі, і гэта лічылася нармальным. Нягледзячы ні на што, я ўсёткі імкнулася падтрымліваць стасункі з братам, хаця дачыняцца з ім рабілася ўсё цяжэй. Апошняя наша шчырая гутарка адбылася ўвосень напярэдадні паўстання, а потым мы пачалі імкліва аддаляцца адно ад аднаго.
  
  Было свята - ўгодкі Ўз'яднання. У гэты дзень, дванаццаць год таму, Аўгуста падпісала грамату, згодна якой Каралеўства Семгален пераходзіла ў статус імперскай правінцыі. Уз'яднанне правінцыі з метраполіяй, карацей кажучы. Знамянальная дата. Гадавіну Ўз'яднання тут святкуюць з размахам. У стольным Вільску зрання грымяць парады, а ўвечары неба над горадам квітнее салютамі. Народ гуляе напоўніцу і з нагоды свята ўпіваецца да паўсмерці. У гэты дзень у стражнікаў работы па горла - трэба прыглядваць за натоўпам, інакш паважныя семгальцы, нажлукціўшыся салодкага віна, паадбіваюць адно аднаму галовы ў п'яным угары.
  
  У той вечар Ян наведаўся да мяне. Вяртаўся з дзяжурства. Ён выглядаў трохі ўзвінчаным. Сказаў, што нічога не еў з самага ранку, а ў казармах сталоўка ўжо зачынілася. Я накроіла хлеба з халодным мясам і паставіла на стол гарлач таннага ружовага віна, якое тут пілі, як ваду. Потым я сядзела за сталом насупраць брата і глядзела, як ён есць. У ім не заставалася нічога ад таго маленькага хлопчыка, разам з якім мы калісьці кармілі чаек і кідаліся ў мора з хвалярэза. Ён насіў уніформу зямлістага колеру. Яго цёмна-русыя валасы былі коратка абрэзаны, як ва ўсіх стражнікаў. Агнястрэльнай зброі пры ім не было, але на поясе ў яго віселі гнуткая дубінка з папярочным дзяржальнам і флагрум-аўтаматычны хлыст, які стражнікі насілі пры сабе пастаянна. Флагрум выкарыстоўваўся для ўціхамірвання чэрні. Ён уяўляў сабой кароткую калодку на рамяні, які для зручнасці мацаваўся да запясця. Пры націску на спуск флагум пачынаў трашчаць і сыпаць сінімі агеньчыкамі. Агеньчыкі былі роднасныя тым, што беглі па Цёрне, але іх забойная сіла была значна меншая. Удар флагрума не спапяляў чалавека на месцы, а толькі часова пазбаўляў яго прытомнасці.
  - Дарма ты не прыйшла глядзець парад. Міка быў на трыбуне. У белым мундзіры. Я стаяў зусім побач. Здаецца, ён мяне заўважыў.
  Ян пацягнуўся за гарлачом з віном, які стаяў пасярод стала. Расшпілены рукаў уніформы з'ехаў да локця, і я ўбачыла яго моцную, мускулістую руку, пакрытую цёмнымі валасінкамі. Як у нашага нябожчыка бацькі. І вочы ў яго былі такія ж - валошкава-сінія. І усміхаўся ён гэтак жа, як бацька. Але я адчувала, што Ян зрабіўся для мяне чужым чалавекам. Мы нібыта апынуліся па розныя бакі Цёрну.
  - У натоўпе казалі, што праз год Міка ажэніцца з Аўгустай і зробіцца Кесарам. У іх там ужо ўсё вырашана, - гаварыў Ян. У ягоным голасе чулася захапленне. - Кесар, уяўляеш?
  Я хмыкнула.
  - Ён ужо дзесяць год з ёй ажаніцца збіраецца, ды нешта ўсё ніяк. Дый ёсць у яго законная жонка. Берэніс гэта, з Валогаў. Яе куды падзенуць?
  Ён пацепнуў плячыма.
  - Не ведаю. У кляштар, напэўна. А яна нічога, дарэчы. Стаяла сёння на трыбуне побач з Намеснікам. Уся ў золаце. Прыгожая. Кажуць, пераспала з цэлым гарнізонам.
  - Ян! - сказала я з прыкрасцю.
  Ён засмяяўся. Так, Ян быў у захапленні ад Намесніка. Ён і зваў яго па-простаму - Міка, як сябрука ці добрага знаёмага. Пазашлюбны сын караля, народжаны ад ахмістрыні, Міка выхоўваўся ў каралеўскім палацы на роўных са зводным братам Міраславам. Так склалася, што Міка быў старэйшы за Міраслава на некалькі гадоў, аднак ў яго не было ніякіх шанцаў атрымаць карону. А цяпер бач ты - Намеснік Правінцыі, першы фаварыт Аўгусты. І магчыма, хутка стане імператарам. Годны прыклад для пераймання... Хаця сумнеўна, што ў Цытадэлі такое дазволяць. Рамейцамі ніколі яшчэ не кіравалі іншаземцы.
  
  Крамольнік
  
  Парадкі, якія ўсталяваліся пасля Ўз'яднання, былі не столькі суровымі, колькі дурнымі. Масавыя пакаранні смерцю (з абавязковым адразаннем галоў і выстаўленнем іх на Гарматнай плошчы) практыкаваліся падчас бунтаў, у мэтах застрашэння. У мірны час смяротныя пакаранні былі рэдкасцю. Вельмі многіх ссылалі на поўдзень, у базальтавыя пустыні. Грызці тхоос у шахтах. Адтуль, як правіла, не вярталіся. Даўжнікоў і махляроў кідалі ў вязніцу. Злодзеям адсякалі пальцы рук. Забойцам выдзіралі вочы. Рамейскі Клір лічыў такія пакаранні 'душавыратавальнымі'. За здраду ў шлюбе распуснікам адразалі насы. Прычым тут меліся свае цікавосткі. Сваю бязносую жонку муж меў права выгнаць з хаты і ажаніцца нанава. Калі ж не пашанцавала мужу, то жонка мусіла яго прыняць і клапаціцца аб ім да канца жыцця. Таму зразумела, што жанчына, якая застукае свайго мужанька з каханкай, лепш ціхенька прамаўчыць і зробіць выгляд, што нічога не адбылося.*
  
  Наогул законы Імперыі былі разлічаны на мужчын, перадусім. Яну ў гэтым сэнсе пашанцавала, ён нарадзіўся мужчынам. Жанчынам Імперыя не пакідала ніякіх шанцаў. Дакладней, некаторыя варыянты ўсё ж меліся. Але іх было няшмат. Шчасліва выйсці замуж. Альбо пастрыгчыся ў манашкі. Альбо...быць Аўгустай, чорт пабяры. Альбо пайсці куртызанкай у вясёлы дом. Лупанарый, як кажуць рамейцы. Гэтае слоўца я ўпершыню пачула ад брата. Закон Праведнікаў ганіў распусту, але тым не менш, лупанарыі меліся ва ўсіх буйных гарадах. Жыццё ў куртызанак сапраўды было вясёлае. Але нядоўгае. Многіх губіла прыхільнасць да моцнага віна і юкла-траўкі, якая прыносіць забыццё. Другія паміралі ад крывацёкаў, бо ім занадта часта прыходзілася вытручваць непажаданы плод з улоння. Трэціх касілі благія хваробы, ад якіх гніе нутро і цела пакрываецца язвамі. Я бачыла такіх хворых на дзядзінцах храмаў і на кірмашовых плошчах. З галавы да ног захутаныя ў рыззё, якое хавае стан і аблічча - бачныя толькі іх рукі, якія цягнуцца да мінакоў з маленнем аб міласціне. Рукі абкручаны бінтамі, набрынялымі гноем, а пальцы пазбаўлены пазногцяў.
  
  Зразумела, што ніводзін з варыянтаў мне не падыходзіў. Замуж я не хацела. Рахманай манашкі з мяне бы не выйшла. Куртызанкі пагатоў. Я, канечне, ведала, адкуль бяруцца дзеці, і працуючы ў карчме, бачыла ўсякае. Мяне саму часам спрабавалі заціснуць у куце падвясёленыя наведнікі. З такімі размова заўсёды была кароткая - кулаком у вуха. Рука ў мяне была цяжкая, і маладзёна сярэдняй камплекцыі я магла зваліць з ног адным ударам. За гэта дзяўчаты-падавальшчыцы з карчмы звалі мяне дурніцай. Літа, ты проста сама сябе абкрадаеш, казалі яны. Тваё жыццё такое маркотнае, а тут была бы хоць нейкая ўцеха.
  
  Тут яны мелі рацыю. Жыццё ў мяне сапраўды было аднастайнае. З працы я вярталася позна, і прыйшоўшы дадому, адразу валілася на тахту. На сцяне бубніў Народны Вяшчальнік - чорная скрыня з кароткім провадам, умураваным у тынкоўку. Такія скрыні былі ўсталяваны ў кожным жылым памяшканні, і адключыць іх было немагчыма**. Па Вяшчальніку перадавалі шмат лухты, але часам там гучала музыка альбо зачытваліся ўрыўкі з раманаў і паэм. Я засынала пад Вяшчальнік, а раніцой мяне абуджалі гукі гімна, і пачынаўся новы дзень, які нічым не адрозніваўся ад папярэдняга. Мажліва, я пражыву так яшчэ гадоў дваццаць-трыццаць, а потым ціхенька памру, і ніхто пра мяне не ўспомніць. Я ўжо амаль змірылася з гэтым. Што зробіш. Такая плата за свабоду. Рамейцы пазбавілі мяне выбару, а прымаць іхнія правілы гульні я не жадала...
  
  Я і сама не заўважыла, як у маім жыцці з'явіўся Сташак. Стах Воўчак. Шкаляр. Ён вучыўся ў вільскім Універсітэце Славеснасці, адзіным на ўсю Паўночную Правінцыю. Кажуць, што за старымі Вендамі ў адным толькі Ліэндале ўніверсітэтаў меўся добры тузін. Цяпер застаўся толькі адзін, у Вільску. Сташак меў звычай рыхтавацца да заняткаў у нашай карчме. Звычайна ён заказваў кубак гарбаты з імберцам, потым садзіўся за столікам ля акна, і расклаўшы перад сабой кнігі і сшыткі, занураўся ў вучобу. Чым даводзіў да белага калення Таўстуна Каначыка, гаспадара карчмы.
  - Бач ты, возьме шклянку чаю і цэдзіць цэлы дзень, - бурчаў Каначык, узяўшыся ў бокі, як кабета. - І не выганіш яго!
  Сапраўды, выгнаць Сташака ён пры ўсім жаданні не мог. Шкаляр сумленна рабіў свой заказ, грамадскага парадку не парушаў, а чытаць кніжкі ў карчме законам не забаранялася. Аднойчы ў карчмара канчаткова здалі нервы. Я цёрла падлогу каля стойкі, калі Каначык пацягнуў мяне за рукаў і прасіпеў напаўголасу:
  - Літа, падыдзі ты да яго. Піва прапануй, ці што.
  - Спадар Каначык, я тут прыбіральшчыца, а не падавальшчыца, - запярэчыла я.
  - Ат, да яго ўжо абедзве падавальшчыцы падыходзілі, і ўсё без толку. Каровы старыя, - карчмар махнуў рукой. Гэтым "старым" было дваццаць пяць і дваццаць восем гадоў. - Можа, у цябе атрымаецца? А што, ты маладая. Я табе прэміяльныя выпішу, калі ён што-небудзь замовіць. Абяцаю!
  Ад лішніх грошай я ніколі не адмаўлялася, і таму, уздыхнуўшы, я кінула анучу ў вядро, выцерла рукі аб спадніцу і падышла да століка, за якім сядзеў Сташак. Прапанавала піва. Ён стрымана адмовіўся, сказаўшы, што не п'е.
  - Як, зусім? - пацікавілася я.
  - Вы прапойцаў бачылі? - спытаў Сташак, зірнуўшы на мяне скрозь шкельцы акуляраў. - Нажаль, гэта ў семгальцаў у крыві. Нашаму чалавеку трэба зусім няшмат, каб ператварыцца ў горкага п'яніцу. Таму лепш не чапаць гэтую атруту. Сам не п'ю, і вам не раю.
  Мяне ўразіла, што ён размаўляе на найчысцейшай семгальскай мове. Я гаварыла на рамейскай, мове Імперыі. І Ян таксама. І ўсе навокал. Семгальская не была пад забаронай, але ўсе тутэйшыя размаўлялі на рамейскай. Неяк так атрымлівалася.
  - Мо тады возьмеце каву з кардамонам і сырныя пірожныя? - спытала я, таксама перайшоўшы на семгальскую. - Яны вельмі ўдалыя сёння. Наш кухар вельмі стараўся.
  - Тады ўжо лепш гарачы яблычны пірог з замарожанымі вяршкамі, - сказаў ён, паразважаўшы. - І...прабачце, як вашае імя?
  - Літа.
  - Цудоўна. Літа, калі ўжо пайшла такая бяседа, дазвольце і для вас што-небудзь замовіць. Калі ласка, не адмаўляйцеся, - дадаў ён з усмешкай, убачыўшы, што ўжо я збіраюся ўцячы.
  Я задумалася. Сташак выглядаў зусім бяскрыўдным.
  - Ну...зацукраваныя фіялкі, - сказала я пасля кароткай паўзы. Насамрэч мне даўно хацелася іх пакаштаваць, ды грошай было шкада.
  
  Каначык выканаў абяцанне, і ў той дзень я атрымала свае прэміяльныя. Я падышла да шкаляра і на наступны дзень, і яшчэ праз дзень таксама. Кожны раз ён заказваў для нас абодвух каву з якім-небудзь печывам, хоць я яго не прасіла. Карчмар прэміяльных мне больш не даваў (яшчэ чаго!), але гэта мяне і не цікавіла. Мяне цягнула да Сташака. З ім было лёгка і проста. Мы яшчэ больш зблізіліся, калі ён даведаўся, што я родам з прымор'я. Ён, аказваецца, таксама з Дольнай Зямлі. Перасяленец. Калі аднойчы ён прапанаваў праводзіць мяне дадому, я не пярэчыла. Мы ішлі па пустыннай вуліцы, цьмяна асветленай алейнымі ліхтарамі - я ў простай сукенцы і жакеціку, ён у зрэбным пінжаку і са студэнцкай кайстрай цераз плячо. Побач з ім я пачувалася неймаверна моцнай. Мне здавалася, што калі да нас прычэпяцца якія-небудзь забулдыгі, менавіта мне давядзецца абараняць Сташака, а не наадварот. Ён выглядаў такім бяскрыўдным, нават безабаронным - хударлявы, са светлымі ўскудлачанымі валасамі і блакітна-шэрымі вачыма за шкельцамі акуляраў. Хаця тое, што ён гаварыў, трохі насцярожвала. Мы ўспаміналі Дольную Зямлю. Новая мяжа Імперыі прайшла ўздоўж лініі дзюн, гаварыў Сташак. Але там, за морам, няма нічога, апроч Абшараў Цемры. Калі адтуль што і нападзе, то гэта будуць не людзі, і калючым дротам іх дакладна не спыніць. А прыморцы жылі там стагоддзямі. Іх выгнанне нічым не апраўдана. Гэта злачынства. Дый уся гісторыя Рамейскай Імперыі - суцэльная чарада злачынстваў. У Цытадэлі зборышча бандытаў, крывадушнікаў і атрутнікаў. Зрэшты, яны ўсе такія. Нацыя шаленцаў. Нездарма кажуць: каб зразумець рамейца, трэба самому зрабіцца вар'ятам, як Ойген Блажэнны... Тут Сташак замоўк, быццам усвядоміўшы, што ляпнуў лішняе, і паспешна змяніў тэму гутаркі. Ён ужо ведаў, што мой брат служыць ва ўнутраных войсках.
  
  Сташак праводзіў мяне да рэйкавай дарогі, і там мы з ім развіталася. У свой барачны квартал я яго не павяла. Не хацела паказваць, як мы жывём. У той вечар я доўга не магла заснуць. Ляжала на тахце, успамінаючы нашу сённяшнюю гутарку. Усё, што гаварыў Сташак, было правільна. Дзіўна, але ён услых прамовіў менавіта тое, аб чым я сама ўвесь час разважала. Толькі ў мяне бы не атрымалася выказаць свае думкі так прыгожа і складна. Усёткі Сташак вучоны шкаляр, а я грубая неадукаваная дзеўка. Аднак мыслім мы з ім абсалютна аднолькава. Ойген Блажэнны, гэта ж трэба. Звар'яцець, каб зразумець рамейца. Яшчэ чаго. Не жадаю я іх разумець. Я іх проста ненавіджу.
  
  ------------------------
  * Тут Аўтарку зноў натхнілі Візантыйскія беспрадзельшчыкі. Падобныя законы ў іх сапраўды былі. Неймаверна, і гэтыя людзі забаранялі нам...добра, добра не будзем.))
  
  ** Народны Вяшчальнік - абсалютны аналаг VE ('Фолькс-Эмпфенгер'), прапагандысцкай плявузгалкі, якая выкарыстоўваўлася ў адной заходняй краіне ў першай палове 20 ст.
  
  Свята
  
  Набліжалася зіма. Дні карацелі, ночы рабіліся ўсё больш глухімі і цёмнымі. На Абшарах Цемры за скалістымі выспамі нараджаліся лютыя сіверы, веялі з-за мора, выхалоджваючы зямлю. У Месяц Знічак - Ноэмврыас па-рамейску - Паўночнае Мора робіцца ледзяным і чорным, як свінец. У цёмных гротах Захавальніка Сноў, каля самага краю зямлі, зараджаюцца штормы і буры, а дэманы глыбінь падымаюцца на паверхню, і асядлаўшы вадзяных конікаў з пеннымі грывамі, носяцца па-над морам неўтаймаванай кавакальдай, гонячы перад сабой равучыя валы. З выццём і енкам абрынаюцца яны на пясчаны бераг і разбіваюцца аб камяні хвалярэзаў, рассыпаючыся на мірыяды халодных пырскаў - а з берага глядзяць на мора хмурныя, пустынныя выдмы...
  
  Потым прыйшла зіма, і пачаліся святы. Першае Аб'яўленне Вышняга. Дзень Уз'яднання адзначаўся толькі ў Паўночнай Правінцыі. Аб'яўленні Вышняга святкаваліся ва ўсёй Імперыі. У гэтыя дні працаваць не належыла. Людзі мусілі наведваць урачыстыя імшы ў храмах і бавіць час ва ўлонні сям'і. З нагоды свята на плошчах і ў гарадскім садзе ладзіліся кірмашы і гулянні. Там гучала музыка, і можна было нават патаньчыць. Гэта дазвалялася. Пад забаронай былі толькі семгальскія музычныя інструменты. Трохструнныя скрыпкі, якія ў народзе зваліся 'балотнымі'. Жалейкі з рогу і бяросты. Колавыя ліры з маркотнымі галасамі, падобнымі на плач. Маленькія дуды, якія выраблялі з казіных шкур і ўпрыгожвалі кветкамі і каляровымі стужкамі. Усё гэта было па-за законам. Спакваля жыхароў Правінцыі прывучалі да рамейскіх трысняговых флейт, лютняў і цытраў. Я так і не здолела іх палюбіць. Музыка рамейцаў, не пазбаўленая пэўнай прыгажосці і гармоніі, заўсёды здавалася мне нейкай дзіўнай, чужой...
  
  Сташак не быў аматарам вулічных гулянняў, і я пацягнула яго на кірмашовую плошчу ледзь не сілком. Ну сапраўды, нельга ўвесь час плеснець над кнігамі. Народу на плошчы было няшмат, але мяне гэта толькі ўзрадавала. Не люблю таўканіны. На зацярушанай снегам брукаванцы стаялі шапікі з востраканцовымі дахамі і прылаўкамі, аздобленымі яловымі галінкамі і ліхтарыкамі з рознакаляровымі шкельцамі. Побач на вуголлі смажылі мяса і каштаны, у вялізным чане размешвалі падагрэтае віно. Пасярод плошчы вулічны музыка граў на лютні, каля яго паўколам стаялі людзі, некалькі пар таньчылі.
  
  Я бачыў воўка, лісу і зайца,
  Яны скакалі вакол карча... *
  
  Спачатку мы са Сташакам купілі па прыгаршчы гарачых каштанаў, густа перасыпаных соллю, потым я павалакла яго да шапіка з таварамі для паненак. Я доўга разглядвала прылавак і нарэшце купіла кавалак мыла з лавандай і скрыначку воску для вуснаў. Больш я дазволіць сабе не магла, бо грошай у мяне было зусім нямнога. Канечне, Сташак прапанаваў расплаціцца за мяне, але я наадрэз адмовілася. Ён і так вечна сядзіць без грошай (бедны шкаляр), не хапала яшчэ, каб я выкленчвала ў яго "на шпількі". Потым мне захацелася падысці да лютніста і магчыма, нават патаньчыць. Чаму б і не? Мелодыя была жывенькая.
  
  Вакол пня ў дубраве цёмнай
  Таньчылі заяц, ліса і воўк...
  
   - Стах! - пачула я ў сябе за спінай.
  Я азірнулася. Ян. На ім была цывільная вопратка - падшываная куртка наросхрыст, суконныя нагавіцы і зімовыя чаравікі, даволі стаптаныя. Пэўна, у казармах далі выходны з нагоды свята. Без уніформы ён выглядаў, як звычайны маладзён з прадмесця. І мяркуючы па ўсім, быў добра паддаты.
  - Вось, чорт... - сказала я і адвярнулася.
  - Стах, я казаў табе - не лезь да маёй сястры. Казаў табе, так? - крычаў Ян. Язык ў яго трохі заплятаўся.
  - Ян, супакойся, - ціха сказаў Сташак.
  - Літа, хадзем дадому!
  Ян схапіў мяне за руку і рэзка развярнуў тварам да сябе. Я выразна адчула карамельны пах "палёнкі" - пойла са спірытусу, злёгку разведзенага вадой і зваранага з цынамонам, імберцам і паленым цукрам. Упадабаны напой стражнікаў. Кіслай чарвіўкай яны грэбуюць, чарвіўку жлукцяць толькі прапойцы.
  - Чорт, ды ты ў вусцілку. Бачыла б цябе маці. Яна бы з сораму згарэла, - гаварыла я, спрабуючы яго адштурхнуць.
  Мне сапраўды было сорамна. Я гатова была скрозь зямлю праваліцца. На нас ужо пачалі азірацца.
  - Літа, цябе павесяць праз яго! Ты хоць ведаеш, хто ён такі? Хто ён? Ведаеш? - выкрыкваў Ян, цягнучы мяне з плошчы.
  Спрабуючы адбіцца, я ўрэшце паслізнулася на коўзкіх камянях і ўпала, моцна выцяўшыся аб брукаванку. Потым Сташак казаў, што яму падалося, быццам Ян мяне штурхнуў. Ён зрабіў крок да Яна і ўзяў яго за каўнер.
  - Слухай, лайно малое. Стражнік чортаў. Такі смелы без уніформы? - прагаварыў Сташак. Ён нават лаяцца як след не ўмеў.
  Ян глядзеў на яго знізу ўверх. Сташак быў вышэйшы за Яна і старэйшы на чатыры гады.
  - Што, крамольнік? Хочаш па-мужчынску? Ну давай па-мужчынску. Ці ты мужадзева? - гаварыў Ян, хмылячыся.
  - Ачмурэлі вы абодва, ці што? Суніміцеся! - крыкнула я з адчаем.
  Але мяне ўжо не чулі. Учапіўшыся адзін аднаму ў вопратку і абменьваючыся кухталямі, яны зніклі за шэрагамі шапікаў, якія атачалі плошчу.
  - Халера...
  Я паднялася на ногі, абтрэсла ад снегу спадніцу і не зважаючы на боль ў выцятай шчыкалатцы, таксама кінулася за шапікі. Пакуль я дабегла, ужо ўсё скончылася. Ян сядзеў на брукаванцы, прыхінуўшыся да шапіка, і прыціскаў да твару камяк снегу. З носу ў яго цурком лілася кроў. Побач стаяў Сташак, костачкі пальцаў на яго правай руцэ былі абдзёртыя. Шчыра кажучы, першым маім пачуццём было здзіўленне. Не чакала такога ад Сташака...
  - Літа, прабач, - прагаварыў ён, зірнуўшы на мяне.
  Я пакруціла галавой.
  - Нічога, Сташак. Імпрэза скончылася. Дзякуй за ўдзел.
  Я схілілася над братам.
  - Ян, дай дапамагу, - сказала я.
  Той адмахнуўся.
  - Адчапіся. Я сам.
  Ён падняўся, трымаючыся за шапік. Я бачыла, што ён ледзьве стаіць на нагах. Пэўна, калі б ён быў цвярозы, Сташак бы з ім не справіўся. Бакавым зрокам я заўважыла патруль з трох стражнікаў. Яны накіроўваліся наўпрост да нас. Толькі гэтага яшчэ не хапала...
  - Хадзем дадому, Ян. Ну, хутчэй...
  Я ўзяла брата пад руку, і мы пайшлі прэч. Сташак моўчкі глядзеў нам услед, а я думала толькі аб тым, што ў яго цяпер будуць непрыемнасці, бо ён пабіў стражніка.
  
  Калі мы з Янам цягнуліся цераз плошчу, я мелькам зірнула на музыку з лютняй. Першае, на што я звярнула ўвагу, было бяльмо на яго правым воку. Потым я агледзела яго з галавы да ног. Лютніст быў апрануты паводле рамейскай традыцыі - доўгі чорны каптан з залатым гафтам і боцікі з загнутымі насамі. І валасы ў яго былі чорныя, як крыло гругана. Але ён відавочна быў не рамейцам. У рамейцаў бранзаватае адценне скуры і вочы чорныя, як аскепкі базальту. Аблічча ў лютніста было вельмі бледнае, а яго адзінае вока было дзіўнага колеру - залаціста-зялёнае. А яшчэ мне здалося, быццам зрэнка ў яго выцягнутая, як у змяі альбо коткі. "Ліха аднавокае", - мільганула ў мяне. Лютніст ухмыльнуўся і кіўнуў, быццам пачуўшы мае думкі. Я паспешна адвяла вочы, бо мне не падабаўся ягоны позірк. Мне так і не пашчасціла патанчыць у той дзень.
  
  ------------
  * Гэта сярэднявечная аксітанская песенька Ai Vist Lo Lop. Якім чынам яна трапіла ў Паўночную Правінцыю, не могуць патлумачыць нават рамейскія схаласты.
  
  Берэніс
  
  - Не, ты не можаш. Не можаш!..
  Яна сядзіць на ложку сярод скамечаных коўдраў - напалову аголеная, з непрыбранымі валасамі. Яе бялявыя кудзеркі, бліскучыя ад араматычнага воску, ляжаць ў спакуслівай лагчынцы паміж лапаткамі. Шлейка празрыстай сарочкі спаўзла ёй на плячо, агаліўшы маленькія пругкія грудзі. У спачывальні пахне сандалам і ружовым алеем. Цяжкія аксамітныя шторы шчыльна зашмаргнуты. Пад столлю шыпяць газавыя свяцільні пад накрыўкамі з матавага шкла.
  - Сэт! Ты не можаш так паступіць са мною, Сэт, - паўтарае яна.
  Сэт не адказвае. Адвярнуўшыся да люстэрка, ён рупліва зашпільвае кашулю. Тутэйшыя не прывыклі бачыць яго ў цывільнай вопратцы. На людзях ён з'яўляецца ў чорным кіцелі са срэбнымі нашыўкамі і фуражцы са знакам Аперанага Сонца. Эмблема Тайнай Канцылярыі. Сэт Сфага -начальнік службы бяспекі Правінцыі, другі чалавек пасля Намесніка. Фармальна - другі. Насамрэч тутэйшыя баяцца яго нават больш, чым Намесніка. Міка Венд хаця б свой. Семгалец. Сэт - ураджэнец Царгорада. Грамадзянін першай катэгорыі найчысцейшай рамейскай крыві. І гэтага грознага рамейца яна, Берэніс Венд, надзейна трымае ў сваіх пяшчотных жаночых руках. Прынамсі, трымала да сённяшняга дня.
  - Што здарылася, Сэт? Ты больш не любіш мяне? У цябе з'явілася іншая? - голас яе дрыжыць, у куточках вачэй блішчаць слязінкі.
  Сэт прыгладжвае валасы і чапляе на нос акуляры з зацемненымі шкельцамі.
  - Здаецца, я даходліва растлумачыў табе, Берэніс, - гаворыць Сэт, гледзячы на яе адбітак у люстэрку. - Нехта строіць падкопы супраць мяне. Дамагаецца маёй адстаўкі. Відавочна, хтосьці з майго атачэння. Альбо гэта чалавек Намесніка. Інакш як бы ён даведаўся аб нашай сувязі?
  Яна выдае нервовы смяшок.
  - Госпадзе, Сэт. Калі ты пра тую ананімку...
  Ён рэзка абарочваецца і глядзіць проста на яе. Яна не бачыць выразу ягоных вачэй за цёмнымі шкельцамі.
  - Праз тую ананімку мяне выклікалі ў Цытадэль, на кілім да Магістра і запатрабавалі тлумачэнняў, - гаворыць ён холадна. - Канечне, я высветлю, хто гэты пацук. Але зараз нашы стасункі неабходна абмежаваць. Спадзяюся, ты зразумееш мяне, Берэніс.
  Яна маўчыць. Яе фарфоравы тварык крывіцца, вялізныя зелянява-шэрыя вочы напаўняюцца слязамі. Але яна стрымлівае сябе. Няма сэнсу закочваць сцэну. Яна можа паводзіць сябе так са сваім братам - яе пранізлівыя віскі палохаюць яго да паўсмерці, і ён гатовы зрабіць што заўгодна, толькі б яна замоўкла. З Сэтам такі нумар не пройдзе. Яна моўчкі назірае, як ён нацягвае сурдут бутэлечнага колеру і накідвае на плечы ваўнянае зімовае паліто. Нарэшце, суха кінуўшы: "Бывай", Сэт сыходзіць. Некаторы час яна нерухома сядзіць на ложку. Потым падымаецца, і сунуўшы ногі ў хатнія футравыя туфлі з высокімі тонкімі абцасікамі, падыходзіць да туалетнага століка, на якім паміж парцалянавых ваз з пунсовымі ружамі і флаконаў з парфумамі паблісквае абсідыянавы апарат. Яна здымае слухаўку, і крутануўшы дыск, цэдзіць скрозь зубы:
  - КімЫч, машыну!
  Берэніс едзе да брата. На вуліцы глухая ноч, але ёй усё роўна. Яна ўрываецца ў ягоную спальню, нібы тайфун. Нема вішчыць. Шпурляе ў сцяну крыштальныя кубкі, вазы, срэбныя падсвечнікі - ўсё, што трапляецца ёй пад руку. Яе брат Алех, яшчэ трохі ачмурэлы спрасонку, сядзіць на ложку і глядзіць на яе са спалохам. Ён апрануты ў паласатую піжаму, валасы ўскудлачаны. Алех не падобны да сястры ні норавам, ні знешнасцю. Берэніс рэдкая прыгажуня, высокая і станістая, Алех - нізенькі і несамавіты, з валасамі шараватага колеру і цёмнымі, маленькімі, як пацеркі, вочкамі на вузкай фізіяноміі. І хто бы паверыў, што гэты шчур у піжаме - агент Тайнай Канцылярыі. Другі чалавек пасля Сэта. А дзе бы ён быў, калі б не Берэніс? Пэўна, перакладваў бы паперкі ў якой-небудзь жандармерыі, і гэта ў лепшым выпадку. Алех гэта цалкам усведамляе, і таму рахмана церпіць усе яе капрызы і істэрыкі. Што яшчэ яму застаецца? Без Берэніс ён ніхто.
  
  Берэніс вые. Алех маўчыць, і гэта яшчэ больш распальвае яе лютасць. Яна хапае са стала парцалянавую статуэтку і з размаху шпурляе сабе пад ногі - цацка рассыпаецца на аскепкі. А потым, быццам раптоўна аслабеўшы, Берэніс апускаецца на падлогу і плача, закрыўшы аблічча рукамі. Алех, уздыхнуўшы, выбіраецца, нарэшце, з ложка і падыходзіць да яе на дыбачках. Кладзе руку ёй на плячо.
  - Ну што ты, Берэніс? Што такое? - пытаецца ён мякка.
  Яна раптам абдымае яго, прыціскаецца, хавае твар ў яго на грудзёх, як перапалоханая дзяўчынка. Яна больш не злуе. Цяпер ёй па-сапраўднаму страшна. Пакуль Сэт быў побач, яна адчувала сябе абароненай - і ад Мікі, і ад тых, у Цытадэлі, якія гуляюць чалавечымі лёсамі, як папяровымі лялькамі. І вось Сэт сышоў, і яна цяпер нібы дзіця, заблукалае ў лесе, поўным пачвар.
  - Дапамажы мне, Алех, - шэпча яна. - Дапамажы мне!..
  
  ***
  У валасах тваіх кветкі-полымя,
  Яд смяротны на вуснах тваіх,
  Ты маімі валодаеш мроямі,
  Ты заўсёды ў думках маіх...
  
  Сэт больш не прыйдзе. Ёй спатрэбіўся амаль тыдзень, каб гэта ўсвядоміць. Яна не губляла надзеі, што ён раздумаецца. Вернецца да яе. Знойдзе пацука-даносчыка, які напісаў тую ананімку. І Алех паабяцаў паспрыяць... Усё гэта было самападманам. Рамеец не стане рызыкаваць сваёй кар'ерай дзеля жанчыны нячыстай крыві.
  
  Чорт, як жа горача!... І сон не йдзе... Берэніс б'ецца і кідаецца ў сваёй пустой пасцелі, як у ліхаманцы. Яе ятрыць усё - і поўня, што свеціць проста ў акно спальні, і патрэскванне вуглёў у каміне, і драпанне мышэй за сценамі. У пакоі нацеплена. Не прадыхнуць. Сціскаецца горла. Яна падымаецца з пасцелі, накідвае паўзверх карункавай сарочкі плашч з тонкай воўны і выходзіць у цёмны калідор. Тут таксама душна. Яна жадае ўздыхнуць на поўныя грудзі. Выходзіць на тэрасу. Звонку ўздоўж сцяны рухаюцца цёмныя постаці - стражнікі на начной варце. Міка набірае сабе ахоўнікаў са сталічных казарм. Найлепшых з іх. Кажа, што хлопцам трэба даваць шанец. Служба ў Намесніка можа стаць першай прыступкай ў іхняй кар'еры... Адзін з ахоўнікаў заўважае Берэніс і заступае ёй дарогу, але разгледзеўшы яе аблічча ў святле поўні, з пашанай схіляе галаву і адыходзіць ў цень.
  
  Берэніс стаіць на тэрасе, уперыўшы вочы ў начную цемрадзь, і прагна ўдыхае сцюдзёнае паветра. Рэзідэнцыя знаходзіцца ў прадмесці Вільска на беразе ціхаплыннай Вільяры. Рака алеіста паблісквае сярод зацярушаных снегам лугоў, і вада ў ёй здаецца чорнай, нібы смала. У бясхмарным небе ззяе ільдзістая зімовая поўня. Яна падобна на круглявы чэрап, які хмыліцца, думае Берэніс. Або на твар пракажонага. Чортава поўня!.. Яе сэрца шалёна калоціцца. Адчай паступова змяняецца злосцю. Я не заслужыла ўсяго гэтага, гаворыць сабе Берэніс. Не заслужыла...
  
  Раптам Берэніс адчувае, што яна тут не адна. На тэрасе ёсць хтосьці яшчэ. Яна абарочваецца. Стражнік. Той самы. Ён усё яшчэ тут. Іх позіркі сустракаюцца, і ён не адводзіць вачэй. Берэніс ускідвае брыво. Якая дзёрзкасць! Яна з цікавасцю разглядвае яго пры святле месяца. Юнак гадоў васемнаццаці. Не вельмі прыгожы, але і не вырадак. Верхняя губа рассечана - пэўна, пачаставалі ў п'янай бойцы. Сам невысокі, але прысадзісты - гэткае дрэўца. І што ён так уперыўся на яе? Глядзіць з пэўным захапленнем. Яна прыгадвае, што пад плашчом ў яе толькі тоненькая сарочка. Берэніс павольна ўсміхаецца. Ідзе да яго. На хаду скідвае плашч, застаўшыся ў адной сарочцы. Яе адразу ж апякае холадам, але яна не зважае. Наблізіўшыся да стражніка, Берэніс моўчкі абдымае яго, запячатаўшы яму рот пацалункам перш, чым ён паспявае штосьці сказаць. Яе пальцы прабягаюць па ягоных валасах - як ні дзіўна, мяккіх, нібы футра ласкі. Потым яна прыціскаецца да яго ўсім целам, цалуе, лашчыць, як дагэтуль лашчыла толькі Сэта. Адчуўшы ягоную далонь на сваім сцягне, яна дазваляе яму прыўзняць край яе карункавай сарочкі.
  
  Потым, прыкрыўшыся ваўняным плашчом, яна ляжыць на ягоным кажусе, кінутым проста на камяні тэрасы. Холаду яна больш не адчувае. Стражнік ужо падняўся на ногі і спрабуе прывесці да ладу сваю скамечаную ўніформу. Рухі яго такія нязграбныя, што ёй становіцца смешна. Берэніс паднімаецца на ногі, нетаропка набліжаецца да яго. Кончыкамі пальцаў бярэ яго за падбароддзе. Павольна цалуе ў вусны. Адхіляецца.
   - Ты ж нікому не раскажаш, праўда, дзіцятка? - пытаецца яна шэптам.
  Ён матляе галавой. Берэніс ведае, што ён не скажа.
   - Як тваё імя? - пытаецца яна, усміхаючыся.
   - Ян. Сямішка.
  
  ***
  Ты мой хмель, ты атрута салодкая,
  За цябе хоць у пекле згарэць,
  Без цябе існаванне самотнае
  Горш за вязніцу, горай за смерць...
  
   - Кімыч, машыну!
  Будынак Тайнай Канцылярыі - крэпасць з чатырма круглымі вежамі, складзенымі з шэрага каменя - знаходзіцца амаль у самым ў цэнтры Вільска. Пад'езд ахоўваюць узброеныя жаўнеры з шаблямі нагала. Берэніс, апранутая ў лёгкае белае футра і зімовую сукенку колеру халоднай сталі, узбягае па прыступках з шэрага мармуру. Каля ўваходу вартаўнік - малады дурань ва ўніформе - патрабуе пропуск. Мілае дзіця, ты смяешся з мяне? - усміхаецца Берэніс. Я жонка Намесніка Правінцыі. Дарэчы, учора ён вярнуўся ў сталіцу, службе бяспекі гэта вядома? Яна з задавальненнем назірае, як вартаўнік мяняецца з твару і запінаючыся, мямліць: "Вінаваты, спадарыня Венд. Праходзьце, калі ласка".
  Калі яна ўваходзіць у кабінет Сэта, памяшканне напаўняецца густым мускусным водарам яе парфумы. Сэт, відавочна, не чакаў яе візіту. Ён сядзіць за пісьмовым сталом з чырвонага дрэва, заваленым паперамі. На ім чорны кіцель са срэбнымі нашыўкамі. Берэніс цяжка разгадаць ягоныя пачуцці, бо на яго абліччы не варушыцца ніводная цягліца, а позірк яго схаваны за цёмнымі шкельцамі.
  - Я разумею, што паміж намі ўсё скончана, - гаворыць яна. - Але апошняя просьба, Сэт. Апошняя, і клянуся, больш ты мяне не ўбачыш. Я назаўсёды знікну з твайго жыцця.
  Яна схіляецца над пісьмовым сталом і адцягвае каўнер сукенкі, дэманструючы фіялетавыя сінякі на плячах і грудзях.
  - Глядзі, што ён зрабіў са мной. Глядзі!
  Сэт адводзіць вочы. Яму вядома, як груба абыходзіцца з Берэніс яе муж-варвар.
  - Берэніс, мы ўжо гутарылі на гэтую тэму. Разводу табе ніхто не дасць. Калі толькі ты не пастрыжэшся ў манашкі. Але гэта для цябе не варыянт, праўда?
  - Але ўсё можна вырашыць інакш, - кажа Берэніс напаўголасу. Яна інстынктыўна азіраецца цераз плячо, хоць і ведае, што ў кабінеце няма нікога, апроч яе і Сэта. - Мяркую, у Канторы няцяжка будзе знайсці чалавека, які забівае за грошы?..
  - Што?
  Хвіліну ён маўчыць, быццам усведамляючы сэнс пачутага. Затым, падхапіўшыся з-за стала, ён кідаецца да Берэніс. Ад яго былой стрыманасці не засталося і знаку. Цяпер усе яго пачуцці як на далоні. Ягоныя рысы скажае такая лютасць, што Берэніс спалохана адступае. Яна яшчэ ніколі не бачыла яго такім.
  - Берэніс, ты хоць сама сябе чуеш?! - шыпіць ён.
   - Сэт...
  Ён хапае яе за запясці і сціскае так, што яна ўскрыквае ад болю.
  - Тваё шчасце, што кабінет не праслухваецца, - зласліва гыркае ён. - Інакш бы цягнулі цябе адгэтуль у кайданках.
  - Сэт, пусці!.. - гаворыць яна дрыготкім голасам. У вачах яе блішчаць слёзы - ці то ад болю, ці то ад крыўды - Я ўсё зразумела. Пусці!
  Выбегшы ў калідор, яна сутыкаецца з Алехам і ледзь не збівае яго з ног. На падлогу ляцяць скураныя тэчкі і паперы.
  - Алех, ты... ты што, падслухваў?! Шпіёніў за намі?
  Яна глядзіць на яго зверху ўніз. Алех, укленчыўшы на барвовым кіліме, якім засланы калідор, збірае з падлогі парассыпаныя дакументы.
  - Сястрычка, май літасць,- гаворыць ён спакойна. - Дзяржава на мяжы вайны, у сталіцы крамольнікі. Берэніс, ты можаш уявіць, ў якім я зараз стане? Другія суткі ўжо не сплю, які там шпіянаж.
  
  ***
  Закрычыць груганнё над доламі,
  Ад журботы згарчэе мёд,
  Не сагрэюць нас кветкі-полымя,
  Не растопяць у сэрцы лёд...
  
  Пакойчык на гарышчы пад самым дахам. Падлога засцелена ваўчынымі шкурамі. Адзінае круглае акенца глядзіць на раку, за якой цямнее абледзянелы гай. Святла яны не запальваюць. Іх скамечаная вопратка раскідана па падлозе. У галавах ляжыць нядбайна кінутая вайсковая вінтоўка.
  - Берэніс, - кажа ён напаўголасу.
  Яна ляжыць на мяккіх шкурах, закінуўшы рукі за патыліцу, на яе абліччы блукае ўсмешка.
  - Берэніс...
  Ён гарнецца да яе, хоча абняць. Берэніс рэзка адштурхвае яго, а потым, прыўзняўшыся, ўсаджваецца на ім конна. Учапляецца яму ў валасы, упіваецца ў вусны. Пачынае рытмічна разгойдвацца, сціскаючы сцёгны. Ён енчыць. Берэніс чуе сваё ўласнае перарывістае дыханне. Потым яны ў знямозе валяцца на воўчыя шкуры. Берэніс не адпускае яго. Прыціскае да сабе, перакінуўшы сцягно цераз ягоны торс. Яны ляжаць так, як звер з дзвюма спінамі. У іх над галовамі грукоча сарваны ветрам ліст даху. Быццам нейкая пякельная хімера пляскае свінцовымі крыламі.
  - Ян. Сямішка, - павольна прамаўляе Берэніс.
  Яна адсоўваецца, прыўзнімаецца на локці. Ён глядзіць на яе з захапленнем і адданасцю - як пёс на свайго гаспадара. Здаецца, ён сапраўды кахае яе. Яе стражнік. Маладая, моцная жывёлінка. Нажаль, занадта абмежаваная, каб гаварыць аб нейкіх сур'ёзных адносінах. Хаця, час ад часу яна і напраўду адчувае да яго жарсць. Працягнуўшы руку да вінтоўкі, якія ляжыць побач на падлозе, Берэніс асцярожна праводзіць кончыкамі пальцаў па халодным ствале.
  - Ты забіваў калі-небудзь, Ян Сямішка? - пытаецца яна.
  - Даводзілася, - адказвае ён не вельмі ўпэўнена.
  - А ты мог бы забіць дзеля мяне, Ян? - прамаўляе яна вельмі ціха.
  - Ну, гэта гледзячы каго, - кажа ён з кароткім смяшком.
  Яны абодва ведаюць, аб кім размова. Падчас кожнай іх таемнай сустрэчы Берэніс расказвае пра свайго мужа. Гэта пачвара, Ян. Грубая жывёліна. Ён падобны да мядзведзя. Не, хутчэй да вепрука. Ну сапраўды, свіння! Я ўздрыгваю ад агіды кожны раз, калі ён дакранаецца да мяне. І ведаеш, яму падабаецца прычыняць боль. Па-мойму, ён атрымлівае ад гэтага асалоду. І, нягледзячы на сваё звераватае аблічча, ён вельмі пасрэдны як мужчына. Кажуць, нібыта ён дзеліць ложак з Аўгустай. Гэта здаецца мне вельмі сумнеўным, Ян. Альбо... альбо наша Аўгуста нейкая ўжо зусім непераборлівая. Слухаючы яе, ён кожны раз смяецца да ўпаду. Не ўпускае выпадку пакпіць з грознага Мікі. І ў той жа час ён ведае ў глыбіні душы, што гэта не проста жартачкі. Рана ці позна Берэніс папросіць яго. Пазбаў мяне ад гэтага чалавека, Ян!..
  
  Але не трэба спяшацца, кажа сабе Берэніс. Ён мяне, канечне, кахае, але ўсё ж не настолькі, каб лезці дзеля мяне ў логава звера. Трэба прапанаваць яму штосьці, ад чаго ён не зможа адмовіцца. Грошы. Маёнтак у прадмесці. Пасаду Намесніка, у рэшце рэшт. Ведаю, яго захапляе Міка. Гэты байструк, нікчэмнасць, што дарваўся да пасады прэфекта. Ён хоча быць, як Міка. Ён ужо спіць з ягонай жонкай. І калі яму прапануюць заняць месца Мікі, хіба здолее ён сказаць "не"?
  
  Яны ляжаць, абняўшыся, на падлозе. Звонку над абледзянелымі лугавінамі гуляе сівер. Ян спіць - Берэніс чуе яго роўнае дыханне. Усе вы засынаеце, - думае яна паблажліва. - І ты таксама, мой стражнік. Колькі ж у цябе яшчэ дзіцячага, наіўнага. Я бы не надта здзівілася, калі б выявілася, што я - першая жанчына ў тваім жыцці... Хм, а ён сапраўды верыць, быццам я кахаю яго. Ведаў бы ён, што каханне гэтае халадней, чым лёд над прорвамі.
  
  Закалоты
  
  Я памятаю дзень, калі ўсё пачалося. Была сярэдзіна зімы, са свята Аб'яўлення мінуў прыкладна месяц. Помніцца, маразы тады стялі траскучыя, і было многа снегу... Угледзеўшы на вуліцы натоўп, я не адразу зразумела, што адбываецца. Я нават вырашыла спачатку, што гэта нейкая імпрэза накшталт параду альбо святочнага гуляння. Хаця дзень быў самы звычайны, працоўны. Помню, як наведнікі карчмы разам з падавальшчыцамі стаялі, прыклеіўшыся да вокнаў, і моўчкі глядзелі, як па праспеце Трыўмфатараў - цэнтральнай вуліцы Вільска - рухаюцца людзі. Галоўным чынам моладзь, і на выгляд гэта былі хлопцы не з працоўных кварталаў. Шкаляры, студэнцтва. Такіх была большасць. У натоўпе я разгледзела таксама маладых мужчын у строгіх паліто і чаравіках, начышчаных да бляску - пэўна, канторскія служачыя, і людзей больш старэйшага ўзросту, апранутых як гандляры ці рамеснікі. Мажліва, яны далучыліся да шэсця ўжо пазней. І гэта не падобна было да вулічнага бунту. Тыя, хто выступае супраць Аўгусты і Ахмістрыньчыка, звычайна цягнуць з сабой выявы Мітры Ўсеўладара і сцягі Вендаў, каралеўскай дынастыі, якая больш не існуе. Гэтыя ішлі з пустымі рукамі - ні сцяжкоў, ні знакаў. І не падобна было, каб яны падрыхтаваліся да вулічнай бойкі. Шэсце выглядала абсалютна мірным. І што самае дзіўнае, нідзе не відаць было ні стражнікаў, ні жандараў, ні ваеннай тэхнікі. Здавалася, што гэтым людзям ніхто не спрабуе чыніць перашкод. Яны ішлі свабодна. Свабодна.
  - Літа, куды гэта ты сабралася? - крыкнуў з-за стойкі Таўстун Каначык, убачыўшы, што я, накінуўшы кажух, рушыла да выхаду.
  - Я...мне на хвілінку. Проста паглядзець, - адказала я няўлад.
   Напачатку я сапраўды проста назірала, стоячы на ходніку. Людзі ішлі па праезджай частцы. Фурманкі і самаходныя экіпажы спыніліся. Пасажыры омнібусаў - бледныя, спалоханыя - моўчкі глядзелі на шэсце, прыхінуўшыся да вокнаў. Не ведаю, чаму я ўрэшце рэшт сышла с ходніка і таксама далучылася да натоўпу. Мажліва, проста з цікаўнасці. А што будзе далей? Альбо тут паўплывалі словы Сташака. 'Колькі можна баяцца?' Ён часта гэта паўтараў. Дарэчы, мы з ім не бачыліся ў апошнія дні. У карчме ён больш не з'яўляўся. Напэўна, быў вельмі заняты ва ўніверсітэце...
  
  Шэсце рухалася ў кірунку Трыўмфальнай плошчы, дзе размяшчалася сталічная рэзідэнцыя Намесніка. Я не вельмі здзівілася, калі ўбачыла наперадзе стражнікаў. Выстраіўшыся ў шарэнгу, яны перакрывалі подступы да плошчы. Стражнікі былі ў поўнай баявой экіпіроўцы - уніформы зямлістага колеру, адмысловыя шлемы, якія закрывалі аблічча, металічныя шчыты і вінтоўкі напагатове. Я не ведала, ці ёсць сярод іх мой брат. Ян неяк хваліўся, што яго накіравалі ахоўваць рэзідэнцыю Намесніка ў прадмесці. "Што мы там робім? Ат, нічога асаблівага, лайдачым проста. А жалаванне ўдвая вышэй. Няблага, так?.." Аднак падчас закалотаў стражнікаў, якія ахоўваюць рэзідэнцыі, маглі перакінуць зваротна ў казармы. У любым выпадку, я спадзявалася, што Яна гэта не закране...
  
  Шэсце спынілася. Наперадзе ўтварыўся затор, ззаду пачалі напіраць. Я не бачыла, што адбываецца ў галаве калоны. Калі наперадзе пачуліся стрэлы і над вуліцай паплыў парахавы дым, я ўсё яшчэ не верыла. Пэўна, яны страляюць у паветра, думала я. Гэта ж не вулічны бунт. Не могуць яны расстрэльваць бяззбройных людзей... Затым я пачула немыя ляманты. Натоўп змяшаўся, і пачаліся панічныя ўцёкі. Мяне не затапталі толькі таму, што я адступіла за круглую тумбу з афішамі. Я апусцілася на брукаванку і сядзела так, сціснуўшыся ў камяк і закрыўшы вушы далонямі. Наўкол беглі людзі. Некаторыя з іх падалі і больш не падымаліся. А потым... Потым пачуліся стрэлы з боку праспекта Трыўмфатараў. Стралялі з натоўпу. Яны ўсёткі мелі зброю ў руках. І не камяні ды ломікі, як звычайныя пратэстоўцы, а сапраўдныя баявыя ствалы. Адкуль?.. З праспекта стралялі. Прычым траплялі галоўным чынам у сваіх. Людзі апынуліся ў пастцы. Наперадзе былі вінтоўкі стражнікаў, ззаду... Пачалася форменная бойня. Я адпаўзла да краю ходніка, кожную секунду рызыкуючы атрымаць кулю ў спіну, і скурчылася каля бардзюра, тварам уніз. У мяне над галавой штосьці пасвіствала, варушыліся валасы. Потым усё сціхла. Плошча абязлюдзела. У паветры пахла порахам і крывёю. Неўзабаве на плошчы з'явіліся коранеры. Як сцярвятнікі, хадзілі яны паміж целамі забітых, паднімалі іх з бруку, кідалі на насілкі і цягнулі да металічнага фургона без вокнаў. Снег у іх пад нагамі быў брудна-барвовым.
  
  У той дзень дадому я вярталася позна. Омнібусы не хадзілі, і да свайго барачнага пасёлка я змушана была дабірацца пешшу. Я крочыла ўздоўж вузкай, засыпанай снегам вулачкі. Нада мной навісалі цагляныя сцены двухпавярховікаў - у такіх дамах звычайна селяцца сем'і рабочых. Ліхтары не гарэлі, за вокнамі таксама панавала цемра. Людзі не наважваліся запальваць святло - баяліся, што па вокнах пачнуць страляць.
  
  Я не спалохалася, убачыўшы наперадзе скурчанае цела, якое нерухома ляжала на снезе. Небараку, пэўна, падстрэлілі сёння на плошчы. Да дому так і не дайшоў... Над целам стаялі два бадзяжныя сабакі і азвярэла грызлі яго, выдзіраючы зубамі вялізныя шматы мяса. Я адступіла на крок, і агледзеўшыся, падхапіла са снегу абломак дошкі. Трэба адагнаць сабак ад мерцвяка. Нядобра, калі звяры цягаюць па завуголлі чалавечыя косткі. Я голасна закрычала на іх і замахнулася дошкай. Адна з жывёлін, глуха загыркаўшы, адскочыла ў цень. Другая, азірнуўшыся, пачала павольна падымацца на заднія ногі. Тое, што я спачатку прыняла за бадзяжных сабак, насамрэч было чымсьці іншым. Я разгледзела слізкаватую шэрую скуру, пазбаўленую поўсці, загнутыя кіпцюры, галаву з касмыкаватай грывай і рухомымі завостранымі вушамі. Аблічча пачвары дзіўна нагадвала чалавечае, нягледзячы на пляскаты нос, выскаленую слінявую пачшу і даўгаватыя вочы, якія свяціліся ў цемры. Я павольна адыходзіла, імкнучыся не рабіць рэзкіх рухаў. Абедзьве істоты моўчкі глядзелі на мяне з цямрэчы. Мне здавалася - вось яшчэ крок, і яны накінуцца на мяне. Але мяне не кранулі.
  
  Апынуўшыся на рагу вуліцы, я нарэшце павярнулася і пабегла з усіх ног. Я ўжо зразумела, што менавіта я ўбачыла. Гулі. Пажыральнікі мярцвячыны. Ніхто не мог патлумачыць, адкуль яны ўзяліся ў Паўночнай Правінцыі. Некаторыя казалі, што гэта рамейцы прыцягнулі іх сюды. Наўрад ці. Рамейцы самі іх баяцца. Гэтыя дэманы з'яўляюцца там, дзе шмат памерлых, якія доўга ляжаць без пахавання - на палях бітваў, альбо ў гарадах, дзе лютуе пошасць. У Вільск іх прыцягнуў пах смерці. У тую ноч я тварам у твар сутыкнулася з іншасветным жахам - і не загінула. Я тады яшчэ не ведала, што сапраўдны жах чакае мяне наперадзе, і ён мае імя чалавека, а не дэмана.
  
  Намеснік
  
  Пасля бойні на плошчы жыццё ў сталіцы пачало патроху вяртацца ў звыклую каляіну. З вуліц прыбралі мерцвякоў і змылі кроў з брукаванкі. Быццам і не было нічога. Намеснік тры дні маўчаў, а потым выступіў са зваротам да народа. Жыхароў горада сагналі на Трыўмфальную плошчу. Намеснік выйшаў на тэрасу свайго палаца-рэзідэнцыі і сказаў доўгую напышлівую прамову. Напрыканцы ён павіншаваў сваіх падданых з чарговай перамогай Ісціны і Дабра над паскудствам ерасі і чужашальства. У той дзень я ўпершыню ўбачыла Намесніка на свае вочы. Ён стаяў на мармуровай тэрасе, убраны ў шэры палявы мундзір. Ягоны твар з воспінкамі быў бледным. Тонкія вусны крывіліся ва ўсмешцы. Вочы ў яго былі светла-шэрага колеру, а валасы белыя, быццам выбеленыя марской соллю. Яго маці-ахмістрыня была родам з Дольнай Зямлі.
  
  Людзі моўчкі стаялі на плошчы і слухалі Намесніка. Брукаванка была белая ад снегу. Неба над горадам было зацягнута хмарамі, і скрозь хмары свяціла каламутна-белае сонца. Помню, у тым дні было многа белага колеру. Белы снег. Белы камень тэрасы. На тэрасе палалі жароўні, і пры святле дня агонь ў іх таксама здаваўся белым. За спінай Намесніка стаялі рамейцы ў традыцыйным адзенні. Белыя падперазаныя каптаны са срэбнымі зашпількамі і круглыя шапкі, аблямаваныя футрам. Выглядала гэта прыгожа. Рамейцы самі па сабе - прыгожы народ. Рослыя і станістыя, з высокімі скуламі і бездакорна правільнымі рысамі аблічча. Прыроджаныя салдаты і заваёўнікі. Прыгожыя. Вось толькі душы ў іх выродлівыя.
  
  Я ўжо ведала, што адбылося. У агульных рысах. Напярэдадні бунту ва Ўніверсітэце Славеснасці арыштавалі аднаго старога прафесара. Крамола, ананімны данос. Прафесара звалі Дам'ян Росіца. Сташак наведваў ягоныя лекцыі. На наступны дзень шкаляры не пайшлі на заняткі. Яны сабраліся ля будынка ўніверсітэта і запатрабавалі, каб да іх выйшаў Настаўнік Філосафаў. Рэктар, інакш кажучы. Шкаляры хацелі, каб ён заступіўся за прафесара перад уладамі. Рэктар, ясная рэч, не выйшаў. Тады хтосьці ў натоўпе закрычаў, што Настаўнік Філосафаў тут нічога не вырашае, трэба ісці гутарыць з Намеснікам. І яны пайшлі. Усім натоўпам. Ужо па дарозе да іх далучыліся іншыя. Простыя людзі - канторшчыкі, рамеснікі. Зброі ні ў кога з іх не было. Хто пачаў страляць, так і засталося невядомым.
  
  Расправы над удзельнікамі бунту ішлі поўным ходам. Многія былі кінуты ў астрог. Некаторым пашанцавала яшчэ менш. Іх абезгалоўленыя целы ляжалі ў безыменных могільніках, засыпаныя вапнай, а галовы гнілі на доўгіх драўляных тычках пасярод Гарматнай плошчы. Над імі кружылася груганнё, а ўнізе стаялі стражнікі з вінтоўкамі наперавес. Яны дзяжурылі тут дзень і ноч, змяняючы адзін аднаго - каб сябры ці сваякі кагосьці з пакараных не ўздумалі ўпотайкі прабрацца на пляц і сарваць галаву з тычкі. Я пазбягала гэтага месца. Мне рабілася млосна ад смуроду смерці, ад выгляду гнілой разадранай плоці, насаджанай на калы. Але больш за ўсё я баялася пазнаць уласнага брата ў адным са стражнікаў, якія ахоўвалі плошчу.
  
  Сташак прапаў. У карчме яго больш не бачылі, і яго здымная кватэрка ў студэнцкім квартале таксама пуставала. Дзе ён і што з ім, я не ведала. Мажліва, ён ў астрозе. Альбо яго застрэлілі падчас закалотаў. А мажліва, ён там, на Гарматнай. Корміць крумкачоў... Халера!.. Гэта нявызначанасць звадзіла мяне з розуму. Балазе Каначык ні аб чым не здагадваўся. Інакш даўно бы выкінуў мяне на вуліцу за сувязі з крамолай... Я спрабавала жыць, як жыла заўсёды. Штораніцы я сядала ў омнібус і ехала на працу. Увечары я вярталася дадому, клалася на тахту і моўчкі малілася, гледзячы ў цемру - і за сябе, і за Сташака. Усё, што мне заставалася, гэта маліцца.
  
  Астрог
  
  Вежы Вільскага астрога ўзвышаюцца на пустцы за гарадской ускраінай. З аднаго боку турэмных будынкаў ляжыць рапсавае поле, з другога - рэйкавая дарога, па якой паўзуць абшытыя свінцом вагоны, гружаныя самерытавымі стрыжнямі. Дарога пачынаецца далёка на поўдні, каля жалезных млыноў, і працінаючы ледзь не палову Кантынента, цягнецца да паўночна-заходняй мяжы і далей - у Дуумвірат і Краіны Братэрства. Гандаль ідзе бойка, хаця Савет Наглядчыкаў незадаволены - апошнім часам даходы пачалі падаць...
  
  Ахоўнікі ў астрозе ўвесь час мяняюцца. Той, што прывёў арыштанта ў дапросную, таксама з новапрыбылых. І відавочна, не з тутэйшых. Алех Валога дапытліва аглядвае прысадзістую постаць турэмшчыка, яго цёмныя і бліскучыя, быццам намасленыя, валасы і шыракаскулую фізіяномію з даўгаватымі вачыма колеру ляснога арэха. Усходнія фемы?
  - Як зваць? - цікавіцца Валога.
  - Кходзі, Ваша Благароддзе, - з гатоўнасцю выпальвае турэмшчык. - Кходзі Галт. Нумар трыста шаснаццаць-семдзесят.
  - Маладзец, - у тон яму адказвае Валога.
  Так і ёсць - з усходу. Бач ты, акцэнт які рэзкі. На бхалаў - ураджэнцаў усходніх правінцый - ганарлівыя рамейцы глядзяць, як на смецце. Пакуль самі не загрымяць у вязніцу альбо на плаху. Наўпрост у лапы гэтым брудным дзікунам. Бхалы з задавальненнем ідуць у каты і турэмшчыкі. Але, жыццё часам выкідвае жорсткія жартачкі...
  - Спадар Ціхарык, можаце ісці, - кажа Валога, звяртаючыся да начальніка турмы, які стаіць побач, выцягнуўшыся ў струнку.
  Той схіляецца ў паклоне і адчаканіўшы: "Слухаюся, Ваша Благароддзе", знікае за дзвярыма. Кходзі Галт застаецца. Яму не давалі загаду сыходзіць. Значыць, ён тут яшчэ спатрэбіцца. На яго шыракаватым абліччы з'яўляецца няўлоўная ўсмешка. Ён незаўважна намацвае аўтаматычны хлыст у сябе на поясе. Кходзі ведае - зараз пойдзе пацеха. Гэты Шпег у чорным кіцелі выглядае раззлаваным не на жарт, а арыштант паводзіць сябе занадта нахабна - вунь і яго, турэмшчыка, аблаяў апошнімі словамі, пакуль той валок яго па калідоры. Ну нічога, братка, зараз будзем таньчыць...
  
  У дапроснай зімна - калі Валога гаворыць, ля ягоных вуснаў збіраюцца аблачынкі пары. Сцены памяшкання пафарбаваны ў брудна-зялёны колер. За закрачаным акенцам сінеюць раннія зімовыя прыцемкі. Пад столлю за жалезнай сеткай патрэсквае лямпа, заліваючы пакой пыльным, рассеяным святлом. Некаторы час Валога сядзіць моўчкі, барабанячы пальцамі па краі стала. Стальніца, ільсняная ад бруду, спярэшчана сеткай дробных драпін. Падобна на ваенную карту. План наступу. Зірайскі Халіфат супраць Дуумвірату. Цікава, а дзе тут Царгорад?.. Ладна, зараз не пра тое. Валога пераводзіць позірк на арыштаванага. Той сядзіць, балансуючы на хісткім крэсле па той бок стала. Рукі скаваныя кайданкамі за спінай. На твары свежыя кровападцёкі. Кашуля разадрана і запэцкана крывёй. Убогае відовішча.
  - Вэл Йорхас. Грамадзянін першай катэгорыі, - з расстаноўкай прамаўляе Валога. - Амнісціраваны. Луннічка. Гандлёвыя перавозкі.
  Арыштант ківае.
  - І? Што не так? - гаворыць ён, дзёрзка ўтаропіўшыся на Валогу.
  Той толькі крыва ўсміхаецца. Ды ўсё не так, Йорхас. Пачынаючы ад твайго імейка і заканчваючы гэтымі самымі перавозкамі. Вядома, што там за "перавозкі". Памежная Луннічка - горад кантрабандыстаў. Цягнуць усё - ад футра і паўкаштоўных камянёў да зброі і самерытавых стрыжняў. Намеснік ведае. Але нічога не робіць. Дакладней, час ад часу ладзіць паказальныя арышты. Чыста для справаздач у Цытадэль. Кантрабандысты яму не замінаюць. Якраз наадварот. Галоўнае - правільна ўсім распарадзіцца. Зрэшты, зараз не пра тое.
  - Хто куратар? - пытаецца Валога. Вось так, проста ў лоб.
  Арыштант паціскае плячыма.
  - Куратар чаго? Свяшчэннай спальні? Не ведаю такіх.
  Іх позіркі сустракаюцца і перакрыжоўваюцца, як зірайскія ятаганы. Валогу адразу робіцца няўтульна. Гэтая чарната ў іхніх вачах заўсёды робіць на яго непрыемнае ўражанне. Глядзіш, як чорту ў... Кажуць, быццам у іх мяняецца колер вачэй пасля смерці. Так гэта ці не, Валога не ведае. Не выпадала яшчэ зазірнуць у вочы мёртваму рамейцу.
  - Дзе Воўчак? - пытаецца Валога.
  Арыштант узнімае вочы да столі.
  - У лесе, напэўна, - прамаўляе ён глыбакадумна. - Альбо ў полі. Дзе ім яшчэ быць, ваўчкам вашым?
  Валога з сілай ляпае далонню па стале.
  - Не трэба прыкідвацца ідыётам, Йорхас, - ён адчыняе шуфляду стала, выцягвае адтуль парабелум са спілаваным нумарным знакам і кладзе яго на стальніцу. - Як ты гэта патлумачыш?
  - Не маё, - адказвае той абыякава.
  - З гэтага ствала былі застрэлены двое ўпаўнаважаных. Якія мусілі арыштаваць аднаго небяспечнага крамольніка. Неўзабаве пасля беспарадкаў на Трыўмфальнай, - паведамляе Валога. Кожную фразу ён прагаворвае павольна і з расстаноўкай - так звычайна гавораць з іншаземцамі альбо са слабымі на галаву.
  - Вашыя калегі? Прыміце спачуванні, - адказвае арыштант.
  - Горш. Гэта былі людзі з асабістай аховы Намесніка. Уліп ты, Йорхас.
  - Вось заладзіў, камандзір. Не ведаю я ніякіх крамольнікаў, - спакойна прамаўляе арыштант. - І наогул. Я буду даваць паказаньні толькі ў прысутнасці начальніка службы бяспекі Правінцыі.
  Валога ўскідвае брыво. Ого, якія размовы пайшлі.
  - Начальніка табе? - пытаецца ён з іроніяй. - А чаго адразу не Намесніка? Магу арганізаваць аўдыенцыю. Але май на ўвазе, з крамольнікамі ў яго размова кароткая. Уласнаручна галаву адкруціць і на тычку нацягне. Любіць ён гэтую справу.
  - Рукі кароткія. Я буду размаўляць толькі з Сэтам Сфага, начальнікам службы бяспекі, - упарта паўтарае арыштант.
  - Спёкся твой начальнік. Турнуць яго хутка за распусту і ганебныя сувязі. А гутарыць ты будзеш са мной.
  Арыштант маўчыць. Валога падымаецца з-за стала і пачынае расхаджваць па дапроснай, заклаўшы рукі за спіну. Арыштаваны сочыць за ім спадылба.
  - Йорхас, у цябе месцам жыхарства значыцца Луннічка. Ты ў сталіцы што рабіў? - пытаецца Валога.
  - Ды вось, прыехаў да цёткі Сорэкс у вясёлы дом, - адказвае той, хмылячыся.
  Валога ўсміхаецца.
  - Як, падчас бунту? - кажа ён з недаверам.
  - Ну, а што? У вас бунт, а ёй свежых дзевак завезлі, - арыштант выдае непрыстойны смяшок. - Кажуць, усе нявінніцы. Ага, ведаем такіх. За падвойную цану ідуць.
  Валога ківае.
  - Маеш рацыю, Йорхас. Хто ж іх не ведае. Нявінніцы драныя.
  Ён заходзіць арыштанту за спіну, бярэ яго за валасы і з усёй сілы б'е тварам аб стол. Турэмшчык Кходзі пачынае гучна ржаць, але сустрэўшыся позіркам з Валогам, адразу ж змаўкае. Арыштант больш не смяецца. Закінуўшы галаву, ён спрабуе спыніць кроў, якая льецца ў яго з носу і капаціць з падбароддзя на кашулю. Выцерці твар ён не можа, бо рукі яго ў кайданках.
  - Дзе Воўчак? - пытаецца Валога.
  - Ты лягчэй давай, канторшчык, - кажа арыштант. - Не ведаю я ніякіх Воўчакаў.
  - Увечары пасля расстрэлу плошчы ты чым займаўся? - пытаецца Валога.
  - От жа, прыстаў, як лайно да падэшвы. Не ведаю я! Не помню! - выкрыквае арыштант.
  - Веру, што не помніш, - уздыхае Валога. - А калі памяць асвяжыць?
  Валога падае знак турэмшчыку. Той толькі таго і чакае. Усміхаючыся, Кходзі набліжаецца да арыштанта, прыстаўляе аўтаматычны хлыст да ягонай шыі і націскае на спуск. Чуецца трэск, і арыштант у сутаргах валіцца на падлогу. Цела яго выгінаецца дугой, на вуснах выступае пена. Курчы доўжацца з паўхвіліны, потым арыштант заціхае. Аблічча яго робіцца шэрым, як пергамент, дыханне ледзь чутна, але ён у поўнай прытомнасці. Малайчына, Кходзі. Калі б удар быў крыху мацнейшы, арыштант бы папросту самлеў, а гэтага нам не трэба. Валога схіляецца над ім і цярпліва паўтарае сваё пытанне:
  - Дзе Воўчак?
  - Ідзі к чорту, - хрыпіць той.
  Валога адступае. Ківае турэмшчыку. Кходзі, не перастаючы ўсміхацца, падыходзіць да чалавека, распасцёртага на падлозе, і з размаху б'е яго ботам пад рэбры. Пытальна глядзіць на Валогу. Той маўчыць. Тады турэмшчык наносіць яшчэ адзін удар. І яшчэ.
  - Досыць, - кажа Валога.
  - Як скажаце, начальнік, - адказвае Кходзі бадзёрым голасам.
  Мажліва, ён паводзіць сябе занадта развязна ў прысутнасці агента Тайнай Канцылярыі. Але сёння можна. Сёння яны, Шпег і турэмшчык, ў адным войску. Правінцыя супраць метраполіі. Стоячы поруч, яны з пагардай пазіраюць на чалавека, які курчыцца на падлозе, спрабуючы глынуць паветра.
  - Вэл, даражэнькі. Ты давай ужо ўсведамляй, - кажа Валога, - Гэта на волі вы гаспадары. А тут я над табою і цар, і бог. Я, і яшчэ Кходзі. Будзеш натурыцца - зробім так, што ты ўласныя вантробы пачнеш выхаркваць. А ў справаздачы напішам, што так і было. І пра Сэта свайго забудзь, ён табе не дапаможа. Дык што, успомніў што-небудзь? Дзе Воўчак?
  - Шпег, ты кайданкі здымі, а? А то ўжо рукі апруцянелі, - ціха гаворыць арыштант.
  - Што? Я не расчуў, - адказвае Валога, прыклаўшы далонь да вуха.
  - Я горад дрэнна ведаю. Вуліцу не назаву. Але магу паказаць. І дом, і кватэру. Там яны хаваюцца, - кажа арыштант. Голас яго гучыць слаба.
  - Вось гэта правільна. Адразу б так, - ухвальна гаворыць Валога. - Не ўздумай толькі хлусіць мне, Йорхас. Інакш гутарыць будзеш ужо не са мной, а асабіста з Намеснікам. А Намеснік наш чалавек сур'ёзны, сам ведаеш. З капустай зварыць і на сняданак з'есць.
  Апошнюю фразу Валога прамаўляе на семгальскай мове. Усё роўна гэты рамеец не зразумее. Усе яны аднолькавыя. Жывуць тут па дзесяць гадоў, але не ведаюць ані слова з тутэйшай мовы
  - Падавіцца. Кайданкі здымі, - адказвае арыштант
  Глядзі ты, зразумеў усёткі.
  - Кходзі, давай ключ, - кажа Алех Валога.
  Хутка ж ён зламаўся. Мы ж, лічы, яшчэ і не пачыналі. Зрэшты, чалавек, які прайшоў Фарнагскі Астрог і самерытавыя шахты, выходзіць на волю ўжо зламаным. І абмежаваным у правах. Вэлу Йорхасу яшчэ пашанцавала, трапіў пад амністыю. Але амнісціраваны - не значыць апраўданы. З'яўляцца ў Царгорадзе яму забаронена пад пагрозай арышту. Вось і боўтаецца ў Луннічцы, як гэта самае ў палонцы. І сядзеў бы сабе ціха, дык не, з крамольнікамі звязаўся. Крэцін, што тут скажаш.
  
  Турэмшчык Кходзі рыўком паднімае арыштаванага з падлогі. Шчоўкаюць кайданкі. Вэл Йорхас, лаючыся напаўголасу, расцірае знямелыя запясці. Алех Валога кідае безуважлівы позірк на хранометр. Спяшацца няма куды. Наперадзе ноч.
  
   Аблава
  
  У тую ноч я прачнулася ад таго, што над нашай вуліцай запалілі электрычны пражэктар на рухомай мачце. Такія пражэктары меліся ў кожным квартале Вільска, і ўключалі іх толькі падчас надзвычайнага становішча. Дзесьці ўдалечыні раўнула сірэна. Потым пачуліся рэзкія свісткі жандараў. Аблава. Пасля расстрэлу плошчы прайшло ўжо больш за тыдзень, але паляванне на мяцежнікаў усё яшчэ працягвалася. Уначы чуліся свісткі і вокрыкі каманд, а ўдзень па вуліцах горада раз'язджалі, грукочучы, сталёвыя фургоны з кратамі на вокнах. У такіх фургонах перавозілі арыштантаў - каго ў астрог, а каго і на Гарматную, груганню на пацеху.
  
  Я ляжала, гледзячы ў цемру. Па сценах і столі з перыядычнасцю ў некалькі хвілін прабягаў прамень пражэктара. Потым я пачула, як зарыпелі ўваходныя дзверы, і ў калідоры штосьці зашастала. У нашым бараку меліся дзве кватэры, злучаныя агульным калідорам, і вонкавыя дзверы звычайна не зачыняліся. Маёй першай думкай было - пэўна, сусед-забулдыга вярнуўся дадому. Зараз пачне ламіцца да сабе ў кватэру, лаючы жонку апошнімі словамі. Потым будзе калатнеча і крыкі. Потым яны памірацца і ўлягуцца спаць. Іх звычайная імпрэза... Хвіліны йшлі, але з-за дзвярэй не даносілася ані гуку. У калідоры панавала грабавая цішыня. Памёр ён там, ці што?
  
  Вокрыкі жандараў былі ўсё бліжэй. Неўзабаве я пачула ў аддаленні ляск вінтовак і тупат мноства ног, абутых у цяжкія вайсковыя чаравікі. Стражнікі. Ходзяць па дамах з аблавай. Адкінуўшы коўдру, я сядзела на ложку ў адной ільняной кашулі і напружана прыслухвалася. Я ўжо зразумела, што да нас у дом зайшоў чужы чалавек...мяцежнік. Шукае паратунку. Гэта зграя гоніць яго, як зацкаванага звера. І ніхто за яго не заступіцца... Я асцярожна спусціла ногі на падлогу, на дыбачках наблізілася да дзвярэй і прыклала да іх вуха. Затым я зняла засаўку, і прыадчыніўшы дзверы, вызірнула ў калідор.
  - Ёсць хто? - спытала я напаўголасу.
  Маўчанне. Было цёмна, хоць пальцам у вока, але я ведала - ён там.
  - Чуеце? Не трэба тут стаяць. Зараз прыйдуць жандары, а тут няма дзе схавацца, - гаварыла я шэптам. - Слухайце, у мяне ёсць склеп. Тут, у кватэры. Яны не ведаюць.
  Мае вочы трохі прызвычаіліся да цемры, і я разгледзела чалавека, які стаяў, прыціснуўшыся да сцяны. Я працягнула яму руку.
  - Хадзем. Ну, хутчэй! А то суседзі прачнуцца.
  Убачыўшы, што ён усё яшчэ вагаецца, я схапіла яго за рукаў, уцягнула ў пакой і зачыніла дзверы. Я ужо ведала, дзе можна схавацца ўцекачу.
  
  У бараках накшталт нашага склепы ці каморы не прадугледжваліся. Аднак у нашай кватэрцы мелася нешта накшталт падземнай лядоўні. Мы зрабілі яе самі, калі яшчэ жывая была маці. Аднойчы адна з дошак падлогі трэснула і правалілася. Мы з маці асцярожна знялі яе і зазірнулі ў падмосце. Пад падлогай зеўрала чорная западзіна. Спусціўшы туды алейную лямпу, мы ўгледзелі яміну крокі ў тры шырынёй і такую глыбокую, што саскочыўшы на дно, можа было стаяць, выпрастаўшыся амаль у поўны рост. На дне яміны сабралася лужынка вады. Напэўна, пад домам праваліўся падмурак, альбо гэта была нейкая хіба ў будаўніцтве. Баракі для перасяленцаў узводзілі наспех як часовае жыллё, і пра іх надзейнасць асабліва не дбалі. Мы вырашылі не выклікаць рабочых і пакінулі ўсё як было. Нават калі гэтая хаціна калі-небудзь праваліцца пад зямлю, халера з ёй. Не шкада. Хата прыналежыла не нам, а гарадской радзе. Мы прымайстравалі масніцу на месца. Пры жаданні яе лёгка можна было адсунуць у бок і саскочыць у яміну. Пазней мы сяк-так умацавалі сценкі ямы дошкамі і кінулі на дно кавалак фанеры. Атрымалася непаганая лядоўня. Улетку мы захоўвалі там свежае малако і сырую рыбу, якую куплялі на кірмашы.
  
  Укленчыўшы на падлозе, я адсунула дошку. З падмосця дыхнула холадам. На хвіліну ў пакоі стала светла - ў акно ўдарыў прамень пражэктара. Я ўзняла вочы і зірнула на чалавека, які стаяў перада мной.
  - Чорт! - вырвалася ў мяне.
  Рамеец. Праўда, выглядаў ён, як апошні валацуга - валасы зблытаныя, твар у кровападцёках, з-пад простай падшыванай курткі выглядвае разадраная, залітая крывёй кашуля. Як быццам ён толькі-толькі выдраўся з вулічнай бойкі. Халера, толькі гэтага мне не хапала!.. У пакоі зноў зрабілася цёмна. Галасы стражнікаў чуліся ўжо зусім побач. Некалькі імгненняў я разважала. Нішто не замінала мне ўзяць яго за каўнер і выштурхнуць за парог. Я магла закрычаць, паклікаць на дапамогу жандараў - балазе яны былі паблізу. Магла бы. Але замест гэтага я падштурхнула яго да адтуліны ў падлозе.
  - Давай. Туды, - сказала я.
  - Дзякуй табе, - прагаварыў ён.
  Размаўляў ён на найчысцейшай рамейскай. У іх вуснах мова Імперыі гучыць, як удар кастэтам у твар. Рэзка і хвостка. Семгальцы так не гавораць. Нас выдае адмысловае местачковае маўленне, якое не ў стане вытруціць нават імперская школа. "Псаваная рамейская", так яны гэта называюць.
  
  Яму давялося сцягнуць з сябе верхнюю вопратку, каб праціснуцца ў "склеп". Скінуўшы падшываную куртку, ён застаўся ў адной кашулі, і я ўбачыла парабелум без кабуры, заторкнуты за пояс. Пытанняў задаваць я не стала. Прымайстраваўшы дошку на месца, я паглядзела на важкі драўляны куфар, які стаяў ля акна. Куфар быў пафарбаваны ў сіні колер і ўпрыгожаны па баках жоўтымі завіткамі і чырвонымі бутонамі. Мы трымалі ў ім вопратку і пасцельную бялізну. Упёршыся ў куфар плячом, я не без цяжкасці ссунула яго з месца і штурхала дагэтуль, пакуль ён не ўстаў наўпрост над 'склепам'. Цяпер уцякач быў ў надзейным сховішчы, але адначасова і ў пастцы. Нішто не перашкаджала мне выдаць яго стражнікам, калі тыя заявяцца з ператрусам.
  
  Яны не прымусілі сябе чакаць. Спачатку я пачула рэзкі грукат у дзверы, потым засаўка з ляскам адляцела ўбок, і ў вочы мне ўдарыў прамень карбіднага ліхтара. Я стаяла басанож на халоднай падлозе, загарнуўшыся ў коўдру, калі яны ўваліліся ў пакой. Стражнікі. Я не надта здзівілася, угледзеўшы Яна ў гэтай гайні. Ён зрабіў выгляд, што не ведае мяне. Дзякуй хоць за тое, што ён не браў удзелу ў ператрусе. Ян проста стаяў ля дзвярэй з вінтоўкай наперавес, пакуль іншыя абшуквалі кватэру, зазіралі пад ложкі і вывальвалі на падлогу змесціва шафаў і куфараў. З гутаркі стражнікаў я зразумела, што шукаюць нейкага крамольніка, які ўхітрыўся збегчы з-пад варты. Ён яшчэ і ўзброены, апроч іншага.
  - І ўсёткі, як ён цераз сцяну пераскочыў?
  - Ніяк. Яго Алех вывез на ведамаснай машыне.
  - Алех? Усё ясна.
  Смяюцца. Хто такі гэты Алех, я не ведала, але тое, што з яго смяяліся нават стражнікі, было паказальным.
  - Яны крамольнікаў паехалі шукаць. Не даехалі.
  - Во! А я ведаю, дзе тыя крамольнікі. У тваёй бабкі ў зрэбніках!
  - А ты што, зазіраў?
   Цяпер яны не проста смяюцца, а ржуць у голас.
  - Ствол ў яго таксама ад Алеха?
  - Ага. Ў яго кабура была расшпілена. А той сядзеў побач. Ну, і стрэліў яму проста ў рыла.
  - Што, мазгі выбіў?
  - Ды не. Толькі фуражка зляцела. Ну і штаны, напэўна, таго.
  - Змакрэлі!..
  Я ўпотайкі зірнула на брата, які моўчкі стаяў ля дзвярэй, і змярцвела ад жаху. Ён пільна глядзеў на размаляваны куфар. Ян не так ужо часта бываў ў гэтым доме, але ён, вядома, памятаў пра 'лядоўню'. І ён не мог не заўважыць, што вялізны куфар ссунуўся са звыклага месца і зараз стаіць наўпрост над дошкай, якая закрывае ўваход у падмосце. Але Ян нічога не сказаў. Скончыўшы з ператрусам, стражнікі сышлі, пакінуўшы мяне пасярод разгромленай кватэры. Сыходзячы, брат нават не зірнуў на мяне. Неўзабаве за сцяной пачуўся жаночы лямант і п'яныя выкрыкі. Пачаўся вобшук у суседзяў. Муж усёткі быў дома. Зараз сп'яну палезе ў бойку са стражнікамі. І канечне, атрымае ў зубы. Шчыра кажучы, гэтая думка мяне ўзрадавала.
  
  Калі ўсё сцішылася, я адсунула куфар і дапамагла ўцекачу выбрацца з падмосця. Святла я не запальвала. Пражэктар на вуліцы згас. Рамеец сядзеў на падлозе, прываліўшыся спінай да сцяны, вочы яго былі прыплюшчаны, як у смяротна стомленага чалавека. Я маўчала. Чакала, пакуль ён сам загаворыць.
  - Чорт, у вас там вада ўнізе, - сказаў ён нарэшце. - Крыніцы размываюць фундамент. Як вы жывяце на такой яміне?
  - Калісьці жылі ў нармальным доме. Ды выгналі, - адказала я.
  Ён памаўчаў.
  - А зваць цябе як? - спытаў ён, зірнуўшы на мяне.
  - Літа, - сказала я.
  - Літа, - ён прымружыўся, быццам нешта прыгадваючы. - Ага. Смешныя ж у вас імёны.
  - А вашыя гучаць, як лаянка, - прамовіла я абыякава.
  Ён неўразумела ўтаропіўся на мяне. Потым хмыкнуў.
  - Добра, Літа. Пайду я. Ты і так падстаўляешся.
  Ён падняўся на ногі, накінуў куртку і рушыў да выхаду. Я яго не затрымлівала. Чым хутчэй ён сыдзе, тым лепш.
  - Госпадзе, столькі людзей... - прамовіла я вельмі ціха.
  Ён азірнуўся.
  - Што?
  - Столькі людзей, - паўтарыла я. - Пад кулі, пад нож. І гэта яшчэ не скончылася.
  Ён стаяў на парозе, трымаючыся за дзвярную ручку, глядзеў на мяне.
  - Літа, калі для цябе гэта важна... - сказаў ён павольна. - Там, на праспекце, калі ўсё пачалося... У натоўпе былі агенты Канцылярыі. У цывільным. Гэта яны пагналі людзей на Трыўмфальную. Хтосьці хацеў, каб распачалася бойня. Тыя, на плошчы, гэтага не ведалі. Ні тыя, хто страляў, ні тыя, каго расстрэльвалі. Гэта цябе суцешыць?
  - Не, - сказала я коратка. - Але дзякуй тебе...
  - Вэл, - прагаварыў ён. - Вэл Йорхас. Няма за што.
  Потым ён сышоў. Я не думала, што калі-небудзь убачу яго зноў.
  
  Наступныя некалькі дзён я чакала, што за мной прыйдуць. Я ўздрыгвала кожны раз, калі па вуліцы праязджаў закрачаны фургон альбо ведамасная машына, пафарбаваная ў чорнае са срэбрам. Колеры Тайнай Канцылярыі. Я чакала, што да мяне падыдзе Шпег і ўзяўшы мяне пад локаць, скажа: "Нам трэба задаць вам некалькі пытанняў". Я чакала. Але нічога не адбывалася. За мной не прыходзілі. Ян мяне не выдаў. Мне здавалася, што гэтае здарэнне трохі зблізіла нас з братам. У нас з'явілася агульная таямніца. У мяне не было магчымасці пагутарыць з ім. Ян больш не прыходзіў. Ён не прыйшоў нават у дзень Другога Аб'яўлення, які святкуецца ўсярэдзіне вясны. Відавочна, ён пазбягаў сустрэч са мной. Мы з ім пабачыліся толькі напачатку лета. Потым была Гарматная плошча і нашы ўцёкі.
  
  Зацiшша. Мроi
  
  Перад світаннем неба над морам пасвятлела, змяніўшы колер чорнага аксаміту на адценне густа-сіняга чарніла, разведзенага вадой. Над хвалямі ў досвітнай марознай смузе заззяла К'айі-Нуб - прадвесніца Сонца, а на краі стэпу на ўсходнім узбярэжжы Парфіравага мора згаслі вогнішчы ксайлахскіх вандроўнікаў, змоўклі мерныя ўдары гонгаў ды рэзкія гукі варварскіх горнаў, зробленых з прасвідраваных костак стэпавых якаў. Сціхлі гартанныя выкрыкі шаманаў-ведзьмакоў, што нястомна, з ночы ў ноч, наводзяць чары на Вялікі Горад. Але іх праклёны праносяцца скрозь цемру над воднай безданню і разбіваюцца аб мураваныя сцены Царгорада, быццам стрэлы са шклянымі наканечнікамі. Колькі праклёнаў абрынута на цябе, Горад Зіхатлівы, але стаіш ты нязломна, непахісна, быццам скала...
  
  Пасажырская палуба была пустая. Каля абледзянелых парэнчаў стаялі только два чалавекі - акрамя іх, жадаючых палюбавацца зімнім морам не знайшлося. Адзін з вандроўцаў, малады чалавек гадоў дваццаці пяці, быў апрануты ў ношаны авечы кажух і семгальскую шапачку з фарбаванага лямцу. Яго светла-шэрыя вочы і круглявае аблічча з шыракаватымі скуламі сведчылі аб паўночным паходжанні. Другі, гадоў на дваццаць старэйшы, выглядаў больш самавіта - ў цывільным шынялі з чорнай воўны і цывільнай жа фуражцы з лакаваным брылём, у якіх любяць фарсіць таксама шкаляры і кантрабандысты. Яго трохкутны твар ў аблямаванні цёмных валасоў быў шэры, як вапна (пэўна, наступствы доўгага падарожжа па моры), а вочы ён меў чорныя, як аскепкі базальту.
  
  Калі паром мінаў белакаменную гавань Бал-Сахір, з марскіх глыбінь падняўся вормікс-вадзяны змей. Ён наблізіўся ўшчыльную да борта, так што вандроўцы маглі разгледзець яго доўгае лускаватае цела, аблепленае дновымі ракавінамі, і рагатую галаву, з якой звісалі жмуты тонкіх і гнуткіх шчупальцаў, падобных да грывы. Варонкападобная глотка істоты была разяўлена, і бачны быў патройны шэраг выгнутых, вострых, як штылеты, зубоў. На працягу некалькіх міль вормікс пераследваў судна, пакуль матросы начной вахты, узброіўшыся бусакамі, не кінуліся да краю палубы, і ўдарамі сталёвых наканечнікаў адагналі пачвару ад парома. Вадзяны змей спыніўся, але яго працяглае выццё яшчэ доўга неслася над водамі, і здавалася, быццам гэта крычыць само мора - тужліва, страшна.
  
  Калі першы прамень Сонца заззяў над Парфіравым морам, наперадзе паказаліся стромкія скалістыя берагі і сцены Царгорада, уздыбленыя высока над хвалямі. Велізарны горад набліжаўся. Ужо можна было разглядзець падвойнае кальцо сцен, якія зеўралі байніцамі і шчацініліся вартавымі вежамі, лятучыя віядукі, палацы і трыўмфальныя аркі Верхняга Горада - а таксама цагляныя, учарнелыя ад куродыму будыніны працоўных прадмесцяў і лабірынты фабрычных кварталаў, ахутаныя шызым смогам. Двое вандроўцаў разам падаліся наперад і знерухомелі, учапіўшыся ў коўзкія ад наледзі парэнчы. Узняўшы вочы, яны зачаравана глядзелі на велічныя, нібы вычасаныя з маналіту муры Царгорада, што навісалі над водамі і быццам вянчалі сабой стромкія ўцёсы. Абодва былі ўсхваляваныя, але кожны з уласнай прычыны. Адзін з іх бачыў сталіцу Імперыі ўпершыню ў жыцці. Другі, ураджэнец Царгорада, доўгі час змушаны быў жыць далёка ад радзімы.
  - Ну, як табе? Уражвае? - спытаў рамеец свайго спадарожніка.
  Малады чалавек у задуменнасці паківаў галавой. Ягоныя акуляры адразу з'ехалі на кончык носа, і ён звыклым жэстам вярнуў іх на месца.
   - Цароў сталіца, Горад Зіхатлівы, Аройна брат, - прамовіў ён напаўголасу. - Я, адрачэнец і выгнаннік, вяртаюся, каб сузіраць тваё падзенне...
  Гаварыў ён на семгальскай мове.
  - Воўчак, ты можаш без істэрыкі? - з прыкрасцю сказаў рамеец і адвярнуўся, змагаючыся з чарговым прыступам млосці. Аматарам марскіх вандровак ён пэўна не быў.
  - Я не схільны да нервовых прыпадкаў, Йорхас, - запярэчыў Стах Воўчак. - Пачуццё, якое я перажываю цяпер, ёсць суцэль натуральная усхваляванасць дзікага тубыльца, які ўгледзеў, нарэшце, сталіцу. Што тычыцца прыведзенай цытаты, то гэта фрагмент помніка літаратуры 'Сказ пра Горад Зіхатлівы'. Пераклаў з рамейскай на семгальскую прафесар Дам'ян Росіца. Той самы, які нядаўна быў арыштаваны па абсурдным абвінавачанні. Каб быць дакладным, за крамольную літаратуратворчасць. Што тым больш дзіўна, бо 'Горад Зіхатлівы' цэнзурай не забаронены, прынамсі, яго рамейская версія.
   Стах гаварыў з'едліва, але Йорхас не ўлавіў іроніі.
  - Супакойся, Воўчак, - сказаў ён змрочна. - З цябе яшчэ сімвал супраціву ляпіць. Глядзі, раздумаюцца.
  - Ды я спакойны. Спакойны, хоць ты ў пельку галавой, - прамовіў той меланхалічна. Рамейцы начыста пазбаўлены пачуцця гумару, як ёсць, так ёсць.
  На подступах да сталіцы марскія плыні рабіліся неўтаймавана-імклівымі, і стырніку даводзілася ўжываць усё сваё майстэрства, каб правесці судна ў бяспечную гавань, не даўшы яму разбіцца аб уцёсы. Падхопленае цячэннем, судна ляцела да скалістага берага. У промнях ранішняга сонца распаленым золатам зазіхацелі макаўкі храмаў у Верхнім Горадзе. Потым між уступістымі вуліцамі прамільгнула Зборавая плошча - базальтавая званіца, дзе, паводле падання, некалі захоўваўся Дар Творцы, зубчатыя сцены Цытадэлі, складзеныя з дзікага каменю колеру старой крыві, і белыя ігольчатыя вежы над Пахавальняй, дзе спачывалі імператары кіруючай дынастыі. Іх нятленныя целы, забальзамаваныя, нацёртыя парфумамі і ўбраныя ў залатыя адзежы, ляжалі ў крыштальных ладдзях-дамавінах, абцягнутых барвянымі шаўкамі. Адзінаццаць валадароў дынастыі Парфіранароджаных, што ўжо трыста гадоў кіруе Імперыяй. Апроч Алаіса. Ён быў пахаваны на манастырскіх могілках, каля сцен таго самага кляштара, дзе яго напаткала смерць. Наколькі вядома, пахавалі яго ў простай труне, без асаблівых цырымоній, побач са свежай магілай Аўгусты Феафана, якая сканала некалькімі днямі раней. Адпяванняў таксама не ладзілася, бо Алаіс быў самагубцам. Хаця, калі паразважаць, гэта можна смела назваць забойствам.
  
  Каля самых уцёсаў спрактыкаваны стырнік павярнуў штурвал. Абмінуўшы небяспечную плынь, паром, што курсаваў па Парфіравым моры між Нірам і Царгорадам, увайшоў у ціхую гавань. Пасажыры, якія прабавілі ноч у цёплых каютах, высыпалі на палубу, рыхтуючыся сысці на бераг.
  - Пайшлі, крамольнік, - прагаварыў Йорхас і рушыў да трапа.
  Ноч ў адкрытым моры далася яму цяжка - яго крыху хістала і вадзіла ў бакі, і Стах адзначыў, што ён-ткі заўважна кульгае. Кульгаць Йорхас пачаў пасля той дзікай вулічнай бойкі са стралянінай, якую аж дагэтуль помняць і прымежная Луннічка, і суседнія Гуменск ды Чэрніца (у бойцы бралі ўдзел прадстаўнікі ўсіх трох мястэчак). У той калатні Вэл Йорхас і злавіў кулю. Вельмі няўдала. Зачапіла хрыбет, ногі пааднімаліся. Думаў, усё, гамон. А не, праз паўгода падняўся і як нічога ніякага, засталася адно лёгкая кульгавасць, у звычайных абставінах амаль непрыкметная. Турэмны лекар, канавал гэты, так наўпрост і гаварыў: пашанцавала табе, вісельнік... Стах Воўчак ведаў гэта са слоў самаго Йорхаса. Мажліва, то была праўда. А можа, і не. Меліся тут пэўныя нестыкоўкі. Бойка між групоўкамі кантрабандыстаў, аб якой ў свой час пісалі ўсе газеты, адбылася пяць гадоў таму. А Йорхас неяк абмовіўся, што ў Паўночнай Правінцыі ён менш за два гады, а дагэтуль доўга жыў на поўдні. Значыць, ён альбо даты пераблытаў (што малаверагодна), альбо хлусіць. Вось толькі дзеля чаго?
  
  Спускаючыся па трапе, Стах з цікаўнасцю разглядваў сваіх спадарожнікаў. Было іх няшмат. Тузін рабацяг з усходніх правінцый - чарнявыя і каржакаватыя, з даўгаватымі залацістымі вачыма, апранутыя ў камбінезоны ды падшываныя курткі. Прыехалі ў сталіцу на сезонныя працы. Астатнія пасажыры парома былі рамейцамі. Даўгалыгі хлюст ва ўніфороме падатковай інспекцыі. Паважны спадар у футры і з важкай валізай у руцэ (ці то купец, ці то чыноўнік высокага рангу). Маладая пара - ён у зімовым паліто з бабровым каўнерыкам, яна ў вязанай шалі і футрачку, якое туга абцягвала яе пакруглелы стан. Відаць, муж з жонкай, чакаюць на першанца. Побач дзве пажылыя манашкі. Зграйка шкаляроў у суправаджэнні настаўніка - пэўна, вяртаюцца з адукацыйнай вандроўкі. Людзі як людзі. Звычайныя. Такія ж, як у Паўночнай Правінцыі. Толькі вочы дзіўныя. Ва ўсіх аднолькава чорныя, як асмалкі, і нейкія нежывыя, плоскія, быццам намаляваныя вуглем. Намад...
  
  Вэл Йорхас такі ж, як усе яны. З асмалкамі замест вачэй. І з 'цвіком' у галаве. Нацыя шаленцаў. З імі і гутарыць трэба, як з вар'ятамі - асцярожненька, абмінаючы вострыя вуглы, і крый Божа спрачацца, доводзіць штосьці. Толькі так з імі можна паразумецца. Стаху гэтага ніхто не тлумачыў, сам дапетрыў. А Йорхас яму не сябар. Проста па збегу акалічнасцей яны апынуліся ў адным чаўне. Па вялікім рахунку, Стах амаль нічога не ведае пра чалавека на імя Вэл Йорхас. Кантрабандыст з Луннічкі. Быццам бы. Намаляваўся, калі сябры 'Еднасці' пачалі рыхтаваць замах на Намесніка. Тады яны ездзілі ў Луннічку за свінцовымі стрыжнямі. Набыць іх можна было ў кантрабандыстаў. Вузкія цыліндры ў тры далоні даўжынёй. Даволі важкія, але ўвесь цяжар тут ад свінцу, з якога яны зроблены. Спрасаваны самерытавы пыл, запаяны ў цыліндры, сам па сабе амаль нічога не важыць. А між тым аднаго такога стрыжня дастаткова, каб забяспечыць электрычнасцю цэлы квартал. Самерытавым пылам сілкуюцца гіганцкія фабрыкі. На ім працуюць самаходныя экіпажы, паветраныя караблі і ваенная тэхніка. А яшчэ з яго можна зрабіць начыннё для 'пякельнай машынкі' і кінуць яе пад колы экіпажа, ў якім будзе ехаць Намеснік. Альбо закласці пад трыбуну, з якой ён любіць глядзець на парады. Гэты прысуд вынеслі яму сябры 'Еднасці'. Ад імя народа Семгалена. Міка Венд не проста гвалтаўнік і братазабойца. Вільскі Астрог помніць, як забівалі Дзяржаву. Ахмістрыньчык сам падпісаў указ. Амаль тры сотні семгальцаў за адну ноч. Палітыкі і афіцэры. Паэты і філосафы. Акадэмікі і багасловы. Ім стралялі ў патыліцу, а потым валаклі па калідорах, падчапіўшы на крукі, і каменная падлога была слізкая ад крыві. Каралеўства Семгален спыніла тады сваё існаванне. А цяпер надышоў час адплаты. Яны добра падрыхтаваліся. Але ў нейкі момант усё пайшло ў глум. Тайная Канцылярыя мела свайго паведамляльніка ў 'Еднасці'. Стах ужо ведае, хто гэта быў. Віташ Скурка. Тутэйшы. Яны вучыліся ва Ўніверсітэце Славеснасці, на адным факультэце. Віташ выглядаў значна маладзейшым за свае гады, і гэта яго страшна раздражняла. Ён нават адпусціў вусы і бародку, каб надаць сабе самавітасці. Хадзіў у фарсістым, бутэлечнага колеру сюртучку з меднымі гузікамі, а свае рэдкаватыя валасы намашчваў брыльянцінам. Стах яму давяраў. Яны разам ездзілі ў Луннічку да кантрабандыстаў. А пасля бойні на плошчы Стах хаваўся ў ягоным доме. Пакуль не прыйшлі жандары. І з імі людзі Намесніка. Віташ Скурка іх прывёў. Цікава, ён ацалеў падчас той страляніны? Магчыма. Віташ кінуўся на вуліцу, як толькі найміты Ахмістрыньчыка схапіліся за парабелумы. Пасля гэтага Стах яго больш не бачыў, ні жывым, ні мёртвым.
  
  У порце іх чакала машына з кіроўцам. Севаст распарадзіўся. Гэта ж трэба, колькі пашаны. Хаця Стах з задавальненнем прагуляўся бы пешшу, падзівіўся на Царгорад. На жаль, сёння не выпадае. Аўдыенцыя мусіла адбыцца ў рэзідэнцыі Севаста, якая размяшчалася недзе ў прыгарадзе. Машына ехала па кольцы, мінаючы ўскраінныя кварталы. Стах сядзеў, прыхінуўшыся да акна і імкнучыся як след запомніць хаця б тое нямногае, што пашчасціць убачыць. Першае, што кінулася ў вочы, была незвычайная архітэктура. Цяжкаважная, даволі нязграбная забудова, як ні дзіўна, чымсьці нагадвала паўночную, то бок, семгальскую, накшталт той, што яшчэ захавалася ў старажытных мястэчках Правінцыі. Як быццам дойліды, што будавалі Царгорад, калісьці здзейснілі вандроўку на Поўнач, паглядзелі на тамтэйшыя цікавосткі і вярнуўшыся, паспрабавалі выканаць па памяці штосьці падобнае. А атрымалася не вельмі. 'Топарна', адшукаў Стах прыдатнае слоўца. Планіроўка вуліц была трохі бязладная. Прысадзістыя будынкі з пацямнелага каменю стаялі ўшчыльную, панатыканыя тут і там, часам без усякага парадку. Некаторыя з іх мелі звыклыя двусхільныя дахі і мансарды з круглымі вокнамі, над іншымі грувасціліся важкія купалападобныя надбудовы і круглявыя вежы. Фасады многіх дамоў былі ўпрыгожаны крытымі тэрасамі з калонамі, дзе-нідзе траплялася нават грубаватая ляпніна ў выглядзе вяночкаў, а таксама гірлянд з лісця, пладоў ды кветак. У некаторых будынках меліся невялікія, сажань на сажань, прысценкі на ўзроўні першага паверха - прастакутныя, з вузкімі каляровымі акенцамі і макаўкамі, зробленымі з бліскучай бляхі альбо вычасанымі з граніту. Прызначэнне іх было незразумела. Лядоўні? Хатнія каплічкі? Разглядваючы горад з акна машыны, Стах раптам злавіў сябе на думцы, што яму падабаецца. Збольшага. Гэта цяжкаватая лабірынтная архітэктура не пазбаўлена была своеасаблівай прыгажосці. І гэта толькі ўскраіны. Пэўна, цэнтр горада выглядае куды больш парадна.
  
  Ён паправіў акуляры, што зноў спаўзлі яму на кончык носа, і неўпрыкмет зірнуў на Йорхаса, які сядзеў з процілеглага боку, адвярнуўшыся да акна. Дажыўся, называецца, мільганула ў яго ў думках. І хто бы мог падумаць, што калі-небудзь Стах Воўчак пачне супрацоўнічаць з акупантамі. А потым храністы назавуць яго калабарантам. Як піць даць. Калі наогул узгадаюць... Так, годзе, спыніся, абарваў ён сябе. Я ўлазіў ва ўсё гэта не дзеля таго, каб трапіць у хронікі. А гэтаму 'акупанту' я жыццём абавязаны, як ні круці. 'Стах Воўчак? - Так...'
  
  Грукат у дзверы. Ён спусціўся па лесвіцы з газавай лямпай у руцэ. Святла ў доме не было - электрычнасць абрубілі ва ўсім квартале. 'Стах, адчыні. Гэта я'. Віташ. Стах доўга важдаўся з засаўкай, прытрымліваючы запаленую лямпу. Нарэшце, адчыніў. Віташ Скурка стаяў на парозе ў сваім нязменным сюртучку з ядвабным мятлікам і паліцечку, накінутым на худыя плечы. Стах не адразу зразумеў, што прыйшоў ён не адзін. З ім былі госці. Адзін прысадзісты, падобны да бульдога, з сівымі бакенбардамі і ў шынялі без шаўронаў. Побач двое ў цывільным - безаблічныя, ў аднолькавых зімовых паліто і акулярах з зацемененымі шкельцамі, якія пэўна былі не ад сонца - ноч на двары. Яшчэ з паўтузіна жандараў маячылі на заднім плане. Бакенбарды адсунулі Віташа ўбок, ступілі наперад.
  - Стах Воўчак?
  Стах кіўнуў.
  - Так.
  - Афіцыйны ўпаўнаважаны, - чалавек у шынялі тыцнуў яму пад нос пасведчанне. - Спадар Воўчак, вы арыштаваныя. Майце ласку прайсці...
  Ён не дамовіў. Бакавым зрокам Стах улавіў нейкі рух злева ад сябе, і проста ў яго над вухам штосьці аглушальна бахнула. Ашаломлены, ён глядзеў, як чалавек у шынялі асядае на падлогу, хапаючы рукамі паветра, а па яго абліччы збягае струменьчык крыві. Потым хтосьці схапіў Стаха за плячо і рэзкім штуршком адкінуў да сцяны так, што той ледзьве ўтрымаўся на нагах. Лямпа выслізнула з ягоных рук і, бразнуўшыся аб падлогу, згасла. Цемру працялі выбліскі стрэлаў. Воклічы, грукат падзення. Потым дзверы, храснуўшы, зачыніліся. На нейкі момант запанавала цішыня, пасля звонку зноў забабахала, і Стах пачуў, як кулі з віскам уразаюцца ў дубовыя дошкі. Ён стаяў, прыціснуўшыся да сцяны, у цёмным перадпакоі смярдзела порахам і разлітай газай. Трохі форы ў яго ёсць. Дзверы моцныя, так адразу не высадзіш. Стах навослеп зрабіў крок наперад і спыніўся, натрапіўшы на чыюсьці пяцярню. Пад нагамі расплывалася штосьці густое і клейкае.
  - Воўчак, жывы? - пачуў ён.
  Шчоўкнула запальнічка, і зыбкі жаўтлявы агеньчык выхапіў з цемры знаёмы твар з вузкімі скуламі. Вэл Йорхас. Якога чорта ён тут робіць?
  - Ты як сюды трапіў? - ледзь вымавіў Стах.
  - Праз чорны ход, - сказаў той сцісла. - Пайшлі.
  
  Пакруціўшыся з чвэрць гадзіны па кальцавой, машына збочыла ў ціхі квартал з прыватнай забудовай. Пэўна, адно з тых заможных прадмесцяў, дзе селяцца прадстаўнікі прывілеяванага саслоўя. 'Вяршкі грамадства', так бы мовіць. Наўсцяж брукаванай вуліцы без ходнікаў цягнуліся глухія каменныя агароджы, за якімі віднеліся раскошныя асабнякі ў атачэнні садоў. На галінах дрэў ляжаў снег, але напэўна, тут вельмі хораша ўвесну, калі дрэвы цвітуць, а летам увесь квартал проста патанае ў зеляніне. А ў горадзе, прынамсі, той яго частцы, што бачыў Стах, расліннасці амаль не было. Мінуўшы прадмесце, машына выкацілася на шырокую дарогу, што працінала заснежанае поле. Наперадзе на пагорку быў бачны маляўнічы сасновы лясок, абнесены бетоннай сцяной. Па версе сцяны цягнуліся віткі жалезнай ніткі з шыпамі. Цёрн.
  - Рэзідэнцыя? - спытаў Воўчак.
  Йорхас кіўнуў.
  - Значыць, паўтару яшчэ раз. Вітальнай цырымоніі не будзе. Проста заходзіш і садзішся. Слухаеш, што табе гавораць, уважліва. Адказваеш на пытанні. Змястоўна. І сачы за языком. Севаст чалавек памяркоўны, але ён не любіць хамаў. Наогул лепш маўчы. Гавары толькі, калі да цябе звяртаюцца. І трымай сябе ў руках, чуеш?..
  Апошню рэпліку Йорхас, мажліва, адрасаваў самаму сабе. Ён імкнуўся гаварыць роўна, але Стах не мог не заўважыць яго крайняй усхваляванасці. 'Нервуешся, Йорхас? З чаго раптам?'
  - Я зразумеў, - сказаў ён услых.
  Дарога ўзбегла на пагорак і ўперлася ў жалезную браму, што перакрывала ўезд у лясок. Машына спынілася. Кіроўца пасігналіў, і брама, заскрыгатаўшы, папаўзла ўбок. Вартаўнікоў не было відаць, значыць, усё рабілі механізмы. "Непагана", падумаў Стах.
  - І яшчэ адно, - сказаў Йорхас. - Севаст захапляецца экзатычнымі жывёламі. Па рэзідэнцыі гуляюць гепард і пантэра. Без нагляду. У іх, канечне, выдалены кіпцюры ды іклы, але ўсё роўна будзь уважлівым. Быў выпадак, калі гепрад, гуляючыся, стукнуў лапай аднаго з лёкаяў і звярнуў яму сківіцу.
  - Гучыць уражальна, - Стах паправіў акуляры. Выдае на тое, што ў гэтай рэзідэнцыі Вэл Йорхас ужо бываў раней, і мабыць, не аднойчы.
  
  Стах так і не падзячыў яму тады. Пытанняў лішніх таксама задаваць не стаў. І так зразумела - на Канцылярыю працуе. А Канцылярыя працуе супраць Ахмістрыньчыка. Дакладней, супраць Аўгусты і яе стаўленікаў. Здаецца, у Цытадэлі сёння сур'ёзны раскол. І ў службе бяспекі таксама. І ў Сінкліце, і ў Кліры нават. Адбылося - павукі пачалі жэрці адзін аднаго. Гэта значыць, у народа Семгалена з'явіўся шанец. Выдраць сабе свабоду, пакуль рамейцы грызуцца паміж сабой. А для гэтага ўсе сродкі прыдатныя. Тайная Канцылярыя разграміла 'Еднасць', але сярод агентаў Канцылярыі ёсць людзі Севаста. А ў Севаста свае інтарэсы. Якія дзівосным чынам супалі з мэтамі і памкненнямі сяброў 'Еднасці'. Для таго ім і спатрэбіўся Стах Воўчак. Троны хістаць. Што ж, няхай. Хай думаюць, што ён з імі заадно. Пакуль што. Іх час яшчэ надыдзе.
  
  Севаст не прапанаваў яму крэсла, пажадаўшы, каб семгалец стаяў перад ім, нібы лёкай. За ўвесь час аўдыенцыі ён ледзьве зірнуў на Стаха, заняты кармленнем драпежнай птушкі. Йорхас меў рацыю - Севаст сапраўды быў аматарам дзікіх жывёл. Развёў у сваёй рэзідэнцыі цэлы звярынец. Птушка, якую рамейцы называюць "імператарскі каршун", сядзела на падлакотніку фатэля, упіваючыся кіпцюрамі ў каштоўны атлас. Ля фатэля ўзвышаўся столік на каванай ножцы. На круглай стальніцы стаялі шырокая чара, напоўненая салодкім віном, і срэбны паўмісак з лустачкамі белага бісквіту. Севаст акунаў кавалачкі бісквіту ў чару і працягваў іх птушцы - тая з задавальненнем дзяўбла салодкія хмельныя лусты. У Рамейскай Імперыі да гэтых птушак ставяцца з адмысловай павагай, лічачы іх знакам улады. Ксайлахскія вершнікі завуць іх не так паважна - "газ'убла" - і палююць на іх з сілом і прашчай.
  
  У пакоі было нацеплена і задушліва пахла сандалам. Стах заўважыў у куце жароўню на трыножку, над якой курыўся сіні дымок. Звычай паліць араматычныя смолы рамейцы запазычылі ў жыхароў Бал-Сахір. На вуліцах поліса і ўдзень, і ўначы палаюць жароўні з алеямі мірры, сандалу і ладану. Хаця там гэта хутчэй неабходнасць, чым прыхамаць. Поліс Бал-Сахір сумна вядомы сваімі вычварнымі пахавальнымі культамі. Там паляць алеі, каб адбіць смурод мярцвячыны. Затое, з іншага боку, поліс ніколі не ведаў захопніцкіх войн. Нават рамейцы іх не чапаюць, адчуваючы тагасветны жах перад Падземным Народам. Такі вось залог незалежнасці...
  
  Гаспадар рэзідэнцыі апрануты быў па-хатняму - зірайскі халат з чорнага, з сіневатым водбліскам, аксаміту, аздобленага залатым гафтам, і туфлі з мяккай скуры. І трымаўся ён вельмі разняволена, як быццам яму наогул на ўсё пляваць. Гаманіў з Йорхасам, смяяўся. Стах звярнуў увагу, што Йорхас звяртаецца да Севаста па-панібрацку, на 'ты'. І заве яго не па прозвішчы, а па імі - Гай. Так-так. Кантрабандыст, кажаце? Які з Севастам на кароткай назе. Халера, Йорхас, хто ж ты на самай справе?.. У нейкі момант яны як быццам увогуле забыліся на Стаха і прыняліся абмяркоўваць штосьці сваё. Стах не ўмешваўся. Проста слухаў. Уважліва, як яму было сказана.
  - Вядома, у цябе засталіся пытанні, шмат пытанняў, - гаварыў Севаст. - Ты гніў ў астрозе, а Гай Дамар нічога не зрабіў, нават пальцам не паварушыў. Але ўспомні, якое тады было становішча ў Імперыі. Забойства Імператара, пераварот. Мы ўсе былі ў такой разгубленасці.
  - Ведаю, Гай. Чуў ужо, - прагаварыў Йорхас.
  - Аднак, цяпер гэтыя мярзотнікі заплацяць за ўсё. Вы згодныя са мной, Стах Воўчак? - яго рука з лустай бісквіту знерухомела над чарай з віном, і Севаст упершыню за ўвесь гэты час зірнуў на Стаха.
  - Я прымаю вашыя ўмовы, - адказаў той, гледзячы яму ў вочы.
  Севаст заўсміхаўся.
  - Я ведаў, Стах. Я ведаў.
  Ён макнуў бісквіт у віно і працягнуў яго птушцы, паклаўшы на раскрытую далонь.
  - Адно толькі пытанне, спадар Дамар, - сказаў Стах Воўчак. - Навошта так складана? Калі вы жадаеце пазбавіцца ад Аўгусты, то што замінае проста падсыпаць ёй труцізны ў ранішнюю каву?
  Йорхас і Гай Дамар пераглянуліся.
  - Якое наіўнае дзіця, - прамовіў Гай Дамар.
  І тады Йорхас засмяяўся, а Севаст войкнуў, бо імператарскі каршун раптам без дай-прычыны ўз'юшыўся і дзеўбануў яго ў мезенец.
  
  Пасля ўцёкаў з Вільска ён некалькі дзён прабавіў на лясной сядзібе, што пад Чэрніцай. Надзейная схованка. Сюды прыходзяць тыя, каму трэба залегчы на дно і знікнуць на некаторы час. Галоўным чынам кантрабандысты. А таксама перабежчыкі. Тыя, хто вырашыў уцячы за межы Імперыі, назаўсёды. Чакаюць на сядзібе, а потым разам з праваднікамі сыходзяць за агароджу, ў Эверон і Антраўм, ці нават далей, у Братэрства. Йорхас пакінуў Стаха на сядзібе, а сам прапаў на тры дні. Потым патлумачыў, што ў Вільску ён мусіў сустрэцца з начальнікам службы бяспекі, а нарваўся на людзей Валогі. Шчурок паганы, за Ахмістрыньчыка глотку перарве. Прыйшлося выбірацца 'агародамі'... Для Стаха гэта быў час кароткага зацішша, магчымасць проста аддыхацца і прывесці да ладу думкі. Ён разумеў, што выбару ў яго няма. Калі да яго не дацягнуцца найміты Ахмістрыньчыка, то прыкочаць спецслужбы. Бегчы таксама няма куды. Калі толькі да Прадзедаў... А не, не дачакаюць! Паваюем яшчэ.
  
  Стах Воўчак быў адзіным госцем на сядзібе. Апроч яго, тут былі толькі цётка Хільдэгерд, гаспадыня сядзібы, ды сівы вусаты Златнік, мужчына, з якім яна жыла апошнія некалькі гадоў. І яшчэ восем катоў. Хільдэгерд казала, што іх восем, хаця яны ніколі не аб'яўляліся ўсе разам. Швэндаюцца недзе. Альбо вандруюць на Месяц. Каты гэта ўмеюць. Скочаць у неба з верхавін высокіх хвой, а потым доўга гуляюць па месяцавых лугавінах, парослых бледнай дзіваннай ды серабрыстымі гваздзікамі, а калі вяртаюцца на сядзібу, з іх поўсці і вусоў сыплецца срэбны пыл... Так гаварыла Хільдэгерд. Было ёй ужо за саракоўнік, аблічча яна мела вельмі румянаяе і свежае, вочы валошкавыя, а валасы чорныя, без адзінай сівой пасмачкі. Яна хадзіла ў доўгай семгальскай спадніцы і караценькім кажушку, пад які апранала вязаны швэдар. Хільдэгерд ніколі не пакідала сядзібу без старасвецкай крамнёвай дубальтоўкі, якую чапляла сабе на плячо. Яна тлумачыла, што чужынцаў тут не бывае, але ў мясцовых багністых лясах можна натрапіць на ваўка ці ікластага хога, альбо на балотную рысь, якая вымахвае да памераў ганчака і нораў мае люты.
  
  Златнік з'явіўся на сядзібе толькі аднойчы. Стах так і не разабраўся ў іх з Хільдэгерд адносінах - абое як быццам свабодныя людзі, адылі Хільдэгерд абыходзілася са Златнікам, як клапатлівая жонка. Напяваючы, яна завіхалася каля пліты, на патэльні сквірчэла яешня з салам, у яе пад нагамі круціліся тры тоўстыя каты. Златнік, самавіты дзядзька ў паношанай гімнасцёрцы, сядзеў за сталом і спакойна чакаў на сняданак. Перад ім упоперак стальніцы ляжала армейская вінтоўка - трафейная, няйначай.
  - Крамольнік, значыцца, - сказаў Златнік, змерыўшы Стаха позіркам. - Крамольнікаў тут яшчэ не бывала.
  - У вас дамоўленасць са службай бяспекі? - пацікавіўся Стах.
  Златнік узняў бровы.
  - Адкуль такія высновы?
  Стах паціснуў плячыма.
  - Йорхас ведае пра гэту сядзібу. А значыць, Тайная Канцылярыя таксама. Ён іх чалавек. І тым не менш, вас не чапаюць.
  Златнік махнуў рукой.
  - Пляваў я на Тайную Канцылярыю. Няма ніякай дамоўленасці. Хільдэгерд водзіць мроі вакол сядзібы, вось і ўвесь сказ.
  - Мроі? - перапытаў Стах.
  - М-м-м, як жа гэта патлумачыць... - Златнік пабарабаніў пальцамі па стальніцы. - Ну, мроі водзіць. І таму сядзіба нябачная для чужынцаў. Каму трэба, той яе знойдзе. Іншыя пройдуць побач і не заўважаць.
  - Вядзьмарства, ці што? - здзівіўся Стах.
  - Ат, якое там вядзьмарства, - сказала Хільдэгерд, пасміхаючыся. - Трэба проста ў Бога верыць.
  Яна прыбрала са стала вінтоўку і паставіла патэльню, у якой патыхала жарам пышная, на тры пальцы, яешня.
  - Гледзячы ў якога Бога, - заўважыў Стах.
  - Бог - ён адзін для ўсіх, - паважна сказаў Златнік.
  - У рамейцаў свой, - прагаварыў Стах нягучна. - Ашуканец. Зласлівы, помслівы. І яны паводле вобразу ягонага.
  Златнік уважліва, з прыжмурам, паглядзеў на Стаха. Паківаў галавой.
  - Разумееш, хлопча... - прамовіў ён павольна. - Рамейцы, калі разабрацца, не такія ўжо пачвары. У цэлым і агульным. Намад вось толькі ім душы пакалечыў. А ў астатнім яны такія ж, як мы.
  
  Пасля аўдыенцыі машына павезла іх зваротна ў порт. Паром да Ніра адыходзіў праз гадзіну. Прагуляцца па 'Цароў Сталіцы' так і не пашчасціла. Зрэшты, яны і не маюць права тут знаходзіцца. Абодва прыехалі па падробных дакументах. Стах меў пасведчанне асобы на імя "Караль Блайд". Выдалі ў службе бяспекі. 'Віншую, Караль. Ты цяпер найміт Севаста, - думаў Стах. - Гэта ж трэба, якая зайздросная кар'ера, падскок, можна сказаць, на купіне. Куды там Віташу, я і яго пераплюнуў..."
  - І як доўга ўсё гэта працягнецца? - спытаў ён уголас.
  - Да пераможнага канца, - прагаварыў рамеец.
   Ён сядзеў, адкінуўшыся на сядзенні і безуважна ўтаропіўшыся ў столь. Выгляд ў яго быў стомлены.
  - А калі мы прайграем? Што тады? - нядбайным тонам спытаў семгалец.
  Вэл Йорхас скоса зірнуў на Стаха, ухмыльнуўся.
  - Ну, тады будзем тхоос грызці ў адной шахце. Ці груганоў карміць. Варыянтаў тут няшмат.
  'Твая праўда, - сказаў у думках Стах. - Мне, прынамсі, губляць няма чаго. А табе, Йорхас?'
  І ўслых:
  - Дам'ян Росіца ўсё яшчэ ў астрозе.
  - І? Мае дзеянні?
  - Ён ні ў чым не вінаваты, Йорхас. Прафесар не мае дачынення да 'Еднасці'. Ён ніколі не цікавіўся палітыкай. Яго захапляла толькі старажытная літаратура. Кнігі, рукапісы... Прафесар Росіца быў арыштаваны па ілжывым даносе.
  - Які жаль, - абыякава сказаў рамеец.
  'Ні халеры табе не шкада. Але ўсёткі...'
  - Йорхас, ты ў Тайнай Канцылярыі свой чалавек. Ты можаш паспрыяць. Дам'ян Росіца мусіць быць вызвалены. І як мага хутчэй.
  Рамеец хмыкнуў.
  - Гучыць ультыматыўна.
  - Гэта просьба.
  - І якая табе з гэтага выгода?
  - Мне? Ніякай. Проста хачу, каб у свеце дзеялася трохі менш паскудстваў. Разумееш?
  'Не разумееш. Ну і чорт з табой'. Адчуўшы прыкрасць, Стах адвярнуўся да акна і ўтаропіўся на каменныя будынкі, міма якіх ехала машына. "Навошта ўсёткі гэтыя прысценкі? Мо Йорхаса спытаць?.."
  - Ты бачыў самерытавыя шахты? - прамовіў раптам Йорхас.
  Стах пахітаў галавай.
  - Адкуль? Не.
  - Я бачыў. Там пустыня наўкол. І пасёлак каля вусця шахты, а паўсюль драцяныя агароджы і вартавыя вышкі. Вядома, там ёсць вольнанаёмныя. Ахоўнікі, вайскоўцы, горныя інжынеры. Дык вось, яны мяняюцца кожны луструм. Навукоўцы вызначылі, пяць гадоў - гэта крайні тэрмін. Там, на шахтах.
  - І што?
  - Яны здыхаюць там, як мухі, - сказаў Йорхас адрывіста. На Стаха ён не глядзеў. - Здыхаць пачынаюць яшчэ ў дарозе. Там могільнік за пасёлкам. Цягнецца далёка ў пустыню. Іх хаваюць без труны. Проста запіхваюць у мяхі і закідваюць пяском. Уся пустыня нашпігавана трупамі. Яна чорная ўся. Чорныя пяскі, і базальтавыя скалы над імі. І калючкі яшчэ там, ведаеш, свалачныя такія. Жывыя, драпежныя. Варушацца, як пальцы, а на сцёблах ў іх адчувальныя плямы, яны бачаць святло і цені. А з неба зрываюцца аскепкі зорак. Падаюць у пясок, рыюць ў ім разоры. Уся пустыня ў зорках...
  Голас яго сарваўся. Ён замоўк, схіліўшы галаву.
  "Хопіць ныць," - падумаў Стах. А ўслых сказаў:
  - Не ты адзін усё страціў.
  І пасля кароткай паўзы дадаў:
  - Дык што там наконт прафесара?
  - Паглядзім.
  Рэшта дарогі прайшла ў маўчанні. Стах безуважліва глядзеў ў акно, занурыўшыся ў думкі. Дзіўна ўсёткі, што "Сказ пра Горад Зіхатлівы" не трапіў пад цэнзуру. Рэчы там не вельмі прыгожыя.
  'Намад ішоў з базальтавай пустыні, і з ім дэманы разбурэння. Дзе ступала яго нага, там зямля ператваралася ў камень, а гарады ў папялішчы, вада ў калодзежах рабілася нячыстай, і Падземныя грызлі мёртвых, кінутых пад сонцам без пахавання, на зямлі, што ператварылася ў базальт..."
  Ён ішоў, і прад ім падалі гарады і дзяржавы, войскі кідаліся наўцёкі, цары гублялі свае кароны і распасціраліся ў пыле, ніцма прад Зверам, імя якому - Намад. Але каля мураваных сцен Горада Зіхатлівага Намад спыніўся.
  "Горад Зіхатлівы быў цвярдыняй на краі пустыні, цытадэллю на мяжы Поўначы і Поўдня, і яго вартавыя былі ўмілаванымі дзецьмі Творцы.
  І Вандроўнік стаяў каля сцен цытадэлі, сам цёмны, як грэх, і з цемрай ў вачах, стаяў і не рушыў далей. Але пала цвярдыня".
  Так, яны прайгралі тады. Прынялі бой - і прайгралі. Намад увайшоў у Горад Зіхатлівы. Ён адабраў іх мрою, зачыніў іх сэрцы, і зрабіў іхнія душы чорнымі. Яны самі зрабіліся Намадам. Але ў кожным з іх Горад Зіхатлівы. Проста яны нібыта ў сне. Спяць ужо доўгі, доўгі час і ніяк не могуць абудзіцца.
  - Няхай яны прачнуцца, - прашаптаў Стах аднымі вуснамі. - Госпад Вышні...Творца...Мітра Ўсеўладар...хто-небудзь... Няхай яны прачнуцца!..
  
   Забойца
  
  У салоне омнібуса пахла цвіллю. Моташны, учэпісты пах, які ліпне да адзежы і валасоў і быццам лезе пад скуру - і ў лазні не адмыеш. Не ведаю, што за разумнік дадумаўся абшываць падлогі і сядзенні омнібусаў дывановым пакрыццём. Напачатку гэта выглядае прыгожа, парадна нават, але з цягам часу абіўка робіцца шэрай ад пылу і слізкай ад бруду, а ў непагадзь дывановы насціл пад нагамі ператвараецца ў коўзкае месіва. І цвіллю тут смярдзіць, ды старымі анучамі, як са скрыні старызніка... Омнібус ехаў, гайдаючыся на рысорах, уздоўж асветленых праспектаў і плошчаў, якія патаналі ў зеляніне і кветках. Вуліцы былі запоўнены людзьмі, уздоўж набярэжнай Вільяры шпацыравалі парачкі. Многія трымалі ў руках даўгаватыя пакеты з непразрыстай плёнкі, у якіх былі схаваныя пляшкі з выпіўкай. Распіваць спірытус на вуліцы было сурова забаронена, але тутэйшыя даўно навучыліся абыходзіць гэтую забарону.
  
  Омнібус спыніўся пад чыгуначным мостам. Выйшаўшы з салона, я перасекла чыгуначнае палатно і накіравалася да жылога квартала, абнесенага плотам. Вуліцы былі пустынныя, не відаць было нават прапойцаў - мусіць, нядаўна тут прайшоў патруль. У вокнах баракаў гарэлі агні, за апушчанымі фіранкамі рухаліся цені. Сем'і збіраліся за вячэрай.
  
  Каля ўваходу ў барак я сустрэла Яна. Не чакала, што ён прыйдзе. Апошні раз я бачыла яго ўзімку, падчас аблавы. З таго часу ад яго не было ніякіх звестак. Я не адразу пазнала Яна ў цывільнай вопратцы - парусінавая куртка, нагавіцы, чаравікі на высокай шнуроўцы. Ён сядзеў на лаўцы, выцягнуўшы ногі, сунуўшы рукі ў кішэні курткі і звесіўшы галаву на грудзі. Здавалася, што ён спіць, але ледзь толькі я наблізілася, як ён ускінуў галаву - сну ні ў адным воку - і заўсміхаўся.
  - Прывітанне, сястрычка, - сказаў ён.
  - Ну, чаго прыйшоў? - адказала я няветла.
  Ён перасмыкнуў плячыма.
  - А што, не маю права? Тут мой дом, між іншым.
  "У казарме твой дом", падумала я.
  - Добра, Ян. Заходзь, калі ўжо з'явіўся, - прамовіла я ўслых.
  Разам мы прайшлі ў барак. У кватэры было душна. У цёмным пакоі бубніў Народны Вяшчальнік. Плявузгалка, як называюць яго тутэйшыя. Я правяла брата ў малюсенькую кухню. Уключыла святло. Запаліла агонь у пліце, паставіла чайнік. Ян сядзеў за сталом, па-ранейшаму трымаючы рукі ў кішэнях. У святле электрычнай лямпы яго аблічча здавалася жаўтлява-шэрым. Нябожчык... Ён сапраўды быў вельмі бледным. І паводзіў ён сябе неяк дзіўна. Сядзіць як на іголках, нацягнута ўсміхаецца. Такім я яго яшчэ не бачыла. Спачатку мне падалося, што ён трохі п'яны, але я хутка зразумела, што памыляюся. Спірытусам ад яго не пахла. Цвярозы, як шкельца. І ўсёткі з ім штосьці было не так.
  
  Напэўна, нешта здарылася ў казармах, разважала я. Мабыць, гэта неяк звязана з мабілізацыяй. У Паўночнай Правінцыі даўно ўжо гулялі чуткі аб вайне з Дуумвіратам, якая няўхільна набліжаецца. Невядома, адкуль пайшоў гэты розгалас. Калі верыць Народнаму Вяшчальніку, то на паўночна-заходняй мяжы ўсё было спакойна. Адносна спакойна. Хіба толькі сутычкі з паўстанцамі - ледзь не штодня Вяшчальнік бадзёра рапартаваў аб расправе над чарговай хеўрай альбо затрыманні завадатараў. Але ні слова аб вайне. Аднак усё роўна аднекуль прасочваліся трывожныя весткі. Эверон і Антраўм сцягваюць войскі да мяжы. У Паўночную Правінцыю ідуць эшалоны з баявымі машынамі. Гандлёвы Альянс разарваў чарговы кантракт з Саветам Наглядчыкаў. На поўдні спынена некалькі самерытавых млыноў. Ва ўсходніх фемах уводзяць карткі на збожжа і рапсавы алей - там пачаліся перабоі з харчамі, і ў народзе расце незадаволенасць. Калі вайна ўсёткі пачнецца... Няўжо ўнутраныя войскі таксама кінуць на лінію фронту? Яны і ваяваць-то не ўмеюць. Гарматнае мяса, лепей і не скажаш... На пліце засвістаў чайнік. Я паклала заварку ў імбрык і кінула туды жменю засушаных лясных суніц. Запарыла гарбату, выцягнула з буфета гліняныя кубкі і слоік мёду.
  - А я гаварыў табе - не звязвайся з гэтым крамольнікам, - сказаў раптам Ян.
  Я здрыганулася так, што ледзь не выпусціла з рук кубак.
  - Стах? Ян, ты не ведаеш, дзе ён? - спытала я і адразу ж прыкусіла язык. Не варта было мне пра яго пытацца...
  Ян тузануў плячом.
  - Ну, дзе. У Братчыкаў, ясная рэч.
  - У каго? - перапытала я з неўразуменнем.
  - Ты што, навіны не слухаеш? - ён матнуў галавой у бок пакоя, дзе на сцяне мармытаў Вяшчальнік. - Братчыкі. Ну, паўстанцы. Так яны сябе называюць.
  Ён хутка азірнуўся, як быццам хтосьці мог нас падслухваць, і загаварыў напаўголасу:
  - Лясныя бандыты. Павылазілі пасля беспарадкаў на плошчы. Па балотах швэндаюцца. А вінтоўкі ў іх ад кантрабандыстаў. Ну, і ў каго адбяруць. У Разлогу, кажуць, цэлы хутар выразалі, стрэльбы шукалі. Аўгуста прапаноўвала рэгулярную армію даслаць. Ва ўсходніх фемах таксама бунтуюць, людзям есці няма чаго. Там у іх даўно ваеннае становішча, войскі стаяць. А тут Намеснік упёрся - не трэба, кажа, мне вашай рэгулярнай арміі, сам разбяруся. А зрэшты, Намесніку хутка ўсё роўна - га-мон!
  Апошнюю фразу Ян прамовіў з нейкім адмысловым выразам - як быццам ён штосьці такое ведае, ды нізавошта не скажа. І выгляд такі хітры-хітры. Госпадзе, як у дзяцінстве. 'А я ведаю, хто з куцці ўсе гарэхі выеў, ды не скажу!..' Я адчула, што ў мяне шчэміць сэрца. Як жа даўно гэта было. Бясконца даўно. Быццам некалькі жыццяў таму...
  - Ян, чаю вып'еш? - я падсунула яму кубак.
  - Ты мяне зусім не слухаеш! - сказаў ён неяк пакрыўджана. - Братчык ён, разумееш? Сташак твой. Цябе таксама маглі туды, на Гарматную...праз яго. А цябе не дапытвалі нават. Цябе гэта не здзівіла? Што, зусім не здзівіла?
  Ён меў рацыю. "Крамольнік" Воўчак часцяком наведваўся ў нашу карчму. Пасля расстрэлу плошчы Каначыка некалькі разоў цягалі на допыт. І падавальшчыц таксама, і кухара - карацей кажучы, усіх, хто працаваў у карчме. Акрамя мяне. Да мяне ў іх пытанняў не было. Гэта сапраўды здавалася мне дзіўным.
  - Літа, я за цябе папрасіў тады. Яе. Ну, маю...малую, - ён раптам ціхенька засмяяўся.
  - Каго?
  - Ды дзеўку маю. У яе брат агент Канцылярыі. Займае высокую пасаду. Ну я ёй і шапнуў - ты, значыць, брату скажы, каб Літу не чапалі і ўсё такое. А яна такая - добра, зробім. Ну, і вось...
  У мяне пацямнела ў вачах.
  - Ян!.. - прагаварыла я з жахам. - Ян, ты ў сваім розуме? Не звязвайся з агентамі! Чуеш? Не звязвайся! Ты нават не ўяўляеш, што гэта за людзі!
  - Ды людзі як людзі, - ён з шумам падняўся, зачапіўшы плячом лямпу пад металічным абажурам, якая вісела нізка над сталом. Лямпа пачала разгойдвацца, на сценах заскакалі цені.
  - Літа, ты праўда думаеш, што мне на цябе напляваць? - прагаварыў ён глуха. У нейкай узрушанасці ён расхаджваў па кухні, сашчапіўшы пальцы рук. Ён больш не ўсміхаўся. Аблічча яго было бледнае. - Ты памыляешся, Літа. Гэта яму, яму напляваць. Сташаку твайму. І на цябе, і на ўсіх. Кінуў людзей пад кулі і ўцёк. На Гарматнай потым галовы ляцелі, а ён нічога не зрабіў. І цябе падставіў. Таму што ты для яго ніхто. А мне ты не чужая. Я заўсёды імкнуўся цябе падтрымаць. Дапамагчы з грашыма і ўсё такое. Я і цяпер цябе не пакіну. У цябе будзе ўсё, што ты захочаш. Сукенкі з гэтага, ядвабу, і стужкі ў валасы, што там яшчэ? А, бранзалет той зірайскі, з каменьчыкамі, памятаеш, ты гаварыла, што хочаш яго? Ён у цябе будзе. І дом. Я дом табе куплю, нармальны, не тое што гэтая развалюха...
  - Ян, што ты вярзеш?! - крыкнула я. - Ды што з табой такое?
  - Літа, у мяне грошы ёсць! - выпаліў ён. - Многа! А будзе яшчэ больш.
  - Грошы? Адкуль? - спытала я з недаверам. - Ты што, ліхвяра абрабаваў?
  Ён выдаў нервовы смяшок.
  - У Берэніс грошай да халеры. А на такую справу дык наогул нічога не шкада, - сказаў ён.
  - Берэніс? - перапытала я. - Хто гэта? Ян, хто гэта?
  - Я ўжо досыць сказаў, - прагаварыў ён. - Хутка ты сама аб усім даведаешся.
  - Ян, паслухай...
  Ён зрабіў крок да мяне і моцна абняў, не даўшы мне дагаварыць.
  - Літа, сястрычка. Усё будзе добра, - сказаў ён ціха. - Вось убачыш, усё будзе добра.
  Потым ён сышоў. Я засталася адна ў пустой кватэры. Над сталом трашчала і паміргвала лямпа. Па Народнаму Вяшчальніку цяпер перадавалі музыку. Хтосьці перабіраў струны лютні, і саладжавы жаночы голас спяваў пра разбітае сэрца падманутай паненкі. Чорт, ненавіджу гэтую песеньку. Ненавіджу.
  
  Назаўтра я прачнулася, як звычайна, пад гукі гімна. Народны Вяшчальнік пачынаў працаваць а пятай гадзіне раніцы. Хуценька сабраўшыся, я рушыла на прыпынак. Над горадам ужо заняўся ранні летні світанак. Ліхтары згаслі, але навокал было даволі светла, у зарасніках прыдарожнага язміну пасвіствалі птушкі. Неўзабаве падышоў омнібус. Падняўшыся ў салон, я села каля акна. Над рапсавымі палямі курыўся ранішні туман, напаўзаў на дарогу, і здавалася, быццам омнібус плыве па небе сярод аблокаў. Дзень сёння абяцаў быць цёплым, але хмарным.
  
  Карчма Таўстуна Каначыка быля яшчэ зачынена - першыя наведнікі з'явяцца толькі праз гадзіну. У пустой зале падавальшчыца Глея - худзенькая, кволая дзяўчына з жоўтымі валасамі і вачамі колеру ажынаў - расхаджвала паміж сталамі, старанна праціраючы іх анучай.
  - Дабрыдзень, Глея, - сказала я, пераступаючы парог.
  - Прывітанне, прывітанне, - прашчабятала тая.
  Скінуўшы жакет, я павесіла яго на кручок і прынялася завязваць фартух. Тут трэба як след прыбрацца, пакуль не прыйшлі наведнікі. Са скрыні Народнага Вяшчальніка, які вісеў акурат над барнай стойкай, лілася бадзёрая музыка. Праца ішла шпарка. Потым музыка абарвалася, і пачаўся пазапланавы выпуск навін. Навіны я звычайна прапускаю міма вушэй. Там занадта многа лухты, і калі слухаць штодня балбатню Ахоўнікаў, то можна крануцца з розуму. Я здрыганулася, расчуўшы імя свайго брата. Ян Сямішка. Выпрастаўшыся, я павярнулася тварам да Вяшчальніка. Цяпер я слухала вельмі ўважліва. Ян Сямішка. Стражнік. Вільскі гарнізон, нумерыя трыста дваццаць-сто сорак. Замах на забойства. Міка Венд, Прэфект Паўночнай Правінцыі.
  - Госпад Усявышні!..
  Падлога ў мяне пад нагамі кіўнуўлася, і мне здалося, што я пачынаю правальвацца ў ледзяную, вірлівую пустэчу. Усё наўкол раптам зрабілася нейкім зыбкім, як быццам я глядзела на свет скрозь шкляны слоік з вадой. Перада мной прамільгнуў белы, перакошаны твар Глеі. Яна штосьці крычала, але я яе не чула. Не памятаю, як я выбегла з карчмы і апынулася на вуліцы. "Ян, о Госпадзе, Ян! Не трэба, ой, не трэба..." Потым я проста кідалася па горадзе, як вар'ятка. Я не ведала, куды мне бегчы, дзе шукаць чалавека, які мог бы заступіцца за брата. Потым, знясіленая, я апусцілася на лаву ў нейкім дворыку. У вушах у мяне звінела, вочы засціў чырванаваты туман, а сэрца калацілася так, быццам гатова было разарвацца. "Ян, Госпадзе, Ян!.." Я сядзела, заплюшчыўшы вочы і абхапіўшы галаву рукамі. Мне здавалася - яшчэ хвіліна, і я памру. Альбо звар'яцею. Альбо...
  - Літа, Літа, - пачула я. Голас быў жаночы. Я не адказала. У мяне не было сіл нават расплюшчыць вочы. Яна села побач. Абняла мяне. Ад яе пахла мёдам і лесам, сенажацямі і спелымі суніцамі, ранішнім туманам і сасновай жывіцай, нагрэтай сонцам. Морам.
  - Не бойся, не бойся, - шаптала яна. - Слухай.
  
  Каля самае брамы нябыту
  Луналі дзве шэрыя птушкі,
  Гулялі ў рапсавым полі,
  Гарэзілі ў чорных разорах
  У часы квітнення Сусвету,
  Калі дожджык яшчэ быў чысты,
  Не спаганены, не скажоны,
  Калі ў людзей было сэрца,
  А ў сэрцы душа жывая,
  І маленькі пастух гнаў статкі
  На лугі, дзе блакіт і смарагды...
  
  - Адкуль гэта? - спытала я напаўголасу. - Я чула гэта раней...
  
  Там, дзе дожджык спяшаецца ў мора,
  Збіраючы вільгаць сусветаў,
  Там, дзе рэкі спяшаюцца ў мора
  І нясуць караблі да абшараў,
  Туды, дзе блакіт і смарагды,
  І хвалі гайдаюцца ўночы ...
  
  Я расплюшчыла вочы. Дворык быў пусты. На лаве побач са мной нікога не было. Я не ведала, што гэта было - ці то сон, ці то мроя наяве. Але я адчувала, што сілы вярнуліся да мяне, а ад жаху і роспачы не засталося і знаку.
  - Нічога, Ян, нічога, - сказала я, падымаючыся на ногі. - Я цябе не пакіну. Чуеш? Я выцягну цябе з гэтай багны, Ян. Усё будзе добра. Пажывём яшчэ трошкі.
  
  Сход. Містэрыі
  
  Паводле закона, кожны грамадзянін меў права падаць прашэнне аб аўдыенцыі ў Намесніка. Адказу можна было чакаць колькі заўгодна доўга - ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў. Звычайна просьбіт атрымліваў адмову, але некаторым - такіх былі адзінкі - ўсёткі давалі дазвол на прыймо. Ніхто не ведаў, ад чаго гэта залежыць. Проста як пашанцуе, напэўна. Я падала прашэнне ў Сакратарыят у той жа дзень, калі даведалася пра замах на забойства. Гэта была мая адзіная магчымасць выратаваць Яна.
  
  Наступныя некалькі дзён я проста чакала. Дзе мой брат і ці жывы ён наогул, я не ведала. Я спадзявалася знайсці яго ў Вільскім Астрозе, але камендант паведаміў, што зняволеных на імя Ян Сямішка ў іх не значыцца. Працу ў карчме я закінула. Зрэшты, Каначык усё роўна бы мяне звольніў. Каму ахвота звязвацца з сястрой злачынцы? Зачыніўшыся ў сваёй кватэрцы, я сядзела, як звер у нары. Слухала Вяшчальнік. Аднак пра замах больш не было ані слова. Здавалася, што пра гэты выпадак папросту забыліся. Цяпер усе навіны былі аб Дуумвіраце. Вераломства саюзных каралеўстваў і крывадушнасць Братэрства, вяшчала Калегія Праўды. Сабатаж у прыграніччы. Пяцёра забітых лімітатаў. Дзея нечуванай дзёрзкасці. Народ абураны і патрабуе адплаты. А цяпер свецкая хроніка. Кароль Эверона - мужадзева. Ён дзеліць ложак з прыўкрасным юнаком і ходзіць па палацы ў жаночых сукенках... Чортава плявузгалка, і не выключыш яе! Калі толькі не выдраць провад са сцяны. Але гэтага лепш не рабіць, бо адразу заявяцца правяральшчыкі і ўкацяць штраф. А плаціць мне няма чым, бо працу я страціла. Як жыць цяпер?.. Аднак пра гэта я старалася не думаць. Цяпер найгалоўнае - выратаваць Яна. А там паглядзім. Нешта будзе.
  
  Калі ў калідоры барака забразгатаў дзвярны званок, я зразумела, што гэта да мяне. Я адчыніла дзверы. На парозе стаяў чалавек у чорным кіцелі са срэбнымі нашыўкамі і фуражцы са знакам Аперанага Сонца. Тайная Канцылярыя.
  - Літа Сямішка? - спытаў ён.
  - Так, - я кіўнула.
  Я не бачыла, якога колеру ў яго вочы - на ім былі акуляры з цёмнымі шкельцамі, але па ягоным маўленні я адразу зразумела, што гэта не рамеец. Тутэйшы. Наш чалавек. Ураджэнцаў Паўночнай Правінцыі вельмі неахвотна бралі на кіраўнічыя пасады. А гэтаму неяк пашчасціла прабіцца ў Шпегі. Найрэдкі выпадак.
  - Алех Валога, - прадставіўся ён. - Служба бяспекі Правінцыі.
  Алех. Я ўжо чула гэтае імя.
  - Спадарыня Сямішка, Намеснік жадае бачыць вас, - паведаміў Шпег. - Майце ласку прайсці са мной.
  - Так, канечне, - сказала я, запінаючыся. У роце ў мяне раптам перасохла. - Толькі...мне трэба сабрацца. Вы дасце мне некалькі хвілін?
  Ён павольна кіўнуў.
  - Збірайцеся, спадарыня Сямішка. Толькі не зацягвайце з гэтым. Яго Мосць - вельмі заняты чалавек.
  Сабралася я вельмі хутка. Спехам прыгладзіла валасы, прыпудрылася, падвяла вочы вугальным алоўкам і кранула вусны кармінам. Ненавіджу гэтыя пудры ды памады, але сёння выпадак вельмі адмысловы. Я іду да Намесніка, і выглядаць я павінна годна. Потым я апранула сваю лепшую сукенку, накінула лёгкі плашч, сунула ногі ў туфлі на нізкіх абцасах (толькі ў такіх і хаджу) і ўзяла кайстру з камоды. У кайстры самае неабходнае - ключы, кашалёк з грашыма, нататнік і пяро-самапісец, касцяны грабеньчык і маленькае люстэрка. І дакументы. На вуліцы ў любы момант мог падысці патруль і запатрабаваць пасведчанне асобы. Напрыканцы я нанесла на скроні і запясці некалькі кропель кветкавай вады - ў мяне меўся адзіны флакончык на ўсе выпадкі жыцця. Нарэшце, замкнуўшы кватэру, я выйшла з барака.
  
  Звонку мяне чакала машына. Мне ўжо даводзілася ездзіць у самаходных экіпажах, але ў такіх вось, ведамасных, яшчэ ні разу. Магутная, раскошная звяруга з серабрыста-шэрымі храміраванымі бартамі і прыцемненымі вокнамі. У салоне было прахалодна. Пахла сандалам. Мяккія сядзенні былі абцягнуты скурай, месца кіроўцы аддзяляла перагародка з гуканепранікальнага шкла. Шум рухавіка быў амаль не чутны. Я ўпотайкі паглядвала на Алеха Валогу, які сядзеў побач са мной. У ім было штосьці ад грызуна. Валасы мышынага колеру, вузкая, пацучыная фізіяномія. Гнюсны, напэўна, тып. Зрэшты, іншых у Канцылярыю і не бяруць. Я ўсё чакала, што ён загаворыць пра Яна, але Шпег пакуль што памоўчваў. Ён сядзеў, спакойна гледзячы наперад і трымаючы фуражку на згібе локця. Аблічча яго заставалася непранікальным.
  
  На подступах да Трыўмфальнай плошчы машына спынілася. Дарога была перакрыта, омнібусы і самаходныя экіпажы стаялі, заглушыўшы рухавікі.
  - Што там здарылася? - спытала я, прыхінуўшыся да акна.
  - Па-мойму, безнадзейна, - вымавіў Валога, пастукаўшы пальцамі па дзвярной панэлі. - Правільней будзе прайсціся пешшу, я мяркую.
  Кінуўшы кіроўцу: "Давай ў аб'езд!", ён выйшаў з машыны і рушыў да плошчы проста па праезджай частцы, абыходзячы нерухомыя экіпажы. Я пакорліва крочыла ўслед за ім. На Трыўмфальнай ля палаца-рэзідэнцыі тоўпіліся людзі. Па перыметры плошчы стаялі салдаты ўнутраных войскаў, пашыхтаваўшыся у падвойную шарэнгу. Я глядзела і не верыла сваім вачам. Апошні раз я бачыла штосьці падобнае мінулай зімой, падчас закалотаў. Тады людзей проста расстралялі з вінтовак, не дазволіўшы ім нават наблізіцца да Трыўмфальнай. Цяпер жа стражнікі стаялі нерухома, як статуі. Відавочна, яны не атрымлівалі загаду разганяць натоўп. Я зірнула на Валогу. Ён быў спакойны, вясёлы нават. Тое, што адбывалася наўкол, яго быццам бы забаўляла. Убачыўшы маю разгубленасць, Валога паблажліва ўсміхнуўся.
  - Не любіце таўканіны, спадарыня Сямішка? - спытаў ён. - Няма сэнсу прадзірацца скрозь натоўп. Лепей будзе абысці плошчу па перыметры, вось тут, дзе стражнікі. І не турбуйцеся, яны не прычыняць вам шкоды. Яны не стануць умешвацца, калі толькі натоўп не выйдзе з-пад кантролю. Але гэта малаверагодна.
  Ён узяў мяне пад локаць і пацягнуў да рэзідэнцыі. Мы крочылі ўздоўж шарэнгі стражнікаў - іхнія шчыты і шлемы паблісквалі на паўдзённым сонцы. Людзі, якія тоўпіліся на брукаванцы, выглядалі ўзрушанымі. Плошча гудзела, як разварушаны вулей. А над плошчай, над галовамі людзей, захлёбваючыся, вішчаў гучнагаварыцель. "Крывадушнасць Дуумвірату... суквецці хлусні зрабіліся крывавымі пладамі... забіццё бязвінных...баязліва адмаўляючы...кіданне шакалаў, якіх загналі ў кут...даць адпаведны адказ... пад гусеніцамі нашай бронетэхнікі... Адплата!"
  
   'Адплата!' - залямантаваў хтосьці ў натоўпе. Натоўп ускалыхнуўся, і над плошчай узняўся штандар Імперыі - залаты каршун на барвовым палотнішчы. Затым яшчэ адзін. І яшчэ, і яшчэ. У лічаныя імгненні плошча заквітнела макавым полем.
  - Царгорад! Рамея! Слаўся, Усеўладарка! Слаўся! Усеўладарка! - неслася па-над натоўпам.
  "Дуумвірат! - галасіў гучнагаварыцель. - Гняздоўе хлусні! Забіццё бязвінных! Мужадзевы! Адплата!" На плошчы з'явіліся яшчэ сцягі. Спачатку штандар Дуумвірату - хаўруснай дзяржавы Эверона і Антраўма. Блякла-блакітнае палотнішча з жоўтай падвойнай зоркай усярэдзіне. Потым замільгалі сцягі краін Братэрства - аднаколерныя, двухколерныя, трохколерныя. Іх неслі маладыя, дужыя хлопцы ў цывільнай вопратцы, трымаючы палотнішчамі да зямлі. "Дуумвірат! Крывадушнасць! Адплата!" Натоўп трохі расступіўся, і я ўбачыла жароўню на трыножку, якая стаяла проста на бруку. У жароўні палаў агонь. "Падступства! Забіццё бязвінных! Мужадзевы!" Маладзёны ў цывільным падносілі сцягі да цэнтра плошчы, дзе стаяла жароўня, шпурлялі іх на брук і ўтоптвалі ў пыл пад радасныя крыкі натоўпу. У кагосьці ў руках з'явілася бляшанка з газай. Я бачыла, як нейкі малойчык у пунсовай саколцы паднёс паходню спачатку да жароўні, потым да аблітых газай палотнішчаў. Шуганула полымя, паваліў дым. Натоўп зароў. Над галовамі людзей луналі сцягі Імперыі. Хтосьці з сілай штурхнуў жароўню нагой - яна кіўнулася і павалілася ў вогнішча, раскідаўшы па бруку распаленае вуголле. Да неба паляцелі снапы іскраў. "Пошасць хлусні...сівер нясе заразу...агонь нас ачысціць...полымя Горада Зіхатлівага...Усёспаленне!"
  
  У шарэнзе стражнікаў распачаўся нейкі рух. Мая ўвага была прыкавана да плошчы, і я не бачыла, як да будынка рэзідэнцыі пад'ехаў браніраваны фургон з закрачанымі вокнамі, спыніўшыся за спінамі салдат. Ляснулі металічныя дзверы. Шарэнга расступілася, прапускаючы двух малойчыкаў у саколках, якія вялі пад рукі чалавека з залітым крывёй тварам. Яны прайшлі зусім побач, і я змагла яго разглядзець. Яго вусны былі разарваныя, у роце амаль не заставалася зубоў, з падбароддзя сцякала цягучая барвовая сліна. Выйшаўшы на пляц, маладзёны ўзялі яго за каўнер і поцягам павалаклі па бруку. "Дыверсант! Дыверсант! Схапілі дыверсанта!" - пачуліся крыкі з натоўпу. Маладзёны ў саколках падцягнулі няшчаснага да цэнтра плошчы, дзе гарэлі варожыя сцягі, і кінулі яго пад ногі натоўпу. "Наш розум ясны, а кулак жалезны! У адзіным парыве! Адплата!" - лямантаваў гучнагаварыцель. "Адплата! - паўтараў натоўп. - Смерць! На кол! У вогнішча яго!" Чалавек стаяў на каленях, захіліўшы твар рукамі, і здавалася, намагаўся нешта сказаць, але з ягонага горла вырываўся толькі хрып. Я зірнула на стражнікаў. Няўжо яны не ўмяшаюцца?.. З натоўпу вынырнула мажная жанчына ў палатнянай блузе і шырокай спадніцы і з віскам учапілася ў валасы чалавеку, які стаяў на каленях. Гэта як быццам паслужыла сігналам для астатніх. На "дыверсанта" абрынуўся град удараў. Яго павалілі на зямлю і прыняліся азвярэла штурхаць нагамі. Ён ляжаў у пыле, скурчыўшыся і абхапіўшы галаву рукамі, і не спрабаваў нават супраціўляцца. Хтосьці, злаўчыўшыся, ударыў яго нагой пад рэбры, потым у твар. На камяні бруку пырснула кроў. Натоўп шчыльна абступіў сваю ахвяру, і больш я нічога не бачыла.
  
  Я адчула, як да горла падступіла млосць. Ногі мае падагнуліся, і я апусцілася на прыступкі рэзідэнцыі. У галаве шумела, перад вачыма плылі барвовыя плямы. 'У адзіным парыве'. Колькіх яшчэ 'дыверсантаў' трэба забіць, каб Аўгуста задаволілася, нарэшце?..
  - Літа, вам блага? - пачула я.
  На маё плячо легла рука, зацягнутая ў пальчатку. Я ўзняла вочы. Валога стаяў, схіліўшыся нада мной, і глядзеў на мяне амаль са спачуваннем.
  - Літа, ды на вас твару няма. Як я вас разумею. Я таксама ўзрушаны да глыбіні душы... падступствам Дуумвірату.
  Узяўшы мяне пад руку, ён дапамог мне падняцца з прыступак.
  - Спадарыня Сямішка, калі ласка, збярыцеся, - сказаў Шпег. - Яго Мосць не любіць істэрычак. Ну і сямейка ў вас. А я напачатку вырашыў, што вы не такая чуллівая, як ваш брат.
  "Чуллівы" - гэта ён пра Яна? Аднак. Я паднялася, абапіраючыся на ягоны локаць - мяне ўсё яшчэ калаціла, ногі былі як ватныя.
   - Хадзем, Літа, - сказаў ён. - І вазьміце сябе ў рукі, нарэшце!
  Удваіх мы рушылі да ўваходу ў палац. У нас за спінамі роў і шалеў натоўп. Я разумела, што гэты дзень ужо ўвайшоў у гісторыю. Менавіта такім мы запомнім пачатак вайны - звар'яцелы натоўп на плошчы, сцягі, дым і полымя, кроў на бруку і немыя ляманты гучнагаварыцеля.
  
   Аўдыенцыя
  
  Палац на Трыўмфальнай, узведзены ў пятую гадавіну Ўз'яднання, быў самым выродлівым будынкам у сталіцы. Бязладнае нагрувашчанне цыліндрычных веж з вузкімі, як байніцы, вокнамі і шырачэзнай тэрасай над цэнтральным уваходам - відовішча хутчэй недарэчнае, чым велічнае. Хаця Намесніку нібыта падабаецца.
  
  Калі мы ўвайшлі ў аванзалу, у мяне замільгацела ўваччу ад бляску мармуру, крышталю і пазалоты. Проста пасярод залы бруіўся фантан у каменнай чашы, выкладзенай залацістай мазаікай. Над фантанам навісала каласальная трох'ярусная люстра з крыштальнымі падвескамі. У кутах стаялі вымпелы і барвовыя сцягі - ўжо даволі запыленыя. Сцяну ўпрыгожвала пано з каляровай смальты - белакаменныя вежы і крэпасці Царгорада, зубчастыя муры Цытадэлі і кесары кіруючай дынастыі ў залатых адзеннях. Злашчаснага Алаіса сярод іх не было. Дванаццаць гадоў таму ён быў зрынуты з трона ў выніку палацавага перавароту, і яго далейшы лёс заставаўся невядомым. Кажуць, што яго ці то забілі, ці то адправілі ў ссылку, дзе ён і памёр. А яго найсвятлейшая мамаша цяпер самадзяржаўна кіруе Імперыяй, і мяркуючы па ўсім, з Цытадэлі яе вынесуць толькі наперад нагамі. Пры жыцці ўладу яна нізавошта не аддасць.
  
  Зрэшты, у мяне не было часу разглядваць інтэр'еры. Алех Валога ўжо цягнуў мяне наперад - хутчэй, хутчэй! Перада мной замільгалі мармуровыя лесвіцы з пазалочанымі парэнчамі, цяжкія крыштальныя жырандолі, пунсовыя дываны і доўгія паўцёмныя калідоры з мноствам зачыненых дзвярэй. Потым аўтаматычны пад'ёмнік з люстранымі сценкамі і матавай свяцільняй пад столлю. Зноў калідоры - бясконца доўгія і абсалютна аднолькавыя. Калі б не Валога, я бы папросту заблукала ў гэтым лабірынце. Нарэшце мы спыніліся перад высокімі дзвярамі, абшытымі дубовымі панэлямі.
  - Збярыцеся, Літа. Зараз будзеце гаварыць з Намеснікам, - сказаў Валога.
  Ён націснуў на каваную медную ручку, і дзверы бясшумна адчыніліся. Мы апынуліся ў памяшканні, якое выглядам і памерамі больш нагадвала гімнастычную залу, чым працоўны кабінет. Падлога заслана барвовым дываном з жорсткім ворсам. Голыя рубчастыя сцены - ні карцін, ні мапаў. Пад высокай столлю гудзелі плафоны, схаваныя паміж бетоннымі бэлькамі. Мэблі амаль не было. Каля вялізнага, ва ўсю сцяну, акна з зацемненымі шыбамі размяшчаўся грувасткі пісьмовы стол з чырвонага дрэва, на якім стаялі мармуровы чарнільны прыбор, хранометр з цыліндрычным цыферблатам і абсідыянавы апарат. Побач некалькі крэслаў з аксамітнымі сядзеннямі. Усё.
  
  Намеснік Міка Венд, апрануты ў нязменны палявы мундзір, стаяў каля акна, заклаўшы рукі за спіну, і глядзеў на плошчу. Адсюль, з вышыні некалькіх паверхаў, Трыўмфальная была як на далоні. Унізе ўсё яшчэ шалеў натоўп, але крыкаў і лямантаў было амаль не чуваць.
  - Валога, вы спазніліся на чатыры хвіліны, - прамовіў Міка, нават не зірнуўшы на нас. Позірк яго быў прыкаваны да плошчы.
  - Вінаваты, Ваша Мосць. Натоўп. Подступы да плошчы перакрыты, - прагаварыў Шпег.
  Намеснік пахітаў галавой.
  - Гэта не натоўп. Гэта народ. Народ прыйшоў сюды, каб выказаць сваю волю. А воля народа - воля Госпада Вышняга, як сказана ў Выслоўях Праведнікаў. Ты згодны са мной, Валога?
  - Так, Ваша Мосць, - адчаканіў Шпег.
  - Мяне часам упікаюць у залішняй жорсткасці, - працягваў Намеснік. Голас яго гучаў роўна. - Кажуць, нібыта ў Паўночнай Правінцыі ўлады гавораць з народам на мове гвалту. Ніякай свабоды слова. Але зірніце на гэта. Людзі на плошчы, і ніхто не чыніць ім перашкод. Хіба гэта не свабода слова? І хіба магчыма такое ў Дуумвіраце, які ганарыцца сваімі вольнасцямі? О, не. У Дуумвіраце гэтых людзей даўно бы разагналі газавымі стрэльбамі, вось і ўся іх свабода... Ці я памыляюся?
  Ён рэзка адвярнуўся ад акна і ўтаропіўся проста на мяне. Яго аблічча з воспінкамі здавалася абыякавым, і толькі ў куточках вуснаў таілася дзіўнаватая ўсмешка.
  - Ваша Мосць... Спадар Намеснік... - прагаварыла я.
  За той час, пакуль я чакала адказу з Сакратарыяту, я падрыхтавала цэлую прамову-зварот да Намесніка, і неаднаразова пракручвала яе ў памяці. Але цяпер усе словы раптам вылецелі ў мяне з галавы, і я з жахам зразумела, што ледзьве магу сабрацца з думкамі.
  - Ян Сямішка...мой брат...здзейсніў злачынства. І ён заслугоўвае самага суровага пакарання. Але, спадар Намеснік... - я запнулася.
  - Ну? Працягвай, - сказаў Міка Венд.
  Ён усміхаўся куточкамі вуснаў і глядзеў на мяне - з агідай? З пагардай? Не. Я бы назвала гэта цікаўнасцю. Ён разглядваў мяне, як пацешную заморскую жывёлінку. Я была роднай сястрой чалавека, які здзейсніў замах на ягонае жыццё. Гэта выклікала ў яго пэўны інтарэс. Мажліва, з гэтай прычыны ён і даў дазвол на аўдыенцыю. Захацеў на мяне паглядзець.
  - Я прашу вас аб міласэрнасці, спадар Намеснік, - гаварыла я адрывіста. - Прабачце яму. Злітуйцеся. Калі ласка. Пашкадуйце. Тое, што адбылося, гэта... нейкае вар'яцтва. Мой брат заўсёды ставіўся да вас з пашанай. Вы былі для яго ўзорам ва ўсім. А той учынак... Штосьці прымусіла яго. Альбо нехта. Ён зрабіў гэта не па сваёй волі...
  - Гэта твае меркаванні, альбо ён дзяліўся з табой сваімі планамі? - перапыніў мяне Намеснік.
  - Ён гаварыў, што захапляецца вамі. Я ўпэўнена, што гэта было шчыра.
  Намеснік кіўнуў.
  - Згодны. Шчырасць. Гэта ў яго ёсць. А таксама наіўнасць. Няўяўная наіўнасць, уласцівая хіба што юродзівым. Зрэшты, нічога дзіўнага. Такія блажэнныя ідыёты часта робяцца прыладай у руках іншых.
  З гэтымі словамі Намеснік перавёў позірк на Валогу, які стаяў ля дзвярэй, выцягнуўшыся ў струнку.
  - Я ведаю гэтага Сямішку, - сказаў Намеснік, пільна гледзячы на Валогу і быццам свідруючы яго позіркам. - Шараговец трыста дваццатай нумерыі. Заўсёды быў на добрым рахунку. Алех Валога яго дапытваў. На чатыры вокі, так бы мовіць. Сямішка ніяк не звязаны з паўстанцамі. Ягоны ўчынак быў прадыктаваны асабістымі матывамі. Глупства. Якое ж глупства.
  "І што гэта азначае, Міка? - хацела я спытаць і прамаўчала. - Гэта неяк змякчае яго віну ці наадварот, пагаршае?"
  - Вядома, некаторым вельмі хацелася б раздзьмуць з гэтага скандал. Прыплесці сюды палітыку, - гаварыў Міка Венд. - Маўляў, Намеснік ужо нічым не кіруе, нічога не кантралюе. Валога, нагадай, што сказала Аўгуста, даведаўшыся пра гэты інцыдэнт?
  - Усеўладарка ўспрыняла гэта вельмі хваравіта, Ваша Мосць, - вымавіў Валога, утаропіўшыся на цыліндрычны хранометр. Сустракацца позіркам з Намеснікам ён відавочна пазбягаў.
  - Што сказала Аўгуста? Нагадай, - надтрэснутым голасам паўтарыў Намеснік.
  - Аўгуста сказала: "Шкада, шкада, мой бялявы варвар ужо не той". Ваша Мосць, - прамовіў Валога без усякага выразу.
  Намеснік змігнуў, на ягоных скулах надзьмуліся жаўлакі - мне падалося нават, што ён скрыгатнуў зубамі. Зараз ён выхапіць парабелум і ўложыць Валогу на месцы, падумала я. І мяне заадно. Гэта ж трэба, такая абраза. Але Міка стрымаў сябе.
  - Ты яшчэ маеш што сказаць, Літа Сямішка? - спытаў Намеснік, зірнуўшы на мяне. Аблічча яго зноў зрабілася абыякавым.
  - Спадар Намеснік. Мой брат... - пачала я.
  - Строга кажучы, мне ён не цікавы, - гучна сказаў Намеснік. - Было б ідэальна, калі б гэта справа наогул не атрымала агалоскі. А цяпер людзі не зусім сумленныя будуць выкарыстоўваць гэта для сваёй бруднай прапаганды. Ну і як тут павінен паступіць спадар Намеснік?
  - Злітуйцеся, Ваша Мосць. Прабачце яму, - прамовіла я вельмі ціха.
  Падышоўшы да мяне ўшчыльную, Міка ўзяў мяне пальцамі за падбароддзе і зазірнуў мне ў твар. Я разгледзела тонкі белы шнар над яго верхняй губой.
  - Вы з братам выглядаеце, як блізняты, - сказаў Міка. - Хаця ў вас, здаецца, розніца ў некалькі гадоў?
  Потым, адштурхнуўшы мяне, ён павярнуўся да акна і знерухомеў, гледзячы на плошчу.
  - Ваша Мосць... - прагаварыла я.
  Намеснік маўчаў.
  - Спадарыня Сямішка, аўдыенцыя скончана, - сказаў Алех Валога, беручы мяне пад локаць.
  Праз імгненне мы зноў апынуліся ў доўгім, паўцёмным калідоры. Я ашалела глядзела на зачыненыя дзверы з дубовымі панэлямі. Усё? Гэта - ўсё? Я зразумела, што мая гутарка з Намеснікам была цалкам бессэнсоўнай. Я нічога не дамаглася. Лёс Яна быў ужо вырашаны. Я не здолела яго абараніць.
  - Літа, паслухайце мяне, - нягучна прагаварыў Валога. - Наўрад ці вас гэта суцешыць, але паверце, не ў вас адной непрыемнасці з-за гэтага Сямішкі. Ведалі б вы, чаго мне каштавала гэтая...авантура.
  У голасе Шпега - я гатова была ў гэтым паклясціся - раптам загучалі шчырыя ноткі. Я зірнула на яго з недаверам.
  - Дзе Ян? - спытала я.
  - Зараз яго трымаюць пад вартай, - адказаў Шпег.
  - Ён у вязніцы?
  Валога пахітаў галавой.
  - Ім займаюцца людзі з асабістай аховы Намесніка. Ён вырашыў не прыцягваць сюды судовых следчых.
  - Што вы з ім зрабілі?
  - Нічога непапраўнага. Пакуль што.
  Я памаўчала. Потым спытала безнадзейна:
  - І што цяпер будзе, спадар Валога?
  Шпег уздыхнуў.
  - Мая вам парада, спадарыня Сямішка. Забудзьце, што ў вас калісьці быў брат. Проста забудзьце. Так будзе лепей для ўсіх.
  
  Эшафот
  
  Назаўтра мне даслалі скрыню з рэчамі Яна. Гэта быў нядобры знак. Значыць, прысуд ужо вынесены. Сваякам асуджанага заўсёды вяртаюць яго асабістыя рэчы напярэдадні пакарання. Ян жыў у казармах на дзяржаўным забеспячэнні, і маёмасці ў яго было няшмат. Ворах цывільнай вопраткі, пара паношаных армейскіх чаравікоў. Гадзіннік на скураным раменьчыку. Паўтузіна грыфельных алоўкаў і пяро-самапісец. Калі тут і меліся нейкія дзённікі ці нататнікі, то іх, хутчэй за ўсё, канфіскавалі падчас вобшуку. На дне скрыні я знайшла цэлы стос танных тоненькіх кніжак з каляровымі вокладкамі. Такімі кніжкамі гандлююць карабейнікі на вуліцах. Грош за пару. Гісторыі з працягам. Прынцэсы і цмокі. Госпадзе, няўжо ён чытае гэтую дрэнь?..
  
  У ноч напярэдадні пакарання я не спала. Да самай раніцы я ляжала, скурчыўшыся, на тахце і слухала, як за акном па рэйкавай дарозе праносяцца грузавыя вагоны. У тое лета стаяла страшная спякота і ночы былі гарачкава-душныя, але мяне літаральна калаціла ад холаду. Я ляжала, хутаючыся ў коўдры і зімовыя шалі, і ніяк не магла сагрэцца. Крыніца холаду была ў мяне ўсярэдзіне. Мяне знутры вымарожвалі самота і скруха.
  
  На досвітку я ўжо была на Гарматнай. Нягледзячы на ранні час, плошча была запоўнена людзьмі. За гады кіравання "Ахмістрыньчыка" публічныя пакаранні зрабіліся ўлюбёнай забавай прасталюднікаў. Плошча была ачэплена. На брукаванцы ўзвышаўся эшафот. Кат і яго памагатыя ўжо чакалі. Усё было падрыхтавана - завостраная сякера, побач жароўня, ў якой чырванелі чатыры распаленыя металічныя стрыжні. У той дзень павінны былі пакараць траіх асуджаных - аднаго за рабаўніцтва, дваіх за забойства. Ян забойцам не быў. Але такім было рашэнне Намесніка.
  
  Асуджаных прывезлі, як звычайна, у закрачаным фургоне. Узброеныя вінтоўкамі стражнікі падвялі іх да эшафота, падганяючы прыкладамі. Асуджаныя былі апрануты ў аднолькавыя турэмныя робы зелянява-шэрага колеру. Ян быў там. Я хацела, каб ён мяне ўбачыў. Хацела, каб ён ведаў, што я побач, што я яго не пакінула. Але ён не глядзеў на натоўп. Ён глядзеў у неба. Помню, неба тым ранкам было вельмі сіняе, з доўгімі ружаватымі аблокамі ля самага далягляду.
  
  Спачатку расправіліся з чалавекам, асуджаным за рабаўніцтва. Двое памагатых ката ўцягнулі яго на эшафот і падштурхнулі да каменнага блока накшталт нізкага стала. Асуджанага прымусілі пакласці на каменны блок абедзве рукі далонямі ўверх. Прыкруцілі, перахапіўшы запясці скураным рамянём. Кат узяўся за сякеру. Ён быў майстрам сваёй справы. Адзін узмах - і чалавека ўжо сцягваюць з эшафота, перацягваючы жгутамі яго знявечаныя абцінкі. Адсечаныя кісці рук ляжалі ў лужыне крыві, як крылы невядомай птушкі.
  
  Затым на эшафот уцягнулі забойцу. Не Яна. Іншага. Адзін з памагатых стукнуў яго ззаду, так што ногі яго падкасіліся, і ён паваліўся на калені. Другі заламіў яму рукі за спіну і пачаў сцягваць запясці рамянямі. Потым кат выцягнуў распалены жалезны прут з жароўні. На яго руку была нацягнута тоўстая скураная пальчатка. Звыклым жэстам кат абхапіў галаву асуджанага так, што твар яго павярнуўся да неба. Рукой у пальчатцы кат паднёс распалены прут да ягоных вачэй. Пачуўшы немыя ляманты з боку эшафота, я заціснула вушы далонямі і пайшла прэч, не разбіраючы дарогі. Я не бачыла, як усё гэта рабілі з Янам. Хаця мне варта было застацца. Хаця бы дзеля таго, каб паглядзець, куды адносяць целы пакараных на пласе. Я мусіла вярнуцца і забраць брата - жывога ці мёртвага.
  
   Братчыкі
  
  Я адшукала Яна толькі праз некалькі гадзін. Тых, хто выжыў на пласе, адносілі ў лякарню для жабракоў, якая размяшчалася ў тупіковым завулку непадалёк ад Гарматнай плошчы. Завулак той я знайшла не адразу - мне давялося двойчы спытаць дарогу ў мінакоў. Ад іх жа я даведалася, што адзін з асуджаных памёр падчас экзэкуцыі, не вытрымаўшы болю. Чалавек, якому адсеклі кісці рук, быў жывы, калі яго сцягвалі з эшафота. Значыць, альбо Ян, альбо той, іншы. Хтосьці з іх.
  
  Лякарня месцілася ў прысадзістым цагляным будынку, абсаджаным чэзлымі кіпарысамі. За хворымі прыглядвалі манашанкі з мясцовага кляштара. Тут панавала страшная нэндза. У паўцёмным калідоры востра пахла карболкай, фарба на сценах растрэскалася і звісала струпамі, а рассохлыя масніцы па-здрадніцку рыпелі і спружынілі пад нагамі. Дзверы ў агульную палату былі прыадчыненыя, і я разгледзела шэрагі вузкіх жалезных ложкаў, на якіх покатам ляжалі нерухомыя целы - мужчыны, жанчыны, старыя, дзеці, усе ў адным памяшканні. Гэта былі "звычайныя" хворыя. Пакараных на эшафоце трымалі ў асобным пакойчыку, які знаходзіўся ў самым канцы калідора. Аб такіх ніхто не клапаціўся. Іх проста кідалі на койку і сыходзілі. Некаторых потым забіралі сваякі. Некаторыя паміралі.
  
  Калі я ўвайшла, мяне ледзь не занудзіла ад спёртага паветра. Перш-наперш я кінулася да акна і разнасцежыла яго. Потым я агледзела пакойчык. Тут стаяла некалькі коек. Усе яны былі пустыя, апроч адной. На ёй ляжаў Ян. Жывы. Змярцвела-бледны, з закарэлай ад крыві павязкай на вачах. Яго калаціла, як у ліхаманцы, вусны былі абкусаныя. За ўвесь гэты час ніхто не падышоў да яго, каб хаця бы даць яму вады.
  
  Я хацела забраць яго дадому, але хутка зразумела, што справа безнадзейная. Сам ён не дойдзе, а без старонняй дапамогі я яго не дацягну. Але штосьці трэба было рабіць. Хаця бы змыць кроў з яго твару. Я вызірнула ў калідор і паклікала адну з манашанак. Сунуўшы ёй некалькі манет - балазе кашэль быў з сабой - я папрасіла прынесці цёплай вады і чыстых бінтоў. Потым я спытала, ці маюцца ў іх якія-небудзь лекі - абеззаражвальныя і для загойвання ран? Не, адказала яна, няма нічога, бо не маем сродкаў. Тады я аддала ёй увесь кашэль і загадала схадзіць да аптэкара і набыць усё неабходнае. Рахманая сястра падціснула вусны - пэўна, яна не прывыкла, каб ёй камандвалі ўсякія прасталюдзінкі - але кашэль узяла. Неўзабаве яна вярнулася са склянкамі і аптэчнымі прыналежнасцямі.
  
  Рэшта дня прайшла, як у пекле. Я сядзела каля ложка брата, трымаючы яго за руку. Час ад часу я размешвала ў шклянцы з вадой выцяжку кораня красаўкі і давала яму піць маленькімі глыткамі. Зелле заглушала боль і прыносіла забыццё. За расхінутым акном чуўся натужлівы гуд, па сценах пакоя паўзлі даўгаватыя цені. У небе над горадам плылі паветраныя караблі. Яны былі свінцовага колеру, іх тугія бакі ільсніліся, як рыбіна луска, а пад брухамі луналі на ветры барвовыя палотнішчы. Караблі плылі на паўночны захад. Тое, чаго ўсё так чакалі, адбылося. Усеўладарка кінула войскі на Дуумвірат.
  
  Зрэшты, аб Аўгусце я зараз не думала. Я спрабавала ўявіць, як мы будзем жыць далей. Працу ў карчме я страціла і новай, хутчэй за ўсё, ужо не знайду. Хутка мне не будзе чым заплаціць за кватэру. Значыць, мы з братам апынемся на вуліцы... Можна, канечне, сысці ў кляштар, да рахманых сясцёр. Такіх, як я, прымаюць ахвотна. Але хто тады будзе даглядаць Яна? Можна зрабіцца куртызанкай у вясёлым доме. Але колькі я там працягну? Год, два, пяць гадоў? "Публічныя дзяўчынкі" згараюць хутка, як свечкі. А што будзе з Янам?
  
  Спакваля за акном згусціўся змрок, і ў завулку запаліліся алейныя ліхтары. У пакойчыку мелася лямпа з выключальнікам, але святла я не запальвала. Сядзела ў прыцемку. Як гэта - жыць у цемры, думала я. Увесь час у цемры... Я здрыганулася, калі Ян загаварыў. Мне здавалася, што ён у забыцці. Ён расціснуў далонь. Я ўбачыла прадаўгаваты шкляны фіал памерам з пазногаць на вялікім пальцы рукі. Фіал мацаваўся да тонкага срэбнага ланцужка. Я ведала, што ў такіх капсулах захоўваюць атропас. Смяротны яд, адной кроплі якога досыць, каб забіць чалавека. "Адкуль гэта?" - спытала я. Ян сказаў, што да яго прыходзілі. Адзін чалавек. Незадоўга да мяне. Ён не назваў свайго імя і гаварыў як быццам у каўнер, нібыта імкнучыся змяніць свой голас. Але Ян яго пазнаў. Валога. Алех Валога. Брат Берэніс. Той самы, агент Канцылярыі, помніш? Яшчэ б не помніць. Ну і каламутны жа тып. Прыпёрся ў жабрацкую лячэбніцу, каб перадаць Яну капсулу з атропасам. Выконваў чыйсьці загад? Альбо гэта яго асабістае рашэнне? Вырашыў збавіць ад пакут няўдалага забойцу... Зрэшты, атруты тут дастаткова, каб забіць дваіх. У той момант мне здавалася, што смерць будзе найлепшым выйсцем для нас абаіх. І для мяне, і для Яна.
  
  Потым я пачула, як у цемры пад акном нешта зашастала. Мне здалося, што гэта нейкая жывёла. Зараз палезе ў хату. Толькі гэтага не хапала. Я падышла да акна і збіралася ўжо зачыніць яго, але нечакана ў аконную раму ўчапілася нечая рука з доўгімі пальцамі. Потым над падваконнікам з'явілася галава з ускалмачанымі валасамі. Я разгледзела ў прыцемку круглявае аблічча, абсыпанае вяснушкамі. Зусім малады хлопец, гадоў шаснаццаці, не больш. На ім была зрэбная світка і вышываная кашуля, ў якіх ходзяць вяскоўцы.
  - Ты Літа? - спытаў ён.
  - Так... - я кіўнула.
  Хлопец падцягнуўся на руках і ўсеўся на хісткім падваконніку.
  - Хлусік я, - сказаў ён. - Ну, Памва. Ты Стаха ведаеш? Дык вось мы ад яго. А ў цябе тут як быццам непрыемнасці?
  Гаварыў ён на "псаванай рамейскай", увесь час укручваючы слоўцы з тутэйшай мовы.
  - Пачакайце... Вы - гэта хто? - спытала я.
  - Мы - гэта Братчыкі, - адказаў ён напаўголасу і па-змоўніцку ўсміхнуўся.
  - Што за свінюшнік вы тут развялі, а, божыя людзі? - пачулася ў калідоры. - Ад гразі падэшвы да падлогі ліпнуць. І смярдзіць тут, як у трупярні. Гэта як разумець?
  Гаварылі на найчысцейшай рамейскай. Хвосткая, вастракутная мова Імперыі гучала, як удары пугай. Так размаўляць можа толькі ўраджэнец Царгорада.
  - Санітарнага наглядчыка на вас няма! А лепей падатковага. Ахвяраванні куды падзелі, у вас пытаюся? Ігуменні на майткі? Ну, чэрці!..
  Дзверы расхінуліся, і на падлогу ўпала пляма святла з калідора.
  - Вэл? - выгукнула я, зірнуўшы на чалавека, які стаяў на парозе.
  - Прывітанне, крамольніца, - прагаварыў ён, усміхнуўшыся куточкамі вуснаў.
  Вэл Йорхас. Вось ужо каго не чакала тут убачыць. Выглядаў ён значна лепш, чым падчас нашай першай сустрэчы. Помніцца, тады ўся фізіяномія была ў кровападцёках.
  - Давай, Літа, збірайся. Паедзем, - сказаў ён.
  - Куды?
  - Дык да Братчыкаў, - адказаў замест яго Памва-Хлусік. Ён сядзеў, разгойдваючыся, на падваконніку. Гнілаватая дошка небяспечна рыпела і трашчала.
  - Пачакайце... Йорхас, не! Нікуды я не паеду, - сказала я цвёрда.
  Я вырашыла, што яны збіраюцца забраць мяне, а Яна кінуць тут. Гэта было цалкам выключана.
  - Лухта, - сказаў Йорхас.
  Ён наблізіўся да койкі, на якой ляжаў Ян, і схіліўшыся, зазірнуў яму ў твар.
  - Што, братка, атрымаў пожагам у вока? - прагаварыў ён нягучна, - Непрыемна, ведаю. У мяне сябар ад гэтага сканаў.
  Йорхас рыўком падняў яго з койкі і паставіў на ногі, прытрымліваючы за плячо.
  - Вось так. Пайшлі! - сказаў Йорхас і павалок яго да выхаду.
  Я падхапіла бінты і склянкі - яшчэ спатрэбяцца - і паспяшалася ўслед за імі. Краем вока я бачыла, як Хлусік саскочыў з падваконніка на вуліцу і знік у цемры. Калі мы ішлі па калідоры, рахманыя сёстры спалохана ціснуліся да сцен і праводзілі нас доўгімі позіркамі.
  
  Выбраўшыся з тупіковага завулка, мы перасеклі вузкую, бязлюдную вулачку, нырнулі пад цёмную арку паміж дамоў і апынуліся ў нейкім завуголлі. Там нас чакала машына з патушанымі ліхтарамі. За ветравым шклом віднеўся сілуэт кіроўцы. Пад аркай я разгледзела дзве постаці - Хлусік і хударлявы чарнавусы мужчына, апрануты ў скураную куртку. На плячы ў яго вісела важкая сумка накшталт тых, з якімі ходзяць разносчыкі газет.
  - Літа, гэта Коган. Ён з Сумрадзі, - паведаміў Хлусік.
  Чарнавусы ўсміхнуўся.
  - Вельмі рады, Літа. Я чуў пра вас.
  - Давайце хутчэй, - прагаварыў Йорхас.
  Рамеец падцягнуў Яна да машыны і заштурхнуў яго на задняе сядзенне. Сам ён размясціўся наперадзе побач з кіроўцам.
  - Паязджайце ўжо, - сказаў Хлусік, - А то Канцылярыя не дрэмле!
  - А вы не едзеце? - спытала я.
  - У нас яшчэ справы ў горадзе, - адказаў Коган, паляпаўшы далонню па сумцы. - А тамака на перакладных. Нічога, нам не ўпершыню. А, дарэчы...
  Ён сунуў руку ў сумку, выняў адтуль аркуш паперы з надрукаваным тэкстам і працягнуў мне.
  - Улётачка вось, - сказаў ён. - Пачытаеце, калі будзе час.
  Я зірнула на ўлётку. У цемры я не разабрала літар, але выразна ўбачыла чарнільную пячатку ўнізе аркуша. Васьміканцовая зорка. Васьмірог. Нічога крамольнага. Вельмі старажытны знак.
  - Дзякуй, Коган. Абавязкова пачытаю, - паабяцала я.
  Салон машыны быў цесны, з нізкай столлю і цвёрдымі сядзеннямі, абцягнутымі дывановай тканінай. Звычайны самаходны экіпаж без вынаходстваў. Я ўладкавалася на заднім сядзенні побач з братам. Узяла яго за руку, сціснула. "Усё будзе добра, Ян, - прашаптала я. - Усё будзе добра".
  
  Кіроўца працягнуў руку да прыборнай панэлі і шчоўкнуў выключальнікам. У салоне запалілася святло. Цяпер я магла яго разглядзець - ладны каржакаваты мужычок гадоў сарака пяці, апрануты ў фантастычнае рыззё. Шэрыя ў палоску штаны, ажынавы пінжак, з-пад якога выглядвала атласная камізэлька колеру балотнай раскі і шырокі гальштук у сінія і памяранцавыя разводы. Вобраз давяршаў картуз, зухавата ссунуты на бок. У такой вопратцы любяць фарсіць кантрабандысты-прафесіяналы з Луннічкі.
  - Йорхас, ты ж нас не прадставіў, - сказаў кіроўца. - Войцах Гарэза. Луннічка. Гандлёвыя перавозкі. Маё шанаванне!
  Ён жартаўліва ўзяў пад брыль картуза.
  - Вы таксама ад Воўчака? - спытала я.
   Войцах пакруціў головой.
  - Э, не. Воўчак у мяне партыю вінтовак закупляў, была справа. А так не, я ў гульні іхнія не гуляю. Крамольнічкі, каб іх халера, - Войцах ціхенька засмяяўся і павярнуў рычаг пад прыборнай дошкай. Завурчэў рухавік.
  Вось дык справы, падумалася мне. І адкуль толькі ў Сташака грошы? Бедны шкаляр... Трохі пакружыўшы па ўскраінных вулачках, мы перасеклі чыгуначнае палатно і выехалі на гасцінец. Дарога была пустая - ні машын, ні омнібусаў. Наўкол да самага далягляду цягнуліся рапсавыя палі.
  - А вы ведаеце, што з рапсу робяць выбухоўку? - навошта спытаў Войцах.
  Яму ніхто не адказаў.
  - Кажуць, што вайна скончыцца вельмі хутка, - працягваў Войцах. - Спрэчныя тэрыторыі. Ну ведаеце, частка Сумрадзі і кавалак Разлогу, якія адышлі Дуумвірату пасля Ўз'яднання. Нейкая сотня-другая міль. Дуумвірат і Братэрства не стануць за гэта ваяваць, так аддадуць. Дзеўкі ў нагавіцах, што з іх за ваякі?
  - І ўсёткі ў памежжа табе лепш не вяртацца. Пакуль што, - сказаў Йорхас.
  Войцах кіўнуў.
  - І тое праўда. Калі нашы рушаць на Дуумвірат, там будзе бойня. Эверонцы цяпер злыя, як сабакі. Чулі навіны? Сёння паветраныя караблі разграмілі парачку іхніх гарнізонаў. Ушчэнт. Атака з неба, прыгожае, мусіць, відовішча.
  - Вар'яты... - прагаварыла я.
  Мы праехалі яшчэ пару дзясяткаў міль, калі наперадзе паказаліся агні пражэктараў. Па гасцінцы рухалася калона ваеннай тэхнікі. Хуткаходныя колавыя браневікі шчацініліся стваламі гармат. Няўклюдныя "рухомыя крэпасці" паўзлі, ляскаючы гусеніцамі і вырыгваючы клубы едкага дыму. Цяжкія дальнабойныя машыны транспартаваліся на гусенічных платформах. У святле пражэктараў барвавелі сцягі Імперыі.
  - Во, відалі? - сказаў Войцах, тыцнуўшы пальцам у ветравое шкло. - На вайну ідуць. Героі.
  Ён крутануў стырно, і мы павярнулі на грунтавую дарогу, што стужкай вілася сярод палёў. Машыну адразу ж затрэсла на калдобінах. Так, гэта не па гасцінцы ехаць... Мінуўшы рапсавыя палі, мы апынуліся на пляскатай раўніне з параскіданымі там і сям гаямі і ляскамі, якія здаваліся ў начной цемрадзі суцэльнымі згусткамі чарноцця. Час ад часу за вокнамі мільгалі астраўкі жаўтлявага электрычнага святла - жылыя пасёлкі. Нарэшце апошнія прыкметы цывілізацыі засталіся ззаду, і ўздоўж дарогі пацягнуліся хвойныя лясы і балоцістыя пусткі, зарослыя асотам і вербамі. Шлях ляжаў на поўнач. Да мора.
  
  Некалькі разоў я правальвалася ў сон - кароткі, цяжкі, без мрояў. Я ўсёткі страшна стамілася за гэты дзень. Аднойчы я заснула даволі надоўга, і калі прачнулася, то ўбачыла, што Войцах Гарэза перамясціўся на сядзенне справа. Ён спаў, адкінуўшыся на спінку крэсла, а за стырном сядзеў Вэл Йорхас. У машыне было горача, і Йорхас скінуў куртку, застаўшыся ў кашулі-саколцы без рукавоў. Пры святле лямпачкі я разгледзела дзіўную адмеціну на яго правым перадплеччы - лічбы і літары. "Ф.А.8-16".
  Ян штосьці гаварыў. Вельмі-вельмі ціха. Я схілілася да яго.
  - Што, Ян?
  - Ён мае колер. Барвовае на чорным. Як сполахі. Гэта вельмі дзіўна...
  Ян замаўчаў. Я асцярожна абняла яго, прыхінула да сабе.
  - Усё будзе добра, - сказала я. - Паспі. Пастарайся заснуць.
  Далей мы ехалі моўчкі. Цішыню парушаў толькі гуд рухавіка. Я ведала, што хутка ўбачу Сташака. Але я нічога не адчувала. Ні радасці, ні хвалявання. Нічога. Усе пачуцці быццам памерлі, заледзянелі. Прыхінуўшыся да акна, я глядзела на начное неба, поўнае зорак. Наперадзе было мора.
  
   Мярцвячы Ярок
  
  Лясная рэзідэнцыя Намесніка, негалосна празваная 'Мярцвячым Ярком', была агорнута цемрай. Нават у гасцінай зале, дзе толькі што знаходзіліся тры чалавекі, панаваў змрок. Адзінай крыніцай святла тут служыў камін, у якім палала, патрэскваючы, бярозавае паленне. У крэсле перад камінам сядзеў Міка Венд, прэфект Паўночнай Правінцыі. Абапёршыся аб разныя падлакотнікі і паклаўшы падбароддзе на счэпленыя пальцы рук, ён задуменна глядзеў на агонь. На яго бледных шчоках скакалі чырванаватыя водсветы. Твар Намесніка заставаўся непранікальным, нішто не выдавала ў ім ні гневу, ні ўсхваляванасці - толькі дзіўнаватая, ледзь заўважная ўсмешка таілася ў куточках ягоных вуснаў. У паветры пахла порахам. Каштоўны дыван пад нагамі Намесніка быў запырсканы крывёй, а пад высокай столлю з перакрыжаваными бэлькамі, здавалася, усё яшчэ лунала рэха стрэлу. Алех Валога, агент Тайнай Канцылярыі, стаяў насупраць Намесніка, сціскаючы ў руцэ парабелум. Маўчанне было невыносным, але Шпег не наважваўся загаварыць першым.
  - Хвацкі ж ты, Валога, - вымавіў, нарэшце, Намеснік. - А такая была задушэўная гутарка. Шкада.
  - Вінаваты, Ваша Мосць. Капсула, - адчаканіў Алех Валога.
  - Ды бачыў я, бачыў. Не апраўдвайся, - прагаварыў той бясколерным голасам. - У любым выпадку сказаў бы ён не больш, чым мне і так ужо вядома.
  Яны абодва паглядзелі на знежывелае цела, якое ляжала на падлозе тварам уніз. Мярцвяк быў апрануты ў чорную уніформу Канцылярыі. Фуражка са срэбнай эмблемай зляцела з яго галавы, у патыліцы зеўрала дзірка. Сэт Сфага, начальнік службы бяспекі Правінцыі. Другі чалавек пасля прэфекта. Фанабэрысты рамеец, ён нават на парозе смерці не адступіўся ад сваіх замашак. Глядзеў на іх, семгальцаў, як на быдла. І Намесніку смяяўся проста ў вочы. 'Спытай у куратара, Міка! Ён жа быў у цябе ў руках. Што, упусцілі? Які жаль...'
  'Пляваць мне на вашых куратараў. Хто галоўны лялькавод? Ну, адказвай,' - патрабаваў Намеснік.
  'Табе дастаткова ведаць, што чалавек гэты ў Цытадэлі. І ты яго не спыніш, Міка!..'
  Потым адбылося ўсё вельмі хутка. Намеснік на імгненне адвярнуўся - звонку галіна заскрэблася ў акно, прымусіўшы яго здрыгануцца. Сэт скарыстаўся гэтай паўзай. Маланкавым рухам ён выхапіў капсулу з атропасам - з рукава, ці што? - і паднёс яе да вуснаў. Але Валога зрэагаваў хутчэй. Усадзіў Сэту свінец ў галаву, перш чым той паспеў разгрызці капсулу. Усё роўна гэта бы нічога не змяніла. Але прыемна было ўсведамляць, што памёр гэты рамеец не ад яду, а ад кулі Алеха Валогі.
  - Суцэль зразумела, што за ўсім гэтым стаяць людзі з Цытадэлі. Змоўшчыкі. Ворагі Аўгусты. Разлік іх ясны. Бунты ў правінцыях аслабяць армію. Гэта пацягне за сабой ваенныя няўдачы, якія яшчэ больш раззлуюць народ. Незадаволенасць уладай будзе няўхільна расці. У такіх варунках падняць мяцеж у Царгорадзе - справа адной хвіліны. А потым пераварот і змена кіраўніцтва. Сінкліт ухваліць любую кандыдатуру, калі гэтых маразматыкаў падмазаць як след. А грошы ў кандыдата ёсць, гэта відавочна. Але хто ён? Валога, ёсць меркаванні? - спытаў Намеснік, зірнуўшы на Шпега.
  - Ніяк не, Ваша Мосць, - адчаканіў той.
  - Я так і думаў.
  Намеснік павярнуўся да каміна і замоўк, утаропіўшыся на распаленыя галавешкі, якія пераліваліся лалавым і, пасвістваючы, сыпалі іскрамі. Аблічча яго здавалася абыякавым, аднак ад пільнага вока Шпега не схавалася ні страшэнная бледнасць Намесніка, ні пакутлівыя зморшчынкі каля вуснаў, ні глыбокія цені ў яго пад вачыма. Пэўна, Яго Мосць зноў мучыць бяссонне, разважаў Валога. І дурныя сны. Так, сны. Берэніс расказвала. Яе ўмілаваны мужанёк вые па начах так, быццам яго схапілі чэрці. Намесніка душаць кашмары. Дакладней, адзін і той жа кашмар, які паўтараецца зноў і зноў. Барвовыя плыні, берагі з загусцелай крыві і масты з чалавечых костак, перакінутыя над вірамі. Неба чорна-барвовае, на другім беразе крывавай ракі ўзвышаюцца жалезныя скалы, якія маюць зубы і вочы, а ў рацэ, па калена ў крывавых патоках, блукаюць несупакоеныя мерцвякі, і з некаторымі з іх Намеснік быў знаёмы пры жыцці... Берэніс кажа, што ён вар'ят. Магчыма. Але як жа кепска ўсё атрымалася, як кепска! І не кажы, Алех, што ты тут ні пры чым. Яна дзялілася з табой сваімі планамі. А ты нічога не зрабіў. Не думаў, што яна пойдзе да канца... Вось гэта пагана, што ты не думаў, Алех. Агент Тайнай Канцылярыі думаць павінен заўсёды. І пажадана, галавой.
  - Аўгуста ўжо ведае пра змову. У Цытадэлі распачаліся чысткі. Магчыма, ён запанікуе і зробіць памылковы крок, чым сябе і выдасць. І тады я адпраўлю Аўгусце ягоную галаву ў куфэрачку. Як каліф Унсанід калісьці. Ведаеш гэты анекдот, Валога? Калі Аўгусце даслаць галовы ўсіх яе нядобразычліўцаў, ёй прыйдзецца адчыняць мясную крамку, хм.
  "Мяркуеце, гэта верне вам яе прыхільнасць, спадар Намеснік?" - падумаў Валога. Уголас ён гэтага, вядома ж, не вымавіў. Міка Венд цяжка падняўся з крэсла. Пастаяў, безуважліва гледзячы на нежывое цела, распасцёртае на дыване. На твары яго раптам з'явілася іранічная ўсмешка.
  - Здавалася б, я ведаю ўсіх, хто спіць з маёй жонкай, - сказаў ён, пасмейваючыся. - Але тут, прызнацца, быў здзіўлены. Начальнік службы бяспекі, гэта ж трэба. Адзін са змоўшчыкаў і асабісты вораг Усеўладаркі. Прыбярыся тут, Валога.
  Пераступіўшы цераз цела забітага, Міка Венд накіраваўся да выхаду. Чортаў Сямішка, думаў Валога, праводзячы Намесніка позіркам. Вось толькі яго тут не хапала. У такі час... Змова, вайна, пагроза палацавага перавароту. А тут яшчэ гэты смаркач са сваімі ўзнёслымі ідэямі. Палез, разумееце, у логава цмока, біцца за каханую. Ідыёт. Балазе Намесніка гэта толькі пазабаўляла. І на шчасце, Берэніс засталася па-за падазрэнняў. Гэты дурань усё ўзяў на сябе. Маўляў, прыраўнаваў проста, і не за грошы, а з асабістых пабуджэнняў. І Берэніс туды ж: "Не ведаю я яго, упершыню бачу! Хто вінаваты, што Яго Мосць набірае ў ахоўнікі ўсякую набрыдзь з казармаў? А потым яны дазваляюць сабе брудныя фантазіі з...маім удзелам! Гэта агідна, брыдка, я адчуваю сябе так, быццам мяне згвалцілі!" Атож. Сястрычка заўсёды была таленавітай акторкай. А яго шкада, усёткі. Гэта ж трэба так схібіць...
  
  Намеснік выйшаў, шчыльна прычыніўшы за сабой дзверы. Застаўшыся ў адзіноце, Алех Валога некаторы час стаяў нерухома, утаропіўшыся на мерцвяка, які ляжаў каля яго ног. Прыйшоўшы да ўлады дванаццаць гадоў таму, Намеснік прыняўся будаваць сабе рэзідэнцыі па ўсёй правінцыі - як правіла, у мясцінах маляўнічых і прыемных для жыцця і адпачынку. Але рэзідэнцыя 'Мярцвячы Ярок' была выключэннем. Размяшчалася яна ў яловым гушчары, у добрай сотні міль ад сталіцы. Лес, што акружаў рэзідэнцыю, быў кепскі - ярысты ды забалочаны, непрыдатны ні для палявання, ні для конных прагулак. І, акрамя таго, па лесе шасталі гулі. Ва ўсякім разе, так сцвярджалі тутэйшыя. Алех Валога пакуль што не сустракаў ніводнага, аднак ён цалкам дапускаў, што гэтыя пачвары могуць абівацца вакол рэзідэнцыі. Відавочна, іх прыцягваў няўлоўны трупны смурод, які падымаўся над ярам ля паўночнай сцяны маёнтка. Уласна кажучы, гэты яр спадар Намеснік і празваў 'Мярцвячым'. Па-шчырасці, Міка Венд не адрозніваўся асаблівым досціпам і быў начыста пазбаўлены пачуцця гумару, але тут ён трапіў у яблычак. Яшчэ ў часы міжусобіцы гэта глыбокая, незразумелага паходжання расколіна з падтопленых дном зрабілася брацкай магілай для паўсотні местачкоўцаў, якія са зброяй у руках паўсталі супраць інтэрвентаў з паўднёвага ўсходу. Потым вайна скончылася, і праз некаторы час у яры зноў пачалі закопваць целы. У Намесніка заўсёды было шмат нядобразычліўцаў. Змоўшчыкі, рэнегаты, асабістыя ворагі Аўгусты. Усе яны рана ці позна бясследна знікалі. Зрэшты, не так ужо і бясследна. Алех Валога мог бы сёе-тое расказаць на гэты конт. У багністых нетрах яра хавалася шмат непрыгожых таямніц. Што ж, зараз да гэтых таямніц дадасца яшчэ адна. Мярцвячы Ярок умее захоўваць сакрэты.
  
  Упёршыся ботам у знежывелае цела, Валога штуршком перавярнуў яго на спіну. Вочы рамейца былі шырока расхінуты, ашклянелы позірк скіраваны ў столь. Схіліўшыся над забітым, Валога прыняўся пільна ўзірацца яму ў твар. Так і ёсць. Вочы як быццам пабляклі. Цяпер гэта колер не базальту, але сталі ці волава. Як у тутэйшых прыморцаў.
  - Цікава. Сапраўды, вельмі цікава, - прагаварыў Шпег напаўголасу. Затым, працягнуўшы руку да твару мерцвяка, ён асцярожна закрыў яму вочы. Назаўсёды.
  
  Жалезны Цмок
  
  - Хадзем, хадзем, - Памва-Хлусік крануў мяне за плячо. - Зараз тут будзе натоўп жаўнераў. Воўчаку трэба сказаць.
  Я адвярнулася ад мора і Цёрну і спусцілася з выдмы ўслед за Хлусікам. Ён крочыў наперадзе, трохі схіляючыся пад цяжарам трафеяў. За яго спіну былі закінутыя дзве вайсковыя вінтоўкі, трэцюю ён нёс у руцэ, а ля пояса ў яго віселі дзве сумкі з патронамі. Апроч таго, ён зняў з патрульных штыкавая нажы і флагрумы, аддаўшы іх мне. У лагеры ўсё спатрэбіцца. "Улоў" атрымаўся нядрэнны, аднак Памву гэта зусім не ўсцешвала. Выгляд у яго быў змрочны. І не дзіва. Па-першае, ён так і не дабраўся да свайго "цмока". Па-другое, мы наляцелі на патруль і ўлажылі двух салдат. Вось гэта было сур'ёзна. Хутчэй за ўсё, вайскоўцы пачнуць прачэсваць лес, і мы змушаны будзем спешна згортваць лагер і адыходзіць далей у пушчы і балоты. У апошні час мы толькі і робім, што адыходзім. Калі мы перасякалі лясную дарогу, я зноў зірнула на машыну, якая стаяла ля ўзбочыны.
  - Вось цікава, - сказала я, - А на ёй можна прабіць агароджу і прарвацца да мора?
  Хлусік пакруціў галавой.
  - Не. Аднойчы я бачыў, як такая штукенцыя наляцела на Цёрн. Патрульныя пачалі трэсціся, як у падучай, а потым усё загарэлася. Ну, потым панаехала яшчэ машын, з іх повыскоквалі жаўнеры і яшчэ гэтыя, ратаўнікі. Хаця толку ад іх ужо ніякага. Вось тады яны і згасілі Цёрн. Часова, каб сцягнуць машыну з агароджы і выкалупаць адтуль мерцвякоў.
  Хлусік размаўляў у сваёй звычайнай манеры, дапамагаючы сабе размашыстымі жэстамі, калі апісваў асабліва маляўнічыя сцэны.
  - Яны забралі целы, а згарэлую машыну ўчапілі на трос, - працягваў Хлусік. - Потым яны сышлі, і Цёрн запаліўся зноў. Вось тады я і зразумеў, што Цёрн можна выключыць. Толькі не мог сцяміць, як гэта зрабіць. Пакуль Ян мне не сказаў.
  Падчас адной са сваіх вылазак у лес Хлусік знайшоў Жалезнага Цмока. Ён так гэта называў. Спачатку ён заўважыў за дрэвамі прастакутную пляцоўку, абнесеную высокай агароджай з вапняковых пліт. За агароджай чулася вантробнае гудзенне, і яшчэ там штосьці трашчала. Падышоўшы бліжэй, Хлусік зазірнуў у шчыліну паміж плітамі і ўбачыў Жалезнага Цмока, які сядзеў проста пасярод пляцоўкі. З ягонага чэрава цягнуліся доўгія жалезныя ніткі і закручваліся ў мудрагелістыя спіралі, а з глоткі вырываўся сіні агонь і з трэскам разбягаўся па нітках. Хлусік мог бы лёгка пераскочыць цераз агароджу і падысці да Цмока, каб разглядзець яго як след, але ён шчыра прызнаўся, што яго спыніў страх. Вантроба Цмока гудзела, а паветра вакол яго дрыжэла, як над нагрэтымі камянямі ў спякотны дзень. Здавалася, быццам сама Смерць плавае ў паветры паміж ніткамі. Хлусік пэўна зваліўся бы мёртвы, калі бы толькі сунуўся туды.
  
  Я ўжо не спадзявалася, што калі-небудзь зноў убачу, як мой брат усміхаецца. Але калі Хлусік распавёў пра "цмока", Ян пачаў рагатаць. 'Генератар, - ледзь вымавіў ён паміж прыступамі смеху. - Ёлуп ты сельскі. Гэта ж генератар!' Смерць не плавае ў паветры, смерць усярэдзіне нітак. А абгароджаная пляцоўка - гэта станцыя, тлумачыў Ян. Такія станцыі размешчаны ўздоўж усяго ўзбярэжжа. Яны-то і сілкуюць Цёрн, накіроўваючы ў яго смяротны агонь. Генератары працуюць на самерытавых стрыжнях. Калі з генератара выцягнуць стрыжань, ён заглухне, і тады ўчастак Цёрну працягласцю ў некалькі міль згасне. А згаслы Цёрн не больш небяспечны, чым звычайны калючы хмызняк.
  
  Памва-Хлусік слухаў вельмі ўважліва. Не ведаю, ці шмат ён зразумеў з аповеда Яна, але адно ён засвоіў цвёрда: Жалезнаму Цмоку можна распароць бруха і выдраць яго чорнае сэрца. І тады Цёрн памрэ. У Хлусіка адразу ж нарадзіўся план: прабрацца на станцыю і паспрабаваць адключыць генератар. А потым, калі ўсё атрымаецца, прадрацца скрозь Цёрн і выйсці да мора. 'Ну, выйдзеш. А потым што?' - пацікавіўся Ян. Хлусік не ведаў. Далей ягоныя планы пакуль што не распаўсюджваліся. Ян смяяўся. Той дзень прайшоў добра.
  Мне здалося тады, што Ян пачынае патроху ажываць. Але потым быў новы дзень, Ян зноў ляжаў тварам да сцяны, а я была ў адчаі. Калі Хлусік паведаміў, што ідзе ў лес збіраць стрэляныя гільзы, я напрасілася яму ў спадарожнікі. Праўду кажучы, мне проста хацелася збегчы. Апошнім часам я ўсё часцей кідала Яна ў намёце аднаго. Надоўга. Кожны раз, вяртаючыся, я чакала знайсці яго мёртвым з капсулай у зубах. Часам я сама гатова была яго прыкончыць. Лепей так, чым назіраць за яго павольным згасаннем. Я ненавідзела сябе за такія думкі. Але што я магла зрабіць? Надзеі ў мяне больш не засталося. І сіл таксама. Таму я махнула на ўсё рукой і пайшла ў лес збіраць гільзы.
  
  Братчыкі ўзброены былі вельмі дрэнна, таму ў лагеры цанілася ўсё, чым можна страляць, сячы і калоць. У тым ліку стрэляныя гільзы. Іх пераплаўлялі на балты для самаробных арбалетаў. Арбалеты былі не такія дзейсныя, як вінтоўкі, але пры правільным абыходжанні білі напавал. Аднак, як высветлілася, гэтым разам гільзы Памву не цікавілі. Ён шчыра схлусіў Воўчаку, што ідзе шукаць боепрыпасы. Насамрэч Памва ішоў біцца са сваім Цмокам. Ён і мяне не вельмі хацеў браць у спадарожнікі. "Герой заўсёды змагаецца з цмокам сам-адзін", - сказаў ён сур'ёзна. А потым мы сустрэлі ваенны патруль і да логава цмока так і не дайшлі. Заладзіўся дзянёк, нічога не скажаш.
  
  Зараснікі хвойніку скончыліся, і пачалося багнішча. Мы цягнуліся па зыбкай глебе, часам правальваючыся ў дрыгву ледзь не па пояс. Але пад пластом твані ўтойвалася цвёрдая сцяжынка, аб якой ведалі толькі Братчыкі. Сцяжынка вяла ў лясны стан.
  
  Шпегі і Ахоўнікі рабілі ўсё, каб людзі баяліся, каб не асмельваліся ўзняць голас супраць улады. Але пасля расстрэлу плошчы раптам шуганула, і пажар гэты бушуе аж дагэтуль. Ужо палова Правінцыі ахоплена бунтам. Людзі бягуць у лясы і далучаюцца да паўстанцаў. Наш лясны стан быў далёка не адзіны.
  
  Калегія Праўды мусіла даць гэтаму нейкае тлумачэнне. Напачатку Ахоўнікі ва ўсім вінавацілі Дуумвірат. Братчыкі, маўляў, існуюць на грошы нягоднікаў-эверонцаў - якія, як вядома, спяць і мрояць, як бы спаліць Царгорад і станьчыць 'ойру-ойру' на руінах Цытадэлі. Цяпер, аднак, з Дуумвіратам заключана мірнае пагадненне, і эверонцаў моцна лаяць ужо нельга. Вось тады Ахоўнікі і ўспомнілі пра змеепаклоннікаў. Тых самых недавяркаў, якія збеглі ў Паўночную Багну ў першы год Уз'яднання, калі Міка Ахмістрыньчык зрабіўся Намеснікам. Ва ўсім вінаватыя змеепаклоннікі, казалі Ахоўнікі. Ерасі ды бунты зараджаюцца ў Паўночнай Багне. Гэтыя фанатыкі, падобна балотным гадзюкам, выпаўзаюць з дрыгвы і блукаюць па зямлі, шыпячы ды нашэптваючы, сеючы ерась і бянтэжачы добрых людзей...
  Лухта.
  Не ведаю, ці верыў хто-небудзь у гэтыя байкі. Злашчасныя змеепаклоннікі ўжо самі амаль што сталі легендай. Ніхто не ведаў, што дзеецца сярод паўночных балот. Некаторыя людзі, даведзеныя да адчаю, сыходзілі ў Багну, але адтуль яшчэ ніхто не вяртаўся. Мажліва, Паўночная Багна ўвогуле бязлюдная, і там няма нічога, акрамя тарфяных палёў ды гіблых прорваў. Цяпер мы самі прыпадобніліся да змеепаклоннікаў, хаваючыся ў лясах і на балотах. З той толькі розніцай, што Багна недасягальная, а да лагера мяцежнікаў дабрацца не так ужо складана. Нас вельмі лёгка было знішчыць.
  
  Наперадзе замаячылі няўклюдныя назіральныя вышкі, так-сяк збітыя са старых дошак і танклявых, выгнутых ствалоў балотных дрэў. Скрозь мроіва, якое ўзнімалася над багнішчам, праступілі абрысы нацягнутых тэнтаў. Пацягнула дымам вогнішчаў. Лагер Братчыкаў.
  
  Лясны стан размяшчаўся на сухой выспе пасярод балот. У нашым 'войску' налічвалася каля дзвюх соцень чалавек, узброеных хто чым: крэмневымі стрэльбамі, трафейнымі вінтоўкамі, сякерамі і шаблямі, зробленымі са звычайных сялянскіх кос. Узначальваў гэтае 'войска' Стах Воўчак. Сташак. Якую ролю тут выконваў Вэл Йорхас, я дакладна не ведала. Ясна было, што сам ён не з Братчыкаў. У лагеры ён з'яўляўся толькі час ад часу, нядоўга гутарыў са Сташакам і знікаў зноў. Памва сказаў аднойчы, што Йорхас тут ад кантрабандыстаў. Прадстаўнік і перагаворшчык. Неяк так. І гэта важна. У кантрабандыстаў Братчыкі куплялі зброю і боепрыпасы. Калі было чым заплаціць, вядома.
  
  Калі мы вярнуліся ў лагер, Памва адразу ж пабег да Воўчака - дакладваць аб становішчы спраў. Ну і трафеямі пахваліцца. Я накіравалася да паходнага намёта, які размяшчаўся ў глыбіні лагера. Мой дом цяпер тут. Ля ўваходу стаяла бодня з вадой, у якой плаваў драўляны коўш. Я заўважыла кроў у сябе пад пазногцямі. Зачарпнуўшы вады, я змыла кроў з пальцаў і ўвайшла ў намёт. Вокнаў тут не было, але нацягнутая тканіна прасвечвала, і ў намёце было даволі светла. На зямлю былі кінуты цыноўкі, сплеценыя з трыснягу. На цыноўцы, адвярнуўшыся тварам да сценкі, ляжаў Ян. Калі я ўвайшла, ён зварухнуўся і прыўзняўся на локці.
  - Літа? - спытаў ён напаўголасу.
  - Так, - адказала я.
  У прыцемку я разглядзела яго шэрае аблічча. Палатняная павязка закрывае вочы. Яго цёмна-русыя валасы, калісьці коратка абрэзаныя, адраслі і спадаюць на лоб зблытанымі пасмамі. Ён нервуецца, калі ў намёт заходзяць староннія. Не хоча, каб яго бачылі. Нядаўна ён спытаў мяне, ці вельмі моцна абязвечана яго аблічча. Не, не вельмі. Кат пашкадаваў. Я адчувала страшэнную стомленасць. Зняўшы вінтоўку з пляча, я павалілася тварам уніз на цыноўкі. З-пад локця зірнула на брата.
  - Ты як? - спытала я. - Вады хочаш?
  - Калі я захачу вады, то пайду і вазьму, - адказаў Ян. У ягоным голасе чулася ўпартасць. Ён часам даваў мне зразумець, што не такі ўжо ён бездапаможны і можа сам аб сабе паклапаціцца.
  - Дык што ў вас там? - Ян прыўзняўся і сеў, абхапіўшы калені рукамі. - Атрымалася з генератарам?
  - Не, - адказала я.
  Я расказала яму ўсё, утаіўшы толькі тое, што я ва ўпор застрэліла жаўнера. Калісьці Ян не здолеў стрэліць чалавеку ў твар. Я здолела.
  - Воўчак ведае? Пра патрульных? - спытаў Ян, калі я скончыла свой аповед.
  Я моўчкі кіўнула. Потым, спахапіўшыся, што Ян не бачыць, вымавіла ўслых:
  - Ведае. Хлусік пайшоў адчытвацца.
  Ян заўсміхаўся.
  - Дарма я яму сказаў. Ён жа цяпер не супакоіцца. Ёлуп сельскі.
  Але ўсмешка яго хутка згасла. Ян апусціў галаву на рукі і замоўк. Я глядзела на яго, і сэрца маё сціскалася. Ад майго брата застаўся толькі цень. Ён стаў вельмі замкнутым. З ім часта здараліся прыступы нейкай тужлівай абыякавасці, калі ён дні напралёт ляжаў тварам да сцяны, не рэагуючы ні на словы, ні на дотыкі. Расштурхаць яго мог толькі Памва-Хлусік. Я не ведала, як гэта ў яго атрымоўвалася. Памва проста гутарыў з ім. Расказваў гісторыі са свайго жыцця, палова з якіх, несумнеўна, былі выдуманымі. Аднойчы я бачыла, як Хлусік схапіў Яна за руку і прыняўся нешта крэсліць пальцам на ягонай далоні. Памва спрабаваў апісаць нейкую пачварыну, якую ён быцам бы бачыў на балотах, але яму бракавала слоў, і тады ён паспрабаваў 'намаляваць' гэтую істоту на далоні Яна. І так кожны раз. Памва-Хлусік расказвае. Ян маўчыць. Здаецца, слухае. Часам ён просіць Хлусіка заторкнуцца і сысці. Але той не адступаецца. Цягне яго з гэтай ямы. Не ведаю, дзеля чаго.
  
  Імя яго Памва, а Хлусік - гэта не прозвішча, а мянушка. З адной старой казкі. Усе яе ведаюць. У цёмным-цёмным лесе жылі два злыя черцяняці, Хлусік і Злыдзень. Яны хаваліся ў гушчары каля лясной дарогі, падпільноўваючы самотных вандроўнікаў. І калі на дарозе паказваўся чалавек, пешы альбо конны, Хлусік і Злыдзень выскоквалі з зараснікаў і палохалі небараку аж да смерці. Але аднойчы ім сустрэўся чалавек, які не спалохаўся. Гэты смяльчак схапіў Злыдзеня за каўтун і павалок яго да ляснога віру, збіраючыся ўтапіць. І тады Хлусік выканаў тры жаданні бясстрашнага вандроўца, каб вызваліць свайго сябрука. Ужо не памятаю, чаго сабе запатрабаваў той смяльчак. Здаецца, новыя боты, каня і прынцэсу сабе за жонку. Мараль казкі: пераадолей свой страх, і зробішся каралём.
  
  Памва-Хлусік не падобны да злога чарцяняці. Ён дзіўнаваты. Многа хлусіць, але без злога намеру, яму проста падабаецца выдумляць розныя гісторыйкі. Галава яго працуе не так, як у большасці людзей. Часам яго можна прыняць за вар'ята. Але яму неяк удаецца выцягваць Яна з чорнага смутку, за што я вельмі яму ўдзячная.
  
  Падняўшыся на ногі, я выцягнула з-пад цыноўкі драўляны грабеньчык. Падышла да Яна. Ён не варухнуўся, калі я дакранулася грабеньчыкам да яго ўскудлачаных валасоў. У дзяцінстве, калі мы яшчэ жылі ў дзюнах, я часам саджала брата перад сабой і ўзброіўшыся грэбнем, ваявала з яго зблытанымі кудламі. Для хлапчука гэта было здзекам. Ён ныў і вырываўся. Часам я губляла цярпенне і ўзнагароджвала яго поўхай. Цяпер, як процьму гадоў таму, я расчэсвала брату валасы драўляным грэбнем. Аддалены шум мора быў чутны нават тут, сярод балот. Калі-небудзь мы вырвем сэрца Жалезнаму Цмоку. Калі-небудзь мы зноў выйдзем да Мора.
  
  
  
  МРОЯ ТРЭЦЯЯ. ПОШАСЦЬ
  
  
  Прыпавесць трэцяя. Пра Дары Творцы і пра тое, як яны былі страчаны
  
  
  Калі Той, Хто Мроіць пажадаў ачысціць сусвет агнём, заклікаў ён усіх праведнікаў, што заставаліся на зямлі, і загадаў ім схавацца на поўначы ў горадзе Аройн, што азначае 'Зіхатлівы'. І пакінуў ён праведнікам два найвялікшыя дары - Мрою і Ключ да Неба, сказаўшы: 'Калі стары свет згіне ў полымі, жыццё на Зямлі будзе доўжыцца яшчэ тысячу гадоў. Калі за гэты тэрмін вашыя нашчадкі не згубяць маіх дароў, то пражывуць яшчэ тысячу тысяч стагоддзяў, а сыны іх атрымаюць жыццё вечнае. Калі ж Ключ выслізне з іх пальцаў, і страчана будзе Мроя, то аддам я тое, што створана мной, у рукі Хаосу, чаго ён так даўно прагне, і той дзень для сыноў чалавечых стане апошнім'.
  І адказалі яму праведнікі: 'Мы захаваем твае дары і ўславім імя тваё сярод наступных пакаленняў'.
  А Вандроўнік, чыя сутнасць - няствораны Хаос, нябачна прысутнічаў там і чуў словы Таго, Хто Мроіць.
  Стагоддзі ляцелі, нібы віхура, рухалася кола сузор'яў - Жнец, Калясніца, Валасажары, Вялікі Змей.
  Нашчадкі Праведнікаў пакінулі Аройн, дзе цяпер холад і цемра, і сталі жыць на Кантыненце сярод новых народаў і будаваць каменныя гарады на берагах Паўночнага Мора і на ўскрайку базальтавых пустынь.
  Горад, які пабудавалі яны на Паўночным Захадзе, зваўся Ліэндале, і там захоўвалася Мроя, першы з дароў Творцы.
  Горад, які збудавалі на Паўднёвым Усходзе, зваўся Царгорад, і там захоўваўся Ключ да Неба, другі дар Творцы.
  У Ліэндале і Царгорадзе сядзелі князі, якія былі роднымі братамі, і народы іх былі нашчадкамі Праведнікаў, што прыйшлі з-за Паўночнага Мора.
  А Вандроўнік нябачна хадзіў па зямлі і жадаў ператварыць у хаос усё, што было створана Тым, Хто Мроіць.
  І пайшоў Вандроўнік на Паўночны Захад, увайшоў у стольны Ліэндале, падняўся ў княжы палац і, падступіўшыся да князя, пачаў нашэптваць: 'Брат твой паўстаў супраць цябе і пажадаў кіраваць адзінаўладна ўсім Кантынентам - і святлом, і цемрай, і ўсякім стварэннем бачным і нябачным'.
  Але князь поўначы адвярнуўся ад Вандроўніка, сказаўшы: 'Ідзі прэч!'
  І тады адправіўся Вандроўнік на Паўднёвы Ўсход, увайшоў у стольны Царгорад, і падняўшыся ў палац да князя, стаў нашэптваць: 'Брат твой паўстаў супраць цябе'.
  І князь поўдня пачуў Вандроўніка, і праверыўшы яго ілжывым прамовам, пайшоў вайной супраць брата.
  Сабраў князь поўдня народ свой, і паклікаў дэманаў разбурэння, і Паляндру-Мораву Дзеву, і Падземных, якія жывуць у цёмных гротах і сілкуюцца мярцвячынай.
  На берагах ракі Вужалкі войска Паўднёвага Ўсходу сустрэлася з войскам Паўночнага Захаду, і браты сышліся ў лютай бойцы. І князь поўначы адступіў, і тады Сонца пацьмянела і схавалася за чорнымі хмарамі, Кантынент пагрузіўся ў цемру, і прыйшлі халады, зямля пакрылася лёдам, а мора замерзла да самага дна.
  І пакуль на Кантыненце ішла вайна паміж князямі-братамі, Вандроўнік нябачна ўвайшоў у белакаменны Царгорад і забраў адтуль дар Творцы - Ключ да Неба. І аднёс ён выкрадзены Ключ на Край Зямлі, і закінуў яго ў Чысцец, на бераг Рудзіцы, дзе блукаюць душы грэшнікаў, і калматы М'ану, гаспадар крывавай ракі, дзень і ноч грызе іх чорныя сэрцы.* Так нашчадкі Праведнікаў страцілі Ключ, а потым і Мрою.
  А Вандроўнік увасобіўся ў людзях Царгорада, сказіўшы іх аблічча і запячатаўшы іх сэрцы, і стаў ён панаваць над іх думкамі.
  І тады Балтас-Светлы, першы з Блізнят, які быў апекуном Паўночнага Захаду, і чые спадарожнікі - Сум і Летуценні, адвярнуўся ад сыноў чалавечых, сказаўшы: 'Для іх няма паратунку'.
  Але Эўфімас-Радасны, другі з Блізнят, які быў ахоўнікам Паўднёвага Ўсходу і чые спадарожнікі - Весялосць і Славалюбства, не адступіўся, сказаўшы: 'Перахітрыў нас Вандроўнік, але я хітрэйшы. Я знайду сродак вызваліць свой народ і вярнуць дары Творцы ў свет зямны'.
  Але будзе так альбо не, ведае толькі Той, Хто Мроіць.
  
  'Збор легенд і паданяў Паўночнай Правінцыі (раней Каралеўства Семгален), складзены Дам'янам Росіцам, прафесарам кафедры культур малодшых народаў Універсітэта Славеснасці ў Вільску, Рамейская Імперыя, год 999 ад Усёспалення'
  
  ------------------------------
  * Вобраз, натхнёны Калевалай, дзе Мана (Туоні) - краіна памерлых.
  
  Кронпрынц
  
  - Суцэль відавочна, што Дуумвірат зацікаўлены ва ўсталяванні міру,- сказаў Олаф Магнус. - Нават калі за гэты мір давядзецца заплаціць дарагую цану. Будзем шчырыя - чалавек я ўжо немалады, і мне бы не хацелася пакідаць сваім нашчадкам краіну, якая знаходзіцца ў стане вайны.
  Прамаўляючы гэтыя словы, кароль Антраўма - каржакаваты стары з пранізлівымі ільдзіста-блакітнымі вачамі, шызымі бакенбардамі і апаплексічным колерам твару - шматзначна зірнуў на юнага Кронпрынца, які сядзеў праваруч яго.
  - Ну што вы, та... Ваша Вялікасць. Кіруйце цэлую вечнасць, - адказаў той і незаўважна памацаў свежую скулу ў сябе за вухам. Спадчынніку прастола нядаўна споўнілася пятнаццаць гадоў, і яго пачалі пераследваць прышчы на скуры, якія выскоквалі ў самых відочных месцах у самы непрыдатны час, прычыняючы Кронпрынцу невыносныя душэўныя пакуты. Апроч таго, у гасцёўні было занадта горача, спадчыннік распарыўся і ўзмакрэў, яго гімназісцкі парадны кіцель з тонкай воўны агідна калоўся скрозь кашулю, і няшчасны Кронпрынц прагнуў толькі аднаго - каб гэтая аўдыенцыя хутчэй скончылася.
  - Маеш рацыю, сын мой, - прамовіў кароль Антраўма. - У маім узросце ўжо пачынаеш задумвацца аб вечнасці. І я шчыра жадаю адысці ў яе са спакойным сэрцам, ведаючы, што мой народ запомніць Олафа Магнуса як годнага і мудрага валадара, які прымножыў тэрыторыі Дуумвірату і заключыў вечны мір з Паўднёвай Імперыяй!
  Ён ганарліва ўсміхнуўся і расправіў плечы, бразнуўшы эпалетамі. З нагоды вайны Яго Вялікасць змяніў цывільную вопратку на беласнежны мундзір, які дапаўнялі срэбны корцік з касцяной дзяржальняй і зіхатлівы пазалочаны шлем з шышаком. На перамовы з Паўднёўцамі кароль з'явіўся ва ўсё тым жа ваяўнічым убранні - мундзіры з корцікам, храміраваных ботах, нагавіцах з лампасамі і шлеме, які ён, праўда, неўзабаве зняў, паклаўшы на краёчак мапы, якая была разаслана на мармуровай стальніцы.
  
  Леваруч Олафа Магнуса сядзеў Орвік Магнус, яго пляменнік і кароль Эверона. Яго Вялікасці было ўжо далёка за трыццаць, аднак выглядаў ён юнаком - хударлявы і гнуткі, з пяшчотнымі рысамі твару, меланхалічным позіркам прыгожых шэра-зялёных вачэй і саламянымі валасамі, якія моцна цярпелі ад брыльянціну і гарачых шчыпцоў для завіўкі. Орвік Магнус недалюбліваў ваенную ўніформу, але па прыкладзе дзядзькі ён таксама апрануўся ў белы мундзір, у якім пачуваўся вельмі няўтульна. Яго тонкія, доўгія пальцы з адпаліраванымі пазногцямі ляжалі на краі стала і рытмічна варушыліся, як быццам ён найграваў на нябачным клавесіне. Кароль Эверона заўважна нерваваўся, і таму былі прычыны. Ён шчыра, ад усёй душы ненавідзеў Паўднёўцаў - за іх нечалавечую жорсткасць, хцівасць і крывадушнасць, варварскія законы і шмат за што яшчэ. І калі ўжо па збегу акалічнасцей яны, цывілізаваныя людзі, змушаны дачыняцца з гэтымі дзікунамі, то няхай гэтым займаецца ягоны дзядзька і суправіцель, чалавек больш спрактыкаваны ў дыпламатыі і не такі грэблівы, як Орвік Магнус.
  
  Кароль Эверона ўзняў галаву і змрочна, спадылба зірнуў на гаспадара рэзідэнцыі, які сядзеў акурат насупраць яго. Гай Дамар, Севаст* і старшыня Савета Наглядчыкаў, выгляд меў ганарлівы і велічны - зрэшты, як усе рамейцы. Чарнавалосы, высокі і станісты, апрануты, паводле традыцыі, у пунсовы каптан з залатым гафтам, ён сядзеў у крэсле, паклаўшы рукі на разныя падлакотнікі, і ягоны твар, аблямаваны фарсістай бародкай, захоўваў абыякавы выраз. Здавалася, Севаста наогул не цікавіць, чым скончацца перамовы, аднак Орвік Магнус не мог не заўважыць пагардлівую ўхмылку ў куточках ягоных вуснаў. 'Смяюцца з нас, - падумаў кароль Эверона. - Прайграюць жа, а смяюцца. Ненармальныя. Ох, дзядзюхна, не пратаргавацца б з гэтым пагадненнем...'
  
  - Мяркую, што пытанне са спрэчнымі тэрыторыямі вырашана, і Паўночная Правінцыя поўнасцю адыходзіць Эверону і Антраўму, - сказаў Севаст. На мове Дуумвірату ён гаварыў шпарка і амаль без акцэнта.
  Стары Олаф Магнус паківаў галавой.
  - А што з мясцовым насельніцтвам, спадар Дамар? Дзевяць мільёнаў...
  - Шэсць, пасля Ўз'яднання, - удакладніў Севаст.
  - З якіх ледзь не палова - недзеяздольныя прапойцы. Якім чынам мы вырашым гэтае пытанне?..
  - Ах, дзядзюхна! - Орвік Магнус ускінуў рукі ў трагічным жэсце, і ў святле жырандолі асляпляльна бліснулі дыямантавыя каменьчыкі, якімі былі ўпрыгожаны мочкі ягоных вушэй. - Дзядзюхна, хіба вы не ведаеце, як яны гэта робяць? Усіх у цягнікі і на ўсход! Там ў іх цэлыя паветы незаселеныя стаяць, пошасць выкасіла. Альбо ў пустыню, у шахты. На радовішчах заўсёды вольнанаёмных бракуе, адны катаржнікі. Так, спадар Дамар?
  Кароль Эверона дзёрзка, з выклікам утаропіўся на Севаста, але той і брывом не павёў.
  - Перасоўванне насельніцва - гэта засваенне новых зямель, Ваша Вялікасць, - адказаў ён спакойна. - А што тычыцца самерытавых шахт, то вельмі многія імкнуцца трапіць туды ў якасці вольнанаёмных. Адпрацаваўшы там ўсяго адзін луструм, можна забяспечыць сябе бязбеднае існаванне да канца жыцця.
  Орвік Магнус падціснуў вусны. Не знайшоўшыся, што запярэчыць, ён прыняўся моўчкі свідраваць спадара Дамара позіркам, перабіраючы ў думках усе зняважлівыя мянушкі, якімі ў Дуумвіраце ўзнагароджвалі Паўднёўцаў. 'Гіцлі. Варвары. Груганнё. Ненажэрная зграя'. Калі б ягоныя думкі былі стрэламі, то Гай Дамар даўно б ужо зваліўся пад ножкі крэсла ў перадсмяротных курчах.
  - Такім чынам... - дзелавіта прагаварыў Севаст.
  Узяўшы хімічны аловак, ён схіліўся над мапай і адным размашыстым жэстам пракрэсліў лінію новай мяжы, адсякаючы ад Імперыі Паўночную Правінцыю. Олаф Магнус кашлянуў.
  - Ваша Благароддзе, дазвольце мне... - ён узяў аловак з рук Паўднёўца і пракрэсліў яшчэ адну рысу, адступіўшы на некалькі цаляў на паўднёвы ўсход.
  Гай Дамар пахітаў галавой.
  - Гэта цалкам выключана, Ваша Вялікасць.
  - Але ахоўная зона... - запярэчыў Олаф Магнус.
  - Дзядзюхна, майце міласэрнасць!.. - выклікнуў Орвік Магнус, заломваючы рукі.
  
  Юны Кронпрынц мучыўся на краёчку крэсла. Ён слаба цяміў у гульнях, якімі забаўляліся дарослыя мужы, і яму было сумна і нудна, як на ўроку геаметрыі. Зрэшты, ён быў бы шчаслівы апынуцца зараз у сваім класным пакоі, а не ў кампаніі гэтых шаноўных спадароў, якія ў яго на вачах кроілі мапу сусвету. Кронпрынц з тугой успамінаў свайго настаўніка - пажылога, увішнага Юліуса Дэменцу ў пудраным парыку і чорным гарнітуры, які заўзаята скакаў каля дошкі, тыцкаючы ўказкай у карту Кантынента альбо дэманструючы нядбайнаму вучню мадэлі шматграннікаў. 'Тэарэму вывучу, - паабяцаў сабе Кронпрынц. - І сачыненне ў мяне недапісанае ляжыць...' Яго рассеяны позірк упаў на важкую пірамідку, складзеную са свінцовых глобул, якая стаяла на краі стала. Кронпрынц акуратна зняў з пірамідкі адну з глобул, пакруціў яе ў пальцах, потым паднёс да вуха і патрос. Унутры пачулася шамаценне, нібы там быў насыпаны буйны пясок.
  - Асцярожна, Ваша Мосць, - сказаў Гай Дамар, адарваўшыся ад мапы. - Гэта тхо'ос. Неапрацаваны самерыт. Надзвычай атрутная рэч. Калі яго часцінка трапіць у ваду ці ў глебу, усю акругу прыйдзецца эвакуяваць.
  - Прашу прабачэння. Не ведаў, - адказаў Кронпрынц, крыху змяніўшыся з твару. Ён спешна прыштукаваў глобулу зваротна да пірамідкі і старанна абцёр далоні аб штаны. Пасля гэтага канфузу Кронпрынц некаторы час сядзеў моўчкі, прыслухваючыся да гутаркі дарослых.
  - Застаецца яшчэ адна загваздка, спадар Дамар, - гаварыў Олаф Магнус. - Так званыя 'Братчыкі'...
  - Праект Тайнай Канцылярыі, - перапыніў яго Севаст. - Іх дзейнасць з самага пачатку кантралявалася праз нашых агентаў. Узброеныя групоўкі будуць зліквідаваныя адразу ж пасля выканання сваёй місіі.
  - То добра, - адказаў Олаф Магнус, ухвальна ківаючы. - Нацыянал-адраджэнцы мне тут непатрэбны...
  
  Кронпрынц зноў засумаваў. Ёрзаючы на крэсле, ён аглядаў гасцёўню, ў якой адбывалася аўдыенцыя. Рэзідэнцыя, пабудаваная ў традыцыйным рамейскім стылі, з пункту гледжання эверонцаў была ўвасабленнем бузгустоўнасці - гэткае нагрувашчанне размаляваных круглявых вежак, пакручастых калон і зубчастых сцен. Што тычыцца гасцёўні, то яна ўяўляла сабой велічэзную залу з нізкімі скляпеннямі, прысадзістымі калонамі і голымі - ні дываноў, ні габеленаў - сценамі, упрыгожанымі каляровым арнаментам. Мармуровы стол, за якім сабраліся хаўруснікі, быў асветлены газавай жырандоляй, рэшта залы гублялася ў апраметнай цемрадзі. Кронпрынц асцярожна, бачком саслізнуў з крэсла. Пераканаўшыся, што на яго ніхто не звяртае ўвагі, ён падышоў да сцяны і прыняўся разглядваць узоры, намаляваныя паўзверх тынкоўкі. То быў вычварны раслінны арнамент - лісце, кветкі, лозы і спелыя плады. Па лозах, у парушэнне ўсіх законаў прыроды, скакалі ільвы і гепарды, побач гарэзілі зусім ужо фантастычныя пачвары - птушкі з чалавечымі тварамі, крылатыя ваўкі з хвастамі цмокаў і бяскрылыя цмокі з сабачымі галовамі. 'А ніштавата', падумаў Кронпрынц. Адвярнуўшыся ад сцяны, ён кінуў позірк у чарнільную цемрадзь, куды ўбягала галерэя калон. Цемрадзь вабіла і зачароўвала. 'Куды дарога прывядзе...та-да-да-дам...далёка', мільганулі ў яго радкі паўзабытага хрэстаматыйнага верша. Перш чым зрабіць крок у нязведанае, ён яшчэ раз зірнуў на мармуровы стол у коле святла - схіліўшыся над мапай, хаўруснікі люта спрачаліся, выдзіраючы аловак адзін у другога з рук. На Кронпрынца па-ранейшаму ніхто не зважаў. Спадчыннік прастола ўсміхнуўся і павярнуўся тварам да цемры.
  
  Ён адважна крочыў наперад, аксамітавая цемрадзь ахінала яго, у паветры луналі застаялыя пахі сандалу і мірры, абрысы каменных калон смутна бялелі ў змроку, нібы косткі веліканаў. Узрушаныя галасы спрачальнікаў гучалі ўсё цішэй, і неўзабаве кола святла засталося далёка ззаду. Зала сапраўды аказалася нейкай бясконцай. 'Але ж калі-небудзь павінна яна скончыцца, - думаў заінтрыгаваны Кронпрынц. - Нават Абшар Цемры мае пачатак і канец. Пачынаецца ён за Паўночным Морам, а заканчваецца...' Кронпрынц раптам знерухомеў. Яму ў твар павеяла смуродам гнілога мяса, які быў мацнейшы за водары сандалу і мірры, а потым наперадзе пачулася глухое гырканне, і пара святлівых зялёных вачэй ўтаропілася на яго з цямноцця.
  - Прашу прабачэння, - прамармытаў спадчыннік прастола. Ён адчуў, што ў яго змакрэлі далоні. Кронпрынц хутка азірнуўся, чакаючы ўбачыць у сябе за спінай выратавальнае кола святла, але святло знікла, нават галасоў не было чуваць, і тады ён з жахам усвядоміў, што заблукаў. Наперадзе зноў хтосьці загыркаў, і зялёныя вочы пачалі імкліва набліжацца. Кронпрынц павярнуўся і ўсляпую, наўздагад пабег.
  
  Колькі часу доўжыліся гэтыя ашалелыя ўцёкі ў цемры, Кронпрынц не мог сказаць. Ён бег, выцягнуўшы перад сабою рукі, сэрца яго шалёна калацілася, прад вачыма ўспыхвалі чырванаватыя плямы, а цоканне яго ўласных абцасаў аб мармуровую падлогу гучала аглушальна, як кананада. Нарэшце яму падалося, быццам дзесьці збоку замільгацела святло, і ён адразу ж памкнуўся туды. Кронпрынц не памыліўся. Неўзабаве цемра пачала рассейвацца, і ён ужо мог адрозніць абрысы калон і скляпенняў. 'Нарэшце, - падумаў ён з палёгкай. - Ну, нарэшце!' Уварваўшыся ў кола святла, Кронпрынц спыніўся і замёр, выроўніваючы дыханне, як вучыў яго трэнер па фехтаванні. Трохі адсопшыся, ён з неўразуменнем агледзеўся па баках, спрабуючы сцяміць, куды ён трапіў і дзе падзеліся ягоныя бацька і стрыечны брат. Ён апынуўся ў пустой нішы, альбо каплічцы, асветленай лампадай, якая звісала з нізкай столі. Проста перад ім была глухая сцяна, упрыгожаная каляровай фрэскай.
  - Ачмурэць ушчэнт. Ненавіджу Паўднёўцаў, - прасіпеў Кронпрынц напаўголасу. Так гаварыў яго стрыечны брат Орвік Магнус у любой незразумелай сітуацыі.
  
  Трохі паразважаўшы, ён працягнуў руку да лампады і прыняўся яе торгаць і разгойдваць, спрабуючы зняць з крука, да якога яна мацавалася. Так ці інакш яму прыйдзецца выбірацца з гэтай чортавай залы, але, прынамсі, ісці ён цяпер будзе не ў поўнай цемры. Адчапіўшы лампаду, Кронпрынц рушыў быў да выхаду з каплічкі, але знерухомеў, пачуўшы ў сябе за спінай прыцішаны шоргат і бразганне. Ён гатовы быў паклясціся, што гэтыя гукі сыходзілі ад сцяны, на якой была намалявана фрэска. Заінтрыгаваны, Кронпрынц вярнуўся ў каплічку і паднёсшы лампаду да сцяны, стаў засяроджана яе вывучаць у спадзеве выглядзець якія патаемныя дзверы альбо схованку. Ніякіх дзвярэй ён так і не ўгледзеў, аднак яго зацікавіла сама фрэска. Яна была непадобная да тых, што ён ужо бачыў на сценах гасцёўні. Раслінны ўзор тут адсутнічаў, фонам служылі чорны пясок і аскепкі базальту - відавочна, то была пустыня Дромас. На пяску сярод раскрышанага базальту стаяла неапісальна агідная пачварына, якую не ўбачыш і ў жахлівым сне - штосьці накшталт двухногай хімеры з лускаватым тулавам, змяіным хвастом і дзьвюма парамі перапончатых крылляў, як у кажаноў. Галавы ў пачвары таксама было дзве. Адна з іх нагадвала галаву канюка-сцярвятніка з голай шыяй, другая ўяўляла сабой ашчэранае рыла, аддалена падобнае да выродлівага чалавечага твару без вуснаў і вушэй, з нізкім скошаным ілбом і вузкімі шчылінкамі вачэй, якія размяшчаліся на шчоках на адным узроўні з ноздрамі.
  - Халэмус, - прамармытаў спадчыннік прастола. Ён быў не з тых, каго можна напалохаць страшнымі карцінкамі, але тут яму зрабілася ніякавата. Наблізіўшы лампаду да фрэскі, ён убачыў, што пачвара была ў ашыйніку - ён ляжаў у хімеры на плячах, акурат там, дзе ейная шыя раздвойвалася. Ад ашыйніка цягнуўся важкі залаты ланцуг, і побач з хімерай хтосьці стаяў. Узняўшы лампаду, Кронпрынц разгледзеў спачатку белую кашчавую руку, якая трымала ланцуг, потым край шырокага рукава, абрысы чорнай сутаны і каптур, насунуты нізка на твар. Кронпрынца перасмыкнула, лампада, якую ён трымаў у руцэ, захісталася, і па сценах каплічкі заскакалі цені. У нейкі момант яму падалося, быццам хімера на фрэсцы паварушылася і пераступіла з нагі на нагу, і ён выразна пачуў, як пад яе капытамі захрабусцеў базальтавы пясок. А потым - відавочна, гэта была проста гульня ўяўлення - невядомы ў чорнай сутане ўзняў галаву, і з-пад каптура на Кронпрынца ўтаропілася пара базальтава-чорных вачэй. 'Яны-ы-ы-ы...чака-а-а-а-юць...' пачуў Кронпрынц ціхі, бясколерны голас, які, як яму здалося, прагучаў проста ў ягонай галаве.
  - Мамачкі... - пралепятаў Кронпрынц дрыготкім голасам.
  Лампада выслізнула з яго аслабелых пальцаў, бразнулася на каменную падлогу і згасла.
  
  Кронпрынц не ведаў, якім чынам яму ўдалося выбрацца з цёмнай залы і дасягнуць выратвальнай выспачкі святла, дзе пад жырандоляй трое хаўруснікаў ладзілі сакрэтныя перамовы. Адзінае, што яму запомнілася, была шалёная гонка ў апраметнай цемрадзі, калі ён бег, спатыкаючыся і налятаючы на каменныя калоны, і аднойчы ледзь не звярнуў сабе шыю, натрапіўшы на нейкія сходы, якія вялі кудысьці ўніз. Хаўруснікі, захопленыя спрэчкай, часовай адсутнасці Кронпрынца нават не заўважылі. Што ж, так нават лепш. Спадчыннік прастола - збялелы, задыханы і з адвіслай сківіцай - ціхенька ўсеўся на крэсла і ўперыў вочы ў мапу, скрэмзаную хімічным алоўкам. Мяркуючы па ўсім, перамовы ўжо набліжаліся да завяршэння. Аблічча Паўднёўца заставалася непранікальным, стары Олаф Магнус неяк нядобра ссінеў, а пяшчотны твар Орвіка Магнуса быў пабіты чырвонымі плямамі. Пэўна, вынікі перамоў аказаліся не такімі спрыяльнымі, як чакалася.
  - Што ж, шаноўнае спадарства, - сказаў Гай Дамар, падымаючыся з-за стала. - Я ўсцешаны, што нам удалося дасягнуць згоды. Без перабольшання, сённяшняя дамова распачала новую эпоху ў гісторыі Імперыі, і Дуумвірату таксама.
  Олаф Магнус і Орвік Магнус пераглянуліся, і кароль Антраўма ледзь заўважна кіўнуў. Валадары Дуумвірату падняліся, і хаўруснікі паціснулі адзін аднаму рукі.
  - На бяседу не застанецеся? - прапанаваў гаспадар рэзідэнцыі.
  Олаф Магнус пакруціў галавой.
  - Не-не. Нас чакае паветраны карабель. Зараз самаходам у порт, і да ранку ўжо будзем у Геароце*.
  Яны развіталіся, і паслужлівы лёкай праводзіў гасцей да выхаду. Ужо апынуўшыся за дзвярыма рэзідэнцыі і сядаючы ў самаход, які чакаў ля параднага ўваходу, Орвік Магнус даў волю сваім пачуццям.
  - Ведаеце, дзядзюхна, - прамовіў ён з прыкрасцю, - у мяне адчуванне такое, быццам мы з вамі толькі што пабывалі ў бардэлі. І што характэрна, не ў якасці кліентаў.
  Аднак Олаф Магнус, стары спрактыкаваны палітык і дыпламат, толькі засмяяўся і паляпаў пляменніка па плячы.
  - Дарма, Орвік. Яшчэ пабачым, хто каго паймеў. Руш! - загадаў ён кіроўцу, і самаход, раўнуўшы рухавіком, сарваўся з месца.
  
  Усю дарогу да порта юны Кронпрынц драмаў, адкінуўшыся на мяккім сядзенні. Тое, што адбылося ў рэзідэнцыі, ужо здавалася яму дурным сном. Хутчэй за ўсё, так яно і было - ён проста занудзіўся падчас аўдыенцыі і заснуў, і прымроілася яму нейкая лухта... Аднак ён усё роўна адчуваў смутную трывогу і ніяк не мог пазбавіцца адной неадчэпнай думкі. Яму зноў і зноў успамінаўся яго настаўнік Юліус Дэменца са сваімі захапляльнымі лекцыямі па параўнальнай міфалогіі. 'Вандроўнік, - расказваў спадар Дэменца. - Вандроўнік, альбо, як называюць яго ксайлахскія вершнікі, Айал-гач. Прыхадзень з базальтавай пустыні які, паводле паданняў, некалі прыйшоў у Царгорад. Ён не мае свайго твару, ў яго мільёны ўвасабленняў, таму на выявах ён звычайна паўстае безаблічным і захутаным у чорную хламіду. Вандроўнік гарцуе на двухгаловым цмоку, і дзе ступае яго нага, там гіне ўсё жывое, і зямля ператвараецца ў чорны базальт...' Спадчыннік прастола сцепануўся і паматляў галавой, быццам адганяючы насланнё. Усё гэта, канечне, надзвычай цікава. Вярнуўшыся ў Геарот, ён абавязкова распытае настаўніка пра гэтага Вандроўніка. Альбо самастойна перашуфлюе энцыклапедыі і старыя хронікі. Але пра тое, што здарылася сёння ў рэзідэнцыі, ён у любым выпадку нікому не раскажа. Нікому, ніколі і нізавошта.
  
  ----------------------------------
  Севаст - дзяржаўная пасада ў Паўднёвай Імперыі, адпавядае Прэм'ер-Міністру.
  Геарот - горад ў Эвероне, сталіца Дуумвірату.
  
  Рудзіца
  
  Сярод плыняў крывавай Рудз'іцы,
  Ля падножжа ўцёсаў жалезных,
  Узвышаецца выспа, як чэрап,
  На той выспе хаціна крывая...
  
  Рака крыві павольна плыла сярод спадзістых берагоў, агорнутых цемрай. Спакваля з цемрадзі выступілі абрысы камянёў, параскіданых уздоўж берага. Чорныя звонку, яны былі пакрыты трэшчынамі, з якіх сачылася загусцелая кроў.
  
  Зірнуўшы наперад, ён разгледзеў спічастыя скалы на супрацьлеглым беразе ракі. Іх завостраныя вяршыні ўзнімаліся да чорнага неба, а проста над імі цьмела месяцовае сонца - згустак чарнаты, аблямаваны чырванаватай каронай. Скалы былі жывыя. Іх стромкія сцены былі спярэшчаны вачамі і ратамі, падобнымі да доўгіх расколін. Раты несупынна адчыняліся і зачыняліся, ляскаючы зубамі і выкідваючы языкі барвовага полымя.
  
  Страшны М'ану сядзіць у запеччы,
  Па Рудзіцы раскінуў ён сеткі,
  Ловіць Ману грэшныя душы
  Ды ў жалезны кацёл іх кідае...
  
  Над барвовай плынню ўздымаўся мост - рашэцістая арка, зробленая з выбеленых пазванкоў. Мост быў перакінуты ад берага да сярэдзіны ракі, дзе ўзвышалася каменная выспа. Пасярод выспы стаяў высокі частакол, на калах віселі рогі і конскія чарапы, а ўнізе ляжалі дзіўныя каменныя стоды, разбітыя жорны і счанелыя косткі ці то людзей, ці то жывёл. Ён узышоў на мост і рушыў да выспы. Унізе пад мостам струменіла крывавая плынь.
  
  Дайшоўшы да сярэдзіны моста, ён спыніўся. Валадар Рудзіцы выйшаў з-за частаколу і рушыў насустрач чалавеку. Ён выглядаў, як бяскрылы цмок з шасцю лапамі. Яго доўгае кольчатае цела было пакрыта бурай калматай поўсцю, а рагатую галаву вянчала жалезная карона *. Ступіўшы на мост, цмок пераўвасобіўся. Цяпер ён меў выгляд сівабародага старца з цёмным абліччам і ільдзістымі вачамі. Старац быў апрануты ў доўгую белую кашулю, паўзверх якой быў накінуты плашч з бурай воўны. На яго грудзях і запясцях пазвоньвалі жалезныя кудмені, а ў руцэ ён сціскаў посах з амелы.
  
  Чалавек схіліў галаву перад Ману. Валадар крывавай ракі прыпаў да яго вуха і пачаў шаптаць.
  
  ***
  Яны крочылі па топкай імшары, ахутанай шчыльнай смугой. Туман поўз нізка над багнішчам, курэў над вокнамі прорваў, блытаўся ў сцёблах журавінніку з буйнымі ягадзінамі, якія ў начным змроку здаваліся чорнымі. Туман глушыў гукі. Лез у глотку, як вата, забіваючы лёгкія. Цяжка дыхаць. Дзіўна, што ён усё яшчэ трымаецца на нагах. Жаўнер той стрэліў проста ва ўпор. Прыставіў да грудзей вінтоўку і націснуў на спуск.
  'Ну што, Воўчак, капітуляцыя?'
  Іх ўзялі ў кальцо і проста пачалі адстрэльваць, як ваўкоў у загоне. Хлопцы пайшлі на прарыў. Беглі пад свінцовым дажджом, валіліся долу, тварам у жоўклую траву, што пахне дымам і балотнай тванню, падымаліся, беглі, падалі зноў...
  "Воўчак, дзе Ян? Дзе?"
  Не ведаю, Літа. Коган быў апошні, хто бачыў яго жывым. Хацеў выцягнуць яго з-пад агню. Валок за сабою пад кулямі, трымаючы за руку. А той проста адшутрхунуў яго, сеў на зямлю - да ліхаматары, Коган, далей не пайду. Тады Коган сунуў яму ў рукі сваю стрэльбу - ну і чорт з табой! - і пабег. Угаворваць часу не было. Халера!.. Трэ было сілком цягнуць. Кухталёў надаваць, у рэшце рэшт. І што цяпер зробіш?
  - Пра іх не думай, Стах. У іх свой шлях.
  Яна крочыла наперадзе, тонкая і гонкая, як дзяўчына. Плыла ў шызай смузе, быццам не датыкаючыся зямлі. У простай світцы, спадніцы-андараку і квятчастай хустцы з махрамі. Так апранаюцца сельскія кабеты з Разлогу ды Сумрадзі. У руцэ яна трымала старасвецкі бляшаны ліхтар. Агеньчык свечкі за вясёлкавымі шкельцамі дрыжэў і хістаўся, але не згасаў. Час ад часу яе постаць гублялася, знікала ў тумане, і тады бачны быў толькі агеньчык, які лунаў над дрыгвою, мігцеў у восеньскай ёдкай імзе, як святло маяка. Стах ішоў за ёй, адстаючы на некалькі крокаў - след у след. Навокал ляжала багна. Пад тлустым імхом хісталася зыбкая глеба, сцёблы журавінніку хвасталі па шчыкалатках, чапляліся за ногі, як змеі, нібы ў спробе аблытаць, схапіць, сцягнуць са сцяжынкі да глухіх прорваў, над якімі стаўбамі стаяла смуга, а ў чорнай вадзе варушылася штосьці жывое і драпежнае, глядзела ў імглу россыпамі бляклых вачэй...
  
  Йорхас казаў: сцеражыся Валогі. Нарвешся на яго людзей - май на ўвазе, палонных браць не будуць. Шчурок прысягнуў да вясны з Братчыкамі пакончыць. І ён ведае пра змову. Пытанне толькі ў тым, наколькі шмат ведае. У Цытадэлі ўжо прайшлі чысткі, ляцелі галовы. Аўгуста прыбрала многіх са свайго атачэння. Ды толькі ўсё не тых. Мажліва, Валога яшчэ мае козыры ў рукаве. Дачакае на спрыяльны момант ды выкладзе Аўгусце ўсё з гакам. Назаве галоўных завадатараў. І тады сапраўды канец усяму. А Шчурок, хутчэй за ўсё, зробіцца новым Намеснікам... Ёсць, аднак, імавернасць, што Алех Валога перакінецца на бок Севаста. Севаст можа прапанаваць значна больш, чым Аўгуста. Пасаду ў Цытадэлі, напрыклад. Што да Ахмістрыньчыка, то гутарка пра яго ўжо нават не вядзецца. Спісалі з рахункаў.
  
  Туман над балотам гусцеў і гусцеў, змяняючы колер. Малочна-бялясы напачатку, ён спакваля зрабіўся густа-шэрым, з прожылкамі чарноцця. У смузе пачалі мроіцца абрысы ці то ваўкоў, ці то сабак. Потым з туману вынырнулі два ганчакі - чорныя, як шоўк, з завостранымі вушамі - і моўчкі, без брэху, заскакалі вакол Стаха. Ён адчуў, як у руку яму тыцнулася халодная мыса. Стах адхіснуўся.
  - Не бойся. Не крануць, - сказала яна.
  - Мне не страшна.
  Страшна паміраць, калі жывеш, як паскуднік. Ён ведаў, што хутка ўсё скончыцца. Яшчэ да вясны. "Паўстанцы" абвесцяць "народную рэспубліку" і неадкладна аддадуць яе пад пратэктарат Дуумвірату. На падставе ўз'яднання народаў. Каля мільёну семгальцаў усё яшчэ жывуць на спрэчных тэрыторыях, якія адышлі Дуумвірату дванаццаць год таму... Усе будуць задаволены. Вайна скончыцца. Эверонцы заглынуць прынаду, і Цытадэль атрымае зону ўплыву ў Дуумвіраце. Хітры ход. Аўгусту ж лёс чакае незайздросны. Зачыняць у кляштары да канца жыцця. Альбо проста задушаць шнурамі ў яе ж спачывальні. Заступнікаў ёй не знойдзецца. Усе будуць вінаваціць валадарку ў неабачлівай палітыцы, якая прывяла да страты тэрыторый - цэлая Паўночная Правінцыя. Севаст жа паўстане як ратаўнік і міратворац. Гай Дамар. Новы Імператар Рамеі... "А семгальцаў зноў не спыталі. Наша думка наогул нікога не цікавіць. Глядзяць на нас, як на прадмет гандлю. Падзялілі і прадалі, зрабілі чужынцамі на роднай зямлі. Спачатку рамейцы, цяпер эверонцы. Каралеўства Семгален знікла з мапы сусвету, семгальцаў ужо выкрэсліваюць з гістарычных хронік. Яшчэ трохі, і не застанецца нават успамінаў, што наш народ калісьці існаваў..."
  - Вандроўнік. Вандроўнік так захацеў, - прамовіла яна, быццам ў адказ на яго думкі. Голас яе гучаў глуха. - Пакуль жыве ваш народ, жыве Мроя. Ключ да Неба ён ужо забраў. Засталася Мроя. Калі і гэты дар Творцы будзе страчаны, яны прыйдуць. Тыя, што чакаюць ў Абшарах Цемры.
  Стах пахітаў галавой.
  - Народа ўжо не існуе. Штандар Каралеўства ўпаў дванаццаць год таму, і больш няма каму падняць яго з бруду. Яны знішчылі ўсіх. Ведаеце гэта? Трыста семгальцаў за адну ноч. Куля ў патыліцу. Гэтыя забойствы не спыняліся на працягу ўсіх гадоў акупацыі. Яны забівалі найлепшых. Тых, хто быў здольны натхніць і павесці за сабою народ. Цяпер тут выпаленая пустэльня. Гэта зямля ўжо ніколі не народзіць герояў.
  - Ты памыляешся, Стах. Героі ўсё яшчэ нараджаюцца. І вам ёсць за што змагацца.
  - За мрою?
  - І за яе таксама.
  Яны крочылі праз багнічша, а следам беглі два ганчакі - маўклівы эскорт сабак-прывідаў. Туман пачынаў патроху рассейвацца, і неўзабаве Стах убачыў наперадзе закінутую вузкакалейку, пракладзеную проста сярод балот. Напэўна, там меўся штучны насып. Стах ніколі не чуў пра рэйкавую дарогу, што пралягае праз Паўночную Багну, не ведаў, дзе яна пачынаецца і куды вядзе. Мабыць, яна была пабудавана вельмі даўно. І відавочна, па ёй ужо доўгі час не хадзілі цягнікі. Рэйкі праіржавелі, паміж згнілых шпал тапырыўся зжаўцелы дзядоўнік. Рэйкі... Ён раптам спыніўся, скурчыўшыся ад вострага болю ў грудзіне. У роце з'явіўся металічны смак. Здаецца, кроў хлынула горлам. Стах сціснуў зубы, стрымліваючы стогн. Ногі яго падагнуліся, і ён апусціўся на калені, прыціскаючы далоні да рота. Паміж яго пальцаў сачылася кроў. Жаўнеры рэгулярнай арміі зараджаюць свае вінтоўкі кулямі-'асілідамі', якія разрываюцца ўнутры цела, выдзіраючы жмуты мяса і крышачы косткі. Болю ён тады не адчуў. Жаўнер стаяў над параненым і, хмылячыся, глядзеў, як той курчыцца на зямлі, выхаркваючы кавалкі ўласнага лёгкага разам з крывёй. Гэта Стах помніў. Потым глеба пад ім хіснулася і расплылася смаляной ямай, і яго пацягнула некуды ўніз. Уніз - ў апраметныя прорвы, дзе звіваліся, шыпячы, залатавокія гадзюкі і варушылася бледнае карэнне, цягнучыся да чорных крыніц, што ніколі не ведалі сонечнага святла. Ён убачыў падземных істот, якія прагрызалі сабе лёхі ў тлустым чарназёме сярод крохкіх збялелых костак і раструшчаных чарапоў. Уніз, уніз...рэйкі.
  
   Рэйкавая дарога пралягала цераз выпалены сонцам стэп. Вакол, наколькі вока сягае - бяскрайняя раўніна, пляскатая, як паўмісак. І ні дрэўца тут, ні рачулкі, толькі каменныя крушні ды пажоўклая трава да самага далягляду, дзе бляклае бясколернае неба быццам зліваецца з зямлёй. Іх везлі, як жывёлу, у перапоўненай цяплушцы. Ваду там давалі двойчы ў суткі, па конаўцы ў рукі. Вада была саланаватая, са шматкамі іржы. Ежу давалі таксама двойчы. Раніцой сухі шэры хлеб, які крышыўся ў руках, увечары нейкую калатушку, падобную да жаўтаватай блявоціны. Мужчын везлі ў іншым вагоне. Тут былі толькі жанчыны з дзецьмі. Вочы ў жанчын былі нежывыя і чорныя, як асмалкі. Дзеці пражылі яшчэ вельмі нядоўга, і Вандроўнік не паспеў авалодаць іх душамі. Вочы ў дзяцей былі чыстыя і мелі колер. Яны паміралі. Паміралі яшчэ ў дарозе. Дарога ў базальтавую пустыню - таксама выпрабаванне. Не ўсе вытрымліваюць. Спачатку памерла дзіця, потым жанчына. Цягнік спыніўся, целы падчапілі на крук і павалаклі да дзвярэй. Вось і ўсё. У стэпе ўздоўж рэйкавай дарогі цягнуцца могілкі з безыменнымі магіламі. У цяплушках, якія паўзуць на поўдзень, да самерытавых шахт, увесь час нехта памірае...
  - Стах. Сташак. Вяртайся.
  Ён узняў галаву. Яна стаяла над ім з ліхтаром у руцэ. Два ганчакі рахмана ляжалі каля яе ног, глядзелі чалавечымі вачамі.
  - Ён так і не зразумеў нічога, - прагаварыў Стах. - Рамеец гэты. У Дромас жа загрымеў, а не зразумеў усё роўна. Маўляў, усё правільна. Так і павінна быць. І на месцы Аўгусты ён зрабіў бы тое ж самае. Несправядліва толькі тое, што ўсё гэта адбываецца менавіта з ім. Вось што самае страшнае.
  - Вандроўнік моцны, ды не ўсемагутны, - сказала яна нягучна. - Ён ловіць душы ў свае сеткі і трымае надзейна, але ад яго чар можна вызваліцца. І тады морак сыходзіць, і вочы зноў набываюць колер. Такое здараецца.
  - Але як? Што трэба зрабіць, каб ён адышоўся?
  - Трэба проста мець сумленне. Усяго толькі.
  Яна працягнула яму руку.
  - Падымайся, Стах. Пойдзем. Твая дарога яшчэ не скончана.
  Наперадзе, па той бок рэек, узвышаўся невялікі будынак. Ён стаяў на пустцы сярод пясчанікаў, адкрыты ўсім вятрам, яго сцены выразна бялелі ў цемры. Дзіўна, што Стах так доўга не заўважаў яго. Не сядзіба, не хутар. Звычайны дамок казённага выгляду, з беленымі сценамі і аконнымі рамамі, пафарбаванымі ў жоўты колер. Пасярод маленькага панадворка бялеў бетонны калодзеж, нізенькі каменны ганак быў абсаджаны кустамі бэзу і язміну. У такіх маленькіх, на колькі пакойчыкаў з кухняй, дамках звычайна селяцца чыгуначныя вартаўнікі. Яны перасеклі вузкакалейку і накіраваліся да будынка. Смуга ўжо цалкам рассеялася. Прывідныя ганчакі, якія пераследвалі іх на балоце, зніклі, быццам растаўшы разам з туманам.
  
  Там, наперадзе, было штосьці яшчэ. Стах узіраўся ў золкую імглу, але бачыў толькі багнішча ды паласу лесу на даляглядзе. А потым - быццам заслона спала з вачэй - ён угледзеў сялібу. Невялікую, на пару дзясяткаў хат. Домікі пад трысняговымі стрэхамі. Плятні, агародчыкі. Калодзежы з жураўлямі. Разгалістыя грушкі на падворках і прысадзістыя яблыні за парканамі - лісце з іх ужо абляцела, але на галінах дзе-нідзе засталіся запозненыя плады. Ветрык разгойдвае вераўчаныя арэлі. Дзесьці брэша сабака, цягне пячным дымком. Узвышша пасярод сялібы, на ім стромкая белая каплічка, як свечка, побач ветракі. Далёка на гарызонце, там, дзе толькі што цямнела паласа лесу, праступаюць абрысы гарадскіх муроў... Ды не, немагчыма. Пэўна, прымроілася. Што яшчэ за горад на балоце?..
  - Гэта Казімір-Горад Чакання, - сказала яна. - Мы стварылі яго на мяжы мроі і рэчаіснасці. Горад захінаюць цянёты сну, але ў навальніцу, калі ў небе шугаюць бліскавіцы, ён бачны з таго берага Вужалкі. Таму людзі, што жывуць на тым беразе, не наважваюцца выходзіць у дождж. Баяцца мроі.
  Мроя. Яны водзяць мрою вакол Паўночнай Багны. Як Хільдэгерд наўкруг сваёй сядзібы. Таму іх не бачаць. Не могуць знайсці. Багну ахоўваюць цянёты сну. І пагалоскі таксама. Застрашлівыя чуткі, што аднаджваюць чужынцаў не горш за мройны морак. Змеепаклоннікі. Яны жывуць у зямлянках і сілкуюцца балотнымі жабамі. І маюць храм-капішча, складзенае з трухлявых калод. У тым капішчы замест свечак гнілушкі, а замест алтара дзікі камень. На тым камені ляжыць велізарная змяя. Змеепаклоннікі штодня ахвяруюць ёй немаўлят, якіх пачвара глытае жыўцом... Сапраўды, такое здольна напалохаць. Але ўсё роўна знаходзяцца тыя, хто кідае ўсё і збягае ў Багну, каб застацца тут назаўжды.
  - У Горад Чакання сыходзяць тыя, хто бяжыць з Семгалена, - сказала яна. - Большасць з іх. Але некаторыя застаюцца ў селішчы на балотах. Не хочуць ісці ў мрою. І яны таксама чакаюць.
  - Чакаюць чаго? - спытаў Стах.
  - Часу, калі можна будзе вярнуцца.
  Яны наблізіліся ўшчыльную да будынка з жоўтымі вокнамі. У глыбіні дома гарэла святло. Прыхінуўшыся да шыбы, ён разгледзеў невялікі, проста абсталяваны пакой: беленая печ, фарбаваныя ўслончыкі, прысадзісты буфет і старасвецкі куфар каля сцяны. Стол у куце стаіць неяк крыва, як быццам яго адсунулі спехам. Пасярод памяшкання пастаўлена шырокая лава, на яе накінуты пярэстыя кілімкі. На лаве паўзверх кілімаў плазам ляжыць чалавек, але яго не разгледзець, бо лаву з усіх бакоў абступілі людзі. Побач на падлозе валяюцца брудныя бінты і разрэзаная кашуля, закарэлая ад крыві. Чутны ці то спевы, ці то літаніі, што чытаюцца нараспеў. Галасы гучаць прыглушана, быццам вельмі здалёк.
  ...за морам, на самым краі Зямлі, ёсць выспа, на той выспе скала, на скале дрэва-ясень, яго макаўка дакранаецца неба, а карэнне сыходзіць у падземны свет, з-пад каранёў дрэва-ясеня бягуць дзве крыніцы, ў адной вада горкая, нібы жоўць, і чорная, як смала, у другой вада салодкая, нібы мёд, і белая, як раса...зараніца вячэрняя, прынясі вады мёртвай, загаі раны, зараніца ранішняя, прынясі вады жывой, удыхні жыццё...
  - Вось мы і прыйшлі, Стах. Цяпер вяртайся, - сказала яна.
  Ён абярнуўся. Яго спадарожніца стаяла трохі наводдаль, у баку ад святла, якое падала з акна. Ліхтар яе згас.
  - Скажыце, як ваша імя? - спытаў Стах.
  - Тутэйшыя завуць мяне Жытняй Цёткай. А рамейцы Валадаркай Гадзюк. І тое і тое праўда.
  У цемры Стах не бачыў яе аблічча, але ён адчуў, што яна ўсміхаецца.
   - Бывай, Сташак. І не падманвай больш нікога. Будзь шчырым, - сказала яна, адступаючы ў начную імглу.
  
  ***
  Стах расплюшчыў вочы і ўбачыў над сабой нізкую столь з перакрыжаванымі бэлькамі. Да бэлькі быў прымацаваны сплецены з саломы "павук". Ён злёгку разгойдваўся. Дзесьці паблізу гарэла свяча - мяккае святло запаўняла пакой, на столі калыхаліся цені. Пахла дрэвам і сухімі зёлкамі.
  - Ману... - прашаптаў Стах.
  - Прачнуўся, крамольнік? - ён адчуў чыюсьці далонь на сваім ілбе.
  Узняўшы вочы, Стах сустрэўся позіркам з чалавекам, які схіляўся над ім. Пэўна, гаспадар дома. Яшчэ не стары, але заўчасна ссівелы. Вусы і бародка, твар просты, прыязны, вочы колеру волава. На ім белая вышываная кашуля і аўчыны кажух без рукавоў.
  - Ключ... Ключ у Ману... - вымавіў Стах і сам здзівіўся, наколькі слаба гучыць яго голас.
  Гаспадар кіўнуў.
  - Ведаю.
  - Ён сказаў: "За шэлег аддам". Але грошай рамейскіх ён не возьме. Манетку хоча нашу, семгальскую. Так і сказаў - рамейцы пратаргаваліся, хай цяпер семгальцы ратуюць...
  - Ману розум мае, - сказаў гаспадар, пасміхаючыся. - Дар Творцы - гэта табе не гаршчок дзіравы, за так не аддасі.
  - Паслухайце...
  Стах прыўзняўся на ложку, агледзеўся. Той самы пакой, які ён напярэдадні бачыў ў акне. Беленая печка, услончыкі, буфет ля сцяны паблісквае шклянымі дзверцамі. Лаву з сярэдзіны пакоя ўжо прыбралі, але на дошках падлогі засталіся наплывы крыві. 'То быў я, - здагадаўся Стах. - Я ляжаў на той лаве. Я ўбачыў самога сябе, зазірнуўшы ў акно'.
  - Ну, куды сабраўся? - гаспадар узяў яго за плячо і прымусіў улегчыся на падушкі, напханыя духмяным сенам. - Адпачывай, Стах. Спі. Ты прайшоў доўгі шлях.
  Той пахітаў галавой.
  - Нельга...нельга спаць. Я паўсюль спазніўся...
  - Глупства. Час яшчэ ёсць.
  Ён падхапіў са стала свечку і выйшаў, прычыніўшы дзверы. За дзвярыма ў суседнім пакоі гарэла святло, гучалі галасы. Коган. Коган тут. Стах пазнаў ягоны голас сярод іншых. Ён гаманіў і смяяўся. 'От жа ж, халера ясная! Нізавошта б не паверыў, калі б сам не ўбачыў...' Стах чуў, як Коган звяртаецца да гаспадара дома: "Локіс".
  
  Локіс - значыць "мядзведзь". Так празвалі яго прыморцы, бо ён стварыў мядзведзя пасля Ўсёспалення. Імя яго брата складваецца з двух каранёў: "анку" -"сусвет" і "агхі" - "цмок". Гэта ўжо з мовы ксайлахскіх вершнікаў. Яны лічаць, што Ангхі і яго брат - дзеці Цмока, якога вершнікі завуць таксама Айал-Гач. Вандроўнік. Блізняты нарадзіліся ад зямной дзяўчыны, якую Цмок узяў у палон і згвалціў. Адзін з блізнят выглядаў, як звычайны чалавек, другі ж быў больш падобны да свайго бацькі, ён нарадзіўся з выцягнутымі зрэнкамі... Вельмі цікавая трактоўка семгальскай легенды. Яе паўднёвы варыянт, які істотна адрозніваецца ад паўночнага. Фінал у ксайлахскай легенды даволі аптымістычны: Блізняты выраслі і вызвалілі маці з палону, а Цмока забілі і пасеклі на кавалкі. Але Айал-Гач неўміручы, ён мае тысячу ўвасабленняў і вяртаецца зноў і зноў... Пра ўсё гэта можна прачытаць у "Займальнай міфалогіі" прафесара Дам'яна Росіцы, вядомага знаўца старажытных легенд і паданняў... А зрэшты не, ужо няможна. Увесь наклад кніг арыштаваны, бо аўтар быў абвінавачаны ў крамоле... На шчасце, з астрога ён выйшаў, але пасаду ва ўніверсітэце ў яго адабралі, і кніжкі не вярнулі. Добра, што хоць жывы застаўся. Жывы...
  
  Стах ляжаў, безуважліва ўтаропіўшыся на саламянага "павука", які пагойдваўся пад столевай бэлькай. Неўзабаве павекі яго пацяжэлі, і ён стаў павольна саслігваць у забыццё. Над Паўночнай Багнай гуляла Мроя. Яна выглядала, як простая семгальская дзяўчына ці кабета - у шэрай світцы і андараку. І косы пад хусткай белыя-белыя, быццам выбеленыя марской соллю. У руцэ яе ліхтар, які свеціць у золкай імгле, як маяк у паўночным моры. Яна была тут яшчэ да Ўсёспалення. І Вандроўнік таксама...
  "Не аддамо табе нашу Мрою, Айал-Гач! Мы пераможам Цмока і выганім яго ў Абшары Цемры, адкуль ён прыйшоў. Прысягаю..."
  'Спі, мройца, спі. А ўсё, што ты бачыў і чуў на берагах Рудзіцы, няхай застанецца з табой'.
  
  ---------------------------
  * Натхніў Николай Гумилев:
  
  На скале, у самого края,
  Где река Елизабет, протекая,
  Скалит камни, как зубы, был замок.
  
  На его зубцы и бойницы
  Прилетали тощие птицы,
  Глухо каркали, предвещая.
  
  А внизу, у самого склона,
  Залегала берлога дракона,
  Шестиногого, с рыжей шерстью...
  
  ...і гэтак далей
  
  
  Інспектар
  
  - Чума на гэты горад!
  Фраза, што называецца, павісла ў паветры - а зрэшты, чалавек, які яе прамовіў, ні да каго і не звяртаўся. У гасцінічным нумары ён быў адзін. Юсцін Варда - такое імя значылася ў ягоным пасведчанні Інспектара Тайнай Канцылярыі - напаўляжаў у меднай ванне, звесіўшы руку цераз край і ўтаропіўшыся на ўласнае калена, якое ўзвышалася над паверхняй вады. На бартах ванны раставала, шыпячы, духмяная пена. Інспектар адкінуў з ілба мокрыя валасы і працягнуў руку да шклянога століка на каванай ножцы, які стаяў каля ванны. Намацаўшы на стальніцы капшук і лісты тонкай паперы, ён нетаропка скруціў самакрутку і, чыркануўшы сернай запалкай, раскурыў першую за гэты дзень порцыю юклы.
  
  Смаліста-саладжавы дымок паднімаўся да столі, змешваючыся з водарамі сандала і мірры. Інспектар імкнуўся строга кантраляваць колькасць юклы, якую ён выкурваў на працягу дня. Злоўжыванне зеллем магло прывесці да непрыемных наступстваў накшталт дрыготкі ў пальцах і мрояў наяве, але ўжыванае ў разумных колькасцях, яно праясняла думкі і супакойвала нервы. Гэта было менавіта тое, у чым зараз меў патрэбу агент Канцылярыі - ясная плынь думкі і душэўны супакой.
  
  Інспектар адчуў нарастальнае раздражненне, ледзь ступіўшы за вароты горада. Гэта быў нават не Асмень, цэнтральны горад Дольнай Зямлі, у якім прысутнічалі некаторыя зародкі цывілізацыі. Гэта быў наскрозь правінцыйны Лемар, дзе ў большасці дамоў не было нават вадаправода, а па вуліцах сноўдаліся валы ды які, запрэжаныя ў вазкі. Інспектар, вядома, мог бы папракнуць сябе ў некаторай спешчанасці і прыхільнасці да сталічных выгод. У каменных дамах Вільска меўся вадаправод з гарачай вадой і газавыя свяцільні, а дзе-нідзе былі нават аўтаматычныя пад'ёмнікі для спадароў, якія ленаваліся ўзбірацца па лесвіцы на сваіх дваіх. Па сталічных вуліцах насіліся двухмесныя і чатырохмесныя 'псілы" і лёгкія павозкі, запрэжаныя пародзістымі скакунамі, а цяглавых якаў не трымалі нават у рабочых кварталах. Зрэшты, у параўнанні з Царгорадам нават Вільск выглядаў глухменню. Правінцыя...
  
  Адкамандзіроўваючы Інспектара ва Ўсесвяцкі гарнізон, Алех Валога папярэдзіў яго аб агульнай адсталасці паўночнага прымор'я і адпаведна, адсутнасці належнага ўзроўня камфорту. Інспектар прыняў гэтую вестку па-стаічнаму, адзначыўшы ў думках, што ён усё ж мае права на элементарныя выгоды. У прыватнасці, на гарачую ванну, падагрэтае віно і цёплыя ручнікі пасля стомнай дарогі.
  
  Ужо па дарозе ў Дольную Зямлю Інспектар вырашыў, што ў гарнізон ён не паедзе. Яму зусім не ўсміхалася прабавіць суткі, а то і больш, ў асяроддзі тупаватых жаўнераў і грубага афіцар'я. Да таго ж у казармах няма ніякіх выгод, акрамя цвёрдых коек і бетонных душавых, у якіх напэўна не будзе гарачай вады. Інспектар прыняў рашэнне накіравацца наўпрост у Лемар, які размяшчаўся ўсяго ў некалькіх мілях ад Усясвяцка. У Лемары, прынамсі, знойдуцца прыстойныя гасцініцы. Ну а жаўнерам няцяжка будзе даставіць затрыманага ў горад, балазе "псілы" ў гарнізоне меліся.
  
  Дарога ў Дольную Зямлю была не столькі стомнай, колькі нудлівай. Інспектар сядзеў, адкінуўшыся, у мяккім крэсле крылатай машыны-"птэрыкса" і безуважліва глядзеў скрозь зашклёны борт. Серабрыстае крыло пад бортам машыны злёгку дрыжэла, рассякаючы сустрэчны вецер. Унізе праплывалі цёмныя масівы лясоў, свінцова-шэрыя стужкі рэк і пустынныя палі, ужо дзе-нідзе зацярушаныя снегам.
  
  Юсцін Варда быў чыстакроўным рамейцам. Шчодрае сонца Царгорада афарбавала яго высокія скулы ў высакародны бранзаваты колер. Арыстакратычныя рысы ягонага аблічча адцяняла фарсістая бародка, а вугальна-чорныя валасы былі гладка зачасаны і нацёрты араматычным воскам. Гэта было адным з найгалоўных правіл яго жыцця - выглядаць прыстойна пры любых абставінах. Некаторыя рамейцы, якія па абавязку службы апынуліся ў гэтай дзіры, пераставалі надзяляць належную ўвагу сваёй знешнасці і ў рэшце рэшт пачыналі выглядаць амаль як тубыльцы. А іншыя апускаліся нават да таго, што пачыналі блытацца з мясцовымі падавальшчыцамі і гандляркамі зелянінай. Неймаверна. А семгальскіх дзевак, зрэшты, можна зразумець. Тутэйшых лапцюжнікаў Гасподзь Усявышні абдзяліў вельмі многім, і прыгажосцю ў тым ліку...
  
  Інспектар адвярнуўся ад акна і зірнуў на пілота, які сядзеў леваруч яго. Пілот быў семгальцам - з тых, хто прайшоў ваенную школу і даволі ніштавата валодаў Высокай Мовай Імперыі. Інспектар не надта давяраў гэтым дзікунам, нават тым, хто даў прысягу Імперыі. Але, прынамсі, пілот быў не з гэтых бялясых прыморцаў, і не з жоўтавалосых лесуноў Сумрадзі. Цёмныя валасы і вочы выдавалі ў ім ураджэнца Разлогу-Сярэдніх Раўнін. Прадстаўнікі гэтай народнасці вонкава чымсьці нагадвалі рамейцаў і выглядам сваім не так моцна абражалі эстэтычныя пачуцці Інспектара.
  - Гэта праўда, што прыморцы закопваюць малако ў гной, каб зрабіць сыр? - спытаў ён на мове Імперыі.
  - Не зусім так, Ваша Благароддзе, - адказаў пілот. На рамейскай ён размаўляў амаль без акцэнту. - Яны бяруць густую смятану і загортваюць яе ў некалькі пластоў адмысловай тканіны. Пасля гэты скрутак апускаюць у яму з чарназёмам і прыціскаюць зверху каменем. Праз некаторы час у зямлі выспявае беласнежны сыр, які амаль не саступае па смаку найлепшым рамейскім...
  - Зрабі ласку, змоўкні! - сказаў Інспектар і прыціснуў да вуснаў батыставую насоўку, быццам адчуўшы прыступ млосці.
  Пілот паціснуў плячыма.
  - Тут пытанне густу, Ваша Благароддзе. Магчыма, далікатны рамейскі сыр з чорнай цвіллю нашым прыморцам здаўся бы чымсьці жахлівым.
  - Варвары, - прагаварыў Інспектар.
  Гутарка з пілотам канчаткова сапсавала яму настрой, які і да гэтага быў паганым. Каб трохі развеяцца, Інспектар выцягнуў з дарожнай валізкі тэчку, абцягнутую ціснёнай скурай, і прыняўся перачытваць справаздачу.
  
  Сутычка паміж атрадам паўстанцаў і жаўнерамі Усесвяцкага гарнізона была нядоўгай. Пасля кароткай, але жорсткай перастрэлкі супраціў мяцежнікаў быў зламаны, і яны кінуліся ў панічныя і бязладныя ўцёкі. Паўстанцы адыходзілі ў страшным паспеху, пакінуўшы на полі бою больш за тузін загінулых. Зрэшты, сярод мерцвякоў прыхаваўся адзін жывы, прычым узброены. Пры набліжэнні жаўнераў ён адкрыў бязладны агонь з вінтоўкі і паспеў нават параніць дваіх, перш чым яго аглушылі прыкладам. Цяпер палонны знаходзіўся ў гарнізоне.
  
  З шараговымі злачынцамі - кішэннікамі, панажоўшчыкамі, махлярамі ды іншымі - мясцовае кіраўніцтва спраўлялася ўласнымі сіламі. Аднак палонных мяцежнікаў належыла адпраўляць у сталіцу, дзе імі займаўся начальнік службы бяспекі Правінцыі. У гэтым, уласна кажучы, і складалася місія Інспектара - правесці папярэдні допыт, скласці рапарт, а пасля пад канвоем даставіць затрыманага ў Вільск. Гэтая важданіна з паўстанцамі Інспектару ўжо добра надакучыла. Паводле справаздач, падраздзяленні правінцыйнай арміі вялі паспяховыя баі ў Дольнай Зямлі, адціскаючы мяцежнікаў усё далей да Паўночнай Багны. Аднак узброеным сутыкненням не відаць было канца, а мяцежнікаў як быццам не менела. Трэба было адразу абвясціць тут ваеннае становішча і даслаць з Царгорада рэгулярныя войскі. А цяпер занадта далёка ўсё зайшло.
  
  Калі ўнізе паказаліся назіральныя вышкі і казармы гарнізона, пілот пайшоў на зніжэнне.
  - Адставіць! - раўнуў Інспектар. - Паварочвай у Лемар.
  - Але, Ваша Благароддзе...
  - Гэта загад.
  - Слухаюся, - сцісла адказаў пілот і павярнуў рычаг кіравання.
  Крылатая машына, апісаўшы кола над казармамі, узяла кірунак на горад.
  
  ***
  Інспектар зрабіў апошнюю зацяжку і павольна расцёр недакурак аб паверхню шклянога століка. Ад юклы і водараў ён пачуваўся трошкі млява.
  - Чума на гэты горад, - паўтарыў Інспектар і, зрабіўшы над сабой высілак, выбраўся з ванны.
  Загарнуўшыся ў ручнік, ён рушыў да вешалкі-стойкі, на якой вісела яго чорная ўніформа Шпега і зімовы шынель са срэбнымі нашыўкамі.
  
  Гарадская турма знаходзілася праз адну вуліцу ад гасцініцы, у якой спыніўся Інспектар. Начальнік турмы, несамавіты чалавечак з парадзелымі бясколернымі валасамі, выбег насустрач Інспектару і сагнуўся ў паўпаклоне, чакаючы распараджэнняў.
  - Колькі ў вас зняволеных, акрамя мяцежніка? - спытаў Інспектар на семгальскай мове.
  Інспектар ненавідзеў гэту варварскую гаворку. Пасля кожнай фразы, вымаўленай па-семгальску, яму хацелася прапаласкаць рот вадой. Але чым далей ад сталіцы, тым горш тутэйшыя валодалі Высокай Мовай, і Інспектар змушаны быў перайсці на звыклы ім дыялект.
  - Трое, Ваша Благароддзе, - адказаў начальнік турмы, - Двое за няплату падаткаў, адзін падазраецца ў махлярстве. Ён прадаваў гараджанам высушаныя хвасты вадзяных пацукоў. Здробненыя ў парашок і змяшаныя з вінным воцатам, яны нібыта дапамагаюць пры мужчынскай...
  - Гэтыя падрабязнасці мяне не цікавяць, - абарваў яго Інспектар.
  Начальнік турмы спалохана падціснуў вусны.
  - Дзе затрыманы?
  Начальнік турмы замітусіўся.
  - У дапроснай, Ваша Благароддзе. Дазвольце суправадзіць Вас...
  
  У дапроснай, цесным пакойчыку з маленькім закрачаным акенцам пад самай столлю, панаваў паўзмрок. З мэблі тут было пара крэслаў, вузкая лава і стол, на якім стаяла карбідавая лямпа. Падчас допытаў рэзкае, асляпляльнае святло лямпы накіроўвалі ў твар затрыманым, каб зламаць іх супраціў і ўнушыць пачуццё бездапаможнасці. Ля дзвярэй застыў па стойцы 'зважай' узброены жаўнер-рамеец.
  
  Палонны мяцежнік сядзеў на лаве, нізка схіліўшы галаву і ўпёршыся далонямі ў калені. На ім была паношаная футравая куртка, відавочна з чужога пляча, і вайсковыя чаравікі, ужо добра стаптаныя. Звычайны выгляд для мяцежніка. Абадранцы, не могуць нават пашыць сабе прыстойную уніформу, падумаў Інспектар. І ўзброены хто чым. Некаторыя лезуць у бой ледзь не з рагацінамі, як тыя дзікуны, што жылі на Кантыненце да Года Усёспалення, калі верыць храністам. На што наогул яны разлічваюць, гэтыя паўстанцы? Думаюць, што напалохаюць Аўгусту дубальтоўкамі? Наіўныя... Інспектар паглядзеў на стол, на якім былі раскладзены канфіскаваныя ў палоннага рэчы: пара шнуркоў (знялі з чаравікоў), скураны рамень, армейскі нож, вінтоўка, і...
  - Цікава, - прагаварыў Інспектар і ўказальным пальцам правай рукі, зацягнутай у скураную пальчатку, падчапіў са стала тонкі срэбны ланцужок.
  На канцы ланцужка пагойдвалася маленькая шкляная капсула. У такіх капсулах звычайна захоўваюць атропас. Гэты смяротны яд выкарыстоўвае толькі служба бяспекі, шараговым грамадзянам ён, як правіла, недаступны.
  - Адкуль гэта ў цябе? - спытаў Інспектар па-рамейску.
  Маўчанне. Не зразумеў, ці што? Пэўна, з нейкай глухмені, там аж дагэтуль мовы Імперыі амаль не ведаюць.
  - Я пытаюся, капсулу дзе ўзяў, вісельнік? - паўтарыў ён, перайшоўшы на семгальскую.
  - Гэта было пры затрыманым, Ваша Благароддзе, - умяшаўся начальнік турмы. - Ён страляў па жаўнерах, заціснуўшы капсулу ў зубах. Гэта, мусіць, новы звычай у мяцежнікаў - трымаць пры сабе капсулы з атропасам, каб, значыцца, не здавацца ў палон жывымі...
  - Падарунак каханай, - сказаў палонны, не паднімаючы галавы.
  - Блазнуеш? Дарма.
  Інспектар скрывіў вусны ва ўсмешцы і акуратна паклаў капсулу на стол.
  - Імя? - спытаў ён.
  - Злыдзень, - адказаў палонны, па-ранейшаму, як здалося Інспектару, гледзячы ў падлогу.
  Інспектар шумна ўздыхнуў і пацёр пераноссе кончыкамі пальцаў.
  - Мяркую, што гэты адказ недакладны. Паспрабуем яшчэ раз.
  Інспектар падышоў да палонага і, ухапіўшы яго за валасы, ірвануў уверх.
  - Імя! - раўнуў інспектар, і раптам адхіснуўся.
  На яго ўтаропіўся застылы, безжыццёвы твар з дзвюма пустымі западзінамі замест вачэй. Інспектар паспеў разгледзець сплюшчаныя павекі і бялясыя шнары каля пераносся, потым ён рэфлекторна адвёў позірк. Юсцін Варда заўсёды адчуваў натуральную агіду да калек і юродзівых. Валога паступіў, канечне ж, подла, нават не папярэдзіўшы Інспектара, каго менавіта яму прыйдзецца дапытваць. Шчур бялявы. У свой час Інспектар ледзь не падаў рапарт аб адстаўцы, даведаўшыся, што Алех Валога прызначаны на пасаду начальніка службы бяспекі Правінцыі. Тубылец, грамадзянін другой катэгорыі. Нікчэмнасць, выскачка і ненавіснік рамейцаў. Калі-небудзь Юсцін Варда ўсёткі выкажа Валогу ўсё, што пра яго думае. А потым ён кіне заяву аб адстаўцы проста ў яго пацучыную фізіяномію... Валога, аднак, зараз быў далёка, таму Інспектар абрынуў свой гнеў на начальніка турмы.
  - Чаму не папярэдзілі?! - зароў ён, пераходзячы на мову Імперыі.
  - Але...Ваша Благароддзе... - залапатаў начальнік турмы. Мовай Імперыі ён валодаў надзвычай дрэнна, і цяпер пакутліва моршчыў лоб, спрабуючы падабраць словы.
  - І Валога таксама! - бушаваў Інспектар. - Запатрабую ад яго падвойныя прэміяльныя! Я наймаўся ў гэтую кантору не для таго, каб важдацца з калекамі і вар'ятамі!
  - Вінаваты, Ваша Благароддзе. Абяцаю выправіцца, - ціха сказаў палонны.
  Інспектар замоўк на паўслове і са здзіўленнем утаропіўся на мяцежніка. Той размаўляў на рамейскай - псаванай, праўда, з моцным акцэнтам. Намаганнем волі Інспектар утаймаваў свой гнеў. Адмахнуўшыся ад начальніка турмы, які лапатаў нешта на сумесі рамейскай і семгальскай, Інспектар рушыў да палоннага. Узяўшы адно з крэслаў, ён сеў перад затрыманым так, каб іх твары знаходзіліся на адным узроўні.
  - Значыцца, па-нашаму ты разумееш, - сказаў Інспектар на мове Імперыі. - І, напэўна, усведамляеш, дзе ты зараз знаходзішся. Прапаную супрацоўнічаць са следствам, інакш мы змушаны будзем...
  - А мне ёсць што губляць? - перапыніў яго сляпы. Інспектар гатовы быў паклясціся, што ён хмыліцца.
  Інспектар па звычцы кінуў позірк на карбідавую лямпу, пахітаў галавой, у думках назваўшы сябе ёлупнем, і зноў павярнуўся да палонага.
  - Сапраўды, узяць з цябе асабліва няма чаго, - сказаў Інспектар, імкнучыся, каб голас яго гучаў роўна, - Хіба што пальцы на руках. Так, так, кусачкамі, адзін за другім. Заадно можна і язык падрэзаць. У палявой хірургіі я хоць і не служыў, аднак скальпелем валодаю няблага. Ну а потым мы адпусцім цябе, абяцаю. Магчыма, ты нават здолееш адшукаць дарогу да лагера мяцежнікаў, у чым я, аднак, сумняваюся. Улічваючы, што перад табой агент Тайнай Канцылярыі, ты павінен усведамляць, што гэта не пустая пагроза.
  Сляпы не адказаў, але Інспектар убачыў, як ён прыціснуўся да сцяны, і яго бяскроўнае аблічча збялела яшчэ больш. Інспектар задаволена ўсміхнуўся.
  - Імя? - паўтарыў ён сваё пытанне.
  - Ян... Сямішка... - адказаў той, запінаючыся.
  - Ужо лепш, - сказаў Інспектар і падаў знак начальніку турмы.
  Выхапіўшы аркуш паперы з шуфляды стала і пяро-самапісец з нагруднай кішэні, той пачаў ліхаманкава запісваць. Начальнік турмы не павінен выконваць абавязкі сакратара, аднак сёння выпадак быў адмысловы. Як-ніяк перад ім агент Канцылярыі і палонны паўстанец - мяркуючы па ўсім, надзвычай небяспечны.
  
  ***
  Калі допыт быў скончаны і палонага адвялі ў камеру, Інспектар уздыхнуў з палёгкай. Ён адчуваў сябе цалкам выматаным. Стомленым голасам ён спытаў начальніка турмы, ці маецца ў іх апарат сувязі. Сцвярджальна кіўнуўшы, той правёў Інспектара ў свой кабінет. Апарат састарэлай мадэлі мацаваўся да сцяны і ўяўляў сабой грувасткую бляшаную скрыню са слухаўкай і дыскам. Відавочна, хлам, спісаны са склада. Правінцыя... Пасля некалькіх безвыніковых спроб Інспектар здолеў, нарэшце, выйсці на сувязь са сталіцай і скрозь трэск перашкод зрабіць кароткую справаздачу. Сувязь была кепскай, і віной таму быў нават не безнадзейна састарэлы агрэгат. Па ўсёй правінцыі рамейцы ўзводзілі станцыі-мачты, якія перадавалі сігналы дальняй сувязі, у тым ліку Народнага Вяшчальніка. Гэтыя станцыі ўсё часцей станавіліся аб'ектам нападу мяцежнікаў, якія то выломлівалі стрыжні з генератараў, то проста закладвалі выбухоўку. Наступствы былі катастрафічныя - Вяшчальнік глухлі ва ўсёй акрузе, а рамейскае кіраўніцтва вымушана было звяртацца да паслуг кур'ераў, бо апараты сувязі выходзілі з ладу. Інспектар, безумоўна, меў рацыю, называючы семгальцаў варварамі.
  
  Калі Інспектар пакінуў будынак турмы, ужо згусціўся змрок, і на вуліцах горада запаліліся бляклыя алейныя ліхтары. Прайшоўшы некалькі крокаў, ён спыніўся і ў знямозе прыхінуўся да каменнай сцяны. Яго рукі злёгку дрыжэлі, калі ён намацваў у кішэні шыняля капшук з юклай і серныя запалкі. Скруціўшы самакрутку, ён з асалодай зацягнуўся.
  
  На суседняй вуліцы паміж дамамі віднеліся ярка асветленыя вокны гасцінага двара. Па бруку прагрукатала павозка, запрэжаная парай скакуноў, і спынілася каля дзвярэй гасцініцы. Інспектар безуважліва назіраў, як з павозкі выходзяць пажылая манашка і дзяўчынка гадоў дванаццаці, апранутая ў клятчастае паліто, якія носяць выхаванкі прытулкаў. Расплаціўшыся з фурманам, манашка падштурхнула наперад дзяўчынку, і яны ўдваіх рушылі да гасцініцы.
  
  Інспектар здрыгануўся, пачуўшы прыглушаныя галасы ў некалькіх кроках ад сябе. Пад ліхтаром насупраць будынка турмы стаялі трое. Інспектар гатовы быў паклясціся чым заўгодна, што секунду таму іх тут не было. Дзве дзеўкі, апранутыя, як курвіскі, а з імі побач высокі, станісты мужчына ў рамейскім каптане з чырвонага сукна. Яго доўгія, да плеч, валасы былі чорнымі, як крыло гругана, так што яго сапраўды можна было прыняць за рамейца. Калі гэты тып на імгненне азірнуўся, Інспектар разглядзеў у святле ліхтара яго аблічча, якое можна было б назваць бездакорна прыгожым, калі бы не бяльмо на яго правым воку. Аднавокі хмыліўся. Інспектара перасмыкнула. Шанцуе мне сёння на сляпых ды крывых, сказаў ён сабе.
  
  Аднавокі нешта шапнуў дзеўкам, і тыя разам азірнуліся, утаропіўшыся на Інспектара. Твар адной з дзевак быў абязвечаны нейкай асабліва брыдкай формай праказы. Яе шэрая, сітаватая скура была нібыта паедзена чарвякамі, а на правай шчацэ зеўрала дзірка, скрозь якую віднеліся жаўтлявыя зубы. Аблічча другой было быццам бы ў парадку, але яе доўгія, да пояса, кудлы былі цалкам сівымі, як у старой каргі, хаця дзеўка, відавочна, была яшчэ маладая.
  
  Інспектар зажмурыўся. Калі ён зноў расплюшчыў вочы, аднавокі ды пракажоная кудысьці падзеліся. Пад ліхтаром засталася адна толькі сівая дзеўка. Яна ўсміхнулася, прадэманстраваўшы распухлыя чорныя дзёсны, і рушыла наўпрост да Інспектара.
  - Не-не, мне не патрэбны твае паслугі! - сказаў Інспектар.
  Дзеўка ўсміхнулася яшчэ шырэй, і перш чым Інспектар паспеў адрэагаваць, працягнула да яго твару сваю худую, бледную руку і злёгеньку пляснула яго па шчацэ. Інспектар адхіснуўся, ледзь не выпусціўшы самакрутку. Дзеўка знікла.
  - Трызненне нейкае, - прамармытаў Інспектар.
  Ён выцягнуў з кішэні батыставую насоўку і прыняўся церці шчаку, да якой даканулася рука дзеўкі. Мабыць, досыць на сёння юклы, вырашыў Інспектар. Усё, што толькі што адбылося, было, несумнеўна, мрояй наяве, выкліканай празмернай колькасцю зелля.
  
   Кветка Нявіннасці
  
  - Каб яго халера!
  Грэбля каля двух вадзяных млыноў была ледзь не самым гіблым месцам ў Асмені. Рака Нямірка несла свае каламутныя воды ўздоўж гарадскіх разн'іц, лазняў, мясных і рыбных кірмашоў, начлежак, гарбарняў і бровараў, збіраючы ўвесь бруд і нечыстоты вялікага горада. Уся гэта брыдота збіралася на дне штучнай запруды, гніючы і атручваючы смуродам прылеглыя кварталы. Вада ў запрудзе была вязкая і колер мела сярніста-буры, як у стаўках Апраметнай, а ля самай грэблі нячыстыя плыні закручваліся ў бурлівыя віры, ускіпаючы карычневатай пенай.
  
  У тую познюю восень вада ў запрудзе адсутнічала. На грэблі ладзіліся аднаўленчыя працы, і граданачальнік распарадзіўся ваду да часу спусціць. Аголенае рэчышча выгляд мела засмучальны. Дно ракі было схавана пад пластом смярдзючага глею і пірамідамі смецця, аблепенага ракушкамі і згнілым багавіннем. Пасярод лужынак застаялай вады віднелася ўспушаная туша патанулай ці то каровы, ці то кабылы. Ад рэчышча цягнула тухлінай і золкай вільгаццю ўсіх сутарэнняў, лёхаў і склепаў, што існавалі ў свеце.
  
  На набярэжнай, абапёршыся локцямі аб парапет, стаяў адносна малады яшчэ чалавек (гадкоў гэтак сарака пяці), апрануты ў паліто, перашытае з шэрага салдацкага шыняля, і старэнькі вязаны шалік, абгронуты вакол шыі. У восеньскіх прыцемках яго панурую фігуру можна было прыняць за прывід - незаспакоеную душу якогасьці няўдалага паэта альбо нешчаслівага каханка-самагубцы, асуджанага вечна блукаць па берагах Няміркі, апранутых у камень. Зрэшты, папяроса-самакрутка, якая тлела і курылася ў ягоных пальцах, указвала на яго прыналежнасць да роду людзей, а не зданей. Ён раз-пораз падносіў самакрутку да вуснаў і зацягваўся павольна, з асалодай, падоўгу затрымліваючы дым у лёгкіх. Агеньчык папяросы паміргваў у золкім сутонні, нібы чортава вока.
  
  За ракой на цэнтральнай вуліцы адзін за адным запальваліся ліхтары. На мосце па-над грэбляй грукаталі фурманкі і самаходныя экіпажы, па ходніку ўздоўж каванай агароджы паважна крочылі мінакі, выфранчаныя, як на вяселле. Ці як на хаўтуры. За апошнім часам тутэйшыя гуляюць няўрымсліва і з нейкім надрывам, нібы перад канцом свету. Навіны спрыяюць. Кароль Антраўма (а ў Дуумвіраце ён усім верхаводзіць) доўга запрагаў і нарэшце прыняў рашэнне. Цяпер перамір'ю гамон, і паветраныя караблі Дуумвірату грамяць памежныя мястэчкі Імперыі. Мястэчкі Паўночнай Правінцыі, дакладней кажучы. Войскі Аўгусты адыходзяць, пакідаючы за сабой цэлыя мілі выпаленай зямлі. Звычайная тактыка - ні сабе, ні ворагу. З захаду ўглыб Імперыі ідуць цягнікі з бежанцамі. Калегія Праўды пра гэта маўчыць, але ўсе ведаюць - людзі кажуць - што па тых цягніках пачала гуляць морава язва. Уцекачоў вязуць у гразі і скучанасці, лекараў і санітарных наглядчыкаў на ўсіх не хапае, вось і вынік. Многія паміраюць у дарозе, іх хаваюць у неглыбокіх магілах уздоўж чыгункі. Целы памерлых не спальваюць і не закідваюць вапнай, як мае быць, а гэта значыць, зараза паўзе далей... Зрэшты, Севаст задаволены. Усё ідзе па плану, кажа ён. Пры такім раскладзе Старушэнцыю яшчэ да вясны скінуць з трона, а пытанне з эверонцамі ён вырашыць. І Паўночная Правінцыя як разменная манета...
  
  Малады чалавек выцягнуў з кішэні паліто гадзіннік, паднёс яго да вачэй і стаў узірацца ў цыферблат, спрабуючы разглядзець у цемры палажэнне стрэлак. Потым, схаваўшы гадзіннік, ён зрабіў апошнюю зацяжку і кінуў папяросу цераз парапет. Апісаўшы ў паветры чырванаватую дугу, недакурак плюхнуўся ў глей і зашыпеў.
  - Каб яго халера!.. - паўтарыў напаўголасу малады чалавек і сунуўшы рукі ў кішэні паліто, рушыў у бок цэнтральнай вуліцы.
  Апынуўшыся на мосце, ён спыніў вазок з адкрытым кузавам, ў які была запрэжана чэзлая рудаватая кабылка.
  - У Ксайлахскія Стаенкі вязі, - загадаў малады чалавек, заскочыўшы ў экіпаж.
  Фурман ухмыльнуўся і прабурчаў сабе ў бараду штосьці не зусім прыстойнае. Відавочна, яму не аднойчы даводзілася вазіць у Стаенкі спадароў, у якіх з надыходам прыцемкаў раптоўна абуджаўся востры інтарэс да побыту тамтэйшых пасяленцаў, нашчадкаў лучнікаў-наймітаў з ксайлахскіх стэпаў, што некалі служылі ў каралеўскім войску. Усім, аднак, вядома, што ў Стаенках забавак ніякіх няма - віна там не п'юць і корчмаў не трымаюць, а ксайлахскія страўні, дзе падаюць чорны, як дзёгаць, стэпавы чай і хрусткія мядовыя праснакі, шаноўных спадароў не цікавяць. Іх сапраўднай мэтай з'яўляецца адзін адмысловы квартал, размешчаны па суседству са Стаенкамі. Там можна прабавіць ноч ў асяроддзі вясёлых дзяўчат, а таксама за ўмераную цану набыць кантрабандны спірытус і яшчэ тоё-сёе.
  - Давай, руш! - сказаў малады чалавек з прыкрасцю. - За мае ж грошы будзеш зубы шчэрыць. Тубылец.
  Не перастаючы хмыліцца, фурман адвярнуўся і хвастануў каня. Колы экіпажа загрукаталі па брукаванцы. Малады чалавек сядзеў, стомлена адкінуўшыся на лаве. Пасля выпаленай самакруткі ў галаве злёгку шумела. Відавочна, зелле пачынала дзейнічаць - на сценах каменных гмахаў паабапал вуліцы заскакалі чэрці, падобныя да чынуш Грамадскага Нагляду, а вакол вулічных ліхтароў з'явіліся вясёлкавыя венцы. Адчуванне было прыемным. Пэўна, так пачуваюцца тубыльцы пасля шклянкі чарвіўкі. Калі воляю лёсу ён упершыню трапіў у гэтую глухмень, яго ашаламіла, наколькі моцна п'юць тутэйшыя. Пражыўшы тут два гады, ён перастаў здзіўляцца. Намеснік так закруціў шрубкі, што нават у Царгорадзе цяпер свабоды паболей, чым у Паўночнай Правінцыі, і трываць усё гэта можна хіба толькі з п'яных вачэй. Зрэшты, Намесніку ўжо нядоўга засталося, і ягонай апякунцы таксама. Аўгуста прыйшла да ўлады праз палацавы пераварот, ім жа яе панаванне і скончыцца. Хаця чорт з ёй, з палітыкай. Абрыдла.
  - Стаенкі, Вашблагародзь! - абвясціў фурман. - Прыехалі.
  Запаветная вулачка ля Стаенак не ішла ні ў якае параўнанне з вясёлымі кварталамі Царгорада. Начапураныя дзеўкі, якія выглядвалі з асветленых вокнаў, стаялі на парогах дамоў і шпацыравалі ўздоўж вуліцы, не абуджалі ў ім ніякіх пачуццяў. У сваіх яркіх сукенках і квятчастых шалях з кутасікамі яны нагадвалі яму нехлямяжых саламяных лялек, якіх тутэйшыя выстаўляюць уздоўж гасцінцаў падчас свята ўраджаю. Калі якая з дзевак спрабавала з ім загаварыць, ён толькі адварочваўся і паскорваў крок.
  
  Мінуўшы вуліцу, малады чалавек збочыў у цёмны завулак, пераскочыў цераз глыбокую, прыхопленую лёдам калюжыну і неўзабаве апынуўся перад двухпавярховым асабняком. Мясцовыя заўсёднікі называлі яго 'Басурманская хатка'. У яблычак. Дамы ў такім стылі распаўсюджаны ў варожых Эвероне і Антраўме - чарапічны дах, белыя сцены, чорныя бэлькі і балкончыкі, упрыгожаныя глінянымі гаршчкамі з геранямі. 'У басурманяў шмат гераняў, - падумаў малады чалавек. - А ў Цытадэлі асфадэлі'. Ён хіхікнуў. І адразу ж дадаў пра сябе: 'Чортава зелле!'
  
  Над ганкам з высокімі прыступкамі гарэў ружаваты ліхтар. Пад ліхтаром вісела шыльда, абвітая пажоўклым па восені плюшчом, якая абвяшчала: "У Лілеі". З расхінутых дзвярэй на вуліцу струменілася святло і даносіўся гуд галасоў, п'яны рогат і гукі музыкі. На ганку пад шыльдай стаяла спадарыня Лілея ўласнай асобай - трохі пераспелая, але ўсё яшчэ прывабная бландзінка з вачамі фіялкавага колеру. Яна была апранута ў фарсістую сукенку з фіялкавага, пад колер вачэй, ядвабу з карункавым гарсэтам, туга зашнураваным на таліі. У руцэ, зацягнутай ў мярэжыстую пальчатку, спадарыня трымала тонкі бурштынавы муштук з мятнай папіроскай. Валасы яе, закручаныя ў складаную фрызуру, вянчаў бутон белай лілеі. Спадарыня ніколі не паказвалася перад наведнікамі без кветкі лілеі ў валасах - то быў яе адметны знак. Наведнікі, у сваю чаргу, цанілі гэтае своеасаблівае пачуццё гумару, ласкава называючы спадарыню 'самай разбэшчанай нявінніцай горада'.
  - Ратаўніца душ загіблых. Вітай! - прамовіў малады чалавек трохі развязна.
  Спадарыня адчула, як сэрца яе падскочыла, затахкаўшы пад самым горлам, а потым скацілася некуды ў туфлікі на высокіх абцасах. Аднак вонкава пачуцці яе ніяк не адлюстраваліся.
  - Дабранач, спадар Йорхас. Чаго пан жадае? - прашчабятала яна, какетліва ўсміхаючыся і пакусваючы муштук.
  - Ды як звычайна, - адказаў той.
  Спадарыня зрабіла была крок яму насустрач - і раптам спынілася, угледзеўшы дзіўнаваты бляск ў ягоных вачах. Незаўважна пацягнуўшы носам паветра, яна ўлавіла знаёмы смалісты пах. Зноў гэта паскудства. Юкла, канечне, законам не забаронена, лічыцца нават карыснай для здароўя - але чорт пабяры! Ад гэтай дрэні яе каханак робіцца нікуды не вартым. Затое ў ім абуджаецца талент прамоўцы. Ужо хто-хто, а яна ведае. Пару разоў ёй даводзілася выслухоўваць гэтыя моташныя маналогі да рання. Тэма заўсёды адна і тая ж - недасканаласць светабудовы. І шляхі яе (светабудовы) перабудовы. Гэта калі ў агульных рысах. Калі ж удавацца ў падрабязнасці, то выходзіць суцэльная крамола. Калі б на месцы Лілеі апынулася гэта канторская посцілка Сорэкс, у Вэла Йорхаса, несумнеўна, ужо былі б сур'ёзныя непрыемнасці. Аднак Лілея не такая. Тайнай Канцылярыі яна сваіх кліентаў не здае, яны за ёй, як за каменнай сцяной. І цярпенне ў яе проста анёльскае. У гэтым сэнсе Йорхасу моцна пашанцавала.
  - Хадзем, мой салодкі, - уздыхнуўшы, сказала спадарыня.
  Яна падабрала спадніцы і рушыла ў дом, цягнучы за сабой рамейца. Вэл Йорхас ужо неаднойчы праходзіў гэты шлях. Спачатку тлумная, ярка асветленая зала. Люстэркі,жырандолі, аксамітныя канапкі і непрыстойныя габелены. Паўсюль разрумяненыя дзеўкі з аголенымі локцікамі - вяршыня распусты. У куце сярод кадак з дэкаратыўнымі дрэўцамі прыткнуўся стары абшарпаны клавікорд, муз'ыка ў паласатай камізэльцы старанна малоціць па клавішах, выбіваючы з інструмента мелодыю навамоднай песенькі. На канапах і за столікамі разгарачаная кліенты - разнамасная шушамець, і ўсе тутэйшыя. Рамейцаў местачковыя лупанарыі не цікавяць. Ну, за некаторым выключэннем... Спадарыня Лілея плыве скрозь залу, прыязна ўсміхаючыся і машучы ручкай заўсёднікам. Потым лесвіца, якая вядзе наверх. Гэтую частку шляху Вэл Йорхас звычайна праходзіць хутка, але цяпер ён ледзь цягнецца па прыступках, заўважна хістаючыся і чапляючыся за парэнчы. Лілея крочыць наперадзе. 'Добра ж яго дзяўбанула, - разважае яна, паглядваючы на свайго спадарожніка. - Не, мілошчаў сёння не будзе. Хаця...' Затым доўгі паўцёмны калідор з шэрагамі шчыльна зачыненых дзвярэй. Дыван на падлозе прыглушвае крокі. Што б ні чынілася там, за зачыненымі дзвярыма, звонку не чуецца ані гуку. Потым яшчэ адны дзверы ў канцы калідора. Зноў лесвіца, вузкая і цёмная, як логава дэманіц-спакусніц са старых паданняў. Лілея запальвае свечку. Нарэшце мансарда. Тут, пад самым дахам, знаходзіцца спачывальня спадарыні Лілеі - яе маленькае гняздзечка, дзе яна прымае сваіх абраннікаў.
  
  Пабразгаўшы ключамі, яна адчыніла дзверы - з цёмнага пакоя патыхнула даўкім водарам парфумаў, да якога прымешваўся ледзь заўважны пах пылу і завялых кветак. Патушыўшы свечку, спадарыня павярнула выключальнік на сцяне, і пад столлю запалілася крыштальная жырандоля. У невялікім, але абсталяваным з бездакорным густам пакойчыку пераважалі лілейна-белыя і пяшчотна-фіялкавыя колеры. Большую частку памяшкання займаў велічэзны ложак з балдахінам, вакол якога, як спадарожнікі вакол планеты, кучкаваліся мініяцюрныя канапкі, пуфікі і столікі з разн'ымі ножкамі. Насупраць ложка стаяла вялікае патройнае люстэрка. Акно было шчыльна завешана цюлевымі гардзінамі і аксамітнымі шторамі. Чужароднай у гэтым гняздэчку кахання была толькі скрынка Народнага Вяшчальніка, які ляпіўся да фіялкавых шпалераў, нібы распухлы чорны павук. Чыноўнікі Грамадскага Нагляду штоквартальна прыходзілі з праверкай і аглядалі пакоі. За няспраўныя Вяшчальнікі (альбо іх адсутнасць) спадарыні пагражаў штраф, а то і канфіскацыя. Што зробіш, такія парадкі. Кліенты збольшага прызвычаіліся і не зважалі. А некаторым нават падабалася. Агрэсіўная рыторыка і бруднаваты гумарок Ахоўнікаў абуджаў у грамадзянах жывёльныя пачуцці, дапамагаючы дасягнуць належнага эфекту...
  
  Апынуўшыся сам-насам з каханкам, спадарыня магла больш не хаваць свае пачуцці.
  - Вэл... - выдыхнула Лілея, горнучыся да яго, як лаза да ясеня.
  Яна палка абняла яго, заблытаўшыся пальцамі ў ягоных валасах - жорсткіх і трохі волкіх ад начнога туману. Прыціснуўшыся сваімі вуснамі да ягоных, спадарыня адчула смаліста-саладжавы смак зелля. 'Вось навошта ён так робіць? - падумала Лілея. - Ён жа ведае, што потым будзе блага. Эх, загіблая душа...' Сцягнуўшы з яго шалік, яна прынялася расшпільваць гузікі на паліто, перашытым са старога шыняля.
  - Лілея, не... - ён адвёў яе рукі, узяўшы за запясці.
  - Што, мой любы? - спагадліва запытала спадарыня.
  - Я...нешта пагана мне.
  Раптам неяк аслабеўшы, ён апусціўся на канапку, над якой вісела скрыня Вяшчальніка, і абхапіў галаву рукамі.
  - То нічога. Зараз будзе добра, - паабяцала спадарыня.
  Адступіўшы на крок, яна пачала павольна расшнуроўваць гарсэт. Рамеец хутка зірнуў на яе і пахітаў галавой.
  - Курва. Шлёндра канторская. Посцілка, - прагаварыў ён з расстаноўкай. Позірк ягоны блукаў.
  Спадарыня знерухомела.
  - Ты гэта пра каго? - спытала яна змяніўшымся голасам.
  - Пра сябе, Лілея. Я гэта. Курвіска. І ўсе мы, - ён ціхенька застагнаў і пачаў разгойдвацца, прыціскаючы далоні да скроняў. - Нельга так рабіць, разумееш?.. Нельга. Не па-людску гэта...
  - А ты ж, прыгажосць мая, - праваркатала спадарыня. Позірк яе зноў пацяплеў. - Кінь, Йорхас. Можна. Усё можна.
  
  Яна аслабіла папружку, і спадніцы 'з абручамі' ўпалі ёй пад ногі. Спадарыня засталася ў станіку, пунсовых штоніках і карункавым паяску, да якога мацаваліся мярэжыстыя панчохі на падвязках.
  - Вэл... - прашаптала яна, працягнуўшы да яго рукі.
  Узняўшы галаву, ён глянуў на яе разбеглымі вачамі і адразу ж перавёў позірк на скрынку Вяшчальніка.
  - Слухай, заторкні ты гэтую гаварылаўку, - сказаў ён з прыкрасцю. - Па мазгах дзяўбе.
  - Ён не выключаецца, - адказала спадарыня.
  Рамеец ашчэрыўся.
  - Ды няўжо? - сказаў ён з кароткім смяшком.
  Працягнуўшы руку да Вяшчальніка, ён ухапіўся за провад і з сілай ірвануў. На падлогу пасыпалася тынкоўка. Вяшчальнік заглух.
  - Вэл, мяне за гэта аштрафуюць, - прамовіла Лілея з мяккім папрокам. - Альбо дзяўчат канфіскуюць.
  Ён зірнуў на яе, скрывіўся.
  - Ну, што за народ, - працадзіў ён.
  Рамеец рыўком падняўся з канапкі, падышоў да століка і прыняўся выварочваць кішэні паліто, шпурляючы на стальніцу прыгаршчы манет і змятых купюр. Некалькі срэбранікаў зваліліся на падлогу і са звонам заскакалі па масніцах.
  - Вось тут...не памятаю колькі...палічыш...Во, народ. Вас вешаць павядуць, дык вы і шворку сабе прыкупіце...
  - А вашых што, не вешаюць хіба? - рахмана адказала спадарыня.
  Яна апусцілася на падлогу і прынялася збіраць манеты, якія рассыпаліся. Заўважыўшы на падлозе прастакутны кавалачак кардону, які, відавочна, таксама выпаў з кішэні Йорхаса, спадарыня асцярожна ўзяла яго ў рукі. Гэта была каляровая картка-святлапіс, не вельмі новая і ўжо трохі выцвілая. Наблізіўшы кардонку да вачэй, спадарыня разгледзела выяву маладой жанчыны, убранай у летнюю светла-сінюю сукенку, паўзверх якой быў накінуты белы празрысты шаль з карункамі. Рамейка, адразу ж азначыла спадарыня. Побач стаяла дзіця гадоў пяці - пэўна, яе сын. У адрозненне ад маці, хлопчык быў апрануты паводле рамейскай традыцыі - у боціках і доўгай падперазанай кашулі са скошаным каўняром. Жанчына на картцы ўсміхалася. Хлопчык глядзеў засяроджана і вельмі сур'ёзна.
  - Гэта яна? - спытала спадарыня, углядваючыся ў святлапіс.
  - Дай сюды!.. - з нечаканай лютасцю выгукнуў рамеец і выдраў картку з яе рук.
  - Ды напрамілыбог, - прабурчала спадарыня. - Што мне, шкада, ці што?..
  Сабраўшы раскіданыя грошы, яна паднялася з падлогі і села на краёчку ложка, злёгку рассунуўшы калені.
  - А яна прыгожая, - задуменна прагаварыла спадарыня.
  - Што, падабаецца? - спытаў ён адрывіста. - Ксенія, так. І Дарыюс. Дзесяць гадоў, Лілея. То бок, дванаццаць. А, усё роўна. Думаў, ужо не засталося нічога. А яны ўсё прадугледзелі. Падрыхтавалі загадзя. І картку гэтую. Кінулі на стол. Глядзі, кажуць. Ты іх помніш? Помніш? Ці ўжо забыўся? Іх ужо няма, яны сказалі. А яна жыве. Пачвара, якая зжэрла тваё жыццё. І бялясы гэты, жывёліна, таксама. Ён жыве, а іх ужо няма...
  Раптам твар яго сказіўся, і ён затросся і завыў, як падстрэлены звер. Спадарыня закаціла вочы. Ну ўсё, пачалося. Прастагнаўшы: 'Чадна ў вас тут, чадна! Дыхаць няма чым,' ён захіліў твар рукамі і рушыў да акна, хістаючыся і чапляючыся за мэблю. Наблізіўшыся да падваконня, ён рэзка адхінуў штору і з сілай рвануў аконную ручку - засаўкі затрашчалі, але не паддаліся. Спадарыня змрочна сачыла за яго манёўрамі, седзячы на ложку.
  - Вэл, мо вып'еш чаго? - спытала яна нарэшце.
  Той не адказаў. Ён яшчэ колькі разоў таргануў аконную раму, а потым, быццам абяссілеўшы, споўз на падлогу і некаторы час сядзеў так, разгойдваючыся і курчачыся ў бязгучных рыданнях. Потым ён дрыготкімі рукамі выцягнуў з кішэні пакамечаную самакрутку і ціха лаючыся, прыняўся шоргаць запалкамі, якія адсырэлі і не гарэлі. 'Халера, колькі ж табе трэба?', паморшчыўшыся, падумала спадарыня. Яна паднялася з ложка і прыхапіўшы са століка шклянку, рушыла ў ванны пакой. Не ўключаючы святла, Лілея адкруціла медны кран, наплюхала ў шклянку халоднай вады і вярнулася ў спачывальню. Рамеец быў там, дзе яна яго пакінула - на падлозе каля акна. Ён паўляжаў, прываліўшы да сцяны, звесіўшы галаву на грудзі і бяссільна апусціўшы рукі. У ягоных пальцах была заціснута скамечаная самакрутка, якую так і не ўдалося запаліць. 'Спіць, ці што?..' Схіліўшыся над ім, спадарыня асцярожна узяла яго за падбароддзе і зазірнула яму ў твар. Іх позіркі сустрэліся, і на нейкую хвілю спадарыні падалося, быццам вочы рамейца набылі колер, зрабіўшыся цёмна-сінімі... Ды не, прымроілася. Усё тая ж чарната, як быццам адна суцэльная зрэнка без райка.
  - Вэл, выпі вадзічкі. Лепей будзе, - мякка сказала спадарыня і ледзь не сілком прыціснула шклянку да ягоных вуснаў. Той глынуў, закашляўся, ягоныя зубы клацнулі аб край шклянкі. - Вось так. Малайчынка.
  Затым яна асцярожна выцягнула самакрутку з яго аслабелых пальцаў і кінула ў крыштальную попельніцу. Потым, укленчыўшы, яна прынялася сцягваць з яго паліто. Рамеец не супраціўляўся.
  - Хлопцы трапілі пад раздачу, - прагаварыў ён.
  - Што? - спытала Лілея.
  Яна акуратна паклала паліто на канапку і занялася ягонай кашуляй.
  - Усесвяцкі гарнізон. Паклалі многіх. І Воўчак прапаў...каб яго халера! На сувязь не выходзіць. Хаця мусіў быць ў Асмені. Ін...інструкцыі...атрымаць.
  - Ат, пагавары мне яшчэ, - сыкнула Лілея. - Яно мне трэба?
  Пад уздзеяннем зелля Йорхас зусім сябе не кантралюе. Вось і цяпер пачаў гаварыць нешта відавочна лішняе. Нешта такое, чаго ёй, Лілеі, не варта ведаць. Парасшпільваўшы гузікі на яго кашулі, яна прасунула руку яму пад вопратку і паклала далонь на ягоны торс. Ён сцепануўся.
  - І-і-і, Лілея!.. Якая ж ты халодная.
  - Зараз сагрэемся.
  Спадарыня паднялася на ногі і ўзяла яго за руку.
  - Вэл, хадзем у ложак, - сказала яна.
  - Не-е-е... Не трэба, - ён млява адмахнуўся. - Ты ідзі. Ідзі. Спі. Я тут пабуду.
  - Глупства! Ну, прыгажосць мая, падымайся. Вось так. Давай, давай, тут недалёка, - гаварыла спадарыня, цягнучы яго ў ложак. Справа была не з лёгкіх - усё роўна, што валачы на сабе п'янага. Колькі разоў каханкі займаліся гэтым проста на падлозе - спадарыні падабалася, хаця назаўтра плечы і азадак смылелі ад дывановага ворсу. Аднак сёння Йорхас не ў тым настроі, і прыйдзецца ўсё рабіць самой. Спадарыня ўжо вырашыла - што б там ні было, але так проста яна яго не адпусціць. Штурхнуўшы рамейца ў ложак, яна сцягнула з яго чаравікі. Потым, усеўшыся на ім верхам, яна прынялася важдацца са спражкай ад ягонага рамяня.
  - Лілея, не... - прагаварыў той, спрабуючы яе адштурхнуць.
  - Цішэй! - сыкнула спадарыня. - Прыбяры рукі. Я сама.
  Яна схілілася над ім і пачала асыпаць яго кароткімі, палкімі пацалункамі, спускаючыся ўсё ніжэй. Затрымалася на хвілю, адчуўшы вуснамі глыбокі няроўны шнар - след ад кулі. Ён кажа - падстрэлілі калісьці, падчас калатнечы паміж кантрабандыстамі. Яна не верыць. Ён не просты кантрабандыст. Ён увогуле не той, за каго сябе выдае. У яго нават імя нейкае несапраўднае. 'Йорхас' на мове ксайлахскіх качэўнікаў значыць 'калючка', альбо 'цёрн'. Хто-хто, а яна ведае, вунь слабодка іхняя побач. Хто ты такі, Йорхас? Хто ты на самай справе?
  - Лілея, разумееш, яны бунтуюць толькі таму, што мы ім дазваляем, - гаварыў Йорхас, гледзячы ў столь. - Гэта проста гульня такая. Воўчак ведае, ён наш чалавек. А астатнія... Яны вераць, што ўсё па-сапраўднаму. І паміраюць па-сапраўднаму. Кажуць - толькі б да вясны дацягнуць. А вясны-то не будзе... Ой, чорт! - раптам выгукнуў ён і інстынктыўна паклаў далонь ёй на патыліцу. Спадарыня ўзняла галаву і зірнула на яго знізу ўверх.
  - Ужо лепей, Вэл. Значна лепей, - праваркатала яна.
  Прыўзняўшыся, яна зноў уселася на ім верхам і расшпіліла станік, які быў ёй зацесны.
  - Лілея...
  - Змоўч! - загадала спадарыня, закрыўшы яму рот далонню.
  Потым яна пачала засяроджана рухацца - уверх-уніз. Спружыны ложка зарыпелі.
  - Лілея, чорт!..
  Адчуўшы яго далоні на сваіх сцёгнах, спадарыня пераможна ўсміхнулася. Яе пяшчоты аказаліся мацнейшыя за зелле. Упершыню ў жыцці...
  - Так! Та-а-ак! - вырвалася ў яе.
  Квятчастыя ўзоры на шпалерах закружыліся ў яе перад вачамі, нібы шкельцы ў калейдаскопе, а праз імгненне, калі яе ўжо накрывала гарачая хваля, спадарыня заўважыла, што жырандоля пад столлю раптам пачала міргаць - хаця, мажліва, апошняе ёй проста здалося.
  
  Потым яны ляжалі побач паўзверх скамечанай коўдры. Рамеец спаў. Спадарыня трымала яго ў сваіх абдымках, паглядваючы на адлюстраванне ў патройным люстэрку, што стаяла насупраць ложка. У люстэрку яна бачыла двух каханкаў- яны ляжалі, шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго, яе белыя кудзеркі пераблыталіся з яго чорнымі пасмамі. Прыгожа, падумала спадарыня. Нібы ў той старадаўняй песні. Як жа гэта?.. А, успомніла:
  
  Дзева ў садочку гуляе -
  Бялей за калядны снег,
  Каваль каля тыну чакае -
  Чарней за смяротны грэх...
  
  Што ж там далей?.. Забылася, зусім забылася, сонна разважала Лілея. А сапраўды, чаму нас так цягне адно да аднаго? Дакладней, іх да нас. Глядзяць жа на нас, як на быдла, а ўсё роўна прыходзяць. Жыць без нас не могуць. І хто з нас берагі паблытаў?.. Ат, крамола ўсё гэта, крамола. Нецікава. Спі...'
  
  Калі спадарыня прачнулася, у пакоі было ўжо светла. Звычайна яна абуджалася а пятай, калі ўключаўся Народны Вяшчальнік, і з яго бляшанага чэрава пачыналі вывяргацца гукі гімна. Але цяпер Вяшчальнік маўчаў, як дупа, і спадарыня - упершыню за доўгія гады - нарэшце выспалася як след. Вэл Йорхас, ужо апрануты, сядзеў на краі ложка, зашнуроўваючы чаравікі. Аблічча яго было трохі змардаванае, валасы мокрыя - пэўна, толькі што з ваннай.
  - Вітай, ратаўніца душ, - сказаў ён з усмешкай. - Як спалася?
  Пазяхнуўшы, спадарыня прыўзнялася, кветка лілеі, ужо пажоўклая і скамечаная, выслізнула з яе валасоў і ўпала на падушку. Спадарыня абыякава змахнула яе на падлогу. Кінуўшы позірк за акно, яна вохнула ад захаплення. Чарапічныя дахі дамоў і галіны дрэў, пазбаўленыя лістоты, зрабіліся белымі, і ў пакой з акна лілося мяккае малочна-белае святло. Ноччу выпаў снег, пахаваўшы пад сабой бруд і смецце вялікага горада.
  - Як жа прыгожа... - вымавіла яна.
  Йорхас падняўся, пацягнуўся за паліто, якое ляжала на канапцы.
  - Лілея, ты гэта... - прагаварыў ён пасля кароткага вагання. - Карацей, дзякуй табе за ўсё. Калі б не ты, я б здох ужо, напэўна.
  Усярэдзіне яе раптам усё заледзянела. Яна павольна закруцілася ў коўдру і села на ложку, падабраўшы ногі.
  - Ты больш не прыйдзеш? - спытала яна вельмі ціха.
  - Пэўна, не.
  Яна падціснула вусны, але вочы яе засталіся сухімі. Што ж. Яна ведала, што рана ці позна гэта здарыцца. Два гады таму ён з'явіўся невядома адкуль, цяпер сыходзіць. З самага пачатку яна ўсведамляла, што іх адносіны не могуць доўжыцца вечна. Яна чакала гэтага дня, непазбежнага, як смерць. І ўсёткі, неяк усё хутка. Занадта хутка. Яна не паспела падрыхтавацца...
  - Лілея.
  Яна ўзняла вочы.
  - Так?
  - Паслухай мяне, - сказаў ён вельмі сур'ёзна. - З'язджай з Паўночнай Правінцыі. К чортавай мацеры, з'язджай. Нічога тут не будзе. Усё падзялілі і прадалі. Ад вас ужо нічога не залежыць.
  - І куды мне ехаць? - спытала яна паныла.
  - Куды захочаш. Ты Мірку Шэлега ведаеш?
  - Шэлег. Шэлег-шмелех, - яна паківала галавой. - Не ведаю. А хто гэта?
  - Годны мужык, хоць і агент Канцылярыі. Дакументы табе зробіць, на выезд. Не фальшыўку якую, тут усё законна. Зможаш ехаць, куды пажадаеш, ніводзін мытнік не прычэпіцца. У Зірайскі Каліфат, напрыклад. Зікураты іхнія паглядзіш. І сады з архідэямі.
  Спадарыня пахітала галавой.
  - У Зірай не хачу.
  - Ну, ў Эверон тады. Ці ў Братэрства. Там вайны няма.
  Эверон. У спадарыні зашчаміла сэрца. Яна смуткавала па Эвероне на працягу ўсіх дванаццаці гадоў акупацыі. Вобразы гэтай дзівоснай краіны пераследвалі яе ў снах. Домік на беразе горнага возера - белы, з чорнымі бэлькамі і балкончыкамі, пазастаўлянымі гаршчкамі з геранню. А наўкол смарагдавыя лугі, алівы і вінаградныя лозы. І так дурманліва, п'янліва пахне чабаром і базілікам...
  - Папера, аловак ёсць? - спытаў Йорхас.
  - У шуфлядцы пад люстэркам, - сказала яна абыякава.
  Ён выцягнуў з шуфляды нататнік і надрапаў ў ім нейкі адрас.
  - Мірка Шэлег. Звяжашся з ім. Ён растлумачыць, што трэба рабіць.
  Спадарыня кіўнула.
  - Добра.
  Паклаўшы нататнік на край ложка, ён нахіліўся да яе і дакрануўся вуснамі да яе лба.
  - Бывай, Кветка Нявіннасці. Дзякуй за ўсё.
  - Вэл, - яна вырашыла зрабіць апошнюю спробу.- Слухай, а гэты Шмелех можа зрабіць дакументы...і для цябе?
  Ён зірнуў на яе з неўразуменнем.
  - Навошта мне?
  - Вэл, паедзем разам! - сказала яна з жарам. - У Эверон. У мяне грошай дастаткова, на асабняк хопіць. Там горы, возера...чабор квітнее... - яна асеклася. Рамеец глядзеў на яе так, быццам яна звярзла неймавернае глупства.
  - Лілея, ты ў сваім розуме?
  - Але чаму не? - спытала яна.
  Ён крыва ўсміхнуўся.
  - Лілея, яны нас ненавідзяць! Ты хоць ведаеш, што яны пра нас кажуць? Як нас называюць? Дый на вас глядзяць, як на гразь...
  - Вэл, я была ў Эвероне, - мякка сказала спадарыня. - Даўно, праўда. Але нічога такога я не чула. Ні пра вас, ні пра...нас. Ані слоўца.
  - Але гэта ў іх думках, - упарта прамовіў рамеец.
  Спадарыня прамаўчала. Спрачацца не мела сэнсу. Яны сапраўды вар'яты.
  - Бывай, Йорхас. Бывай, - сказала яна.
  Калі за ім зачыніліся дзверы, спадарыня ўзяла ў рукі нататнік, і блізарука прыжмурыўшыся, паднесла да вачэй, спрабуючы разабраць адрас, накрэмзаны ад рукі. Але раптам радкі паплылі ў яе прад вачыма, у носе зашчыпала, і спадарыня Лілея заплакала.
  
   Пошасць
  
  Сястра Марта, начальніца прытулку для дзяўчынак-сірот, прыбыла ў Лемар позна ўвечары. З ёй разам была адна з выхаванак, якую манашка пазначыла ў кнізе пастаяльцаў як: "Нара, 12 гадоў і 8 месяцаў". Сястра Марта заняла апартаменты на другім паверсе і замовіла познюю вячэру: пару смажаных рабчыкаў з журавінамі, запечаны мучны корань, фаршыраваны сечанай свінінай, гарачыя часночныя булачкі, чарнічнае суфле з замарожанай салодкай смятанкай і падагрэтае віно з цынамонам.
  
  Праз некаторы час сястра Марта выклікала пакаёўку і загадала прывесці доктара. Відавочна, далікатны страўнік манашкі не справіўся з цяжкаватай вячэрай. Доктар жыў праз некалькі кварталаў ад гасцініцы, і за ім неадкладна адправілі пасыльнага.
  
  Прыкладна праз чвэрць гадзіны дзяўчынка, у кнізе пастаяльцаў пазначаная як Нара, спусцілася ўніз і падышла да кашталяна гасцініцы.
  - Сястры Марце вельмі нядобра, - ціха сказала дзяўчынка. І памаўчаўшы трохі, дадала: - Здаецца, яна памерла.
  Калі кашталян і пакаёўка ўварваліся ў апартаменты, яны ўбачылі сястру Марту, якая ляжала на падлозе і не дыхала. Шырокія рукавы яе хламіды задраліся да локцяў, і на яе распухлых запясцях выразна былі бачныя барвовыя язвы. Манашка была мёртвая, але язвы на яе руках рытмічна пульсавалі, вывяргаючы смуродны жаўтаваты гной, і як быццам жылі сваім уласным жыццём.
  
  Неўзабаве прыехаў доктар. Ледзь зірнуўшы на пацыентку (якой патрэбен быў ужо не лекар, а далакоп), ён пацвердзіў дыягназ: морава язва. Пасля доктар аддаў распараджэнні. Пастаяльцаў ні ў якім разе не будзіць, захоўваць спакой. Цела памерлай не чапаць. Пакой замкнуць на ключ і нікога туды не пускаць, пакуль не прыбудуць адмыслова ўпаўнаважаныя асобы (нават доктар не асмеліўся вымавіць услых слова "коранеры"). Затым доктар паспяшаўся адвітацца - дый ўласна кажучы, рабіць яму тут ужо не было чаго.
  
  Вярнуўшыся дадому, доктар перш-наперш накіраваўся да сабе ў кабінет, дзе на сакрэтніку чырвонага дрэва пабліскваў абсідыянавы апарат. Крутануўшы дыск, доктар звязаўся з Асменем, цэнтральным горадам Дольнай Зямлі, і паведаміў аб пачатку эпідэміі. Згодна інструкцыі, тамтэйшае кіраўніцтва мусіла звязацца са сталіцай Правінцыі і атрымаць адпаведныя распараджэнні, але доктара гэта ўжо не датычылася. Выканаўшы свой апошні доўг, ён вывалак з шафы дарожную валізку і прыняўся ў ліхаманкавым паспеху збіраць рэчы. Доктар быў перакананым халасцяком, і цяпер ён падзякаваў Вышняму за гэта. У цяперашніх варунках сям'я была бы для яго непатрэбным баластам.
  
  Калі доктар, падхапіўшы валізку, выбег з дому, на вуліцы ўжо панавала паніка. Уздоўж ходніка, выцягнуўшыся ў шэраг, стаялі павозкі і самаходныя экіпажы. Наўкол мітусіліся людзі з бауламі, вузламі і валізамі ў руках. Хаця доктар загадаў трымаць усё ў строгім сакрэце, вестка аб пошасці ўжо разнеслася па горадзе. Доктар кінуўся быў да найбліжэйшай павозкі, але яго спынілі выкрыкі: "Занята! Занята!" Да павозкі імчаўся начальнік гарадской турмы, трымаючы ў адной руцэ цяжкую валізу, у другой - гаршчок з хатнім фікусам. Следам за ім тупала яго мажная жонка і тры яго дачкі, заспаныя і злосныя ад таго, што іх выцягнулі з пасцелі і пагналі невядома куды, не дазволіўшы ні прыняць ванну, ні зрабіць прычоску. На шчасце, суседняя павозка была свабодная. Ускочыўшы ў яе, доктар паваліўся на сядзенне і крыкнуў фурману: "Руш!" Не трэба было ўдакладняць, куды ехаць. Прэч, прэч з горада, і як мага хутчэй!
  
  ***
  На досвітку гарадскія вароты зачыніліся, і на вуліцах з'явіліся коранеры ў ахоўных балахонах зелянявага адцення і чумных масках, якія нагадвалі птушыныя дзюбы. Па перыметры горада вайскоўцы спешна нацягвалі калючую сетку і ўсталёўвалі генератары. На плошчы каля гарадскіх варот выстраіўся атрад узброеных стражнікаў. Іх звычайную ўніформу зямлістага колеру дапаўнялі процічумныя маскі, але не такія, як у коранераў. Маскі жаўнераў закрывалі толькі рот і нос, але пакідалі неабароненымі вочы.
  
  Калі Юсцін Варда, Інспектар Тайнай Канцылярыі, прачнуўся ў ложку свайго гасцінічнага нумара, час ужо пераваліў за поўдзень. Крывячыся ад вострага болю ў правай скроні (давалася ў знакі падвойная порцыя зелля, прынятая напярэдадні), ён наблізіўся да акна і адсунуў фіранку. Аказваецца, ноччу прайшоў даволі моцны снегапад, і цяпер востраканцовыя дахі дамоў былі белыя ад снегу, а вузкія, звілістыя вулачкі старога горада патаналі ў гурбах. Дзіўна, што ніхто аж дагэтуль не паклапаціўся пра тое, каб расчысціць маставыя. Правінцыя!.. Вуліца, на якую выходзілі вокны гасцініцы, была пустынная - ні людзей, ні экіпажаў, толькі пасярод маставой ў глыбокім снезе цягнуўся ланцужок слядоў. Апусціўшы вочы, Інспектар убачыў самотную постаць, якая стаяла па шчыкалатку ў снезе проста пад вокнамі яго апартаментаў. Постаць была захутана ў зелянявы балахон з капюшонам, з-пад якога выглядвала агідная птушыная маска з вачыма-шкельцамі. У руках, зацягнутых у высокія, да локця, пальчаткі, незнаёмец трымаў доўгую жэрдку з патройным круком на канцы. То быў коранер, і ў адрозненне ад учорашняй тройцы ад ліхтаром, ён быў абсалютна рэальным.
  
  Пра моравую пошасць Юсцін Варда ведаў не па чутках. Наступствы ён бачыў на ўласныя вочы, калі служыў ва ўсходніх фемах восем гадоў таму. Там, бывала, цэлыя гарады выкошвала пад корань. Потым тубыльцы-бхалы ўручную рылі вапнавыя траншэі, а падземныя печы, пабудаваныя наспех, не спраўляліся з колькасцю цел - глеба расколвалася ад пякельнага жару, і над расколінамі ў зямлі курэў тлусты, задушлівы дым. У большасці выпадкаў усяму віной былі звычайныя бюракратычныя затрымкі. Даставіць процічумную сываратку да месца бедства было нескладана, аднак для гэтага патрабавалася маса суправаджальных дакументаў. Пакуль чынушы расстаўлялі свае закавыкі, час сыходзіў, і як вынік - горы трупаў і абурэнне нізоў. Што зробіш, у Рамейскай Імперыі любое пачынанне проста-ткі тоне ў паперах. Затое парадак ідэальны...
  
  У горадзе, зачыненым на каранцін, Інспектар апынуўся ўпершыню ў жыцці, аднак гэтая акалічнасць яго не вельмі ўсхвалявала. Пасведчанне агента Канцылярыі адчыняла перад ім усе дзверы. На выраўнаванай пляцоўцы за гарадской сцяной яго чакала крылатая машына з пілотам. Інспектару заставалася толькі даставіць затрыманага ў сталіцу, і на гэтым яго місія будзе завершана. Больш ніколі ў жыцці не ўбачыць ён гэты чортаў горад. Дый з Паўночнай Правінцыяй самы час развітацца. Вярнуўшыся ў Вільск, ён неадкладна падпіша заяву аб звальненні і кіне яе Валогу проста...на стол. Лепей было б, канечне, у зубы, разважаў Інспектар, таропка нацягваючы шынель, аднак Валога якое-ніякое, але начальства, а супраць Табелі аб рангах не папрэш...
  
  Ля муроў гарадской турмы чакала чатырохмесная машына з адкрытым верхам, на якой напярэдадні прывезлі палоннага з гарнізона. Рухавік быў уключаны. Кіроўца ва ўніформе жаўнера сядзеў, учапіўшыся дрыготкай рукой у стырно, аблічча яго было збялелае. Ён бы з радасцю ўцёк з горада разам з астатнімі, але пагроза пакарання за дэзертырства палохала яго яшчэ больш, чым эпідэмія. Турма была пустая - ні начальства, ні ахоўнікаў. Дзверы камер былі расхінутыя, трое зняволеных, асуджаных за даўгі і махлярства, бясследна зніклі. У камеры заставаўся толькі палонны мяцежнік, які, натуральна, нікуды не мог сысці з прычыны сваёй слепаты. Інспектар схапіў палоннага за руку і раўнуўшы: "За мной!" павалок яго да выхаду. Падцягнуўшы затрыманага да машыны, Інспектар штурхнуў яго на задняе сядзенне, сам уладкаваўся побач і аддаў загад кіроўцу. Прабуксаваўшы коламі па снезе, машына сарвалася з месца.
  
  На плошчы ля гарадскіх варот кіроўца змушаны быў спыніцца. Тут сабраўся велізарны натоўп. Здавалася, што з хвіліны на хвіліну ўспыхне бунт, і гараджане, якія не паспелі збегчы з Лемара, пачнуць штурмаваць зачыненыя вароты.
  - Назірай за палонным, - сказаў Інспектар кіроўцу і выйшаў з машыны.
  Праціснуўшыся скрозь натоўп, ён цвёрдым крокам наблізіўся да шарэнгі стражнікаў, якія стаялі каля гарадскіх варот.
  - У чым справа? - загрымеў Інспектар.
  Адказу ён не атрымаў. Жаўнеры глядзелі міма яго, трымаючы зброю напагатове. Тады Інспектар падышоў ушчыльную да аднаго са стражнікаў. Ягоны твар быў напалову схаваны пад чумнай маскай, але зазірнуўшы ў яго перапуджаныя, шырока раскрытыя вочы, Інспектар зразумеў, што перад ім зусім яшчэ смаркач.
  - Я Інспектар! - ён выхапіў з-за пазухі пасведчанне і тыцнуў яго жаўнеру пад нос. - Вы пойдзеце пад трыбунал за тое, што чыніце перашкоды рабоце Тайнай Канцылярыі.
  Стражнік адступіў. Аднак напалохала яго зусім не пагроза трыбунала. Ён нават не зірнуў на пасведчанне. Жаўнер глядзеў на аголенае запясце Інспектара. На бледнай палосцы скуры паміж пальчаткай і рукавом шыняля выразна праступалі цёмна-барвовыя плямы.
  - Стыгмата! - залямантаваў жаўнер.
  Голас пад маскай гучаў прыглушана, але пачулі яго ўсе.
  - Стыгмата! Стыгмата! - раздаліся поўныя жаху крыкі.
  Натоўп адхіснуўся. Вакол Інспектара ўтварылася пустая прастора. Краем вока ён заўважыў дзве постаці ў зелянявых балахонах, якія накіроўваліся наўпрост да яго. Натоўп спешна рассунуўся, даючы ім дарогу.
  - Пройдземце, - пачуў Інспектар глухі, бясколерны голас. Цяжкая рука легла на яго плячо. Азірнуўшыся, ён убачыў сваё адлюстраванне ў круглых шкельцах чумнай маскі коранера - збялелае, перакошанае аблічча, растрапаныя валасы.
  - Рукі прэч. Я супрацоўнік спецслужб!
  Але яго ўжо ніхто не слухаў. Другі коранер узяў яго пад локаць. Інспектар ірвануўся, спрабуючы вызваліцца, але яго ўжо цягнулі прэч з плошчы. Інспектар ў адчаі зірнуў на машыну. Кіроўца сядзеў на сваім месцы і з жахам назіраў за тым, што адбывалася.
  - Што глядзіш, крэцін? Страляй! - крыкнуў Інспектар.
  Кіроўца схапіў вінтоўку, якая ляжала ўпоперак сядзення, і выбег з машыны, на хаду перасоўваючы затвор. У гэты момант жаўнеры адкрылі агонь. Кіроўцу адкінула назад, з яго грудзей вырваўся фантан крыві. Падаючы, ён паспеў націснуць на спуск. Зрыкашэціўшы, куля з віскам адскочыла ад камянёў маставой. Нехта залямантаваў. Натоўп рэзка падаўся назад, тыя, хто стаяў у задніх шэрагах, пачалі валіцца на коўзкай брукаванцы, наўпрост пад ногі людзей, якія ў паніцы беглі з плошчы. Зашчоўкалі затворы - стражнікі перезараджалі вінтоўкі, а затым хтосьці з афіцэраў раўнуў грамавым голасам: "У паветра! Страляць у паветра!" Грукат стрэлаў змяшаўся з трэскам аўтаматычных хлыстоў-флагрумаў, якімі жаўнеры разганялі ашалелы натоўп.
  
  Неўзабаве плошча перад варотамі спусцела. Тыя з гараджан, хто атрымаў удар флагрума, паднімаліся з камянёў маставой і, хістаючыся, клыпалі да бакавых вуліц. Стражнікі адступілі за вароты. На плошчы засталася толькі кінутая машына і нежывое цела жаўнера-кіроўцы. Праз некаторы час да мерцвяка бясшумна наблізілася постаць ў ахоўным балахоне і птушынай масцы. Коранер спакойна падчапіў цела круком з трыма зубцамі і пацягнуў. Яго не цікавіла, што чалавек гэты памёр зусім не ад моравай язвы. Ягоным абавязкам было прыбіраць трупы з гарадскіх вуліц, і з гэтай задачай ён спраўляўся выдатна.
  
  У цемры
  
  Калі пачуліся першыя стрэлы, Ян інстынктыўна кінуўся на дно машыны. Ён ляжаў паміж сядзеннямі, скурчыўшыся, заціснуўшы вушы далонямі, але ўсё роўна чуў немыя крыкі і тупат мноства ног. Потым усё сцішылася. Мінула шмат часу, перш чым ён усвядоміў, што яго канваіры больш ніколі не вернуцца. Ён быў вольны.
  Вольны?
  Ян павольна падпоўз да дзвярэй машыны. Намацаўшы ручку, ён асцярожна пацягнуў яе. Пачуўся нягучны шчаўчок, і дзверы адчыніліся. Прытрымліваючыся за сядзенне, Ян спусціў ногі на зямлю. Ён адчуў пад падэшвамі чаравікоў коўзкія, адшліфаваныя камяні маставой. Некаторы час ён стаяў, трымаючыся за дзверы машыны, і насцярожана прыслухваўся. Наўкол панавала гулкая цішыня. Усе ў горадзе як быццам перамерлі... Ян мімаволі ўсміхнуўся пры гэтай думцы. Морава язва не выкошвае за адзін дзень. Пахаваліся проста. Напалоханыя, разгубленыя гараджане сядзелі ў дамах, замкнуўшы дзверы і зачыніўшы аканіцы, як быццам гэта магло абараніць іх ад пошасці. Магчыма, вакол былі жылыя дамы, і іх насельнікі, прыціснуўшыся да шыб, моўчкі глядзелі на чалавека, які стаяў пасярод пустыннай плошчы, учапіўшыся ў дзверы кінутай машыны...
  
  Выцягнуўшы перад сабой рукі, Ян зрабіў некалькі няпэўных крокаў і спыніўся. Раскінуўшы рукі, ён памацаў у паветры, спадзяючыся знайсці хоць якую-небудзь апору, але вакол была толькі нямая пустэча. Усвядоміўшы, што зусім не арыентуецца ў прасторы, Ян адчуў паніку. Яму здалося нават, што зямля пачала хістацца ў яго пад нагамі. Ён павольна апусціўся на калені, дакрануўшыся далонямі камянёў маставой, і знерухомеў, спрабуючы супакоіць дыханне. Потым гэтак жа павольна ён пачаў адыходзіць назад да машыны, цалкам не ўпэўнены, што рухаецца ў правільным кірунку. Стукнуўшыся плячом аб металічны борт, Ян схапіўся за яго, як чалавек, які тоне, чапляецца за бервяно. Лепш не адыходзіць ад машыны. Ён застанецца тут, пакуль не пачуе крокі і галасы. Тады ён паспрабуе паклікаць мінакоў. Ян апусціўся на камяні маставой, прываліўшыся спіной да борта машыны. Усё, што заставалася яму зараз - гэта чакаць.
  
  Ён не ведаў, колькі часу мінула. На плошчы па-ранейшаму панавала ціша. Адчуўшы на сваім абліччы дотык чагосьці ледзянога і бязважкага, Ян зразумеў, што пачаўся снегапад. Ён накінуў на галаву капюшон футравай курткі і ўзняў угору раскрытую далонь. Снегапад мацнеў. Буйныя снежныя шматкі раставалі на яго далоні. Калі ў бліжэйшы час не з'явіцца ніводнага мінака, то справа дрэнь. Наўрад ці ён перажыве марозную ноч пад адкрытым небам. Раніцой коранеры знойдуць на плошчы адубелае цела, засыпанае снегам. Але з іншага боку - няўжо ён не жадаў сабе смерці ўвесь гэты час?..
  
  Ян ускінуўся, адчуўшы, што на яго хтосьці глядзіць. Ён не ўлавіў гуку крокаў, якія набліжаюцца, але сумневаў не было - насупроць яго стаяў чалавек. Ян чуў яго дыханне і парыпванне снега пад падэшвамі ягоных ног.
  - Хто тут? - прагаварыў Ян.
  - Ангхі, - адказалі яму.
  Голас быў дзіўны, нейкі нялюдзкі - ці то шэпт, ці то шыпенне. Як змяя з-пад калоды. Ангхі. Змеепаклоннікі?..
  - Гэта тваё, - пачуў Ян.
  На яго калені ўпаў нейкі лёгкі прадмет. Пацягнуўшыся за ім, Ян адчуў пальцамі шкляную капсулу і тонкі ланцужок.
  - А гэта ад мяне асабіста, - сказаў голас.
  Чыісьці халодныя пальцы абхапілі запясце Яна, і невялікі металічны дыск лёг на яго далонь. Манета?
  - Хто вы? - спытаў Ян.
  Адказу не было.
  - Вы тут? - сказаў Ян, узвысіўшы голас.
  Маўчанне.
  - Каб цябе... - прамармытаў Ян. Ён машынальна сунуў манету ў кішэнь курткі і падняўся на ногі, трымаючыся за борт машыны.
  - Чакайце!.. Я ведаю, што вы тут! - крыкнуў ён. - Не сыходзьце, калі ласка...
  Ён запнуўся, не наважваючыся вымавіць гэта імя ўслых.
  - Ангхі!
  
  - Чаго гарлапаніш, ноч на двары! - пачуў Ян.
  Гэты голас быў зусім іншы - хрыпаты і надтрэснуты, і даносіўся ён з супрацьлеглага боку машыны. Хтосьці няўмела важдаўся з ручкай дзвярэй. Потым, забраўшыся ўнутр машыны, незнаёмец прыняўся мацаць па сядзеннях і пад імі.
  - Лайно, а не машына, - мармытаў незнаёмец. - І ўзяць-то няма чаго.
  Ян усвядоміў, што ён усё яшчэ сціскае ў далоні капсулу з атропасам. Ён спехам абматаў ланцужок вакол запясця і асцярожна рушыў на голас, прытрымліваючыся за барты машыны.
  - Гэй, вы чуеце?... Калі ласка, дапамажыце мне, - сказаў Ян.
  Незнаёмец рагатнуў.
  - Ага, дапамогуць зараз. Тыя, што ў балахонах. Прыйдуць і дапамогуць. Усім дапамогуць.
  Ён зноў прыняўся бубніць сабе пад нос:
  - Хоць бы скуру з сядзенняў, ці што? І нажа з сабой няма, каб ён спрогся.
  Пачуўся гук, як быццам хтосьці скроб пазногцямі сядзенне, спрабуючы ададраць ад яго лапік скуры. Наблізіўшыся да незнаёмца ўшчыльную, Ян рэзка схапіў яго за руку.
  - Э, ты чаго?! - зароў той і ірвануўся ў бок.
  Пачуўся глухі ўдар і праклёны - відавочна, незнаёмец стукнуўся лбом аб металічны борт. Ян учапіўся ў руку незнаёмца мёртвай хваткай, заламаўшы яе за спіну. Затым ён з сілай штурхнуў яго наперад - так, што той паваліўся тварам на сядзенні. Стражнікі, якія прайшлі ваенную школу, адпрацоўвалі прыёмы захопу і самаабароны да аўтаматызму і маглі выконваць іх нават з заплюшчанымі вачыма.
  - Пусці, паскуда! - хрыпеў незнаёмец.
  - Не магу, - адказаў Ян. - Ты тады збяжыш, а я здохну тут, як сабака.
  - Ды хоць ты тройчы здохні, жывёліна слепавокая!
  Ён тузануўся, спрабуючы вызваліцца, але Ян выкруціў яму руку так, што затрашчалі сухажыллі. Незнаёмец завыў ад болю.
  - Добра, халера з табой, - выдыхнуў ён. - Чаго ты хочаш? Дадому цябе адвесці?
  - Няма ў мяне дома.
  - А-а-а, дык ты таксама бадзяга? - голас незнаёмца нібыта палагоднеў. - Што ж ты адразу не сказаў?
  Цяпер ў ягоным голасе з'явіліся міралюбныя ноткі.
  - Слухай, адпусці. Ёсць тут карчомка адна, акурат для такіх, як мы з табой. Ну, адпусці ўжо! Я сам вазьму цябе за руку ды адвяду, куды трэба.
  - Не, мне вельмі зручна трымаць за руку цябе. Ідзі наперад, а я за табой.
  Бадзяга, крэкчучы, выбраўся з машыны. Ян моцна трымаў яго за руку вышэй локця.
  - Ну, хадзем, ці што? - кісла прагаварыў бадзяга.
  Бадзяга даволі доўга вадзіў яго па гарадскіх вуліцах. Некалькі разоў, калі яму здавалася, што Ян аслабіў хватку, ён спрабаваў выдрацца і ўцячы. Нарэшце, зразумеўшы, што Ян ад яго не адстане, бадзяга здаўся. Збочыўшы ў нейкі завулак, яны спыніліся.
  - Прыйшлі. Карчомка, у найлепшым выглядзе, - сказаў бадзяга.
  Ян адчуў пад нагамі абледзянелыя прыступкі (аб якіх бадзяга, вядома ж, не папярэдзіў), потым ён пачуў, як яго спадарожнік грукае ў дзверы. З-за дзвярэй пачуўся неразборлівы вокліч, потым зарыпелі старыя завесы. Знутры павеяла гарачынёй і смуродам начлежкі.
  - Усё, усё, недалетак, прывёў я цябе, куды абяцаў. Адпусці ўжо! - замармытаў бадзяга.
  Ян расціснуў пальцы. Бадзяга адразу ж кінуўся ў бок - Ян пачуў, як за ім зачыніліся дзверы. Ён стаяў у нерашучасці. З глыбіні памяшкання даносілася рыпенне коек, надрыўны кашаль і храп. Дзесьці побач гарэла алейная лямпа - чулася ціхае шыпенне кнота, і адчуваўся пах гарэлага тлушчу.
  - Ну, што стаў, як...на імшы? Грошыкі гані, - пачуў ён вясёлы, развязны голас.
  Ян зрабіў крок наперад і адразу ж наляцеў на драўляны стол.
  - Сляпы, ці што? Тутака я, тут! - чалавек пляснуў у далоні, каб пазначыць сваё месцазнаходжанне. - Нешта я цябе не памятаю. Першы раз тут? Я, значыцца, тут за кашталяна. А за начлег у нас плацяць адзін медны. Зусім нядорага, згадзіся.
  Ян сунуў руку ў кішэнь курткі і працягнуў "кашталяну" манету - тую самую, што напярэдадні аддаў яму чалавек, які назваў сябе "Ангхі".
  - Вось і добранька! - Ян пачуў, як 'кашталян' адсунуў шуфляду стала, і манета са звонам паляцела ўнутр.
  - Ну ідзі, ладкуйся. Ат, ёлупень я! Ты ж сам не знойдзеш.
  "Кашталян" схапіў Яна за рукаў, і працягнуўшы яго праз усё памяшканне, штурхнуў на адну з коек.
  - Значыцца, так. Направа койкі, налева зрэбнікі сушацца. Выгоды ў сенцах. Сценачкі трымайся, так не заблукаеш.
  - Дзякуй... - прамовіў Ян.
  - Усё. Адпачывайце, яснавяльможна панства. Як у лепшых дамах! - сказаў "кашталян" і вярнуўся да свайго стала.
  Ян сядзеў на вузенькай койцы, адчуваючы смяротную стомленасць. Працягнуўшы руку, ён намацаў у сябе за спіной абшарпаныя дошкі, якія, пэўна, ніколі не ведалі тынкоўкі. Койка стаяла каля сцяны - ужо нядрэнна. Ян скінуў чаравікі і пасунуў іх да ножкі койкі - так, каб раніцой не давялося іх шукаць. Калі ён сцягваў з сябе куртку, з кішэні выпаў нейкі прадмет і са звонам пакаціўся пад койку. Апусціўшыся на калені, Ян мацаў рукамі па дошках падлогі, ліпкіх ад бруду, пакуль не натрапіў на маленькі металічны дыск з рыфленай паверхняй. Медны? Але ён толькі што аддаў яго "кашталяну". Напэўна, гэты Ангхі даў яму не адзін медны, а ажно два, проста манеты склеіліся паміж сабой, і Ян прыняў іх за адну. Заціснуўшы манету ў далоні, ён расцягнуўся на койцы. Коўдры тут не прадугледжваліся, і ён накрыўся футравай курткай. Паляжаўшы так некаторы час, ён рэзка павярнуўся тварам да сцяны і ўткнуўся лбом у мулкі сяннік. Ад сенніка пахла гнілой саломай. Ян не ведаў, што будзе з ім заўтра. Але прынамсі сённяшнюю ноч ён прабавіць не пад адкрытым небам.
  
   Куратар
  
  - Йорхас, Йорхас. Вэл Йорхас, - з іроніяй паўтараў агент Тайнай Канцылярыі, які сядзеў на пярэднім сядзенні поруч з шафёрам, таксама зацягнутым у чорную ўніформу. - Вы мяне расчаравалі, спадар Йорхас. Жудасна расчаравалі. Садзейнічаць ворагам нацыі, цяпер, калі дзяржава ў стане вайны... Здаецца, дзевяць гадоў катаргі і год ў астрозе нічому вас не навучылі. Нездарма кажуць, што адступнікаў былых не бывае.
  Машына з ведамаснымі нумарамі імчалася па вуліцах і праспектах, залітых святлом ліхтароў. Рэдкія прыватныя экіпажы туліліся да абочын, саступаючы дарогу, мінакі на ходніках спыняліся і праводзілі іх доўгімі позіркамі, поўнымі трывогі. Чорныя машыны Канцылярыі, што крумкачамі лёталі па дарогах правінцыі, выклікалі ў тубыльцаў амаль містычны жах. На скрыжаванні машына рэзка спынілася. Чыйсьці прыватны экіпаж, які ехаў следам, ледзь не ўляцеў ім у карму. Завішчалі тармазы. "Крэціны", - пракаментаваў шафёр. Прапусціўшы калону бронетэхнікі, якая рухалася пад сцягамі Імперыі, машына панеслася далей па праспекце. У салоне пахла дубленай скурай. Чалавек на імя Вэл Йорхас сядзеў на заднім сядзенні, заціснуты паміж двума граміламі ў цывільным. Ні страху, ні панікі ён не адчуваў. Усё, што адбывалася, здавалася нерэальным, быццам мроя наяве.
  - Дзяржава дала табе шанец, Вэл Йорхас. Здавалася б, жыві сабе ды радуйся, - павярнуўшыся тварам да затрыманага, які сядзеў ззаду, агент паглядзеў на яго холадна, амаль з агідай. - Йорхас, што табе паабяцалі? А? Я зараз не як следчы ў цябе пытаюся, а так, чыста па-чалавечы. Што, цёплае мястэчка ў Цытадэлі? Пры новым ўрадзе? Ну, адказвай!..
  Галаву Аўгусты ў куфэрачку, прамаўчаў Вэл Йорхас. Прынамсі, так гаварыў Севаст, і мяркуючы па тоне, якім гэта было сказана, Севаст не жартаваў. А таксама права вярнуцца ў Царгорад. І вярнуць сабе добрае імя, раз і назаўжды. А цана пытання - нейкая сотня-другая жыццяў. Альбо тысяча-другая. Хто іх наогул лічыць, гэтых тубыльцаў балотных? Грамадзяне другой катэгорыі...
  - Магу я даведацца, хто мяне здаў? - спытаў ён глухім гласам.
  Агент пахітаў галавой.
  - Дык твае ж Братчыкі і здалі. Надоечы ўзялі аднаго, ну ён і выклаў усё, што ведае. А ведаў ён, мяркуючы па ўсім, не вельмі многа. Пачаў малоць нейкую лухту пра кантрабандыстаў. Вось тут-то тваё імя і ўсплыло, Вэл Йорхас. Дакладней, Аль...
  - Гэтыя семгальцы як дзеці, далібог, - раптам умяшаўся шафёр. - Пра якую незалежнасць можа быць размова, калі яны нават не адбыліся як нацыя?
  - І тым не менш, нацыянал-адраджэнства ўзнімае галаву, - запярэчыў агент. - Ідэі гэтак званых Братчыкаў - прымітыўная фальшыўка, скляпаная ў Цытадэлі ворагамі Аўгусты. Аднак тубыльцам гэта прыйшлося да спадобы. Змоўшчыкі, пэўна, самі не ўсведамляюць, што за пачвару яны выпусцілі на волю.
  - Сёння на фасадзе жандармерыі хтосьці намаляваў васьміканцовы крыж, - прамовіў граміла, які сядзеў справа ад затрыманага. - А заўчора адзін мясцовы пісарчук, якога злавілі на хабары, пачаў сваволіць проста ў судзе. Запатрабаваў, каб суддзя звяртаўся да яго на семгальскай мове, бо рамейскай ён, бач ты, не разумее. Прыйшлося дубінкай пачаставаць, каб зразумеў.
  - Зусім расперазаліся, - працадзіў граміла, які сядзеў злева.
  Машына з'ехала з праспекта і папятляўшы трохі па звілістых, слаба асветлены вулачках, неўзабаве апынулася пасярод працоўнага квартала на самай ускраіне Асменя. Шафёр заглушыў матор.
  - Ну што, куратар, - з іроніяй прамовіў агент. - На канспіратыўную кватэру сам праводзіш, ці спачатку пальцы ў дзверы?
  - Не трэба, - сказаў Вэл Йорхас, скрывіўшыся. - Сам.
  - Маладзец, - агент ухвальна кіўнуў. - Наперад. Толькі без фокусаў, а то атрымаеш кулю ў калена. Ты ж вайсковец, ведаеш, як гэта бывае.
  Кватэра знаходзілася на верхнім паверсе абшарпанага каменнага пяціпавярховіка, у якім сяліліся сем'і рабацяг з мясцовай прадзільнай фабрыкі, бровара і цагельні. Аўтаматычных пад'ёмнікаў тут не было, і ўзбірацца па паверхах даводзілася на сваіх дваіх. Па лесвіцы яны паднімаліся ўчатырох. Наперадзе ішоў агент Канцылярыі, услед за ім Вэл Йорхас, за ім два цывільныя з парабелумамі пад палой. Шафёр застаўся ў машыне. У пад'ездзе і на лесвіцы не было ані душы, але Вэлу Йорхасу здавалася, быццам жыхары пільна сочаць за імі з-за кожных дзвярэй, прыпаўшы да замочных адтулін. А зрэшты, ужо ўсё роўна, круцілася ў яго галаве. Мы зрабілі, што маглі. Шкада толькі, што мы кожны раз прайграём...
  
  Дзверы кватэры Вэл Йорхас адчыніў сам. Агент і адзін з цывільных увайшлі. Другі цывільны стаў каля дзвярэй на лесвічнай клетцы, трымаючы напагатове парабелум. Пакуль ішоў ператрус, Вэл Йорхас з абыякавым выглядам сядзеў ля стала і сцісла адказваў на пытанні, якія яму задавалі. Ну сапраўды, чаму мы ўвесь час прайграём? - пытаўся ён у сябе. Можа, праўда ўсёткі на іх баку? І...сам Гасподзь Вышні? Што, Ён таксама? Навошта тады жыць, калі так?..
  - Пішы чыстасардэчнае, куратар, - агент кінуў на стол аркуш паперы. -Гэта палегчыць тваю долю. Зрэшты, каму я тлумачу. Ты ж у нас сядзелец дасведчаны.
  Вэл Йорхас кіўнуў.
  - Ладна.
  Схіліўшыся над стальніцай, ён прыняўся старанна выводзіць радкі. Яны сядзелі насупраць яго, адзін у фуражцы і ўніформе, другі ў скураной куртцы і штанах з суровай тканіны, у якіх ходзяць работнікі каменяломняў. Гэткае ўвасабленне магутнасці Імперыі. 'І пра што я толькі думаў? Вэл Йорхас... Да ліхаматары! Апошні з апошніх. Папёр супраць Аўгусты. Дурань, дурань няшчасны. Такіх, як я, тут душаць адным мезенцам...' - ён сядзеў і пісаў чыстасардэчнае. Думкі блыталіся, рукі злёгку дрыжэлі, пяро дзерла паперу. Напэўна, наступствы пасля ўчорашняга. Трэба ўсё-ткі трымацца далей ад зелля...
  
  За дзвярыма звонку пачуліся прыглушаныя галасы. Потым нешта заскрэблася, пачалася нейкая валтузня, а пасля раздаўся глухі ўдар, быццам хтосьці з размаху шпурнуў на падлогу бервяно, загорнутае ў дывановую тканіну.
  - У чым справа? - прагаварыў агент. Павольна, не ўстаючы з-за стала, ён сунуў руку за пазуху шыняля.
  Дзверы расхінуліся. На парозе стаяў семгалец у простай світцы, падперазанай скураным пасам. Ў абедзвюх руках ён трымаў па парабелуме. Стах Воўчак.
  - Альбін, - прамовіў он. - Альбін Гхор. Прывітанне, Альбін.
  - Чаго?..
  Чалавек на імя Вэл Йорхас здрыгануўся, нібы ад удару, пяро выслізнула з ягоных пальцаў.
  - Ні з месца! - апамятаўшыся, зароў цывільны. Ускочыўшы з-за стала, ён выхапіў зброю з кабуры.
  Воўчак ускінуў парабелум і, не цаляючы, націснуў на спуск. Грымнуў стрэл. Цывільны хіснуўся і з драўляным грукатам заваліўся на спіну.
  - Бхал. Жывёліна, - прашыпеў агент.
  Ён ускочыў на ногі, у руцэ яго бліснула сталь.
  - Йорхас, на падлогу! - пачулася з-за дзвярэй. Крычаў Коган. Гэта ж трэба, Коган таксама тут...
  Зноў бабахнуў стрэл, і правая рука агента павісла, як канчук. Ён з праклёнамі кінуўся пад стол, на хаду перахопліваючы зброю ў левую руку. Пачалася бязладная страляніна. Зазвінела шкло, са сцен пасыпалася тынкоўка. Вэл Йорхас адкаціўся да канапы і скурчыўся на падлозе, захіліўшы галаву рукамі. Над ім з віскам праносіліся кулі. Потым запанавала цішыня.
  - Гэй, начальства. Чуеш, начальства? - хтосьці трос яго за плячо.
  Вэл Йорхас узняў вочы. Над ім стаяў вусаты Коган у зрэбнай світцы і шапцы-трывуху. Семгалец усміхаўся.
  - Ну што, паўднёвец? Жывы? - спытаў ён.
  - Быццам бы.
  Падняўшыся на ногі, Вэл Йорхас агледзеўся па баках. Агент ляжаў, скурчыўшыся, каля стала і глуха стагнаў. Ягоны шынель быў прастрэлены ў некалькіх месцах, пад ім расплывалася лужынка крыві. Цывільны быў нежывы. Ён ляжаў на падлозе, раскінуўшы рукі і скіраваўшы невідушчы позірк у пустэчу, вочы яго павольна выцвіталі, набываючы зеленавата-шэры колер. На ягоным ілбе, акурат паміж вачэй, пунсавела акуратная кулявая адтуліна. 'Гэта Воўчак зрабіў? - падумаў Вэл Йорхас. - Вось так, з аднаго стрэлу? Нішто сабе. Стралок з яго заўсёды быў паганы...'
  - Гадзёныш ты, Воўчак, - прамовіў ён уголас. - Ты ў Асмені павінен быў з'явіцца яшчэ пазаўчора. А бегаць за вамі па ўсім прымор'і я не ...
  - Прабач. Я затрымаўся, - сказаў Воўчак.
  Ён стаяў пасярод пакоя, усё яшчэ сціскаючы ў руцэ парабелум і ўтаропіўшыся на мерцвяка ў цывільным, які ляжаў каля яго ног. Аблічча Сташака было непранікальным - толькі няўлоўная ўсмешачка ў куточках вуснаў. Халэмус. Намеснік гэтаксама ўсміхаецца, сказаў сабе Вэл Йорхас. Семгальцы, што з іх возьмеш. Усе яны аднолькавыя. Хітразробленыя, скрытныя ды негаваркія, і чорт ведае, што ў іх наўме...
  - Сташак не прыйшоў, таму што памёр, - паведаміў Коган.
  Вэл Йорхас зірнуў на яго з неўразуменем. Здзекуецца?
  - У якім сэнсе?
  Коган заўсміхаўся, яго зубы бліснулі з-пад чорных вусоў.
  - А ў простым. Падстрэлілі яго. Там, пад Усесвяцкам. А потым яшчэ і шабляй гакнулі. Вось так! - Коган рассек кулаком паветра. - Разваліла ад пляча да грудзіны. Я побач быў, усё бачыў. Ён крывёю сплыў, а я яго на ўласным карку ажно да Паўночнай Багны цягнуў. І рабяты з намі - тыя, хто застаўся.
  - Усёткі да Багны ірванулі, - прамовіў Вэл Йорхас. - Я так і думаў. Больш жа няма куды...
  Коган энергічна заківаў.
  - Дакладна! Вось там ён і памёр. У мяне, можна сказаць, на руках. А ў Багне, ты не паверыш, людзі жывуць. І яны шмат чаго ведаюць. Такога, што вам у Царгорадзе вашым і не снілася, - ён рагатнуў. - Вось яны з таго свету яго і выцягнулі. Ну, і нам тое-сёе растлумачылі. Пра вас, паўднёўцаў, у тым ліку. Цікавенькія рэчы, я скажу!..
   Вэл Йорхас памаўчаў. Потым спытаў, пільна гледзячы Стаху Воўчаку ў вочы:
  - Воўчак, што адбываецца?
  - Лічы, што дагавор наш скасаваны, - адказаў той спакойна. - Я больш не працую на Севаста. І адпаведна, паслугі куратараў нам больш не да патрэбы. Так Севасту і перадай. Калі, вядома, ты сам маеш намер з ім сустракацца.
  - Так. Ясна цяпер, - сказаў ён змрочна.
  Што ж, усё да гэтага ішло. Апошнім часам Воўчак усё часцей адыходзіў ад інструкцый і пачынаў дзейнічаць па свайму разуменню. Гэта ён дадумаўся зрабіць крыж-васьмірог - дэталь семгальскай вышыўкі - сімвалам Братчыкаў. Дасціпная вынаходка. Вобраз Мітры Ўсеўладара ўжо не мог быць знакам еднасці, таму што большасць семгальцаў вызнавалі Закон Праведнікаў, а Мітру ўспрымалі, як язычніцкае бажаство. Дынастычныя штандары Вендаў таксама мала каго натхнялі, бо Венды, як вядома, вельмі дрэнна скончылі. А вось Васьмірог - нешта такое, што сапраўды магло ўз'яднаць народ, і гэта было па-сапраўднаму небяспечным... Улёткі таксама былі прыдумкаю Воўчака. Як і дыверсіі з адключэннем Народных Вяшчальнікаў. Такая самадзейнасць нервавала Севаста. "Не спускай з яго вачэй, Йорхас, - гаварыў ён падчас аўдыенцый. - Ён пэўна зайграўся ў змагара з акупантамі. Нельга дапусціць, каб мяцеж выйшаў з-пад кантролю'. Вось і дайграліся...
   - Ну, дык што, рамеец? Разыдземся па-добраму, ці як? - спытаў Коган.
  Пытанне было рытарычнае. Вэл Йорхас бяззбройны. У Когана і Воўчака парабелумы. І яны толькі што завалілі двух супрацоўнікаў спецслужб. Ці нават трох - за дзвярыма на лесвічнай клетцы панавала грабавая цішыня. У любым выпадку, лепш ісці адгэтуль, пакуль цэлы... Не зводзячы з іх вачэй, рамеец пачаў адыходзіць да дзвярэй.
  - У двары пад аркай стаіць машына. Можаш яе ўзяць, - сказаў Стах Воўчак. - Перастрэлку чуў увесь квартал, у бліжэйшыя паўгадзіны ніхто на вуліцу не высунецца, але сюды ўжо напэўна едуць жандары, так што табе лепш паспяшацца. Адсюль да Перамыслаўкі дзве гадзіны язды. Яшчэ паспееш зрабіць справаздачу.
  У маляўнічым мястэчку пад назваю Перамыслаўка знаходзілася адна з рэзідэнцый Севаста. Там заўсёды прысутнічалі давераныя асобы, якім можна было перадаць справаздачы альбо атрымаць новыя інструкцыі з цэнтра.
  - Да Лемара крыху далей, - працягваў Воўчак. - Тры гадзіны па гасцінцы, калі дарогі яшчэ не перакрылі.
  - Баюся, што перакрылі, - умяшаўся Коган. - А брамка шчэ з раніцы зачынілася. Там цяпер Морава Дзеўка гарэзуе. І гэтая, Каралева Гуляў. Ты асцярожней там, Йорхас, яны рамейцаў страх як не любяць, што адна, што другая.
  - На чорта мне ваш Лемар? - вымавіў Вэл Йорхас з некаторым здзіўленнем. - Што я там забыў?
  - Там Мроя, - прамовіў Коган напаўголасу.
  - Там Літа Сямішка, - сказаў Воўчак. - Я ўжо не змагу аб ёй клапаціцца, а ёй патрэбны абарона і падтрымка. Хаця сама яна, вядома, так не лічыць.
  - А не хочаш у Лемар, едзь у Перамыслаўку. Ты чалавек вольны, табе і вырашаць, - закругліў думку Коган.
  Рамеец працягваў павольна адыходзіць, пакуль не упёрся спіной у дзверы. Не зводзячы вачэй з двух семгальцаў, ён узяўся за дзвярную ручку.
  - Што б ты ні вырашыў - поспехаў. Альбін Гхор, - сказаў Воўчак, усміхаючыся.
  - Кхаз-гай, - працадзіў той. Націснуўшы на ручку, ён вылецеў на лесвічную клетку і зачыніў за сабой дзверы.
  'Кхаз-гай' на мове ксайлахскіх качэўнікаў значыць 'шаленцы'. Сёння дакладна хтосьці звар'яцеў. Як яшчэ растлумачыць гэта дзіўнае пераўтварэнне Воўчака і Когана? Асабліва Когана, гэтага наіўнага сельскага цельпука, які ў прысутнасці рамейца заўсёды тушаваўся. А цяпер глядзі ты, які дзёрзкі. А яшчэ яго назвалі імем, якое ён апошнія два гады з усіх сіл спрабаваў забыць. Альбін Гхор. Каб яго халера...
  
  Кінуўшыся да лесвіцы, ён ледзь не наляцеў на знежывелае цела, якое ляжала ўпоперак пляцоўкі. Другі цывільны. Мёртвы ён ці проста ў непрытомнасці, вызначыць на вока было немагчыма, а зрэшты, Вэл Йорхас (альбо Альбін) і не збіраўся гэта высвятляць. Скаціўшыся з лесвіцы, ён выбег на двор. Чорная ведамасная машына стаяла ля пад'езда. Пярэднія дзверы былі адчыненыя, шафёр сядзеў, неяк ненатуральна выгнуўшыся і закінуўшы галаву. Фуражка з яго зляцела. Ён не варушыўся.
  
  Рамеец стаяў, дзіка азіраючыся. Братчыкі не зманілі - пад аркай у глыбіні двара сапраўды была прыхавана чатырохмесная "псіла" з нацягнутым брызентавым тэнтам. Ці не тая самая, што надоечы ледзь не ўляцела ім у карму на скрыжаванні? Але, канспіратары з іх зусім няважныя... Дзесьці побач зараўла сірэна. Відавочна, хтосьці з жыльцоў ужо паведаміў у жандармерыю. Часу на роздумы не заставалася.
  - Кхаз-гай, - паўтарыў рамеец. - Ды гары яно ўсё гарам!
  Ён рашучым крокам накіраваўся да машыны, якая стаяла пад аркай.
  
  Нара
  
  Яго абудзіла нейкая валтузня каля дзвярэй і выкрыкі "кашталяна". Ян прыўзняўся на локці і пачаў прыслухоўвацца. Храп сціх, вакол чуліся смяшкі і прыглушаныя галасы. Відавочна, ад крыкаў "кашталяна" прачнуліся астатнія пастаяльцы начлежкі, і цяпер яны сядзелі на сваіх койках, перагаворваючыся напаўголасу. Каля ўваходу нешта адбывалася.
  - Я сказаў, прэч пайшла! - крычаў "кашталян". - Вось дзверы, вось парог - шкыньдзёхай! Альбо грошыкі гані.
  - Калі ласка... - пачуўся ціхі, дрыготкі голас. Голас дзяўчынкі гадоў дванаццаці.
  - Правілы тут для ўсіх аднолькавыя, - Ян пачуў, як "кашталян" стукнуў кулаком па стале. - Альбо плаці, альбо начуй на вуліцы.
  - Там вельмі холадна, - сказала дзяўчынка. - Калі ласка, дазвольце мне проста пастаяць ля парога.
  - Гэта будзе каштаваць адзін медны, - "кашталян" быў непахісны. - Я ж не патрабую ад цябе залаты солід. І нават не срэбранік. Усяго толькі медны. Што, ва ўсім горадзе немажліва адшукаць гэты няшчасны медны?
  - Пусці ты яе, Лёсік, - прабурчаў хтосьці на суседняй койцы. - Яна ж дзіцё зусім...
  - Яснавяльможна панства, вам вядома такое слова - правілы? Пра-ві-лы! - выгукнуў "кашталян" з нейкім надрывам у голасе. - І яны павінны выконвацца. Каму гэта не падабаецца, той няхай ідзе і скардзіцца Намесніку.
  Пры згадванні аб Намесніку пастаяльцы адразу ж прыціхлі.
  - І наогул. Бацькі яе дзе, скажыце мне, калі ласка? - працягваў 'кашталян'. - Пэўна, памерлі ад моравай язвы. Зараз 'дзіцятка' пазаражае ўвесь гэты прытон. Усё, шкыньдзёхай!
  Пачуўся жаласны ўскрык і гукі барацьбы - пэўна, "кашталян" схапіў дзяўчынку за руку і сілком павалок яе да дзвярэй.
  - Я заплачу за яе! - крыкнуў Ян.
  - Чаго? - сказаў "кашталян".
  Ян сціскаў у руцэ манету.
  - У мяне ёсць яшчэ грошы. Вазьміце.
  Ян кінуў манету на падлогу - тая са звонам пакацілася па брудных дошках.
  - Адразу б так, - прабурчаў "кашталян". І дадаў больш міралюбным тонам: - Ідзі, прынцэса, вунь ложак свабодны.
  Калі дзяўчынка праходзіла міма койкі Яна, да яго данеслася ледзь чутнае: "Дзякуй!.."
  
  ***
  Прачнуўшыся раніцой, Ян не адразу ўспомніў, дзе ён знаходзіцца. Вакол панавала мітусня, чуўся тупат ног і ляпанне дзвярэй. Раздаваўся зычны голас "кашталяна":
  - Вымятайцеся, яснавяльможна панства, вымятайцеся, сонца ўжо высока! Тут вам не гасціны двор.
  Ян павольна спусціў ногі на падлогу і пасядзеў так некаторы час, збіраючыся з думкамі. Потым ён пачаў нацягваць свае армейскія чаравікі - на шчасце, іх не скралі, пакуль ён спаў. Ён здрыгануўся, калі нечая цёплая рука легла на яго плячо.
  - Я Нара, - сказаў дзіцячы голас.
  - Хто?
  - Учора ты заплаціў за мяне. Мяне не хацелі ўпускаць, таму што ў мяне не было меднага.
  Яна замоўкла, потым загаварыла зноў:
  - Амаль усе ўжо разышліся. Ты адзін? У цябе няма павадыра?
  - Пэўна, не, - сказаў Ян і пацягнуўся за курткай.
  - Тады можа я...ну, буду тваім павадыром?
  - Ты?... А бацькі твае дзе?
  - Іх няма, - проста сказала дзяўчынка. - І я зусім адна ў гэтым горадзе. Я нікога тут не ведаю. Ты таксама адзін. Можа, будзем трымацца разам?
  Ян задумаўся.
  - Ну...ладна, - сказаў ён.
  Калі Ян, прытрымліваючыся за плячо Нары, выйшаў на вуліцу, у яго закружылася галава ад свежага марознага паветра. Пад нагамі пахрустваў снег. На вуліцы было вельмі ціха - пастаяльцы начлежкі разбрыліся хто куды, а жыхары горада не спяшаліся выходзіць са сваіх дамоў.
  - І куды ісці? - спытаў Ян.
  Нара тузанула плячом.
  - Я думала, ты ведаеш гэты горад.
  Ян узняў твар да неба, спрабуючы вызначыць месцазнаходжанне сонца. Улетку і напачатку восені, калі неба не было зацягнута хмарамі, ён мог адчуць дотык цёплых прамянёў да сваёй скуры. Узімку з гэтым было складаней.
  - Нара, што там у небе дзеецца? Хмары?
  - Ні аблачынкі! Неба яснае, і сонца так і свеціць.
  - Зразумеў.
  - Цікава, тут ёсць дзе памыцца? - спытала Нара.
  - Наўрад ці.
  - Мне так брыдка, - Ян не бачыў аблічча дзяўчынкі, але ён выразна ўявіў, як яна скурчыла грымаску незадаволенасці. - У прытулку мы штораніцы мыліся гарачай вадой з тлушчавым мылам, і кожны вечар таксама.
  - Распесцілі вас у гэтым прытулку, вось што я скажу.
  Яны так-сяк абцерлі рукі ў снезе. Потым Ян ухапіў яшчэ прыгаршчу снегу і сунуў яго ў рот.
  - Ты што? Снег жа брудны! - сказала Нара.
  - А дзе яшчэ ўзяць вады?
  Нара прамаўчала. Потым Ян пачуў, што яна нешта грызе.
  - Лядзяш, - сказала дзяўчынка. - Ад падстрэшка адламала. Па ім дакладна ніхто не патаптаўся.
  Ян хмыкнуў. Шукаць штосьці чыстае ў горадзе, дзе лютуе пошасць -дурная справа. Яны павольна крочылі па брукаванай маставой. На вуліцах сталі трапляцца людзі. Гараджане стаялі невялікімі групкамі і ціха перагаворваліся. Прыслухаўшыся, Ян пачуў абрывак гутаркі:
  - Кажуць, іх бачылі ў горадзе, акурат напярэдадні... Ангхі той самы, а з ім Алліл, каралева гуляў, ну і Морава Дзеўка ўласнай асобай.
  - Ды глупства.
  - Ну, не кажы. Людзі баюць, што Ангхі пацалаваў тую заезджую манашку, аж у вусны, як любачку сваю. Яна першай і памерла. А Морава Дзеўка пацалавалася са Шпегам. Ну з гэтым, на крылатай машыне, памятаеш?
  - Машына, дарэчы, так і стаіць за варотамі. Значыць, Шпег той застаўся ў Лемары.
  - Альбо сканаў ужо...
  
  - А ты так і не назваў сваё імя, - сказала раптам Нара.
  - Ян.
  - Ян... - паўтарыла яна. - Ян, а што гэта за скруткі каля дамоў? Такія доўгія, ростам з чалавека?.. Ой, здаецца, з аднаго скрутка тырчыць нечая рука!
  - Дык мерцвякі ж. Памерлі ад язвы. Не набліжайся да іх, а то таксама заразішся.
  - Я-а-ан!..
  - Што?
  - Тут па вуліцах расхаджваюць нейкія людзі. На іх зелянявыя балахоны і маскі, як птушыныя дзюбы, а ў руках доўгія тычкі з крукамі.
  - Коранеры. Не бойся, нас яны не крануць. Іх цікавяць толькі мёртвыя, а таксама тыя, хто захварэў. Гэтых таксама прыраўноўваюць да мёртвых.
  - А мы не захварэем?
  - Гэта ўжо як пашанцуе. І ведаеш што, Нара? Не забывай час ад часу паглядваць на свае запясці, і на мае таксама. Калі на іх з'явяцца чырвоныя плямы, то...
  - То мы памром?
  - Прыйдзецца памерці.
  Яны замаўчалі.
  - Нара, ты ж не тутэйшая? - спытаў Ян, каб змяніць тэму гутаркі. - Цябе ў Лемар як занесла?
  - Доўгая гісторыя, - адказала дзяўчынка. І пачала расказваць.
  Сваіх сапраўдных бацькоў яна ніколі не ведала. Першыя тры гады свайго жыцця яна прабавіла ў мястэчку Ксілея, у прытулку для кінутых немаўлят. Потым яе перавялі ў манастырскі прытулак для дзяўчынак, што ў горадзе Асмень. Там яна і жыла ўвесь гэты час пад наглядам манашак-рахманых сясцёр. Незайздросны лёс. Аднак Нару ўсе лічылі шчасліўкай. Нядаўна адзін заможны і паважаны чалавек, які жыве ў Лемары, выказаў жаданне яе ўдачарыць. Свайго будучага прыёмнага бацьку Нара яшчэ не бачыла. Ёй было вядома толькі, што завуць яго спадар Пелягрыюс, і ён працуе ў гарадскім судзе.
  
  Тыдзень таму да іх у прытулак прыязджала спадарыня Сорэкс, давераная асоба спадара Пелягрыюса. Сястра Марта, начальніца прытулку, вывела ў гасцёўню выхаванак узростам ад дванаццаці да чатырнаццаці гадоў і загадала ім выстраіцца ў шэраг. Спадарыня Сорэкс вельмі прыдзірліва выбірала кандыдатку на ўдачарэнне. Праходжваючыся па пакоі, яна пільна ўзіралася ў твары выхаванак - ці няма на скуры радзімак, воспін, шнараў ды іншых пашкоджанняў. Запускала руку ў іх валасы - ці досыць густыя. Дакраналася да іхніх грудзей і сцёгнаў. Загадвала ўсміхацца на ўвесь рот, каб праверыць, ці ў парадку зубы і дзёсны. Нарэшце яна спыніла свой выбар на выхаванцы на імя Нара.
  - Ты вельмі прыгожая дзяўчынка, - сказала ёй спадарыня Сорэкс, соладка ўсміхаючыся. - Зусім як маленькая прынцэса. Спадар Пелягрыюс будзе задаволены.
  Сястра Марта прывезла выхаванку ў Лемар напярэдадні вечарам. Іх сустрэча з новаспечаным бацькам мусіла адбыцца сёння ўранку. Але не скалалася. Неўзабаве пасля вячэры сястры Марце зрабілася блага. Кашталян выклікаў доктара, але было запозна. Яе пачало ванітаваць жоўцю, потым яна павалілася на падлогу, раскінуўшы рукі, і больш не варушылася. Перапуджаная Нара спусцілася ўніз, каб паклікаць на дапамогу. Потым прыехаў доктар, і пачалася паніка. Усё гаварылі аб пошасці і моравай язве. У агульнай мітусні пра Нару папросту забыліся. Яна ціхенька сядзела ля паста кашталяна аж да раніцы. На дзяўчынку ніхто не звяртаў увагі. З першымі прамянямі сонца яна выслізнула за дзверы гасцініцы і адправілася блукаць па вуліцах горада.
  - Каламутны ён нейкі...як там яго...Пелягрыюс, - сказаў Ян. - Можа, яно і лепш, што вы з ім так і не сустрэліся... Выходзіць, ты так і бадзялася па горадзе цэлы дзень?
  - Ага. Я заблукала, і мне вельмі хацелася есці. Сястра Марта аддала мне чарнічнае суфле, таму што яно ёй не спадабалася, але яна не стала карміць мяне вячэрай. Сказала, што ў спадара Пелягрыюса я наемся ўволю... А потым былі стрэлы і крыкі. Я схавалася пад ганкам нейкага дома і сядзела там, пакуль не звечарэла. Потым стала вельмі холадна. Я стукала ў дзверы дамоў, але мне ніхто не адчыніў. Адчынілі толькі ў той начлежцы, але і туды мяне не захацелі пускаць... Ян, а калі мы будзем есці?
  - Пытанне, канечне, цікавае.
  Ян паспрабаваў успомніць, калі ж ён сам ў апошні раз еў. Здаецца, у гарнізоне. Пэўна, так. Палоннаму прынеслі ежы, каб ён, барані божа, не памёр з голаду, пакуль не прыедзе Інспектар. У гарадской турме Лемара гэтым пытаннем не заклапаціліся, ну а потым ужо стала не да таго.
  - Нара, дзе мы цяпер? - спытаў Ян.
  - На вялікай вуліцы.
  - Што ты бачыш?
  - Тут людзі. Даволі шмат людзей. Адны ходзяць, іншыя стаяць і гутараць. Яны ўсе выглядаюць вельмі спалоханымі.
  - Дзіва што спалоханыя... Што яшчэ, Нара?
  - Яшчэ... - працягнула дзяўчынка, - Яшчэ тут стаіць адна гандлярка рыбай, але ў яе ніхто нічога не купляе. І некалькі жабракоў уздоўж вуліцы, просяць міласціну.
  Ян памаўчаў.
  - Нара, ты можаш знайсці жэрдку якую-небудзь? Ці хаця б галіну дрэва? - спытаў ён.
  - А навошта?
  - Ты што, сляпых ніколі не бачыла? Так я змагу ісці, не трымаючыся ўвесь час за тваё плячо.
  - Я зразумела!
  Нара выслізнула з-пад яго рукі, і яе крокі згубіліся ў гомане галасоў. Ян спыніўся. Застаўшыся без усякай апоры, ён ізноў адчуў знаёмае пачуццё панічнага страху. Калі Нара не вернецца, ён застанецца без павадыра, адзін у чужым горадзе, не ведаючы, куды ісці і ў каго прасіць дапамогі. Ён сціснуў кулакі і зрабіў глыбокі ўдых, прымушаючы сябе супакоіцца.
  - Знайшла, знайшла! - пачуў ён.
  - Вось! - дзяўчынка падбегла да яго і сунула яму ў рукі сукаватую палку.
  Ян павольна правёў па ёй пальцамі і пахітаў галавой.
  - Не падыходзіць, занадта кароткая. Трэба трохі даўжэйшую.
  - Ага, зразумела!
  Яна ірванулася была бегчы на пошукі, але Ян спыніў яе.
  - Чакай, Нара. Спачатку падвядзі мяне да сцяны якога-небудзь будынка, калі ласка.
  - Навошта?
  - Ну паспрабуй сама стаяць з заплюшчанымі вачыма, хапаючыся за паветра. Трэба на нешта абаперціся. Так спакайней, разумееш?
  - Так...разумею.
  Нара зноў адправілася на пошукі. Ян стаяў, прыхінуўшыся да халоднай мураванай сцяны і напружана ўслухоўваўся ў галасы мінакоў. Цяпер усё гаварылі аб паветраным караблі з грузам процічумнай сывараткі, які ў хуткім часе мусіў прыбыць са сталіцы. Калі гараджане атрымаюць сываратку, каранцін будзе зняты. Але чаканне магло расцягнуцца на некалькі дзён, а за гэты час могуць памерці сотні людзей... Час, мусіць, набліжаўся да поўдня, але мароз усё ўзмацняўся. Ян сцепануўся і сунуў адубелыя пальцы ў кішэні футравай курткі. У кішэні ляжала манета. Ян прабег пальцамі па яе рубчастай паверхні, пытаючыся ў сябе, што ўсё гэта значыць. Альбо незнаёмец аддаў яму тры манеты, што малаверагодна, альбо гэта была адна і тая ж манета, якая нейкім чынам вярнулася да свайго ўладальніка.
  
  Нара прыбегла, валакучы за сабой доўгую жардзіну. Дзяўчынка сказала, што выламала яе з нейкага плота.
  - Гэта падыходзіць? - спытала яна.
  - Трохі даўгаватая, але не бяда. Зараз адломім лішняе, і будзе файна.
  Цяпер яны ішлі намнога хутчэй. Нара, якая вызвалілася ад абавязкаў павадыра, насілася вакол, то забягаючы наперад, то адстаючы на некалькі крокаў.
  - Нара, не адыходзь ад мяне занадта далёка. Калі ты заблудзішся, я не змагу цябе адшукаць, - сказаў Ян.
  - Добра, не буду, - сказала Нара сур'ёзным голасам. Яна стала поруч з Янам і рушыла размеранай хадой, падладжваючыся пад яго няпэўныя крокі.
  Ян апусціў руку ў кішэнь, намацаў там манету. Адзін медны? Занадта мала, каб купіць ежы, а пасля яшчэ і заплаціць "кашталяну" начлежкі.
  - Нара, нам грошы патрэбны, - сказаў ён.
  - А дзе іх узяць?
  - Прыйдзецца прасіць.
  - Як жабракам?!
  Нара рэзка спынілася.
  - Я не буду, - прамовіла яна рашуча.
  - А што ты прапаноўваеш?
  - Зарабіць! - выпаліла яна.
  - Што, сумленнай працай? - спытаў ён з іроніяй у голасе. - І многа ты ўмееш?
  - Вышываць бісерам, - сказала дзяўчынка. - Спяваць магу. Граць на лютні...
  - Чаго? Бісерам? - ён рагатнуў. - Гамон як важна ў зачумленым горадзе. Мяшкі для трупаў вышываць?
  - Злосны ты нейкі, - прагаварыла Нара. Пакрыўдзілася?
  Ян працягнуў наперад руку і дакрануўся да пляча дзяўчынкі.
  - Нара, паслухай. Калі мы будзем такімі ганарлівымі, то неўзабаве з голаду памром. Ведаеш, неяк крыўдна памерці ад голаду, калі ўсе астатнія паміраюць ад моравай язвы.
  Дзяўчынка маўчала.
  - Нара, ты есці хочаш? Я таксама, - працягваў Ян. - А выбару ў нас асаблівага няма. Я, ведаеш, таксама не прафесійны жабрак. Ну, ўяві, што гэта гульня такая. А, Нара? Затое потым мы зможам паесці і расплаціцца з 'камендантам'.
  - Добра. Давай паспрабуем, - уздыхнуўшы, сказала дзяўчынка.
  
  На заставе
  
  Застава размяшчалася на ўзвышшы, прыкладна ў паўмілі ад Лемара, зачыненага на каранцін. Горад, які ляжаў у нізіне, быў бачны, як на далоні. Па перыметры ахоўнай зоны быў нацягнуты Цёрн. Уздоўж жалезнай сеткі, якая шчацінілася шыпамі, беглі, патрэскваючы, сінія агеньчыкі. Загараджальны пост прапускаў толькі армейскі транспарт, які перавозіў салдат санітарнага атрада, а таксама коранераў. Цывільным асобам уваход быў забаронены.
  
  Уздоўж абочыны на подступах да заставы стаялі ўпярэмежку самаходныя экіпажы і конныя павозкі - хвост выцягнуўся на добрую мілю. На зацярушанай снегам пустцы ля загароды тоўпіліся людзі. Трохі наводдаль проста пасярод поля размясціўся імправізаваны лагер - чатыры гандлёвыя падводы, пастаўленыя кругам. Пасярэдзіне гарэла вогнішча, над калёсамі былі нацягнуты тэнты з крамніны. Вакол вогнішча на лямцавых кілімках, кінутых проста ў снег, сядзелі гандляры і пілі з алавяных конавак чорны, як дзёгаць, брыкетны чай з галетамі і жоўтым сушаным сырам.
  
  Калі пачалася пошасць, большасць гараджан імкнуліся як мага хутчэй уцячы з Лемара. Людзі, якія стаялі цяпер каля ахоўнай зоны, наадварот, гатовыя былі заплаціць любую цану, каб прайсці за шлагбаўм заставы і трапіць у горад. Там, за сцяной, засталіся іх родныя і блізкія, ад якіх другі дзень запар не было ніякіх вестак. Вядома было толькі, што ў горадзе ўжо ёсць памерлыя, а калі прыбудзе паветраны карабель з процічумнай сывараткай, ніхто не мог сказаць дакладна. 'Хутка. З дня на дзень', - суха рапартавалі афіцэры санітарнай каманды. Неўзабаве яны наогул перасталі рэагаваць на роспыты цывільных - відавочна, паступіла адпаведнае распараджэнне зверху. Заставалася толькі чакаць. Рана ці позна сываратку даставяць, і каранцін будзе зняты, але колькі людзей загіне да таго часу, ведаў толькі Госпад Вышні.
  
  На пасту аховы ля шлагбаўма стаяў і сумаваў дзяжурны - дзясятнік Дзітт Хонаг, нумар сто васемнаццаць-семдзесят. Змена яго заканчвалася, ён быў галодны, і яму жудасна хацелася спаць. Каб трохі ўзбадзёрыцца, ён прыняўся пералічваць людзей, якія тоўпіліся каля загароды. Збіўся. Пачаў зноў. Адчуўшы, што ў яго зліпаюцца павекі, ён страпянуўся і перавёў позірк на самаходныя экіпажы, якія стаялі ўздоўж абочыны. Некаторыя з іх выглядалі зусім новымі і даволі дарагімі. Гэта ж колькі гадоў мантуліць трэба, падумалася яму, каб зарабіць на такі корч? Асабліва калі ты просты служака з усходняй фемы, у якога ані сувязей, ані сваякоў у камандаванні. Вось і ён, Дзітт Хонаг, ужо трэці год у войску, а даслужыўся усяго толькі да дзясятніка. А гэтыя, нябось, і дня ў арміі не былі... Аднак, народу ў Паўночнай Правінцыі жывецца зусім не пагана. Вунь, ледзь не кожны другі на прыватным экіпажы. Распанелі за Намеснікам сваім, яшчэ і скардзяцца. А на ўсходзе людзі проса рапсавым алеем запраўляюць, масла ж сметанковае па разнарадцы. Ну нічога, хутка ў Паўночнай Правінцыі пачнецца ўсеагульная мабілізацыя, і гэтым разам ім не адкараскацца. І правільна. Не ўсё ж нашым замест іх падыхаць...
  
  Дзясятнік ажывіўся, убачыўшы на дарозе вайсковую машыну, якая, равучы маторам, набліжалася да паста аховы. Гэта была грузавая самаходка з двухмеснай кабінай і кузавам, абцягнутым брызентам, у якіх звычайна перавозяць людзей. Зменны атрад прыбыў. Вось жа прынесла нялёгкая пад самы канец дзяжурства, сказаў ён сабе. Балазе руцінная праверка шмат часу не зойме. Паправіўшы вінтоўку (рэмень ўжо пачынаў адцягваць плячо), дзясятнік накіраваўся да шлагбаўма.
  - Дзяжурны Хонаг, - прадставіўся ён, зазірнуўшы ў кабіну. - Пжалце дакументы...
  Ён асекся, угледзеўшы на месцы шафёра свайго сотніка - рамейца на імя Эўфраімус Гата. Гэта было ў вышэйшай ступені дзіўна. Камандзіры не займаюцца перавозкамі - гэта абавязак шарагоўцаў, у крайнім выпадку, дзясятнікаў. Бегла агледзеўшы кабіну, Дзітт Хонаг сцяміў, што да чаго. У крэсле справа ад шафёра размясціўся пасажыр. Гэта быў гарбаваты, шчуплы мужычок з парадзелымі валасамі і вельмі непрыемнай фізіяноміяй - запалыя шчокі, тонкія падціснутыя вусны, кручкаваты нос і круглыя нерухомыя вочкі, як у драпежнай рыбіны. Мужычок быў апрануты ў армейскі кажух, ватовыя штаны зелянковага колеру і афіцэрскія боты, аднак ваенным ён відавочна не быў - выпраўка не тая. У нагах у пасажыра стаяў грувасткі бляшаны кораб з двума шырокімі шлейкамі. Дзясятнік прыжмурыўся. Яму ўжо не ўпершыню даводзілася стаяць на варце каля зачумленых гарадоў, і ён цудоўна ведаў, для чаго патрэбныя такія скрыні. Там, усярэдзіне, загорнутыя ў мяккі лямец, ляжаць шкляныя капсулы з каштоўнай сывараткай, якая спыняе пошасць. А мужычок у кажусе - гэта, значыцца, барыга.
  - Суровы ж ты, дзяжурны Хонаг. І муха не праляціць, - з іроніяй заўважыў сотнік.
  - Служу Імперыі! - адчаканіў той і ўзяў пад брыль. - Дакументы, пжалце.
  Тонкія вусны барыгі скрывіліся ў грэблівай усмешцы. Двума пальцамі ён дастаў з-за пазухі пасведчанне і працягнуў яго дзясятніку. Разгарнуўшы корачкі, той выявіў укладзеную паміж імі асігнацыю, роўную палове соліда. Купюра тут жа перавандравала дзясятніку ў кішэню.
  - Усё ў парадку? - спытаў сотнік.
  Дзітт Хонаг пачухаў патыліцу.
  - Ну, э-э-э...тут як быццам коска неяк не так стаіць, - прамовіў ён.
  - Ах ты, шэльма, - рагатнуў рамеец.
  Памацаўшы ў кішэні шыняля, ён выцягнуў адтуль паўсрэбраніка і сунуў яго ў рукі дзясятніку.
  - Цяпер парадак?
  Паўсрэбраніка - не бог ведама якія грошы, але надта нахабіцца таксама не варта.
  - Парадак, Ваша Благароддзе. Праязджайце, - сказаў Дзітт Хонаг.
  Вярнуўшыся да паста аховы, ён падняў шлагбаўм. Машына, раўнуўшы маторам, пакацілася. Палова соліда, ды яшчэ паўсрэбраніка зверху - зусім нядрэнна, разважаў Дзітт Хонаг, праводзячы iх вачыма. Хаця сотніку, напэўна, заплацілі на парадак больш. Непасрэдна каля гарадскіх варот барыгу прыйдзецца раскашэліцца зноў, але што зробіш, такія правілы гульні. Гэты першапачатковы ўнёсак - проста дробязь у параўнанні з тым, што ён заробіць ў зачумленым горадзе, прадаючы сываратку.
  - Э, а ты куды сабраўся? - гаркнуў дзясятнік, убачыўшы, што наўпрост да паднятага шлагбаўма тупае нейкі недаростак у паношаным ваўчыным кажусе і лямцавай шапцы з 'вушамі'. - А ну, назад!
  Дзясятнік заступіў хлопцу дарогу і для большай пераканаўчасці накіраваў на яго ствол вінтоўкі. Той адступіў на крок і ўтаропіўся на жаўнера. На выгляд хлапцу было гадоў шаснаццаць, але магло стацца і так, што гэта дарослы, які выглядае, як падлетак. Над такой пародай людзей узрост не мае ўлады. Недаростак трымаў у зубах карэньчык аеру. З-пад яго лямцавай шапкі выбіваліся нячэсаныя рудыя кудлы.
  - Братка, пусці ў горад, а? У мяне там жонка-парадзіха, - сказаў недаростак.
  Дзясятнік гучна заржаў.
  - Што ў цябе за жонка, пудзіла?
  Недаростак выцягнуў з рота карэньчык аеру, сплюнуў у снег і ўхмыльнуўся, агаляючы няроўныя зубы.
  - Жонка як жонка. Як ва ўсіх. Рабая, крывая, і кульгае на абедзве нагі. Але як разьюрыцца, дык у хаце пыл стаўбом.
  - Накшталт цябе? - хмыкнуў дзясятнік. - Ды што ты ўсё шчэрышся, як гуль на мерцвяка? Твая бабка, часам, з нежыццю не гуляла?
  Хлапец паматляў галавой
  - Ды не-е-е, толькі з млынаром, а ў яго брат прыпадачны. А дзядзьку майго кабыла сп'яна капытом стукнула.
  - Ды я бачу, - сказаў дзясятнік. Хлапец, відавочна, быў блазнаваты, а гутарыць з вар'ятамі ў яго не было ніякага жадання. - Ладна, бяжы адгэтуль. Пакуль вушы не паадстрэльваў.
  Ён адвярнуўся, даючы зразумець, што гутарка скончана. Недаростак патаптаўся яшчэ трохі каля абочыны і, нарэшце, адышоў. Апусціўшы шлагбаўм, дзясятнік Дзітт Хонаг вярнуўся на пост аховы. Настрой у жаўнера значна палепшаў, нават спаць расхацелася. 'Сягоння паўзлатніцы, заўтра паўсрэбраніка, а там, глядзіш, і на самаходны экіпаж назбіраецца, - разважаў ён. - Ну, а чаго. Я ж сілком не адбіраю, самі даюць. А дзянёк задаўся сёння, эх, заўсёды б так!..'
  
  ***
  - Ну што, Памва? - спытала Літа, калі той вярнуўся ад заставы.
  Памва-Хлусік паціснуў плячыма.
  - Ды нічога. Гэтыя, з усходу, непрабіўныя проста. Пакуль грошай не дасі. А грошай у нас з табой няма, - ён зірнуў на Літу і раптам злёгку пачырванеў.
  Літа была добра старэйшая за Памву, але ён не-не дый заглядваўся на яе. Прыгожая яна, усёткі. Хаця і валасы коратка абрэзаны, і апранута, як хлопец, у штаны ды кажушок. Яно і правільна, у спадніцы па лесе не пабегаеш. І ўсё роўна прыгожая. Рабацінкі такія, і вочы-васількі. Напэўна, у Яна былі такія ж, да таго як... А Воўчак дарма ўсёткі яе з Братчыкамі па лясах цягае. Трэ было адразу зрабіць так, як Йорхас казаў - адправіць яе разам з Янам на сядзібу Хільдэгерд. Там бы яны былі ў бяспецы. Сядзібу тую ніводзін жандар нізавошта не знойдзе. А ўсё таму, што Хільдэгерд умее вядзьмарыць. Дакладней, вадзіць Мрою - так гэта завецца. А навучылася яна гэтым штукам ад сваякоў, якія хаваюцца ў Паўночнай Багне... Рабяты, зрэшты, не вераць. Кажуць, што Хільдэгерд проста своечасова плаціць жандарам, каб яны сядзібу 'не бачылі', вось і ўсё вядзьмарства. Можа, і так. А Мроя ўсёткі існуе. І яна не ў галовах людзей, яна паўсюль, разліта ў паветры, як сонечнае святло. Трэба толькі крышачку напружыць зрок, каб яе разгледзець. Дзіўна, што яны не бачаць... Літа, аднак, на сядзібу ехаць не захацела. Не жадаю, маўляў, чужым людзям на шыю садзіцца. І рамейцаў яна ненавідзіць больш за ўсё на свеце. Вось і помсціць ім цяпер, са зброяй у руках. Як мужчына. І за сябе, і за браціка...
  - Ну, што ты глядзіш? - прамовіла яна з прыкрасцю. - Я ж казала, што нічога не атрымаецца.
  Памва ўсміхнуўся.
  - Значыць, трэба рабіць так, як я казаў напачатку. Рэзаць сетку і ламаць генератар. То бок, наадварот. Спачатку ламаць, потым рэзаць.
  Яна махнула рукой.
  - Ты не здолееш.
  - Літа, ну ты што, думаеш, я зусім боўдзіла дурны? - Памва-Хлусік пакрыўджана ўтаропіўся на яе. - Ян мне адзін раз патлумачыў, я ўсё запомніў. Не атрымалася ў дзюнах, атрымаецца цяпер. А зрэшты, мы яшчэ можам дачакаць гэтага...паветраплаўца. Можа, прыляціць акурат пад вечар, хто яго ведае.
  Літа ўздыхнула і паглядзела на неба, дзе ўжо пачыналі збірацца снегавыя хмары.
  - Цяпер толькі і гаворкі, што аб гэтым караблі. Ну і дзе ён? - сказала яна.
  Хлусік хмыкнуў.
  - Ты ж ведаеш, як гэта робіцца. Альбо хтосьці камусьці недаплаціў, альбо чынаўё аж дагэтуль важдаецца з паперамі. Альбо і тое, і другое адначасова. А Морава Дзеўка-то не чакае. Палова горада апражэцца, пакуль яны свае пячаткі расставяць...
  Тут Памва прыкусіў язык, зразумеўшы, што ляпнуў лішняе. Ён бачыў, што ў Літы задрыжэлі вусны, як быццам яна вось-вось расплачацца. Але Літа не заплакала. Яна моўчкі паглядзела на рудавалосага хлопца, а потым раптам абняла яго, прыціснуўшыся шчакой да яго ваўчынага кажуха. Памва-Хлусік адчуў, што шчокі яго зноў запалалі.
  - Ды годзе табе, - сказаў ён і трохі павагаўшыся, прыняўся нязграбна гладзіць яе далонню па валасах. - Нічога з ім не здарыцца. Ён жа стражнік. А стражнікі - яны такія. Ніякая халера іх не возьме.
  
  Гаспадар Вуліц
  
   'Гульню ў жабракоў' Нара нечакана ўпадабала. Усё аказалася вельмі проста. І правілаў ніякіх. Ёй нават не давялося падыходзіць да мінакоў і выпрошваць грошы. Людзі, праходзячы міма, самі кідалі манеткі. Дзяўчынка радасна засмяялася, калі на маставую са звонам упала першая манета і пакацілася ім пад ногі.
  - Ян, гэта ж срэбранік! - крычала яна ў захапленні. - Цэлы срэбранік! Такія грашышчы!
  - Спадзяюся, сапраўдны, а не фальшыўка, - адказаў Ян.
  Потым ім кінулі пару медных, затым паўсрэбраніка, потым зноў медны. Нара збірала манеты і складвала іх у пірамідку. Ніколі яшчэ яна не адчувала сябе такой заможнай. У прытулку выхаванкам не належыла мець кішэнныя грошы.
  - Ян, тут столькі грошай! Іх ёсць куды схаваць?
  - У кішэнь, хіба што.
  - Ой, я зусім забылася. У мяне ж кашэль ёсць!
  Нара сунула руку ў кішэнь паліцечка і выцягнула адтуль маленькі кашалёчак, пашыты з рознакаляровых лапікаў і ўпрыгожаны бісернай вышыўкай.
  - Я сама зрабіла яго ў прытулку, - сказала яна. - Дакладней, сястра Марта загадала мне яго зрабіць, у падарунак спадару Пелягрыюсу. Яна сказала, што яму падабаюцца такія забаўкі.
  - Здаецца мне, у спадара Пелягрыюса такіх забавак поўная шуфляда. Пэўна, разглядвае ды шныпарыць цішком, - прагаварыў Ян.
  - Што?
  - Нічога, Нара, - спахапіўся Ян. - Так, задумаўся.
  - А хто шныпарыць?
  - Ніхто. Давай, трамбуй манеты, - сказаў Ян.
  А ў думках ён адзначыў, што неяк гладка ўсё ідзе. Занадта гладка. Так не бывае. Зараз напэўна здарыцца якое-небудзь паскудства. І ён не памыліўся. Радасны настрой Нары неўзабаве быў азмрочаны з'яўленнем Гаспадара Вуліц са світай. Ва ўсякім разе, так назваў сябе худы цыбаты стары са злымі вачыма, апрануты ў амаль новае ваўнянае паліто і высокую аўчынную шапку. Ён быў кульгавы і ішоў, абапіраючыся на мыліцу. За яго спіной маячылі яшчэ двое. Адзін з іх выглядаў сапраўдным грамілай - шырокі і прысадзісты, у шырачэзных штанах, краі якіх цягаліся па зямлі, і лямцавым пінжаку, які быў яму зацесны. Другі, худы і жылісты, быў апрануты ў доўгае лісінае футра - зрэшты, ужо добра пашматанае, пад якім віднеліся рудыя клецістыя штаны і чырвоная кашуля-саколка. У грамілы не ставала правай рукі - пусты рукаў быў запраўлены ў кішэню пінжака. Затое ў левай ён трымаў важкую дубінку, і мяркуючы па ўсім, ён умеў з ёй абыходзіцца. У таго, што ў футры, усе канечнасці былі на месцы, і ён з гультаяватым выглядам пагульваў здаравенным мясніцкім нажом, перакідваючы яго з адной рукі ў другую.
  - Новапрыбылыя? - спытаў Гаспадар Вуліц, акінуўшы ацэньваючым позіркам дзяўчынку і сляпога. І, не чакаючы адказу, абвясціў: - Гэта адна з пешаходных вуліц Лемара. Працоўнае месца тут каштуе паўсрэбраніка. Дакладней, каштавала да ўчорашняга дня. У сувязі з эпідэміяй цэны падняліся. Адзін срэбранік. Можаце дробнай манетай насыпаць, мне ўсё роўна.
  - Заплаці ім, Нара, - шапнуў Ян.
  Дзяўчынка прыціснула да грудзей кашэль і адмоўна пакруціла галавой, дзёрзка гледзячы на Гаспадара Вуліц.
  - Капрызіць давай не будзем, ладна? - сказаў аднарукі граміла. - Непаслухмяных у нас караюць
  Той, што з нажом, заўсміхаўся і шматзначна правёў указальным пальцам сабе папярок горла.
  - Нара, аддай ім грошы! - сказаў Ян.
  Ледзь не плачучы, дзяўчынка дастала з кашалька срэбранік і працягнула яго Гаспадару Вуліц.
  - Мілае дзіця, - сказаў той, забіраючы грошы.
  Затым тройца накіравалася да старога жабрака, які сядзеў на супрацьлеглым баку вуліцы. Не чакаючы, пакуль яны наблізяцца, жабрак сунуў руку ў кішэнь паліто і пачаў паспешліва адлічваць даніну.
  - Яны адабралі самую каштоўную манету. Гэта несумленна, - з абурэннем прамовіла дзяўчынка.
  - Так трэба, Нара, - адказаў Ян. - Лічы, што гэта такія правілы гульні.
  - Мне яны не падабаюцца, - сказала дзяўчынка.
  - А што зробіш? Усе так жывуць.
  - Сапраўды? - Ян адчуў на сабе яе пільны позірк. - Цікава, а ёсць яшчэ якія-небудзь правілы, якіх я не ведаю?
  Ян кіўнуў.
  - Ёсць, напрыклад. Ніколі не спрачайся з людзьмі, якія трымаюць у руках будаўнічыя ломікі.
  - Якія яшчэ ломікі? - неўразумела спытала дзяўчынка. - Ты пра што?
  - Ну, я так іх сабе ўявіў. Гэтых трох. А што было на самай справе?
  - Ў аднаго нож, у другога дубінка. А ў трэцяга мыліца.
  - Вось бачыш, амаль што адгадаў.
  Цяпер Нара глядзела на яго з непадробнай цікаўнасцю. І часта ён так адгадвае?
  
  Калі гадзіннік на гарадской ратушы адзваніў тры папаўдні, на вуліцы з'явіўся невялікі атрад жаўнераў у чумных масках. За імі неўпарадкаванай калонай крочылі мужчыны ў цывільнай вопратцы. І жаўнеры, і цывільныя неслі на плячах кіркі і рыдлёўкі. Яны рухаліся ў бок гарадскога вала.
  - Што яны збіраюцца рабіць? - шэптам спытала дзяўчынка, сцісла апісаўшы ўсё ўбачанае.
  - Ідуць рыць траншэю. Там будуць хаваць целы памерлых, - сказаў Ян.
  Адзін з жаўнераў аддзяліўся ад атрада і падышоў да гандляркі рыбай, якая ўсё яшчэ стаяла пасярод вуліцы. Ён нешта сказаў ёй. Жанчына паспешліва падхапіла з зямлі цяжкія кошыкі і знікла ў падваротні.
  - А гандлярка? Навошта жаўнеры прагналі гандлярку? - спытала Нара.
  - Таму што пошасць. Падчас каранціну вулічны гандаль забаронены.
  - Ты так файна ва ўсім разбіраешся, Ян. Ты ўжо бываў у зачумленых гарадах?
  - Ды не. Мы гэта на вучэньнях адпрацоўваліся. У ваеннай школе.
  - Ты быў ваенным? - з цікавасцю спытала Нара.
  - Ну, так. Быў калісьці.
  - А, дык вось яно што...- прамовіла дзяўчынка.
  Ваенны, як жа, падумаў Ян. Страціў зрок на эверонскіх франтах. Толькі б яна не стала далей распытваць, а то прыйдзецца хлусіць... На шчасце, дзяўчынка пытанняў больш не задавала.
  
  Прыкладна праз гадзіну на вуліцы з'явіліся пахавальныя драбы, запрэжаныя парай калматых якаў. Драбы даверху былі напоўнены целамі памерлых, загорнутымі ў саваны. Якаў вёў за аброць чалавек у лямцавым паліто. Ягоны твар да самых вачэй быў заматаны шалікам, а на руках ў яго былі працоўныя пальчаткі з грубага палатна. Услед за драбамі ішоў коранер у зелянявым балахоне і птушынай масцы. Ён нёс на плячы доўгую тычку, да якой быў прымацаваны жалезны крук з трыма зубцамі. Драўляныя колы гучна рыпелі і грукаталі па камянях маставой. Гараджане маўкліва туліліся да сцен дамоў і праводзілі драбы доўгімі позіркамі. Прайшоўшы ў тым жа кірунку, у якім напярэдадні крочыў атрад далакопаў, маркотная працэсія знікла з вачэй.
  
  У гэты дзень срэбраных манет больш не падавалі - толькі медныя. А нейкая чуллівая жанчына замест грошай працягнула дзяўчынцы кавалак пірага, начыненага шпінатам і мяккім белым сырам. Нара разламала яго надвое і палову аддала Яну.
  - Я нават смаку не адчула, - сказала Нара, праглынуўшы сваю долю. - Толькі яшчэ галадней зрабілася.
  Пачынала шарэць. Нара ўжо не адчувала ні холаду, ні голаду, але адну толькі аспаласць. Дзяўчынка сядзела, прыхінуўшыся да Яна і захутаўшыся ў яго футравую куртку. Іх дыханне ператваралася ў пару і асядала намараззю на іх валасах. У нейкім здранцвенні Нара глядзела, як адзін з мінакоў раптам пахіснуўся і ўхапіўся за ліхтарны слуп. Яго пачало ванітаваць. Потым ён у курчах паваліўся на маставую. Ніхто не асмеліўся наблізіцца да яго, каб дапамагчы. Нарэшце ён заціх. Праз некаторы час да знежывелага цела падышоў коранер і, падчапіўшы на крук, пацягнуў прэч.
  
  Вуліца амаль спусцела. У вокнах дамоў адзін за адным загараліся агні. Потым у сініх прыцемках паказалася самотная постаць у чорным сурдуце з меднымі гузікамі і смешнай круглай шапачцы з брыльком. Чалавек нёс на плячы невялікую лесвічку, а ў руцэ трымаў запаленую лямпу. Ліхтаршчык, здагадалася Нара. Дзяўчынка з цікавасцю назірала, як ён няспешна абыходзіць вуліцу, ад аднаго ліхтарнага слупа да другога, і ўслед за ім у сцюдзёнай імгле выцягваецца ланцужок жывых агеньчыкаў. А ён жа зусім не абавязаны гэтага рабіць, думала Нара. Вось цяпер, падчас каранціну. Мог бы дома сядзець, як усе астатнія. А ён запальвае ліхтары, як быццам нічога не здарылася. Напэўна, гэта асабліва важна цяпер - запальваць ліхтары. Таму што, калі горад пагрузіцца ў цемру, зробіцца зусім ужо сумна...
  
  Жабрак, які прасіў міласціну на супрацьлеглым баку вуліцы, падняўся на ногі і прыняўся збіраць свой няхітры скарб - выцерты кілімок, на якім ён сядзеў, драўляны палукашак, у які ён збіраў манеты. Потым ён, кульгаючы, падышоў да дзяўчынкі і Яна.
  - Першы раз тут? - спытаў ён надтрэснутым голасам. - Ідзіце ўжо. Сёння падаваць больш не будуць.
  - Паслухайце, добры чалавек, - сказаў Ян. Голас ягоны гучаў невыразна - ад холаду вусны знямелі і здавалася, нават язык да паднябення прымёрз. - А скажыце, дзе тут можна паесці?
  
  Вандроўнік
  
  - Йорхас. Чуеш, Йорхас?
  - Чаго?
  - Ведаеш, я даўно хацеў спытаць...
  - Ну?
  Памва-Хлусік абтрос калені ад крошак і прыўзняўшыся з задняга сядзення, абапёрся аб крэсла шафёра, у якім сядзеў Вэл Йорхас. Правая рука рамейца ляжала на стырне, далонь левай ён прыціскаў да скроні. Матор быў выключаны, але печка працавала, у салоне было горача, як у лазні, і мабыць, ад спёкі і духаты галава ў яго разбольвалася ўсё мацней. Скрывіўшыся, ён зірнуў на сваё адлюстраванне ў ветравым шкле - бледная, змардаваная фізіяномія са шматдзённым шчаціннем. У машыне было цёмна - лямпа ўнутранага асвятлення не працавала, толькі перад крэслам шафёра цьмяна мігцела панэль кіравання, і ў гэтым няпэўным святле фізіяномія здавалася зялёнай, як у хадзячага мерцвяка з мясцовых легенд. Ачмурэць. Такога адхадняку з ім яшчэ не здараліся. Два дні ж прайшло, павінна ўжо адпусціць. Чортава зелле ...
  - Слухай, Йорхас, вось людзі кажуць, - сказаў Памва, пражаваўшы кавалак. - Людзі кажуць, быццам у Царгорадзе, на самай галоўнай плошчы, акурат насупроць Цытадэлі, з неба ланцуг звісае. Адзін яго канец дакранаецца маставой, а другі за аблокамі знікае. І па гэтым ланцугу нібыта можна ўскараскацца наўпрост у Царства Божае. Кажуць, ужо многія спрабавалі. І прасталюднікі, і імператары, нават Арцыпастыры некаторыя. Але ніхто яшчэ не здолеў узысці да Госпада Вышняга. Усе як адзін узбіраюцца дзесьці да сярэдзіны, а потым зрываюцца ўніз ды разбіваюцца ў ляпёху. Слухай, гэта праўда?
  Рамеец змігнуў. Потым, азірнуўшыся, паглядзеў на рудавалосага семгальца, які, усміхаючыся, навісаў у яго над плячом, як малады цікаўны гуль над наўцом.
  - Што яшчэ за трызненне? Няма там ніякіх ланцугоў, - сказаў рамеец хрыплым голасам.
  - А-а-а...я так і думаў, - расчаравана працягнуў Памва-Хлусік і зноў адкінуўся на задняе сядзенне.
  - Гэта ўсё, што ты хацеў спытаць? - пацікавіўся Вэл Йорхас.
  Семгалец паматляў галавой.
  - Не ўсё. Колькі трэба заплаціць дзяжурнаму, каб ён прапусціў мяне за шлагбаўм?
  - Многа, Памва. Такіх грошай у мяне зараз няма. Дый у любым выпадку цывільных яны не прапусцяць.
  Грошай сапраўды заставалася ў абрэз. Напярэдадні, уцякаючы з Асменя, ён ірвануў наўпрост у Разлог, у мястэчка Зацемь, што пад Вільскам. Там ў асабняку за высачэзнай каменнай сцяной жыў Мірка Шэлег. Сябар не сябар, але, ва ўсякім выпадку, чалавек, якому можна давяраць. У Зацемь уцякач прыбыў перад світаннем. Мірка яшчэ дрых, але даведаўшыся пра візіцёра, тут жа падняўся з ложка. Гаспадар асабняка - паўнаваты, дабрадушны на выгляд мужчына сярэдніх гадоў з жытнімі вусамі і вачыма валошкавага колеру - выйшаў у гасцёўню, апрануты ў падшываны халат і хатнія туфлі. Вэл Йорхас з ходу шпурнуў на стол пачак асігнацый і, трохі блытаючыся, абмаляваў сітуацыю. Мірка Шэлег выслухаў яго вельмі ўважліва. Потым, падняўшы руку з адагнутымі ўказальным і сярэднім пальцамі, коратка прамовіў:
  - Два дні.
  Зразумела, што на гэтыя два дні ўцекачу лепш залегчы на дно. Мірка нават прапанаваў перакантавацца ў ягоным асабняку - сюды дакладна ніхто не сунецца з праверкамі. Вэл Йорхас задумаўся. Прапанова была слушнай. Ужо хто-хто, а Мірка Шэлег яго не здасць. На Мірку ў яго такія кампраматы, што мама не гаруй. Здасць Йорхаса - пойдуць па этапе абодва, і Мірка гэта цудоўна разумее.
  
  У Зацемі, аднак, ён не застаўся. Паехаў у Лемар, убайдосіўшы ўвесь дзень на дарогу. Дабіраўся кружным шляхам, аб'язджаючы пасты жандараў. Спыніўся ён толькі раз ля прыдарожнай крамкі, каб закупіцца правізіяй - праснакамі, хлебам, вэнджанай рыбай і вяленай садавінай. Да Лемара ён дабраўся ўжо ў прыцемках. Літу і малога ён знайшоў каля ахоўнай зоны. Яны стаялі ля загароды - разгубленыя, ссінелыя ад холаду і стомленасці. І не еўшы ўжо каторы дзень. Свае вінтоўкі яны прыхавалі ў яры за пару міль адсюль, а нашыўкі з крыжамі-васьмірогамі прадбачліва знялі. Цяпер ніхто бы не ўгледзеў у іх двух паўстанцаў. Звычайныя валацугі, што натоўпамі цягаюцца па дарогах Імперыі... Усё, што ён мог для іх зрабіць, гэта адвесці іх да машыны і даць ім паесці, нарэшце. Потым Літа пайшла да лагера гандляроў, купіць брыкетнага чаю. Да іх ужо выстраілася велізарная чарга за гарачай гарбатай і правіянтам. Гандаль ішоў бойка. От жа, хітразроблены народзец. Такія нідзе не прападуць...
  
  'Госпад Усявышні, што я наогул тут раблю?' - пытаўся ён у сябе. Ладна, два дні. Толькі два дні, і ён вольны, як вецер. Мірка падрыхтуе дакументы - і ўсё, бывай, Імперыя. Спачатку на паветраным караблі да Ніра, пасля на перакладных да Сінары, гарадка на самай ускраіне Імперыі. А потым па рэйкавай дарозе - праз ксайлахскія стэпы - ў Тхаа-Зун, адну з кантынентальных дзяржаў на паўднёвым усходзе. Тхаа-Зун ён памятаў цьмяна. Бываў ён там толькі адзін раз, у дзяцінстве. Бацька, зямля яму пухам, ездзіў туды па гандлёвых справах. Усё, што запомнілася яму тады, гэта квадратныя, абмазаныя белай глінай домікі з пляскатымі дахамі, зараснікі айвы і рассохлая зямля з глыбокімі расколінамі, з якіх час ад часу выпаўзалі здаравенныя мядзведкі даўжынёю ў паўлокця. Тхаа-Зун. Трэ было матануць туды адразу пасля амністыі. Дурню ясна, што тут, ў Імперыі, яму нічога не свеціць. Кайданнік...
  - Йорхас, што ў цябе з вачамі? - спытаў раптам Памва.
  - А што? - вымавіў ён з лёгкім спалохам, утаропіўшыся на сваё адлюстраванне ў ветравым шкле
  - Йорхас, я бачыў вашых памерлых. Ну, ты разумееш. У іх вочы такія... Як быццам каляровыя шкельцы ўставілі. Вось як у цябе зараз. Можа, ты памёр ужо, Йорхас? Скажы, ты праўда не прывід?
  - А халера яго ведае. Можа, і памёр, - сказаў той, разглядваючы сваё адлюстраванне. - Воўчак вунь таксама памёр, а з парабелума садзіць лепш за мяне.
  - Йорхас, ты ў парадку? - спагадліва спытаў семгалец.
  - Памва, я ўжо дванаццаць гадоў не ў парадку!
   - Можа, мы лепш пойдзем? - спытаў Памва і пасунуўся да выхаду.
  - Ды сядзі ўжо, - стомлена сказаў рамеец. - Не балабонь толькі, ладна? І так у галаве звініць.
  Паразважаўшы трохі, Памва сунуў руку ў кішэнь кажуха, дастаў адтуль карэньчык аеру і працягнуў яго рамейцу.
  - Вось, вазьмі. Можа, палягчэе.
  - Гэта што?
  - Аер балотны. Ды не бойся, не атруцішся. Я сам яго еў.
  Звонку пад нечымі крокамі зарыпеў снег, потым у бакавое шкло пастукалі.
  - О, Літа вярнулася. Нарэшце! - сказаў Памва-Хлусік, адчыняючы дзверы.
  - Не паснулі тут? Чарга рухаецца так марудна, - сказала Літа, зазірнуўшы ў салон. У яе руцэ дыміўся кацялок з гарачым духмяным напоем. - Давайце чай піць. Конаўкі ёсць?
  - Зараз знойдзем, - сказаў Памва.
  - Няма тут конавак, - прагаварыў рамеец.
  - Значыць, будзем проста з кацялка. Глынеш, Памва? Не апякіся толькі, - сказала Літа, працягваючы яму кацялок.
  - А давай.
  Узяўшы кацялок з яе рук, Памва паднёс яго да вуснаў, і раптам знерухомеў.
  - Вандроўнік. Вандроўнік тут быў. І раптам знік, - прамовіў ён напаўголасу.
  - Што, Памва? - спытала Літа.
  Памва-Хлусік патрос галавой.
  - Не ведаю. Так, падумалася раптам, - схіліўшыся над кацялком, ён асцярожна, каб не апячыся, адпіў глыток. - Добры чай. Аерам пахне. Яну бы спадабалася. Эх, ведаць бы, як ён там, за сцяной...
  
  За сцяной
  
  Да здзіўлення Нары, народу ў карчму набілася многа. Быццам і няма ніякай пошасці. На драўляных сталах стаялі гарлачы з віном. Наведнікі курылі гліняныя люлькі, гучна гаманілі і смяяліся. У глыбіні залы нехта граў на лютні, напяваючы, дакладней, нашэптваючы дзіўным рэчытатывам: 'Яшчэ адзін, Вандроўнік. Глядзі-тка, яшчэ адзін. На адно звяно менш у тваім ланцугу, чорным, нібыта базальт. Яшчэ адна душа ўцякла ад цябе, Вандроўнік...' Змрочная падавальшчыца кінула ім на стол кардонку з назвамі страў. Нара прабегла яе вачыма і разгубілася: усе назвы былі незнаёмыя. У прытулку іх кармілі ў асноўным варанай аўсянкай і сачавічнай поліўкай, у Сёмы дзень давалі смажаную рыбу з мучным коранем, і толькі ў святы Аб'яўленняў выхаванак частавалі запечаным куранём з брусніцамі і глазураваным пірагом з разынкамі і марцыпанам. Нарэшце яна выбрала наўздагад: тушаны мучны корань з грыбам-арэхавікам, гарачыя аўсяныя праснакі, земляны сыр і гарбату з сямі лясных зёлак. Усё аказалася надзвычай смачным. Заробленых грошай хапіла, каб заплаціць карчмару, і ў кашальку заставаліся яшчэ манеты.
  - Нара, не накідвайся адразу на ежу. З галадухі можа знудзіць, - папярэдзіў Ян.
  Наталіўшы голад, яны не спяшаліся сыходзіць. Трэба было выпраўляцца на пошукі начлегу, але ў карчме было так цёпла і ўтульна, і не хацелася зноў выходзіць на мароз. У Нары пачалі зліпацца вочы. Як было бы файна, калі б ім дазволілі заначаваць тут!..
  
  За суседнім столікам размясцілася кампанія маладзёнаў. Хлопец у мехаватых нагавіцах, скураной камізэльцы і чырвонай кашулі гультаявата смактаў гліняную люльку, раз-пораз кідаючы позіркі на дзяўчынку і сляпога. Зрэшты, гэтыя двое яго не цікавілі. Яго ўвага была засяроджана на вышываным пацеркамі кашальку, які ляжаў на краі стала. Дзяўчынка драмала, ураніўшы галаву сабе на рукі. Прыгледзець за кашалём не было каму. Хлопец адклаў люльку і падняўся з лавы. Нядбайным крокам наблізіўшыся да стала, ён узяў кашалёк і заціснуў яго ў далоні. Нара падхапілася.
  - Не чапай! Гэта нашае!
  Яна саскочыла з лавы і кінулася да хлопца.
  - Аддай кашэль! - крыкнула дзяўчынка і схапіла яго за руку.
  - Які яшчэ кашэль? Няма ў мяне ніякага кашаля, - адказаў той, хмылячыся.
  - Аддай! - Нара паспрабавала расціснуць яму пальцы. Потым, нахіліўшыся, яна ўпілася ў яго руку зубамі.
  - Вось, паскуда! - прашыпеў хлопец.
  - Нара, адыдзі ад яго! - крыкнуў Ян.
  Хлопец з сілай адштурхнуў ад сябе дзяўчынку - тая адляцела да стала, ледзь утрымаўшыся на нагах. Ён хацеў быў сунуць кашалёк сабе ў кішэнь, але раптам нечыя пальцы, быццам абцугамі, абхапілі яго запясце. Ён падняў вочы і ўбачыў перад сабой сляпога. Зазірнуўшы яму ў твар, хлопец адзначыў у думках, што яны з ім прыкладна аднаго ўзросту.
  - Аддай грошы, - ціха прагаварыў сляпы.
  - А ідзі ты!..
  Хлопец ускінуў свабодную руку і прыціснуў раскрытую далонь да твару сляпога, спрабуючы адштурхнуць, але тут яму раптам далі падножку. Ён страціў раўнавагу і з праклёнамі паваліўся долу, пацягнуўшы за сабой сляпога. Счапіўшыся, яны пакаціліся па дошках падлогі. Наведнікі зараўлі ад захаплення, некаторыя пачалі пляскаць у ладкі.
  - Гіля, я стаўлю на цябе! Не падвядзі мяне, старэча! - крыкнуў, рагочучы, хтосьці з кампаніі хлопца.
  Хлопец на імя Гіля выгінаўся на падлозе, спрабуючы стрэсці з сябе праціўніка. Той наўрад ці быў мацнейшы, але біўся ён куды больш умела. Гіля паспрабаваў гваздануць яму каленам пад рэбры, але адразу ж атрымаў такі ўдар у скулу, што ў яго зазвінела ў галаве.
  - Калека чортаў! Ну, чакай... - прагыркаў Гіля. Вызваліўшы руку, ён пацягнуўся да пояса.
  - Ян, у яго нож! Нож! - залямантавала Нара.
  Наведнікі паўскоквалі са сваіх месцаў і тоўпіліся вакол, з цікавасцю назіраючы за бойкай. Ніхто не ўмешваўся. Нару адціснулі ўбок. Яна нічога не бачыла за сцяною спін, да яе слыху даносіліся толькі глухія ўдары і бязладныя выкрыкі Гілі. Ускочыўшы на лаву, яна зірнула паўзверх спін і галоў. Цяпер нож апынуўся ў руцэ Яна. Гіля ляжаў, распластаўшыся, на падлозе. Ян прыціскаў яго каленам, трымаючы нож ля ягонага горла.
  - Спыніць бойку! Неадкладна!
  На сярэдзіну залы выйшаў гаспадар карчмы - мажны, каржакаваты, мужчына з сівымі вусамі. У руках ён трымаў парахавую дубальтоўку. З ім побач стаяў рослы маладзён з віламі ў руках - магчыма, яго сын.
  - Спыніць! - паўтарыў гаспадар карчмы. - У горадзе безуладдзе, але абыдуся без жандараў. З дэбашыраў жыўцом буду шкуру спускаць. Сваімі рукамі.
  - Ды мы так, паспрачаліся злёгку, - сказаў Гіля.
  Ён сядзеў на падлозе, закінуўшы галаву і спрабуючы спыніць кроў, якая лілася ў яго з носа. Ян падняўся на ногі, сціскаючы ў руцэ нож.
  - Нара! - паклікаў ён.
  - Я тут! - дзяўчынка падбегла да яго і ўзяла за руку.
  - Нара, хадзем адгэтуль.
  'Яшчэ адзін, Намад. Глядзі-тка, яшчэ адзін. Зноў ты схібіў, Намад!..' Сыходзячы, Нара мелькам заўважыла чалавека з лютняй у руках - пэўна, гэта ён граў, калі яны ўвайшлі ў карчму. Лютніст пільна глядзеў на дзяўчынку і ўсміхаўся. З-пад яго пунсовай, з адваротамі, шапкі, упрыгожанай паўлінавым пяром, выбіваліся пасмы вугальна-чорных валасоў, а яго правае вока было зацягнута бяльмом.
  
  Яны паспешліва, амаль бегма ішлі па начной вуліцы. Калі злашчасная карчма засталася далёка ззаду, яны трохі запаволілі крок. Нара рыдала ад крыўды і злосці.
  - Кашалёк! Кашалёк прапаў! Гіля яго ўсёткі сцягнуў, - паўтарала яна.
  - Ды халера з ім. Заробім яшчэ, - адказаў Ян.
  - А чым мы заплацім за начлежку?
  Ян апусціў руку ў кішэнь курткі. Манета была на месцы.
  - Прыдумаем што-небудзь, - сказаў ён.
  Ён усё яшчэ сціскаў у руцэ нож, які адабраў у Гілі. Дзяржальна нажа было абцягнута мяккай скурай. Ян правёў пальцам па лязе - вострае, як брытва. Непагана. Ён хацеў быў па звычцы сунуць нож сабе за пояс, але ўспомніў, што рамень у яго адабралі яшчэ ў гарнізоне. Згадаўшы жаўнераў нядобрым словам, ён схаваў нож у кішэню курткі.
  - Нара, ты памятаеш, дзе тая начлежка? - спытаў Ян. - Зможаш адшукаць?
  - Паспрабую, - усхліпнула дзяўчынка.
  
   Варгус
  
  Паблукаўшы некаторы час па бязлюдных вуліцах, яны выйшлі да абшарпанага будынка са спадзістымі прыступкамі ля уваходу. Дзверы былі забіты дошкамі, і на іх бялеў намаляваны крэйдай крыж.
  - Што гэта значыць? - спытала Нара.
  Ян працягнуў наперад руку і дакрануўся да дошак.
  - На каранцін зачынілі, - сказаў ён. - Тут нехта памёр ад моравай язвы. Магчыма, адзін з пастаяльцаў, а можа, і кашталян.
  - І што нам рабіць? Шукаць іншую начлежку?
  - Пакуль знойдзем, замерзнем насмерць. Давай лепш папросімся да каго-небудзь на начлег.
  - Я ўжо спрабавала. Мяне не пусцілі.
  - Можа, зараз пашанцуе, - сказаў Ян, не надта, зрэшты, разлічваючы на поспех.
  Гараджане трымалі глухую абарону. Ледзь пачуўшы грук у дзверы, яны спешна тушылі святло, і ў доме запаноўвала магільная цішыня. Схаваўшыся за фіранкамі, людзі моўчкі глядзелі на двух бадзяг - дзяўчынку і сляпога, і не асмельваліся ім адчыніць. З імі разам у дом магла неўзаметкі праслізнуць Морава Дзева, якая сее смерць. Яны ўжо пачалі губляць надзею. Але калі яны падышлі да двухпавярховага прысадзістага будынка, які стаяў трохі наводшыбе ад астатніх дамоў, і Нара, узяўшыся за дзвярное кольца, нясмела пастукала, ім адчынілі. На парозе стаяў гаспадар дома - рослы, шыракаплечы мужчына з калматай рудой барадой і грывай рудых валасоў. Ён быў апрануты ў свабодную кашулю з чорнага сукна і такія ж нагавіцы. Рукавы кашулі ледзь не лопаліся, абцягваючы яго магутныя, як у малатабойца, цягліцы.
  - Дабрыдзень, - сказала Нара, - Вы дазволіце нам пераначаваць у вас? Тут вельмі холадна...
  Гаспадар паглядзеў на дзяўчынку, потым зірнуў на Яна, прыжмурыўся і ўхмыльнуўся сабе ў бараду.
  - Добрых людзей чаму б не пусціць? - прагаварыў ён і саступіў убок, прапускаючы гасцей.
  Яны апынуліся ў прасторнай, добра нацепленай кухні. На стале блякла свяціла алейная лямпа. Напэўна, гаспадары ўжо павячэралі і збіраліся класціся спаць.
  - Знімі паліто, дзяўчынка, і павесь яго на крук ля дзвярэй, - сказаў гаспадар дома.
  - Вы вельмі добры, - адказала Нара.
  Гаспадар хмыкнуў і ўсміхнуўся, агаліўшы моцныя белыя зубы.
  - Адразу відаць, што вы не тутэйшыя. Ніводзін жыхар гэтага горада не асмеліўся бы ўвайсці ў дом Варгуса, а назваць мяне 'добрым' і пагатоў... Марыета!
  У глыбіні дома пачуліся лёгкія крокі, і ў кухню зазірнула прыгожая, даволі маладая яшчэ жанчына з гладка зачасанымі цёмнымі валасамі і бледным, маркотным абліччам. Яна была апранута ў футравую душагрэйку, накінутую паўзверх хатняй сукенкі.
  - Марыета, прынясі з каморы пару сеннікоў і пакладзі іх тут, на падлозе. У нас, як бачыш, госці, - сказаў гаспадар.
  Жанчына пакорліва кіўнула і знікла ў цёмным калідоры.
  - Жонка мая, - сказаў гаспадар, звяртаючыся да Нары. - Слаўная жанчына, хоць і не зусім здаровая, небарака.
  Ён падміргнуў і злёгку пастукаў указальным пальцам сабе па лбе. Нара зазначыла, што ўвесь гэты час гаспадар гутарыў толькі з ёй, а Яна ён быццам перастаў заўважаць увогуле. Жанчына неўзабаве вярнулася. Яна прынесла пару худых матрацаў і акуратна расклала іх на падлозе каля сцяны. Пакуль Ян і Нара ўладкоўваліся на гэтых мулкіх ложах, гаспадар адвёў сваю жонку ўбок і нешта шапнуў ёй, паказаўшы пальцам на Яна. Жанчына паглядзела на сляпога са спалохам.
  - Добрых сноў, дзяўчынка, - вымавіў услых гаспадар і выйшаў. Яго жонка паспяшалася следам, прыхапіўшы са стала лямпу.
  Нара ўжо правальвалася ў сон, калі адчула, што хтосьці паціху трасе яе за плячо. Расплюшчыўшы вочы, яна ўбачыла перад сабой Марыету, жонку гаспадара. Жанчына прыціснула палец да вуснаў, заклікаючы да цішыні. Потым, кінуўшы хуткі позірк на Яна, які спаў, яна спытала шэптам:
  - Як цябе зваць, мілая?
  - Нара, - прашаптала дзяўчынка.
  - Якое прыгожае імя... Хадзем са мной, Нара, нам трэба пагутарыць.
  Яны выйшлі ў цёмны калідор і спыніліся ля уваходу на кухню.
  - Нара, ты даўно ведаеш гэтага чалавека? - напаўголасу спытала жанчына.
  - Яна? Шчыра кажучы, не...
  - Нара, а ты ведаеш, што ён - забойца?
  - Забойца?! - усклікнула Нара.
  - Ш-ш-ш-ш... цішэй, не крычы так гучна.
  - Але...чаму? - прашаптала дзяўчынка.
  - Варгус, мой муж, ужо доўгія гады працуе гарадскім катам, - сказала жанчына. - І павер мне, ён добра разбіраецца ў такіх рэчах. Гэты чалавек не сляпы ад нараджэння. Яму выдралі вочы распаленым жалезам. Так караюць людзей, якія здзейснілі забойства, і магчыма, не адно забойства. Што на гэта скажаш?
  Нара маўчала, гледзячы сабе пад ногі. Жанчына ўсміхнулася і пагладзіла дзяўчынку па галаве.
  - Табе небяспечна знаходзіцца з ім побач. І лепш табе не спаць з ім у адным пакоі. Хадзем са мной, Нара, я адвяду цябе ў спальню наверсе.
  Жанчына ўзяла была яе за руку, але Нара вырвалася і адступіла. Яна глядзела на жанчыну вачыма, поўнымі слёз.
  - Але ён не зрабіў мне нічога дрэннага... - сказала Нара дрыготкім голасам.
  Жанчына ўздыхнула.
  - Гэта пакуль што, дзяўчынка мая. Некаторыя людзі здаюцца вельмі добрымі, але на самай справе душы іх чорныя, як ноч, а сэрцы іх напоўнены атрутай. І Варгус пагадзіўся бы са мной. Яму часта даводзіцца мець справу з такімі людзьмі.
  Жанчына мякка ўзяла дзяўчынку за руку.
  - Хадзем наверх, Нара. Я пакажу табе спальню. Там многа мілых забавак, а на століках стаяць вазачкі з цукеркамі і глазураванымі арэхамі.
  Жанчына была такая добрая і ласкавая, што Нара не асмелілася ёй запярэчыць. Увайшоўшы ў спальню, дзяўчынка ціха вохнула. Пакой выглядаў, як цацачны. Тут стаяла дзіцячая мэбля з каштоўнага ружовага дрэва. Сцены былі абклеены каляровымі шпалерамі з выявамі аблокаў і караблікаў з ветразямі. На падлозе ляжаў прыгожы беласнежны дыван з мяккім ворсам. У фатэлях і на крэслах сядзелі парцалянавыя лялькі ў пышных уборах. На лакіраваным століку размясціўся раскошны цацачны сервіз з пярэстага лушчаку. Побач у маленькіх вазачках ляжалі цукеркі і рознакаляровыя глазураваныя арэхі - жанчына дазволіла дзяўчынцы ўзяць па жмені і таго, і другога.
  - Табе падабаецца, Нара? - спытала жанчына.
  - Так, вельмі міла, - адказала тая з некаторай разгубленасцю.
  - Гэты пакой прызначаўся для маіх дзетак. Я сама выбірала мэблю, сама купляла цацкі і дзіцячую вопратку. Але дзетак у мяне ніколі не будзе. Ніколі, ніколі, - сумна прагаварыла жанчына.
  Яна ўсадзіла Нару на ложак і дапамагла ёй зняць казённую сукенку мышынага колеру, грубыя чаравікі і чорна-шэрыя паласатыя панчохі з калючай воўны.
  - А зараз апрані вось гэта, - жанчына працягнула дзяўчынцы доўгую начную кашулю з найтанчэйшага белага ядвабу, упрыгожаную карункамі і маленькімі банцікамі.
  Калі Нара апранулася ў кашулю, жанчына падвяла дзяўчынку да вялікага люстэрка каля сцяны і залюбавалася яе адлюстраваннем.
  - Зірні, якая ты прыгажуня! Зусім як маленькая прынцэса. А гэта ўсяго толькі начная кашуля. У мяне ёсць поўная шафа цудоўных сукенак - жоўтых, чырвоных, зялёных, блакітных, - старанна пералічвала жанчына, - з карункамі, фальбонамі, стужкамі і бліскаўкамі. Заўтра ты зможаш іх прымераць. Ну а калі яны табе не спадабаюцца, я куплю табе новыя сукенкі, якія ты пажадаеш.
  - Вы такая добрая... - сказала Нара.
  Жанчына заўсміхалася і пацалавала дзяўчынку ў макушку.
  - А зараз трэба класціся спаць, мая мілая. Гадзіна ўжо позняя.
  Жанчына ўлажыла дзяўчынку ў пасцель, паправіла пуховыя падушкі і дбайна падгарнула коўдру. Потым яна села на краёчак ложка і далікатна ўзяла дзяўчынку за руку.
  - Заставайся з намі, Нара, - сказала жанчына.
  - Назусім? - спытала дзяўчынка.
  Жанчына кіўнула.
  - Я ўжо пагутарыла з Варгусам. Яму заўсёды хацелася мець дачку, асабліва такую прыгажуню. Калі скончыцца каранцін, мы з мужам зоймемся паперамі і аформім удачарэнне. Мы зробімся тваімі бацькамі, і ты будзеш жыць у гэтым пакоі.
  - А што стане з Янам? - ціха спытала Нара.
  - З кім? Ах, з гэтым... - жанчына спахмурнела. - Забудзь ты пра яго, Нара. Надыдзе раніца, і ён пойдзе сваёй дарогай, а ты застанешся з намі. Мы нікому не дазволім цябе пакрыўдзіць!
  Жанчына схілілася над Нарай і пацалавала яе ў лоб.
  - Дабранач, мілая. Заўтра я прыгатую табе пампушак з дзядоўнікавым мёдам. Спі!
  Жанчына ўзяла свечку і выйшла, ціхенька зачыніўшы за сабой дзверы. Нара ляжала, нацягнуўшы коўдру да падбароддзя і закінуўшы рукі за галаву, і глядзела на столь, размаляваную сінімі і жоўтымі зорачкамі, якія мякка свяціліся ў цемры. У доме было ціха - мусіць, кат і яго жонка ўжо паснулі. Нара адкінула коўдру і выбралася з пасцелі. Калматы дыван на падлозе прыемна казытаў яе босыя ступні. Яна не без шкадавання скінула начную кашулю і нацягнула калючыя паласатыя панчохі і шэрую сукенку. Потым яна сунула ногі ў чаравікі, але паразважаўшы трохі, зняла іх і ўзяла ў рукі. У адных панчохах яна бясшумна падкралася да дзвярэй і ўзялася за ручку. Дзверы падаліся. Дзяўчынка выслізнула ў цёмны калідор, таропка збегла ўніз па лесвіцы і ўвайшла ў кухню. Тут было светла ад снегу за акном.
  
  Ян не спаў. Ён сядзеў на сенніку, прыхінуўшыся да сцяны і абхапіўшы калені рукамі. Ён не рухаўся, яго шэры твар здаваўся застыглым, амаль нежывым, але дзяўчынцы падалося, быццам па яго шчоках цякуць слёзы. Яна нячутна наблізілася да яго і паклала руку яму на плячо. Ян ускрыкнуў і адхіснуўся.
  - Ой, прабач, - спалохана выдыхнула Нара.
  Ян паспешліва абцёр твар рукавом.
  - Нара, не рабі так больш, добра? - сказаў ён.
  - Не буду...
  - Нара, навошта ты вярнулася? - спытаў Ян. - Табе ж сказана было, што ад мяне лепш трымацца далей.
  - Дык ты не спаў? Ты чуў, як мы размаўлялі...з гэтай жанчынай?
  Ян маўчаў.
  - Але ж гэта няпраўда? Тое, што яна нагаварыла пра цябе? - дапытвалася Нара.
  - А калі праўда?
  Павісла паўза.
  - Ян, я думала, што ты на вайне... А аказваецца, на эшафоце, - Нара прамаўляла гэтыя словы павольна, быццам не разумеючы іх сэнсу. - Я ведала, канечне, что забойцам выдзіраюць вочы, але я і падумаць не магла... Што ты зрабіў, Ян?
  - Сыходзь.
  Ён апусціўся на сяннік і заціх, адвярнуўшыся да сцяны.
  - Ян, - паклікала Нара.
  Ён не азваўся. Нара села на сяннік побач з ім.
  - Ян, я зусім цябе не ведаю, - сказала дзяўчынка. - Ты нічога пра сябе не расказваеш. Але за ўвесь гэты час ты ні разу мяне не пакрыўдзіў. Ты не зрабіў мне нічога дрэннага. Калі б ты хацеў зрабіць мне якую-небудзь шкоду, то даўно бы ўжо... Ян, я застануся з табой.
  - Не трэба, Нара. Са мной сапраўды небяспечна.
  - Але чаму?
  - Я, апроч ўсяго іншага, яшчэ і збеглы мяцежнік, - у яго вырваўся ці то стогн, ці то смяшок. - Я на волі толькі таму, што пачалася пошасць, і мае канваіры ўцяклі. Я не ведаю, што будзе са мной заўтра. Табе лепш застацца ў гэтым доме, Нара. Табе патрэбны бацькі. Тут аб табе паклапоцяцца. Табе не трэба будзе прасіць міласціну, каб купіць сабе хлеба.
  - Я не жадаю быць дачкой ката.
  - Табе больш падабаецца быць жабрачкай?
  - Ян...
  - Адыдзі ад мяне, Нара. Сыходзь, ну!..
  Запанавала цішыня. Уздыхнуўшы, Нара перабралася на свой сяннік. Падцягнуўшы калені да грудзей, яна сціснулася ў камяк і ляжала так, гледзячы проста перад сабой. У доме было вельмі ціха, не рыпела ніводная маснічына, не чуваць было нават валтузні мышэй за сценамі. Час ад часу дзесьці удалечыні чуўся бой гадзінніка на гарадской ратушы. Калі гадзіннік адзваніў пяць, Ян падняўся. Вобмацкам адшукаў куртку і кій. Потым, правёўшы рукой па сцяне, ён намацаў дзверы і выйшаў з дому.
  
  Нара накінула сваё клецістае паліцечка і нячутна выслізнула следам за ім. Спыніўшыся на ганку, дзяўчынка глядзела, як ён у нерашучасці стаіць пасярод пустыннай вуліцы, быццам разважаючы, у які бок ісці. Потым ён рушыў наўздагад, намацваючы дарогу кіем. Нара пайшла ўслед за ім, адстаючы крокаў на дзесяць. Спакваля адлегласць паміж імі скарачалася. Нарэшце Нара параўнялася з ім і моўчкі ўзяла яго за руку. Ян нічога не сказаў. Дзяўчынка і сляпы павольна крочылі па засыпанай снегам вуліцы. Зачумлены горад Лемар абуджаўся ад цяжкага сну.
  
  Нявеста-Пачвара
  
  Карын памерла на досвітку.
  Напачатку хвароба ніяк сябе не выяўляе, але той, хто захварэў, згарае хутка, як свечка. Калі на зыходзе дня на сцёгнах і запясцях Карын з'явіліся стыгматы - барвовыя плямы ў выглядзе пялёсткаў грымотніка, - яна паспрабавала схаваць гэта ад мяне, а заадно і ад сябе. Абматаўшы запясці каляровымі анучкамі, яна важдалася каля пліты на кухні, гаманіла са мной і смяялася. "Я ніколі яшчэ не адчувала сябе так добра, як цяпер, - сказала яна мне. - Мы перажывем гэтую пошасць, каханы мой. З дня на дзень прыйдзе паветраны карабель, і мы будзем выратаваны!" Карын, як маленькая дзяўчынка, запэўніла сябе: трэба рабіць выгляд, быццам нічога не здарылася, і тады хвароба адступіць сама сабой.
  
  За вячэрай яна не дакранулася да ежы. Яе аблічча было бледнае, і ў ейных вачах быў дзіўны бляск. Неўзабаве пасля вячэры яе пачало ванітаваць чорнай жоўцю. Яе цела пакрылася клейкім потам. Карын паскардзілася на слабасць і галавакружэнне. Ногі яе падкасіліся, і яна павалілася бы на падлогу, калі б я не падхапіў яе на рукі. Я аднёс яе ў ложак і зняў з яе сукенку, панчохі і туфлі, пакінуўшы на ёй толькі тонкую ніжнюю кашулю. У пакоі было зімна. Я хацеў быў накрыць Карын коўдрай, але яна адкінула яе ў бок, сказаўшы, што ў хаце занадта горача, і яна не можа ўздыхнуць. Яе трэсла ліхаманка. Плямы-стыгматы на яе целе паярчэлі і, здавалася, пульсавалі ў такт біццю яе сэрца. Бліжэй да поўначы на месцы стыгмат раскрыліся крывавыя язвы, падобныя на бутоны атрутных кветак. Карын была ў забыцці. Яна ляжала, адкінуўшыся на падушкі, цяжка і часта дыхаючы, вочы яе былі заплюшчаны, а на шчоках палаў ліхаманкавы румянец. Я сядзеў каля ложка Карын, трымаючы яе руку ў сваёй, і час ад часу падносіў кубак з вадой да яе пасмаглых вуснаў. Я нічога не мог зрабіць, каб дапамагчы ёй.
  
  Прытомнасць вярнулася да Карын толькі аднойчы. Вочы яе пашырэлі ад жаху, калі яна дрыготкай рукой паказала на акно. "Гуль, - прашаптала яна. - Там, за акном, гуль. Ён глядзіць на мяне і хмыліцца". Я азірнуўся. За акном не было нічога, апроч апраметнай цемры. Жадаючы супакоіць Карын, я падышоў да акна і разнасцежыў яго. У твар мне дыхнула ледзяным холадам. Звонку панавала золкая зімовая ноч, у паветры насілася дробная снежная крупа. "Тут нікога няма, Карын, - сказаў я пяшчотна. - Табе прымроілася..." Але яна ўжо не чула мяне, зноў страціўшы прытомнасць. На досвітку яна памерла.
  
  Усіх, хто сканаў ад моравай язвы, належыла аддаваць коранерам. Яны з'явіліся ў горадзе ў першы ж дзень эпідэміі. Коранеры расхаджвалі ў доўгіх зелянявых балахонах з капюшонамі. На іх былі высокія боты і пальчаткі да локця, а абліччы былі схаваныя пад чумнымі маскамі, падобнымі на птушыныя дзюбы. У сваіх адзеннях і масках коранеры нагадвалі пачвар-сцярвятнікаў са страшнай казкі.
  
  Зачапіўшы цела памерлага адмысловым круком з доўгім дзяржальнам, коранеры ўкладвалі яго на пахавальныя драбы, запрэжаныя парай чорных якаў. Калі воз быў запоўнены даверху, я'кі валаклі яго да доўгай траншэі, выкапанай ля гарадскога вала. Целы памерлых скідвалі ў траншэю і засыпалі іх вапнай ды едкім абеззаражвальным парашком. Я не жадаў, каб Карын ляжала там, ў агульнай магіле пад адкрытым небам. Я вырашыў пахаваць яе ў садзе побач з нашым домам.
  
  Я адшукаў пад ганкам рыдлёўку і ўзяўся за працу. Стаяла зіма, і змёрзлая зямля была цвёрдай, як камень. Праз некалькі гадзін магіла была гатова. Я апусціў туды цела Карын, загорнутае ў прасціну, і закідаў магілу зямлёй. Я ўжо не адчуваў ні гора, ні скрухі. Мяне нудзіла ад стомленасці. У тупым здранцвенні стаяў я над свежай магілай, успамінаючы наша былое жыццё.
  
  Гэтым летам Карын стала маёй жонкай. Яе бацькі не адразу згадзіліся на гэты шлюб (жаніх з мяне быў незайздросны), але бачачы ўсю моц нашага кахання, саступілі. Лішніх грошай у мяне не вадзілася, але, прынамсі, у мяне быў стары асабняк з невялікім садам, які дастаўся мне ад нябожчыка бацькі. Цяпер дом гэты стаў і домам Карын.
  
  Я быў паэтам - не вельмі ўдалым. Песні, якія я складаў, дрэнна прадаваліся. Заказчыкі лічылі іх залішне змрочнымі і непрыдатнымі для спеваў пад лютню ў свецкіх салонах. Іншыя паэты нажылі сабе багацце, складаючы песні аб каханні салаўя і ружы, аб журботным сэрцы пакінутай панны і аб віцязі, які заснуў у садзе вядзьмаркі. Мае вершы былі зусім іншымі. Я пісаў пра шэпты ветру ў верхавінах могілкавых кіпарысаў. Пра блукаючыя агеньчыкі, што ўначы загараюцца пад скляпеннямі закінутых храмаў. Пра Мораву Дзеву з юным абліччам і сівымі валасам, якая цёмнымі начамі блукае па спусцелых вуліцах, нячутна ўваходзіць у дамы і дакранаецца кашчавай рукой да твараў людзей, якія спяць, а назаўтра яны прачынаюцца з крывавымі стыгматамі на запясцях. Па дзіўнай іроніі, мае самыя цёмныя фантазіі цяпер увасобіліся ў жыццё.
  
  Меркавалася, што мораву язву прынесла ў горад заезджая манашка, якая спынілася ў мясцовай гасцініцы. Яна была першай, каго забрала хвароба. Вестка аб пошасці распаўсюдзілася з хуткасцю маланкі. З горада ў ліхаманкавай спешцы збеглі ўсё, хто толькі мог збегчы. Я заўсёды ўстрымліваўся ад крытыкі ўлад, але змушаны прызнаць: першымі збеглі чальцы Гарадской Рады са сваімі сем'ямі. За імі рушыла турэмнае начальства, а таксама мясцовы Клір амаль у поўным складзе - пры Храме Вышняга засталіся толькі дзячок ды алтарны служка.
  
  Зрэшты, безуладдзе было нядоўгім. Неўзабаве ў горад прыйшлі коранеры і адмыслова навучаныя жаўнеры санітарнага атрада. Вестка аб пошасці дайшла да нас з Карын занадта позна, і мы не паспелі збегчы. У першы дзень каранціну горад быў ахоплены панікай. Ашалелы натоўп штурмаваў зачыненыя вароты, спрабуючы вырвацца з зачумленага гарада. Жаўнеры стралялі ў паветра з вінтовак і разганялі натоўп аўтаматычнымі хлыстамі. Я заўсёды з пагардай ставіўся да гэтых стражнікаў, але цяпер іх прысутнасць была цалкам апраўдана. Звар'яцелыя, даведзеныя да роспачы людзі папросту здратавалі б адно аднаго да смерці.
  
  Нам было абяцана, што з дня на дзень са сталіцы прыбудзе паветраны карабель з грузам сывараткі супраць моравай язвы. Карын так і не дачакалася яго. Шмат хто не дачакаўся. Не ведаю, як доўга прастаяў я над магілай Карын. Зноў пайшоў снег. Сняжынкі ціха апускаліся на свежую магілу, ахінаючы яе белым саванам. Па шчоках маіх беглі слёзы - пэўна, ад рэзкага ветру. Потым я адвярнуўся і пайшоў прэч, без мэты, не разбіраючы дарогі.
  
   Вуліцы горада былі пустынныя. Людзі хаваліся ў дамах, быццам у спадзеве, што родныя сцены абароняць іх ад пошасці. На вуліцах уздоўж дамоў ляжалі целы, загорнутыя ў рыззё. Коранеры працавалі і ўдзень і ўночы, але ўсё роўна не паспявалі своечасова прыбіраць трупы. Праходзячы міма Храма Вышняга, я пачуў спеў. Звонкі, чысты голас паднімаўся да неба, зацягнутага снегавымі хмарамі. На дзядзінцы храма стаяў невялікі натоўп. Здзіўлены, я падышоў да храма, жадаючы паглядзець, каму гэта ўздумалася спяваць у зачумленым горадзе.
  
  Калісьці гэта быў храм Мітры Ўсеўладара, але з усталяваннем новага Закона яго перабудавалі ў храм Адзінага Вышняга. З алтароў знялі выявы салярных знакаў, замазалі рунічныя надпісы на сценах, а ігольчатыя шпілі замянілі на круглявыя макаўкі. Над цэнтральным алтаром залатой смальтай быў выкладзены Знак Усёвідушчага Вока - іншых выяў Вышняга ў храме не было.
  
  Былі ў жыцці асалода і шчасце
  З тым, каго прагнула сэрца маё.
  Быццам смуга, растала каханне,
  Хуткай крынічкай прэч уцякло...
  
  Шчыра кажучы, гэтая песня ніколі мне не падабалася. Яна была ў модзе года паўтара таму, і яе часта спявалі ў заможных дамах пад музыку лютні. Праціснуўшыся скрозь натоўп, я ўбачыў на дзядзінцы храма дзяўчынку-жабрачку ў шэрым клецістым паліцечку, якія носяць выхаванкі прытулкаў. З ёю побач быў сляпы ў пашматанай футравай куртцы. Я убачыў западзіны пустых вачніц. Ён сядзеў на камянях дзядзінца, прываліўшыся спіной да сцяны храма і паклаўшы кій сабе на калені, яго нерухомае аблічча было ўзнята да неба, як ва ўсіх невідушчых. Дзяўчынка стаяла і спявала.
  
  Беднае сэрца паранена здрадай,
  Раны смыляць і сплываюць крывёй.
  Дзе вы, мае летуценні і мары?
  Дзе той адзіны, што з розуму звёў?
  
  Дурнаватая, наіўная песенька, якая заўсёды выклікала ў мяне смех. Але, як ні дзіўна, я быў рады чуць яе цяпер, сярод смутку і адчаю.
  
  Сэрца, не плач, чуеш - лютня спявае,
  Новага шчасця дзяўчына чакае!...
  
  Дзяўчынка і сляпы на камянях дзядзінца. Людзі слухалі і ўсміхаліся, кідаючы ім пад ногі манеткі. Памацаўшы ў кішэнях, я адшукаў пару медных і працягнуў іх дзяўчынцы. Потым я вярнуўся дадому. Увечары на маіх запясцях з'явіліся барвовыя стыгматы. Я ведаў, што жыць мне заставалася зусім нядоўга.
  
  Неўзабаве я адчуў млоснасць і слабасць ва ўсім целе. На мяне хвалямі накатвала ліхаманка. Я лёг на ложак, у якім напярэдадні памірала Карын, і стаў чакаць смерці. У пакоі зрабілася горача, так горача, што немагчыма было ўздыхнуць. Я ведаў, што гэта ўсяго толькі ілюзія - у печы не палілі з учорашняга дня.
  
  Сабраўшы рэшткі сіл, я ўстаў з пасцелі, падышоў да акна і штурхнуў раму, жадаючы глынуць халоднага паветра. Перада мною быў зацярушаны снегам сад, цёмныя ствалы дрэў і магіла Карын пад дрэвамі. Над магілай я заўважыў нечы скурчаны цень. Гнюснае стварэнне, чорнае на фоне снега, сядзела над магілай Карын. Убачыўшы мяне ў акне, істота загыркала, і ў цемры бліснулі яе фасфарычныя вочы.
  
  Я не асабліва верыў у гісторыі пра гуляў. Я ніколі не бачыў іх на ўласныя вочы - толькі іх выявы на гравюрах і каляровых мініяцюрах з кніг. Яны нібыта жылі далёка на поўдні, у мёртвых гарадах па той бок базальтавай пустыні. Але калі верыць легендам, часам яны з'яўляліся і ў нашых краях - на палях бітваў, на закінутых могілках і ў гарадах, дзе лютуе пошасць. Моравай язвы яны не баяліся. Невыпадкова ў некаторых казках Морава Дзеўка, якая сее пошасць, і Алліл, каралева гуляў, дзева-пачвара з абліччам, паедзеным чарвякамі, з'яўляюцца роднымі сёстрамі.
  
  Легенды не хлусілі. Пачвары-пажыральнікі мярцвячыны наведаліся і ў наш зачумлены горад. Я з праклёнамі адхіснуўся ад акна. Схапіўшы камінныя абцугі, якія трапіліся мне пад руку, я кінуўся на вуліцу. Лютасць надавала мне сілы. Гуль усё яшчэ быў тут. Я замахнуўся на яго абцугамі, жадаючы адагнаць ад магілы Карын. Пачвара прыпала да зямлі, глуха рыкаючы.
  
  Раптам вочы мне завалакло чырвонай смугой. Зямля захісталася ў мяне пад нагамі, і абцугі выслізнулі з маіх саслабелых пальцаў. Я зразумеў, што губляю прытомнасць. Скрозь заслону забыцця я адчуваў, што мяне кудысьці цягнуць. Потым я адчуў, што да маіх вуснаў прыціснулі край алавянага кубка.
  - Выпі гэта, - пачуў я рэзкі, хрыплаваты голас, - Выпі, калі хочаш жыць...
  Не ведаю, колькі часу прайшло, пакуль я апрытомнеў. Я ляжаў на ложку, у тым самым пакоі, дзе напярэдадні памірала Карын. Не гарэла ніводная свечка. Акно было адчынена, і марознае паветра напаўняла пакой. Зімна і цёмна было, як у склепе. Я разглядзеў чорны сілуэт на фоне акна. Халодны жах ахапіў мяне, калі я зразумеў, што гэта гуль - тут, у маім пакоі.
  - Прачнуўся, паэт? - сказала пачвара.
  Адным скачком істота апынулася каля маёй пасцелі. Я разглядзеў у паўцемры яе прадаўгаватыя вочы, пляскаты нос і доўгія іклы, вышчараныя ва ўхмылцы. Мне здалося нават, што я бачу шмаццё гнілога мяса, наліплага на іклы. З жахам падумаў я аб Карын... Пачвара выдала смяшок, быццам прачытаўшы мае думкі.
  - Не турбуйся, цэлая твая Карын. Гулі не дакрануцца да яе магілы. Так загадала Алліл.
  Пачвара схілілася нада мной, і тут я ўбачыў, што гэта жанчына. Я зразумеў гэта па абрысах яе цела. Зрэшты, прывабнасці ў ёй не было ні на каліва - худая ды жылістая, і ў рысах яе твару было больш звярынага, чым чалавечага. І яна імкнулася ўпрыгожыць сябе, як усе жанчыны. Доўгая грыва валасоў, больш падобных на звярыную поўсць, была закручана ў мноства дробных касічак-жгутоў, і ў іх уплецены былі пацеркі з гладка адшліфаваных пазванкоў.
  - Я дала табе зелле, якое вылечвае ад моравай язвы. Цяпер ты будзеш жыць. Так загадала Алліл, - сказала гуль.
  - Алліл... - павольна паўтарыў я.
  - Алліл - твая прыхільніца. Смяротныя не шануюць твае песні, але яны даспадобы гулям. Іх спяваюць у падземным палацы Алліл пад музыку цытраў, зробленых з чалавечых костак ды высушаных жыл. Так, Алліл - твая прыхільніца. І яна жадае, каб ты жыў сярод смяротных, пакуль не напішаш усе свае песні.
  Я паднёс руку да вачэй. Нават у паўцемры было выразна відаць, што стыгматы зніклі. Ці магчыма такое? Сываратка магла толькі прадухіліць хваробу. Але чалавек, на целе якога з'явіліся стыгматы ў выглядзе пялёсткаў грымотніка, быў асуджаны на смерць.
  - Алліл загадала мне прынесці табе зелле, паэт, - сказала гуль. - Я ўсё зрабіла, але цяпер і ты тое-сёе мне вінен.
  - Што менавіта? - спытаў я.
  Гуль ухмыльнулася і працягнула да мяне руку. Мяне перасмыкнула, калі яе доўгія пальцы з завостранымі пазногцямі дакрануліся да маёй шчакі.
  - Ты павінен ажаніцца са мной, паэт. Не цяпер, пазней. Я пачакаю. Часу ў мяне - цэлая вечнасць.
  Нягледзячы на ўсю безнадзейнасць свайго становішча, я засмяяўся. Засмяяўся так, што слёзы навярнуліся мне на вочы.
  - Ці магчыма такое, каб просты смяротны злучыўся з дачкой гуля?! - прагаварыў я паміж прыступамі смеху.
  Пачвара пахітала галавой.
  - Я не дачка гуля. Мой бацька такі ж смяротны, як і ты. Ён некрамант з поліса Бал-Сахір, які ўсё сваё жыццё прысвяціў вядзьмарскаму мастацтву. Ні разу ён не паглядзеў з пажадлівасцю на ніводную жанчыну, але мая маці, гуль Рас-Шаха, заваявала яго сэрца. Я, Скіла, плод іх кахання. Многія гулі хацелі, каб я зрабілася іх сяброўкай, але яны мне не даспадобы. Я жадала стаць сяброўкай смяротнага. Алліл абяцала мне ў гэтым пасадзейнічаць. Зараз я пакіну цябе, паэт. Жыві і пішы свае песні. Пішы, пакуль не вычарпаецца тваё натхненне. Ну а потым я прыйду і забяру цябе ў падземныя лабірынты гуляў. Ты станеш адным з нас і атрымаеш неўміручасць.
  Я моўчкі глядзеў на тую, якая звала сябе Скілай. Які дзіўны лёс, думаў я, перажыць мор і пошасць, каб у выніку стаць прыдворным паэтам Алліл, каралевы гуляў.
  - А зрэшты, - прамовіў я ўслых, - ці не ўсё роўна, дзе жыць і як паміраць, калі Карын больш няма?
  Гуль зноў ашчэрылася ва ўхмылцы.
  - Вылечыцца ад моравай язвы куды прасцей, чым ад кахання. Але і гэта пройдзе. Вось убачыш, - сказала яна.
  Пачвара адступіла і схавалася ў змроку. У цёмным пакоі запанавала цішыня.
  
  Цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, за акном ужо развіднела, і ў Лемары пачаўся дзень. Новы дзень чакання, адчайнай надзеі і змагання за жыццё. Але мне ўсё роўна, што будзе з Лемарам. Мне ўсё роўна, ці прыбудзе паветраны карабель да таго, як апошні жыхар горада ў курчах паваліцца на зямлю, і на ягоных запясцях заквітнеюць крывавыя язвы. Мяне не цікавіць нават мой уласны лёс, таму што Карын больш няма, і жыццё маё страціла сэнс.
  
  Але даволі пра мяне. Трэба заканчваць з гэтым аповедам і пачынаць новую песню. Радкі складваюцца самі сабой, і я ўжо чую новы напеў. Гэта будзе песня аб дзяўчынцы з лютняй, якая спявае пра журботнае сэрца ашуканай прыгажуні. І Алліл, каралева гуляў, дзева-пачвара з абліччам, паедзеным чарвякамі, сядзіць на троне з чалавечых костак і з лагоднай усмешкай асыпае дзяўчынку залатымі манетамі.
  
  Акруговы суддзя
  
  Спадар Вальдэмар Пелягрыюс, акруговы суддзя, меў звычай позна ўставаць, і з гэтай прыкрай прычыны ён не паспеў збегчы з Лемара да таго, як зачыніліся гарадскія вароты. Цяпер ён з тугой успамінаў свой паляўнічы домік у запаведным лесе, што ў некалькіх мілях ад Лемара. У доміку меўся велізарны камін, у якім пры жаданні можна было засмажыць цэлага бізона, каштоўная мэбля, стылізаваная пад сялянскую, чучалы рэдкіх балотных хогаў і грывастых ваўкоў-ляванаў, а таксама рознакаляровыя насценныя гравюры і габелены з пастаральнымі сцэнкамі. Калі б не яго звычка папесціцца ў пасцелі, ён бы цяпер цешыўся жыццём на ўлонні прыроды, удалечыні ад зачумленага горада і магчыма, разам з маладзенькай каханкай.
  
  Так, гэта была маленькая слабасць суддзі Пелягрыюса. Ён заўсёды адчуваў агіду да жанчын, лічачы іх дурнымі, шалапутнымі істотамі, створанымі выключна для таго, каб атручваць жыццё мужчынам. У той жа час ён быў вельмі неабыякавы да далікатных стварэнняў гадоў дванаццаці-трынаццаці. Гэтыя казачныя феі, ужо не дзяўчынкі, але яшчэ і не дзяўчыны, абуджалі ў ім самыя пяшчотныя пачуцці. Асабліва яго вабіла іх адмысловая, крохкая прыгажосць. Век у гэтай прыгажосці быў нядоўгі, год-паўтара, не больш. Потым ў іх пачыналі налівацца грудзі і акругляцца сцёгны, а на іхніх целах з'яўляўся гэты агідны параснік - карацей кажучы, чароўная фея ператваралася ў жабу. Сваіх каханак, якія пасталелі і страцілі сваю свежую прыгажосць, суддзя неадкладна аддаваў пад апеку спадарыні Сорэкс - вядомай зводніцы і трымальніцы сеткі бардэляў пад назвай 'Сенполія Сорэкс'. Іх далейшы лёс суддзю не цікавіў. Спадарыня Сорэкс - прафесіянал сваёй справы, ёй лепш ведаць, як тут усім распарадзіцца. Паслугамі зводніцы спадар Пелягрыюс карыстаўся ўжо вельмі даўно. Тая, у сваю чаргу, выдатна ведала густы і прыхільнасці суддзі, і яе выбар быў заўсёды бездакорным. Спадарыня шмат часу праводзіла ў раз'ездах, падарожнічаючы ад аднаго сіроцкага прытулку да другога ў пошуках прыдатнай прэтэндэнткі. Зводніцтва, канечне, было забаронена законам і сурова каралася. Аднак спадарыня Сорэкс была вопытнай жанчынай, і яна ведала, як правільна абыходзіць забароны. "Пасрэдніцтва ва ўдачарэнні" - хіба ёсць тут да чаго прычапіцца?
  
  Не так даўно спадар Пелягрыюс развітаўся са сваёй састарэлай каханкай (ёй споўнілася пятнаццаць гадоў), і цяпер з нецярпеннем чакаў новую. Спадарыня Сорэкс знайшла прыдатную кандыдатку ў адным манастырскім прытулку, што размяшчаўся у наваколлях горада Асмень. У найбліжэйшы час дзяўчынку павінны былі прывезці ў Лемар.
  
  Настрой у суддзі быў цудоўны. Апроч усяго іншага, некалькімі днямі раней ён удала завяршыў судовы працэс, адправіўшы на шыбеніцу аднаго небяспечнага крамольніка. Абвінавачанне было сур'ёзным: абраза законнай улады, псаванне грамадскай маёмасці, а таксама непрыстойная лаянка і супраціў пры арышце. Прасцей кажучы, нягоднік нанёс істотны ўрон дзяржаве, спаганіўшы сцены гарадской ратушы надпісамі блюзнерскага зместу. На шчасце, надпісы тыя праіснавалі зусім нядоўга, таму што адзін свядомы грамадзянін, які пажадаў застацца невядомым, неадкладна замазаў іх тынкоўкай. Аднак на месцы злачынства выпадкова апынуўся спадар Н., пазаштатны інфарматар службы бяспекі, які паспеў усё прачытаць і запомніць. Згодна паказанням Н., надпісы былі наступнага зместу: 'Намеснік ужо абрыд'; 'Тут вам не правінцыя', а таксама 'Хвала Братчыкам!' Апроч таго, там прысутнічала фраза, якая зневажала Аўгусту, аднак працытаваць яе няма ніякай магчымасці, бо чалавек сумленны і законапаслухмяны хутчэй пагадзіўся бы выдраць самому сабе язык, чым вымавіць уголас гэтыя блюзнерствы...
  
  Прамова суддзі была перапынена абуранымі выкрыкамі з залы. Нейкі несамавіты чалавечак у паношанай куртцы і вязанай шапачцы (пэўна, рабацяга з прадмесця) ускочыў з лавы і пачаў крычаць: ды вы што, аслеплі тут усе?! Зірніце на абвінавачанага, гэта ж няшчасны калека, у якога правая рука адсохлая ад нараджэння, а пальцы левай знявечаны найцяжэйшай формай раматусу. Ды не здолеў бы ён нічога напісаць, нават калі б і захацеў!.. Да скандаліста адразу ж кінуліся стражнікі і павалаклі яго прэч з залы, на хаду ўзнагароджваючы штурхалямі і аплявухамі. А суддзя слушна заўважыў, што для крамольніка гэта не перашкода, і зрабіць агідныя надпісы суцэль магчыма, ухапіўшы пэндзаль зубамі альбо пальцамі ног. Пасля гэтага быў вынесены прысуд, і абвінавачаны адправіўся на шыбеніцу.
  
  Суддзя адзначыў завяршэнне працэсу ў кампаніі сваіх добрых сяброў - пракурора Лепрозіса і судовага пісара Дальпранцы. Спадар Пелягрыюс быў задаволены - норма па смяротным пакаранням, якую штогод спускалі з Цытадэлі, выконвалася спраўна. А з дня на дзень яму прывязуць новую наложніцу, і яны ўдваіх адправяцца ў яго паляўнічы домік. Слонак страляць. Аднак, жыццё ўдалося, дай божа кожнаму...
  
  Вестка аб пошасці заспела яго знянацку, разам перакрэсліўшы ўсе планы. У першы дзень каранціну суддзя Пелягрыюс сядзеў дома, адчуваючы жывёльны жах. Скінуўшы з сябе вопратку, ён гадзінамі прастойваў перад вялікім, у поўны рост, люстэркам і ўзіраўся ў сваё адлюстраванне - ці не з'явіліся на яго сцёгнах і запясцях злавесныя стыгматы?
  
  На другі дзень у дзверы яго дома пазванілі. Слуга паведаміў, што прыбыў гандляр сывараткай. Барыга, інакш кажучы. Суддзя загадаў неадкладна яго ўпусціць. Ён адвёў дарагога госця ў свой кабінет і прапанаваў яму шкляначку падагрэтага віна. Потым суддзя спытаў цану. Сума, якую запатрабаваў барыга, была фантастычнай, але спадар Пелягрыюс не стаў спрачацца. Ён кінуўся да сцяннога сейфа і адлічыў неабходную колькасць златніц. Нават падвойную колькасць. Для таго, каб спыніць мораву язву, дастаткова было адной капсулы сывараткі, але суддзя на ўсякі выпадак набыў адразу дзве.
  
  Суддзю раздзіраў падспудны страх: ці не абдурыў яго барыга, замест каштоўнай сывараткі падсунуўшы фальшыўку? Увечары таго ж дня ягоны слуга зваліўся з ліхаманкай. Суддзя не спаў паўночы, слухаючы стогны і ляманты няшчаснага. 'Позна, позна. Нажаль, ужо занадта позна', шаптаў ён, сціскаючы ва ўзмакрэлым кулаку другую капсулу, якая так і засталася неўжыванай. Раніцой слуга заціх, і суддзя выклікаў коранераў. Пачуваўся ён цудоўна, і яго сцёгны і запясці заставаліся чыстыя ад стыгмат. Барыга аказаўся сумленным чалавекам.
  
  Цяпер заставалася толькі цярпліва чакаць, пакуль не скончыцца каранцін. Суддзя цягаўся па асабняку, знемагаючы ад нуды. Яму лягчэй было бы пераносіць нягоды, калі б побач былі яго сябры-юрысты. Альбо гэта Сорэкс, на худы канец. Але пракурор і пісарчук уцяклі з горада, а спадарыня Сорэкс наогул не з'явілася. Апроч таго, яго адзіны служка так несвоечасова сканаў, і цяпер не было каму распарадзіцца наконт абеду. Суддзя перабіваўся хлебам з халоднай вяндлінай і пацягваў падагрэтае віно. Нарэшце, каб неяк прабавіць час, спадар Пелягрыюс выцягнуў з кніжнай шафы першую кнігу, якая трапілася яму пад руку, сеў у мяккае крэсла каля акна і прыняўся чытаць. Гэта быў сентыментальны раман у вершах пра віцязя, які закахаўся ў прыгажуню прынцэсу. Віцязь ні разу ў жыцці яе не бачыў, але чуў пра яе ў лірычнай песні, якую праспяваў яму аднойчы нейкі вандроўны лютніст. У пошуках каханай віцязь адправіўся ў далёкае падарожжа, поўнае небяспечнасцяў і прыгод. Чытво было надзвычай нуднае. Спадар Пелягрыюс млява перагортваў старонкі, пазяхаючы і раз-пораз кідаючы позіркі за акно, на дзядзінец храма, які ўзвышаўся насупраць дома суддзі.
  
   Лютніст на дзядзінцы
  
  - Ян! Ян, а хадзем на старое замчышча. Там такая гара высачэзная, напэўна, уся акруга бачная. Паглядзім, што там робіцца. То бок, я пагляджу, а потым раскажу табе.
  Замчышча? Цудоўна. Ды куды заўгодна. Толькі не прыставай больш з роспытамі, добра?
  - А давай. Пакуль не памерлі.
  - Мы не памром!
  Магчыма. Пажывём яшчэ трошкі. Хаця амаль ужо наважыўся. Адпаўзці куды-небудзь у завуголле, і там ужо. Потым коранеры падбяруць. З капсулай у зубах. Так бы і зрабіў, калі б яна засталася ў тым доме. Малайчына, Варгус, абмакнуў па самыя вушы. Памятай, хто ты ёсць, псялыжнік.
  - Ян, а ты шмат людзей забіў?
  Ды тваю ж душу маць! Колькі можна-то?..
  - Ну, як сказаць. Падчас беспарадкаў у нас быў загад страляць на паражэнне. Я адмыслова не цаляў. Але камусьці можа і прыляцела, не ведаю.
  У Мярцвячым Ярку дакладна прыляцела. Стралялі баявымі. Трое нашых і афіцэр. А ў таго быў мех на галаве. Везлі ў закрачаным фургоне. Доўга. Перагаворвацца было забаронена. Спыніліся на просецы. На схіле яра была выкапана магіла. І лес наўкол, яловы. Пад ялінамі стаяла машына з уключанымі ліхтарамі, а побач праходжваліся двое Шпегаў ва ўніформе. Валога і яшчэ нехта. Таго падцягнулі да краю магілы і прымусілі апусціцца на калені. Сказалі - імем Аўгусты. Потым афіцэр аддаў загад. Стралялі ўсе трое адначасова. Хаця хапіла б і аднаго. Нам так і не сказалі, хто гэта быў. Зразумела, што вораг Аўгусты. Адзін са шматлікіх. У яе наогул ворагаў многа.
  - Ян, а той чалавек...чаму ўсёткі ты вырашыў яго прыкончыць?
  - Ён біў сваю жонку.
  - Вось, мярзотнік! - выклікнула дзяўчынка. А потым дадала нягучна: - Напэўна, гэта цяжка - забіць чалавека?
  - Напэўна. Я не здолеў.
  Схібіў таму што. Цяпер ужо і не ўспомніш, дзе менавіта. Дом-то быў добра вывучаны. Рэзідэнцыя пад Вільскам. А ён дзверы кабінета ніколі не замыкаў. Трэ было адразу ў патыліцу. А ён азірнуўся. Ну і гвалт жа падняў. Лямантаваў, як кабета. Там парабелум на стале ляжаў, а Намеснік, відаць, з перапуду забыўся на яго. За чарніліцу схапіўся. З зялёнага мармуру, цяжэнную. І тое не пацэліў. Засандаліў проста ў сцяну. Потым, мабыць, прыйшлося шпалеры пераклейваць. Грозны Міка. Курам на смех. А допыт ладзіў Алех Валога. Сказаў - гэту справу мы замнём. Нічога табе не зробяць. Нічога...
  - Ян, а ў цябе ёсць браты ці сёстры?
  - Сястра ёсць, старэйшая.
  - А малодшая?
  - Ды неяк Бог мілаваў.
  Ненавідзіш мяне, Літа? Ведаю, што ненавідзіш. Ну прабач. Хто ж ведаў, што ўсё скончыцца менавіта так?..
  - Ян, а яна прыгожая?
  - Хто, сястра мая?
  - Не. Тая жанчына.
  Берэніс.
  - Прыгожая.
  Як гнуткі клінок. Цела, як гнуткі клінок. І ружы ў валасах. Ёй падабаліся чырвоныя. У Царгорадзе ў модзе былі ружы без шыпоў. Спецыяльныя, для спешчаных паненак, каб не пакалолі сабе пальцы. Але такімі кветкамі яна пагарджала. "Ружа без шыпоў - усё роўна што віно без хмелю", так яна казала. Яна кратала гэтыя калючкі, вострыя, як іголкі, пяшчотна, кончыкамі пальцаў. А потым прыладжвала бутон да сваёй высокай прычоскі і замірала перад люстэркам. Надоўга. Быццам зачараваная уласным адлюстраваннем.
  - Ян, ты кахаў яе? Праўда? Кахаў? - дапытвалася Нара. - Кветкі дарыў і...ўсё такое?
  - Вершы пісаў. Адчапіся, Нара.
  - Любоўныя?
  - Паганыя.
  - А мне раскажаш?
  - Нізавошта.
  - А чаму?
  - Смяяцца будзеш.
  - З чаго раптам?
  - Яна смяялася.
  - Таму што дурніца.
  - Многа ты разумееш.
  Праўду кажучы, яна не смяялася. Хаця лепш бы смяялася. Ці наўпрост бы сказала, што вершы дрэнь. А яна наогул ніяк не каментавала. Мажліва, яна іх і не чытала. Не бачыла нават. Сам вінаваты. Гэта ж дадумацца трэба - соваць канверты ёй пад падушку ў спадзеве, што яна знойдзе і прачытае. А знаходзіла прыслуга, напрыклад. Лакеі з пакаёўкамі. А потым чыталі іх адно аднаму ды ржалі ўголас. Глупства жудаснае. Чорт, ну хоць што-небудзь у жыцці я магу зрабіць нармальна?..
  - Ян, чакай, - сказала Нара, пацягнуўшы яго за рукаў.
  - Што такое?
  - Мне трэба, - сказала яна шэптам.
  - Што, зноў?
  - Угу. Тут падваротніца. Я хутка. Пачакай хвілінку, добра?
  Пабегла. Смешная такая. Ніяк не атрымліваецца яе ўявіць. Вобраз развальваецца. Імя Нара гучыць, як тутэйшае. А па-рамейску шпарыць чыста, без акцэнту. Яно і зразумела. З нараджэння па прытулках, а там семгальскай не вучаць. Навошта яна патрэбна? Нават краіны такой ужо няма... І ўсёткі, куды яе падзець, калі мы выжывем? Зноў у прытулак? А сам я куды падзенуся?.. Літа. Госпадзе. Літа. Там была такая мясарубка. Зямля кіпела. З ёй жа нічога не здарылася, праўда, Гасподзь Усявышні, Адзіны, Нябачны, Усемагутны, з ёй усё добра?..
  - Ян! Ян! Ачмурэць! Тут крокусы!
  - Што? Якія крокусы?
  - Знайшла ў падваротні! Цэлы кошык крокусаў, ляжаў проста на зямлі. Іх нехта вырасціў і кінуў, альбо згубіў.
  - Ты што, кошык цягнеш?
  - Іх трэба выратаваць! Яны ж загінуць, тут так холадна. Ян, давай раздадзім іх людзям.
  - Ды каму яны патрэбны?
  - А лепш аднясём іх у храм. Паставім каля алтара. Тут у Лемары вельмі прыгожы храм. Белы такі, са спічакамі.
  - Нара, ты ж на замчышча збіралася.
  - Дык мы туды і ідзём. А пасля ў храм.
  
  ***
  На краі гарадскога вала, дзе калісьці ўзвышаліся крапасныя муры, стаялі людзі - па адным, па двое, альбо купкамі чалавек па пяць. Амаль ніхто не размаўляў. Людзі глядзелі ў неба, зацягнутае снегавымі хмарамі. Паветранага карабля ўсё не было. Здавалася, пра зачумлены горад забыліся ўсе - і ўлады, і сам Госпад Вышні. Некаторыя, стаміўшыся глядзець у пустыя нябёсы, пераводзілі позірк за гарадскі вал і пачыналі ўзірацца ўдалячынь, быццам у спадзеве ўгледзець знаёмыя твары там, па той бок Цёрну.
  - Ну, чаго там, Нара? Карабля так і няма?
  - Неа!
  - А што ёсць?
  - Грузавыя машыны перад варотамі. І два брызентавыя шатры. Вакол горада ваенныя з вінтоўкамі. Стаяць, выцягнуўшыся ў ланцужок, па жаўнеры праз кожныя пару сажняў. А яшчэ ў зямлі праараныя канавы, там на дне штосьці гарыць, але дыму няма, толькі паветра дрыжыць ад гарачыні.
  - Загоны для пацукоў. Яны пераносяць мораву язву, а Цёрн для іх не перашкода. Пацук можа праслізнуць пад сеткай, чалавек - ніколі. Дарэчы, бачыш яе?
  - Цёрн? Але, вунь там, на ўзгорачку, дзе дарога. А за сеткай людзі. Не вайскоўцы. Стаяць і глядзяць на горад.
  Нара бачыла, як ад натоўпу па той бок загароды аддзяліўся нейкі чалавек. Падышоўшы амаль ушчыльную да сеткі, ён раптам пачаў падскокваць і размахваць рукамі. Здаецца, ён нават нешта крыкнуў. Зрэшты, на такой адлегласці ўсё роўна не разабраць, ды яшчэ і машыны ўнізе тарахцяць маторамі.
  - Чарцяня, - прагаварыў Ян.
  - Што?
  - Казка такая ёсць. Чарцяня жыло ў лесе, людзей палохала. Пакуль яго самаго не напалохалі.
  Ён апусціў руку ў кішэню курткі і намацаў там металічны рыфлены дыск. Манета. Ян пакруціў яе ў пальцах, узважыў на далоні. І раптам, ускінуўшы руку, з размаху шпурнуў яе за гарадскі вал.
  - Ян, ты чаго?! - крыкнула Нара, праводзячы манету вачыма - тая, цьмяна бліснуўшы, знікла ў зарасніках самшыта, якія ўкрывалі схілы замчышча. - Навошта ты выкінуў грошы?
  - Так трэба. Потым патлумачу. Пойдзем, Нара. Тут, здаецца, нічога цікавага.
  - Ага, хадзем. Трэба яшчэ кветкі ў храм занесці, - сказала дзяўчынка. Яна ўсё яшчэ трымала ў руках кошык з крокусамі.
  
  Храм Госпада Вышняга размяшчаўся на круглай плошчы праз квартал ад гарадскога вала. Мяркуючы па абрысах веж і стральчастых нішах сцен, у мінулым гэта быў храм Мітры Ўсеўладара, якому некалі пакланяліся язычнікі-семгальцы. Пасля ўсталявання Закона Праведнікаў ў архітэктуру і ўнутранае ўбранне храма былі ўнесены некаторыя змены, адпаведна Царгародскаму канону. Храм быў адчынены, але імшы не ладзіліся ні ў гэты дзень, ні ў папярэднія. Калі пачалася пошасць, святар кінуў сваю паству і збег з горада, мабыць, не надта спадзеючыся на заступніцтва Ўсявышняга. Дзячок, які застаўся пры храме, штодня на досвітку адмыкаў дзверы храма, а з надыходам вечара замыкаў. Гараджане, якія засталіся без духоўнага пастыра, выдатна спраўляліся самі. Кожны дзень яны збіраліся ў храме і запаліўшы свечкі ля алтара, чыталі ўслых Выслоўі Праведнікаў, а таксама спявалі псалмы ды літаніі. Дзьячку заставалася толькі прыглядаць за парадкам. Зрэшты, гараджане паводзілі сябе паважна, і дысцыпліну ніхто не парушаў.
  - Ян, а ты не хочаш увайсці?
  Яны стаялі на прыступках храма. З расчыненых дзвярэй даносіліся ўрачыстыя спевы. Нара пазнала гэты псалом: "Калі ўгледзіце бунт і муроў разбурэнне..." Вернікі спявалі яго хорам. Псалом скончыўся, на хвіліну наступіла цішыня, а потым нечы голас прыняўся чытаць нараспеў: "Сеўшы пад лозамі, з чары адпіў, і ў ззянні славы паўсталі прад ім..."
  - Не хачу. Недалюбліваю я гэтыя храмы, каб ты ведала.
  - Мы маглі бы памаліцца разам. Папрасіць заступніцтва Госпада Вышняга. Каб мы не захварэлі і ўратаваліся з гэтага горада, і каб нас ніхто больш не крыўдзіў.
  - А калі яго няма? - спытаў Ян трохі адрывіста.
  - Як гэта, няма?
  - А вось так. Няма і ўсё. Ні Госпада, ні Вышняга.
  - Ян, ты страціў веру пасля таго, што з табой здарылася? - ціха спытала дзяўчынка.
  - Нара, адчапіся ўжо, а? Занасі гэтыя чортавы кветкі, і пойдзем адгэтуль.
  - Я яшчэ і памалюся.
  - Як хочаш. Я ля ўваходу пачакаю.
  У храме пахла ладанам і пчаліным воскам. На доўгіх драўляных лаўках сядзелі вернікі. Каля алтара, павярнуўшыся тварам да паствы, стаяў паважны сівавусы мужчына ў клятчастым паліто. Ён трымаў у руках разгорнутую кнігу і трохі нараспеў зачытваў Выслоўі Праведнікаў. Нара з кошыкам у руцэ асцярожна абышла лавы і, наблізіўшыся да алтара, спынілася, зачаравана гледзячы на вобраз Вышняга - Ўсёвідушчае Вока, выкладзенае залацістай смальтай. Потым, укленчыўшы, яна асцярожна паставіла кошык з кветкамі на каменную падлогу. 'Прымі нашае паднашэнне, Адзіны, Усюдыісны', падумала яна. І пачала маліцца. Моўчкі, пра сябе.
  
  - Ну, як? Пагутарыла з Усёвідушчым? Мо знак які быў? - іранічна спытаў Ян, калі яна вярнулася.
  Ён сядзеў на прыступках дзядзінца, прыхінуўшыся да сцяны і паклаўшы кій сабе на калені.
  - Дарма ты смяешся, - сур'ёзна сказала дзяўчынка. - Я памалілася, і мне стала лепей. Нават есці амаль не хочацца.
  - Лепш бы Ўсюдыісны хлебца нам спаслаў. Ды яшчэ матузкоў пару.
  - Якіх матузкоў?
  - У гарнізоне шнуркі адабралі, чаравікі звальваюцца. Ладна, праехалі. Зірні лепш сюды.
  Ён працягнуў дзяўчынцы раскрытую далонь. У яго руцэ ляжала манета.
  - Медны?
  - Нара, вазьмі яго і паглядзі вельмі ўважліва. Ці ёсць на ім якія-небудзь незвычайныя надпісы, выявы? Магчыма, руны?
  Нара паднесла манету да вачэй.
  - Гэта не рамейская манета, - сказала яна, памаўчаўшы. - Іншаземная нейкая. На рамейскіх грошах адлюстраваны каршун, альбо партрэт Аўгусты. А тут вершнік, і сонца над ім. І надпіс. Літары быццам знаёмыя, а мова незразумелая. А яшчэ лічбы. Дзевяцьсот восемдзесят восем.
  - Талер, - сказаў Ян. - Талер семгальскі. А лічбы - гэта год, калі яго адчаканілі. Дванаццаць гадоў таму. В той год Семгален зрабіўся правінцыяй Імперыі, і такіх манет больш не робяць.
  - А сюды як ён трапіў? - спытала Нара.
  - Я бы сам хацеў гэта ведаць. Гадзіну таму я выкінуў яго за гарадскую сцяну. І здаецца, гэтым жа талерам я расплаціўся за начлежку, прычым двойчы. Не, я не звар'яцеў. Ён рэальна ўвесь час да мяне вяртаецца.
  - Ох, дык гэта ж...
  Яна не вымавіла гэтага ўслых, але яны абодва падумалі пра адно і тое ж. Неразменны Талер. Чароўная манета з вельмі старой казкі, якую ведалі і ў Семгалене, і ў Царгорадзе. Кажуць, што некаторыя гатовы былі прадаць душу за гэтую манетку. Неразменным Талерам можна было расплаціцца з шынкаром, аддаць яго ліхвяру, нават выкінуць у мора, усё роўна ён нязменна вяртаўся да свайго ўладальніка. А яшчэ Неразменны Талер прыцягваў да сабе грошы. Ці не з гэтай прычыны ім так ахвотна падавалі міласціну на гарадскіх вуліцах?.. Быццам у пацверджанне таму на прыступкі са звонам упала манета. Нейкі чалавек, выходзячы з храма, кінуў ім пад ногі паўсрэбраніка.
  - Адкуль ён у цябе? - спытала Нара.
  - Мне даў яго чалавек на імя Ангхі. Тут, у Лемары, у першы дзень каранціну. Дзіўна, праўда?
  Ян не сказаў дзяўчынцы, што незнаёмец аддаў яму яшчэ і капсулу з атрутай, якую адабралі ў гарнізоне.
  
  Імправізаваная імша заканчвалася. Вернікі падняліся з лаў і зацягнулі заключны гімн падзякі. "Зараз з храма пачнуць выходзіць людзі, і ўсе будуць кідаць нам манеткі, - падумала Нара. - Іх прыцягне да сабе Талер..." Яна здрыганулася, адчуўшы на сабе чыйсьці позірк. Падняўшы вочы, Нара ўбачыла перад сабой лютніста. Таго самага, якога яна бачыла напярэдадні вечарам у карчме. Цяпер яна магла разглядзець яго як след. То быў юнак гадоў васемнаццаці, высокі і станісты. Яго аблічча з даўгаватымі вачыма і вузкімі скуламі было вельмі бледным, але ўсё ж такі прывабным. Юнак быў апрануты ў фарсісты рамейскі каптан вішнёвага колеру, багата вышыты залатой ніткай, чырвоныя боцікі і ўсю тую ж пунсовую шапку з адваротамі, упрыгожаную паўлінавым пяром. Доўгая пасма вугальна-чорных валасоў спадала яму на твар, закрываючы яго правае вока і частку шчакі. У руцэ ён трымаў лютню.
  - Дабрыдзень, прынцэса, - сказаў ён, усміхаючыся.
  - Дабрыдзень, - ветліва адказала Нара.
  - Скажыце мне, навошта вы стаіце на дзядзінцы, як жабрачка, і просіце міласціну? - спытаў лютніст. - Вы ж павінны жыць у палацы, а вашы падданыя апускаць вочы долу ды схіляцца ў паклоне, калі вы праходзіце міма.
  - Вы смеяцеся з мяне? Я і ёсць жабрачка. Я вырасла ў прытулку, а бацькі мае памерлі.
  Нара зірнула на Яна, быццам чакаючы ад яго падтрымкі, але ён сядзеў нерухома, узняўшы твар да неба, і, здавалася, не чуў іхняй гутаркі. Юнак усміхнуўся.
  - Паспявайце для мяне, прынцэса. Баладу пра Айал-Гача. Так завуць яго ксайлахскія вершнікі. Айал-Гач, ён жа Вандроўнік. Злы вядзьмак, які падманам захапіў трыдзявятае царства і зачараваў там усіх людзей, зрабіўшы іх сваімі паслугачамі.
  - Я не ведаю такой песні, - са здзіўленнем сказала Нара.
  - Шкада, - юнак уздыхнуў.
  - Я магу спець 'Сэрца, не плач', - сказала Нара.
  Гэтую песеньку выхаванкі прытулку развучвалі на ўроках музыкі, акампаніруючы на лютні і клавікордзе.
  - О, шэдэўр салоннай лірыкі, - узрадаваўся юнак. - Давайце! Я гатовы.
  - А вы нам заплаціце за гэта? - спытала яна.
  - Я ўжо вам заплаціў. Два дні таму.
  Юнак прыціснуў да грудзей лютню і крануў струны. Палілася далікатная, маркотная мелодыя. Нара ўздыхнула і заспявала:
  
  Былі ў жыцці асалода і шчасце
  З тым, каго прагнула сэрца маё...
  
  Вернікі адзін за другім выходзілі з храма, але не спяшаліся разыходзіцца па дамах. З усмешкамі на тварах стаялі яны вакол дзядзінца, слухаючы песню. На каменныя прыступкі са звонам падалі манеты. Нейкі малады чалавек у чорным паліто і бардовым шаліку, абгорнутым вакол шыі, працягнуў дзяўчынцы пару медных. Нара ўзяла грошы і кіўнула ў знак падзякі.
  
  Сэрца, не плач, чуеш, лютня спявае -
  Новага шчасця дзяўчына чакае...
  
  Юнак скончыў граць і апусціў лютню.
  - Выдатна, выдатна. Гэта было незабыўна, - сказаў ён. - Калі вы ўзыдзеце на трон, прынцэса, я ўжо не наважуся так дзёрзка прасіць у вас песню. Шчыра дзякую, што вы дазволілі мне скарыстацца шанцам. Ваша Высокасць!..
  Юнак паважліва схіліў галаву і дакрануўся да сваёй пунсовай шапкі. Нара ў разгубленасці паглядзела на Яна, а калі яна зноў павярнулася да лютніста, яго ўжо не было. Ні Ян, і ніводзін з людзей, якія стаялі на дзядзінцы, не пачулі музыку лютні. І ніхто з відушчых так і не разгледзеў дзіўнага лютніста, хаця юнака, апранутага ў яскравы каптан і шапку з пяром, цяжка было бы не заўважыць. Адзін толькі малады чалавек у чорным паліто, які быў паэтам, смутна здагадваўся, што хтосьці граў на лютні, а песенька пра параненае сэрца панны прызначалася зусім не для вушэй простага смяротнага.
  
   Храм
  
  Стомлены чытаннем, Вальдэмар Пелягрыюс задрамаў, не прачнуўшыся нават тады, калі тоўстая кніга выслізнула з яго рук і з грукатам звалілася на падлогу. Яго абудзілі спевы. Чысты, серабрысты голас паднімаўся над храмавай плошчай. Голас дзяўчынкі гадоў дванаццаці. Суддзя салодка пазяхнуў, пацягнуўся ў сваім мяккім крэсле і з цікаўнасцю ўтаропіўся за акно. Тут яго бляклыя вочы пашырэлі ад здзіўлення. Ускочыўшы з крэсла, ён кінуўся да сакрэтніка і выцягнуў з шуфляды дзве каляровыя мініяцюры (партрэт і ў поўны рост), якія даставіла яму спадарыня Сорэкс пасля свайго візіту ў прытулак Асменя. Прыціснуўшыся лбом да шыбы, суддзя глядзеў то на дзяўчынку на дзядзінцы, то на мініяцюры. Так, сумневаў не было. Гэта дзявіца Нара, сірата, узрост 12 гадоў 8 месяцаў. Яго выбранніца! Выходзіць, яе паспелі прывезці ў Лемар да таго, як зачыніліся вароты. Да канца не верачы ва ўдачу, суддзя кінуўся да дзвярэй, на хаду нацягваючы бабровае футра і шапку.
  
  Спадар Пелягрыюс быў ужо немалады і даволі мажны, і яму каштавала немалых высілкаў, каб перабегчы храмавую плошчу і ўзбегчы на прыступкі дзядзінца. Ён засопся, і на твары яго блішчалі кроплі поту.
  - Прывітанне, ласачка мая! Хвала Вышняму, нарэшце я цябе знайшоў, - сказаў ён, цяжка дыхаючы.
  Дзяўчынка адступіла. Суддзя апусціўся на кукішкі і працягнуў да яе рукі.
  - Ну, ну, не бойся мяне, птушачка. Я Вальдэмар Пелягрыюс, твой прыёмны бацька.
  - Пелягрыюс? - пачуў ён.
  Нейкі сляпы жабрак, які сядзеў на дзядзінцы, назваў суддзю па імені. Спадар Пелягрыюс не звярнуў на яго ўвагі.
  - Тут такі холад, рыбухна мая, а на табе ўсяго толькі гэта дрэннае паліцечка. І ты, мусіць, згаладала. Хадзем хутчэй да мяне, і ты сагрэешся і паясі, як след, - шчабятаў суддзя.
  Дзяўчынка адступіла яшчэ на крок і схавалася за спіну сляпога, які ўжо падняўся на ногі і зручней перахапіў свой кій.
  - Нікуды я з вамі не пайду, - сказала яна. - Я не хачу, каб вы мяне ўдачаралі.
  - Але... як жа гэта?
  Суддзя адчуў разгубленасць. Ён не быў гатовы да такога павароту падзей.
  - Дзяўчынка, ты паступаеш нядобра. Твая выхавацелька паабяцала спадарыні Сор... то бок мне, што...
  - Мая выхавацелька памерла, і цяпер я ні ад каго не залежу, - перапыніла яго дзяўчынка. - А вы мне не бацька. Адчапіцеся ад мяне.
  Спадар Пелягрыюс зірнуў на дзяўчынку, потым на сляпога. Той стаяў, сціскаючы ў руках кій, і выгляд ў яго быў пагрозлівы.
  - Халера... - прамармытаў суддзя, адыходзячы.
  Ён ні разу ў жыцці ні з кім не біўся. Ён увогуле адчуваў агіду да фізічнага гвалту. Сляпы, вядома, не быў сур'ёзным праціўнікам, але ён мог учапіцца яму ў рукаў і пашматаць каштоўнае футра.
  - Нара, хадзем адгэтуль, - ціха сказаў сляпы.
  Дзяўчынка ўзяла яго пад руку, і яны паспешна рушылі прэч ад храма. Суддзя ашалела глядзеў ім услед. 'Ах ты, поскудзь! - вылаяўся ён у думках. - Божухна, няўжо ты дазволіш?..' Пачуўшы за спіной нейкую валтузню, суддзя азірнуўся. Дзячок, бразгаючы ключамі, дбайна замыкаў дзверы храма. І тут суддзі прыйшла да галавы адна ідэя. Ён ступіў да дзячка і прыняўся нешта шаптаць яму на вуха.
  
  ***
  
  Ян і Нара адышлі ўжо даволі далёка ад храма, калі іх нагнаў дзячок.
  - Стойце! Чакайце! - крычаў ён.
  Яны спыніліся. Дзячок злёгку засопся ад хуткага бегу.
  - Рахманасць і чалавекалюбства Вышняга не ведаюць межаў, і сягоння Ён заклікае вас ў абіцель сваю, каб здабылі вы там прытулак, - сказаў ён.
  - У якім сэнсе? - спытаў Ян
  - Здаецца, ён прапаноўвае нам заначаваць у храме, - прашаптала дзяўчынка.
  - За якія такія заслугі? - хмыкнуў Ян.
  - Ці ведаеце вы слова "міласэрнасць"? - спытаў дзячок.
  Ян пахітаў галавой.
  - Ведаў, ды забыўся. Хадзем, Нара.
  - Ды пачакайце ж! - усклікнуў дзячок, кідаючыся следам. - Вы, пэўна, не разумееце. Гэта мой уласны пачын. Афяра дзеля ратунку душы маёй грэшнай. Кожны дзень я аказваю пасільную дапамогу ўсім пакрыўджаным лёсам - сляпым і кульгавым, бязногім і нямоглым, залатушным і пракажоным. А таксама п'яным і здурнелым. А з надыходам халадоў у нашым храме начуюць бяздомныя, атрымліваючы і прытулак, і ежу.
  Тут дзячок трохі зманіў. Храм не начлежка, а раздачай бясплатнай поліўкі займаецца Служба Грамадскага Нагляду. Але шаноўны суддзя так шчодра заплаціў, а ад правіл можна разок і адступіцца. Адзін-адзіны разочак. Гэта, канечне, грэх, але ён неадкладна пойдзе да споведзі і шчыра пакаецца, як толькі яго духоўнік вернецца ў Лемар.
  - Абыдземся як-небудзь, - сказаў Ян.
  - Ну, Ян! - зашаптала дзяўчынка. - Я ведаю, што табе не падабаюцца храмы, але ўжо пачынае шарэць, а нам трэба дзесьці заначаваць. Начлежку зачынілі, а прасіцца ў чужыя дамы я больш не жадаю.
  - Ісціну чую з вуснаў гэтага дзіцяці, - заўсміхаўся дзячок.
  Падабраўшы рызу, ён накіраваўся ў бок храма. Дзяўчынка рушыла ўслед за ім, цягнучы за руку Яна.
  
  Вузкая, як цясніна, вуліца, якая вяла да храмавай плошчы, была пустынная. У сініх прыцемках мякка свяціліся вокны дамоў - на снезе ляжалі бурштынава-жоўтыя прастакутнікі святла, а паласа вечаровага неба па-над дахамі была ільдзіста-зялёнай. Ноч абяцала быць марознай. На рагу вуліцы чорным сцярвятнікам прытаіліся пахавальныя драбы, напалову запоўненыя целамі. Калматыя які, запрэжаная ў воз, неспакойна фыркалі, трэслі грывамі і рылі капытамі снег - паганяты іх ледзьве стрымліваў. Дзячок, праходзячы міма, накрэсліў ў паветры Знак Усявышняга і прамармытаў словы малітвы. Які непакоіліся. Жывёл турбавала не толькі прысутнасць мерцвякоў. Тут было штосьці яшчэ. Дакладней, хтосьці. Ці то сабакі, ці то гіены. Яны перасоўваліся на задніх нагах, нязграбна валюхаючыся і завальваючыся наперад. Іх целы былі пазбаўленыя поўсці, а ашчэраныя мызы з пляскатымі насамі і вузкімі зенкамі мелі мярзотнае падабенства з чалавечымі тварамі. Вакол пахавальных драбаў сабралася цэлая зграя гэтых істот. Адны сядзелі на снезе, задраўшы вастравухія галовы, як сабакі, якія выюць на месяц. Другія швэндаліся побач, як быццам чакаючы. Людзі іх не бачылі, але які адчувалі іх прысутнасць і, злуючыся, грызлі цуглі, грозна паводзячы рагатымі галовамі - паспрабуй толькі крані!..
  
  Вобраз атрымаўся настолькі яркім, што Ян замарудзіў крок і правёў далонню па твары, быццам адганяючы насланнё. Гэта ж трэба, зноў разгулялася. Як днём раней, калі да іх падышоў Гаспадар Вуліц са сваімі галаварэзамі. Жывенька так, рознакалярова, як мроя наяве. Зрэшты, гэта сон наяве і ёсць. Падманка. Бывае часам. А пачалося не так даўно, восенню. У лагеры Братчыкаў. Ён злякаўся тады не на жарт, вырашыў, што губляе розум. Ды Воўчак супакоіў. Сказаў, што такое бывае ў людзей, якія страцілі зрок. Як чалавек, які страціў руку, часам адчувае сваю адсечаную канечнасць, якой даўно ўжо няма.
  - Ян, з табой усё добра? - занепакоена спытала Нара.
  - Лепей не бывае, - сказаў ён.
  Воўчак казаў, што з часам гэта пройдзе. А няхай бы не праходзіла. Лепей так, чым поўная цемра. Першыя тыдні былі пеклам. Літа абыходзілася з ім, як з дзіцём. Слепата зрабіла яго бездапаможным, быццам ён зноў стаў маленькім хлопчыкам, якому старэйшая сястра дапамагае апранацца, расчэсвае валасы, упрошвае паесці. Ён баяўся, што цемра захлісне і яго сны таксама. Яму часта снілася, што ён губляе зрок, і тады ён прачынаўся з крыкам. Але паступова цемра стала набываць нейкія абрысы. Ён ужо пачаў трохі арыентавацца. Мог ужо апрануцца без старонняй дапамогі альбо адшукаць гарлач з вадой, калі яму хацелася піць. І нават вызначыць, калі свеціць сонца, а калі неба зацягнута хмарамі. Нядрэнна для сляпога. Але ўсё роўна гэта не жыццё. Існаванне, як чарвякі жывуць. У яго адабралі ўсё, акрамя права самому выбраць дзень і час сваёй смерці. Дзякуй, Алех...
  - Вось мы і прыйшлі, - бадзёрым голасам сказаў дзячок. - Асцярожна, тут прыступкі.
  Вячэра была простай, але сытнай - збан кіслага малака, пара жытніх праснакоў і луста сыру, якія дзячок ахвяраваў са сваіх уласных запасаў. Потым ён прынёс з рызніцы пару посцілак і старую рызу, якая павінна была служыць падушкай. Нарэшце, пажадаўшы гасцям добрай ночы, дзячок сышоў. Дзверы храма засталіся незамкнёнымі.
  
  Ссунуўшы некалькі лаў, Ян і Нара накінулі на іх посцілкі і так-сяк уладкаваліся на гэтых цвёрдых ложах, замест коўдры накрыўшыся вопраткай. У храме было цёмна - сыходзячы, дзячок патушыў усе свечкі, пакінуўшы толькі дзве невялікія лампады над алтаром і ў бакавой каплічцы. Скрозь стральчатыя вокны пранікала з вуліцы святло ліхтароў, на каменнай падлозе між калонамі ляжалі доўгія цені.
  - Вось бачыш, Ян, нічога страшнага не здарылася, - сонна сказала Нара. - Гэты чалавек зусім не жадаў нам зла. Ён проста хацеў дапамагчы.
  - Не бачу. Ладна. Спі ўжо, - прагаварыў Ян.
  
  ***
  
  Калі гадзіннік на ратушы адзваніў поўнач, дзверы храма прыадчыніліся, і на парозе паўстала мажная, захутаная ў футра постаць. Суддзя Пелягрыюс адчуў расчараванне, убачыўшы, што дзяўчынка і сляпы спяць побач на ссунутых лавах. Ён разлічваў, што дзячок адвядзе дзяўчынку ў рызніцу, далей ад сляпога, а той застанецца дзе-небудзь ля ўваходу. Ну, нічога, неяк разбяромся, сказаў ён сабе. Дзейнічаць трэба было хутка. Бясшумна пракраўшыся між лавамі, ён наблізіўся да дзяўчынкі, якая спала, падклаўшы руку пад галаву і накрыўшыся сваім старэнькім паліцечкам. Схіліўшыся над ёй, суддзя палюбаваўся абрысамі яе цела пад грудай рыззя. Затым ён хутка заціснуў дзяўчынцы рот і сарваў яе з лавы. План быў просты: адвесці дзяўчынку да сябе дадому і замкнуць на ключ, ну а там па абставінах.
  
  На справе ўсё аказалася не так проста, бо дзяўчынка пачала супраціўляцца з нечаканай лютасцю. Спрабуючы вызваліцца, яна адчайна тузалася ў яго руках і нават спрабавала біцца нагамі - калі б не тоўстае футра, суддзя бы сур'ёзна пацярпеў. Нарэшце, злаўчыўшыся, яна ўпілася зубамі ў яго далонь. Суддзя ўскрыкнуў і прыслабіў хватку.
  - Ратуйце! - закрычала дзяўчынка.
  Брудна вылаяўшыся, суддзя зноў заціснуў ёй рот.
  - Не трэба скандаліць, мышка мая, - сказаў ён. - Ніхто цябе не пачуе, нават дзячок. Ён сёння аглух і аслеп, а заадно і анямеў.
  Суддзя павалок яе да выхаду. Дзяўчынка адчайна адбівалася. Скрозь футра суддзя адчуваў дотыкі яе юнага, гнуткага цела. Раптам ў ім разгарэлася жарсць. Ён спыніўся. А чаго, уласна кажучы, чакаць? На вуліцы дзяўчынка можа вырвацца і ўцячы, а ў храме нікога няма, апроч гэтага калекі. Але ён нам не перашкодзіць, праўда? Суддзя развярнуўся і пацягнуў дзяўчынку ў бакавую капліцу, дзе гарэла лампада. Штурхнуўшы яе ўнутр, ён пачаў сцягваць з сябе бабровае футра. Скарыстаўшыся момантам, дзяўчынка ірванулася да выхаду, але суддзя заступіў ёй дарогу.
  - Не сварыся са мной, вавёрачка, - сказаў ён. - Ты павінна слухацца спадара Пелягрыюса і паводзіць сябе добра, інакш будзеш пакарана.
  Ён схапіў дзяўчынку за сукенку і шпурнуў яе на падлогу. Тонкая тканіна з трэскам разышлася пад яго пальцамі. У прыцемку суддзя ўбачыў яе бледнае плячо. Ён схіліўся над ёй і, дрыжачы, пачаў расшпільваць гузікі на пінжаку. Дзяўчынка адчайна лупіла яго кулачкамі па твары і грудзях. Град удараў, які сыпаўся на суддзю, яшчэ мацней распальваў яго пажадлівасць.
  
  Суддзя так і не зразумеў, адкуль узяўся забойца, які накінуўся на яго з цемры. Краем вока ён заўважыў, як цьмяна бліснула лязо. Інстынкт самазахавання быў развіты ў яго выдатна. Суддзя кінуўся ўбок. Лязо прасвістала міма і са скрыгатам шарганула па каменнай падлозе, ледзь не зламаўшыся. Суддзя адштурхнуў дзяўчынку і пабег. Хтосьці схапіў яго за нагу, і ён адчуў востры боль у правай галёнцы. Нешта гарачае, густое і ліпкае стала заліваць яго чаравік. Завішчаўшы, суддзя паваліўся долу. Ён ужо не адчуваў болю. Яго апанаваў жывёльны жах. Валакучы па падлозе параненую нагу, суддзя папоўз да выхаду. Нечыя пальцы ўчапіліся ў яго парадзелыя валасы. Галава яго закінулася, і позірк скіраваўся на цёмныя хоры.
  - Гвалт... - прахрыпеў суддзя.
  Яго горла быццам апякло агнём, ён захлынуўся крывёй, і наступіла апраметная цемра.
  
  Ян адкінуў нож і падняўся на ногі.
  - Нара! - паклікаў ён.
  Дзяўчынка не азвалася.
  - Нара, дзе ты?
  Ён выцягнуў перад сабой рукі і зрабіў крок. Вылаяўся напаўголасу, наляцеўшы на лаву.
  - Я тут... - пачуў ён.
  Нара сядзела на падлозе капліцы, сціснуўшыся ў камяк. Ян апусціўся перад ёй на калені і дакрануўся да яе пляча. Яго пальцы прабеглі па яе абліччы. Дзяўчынку злёгку калаціла, але яна не плакала.
  - Ён нічога табе не зрабіў? - спытаў Ян.
  - Ды не. Толькі сукенку парваў.
  - Нара, трэба сыходзіць. Нам нельга тут заставацца. Разумееш?
  Яна кіўнула і паднялася на ногі, прытрымліваючыся за Яна.
  - Што з ім? - прашаптала дзяўчынка, калі яны праходзілі міма нерухомага цела, якое ляжала паміж лавамі.
  - Самлеў. Хадзем хутчэй, пакуль не апрытомнеў.
  
  Калі храм спусцеў, цені ў нішах сцен заварушыліся. Чырванаваты агеньчык лампады, які цепліўся ў бакавой капліцы, раптам раздвоіўся. Затым іх зрабілася чатыры...шэсць...дванаццаць...і неўзабаве ўжо цэлыя чароды вачэй рухаліся ўздоўж бакавых нефаў. Двухногія фігуры, агідна скурчаныя ды ссутуленыя, адна за адной вынырвалі з цемры паміж калонамі. Яны нагадвалі адначасова ваўкалакаў і гіен-пярэваратняў, але ў іх абліччах усё ж было больш чалавечага, чым звярынага. У цьмяным святле ліхтароў, што лілося скрозь стральчатыя вокны, бачныя былі іх безвалосыя целы, касмыкаватыя грывы, завостраныя, як у ганчакоў, вушы і выскаленыя пашчы, з якіх сцякала цягучая сліна. Неўзабаве іх сабралася цэлая зграя. Брыдка гігікаючы і нешта лапочучы, яны скакалі з лавы на лаву, падбіраючыся ўсё бліжэй да знежывелага цела, распластанага на падлозе храма.
  
  Чалавек у чорным
  
  Яны доўга беглі па вузкіх, заблытаных вулачках, не разбіраючы дарогі, прэч ад злашчаснага храма. Нара цягнула Яна за руку - свой кій ён дзесьці згубіў, магчыма, пакінуў яго ў храме. Там жа, дзе і нож. Яму заставалася толькі спадзявацца на вочы Нары, а дзяўчынка, здаецца, заблудзілася канчаткова. Потым, выбіўшыся з сіл, яны ішлі наўздагад, пакуль не апынуліся ў нейкім аддаленым квартале, дзе не гарэла ніводнага ліхтара, а на вуліцах замест бруку ляжалі дошкі, умёрзлыя ў застылую гразь. Уздоўж вуліц грувасціліся двухпавярховыя баракі, многія з якіх выглядалі закінутымі. Іх струхлелыя сцены, сяк-так падпёртыя шастамі і бярвеннямі, небяспечна хіліліся і навісалі над маставымі, ледзь не завальваючыся адзін на аднаго.
  - Як крываножкі, якія стаяць, абапіраючыся на мыліцы, - сказала Нара, разглядваючы пахіленыя баракі.
  Квартал, аднак, быў заселены - дзе-нідзе ў дварах былі нацягнуты вяроўкі для бялізны, а ў вокнах з ацалелымі шыбамі віднеліся фіранкі і нават гаршчкі з хатнімі раслінамі. Так і не наважыўся папрасіцца да каго-небудзь на начлег, уцекачы знайшлі прытулак ў адным з закінутых дамоў. Мяркуючы па ўсім, гаспадары пакінулі яго ўжо даўно. Дзверы былі сарваны з завес, шыбы павыбіваны, на падлозе і сценах ляжаў тонкі пласт намаразі. У паветры лунаў ледзь улоўны пах гару - напэўна, калісьці тут здарыўся пажар.
  - Ян, я так стамілася...
  - Я таксама.
  Яны сядзелі на дошках падлогі, прываліўшыся да сцяны. Звонку насіўся ледзяны зімні вецер, пляскаў аконнымі рамамі, шпурляў унутр прыгаршчы снежнай крупкі. Дзесьці ўдалечыні пачуліся стрэлы - сухі часты строкат. Стралялі са штурмавых вінтовак. Потым зноў наступіла цішыня.
  - Што гэта было? - спытала Нара. І не дачакаўшыся адказу, прамовіла напаўголасу: - Не магу заснуць. Ян, раскажы што-небудзь.
  - Што расказаць?
  - Якую-небудзь гісторыю.
  - Нара, зараз не лепшы час для гісторый.
  - Ну, чаму. Якраз наадварот, - запярэчыла дзяўчынка. - Весялей бы зрабілася. У прытулку мы заўсёды распавядалі адна адной ўсякія байкі, хаця манашкі нам гэта забаранялі.
  Ян нявесела ўсміхнуўся.
  - Паршывы з мяне апавядальнік. Вось Памва змог бы. У яго нядрэнна атрымліваецца.
  - Памва? А хто гэта?
  - Ён з Братчыкаў.
  - Твой сябар?
  - Можна і так сказаць.
  - А дзе ён цяпер?
  - Не ведаю, Нара.
  Яна памаўчала трохі.
  - Добра, калі ты не хочаш расказваць, паспрабую сама прыдумаць,- сказала дзяўчынка. - Значыцца, так. Калісьці ў старадаўнія часы, ў адным невядомым каралеўстве жыў пацучыны народ. Пацукі гэтыя былі не зусім звычайныя. Яны ўмелі размаўляць, і ўвогуле былі зусім як людзі, толькі маленькія. Яны жылі ва ўтульных хатках з сапраўднай маленькай мэбляй. Сваё жытло яны ўпрыгожвалі лугавымі кветкамі і галінкамі ядлоўца. Зімовымі вечарамі яны любілі сядзець каля каміна ў маленькіх фатэлях. Яны пакурвалі люлечкі, а ў каміне пякліся на пожагах ягады брусніцы. Пацукі наведваліся адзін да аднаго ў госці, частаваліся салодкімі пірагамі і пілі гарбату з кубачкаў, зробленых з каляровага лушчаку. У іх было многа вясёлых святаў. Увесну яны скакалі вакол шаста, абвітага рознакаляровымі стужкамі, а ўзімку ўпрыгожвалі галінкі ядлоўца засушанымі ягадамі чарніцы і брусніцы. Ну а потым... А што было потым, Ян?
  - А потым прыйшоў гаспадар кірмашу і пасадзіў іх усіх у клетку.
  - Чаму?
  - Ну, сама паразважай. Пацукі, якія ўмеюць размаўляць. А таксама танчыць, курыць, што там яшчэ? Уяўляеш, колькі можна грошай зарабіць, паказваючы іх на кірмашы?
  - Але яны не захацелі быць кірмашовымі пацукамі. Яны не жадалі таньчыць на пацеху гледачам. Гаспадар пагражаў ім бізуном, марыў голадам, але так і не здолеў іх прымусіць.
  - А калі ён зразумеў, што скакаць іх не прымусіш, ён махнуў рукой і падсыпаў ім атруты. Усё роўна карысці з іх ніякай.
  - Але пацукі не памерлі!
  - Ды здохлі яны ўсе.
  - Не ўсе! Адна пацучыха засталася на волі. Дакладней, пацук-дзяўчынка. Пацучынка. І ў яе быў лепшы сябар, які сядзеў у кірмашовай клетцы разам з іншымі пацукамі. Але яму не хапіла атруты, і ён застаўся жывы. І тады Пацучынка прабралася на кірмаш, каб вызваліць свайго сябра з клеткі.
  - Ага, атруты не хапіла, але злосны хлапчук, сынок гаспадара кірмашу, узяў ды выкалаў яму вочы шпількай.
  Яны замоўклі.
  - А што далей, Ян? - спытала Нара.
  - Нічога. Канец гісторыі.
  - Не, так нельга гісторыі заканчваць.
  Ён не адказаў. Нара апусцілася на падлогу, паклаўшы руку сабе пад галаву. Гледзячы ў цемру, яна прыдумвала працяг гісторыі. Дзяўчынка не заўважыла, як вочы яе заплюшчыліся, і яна правалілася ў сон. Ёй сніліся пацукі ў клетцы і гаспадар кірмашу, падобны на акруговага суддзю. На ім была паласатая камізэлька, а за яго пояс быў заткнуты бізун.
  
  Нара прачнулася раптоўна, як ад удару. За вокнамі цьмеў шэры світанак. У прыцемку яна разглядзела незнаёмага чалавека ў расцягнутай фуфайцы і шапцы-аблавушцы, які, апусціўшыся на калені і упёршыся далонню ў падлогу, пільна ўзіраўся ёй у твар. Спрасонку ёй здалося, што гэта хлопчык-пацук з яе казкі. Нара залямантавала. Незнаёмец падхапіўся на ногі і адбег убок.
  - Што, такі ўжо страшны? - сказаў ён. - Эх, казала мне бабуля, з гэткім рылам толькі сляпых вадзіць.
  - Памва?!
  Ян падняўся з падлогі, прытрымліваючыся за сцяну.
  - Прывітанне, Злыдзень. Не засумаваў тут? - спытаў Памва.
  Ён падскочыў да Яна, з размаху пляснуў яго па плячы, а потым абняў.
  - Хлусік, адкуль ты тут? - спытаў Ян.
  - Адтуль. Схапіў віхор за бараду ды з ім прыляцеў. Ладна, жартую. Па гарадскім вале. Там зараснікі паўсюль, і патрульных няма. Праўда, спачатку прыйшлося ляцець праз усё поле.
  - Але як? Там жа Цёрн.
  Памва вышчарыў зубы ва ўсмешцы.
  - Дык генератар. Я стрыжань выламаў, і ён адразу здох. Усё, як ты казаў.
  - Ды тваю ж маць ... - Ян раптам затросся ад смеху, прыкрыўшы рот далонню. - Растрыбушыў усёткі.
  Памва энергічна заківаў.
  - Ага, ага. А Літа гаварыла, што не атрымаецца.
  - Яна там?
  - Так! З ёй усё добра, не хвалюйся. Я за ёй прыглядваў, - не без гонару сказаў Памва.
  - І доўга вы там прабадзяліся? Пад Цёрнам? - спытаў Ян.
  - Два дні, дзве ночы. Мы да ўчорашняга дня не ведалі, жывы ты ці не. А надоечы мы ўбачылі цябе на замчышчы. Мне нават здалося, што ты памахаў нам рукой. Ян, ты і напраўду можаш бачыць?
  - Не. Мусіць, рука тарганулася, калі я кідаў талер.
  - Які талер?
  - Потым растлумачу. Два дні, гаворыш? У такі холад сабачы.
  Памва махнуў рукой.
  - Ды нічога, не страшна. Мы ў машыне грэліся.
  - У чыёй?
  - Йорхас падагнаў.
  - Кантрабандыст гэты? - з цікавасцю спытаў Ян.
  Памва затрос галавой.
  - Ніякі ён не кантрабандыст. І завуць яго не Йорхас. Ён...карацей, ён таксама казаў, што не атрымаецца. Генератар жа навідавоку стаяў, пад навесам. А потым дзяжурны з кімсьці засварыўся, на генератар ужо не глядзеў, а тут я. Сетку рэзаць я ўжо часу не меў, дый не было чым. Я пад Цёрнам прапоўз. Калі ён згас, канечне. Кажух на ім пакінуў. І добра, бегчы было лягчэй. Усе, ясная рэч, замітусіліся, калі генератар здох. Народ ірвануў да агароджы, каб прабіцца ў горад, салдаты пачалі страляць у паветра, а потым запалілі карбідавы ліхтар.
  - Так, мы чулі стрэлы ўначы, - сказала Нара.
  Яна са здзіўленнем глядзела на рабаціністага рудавалосага хлапца ў шапцы-аблавушцы. Памва ўсміхнуўся і кіўнуў.
  - Ага, рыхтык. Па мне стралялі. Вунь, нават вуха прастрэлілі. Ад шапкі. А зваць цябе як?
  - Гэта Нара, - сказаў Ян. - Заблудзілася ў горадзе, калі пачалася пошасць. Яе бацькі памерлі.
  - Ад моравай язвы? - спытаў Памва, спагадліва зірнуўшы на дзяўчынку.
  Нара пахітала галавой.
  - Не. Яны памерлі вельмі даўно. Я іх не помню.
  - Я сваіх таксама. Эх, роднасная душа, - Памва ўздыхнуў. - А бацькі, нябось, з Царгорада былі?
  - З чаго ты ўзяў? - спытаўЯн.
  Памва паціснуў плячыма.
  - Па гаворцы хіба незразумела? І выглядае яна, як усе рамейцы. Валасы, як крыло гругана. Вочы вось толькі не чорныя, а сінія. Як у Йорхаса цяпер. Хаця ён Альбін, насамрэч.
  - Вось, значыць, як, - прагаварыў Ян.
  - Можа, хопіць мяне абмяркоўваць? - спытала дзяўчынка, трохі пачырванеўшы.
  - Памва, а як ты нас знайшоў? - спытаў Ян.
  - А язык на што? У людзей спытаў. Народ тут да рання па корчмах сядзіць, дадому ісці ніхто не хоча. Яно і зразумела, дома-то страшна, а раптам Морава Дзеўка завітае? Так што, многія бачылі, як вы беглі ад таго храма, быццам за вамі нежыць гоніцца.
  Ян спахмурнеў.
  - Ведаеш ужо, Хлусік?
  - То ж бо! Увесь горад толькі пра гэта і гаворыць. Не кожны дзень здараецца, каб акруговага суддзю загрызлі гулі.
  - Чакай. Якія гулі? - прамовіў Ян з неўразуменнем.
  - Ты ж быццам сказаў, што ўсё ведаеш? Ну гэтыя, пажыральнікі мярцвячыны. Кажуць, іх бачылі ў горадзе з самага пачатку пошасці. Сноўдаліся па вуліцах, нікога не чапалі, ні жывых, ні мёртвых. Быццам чакалі чагосьці. Ну вось і знайшлі сабе ласы кавалачак. Абгрызлі ўшчэнт. Я сам бачыў, як яго выносілі коранеры. Хаця выносіць ужо не было чаго - пара костак ды шматкі вопраткі... А з храмам, пагадзіся, штосьці было не так, калі там завяліся гулі.
  - Памва, скажы, а нажа там выпадкова не знайшлі? - асцярожна спытаў Ян.
  - А што, павінны былі? - Памва з цікаўнасцю ўтаропіўся на Яна. - Так-так. Ну-тка, Злыдзень, расказвай, як ты тут забаўляўся без нас?
  
  ***
  
  Утрох яны крочылі па засыпанай снегам вуліцы. Ян прытрымліваўся за руку Памвы, абхапіўшы яе вышэй локця. Нара ішла трохі наперадзе, разглядваючы сцены і дахі дамоў. У промнях ранішняга сонца старыя баракі здаваліся ўжо не такімі выродлівымі. Памва заходзіўся ад смеху.
  - Слухай, Злыдзень, я не ведаю, як гэта ў цябе атрымліваецца, не, ну праўда! Ты ўсяго пару дзён у Лемары, а ўжо паспеў перасварыцца ледзь не з паловай горада.
  Ён прыняўся загінаць пальцы.
  - Бадзяга, чыё імя ты так і не спытаў. Панажоўшчык Гіля. Сямейка ката, якая таксама ад цябе не ў захапленні. Яшчэ суддзя-збачэнец, але ён памёр, таму не лічыцца. Я нікога не забыўся?
   - Памва, а куды мы ідзём? - спытала Нара.
  - Да замчышча! - адказаў Памва. - Паднімемся на валы і памахаем адтуль Ліце з Альбінам. Яны вельмі ўзрадуюцца, калі ўбачаць нас жывымі. Але перадусім паесці трэба. Тут на суседняй вуліцы аладкі пяклі, я бачыў. Можам напрасіцца да іх у госці.
  - Ды няёмка неяк, - сказала дзяўчынка.
  - Дык мы ж не забясплатна, - запярэчыў Памва. - У іх каля дому плот паламаны. Я магу паправіць ў абмен на аладкі.
  - Слухайце, у нас жа манеты ёсць! - успомніла Нара. - Накідалі ўчора на дзядзінцы. Мы можам расплаціцца за сняданак.
  - А мне бы яшчэ кажушок новы, альбо світку. Фуфайка ж прадзімаецца, - сказаў Памва. - А Яну шнуркі ў чаравікі. А ўсім нам не лішне было б вопратку памыць ды схадзіць у лазню.
  - На ўсё гэта грошай, напэўна, не хопіць, - сказала дзяўчынка. - Але я магу ім падлогу падмесці, альбо бялізну папрасаваць.
  - Вось! - Памва падняў угору ўказальны палец. - А я плот папраўлю.
  - Ян, а ты казаў, што ў горадзе працы не знойдзецца, - весела сказала дзяўчынка.
  - Для мяне дакладна не знойдзецца, - адказаў ён змрочна.
  - А ты вершы ім свае пачытай, - прапанаваў Памва.
  - Здзекуешся?
  - Памва, а ты моравай язвы зусім не баішся? - спытала Нара.
  Памва рагатнуў.
  - Э, не. Мне аднойчы варажбітка на кірмашы сказала, што калі мне споўніцца пяцьдзесят гадоў, мяне русалка ў лесе зацалуе да смерці. Так што чумнай ямы мне можна не баяцца. Мой час яшчэ не надышоў!
  Яны абмінулі рог вуліцы і выйшлі на скрыжаванне, калі да іх данеслася:
  - Стойце! Вы, вы трое! Стойце!
  Ім насустрач бег нейкі чалавек. Памва пачухаў патыліцу, ссунуўшы на лоб шапку-аблавушку.
  - Так. А вось пра яго ты нічога не расказваў, Ян. А ну, прызнавайся, чым ты пакрыўдзіў ці абразіў гэтага шаноўнага спадара, апранутага, як далакоп? Выгляд ў яго такі, быццам ён збіраецца закідаць нас каменнем.
  - Першы раз яго бачу, - адказаў Ян, не ўсвядоміўшы абсурднасці сказанага.
  Чалавек спыніўся. Ён зняў з галавы чорны аксамітны берэт, якія звычайна носяць трунары, ліхвяры альбо духоўныя асобы, і прыціснуў яго да грудзей, не хаваючы крайняга хвалявання.
  - Госпад Вышні... Дзіця!.. Нарэшце я знайшоў цябе! - сказаў ён, задыхаючыся.
  Памва прысвіснуў.
  - Яшчэ адзін Пелягрыюс?
  - Хто вы? - спытала дзяўчынка.
  - Чакайце, я ж вас помню, - сказаў раптам Памва. - Вы надоечы ля шлагбаўма з дзяжурным сварыліся. Вы што, пралезлі пад Цёрнам следам за мной?
  Чалавек у чорным пахітаў галавой.
  - Не, усё было прасцей. Вароты адчынілі. Сюды ідзе паветраны карабель.
  - Як заўсёды, своечасова, - сказаў Ян.
  - А ад нас вам чаго трэба? - падазрона спытаў Памва.
  - Імя маё Нартас, - сказаў незнаёмец. - Менш, чым ніхто. Першы з грэшнікаў і найгоршы з сыноў Госпада нашага...
  - Добра, пра вас мы зразумелі, - перапыніў яго Памва. - Вы на пытанне маё адкажыце, калі ласка.
  - Дзёрзкі юнак, - сказаў чалавек у чорным, зірнуўшы на яго з усмешкай. Затым ён перавёў позірк на Яна, які стаяў, учапіўшыся Памве ў плячо, і ўважліва прыслухоўваўся да іх гутаркі.
  - О, Госпадзе!.. - сказаў чалавек у чорным, трохі змяніўшыся з твару. -Бацька гэтага дзіцяці... Я прысутнічаў пры яго смерці.
  Дзяўчынка ступіла наперад.
  - Вы ведаеце майго бацьку? - спытала яна.
  Чалавек у чорным кіўнуў.
  - Так, ведаў калісьці, - сказаў ён трохі адрывіста. - Мройцы Багны паказалі мне яго душу. На берагах Рудзіцы, каля жалезных скал. Дванаццаць гадоў... Але цяпер душа яго супакоіцца і пойдзе да Прадзедаў. Алаіс. Алаіс было яго імя. Божа, даруй мне грахі мае!
  
  Пачатак легенды
  
  На чацвёрты дзень каранціну ў Лемар прыбыў паветраны карабель з грузам процічумнай сывараткі. Ён ішоў нізка над горадам, ледзь не чапляючы падбрушшам чарапічныя дахі, лопасці магутных вінтоў мясілі паветра, узнімаючы над вуліцамі віхры снегавога пылу. Цень яго верацёнападобнай тушы слізгаў па маставых і сценах будынкаў, ад гуду рухавікоў пазвоньвалі шыбы ў вокнах дамоў. Нарэшце, абмінуўшы замчышча, карабель спыніўся і завіс над плошчай каля гарадской брамы. Там было стоўпатварэнне. Праз натоўп, адчайна сігналячы, прабіраліся санітарныя машыны. Над круглымі брызентавымі намётамі, разгорнутымі на камянях бруку, луналі белыя сцягі на доўгіх жэрдках. Каля намётаў ужо стаялі вялізныя чэргі. Салдаты санітарнага атрада - ва ўніформе, але ўжо без чумных масак - сачылі за парадкам, каб у натоўпе не здарылася цісканіны альбо бойкі.
  - Спакойна, грамадзяне, спакойна, не стварайце таўканіны! - зычна крычаў афіцэр у палявым кіцелі. - Сывараткі хопіць на ўсіх!..
  Памва першы заўважыў каля гарадской брамы невысокую русавалосую дзяўчыну гадоў дваццаці пяці, апранутую ў мужчынскі кажух, які быў ёй завялікі.
  - Ды вось яна! - крыкнуў Памва.
  Ён прыняўся падскокваць і махаць рукамі.
  - Літа! Літа! Мы тут!
  Яна спынілася, выглядаючы іх у натоўпе народу.
  - Ян! - ціха выдыхнула яна. - Ян, маленькі мой!..
  - Літа, - сказаў ён, пацягнуўшыся да яе.
  Яны абняліся і знерухомелі ў маўчанні, не звяртаючы ўвагі на шум і мітусню, якія панавалі наўкол. Нара з Памвай ціха перашэптваліся, стоячы ў старонцы. Чалавек у чорным адзенні, які надоечы назваў сябе найпершым з грэшнікаў, таксама памоўчваў, не рызыкуючы парушыць гэты, як ён бы выказаўся, "дыялог без слоў". Маўчанне, зрэшты, было нядоўгім.
  - Як маешся, старушэнцыя? - спытаў Ян, дакрануўшыся да яе шчакі. - Замуж яшчэ не выйшла?
  - Можаш удакладніць, за каго? - у тон яму адказала Літа.
  - Я заўважыў, табе падабаюцца кантрабандысты.
  - Войцах Гарэза, ці што? - яна чмыхнула. - Ён жа пень стары.
  - Тады Коган.
  - Ён палясоўшчык. І ён жанаты.
  - Будзеш такі пераборлівай, памрэш старой дзевай.
  - Табе-то што?
  - Я ж твой брат.
  - Малодшы.
  - А ты зануда!
  - Ян, - Літа зірнула на яго з усмешкай. У лепшыя часы яны часцяком так гаманілі. Жартаўліва, злёгку пацвельваючы адно аднаго. Толькі было гэта вельмі даўно. Яшчэ да Гарматнай плошчы. І калі жывая была маці. Альбо нават раней, калі яны яшчэ не пакінулі дзюны... А цяпер усё як быццам вярнулася. Няхай на кароткае імгненне, але вярнулася.
  - Ян, у цябе снег у валасах. Дай атрасу, - сказала яна, правёўшы далонню па яго зблытаных пасмах.
  - Ай, Літа, ну я сам, - адказаў ён, адмахваючыся.
  - Рабяты, вы гэта чулі? - спытаў раптам Памва.
  Ён стаяў, трохі схіліўшы галаву, і ўважліва да нечага прыслухваўся.
  - А што такое? Паветраны карабель гудзіць? - спытала Нара.
  Памва паматляў галавой.
  - Ды не. Па дахах капыты прагрукаталі. Гэта Морава Дзеўка з горада паскакала, на худой кабылцы. Больш яна ў Лемар не вернецца. Ніколі!
  
  ***
  
  У зале карчмы было пуста. Кноты алейных свяцілень былі падгорнуты, лавы і крэслы перакулены на стальніцы, а падлогі чыста вымецены і адшараваны да бляску. Аднак у зале палаў камін, тут было цёпла, і адсюль не выганялі. Карчмар быў настроены дабратліва. За некалькі дзён каранціну наведнікі пакінулі ў шынку кругленькую суму, амаль роўную яго гадавому даходу. Акрамя таго, ён шчасна перажыў пошасць і, хвала Вышняму, ніхто з яго родных і блізкіх не захварэў і не памёр. Таму, убачыўшы на парозе карчмы дзіўнаватую кампанію з шасці чалавек, ён не раздумваючы іх пусціў. І нават не ўзяў з іх грошай, хаця яму працягнулі прыгаршчу манет і пару змятых асігнацый. Пры іншых абставінах карчмар выгнаў бы іх у карак, але цяпер ён жадаў аддзячыць Госпада за свой шчаслівы лёс, а найлепшай падзякай была дабрачыннасць, як сказана ў Выслоўях Праведнікаў. Карчмар загадаў накарміць гэтых абадранцаў бясплатным абедам і падрыхтаваць для іх пакоі наверсе, а таксама прынесці гарачай вады і паболей мыла. Зрабіўшы распараджэнні, гаспадар карчмы пайшоў, пакінуўшы гасцей гутарыць ля каміна.
  
  Літа паўляжала на плюшавай канапцы, з трывогай гледзячы на брата. Той сядзеў на падлозе каля каміна, ужо з павязкай на твары. Ян папрасіў сястру даць яму якую-небудзь хустку або палоску тканіны, каб схаваць шнары. Яму здаецца, што твар яго моцна абязвечаны, хаця насамрэч гэта не так. Проста заплюшчаныя вочы... Пасля кароткага ўсплёску радасці Ян зноў замкнуўся ў сабе, і Літу гэта непакоіла. Толькі б ён зноў не саслізнуў ў гэтую бездань смутку... З ім побач на дошках падлогі сядзела Нара, трымаючы яго за руку і прыціснуўшыся шчакой да яго пляча. Дзяўчынка старанна вымылася і прычасалася, хаця апранута яна была ва ўсю тую ж казённую сукеначку мышынага колеру і панчохі з калючай воўны. Літа паглядала на дзяўчынку, спрабуючы ўявіць яе ўбранай у парфіравы плашч і залатую сукенку са стаячым каўняром, у якіх любіць фарсіць Аўгуста. Зрэшты, Нара не мела ніякага падабенства, ніводнай агульнай рысачкі з Аўгустай, гэтай засушанай мегерай пад пластом бяліл... Памва-Хлусік сядзеў ля стала, гушкаючыся на крэсле, і грыз карэньчык аеру. На яго рабаціністай фізіяноміі адбівалася надзвычайнае здзіўленне.
  - Ачмурэць гісторыя, - сказаў ён нарэшце. - Нара, дык выходзіць, Аўгуста твая бабуля. Якая забіла тваіх бацькоў.
  - Ну. Гамон проста нейкі, - адказала дзяўчынка.
  "Гамон". Упадабанае слоўца Яна. Нахапалася ўжо.
  - Гэта нічога, бывае, - сказаў Памва, ківаючы галавой. - Мая бабуля таксама злосная, як ведзьма. Таму я ад яе і ўцёк. Я ж кажу, мы з табой роднасныя душы!
  - Дванаццаць гадоў, - напаўголасу прамовіў Нартас. Ён стаяў каля сцяны, скрыжаваўшы рукі на грудзях. У сваім чорным сурдуце ён быў больш падобны на местачковага трунара, чым на духоўную асобу. Яго выдавала толькі клінаватая падстрыжаная бародка, якую належала насіць манахам. Валасы яго, некалі цёмныя, былі выбелены сівізной, а вочы былі шэра-сталёвага колеру, як ва ўраджэнцаў Дольнай Зямлі.
  - Дванаццаць гадоў таму Аўгуста здзейсніла пераварот, зрынуўшы з трона кесара Алаіса з Парфіранароджаных. Свайго сына, - гаварыў Нартас. - У той жа год Міка Венд атрымаў пасаду Намесніка з рук Аўгусты, і Каралеўства Семгален спыніла сваё існаванне, зрабіўшыся правінцыяй Імперыі. Пасля падзей каля Марна-Сігёл час для нас спыніўся. Усе гэтыя гады я замольваў свой грэх. Іх кроў на маіх руках.
  
  Імператрыца Феафана. Забіта стрэлам у спіну каля Марна-Сігёл. Мажліва, яе забойцам стаў Міка Венд. Ён узначаліў атрад наймітаў, якія пераследвалі уцекачоў.
  
  Алаіс, Імператар Рамеі. Схоплены наймітамі Аўгусты каля Марна-Сігёл. Аслеплены на загад сваёй найсвятлейшай маці. Рэшту жыцця ён мусіў правесці ў манастыры. Праз тры дні яму перадалі капсулу з атрутай. Ён абраў смерць.
  
  Альбін Гхор. Камандзір палацавай варты, целаахоўнік Імператара. Паранены ля Марна-Сігёл. Арыштаваны. Правёў год у Фарнагскім астрозе, затым быў асуджаны на бестэрміновую ссылку ў Дромас, на самерытавыя шахты. Адтуль мала хто вяртаецца. Амніставаны два гады таму.
  - І проста хацеў пажыць спакойна, - сказаў напаўголасу Альбін. - Дажыць, дакладней кажучы. Ссыльныя на шахтах мруць як мухі. Ад самерытавага пылу. А той, хто вяртаецца, таксама лічы смяротнік. Год-два і ўсё. Тхоос застаецца ў крыві, знутры з'ядае. Сам не ведаю, чаму я не здох. Аж дагэтуль.
  - А можа, так пажадаў сам Госпад Вышні, - сур'ёзна сказала Нара.
  Альбін не адказаў. Ён сядзеў на лаве ля каміна, сашчапіўшы пальцы рук на каленях і безуважліва гледзячы на агонь. Рамеец да мозгу касцей. Ростам вышэй, чым прысадзістыя семгальцы, чарнавалосы, з вузкімі скуламі і даўгаватымі вачыма. Рамейцы ўсе так выглядаюць - валасы, як крыло гругана, і вочы, як аскепкі базальту. Зрэшты, чарната з яго вачэй сышла, і цяпер яны цёмна-сінія, як ва ўраджэнцаў Разлогу. Нартас кажа, што гэта чарноцце ў вачах рамейцаў не проста так. З глыбіні іх зрэнак глядзіць Вандроўнік. Дэман, што нябачна хадзіў па зямлі да Усёспалення, і застаўся, калі новы кантынент падняўся з акіяна. Таксама яго называюць Намад і Айал-Гач. Але тут, у гэтай зале, яго няма.
  - А ўсёткі, як да цябе цяпер звяртацца - Йорхас ці Альбін? - пацікавіўся Памва.
  - Цяпер у мяне пасведчанне на імя Нэд Варнас, - сказаў той, усміхнуўшыся. - Але і ад яго прыйдзецца пазбаўляцца. Алех жа не дрэмле. Валога.
  Гэта прозвішча ён вымавіў з адмысловай інтанацыяй, з якой звычайна кажуць 'гадзёныш' альбо 'шэльма'.
  - Аднак. Мабыць, лепш не ўдакладняць, колькі ўсяго ў цябе імёнаў, - заўважыў Памва.
  - Адно, на самай справе. Пры нараджэнні дадзенае, - адказаў Альбін.
  - Царгародская Цытадель - гэта свайго роду машына, - задуменна прамовіў Нартас. Голас яго раптам зрабіўся пранікнёным. - Ідэальна адладжаны, дасканалы, бяздушны механізм, які перамолвае жыцці і лёсы, падобна жалезнаму млыну. Але нават гэты бездакорны механізм часам дае збой. Адна маленечкая пясчынка, найменшая з найменшых, здольная паламаць гэтыя зубчастыя колы.
  
  Аўгуста загадала пазбавіцца ад дзіцяці. Інакш у будучыні паўсталі бы нязручныя пытанні са спадчыннікамі. Рэч у тым, што дзіця Алаіса і Феафана мела роўныя правы і на карону Семгалена, і на парфіру валадароў Рамеі. Імя Феафана ў дзявоцтве - Аннеке Венд. Жанчына каралеўскай крыві, пляменніца старога Барыслава. Многія лічылі яе шлюб з Алаісам чыста палітычным. Хаця было там і каханне...
  
  Пазней ігумення паведаміла Аўгусце, што ўсё зроблена. Яна схлусіла. Загад не быў выкананы. Машына дала збой. Паслушніца Іларыя...сама яшчэ дзіця...я стаў яе спавядальнікам. Яна чакала мяне дванаццаць год. Там, сярод мройцаў Багны. Іларыя расказала мне пра цябе, Нара. Гэта яна прыдумала для цябе такое імя. Яго і запісалі ў паперах. Хаця пры нараджэнні імя табе было дадзена іншае.
  - Яна памерла? - ціха спытала дзяўчынка.
  - Так, нажаль.
  Усе замаўчалі. У цішыні чуваць было толькі, як патрэскваюць дровы ў каміне ды паскрыпвае механізм у старым хранометры, які вісеў на сцяне.
  - Што ж. Зараз я вас пакіну, - сказаў Нартас, кінуўшы позірк на хранометр. - Паднімуся да сябе наверх. Хачу зрабіць некаторыя запісы.
  - Вы кнігу пішаце? - з цікаўнасцю спытаў Памва.
  Чалавек у чорным трохі сумеўся.
  - Ну, як сказаць. Мы жывём у няпросты час. Ён варты таго, каб быць захаваным у хроніках. Ці хаця б у дзённікавых накідах. Для будучых пакаленняў. Калі, вядома, гэты свет не згіне ў полымі, як тысячу гадоў таму.
  - Мы паклапоцімся аб прынцэсе, Ваша Светласць, - сказаў Хлусік без ценю іроніі ў голасе.
  
  - Ян, а ты паедзеш на сядзібу Хільдэгерд? - спытала Нара, калі Нартас выйшаў.
  - Не ведаю, - адказаў той бясколерным голасам.
  - Мне б не хацелася развітвацца з табой, - прамовіла яна нягучна.
  - Нара, гісторыя пра прынцэсу і стражніка ў зачумленым горадзе скончылася,- сказаў Памва-Хлусік. Ён глядзеў на дзяўчынку з усмешкай. - Цяпер пачынаецца новая казка. А магчыма, нават легенда. І прыдумляць яе мы будзем самі, усе разам. У нас добра атрымліваецца.
  Убачыўшы, што вочы яе зліпаюцца, ён саскочыў з крэсла і схіліўся ў паклоне - даволі, зрэшты, нязграбна.
  - Ці не жадае Ваша Высокасць адправіцца ў ложак? Прынцэсам нягожа спаць на голай падлозе
  - Ага. Так спаць хочацца, што, здаецца, на хаду ўжо сон сню, - усміхнулася Нара. - Дзякуй, Хлусік!
  - Бывай, Ян. Да заўтра, - сказаў Памва.
  Потым, кіўнуўшы Ліце і Альбіну, ён узяў Нару за руку і павёў паўсонную дзяўчынку наверх, дзе для яе падрыхтаваны быў ложак.
  - Гатан-кхаан, - прагаварыў Альбін, праводзячы іх вачыма.
  Усеўладарка. На мове ксайлахскіх качэўнікаў "Гатан-кхаан" значыць 'Усеўладарка'.
  - А ты няблага ведаеш ксайлахскую, - заўважыла Літа.
  - Даводзілася мець справу з наёмнікамі ў свой час. Даўно гэта было.
  Ён не без намагання падняўся з лавы. Літа бачыла, што яго трохі водзіць ад стомленасці. Не дзіва. Ён амаль не спаў апошнія некалькі дзён.
  - Вы дапазна тут не сядзіце. Заўтра на сядзібу ехаць, шлях няблізкі, - сказаў Альбін.
  - А Мірка Шэлег?
  - Пачакае.
  Літа прыўзнялася і села на канапцы, спусціўшы ногі на падлогу.
  - Альбін, ты вось што мне скажы, - прамовіла яна мякка. - Я разумею, сям'я Імператара. Але што табе да нас? Да мяне вось, да Яна. Нам ты навошта дапамагаеш? Дзеля чаго?
  Ён усміхнуўся краёчкамі вуснаў.
  - Лічы, гэта за 'лядоўню' вашу падзяка. Калі б Валога тады даскакаў, я б з вамі не гутарыў зараз. Пад елкай прыкапаны бы ляжаў, побач з Сэтам.
  Літа глядзела на яго знізу ўверх. Альбін. Рамеец з Царгорада. Захопнік... Не. Проста чалавек. Проста жыве. Жыве, як умее... Яна раптам адчула цеплыню ў сэрцы. Дзіўнае, незнаёмае пачуццё, якога яна не ведала ніколі ў жыцці. Ёй захацелася падысці да яго, абняць, прыціснуцца шчакой да ягонай шчакі - і стаяць так, забыўшыся пра ўсё на свеце, проста адчуваючы яго побач... Але яна стрымала гэты парыў.
  - Добра, Альбін. Заўтра ўсё вырашым. Дабранач, - сказала яна.
  Калі яго крокі сціхлі на лесвіцы, Літа паднялася з канапкі і села на падлозе ля каміна. Яна глядзела на брата.
  - Ян, ты верыш гэтаму Нартасу? - спытала яна.
  Ён пацепнуў плячыма.
  - Памва, здаецца, верыць.
  - Паедзем на сядзібу?
  - Ды мне без розніцы.
  Яны памаўчалі.
  - А сама ты што надумала? - спытаў Ян. - Пойдзеш Воўчака даганяць?
  Літа пахітала галавой.
  - Не. Я не магу больш яму давяраць. Альбін сказаў, што ўсё было падстроена знарок. І мяцеж, і закалоты. Тут проста счапіліся два варагуючыя лагеры. Людзі Аўгусты і Савет Наглядчыкаў на чале з Севастам. Грызуцца за трон. А мы для іх толькі разменная манета. Воўчак усё ведаў, і таксама гуляўся ў гэтыя гульні.
  - А я ж табе казаў, што ён прайдзісвет, - Ян раптам ціхенька засмяяўся.
  - Ян! - сказала Літа з прыкрасцю.
  - А што, хіба не? І я меў рацыю, калі даў яму па зубах тады. У Вільску яшчэ, помніш?
  Яна хмыкнула.
  - Па-мойму, якраз наадварот было.
  - Лухта. Ты проста не ўсё бачыла. Ладна, праехалі. Ты бачыш гэта?
  Ён расціснуў пальцы. На яго далоні ляжала шкляная капсула на тонкім ланцужку. Літа злёгку нахмурылася.
  - Ну бачу, і што?
  - Сам не ведаю, чаго я чакаў. Цуду нейкага, знаку. Алаіс вось не чакаў. Вырашыў адразу. Хаця, напэўна, ён страціў значна больш, чым я.
  - Мне балюча гэта чуць, - сказала Літа, і голас яе задрыжаў.
  - Ну прабач.
  Ён працягнуў руку да каміна і кінуў капсулу ў агонь. Шкляны фіал лопнуў, запахла горкім міндалем.
  - Вось так, - сказаў Ян.
  Літа сядзела, гледзячы ў агонь, яе рука ляжала ў руцэ брата.
  - Па-мойму, ён прапанаваў мне выбар. Гэты, з лютняй. Нара потым размаўляла з ім на дзядзінцы. Я іх не чуў. Вырашыў нават, што Нара ўсё прыдумала. Але не, усё так і было. Проста ён так захацеў. Граў на лютні каля храма, нябачны нікому, апроч Нары. Літа, ён не ўвасабленне зла. Людзі баяцца яго, таму што нічога пра яго не ведаюць. Альбо ведалі, ды забыліся. І тыя, з Багны, зусім не тое, што пра іх думаюць. Яны не шкодзяць людзям, а наадварот, спрабуюць дапамагчы. Помніш, што Нартас расказваў?
  - Мне тут цяжка штосьці казаць, - павольна прагаварыла Літа. - У добрыя намеры нежыці я не веру...
  - Гэта не нежыць.
  - Можа, і так. Я нічога не ведаю ні пра Ангхі, ні пра мройцаў. Магчыма, яны сапраўды выконваюць волю Творцы. А магчыма, яны маюць нейкія свае задумы, нам незразумелыя. Я, шчыра кажучы, не хачу пра гэта думаць. Мне проста ўсцешна, што ты абраў жыццё, а не смерць, Ян.
  
  ***
  
  На вяршыні замкавай гары, дзе некалі ўзвышаліся крапасныя муры, стаялі двое. Старац і юнак. Абодва высокія і станістыя, апранутыя ў традыцыйныя адзенні - доўгія падперазаныя каптаны і шапкі з адваротамі. Стары быў сівы і даўгавусы, з суровым шыракаскулым тварам і вачыма колеру волава. Яго светла-шэры каптан быў падпяразаны шырокім гафтаваным поясам. Чорнавалосы юнак, які стаяў побач, апрануты быў, як рамеец - пунсовы, расшыты золатам каптан з сінімі адваротамі і пояс васількова-сіняга колеру. Занадта ярка, быць можа, але гэты ўбор быў яму да твару. Старац і юнак стаялі поруч і глядзелі на ціхі, засыпаны снегам горад, які ляжаў каля іх ног.
  - Ангхі, - прамовіў старац, парушыўшы маўчанне. - Твае метады заўсёды мяне трохі бянтэжылі.
  - Я, прынамсі, штосьці раблю, - сказаў юнак, не адрываючы позірку ад горада.
  Старац пахітаў галавой.
  - Усё яшчэ спадзяешся вызваліць свой народ? - спытаў ён.
  - Так, Локіс. Усё яшчэ, - коратка адказаў юнак.
  - Аднак дар Творцы яны страцілі. І гонару ў іх больш няма, засталася адна ганарлівасць.
  - Яны не такія безнадзейныя, як табе здаецца, Локіс, - запярэчыў юнак.
  Старац толькі нявесела ўсміхнуўся, але спрачацца не стаў. Уздыхнуўшы ціхенька: "Эх!..", ён паднёс да грудзей трохструнную семгальскую скрыпку, якую трымаў у руках, і крануў струны смыком.
  
  Над старым горадам, раскінуўшы зорныя крылы, лунала ноч, а людзям, якія мірна спалі ў сваіх дамах, снілася музыка балотнай скрыпкі - знаёмая, але амаль забытая, таму што ў Паўночнай Правінцыі яе не чулі ўжо цэлых дванаццаць гадоў. Мелодыя гучала ўсё мацней, ляцела далей і далей, над лясамі і балотамі, да мора, за край зямлі, дзе ў цямноцці воды зямныя зрынаюцца ў бездань, а дэманы хаосу чакаюць, калі нябачны, безаблічны Вандроўнік зноў закліча іх у свет, у якім больш не будзе людзей.
  - Яны не такія безнадзейныя, - паўтарыў юнак. - Год тысячны надышоў, але трохі часу ў іх яшчэ ёсць. І ў нас з табой таксама, братка. Ён стаяў, прыціскаючы да грудзей лютню, яго пальцы лёгенька дакраналіся струн, але гэтым разам лютня яго маўчала.
 Ваша оценка:

РЕКЛАМА: популярное на Lit-Era.com  
  В.Свободина "Изгоним, защитим, приворожим. Контора магии "Добрые дела"" (Юмористическое фэнтези) | | К.Корр "Секретарь дьявола или черти танцуют ламбаду " (Приключенческое фэнтези) | | М.Акулова "Вдох-выдох" (Любовные романы) | | I.La "Игрушка для босса" (Любовные романы) | | В.Крымова "Запасной жених" (Любовное фэнтези) | | О.Валентеева "Вместо тебя" (Юмористическое фэнтези) | | А.Хоуп "Тайна Чёрного дракона" (Любовная фантастика) | | Д.Хант "Мидгард. Грани миров." (Любовная фантастика) | | А.Анжело "Сандарская академия магии. Carpe Diem." (Любовное фэнтези) | | В.Свободина "Преданная помощница для короля " (Современный любовный роман) | |
Связаться с программистом сайта.
Новые книги авторов СИ, вышедшие из печати:
М.Эльденберт "Заклятые супруги.Золотая мгла" Г.Гончарова "Тайяна.Раскрыть крылья" И.Арьяр "Лорды гор.Белое пламя" В.Шихарева "Чертополох.Излом" М.Лазарева "Фрейлина королевской безопасности" С.Бакшеев "Похищение со многими неизвестными" Л.Каури "Золушка вне закона" А.Лисина "Профессиональный некромант.Мэтр на охоте" Б.Вонсович "Эрна Штерн и два ее брака" А.Лис "Маг и его кошка"
Как попасть в этoт список
Сайт - "Художники" .. || .. Доска об'явлений "Книги"