Я не ведаю, мне не помнiцца,
Што схавана за словам "вольнiца",
Што закладзена ў тыя колеры,
Што ў сцягах трапечуць i ў полымi,
У снягах i бабулiнай вопратцы...
Я не ведаю, мне не помнiцца...
I чаму тут гавораць моваю -
"Языком" не гавораць цi "ензыкам",
Ды не спiкаюць нейкiм "лэнгвiджам"...
Я - тутэйшы... Ды ўсё незнаёмае
Для мяне ў тутэйшых ваколiцах,
I адно на язык мой просiцца:
Я не ведаю, мне не помнiцца...
Невядомае, патаемнае...
Ды някiдкае, не блiскучае,
Затаптана i ўшчэнт патрушчана...
Што ж маiмi бруiцца венамi,
Што ж мне дорыць штоночы бяссоннiцу?
Ды адказу няма i паўторыцца:
Я не ведаю, мне не помнiцца...
2000, студзень - люты, 11, пятнiца, 12:37
|