Курчанкова Кристина : другие произведения.

3. Перакулены келiх слоw

Самиздат: [Регистрация] [Найти] [Рейтинги] [Обсуждения] [Новинки] [Обзоры] [Помощь|Техвопросы]
Ссылки:


 Ваша оценка:


ПЕРАКУЛЕНЫ КЕЛIХ СЛОW

   Я часта бачу гэты сон. Як першародны хаос варушаць крыламi анёлы. Нiбы мятлушкi, што завязлi w бурштыне.
   Закiпаюць марфемы, часцiнкi, складнiкi. Яшчэ не прагучала слова. Пачуццё, колер i гук - адно. Няма падзелу мiж пахам i крыкам, акiянам i берагам, цiшынёй i холадам, маланкай i сонцам. Гэта не карцiнка або адчуванне, не цеплыня або настрой, не дотык або пэwнасць.
   Гэта келiх першароднага хаосу, якi крыламi варушаць анёлы, - у руках Госпада.

* * *

   Мой муж быw з секты пажыральнiкаw слоw. Яны хацелi наблiзiць канец свету, а свет - гэта iснаванне зацвярдзелых словаw, - i яны паглыналi словы, знiшчалi словы. Так, так! Лiтаральна, знiшчалi.
   Выдзiралi словы з кнiг, скручвалi пальцамi w шурпатыя чорна-белыя шарыкi i глыталi.
   Камянямi размiналi вокладкi - кардон, паwкардон - адрывалi кавалкi, адкусвалi, жавалi - i глыталi.
   Iм вельмi трэба было знiшчыць свет. Таму яны трушчылi палiцы: пiлавалi, секлi, калi было мажлiва - проста ламалi рукамi, на дошчачкi, на лучынкi, на трэсачкi, на пiлавiнне. I глыталi.
   Разразалi, iрвалi вопратку, цягнулi нiтку за нiткай - i глыталi!
   Мусiць, яны былi вельмi галодныя на словы, бо разбiвалi камп'ютары, на дробныя аскепачкi, манiторы - на шкельцы, мiкрасхемы на дроцiкi - i глыталi...
   Тапталi посуд, мэблю, зрывалi з вокнаw фiранкi, хапалi кветкi з прываконняw, бiлi вокны, злiзвалi з сценаw шпалеры, узрывалi падлогу - жэрлi!
   Шкло, метал, пластык, дрэва, паперу...
   У пясок размiналi цэглу разбураных дамоw - i глыталi, захлынаючыся слiнай i крывёю.
   Яны выходзiлi на вулiцы - голыя, бясслоwныя, набiралi w жменi зямлю - i елi... Хадзiлi чуткi, што яны елi i адно аднаго, але я не хачу гэтаму верыць.
   I што вы думалi б?.. Словы wсё адно выходзiлi з iх - з крывёю i слязамi, з потам i ванiтамi. Зямля ды нябёсы! Што гэта былi за словы!!! Словы апальвалi iм вантробы, крывянiлi, раздзiралi знутры - помсцiлi. Большасць пажыральнiкаw словаw былi забiтыя з'етымi словамi.
   Словы дрэнна стравуюцца - што i патрабавалася даказаць.
   Ён ляжаw на ганку майго дома, на ягоным твары струменьчыкi слёз, дажджу, бруду i крывi злiлiся w адно слова-раку:
   - Мама, мама, мама...

* * *

   Я жыла w постiнфармацыйную эпоху. Ад нараджэння чакала канца свету. Бо на пачатку было слова, а w дзень майго з'яwлення на свет слоw не стала. Дакладней, словаw было поwна, але СЛОВА - не стала. Некалi слова было богам, потым спусцела. Калi словы пакiнуw Госпад, хто - хто?! - пасялiwся w iх?
   Што i казаць, тыя, папярэднiкi, у iнфармацыйны век, слова абагаwлялi, а мне дык падаецца, адно нарабiлi стодаw ды iдалаw: расклалi словы на гукi i марфемы - заварылi новы хаос. А нам у iм цялёпкацца.
   Я была з секты бiблiятэкараw (у нас было безлiч розных сектаw, мы wсе працавалi на раскопках вялiзнага сметнiку словаw). Штодня я блукала w слоwным хаосе мiж кнiжных палiцаw. Знаходзiла патрэбныя тамiны i выносiла на wкрыжаванне, на закляцце, на праклён, на вывучэнне, на гвалт. Спустошаныя, рассакрэчаныя i вытрыбушаныя трупiкi кнiг я ставiла на месцы. Я працавала w трупярнi, на самых вялiкiх у свеце могiлках словаw.
   Я была бiблiятэкаркай, а мой муж - пажыральнiкам словаw. Я знайшла яго на ганку. Ён прасiw пiць. Можа, у гэта цяжка паверыць, але w мяне нiхто i нiколi не прасiw пiць. Мне задавалi тысячы бязглуздых пытанняw, а ягоныя пытаннi былi такiя мiлыя. Ён хацеw пiць. Ён спытаw маё iмя. Ён узяw маю руку i папрасiw не сыходзiць. Я закахалася w яго, бо ён нiчога не папрасiw у мяне пачытаць.

* * *

   Штовечар мы шпацыравалi пустымi вулкамi нашага нелюбiмага горада. Гэтак мы i wбачылi пачатак эпiдэмii.
   Восень везлi па горадзе w старым сапсаваным аwто. Лупатая тэхдапамога цягнула на платформе пакамячаную ржавую восень. Парэпаную, з падбiтымi вокнамi, без колаw... ды шляхетнасць узросту - у кожным выгiне корпуса, у поглядзе фараw, паставе.
   Праз увесь горад восень цягнулi на звалку. Такую цацачку - на ламачча.
   Мы бачылi: пакуль машына стаяла на святлафоры, схiлiлася бярозка, правяла лiсточкамi па шурпатым аwтамабiльчыку, пашкадавала, прылашчыла. I сутаргава выхапiла галiнку. Позна! Лушпiнка ржы прыстала да лiстка. Шкадаванне - перадвосеньскi сiмптом тугi i самоты.
   Загайдалiся спалоханыя дрэвы - iржа восенi папаwзла па лiстоце. Давайце wсе разам, хiстайма галiнкамi - яшчэ, яшчэ - скiньма хворыя лiсточкi. Можа, не позна...
   Позна! Чума восенi wвайшла w горад. Iржу восенi не змыць дажджам. Заразу восенi не перамагчы трупярам дворнiкам. Колькi нi спальвай гэтую вядзьмарку (вочы зялёныя, а валасы - рудыя, iржавыя!) - яна попелам, попелам горнецца да каранёw, абдымае, прыцiскаецца да ствалоw, лашчыцца - распуснiца!
   Цела - на звалку, на звалку. Але душа восенi, чума восенi тутака; мiж людзей - туга, мiж дрэваw - туга, мiж птушак - галашэнне. Хто паспеw - эмiграцыя, хто застаwся - у карантыне. Мы чулi (толькi мы?) паwсюдны лямант: "Мы ж казалi, казалi: зарапады - на чуму, на чуму! Мы казалi, казалi, казалi: не чапай iржу, не чапай iржу!"
   Позна. Восень у горадзе. Эпiдэмiя. Можа, выжывем, можа, атруцiмся: iржой, тугой, попелам. Лiтасцi, Вашамосць Восень, лiтасцi!
   Прыйдзе хiрург зiма, дасць наркоз, навядзе санiтарыю. Позна... Ад гэтага няма ратунку. Вiрус восенi скруцiwся гадзюкай у грудзёх i смокча сэрца.
   Не кранай iржу, iнакш зноw - хранiчная восень.

* * *

   Мой муж задаваw мiлыя пытаннi ды апавядаw дзiвосныя гiсторыi. Ён сцвярджаw, што мы wсе асуджаныя, мы смяротна хворыя w шалёным iржавым горадзе. Наша зараза перадаецца паветраным шляхам са словамi, праз слiзiстую абалонку вачэй пры кантакце з друкаванымi лiтарамi, а асаблiва чуллiвыя падхоплiваюць нат думкi.
   Мы хворыя на ерасi. З таго дня, як словы нашы спустошылiся, мы лепiм з iх усё новых стодаw. Мой муж, ён сам змянiw тузiн розных сектаw.
   Ён паглынаw словы, а перад тым паляваw на iх (я так i не wцямiла, як ён адрознiваw драпежныя словы ад свойскiх). А перад тым ён прыносiw словам ахвяры. Перад тым - сам ствараw словы, ажыwляw чужыя словы; ажыwляw рэчы, каб ажывiць словы, ствараw рэчы, каб стварыць словы. А перад тым тыдзень свайго жыцця ён прабавiw словам ствараючы свет (ён сцвярджае, што задумка wдалася, трэ толькi дабрацца да таго свету; я не спяшаюся).
   Ён апавядаw:
   - Мы спрабавалi вярнуць мёртвыя мовы. Вось вы клiчаце чайку - "кiрля", а мы клiкалi - "мэва".
   А я казала яму:
   - Я клiкала б чайку - "чайка". Толькi яны не залятаюць у наш горад. I не адгукаюцца.
   Ён жахаwся:
   - Мэвы не залятаюць у наш горад! Мы асуджаныя! Мы даwно вымiраем. У нас болей не нараджаюцца дзецi.
   А я яму:
   - Тады чаму вы шукалi словы замест таго, каб нараджаць дзяцей?
   I вось тут я зразумела, што сказала нештачка не тое. Бо мой муж уляпаwся w новую ерась. Ерасi чаплялiся да яго, нiбы дзядоwнiк да поwсцi эрдэльтэр'ера. Ён выдумаw, што свет уратуе Любоw, i кiнуwся шукаць яе w нашым дымна-мглiстым горадзе.
   Ён загаворваw з дзецьмi. Але тутэйшыя дзецi не звыклiся, каб з iмi загаворвалi: яны wцякалi або даставалi з кiшэнi камянi. Потым я залечвала сiнякi i ранкi майго няwрымслiвага мужа.
   Ён даганяw рэдкiх мiнакоw i маляваw перад iмi крэйдай рыбу, спадзеючыся знайсцi нашчадкаw хрысцiянаw. Дарэмна!
   Некалькi дзён ён праседзеw у аблозе руiнаw апошняй царквы (я насiла яму сняданак i вячэру). Ён гутарыw з патрэсканымi фрэскамi, цалаваw былую пазалоту выцвiлых абразоw. I чакаw таемнае лiтургii. Ён абышоw усе ваколiцы гораду w пошуках хоць якое святынi. Ён уверыw, што варта знайсцi дзе шматок асвечанага слова, пачуць хоць жменю асвечаных гукаw - i мы wратуем свет.
   А я штодня бадзялася w кнiжных скляпеннях, перасоwваючы пудзiлы слоw з месца на месца, расстаwляючы слоiкi з прэпараванымi словамi, выкладаючы мазаiку са слоwных скурак, не ведаючы, што з палiцаw пустымi зрэнкамi абяздушаных слоw-зомбi мяне цiкуюць пачвары, тысячы кардонных страшыдлаw распачалi сезон палявання.

* * *

   Я сказала старэйшай бiблiятэкарцы, што чакаю дзiця. А яна адказала мне, што гэта ёсць дзiвацтвам з майго боку, хоць бы таму, што дзяцей у чытальныя залы не дапускаюць.
   Потым
   яна
   зачынiла дзверы
   на ключ,
   апусцiлася
   на чацвярэнькi
   i папаwзла w паwзмрок калiдораw.
   Уздыхнулi звяры на палiцах, зашыпелi, высоwваючы тонкiя доwгiя языкi, заскрыгаталi луской, устрасянулiся, зарыкалi, падпаwзаючы да краю палiцаw, падбiраючыся для скоку. Вузкiмi калiдорамi, ад падлогi да столi загрувашчанымi кнiгамi, я марудна iшла за звар'яцелай бiблiятэкаркай i назiрала, як ажываюць вакол мяне папяровыя пудзiлы, як устаюць з палiцаw-трунаw паwзгнiлыя папяровыя мерцвякi.
   У далёкiм закутку кнiгасховiшча, у аддзеле самай рэдкай i самай каштоwнай кнiгi, дзе спачываюць набальзамаваныя рукапiсы-фараоны, дзе зiхцяць залатыя аклады-маскi, я wбачыла шэрагi папяровых гнёздаw, звiтых з вырваных старонак, уцепленых газетамi, умацаваных каштоwнымi пераплётамi. Старэйшая бiблiятэкарка, не падымаючыся на ногi, зняла з палiцы пажаwцелы скрутак, адкусiла кавалак пергаменту з цялячай скуры, разжавала, выплюнула на пальцы - i з усмешкай замiлавання паклала w гняздо.
   Праз прыцемкi кнiгасховiшча я паспела заwважыць, праз прыцемкi i праз свой адчайны кiдок да ключоw, праз кароткую барацьбу, праз вусцiш, слёзы, спачуванне i жуду я паспела заwважыць - i гэта засталося перад маiмi вачыма, пакуль я бегла бясконцымi бiблiятэчнымi лабiрынтамi, а з палiцаw, намагаючыся wкусiць, падрапаць, ударыць, на мяне падалi кнiгi i крычалi-крычалi-крычалi сотнямi моw, так што слых ужо не wспрымаw, цiшыня вакол або аглушальныя грымоты; я паспела заwважыць i паспела выскачыць за дзверы, замкнуць iх, выкiнуць ключы, я дабегла да дома i доwга не магла супакоiцца на грудзёх майго мужа, бо я паспела заwважыць, бо перад маiмi вачыма былi папяровыя гнёзды-гнёзды-гнёзды з голымi ружоваскурымi пацучанятамi, якiя прагна раскрывалi пашчы.

* * *

   Тым самым вечарам мы пакiнулi гэты асуджаны горад, мы неслi ягоную заразу w сваiх сэрцах, але беглi, беглi далей i далей ад гэтых абрыдлых муроw. Мой муж вёw мяне да закiнутага хутара недзе w гушчарах не-гораду (а значыць, за краем свету), туды, дзе некалi была база секты вяртальнiкаw словаw. Мы спяшалiся, калi моцы не ставала, муж нёс мяне на руках. Мы старалiся крочыць па камянёх або ручаiнах, каб не пакiдаць слядоw. Мы ведалi: пацукi растуць хутка.
   Мы знайшлi старую хацiну i адваявалi яе w палёвак, дзiкiх сабак i шашалю. У вялiзным каваным куфры нас чакаw запас крупаw i белыя шытыя пантофлiкi для немаwляцi. Я абула iх свайму сыну, якi бязгучна нарадзiwся мiж ноччу i золкам у час утрапёнай бойкi зiмы з вясною. У комiне роw вецер, за сценамi лямантавалi ваwкi, я крычала i крычаw мой муж. Толькi наш сын маwчаw.
   Ён маwчаw, пакуль нараджаwся, маwчаw, калi хацеw есцi, калi абпальваwся ад печы, калi плакаw (ён позна навучыwся хадзiць), калi бацька апавядаw яму казкi, калi я плакала ад роспачы i стомы; калi на падворку шалелi сiвыя ваwкi i калi з выраю вярталiся ластаwкi; ён маwчаw нават калi вецер з гораду прыносiw пах дыму, абвяшчаючы чарговую восень.
   Мы рабiлi wсё, пра што раней толькi чыталi: абраблялi зямлю, палявалi, ткалi, вынаходзiлi даwно састарэлыя рэчы, гадавалi сына, спадзеючыся w iм пабачыць адлюстраванне адроджанага сусвету. Позна. Вiрус восенi, зараза ржы i пустэчы - гэта спадчынная хвароба. Наш сын маwчаw. I wсё радзей мы размаwлялi мiжсобку.

* * *

   Рака адступiла. Пакiнула руды пясок ды вычварныя згiны калюжынаw-ручаiнак. Нагрэтыя сонцам сапфiры, апраwленыя цьмяным сыпкiм золатам, - i дзесяць запаветаw былi выбiтыя на сапфiравых скрыжалях. Я гадзiнамi шпацыравала w тых лабiрынтах пяску i вады, прапускала пясок праз пальцы, зазiрала w азёрцы. Якiя запаветы схаваныя там, дзе зыбкая не-зямля не дае мне wпасцi w перакуленыя нябёсы?
   Сецiва хваляw, спляценне граматык. Я развучылася чытаць.
   Цягнуцца да мяне рукi падводнай травы. Можа, яны навучылi б мяне, ды я гiдаюся iх пяшчоты. Сноwдаюць рыбкi-шкаляры, цiкаwныя першакласнiкi.
   На мокрым пяску сплялiся, зблыталiся адбiткi: дзiкага сабакi-пераростка, прыручанай заwчора коткi, балбатлiвых няwседлiвых плiсак, кiрляw (мэваw?), буслоw... i босыя ножкi майго сына. Вось яны побач, поруч - буслiны гатычны шрыфт i пiктаграмы дзiцячых слядкоw, аднолькавыя w даwжыню, быццам крочылi аднагодкi, браты-блiзняты прыбеглi пагарэзiць-паплёскацца.
   Ласая, лёзная котка-рака шурпатым язычком хвалi злiзвае з берагу адбiткi - нiбы лакае цёплы сырадой пяску.
   На водмелi, там, дзе вада толькi-толькi прыкрывае дно, смаwжы-палiглоты цягнуць перламутравыя кнiгi-хаткi. Пад уражаннем ад прачытанага пакiдаюць дзiwныя сляды: я бачыла там альфы i амегi, карэйскiя iероглiфы, японскую катакану i арабскую вязь - усё чужыя граматыкi. Я не магу прачытаць шыфроwку. Можа, таму што кнiгалюбаw-смаwжоw палююць шпiёнкi-кiрлi? На пяску - пустыя ракаwкi, разораныя вокладкi, пераплёты без змесцiва.
   Я wглядаюся w лiнаванае ветрам на дзюны дно, клетку хваляw, неруш пяску, мазаiку лiстоты на iншым беразе. Я вучуся чытаць. Маю зямлю. Яшчэ не wмеючы як след размаwляць з ёю, спрабую вывучыць яе абэцэду. Я забылася на wсе прачытаныя некалi кнiгi, вымаwленыя словы. Перада мною - новы лемантар... Адгарнула першую старонку. Якiя малюнкi!

* * *

   Даспявалi жнiвеньскiя зоркi. Знiчкi з неба падалi w расу, кацiлiся да самых ног: халодныя, мокрыя, свежыя. Я думала - пераспелыя, ажно апынулася кiслыя. Значыць, дзiчкi. Але ж якi wраджайны год на зоркi: сыплюцца i сыплюцца. А зарапады - на чуму, на чуму!
   Вецер верасня wварваwся w жнiвень, зламаw старую дуплiстую лiпу, натрос знiчак-дзiчак, прынёс холад, пах дыму i новую ерась. Што дзядоwнiкам прыстала да мужавых кучараw. Ён уверыw, што зможа навучыць нашага сына чытаць! Для гэтага не хапала дробязi: лемантара i нашага сына. Вось ужо тыдзень, як ён не начаваw дома (усё даганяw буслянятаw, якiя вучылiся лётаць i таму доwга бадзялiся па зямлi).
   Мой муж вырашыw пачаць з найбольш простага. З лемантара. Ён схацеw вярнуцца w горад, у бiблiятэку. Я казала яму: "Лоце, не азiрайся на Гамору". Я паwтарала: "Лоце, не варушы попел Садома".
   Але вось - ён сышоw. Я ж засталася з ненажэрнымi кiрлямi, цяжарнай коткай, пахаладзелай за ноч ракой i бадзяжным бясслоwным сынам. Адна wцеха - набiраць у жменi сыпкае цьмянае золата, высыпаць яго w сецiва хваляw... i здалёк назiраць за сынам.

* * *

   Мой сын даганяw няwклюдных буслянятаw - i плакаw, калi яны, няспрытна лопаючы крыламi, падымалiся на старую сухую лазу. Мой сын падкрадаwся да вёрткiх плiсак - i раззлавана тупаw ножкай, калi яны праносiлiся над самай дарогай, толькi працягнi руку. Мой сын нястомна хадзiw за ненаедамi-галубамi - а яны дык нат не wзляталi: балбаталi i перавальвалiся далей, але не давалiся w рукi.
   Я гукала яго, спрабавала вярнуць, адгаварыць. Ён моwчкi глядзеw на мяне i сыходзiw да сваёй забавы.
   "А можа!" - вера дзiцяцi. А можа, Уладарства Нябеснае прыйдзе сёння. А можа, менавiта сёння?! Сёння - голуб сядзе на далонь. Сёння - утрымаю плiску, вераб'я, сiнiцу. Потым адпушчу, толькi крыху патрымаю. Ну адкуль ты, мамка, ведаеш, што яшчэ рана? Сёння - верхам на бусла.
   Рыхтуюцца w вырай ластаwкi. "Мае!" - цягне сын рукi да неба, сцiскае кулачкi з маwклiвай тугой.
   "Мае" - упэwненасць Адама w Эдэме.
   - Сынку, сынку, той Адам не слухай Бацьку. Вось i яго больш не слухаюцца птушкi... На табе курку. I слухайся.
   Курку не хоча, хоча буслiка! Ну што з iм зробiш. Калi не будзе мой сын штодня правяраць, цi не прыйшло Яно, раптам я прапушчу Уладарства Божае?! Хай сабе ганяе галубоw. Не дагонiць - паплача, суцешыцца. Як не плакаць без Царства Божага. I я паплачу.
   Гулi-гулi-гушкi, прыляцелi птушкi,
   Мы насыпем жыта - будуць птушкi сыты...
   Глядзi, ужо не баяцца. А раптам - заwтра, заwтра!

* * *

   Дымам цягнула wвесь месяц. Мой сын не вяртаwся w хату. Птушкi адляцелi, кiруючы на Поwнач. Котка нарадзiла нямых кацянятаw. Дзiкi сабака wпаляваw трох пацукоw. Калi w мяне закончылiся слёзы, на зямлю абрынулiся вераснёwскiя залевы, напоwнiлi раку (i сцерлi мае лабiрынты), замясiлi бруд на дарозе, змылi дым з неба. I вось тады вярнуwся мой муж: худы, перапэцканы мокрым попелам, з абгарэлымi валасамi i далоньмi, з мёртвымi, абгарэлымi вачыма. Без лемантара.
   Праз калючае абстрыжанае поле ён iшоw... не да нашай хаты, а некуды наwзбоч. Калi б я не сустрэла яго, ён, мабыць, прамiнуw бы прэчкi. Ён глядзеw паwз мяне. Я не ведала, што сказаць, проста wзяла яго за руку. Тады ён спынiwся. I апавёw.
   Ён не знайшоw лемантара на агнiшчы апошняй бiблiятэкi. Ён прайшоw праз агонь Гаморы, але потым заблукаw у вуглях Садома. Там ён назiраw, як варушацца w пекле агменю бясслоwныя папяловыя людзi з пацучынымi хвастамi, як шпацыруюць на заднiх лапах i балбочуць рознымi мовамi пацукi з чалавечымi тварамi.
   Купальскiмi вогнiшчамi палалi гарады - ён бачыw; ён бачыw, як праз тыя вогнiшчы скакалi п'яныя вясёлыя бесы. Ён апавёw, што наша хворая, чумная краiна прынялася ад прыску згарэлай лiстоты - сухое вецце добра гарыць.
   Ён не знайшоw лемантара. Ён нёс свайму сыну апошнюю Бiблiю. А яна згасала w ягоных руках. Памяранцава-залатыя чарвячкi смакталi старонку за старонкай. Iх немагчыма было стрэсцi, загаварыць або знiшчыць пяском цi слязьмi. Яны сапраwды былi галодныя на слова.
   Эдэм, Бабiлон, Майсеева пустэльня i вiнаграднiк Суламiфi - згарэлi на ягонай левай далонi. Муры Ерусалiма, Батлеем, Галгофа i арфа Давiда - на правай. Ён не данёс Кнiгу. Мне падалося, што i пад скурай ягонай, у грудзёх, за вачнiцамi застаwся толькi выстылы попел. Задыхаючыся, ён спытаw, цi мовiць ягоны сын.
   - Не ведаю, - адказала я.
   Тады ён лёг на зямлю, проста на асцё сабранага wраджаю. Тварам да надвячоркавага неба. Ён трызнiw. Ён забываw словы. Ён паwтараw:
   - Мама, мова, мэва, твань... мама... мова... мэва... твань...
   I змоwк.

* * *

   Я спрабавала суцешыць яго. Што з таго, Лоце, казала я, ты бачыw пажар толькi адной бiблiятэкi, не першай i не апошняй пад гэтым небам. А калi i згарэлi колькi гарадоw (колькi?), хiба гэта wся краiна? Ты азiрнуwся, але я не дазволю табе стаць слупам.
   Яне, клiкала я, ну чаму ты вырашыw, што бачыw каней свету?! Ты страцiw толькi Кнiгу... i розум. Але ты вярнуwся, значыць, выйшлi з гораду i iншыя. Можа, такiх выгнанцаw як мы - мiльёны. Бо мы - жывыя! Жывыя?..
   Ну вось, Адаме, паwтарала я мужу, мы з табою першыя людзi на абноwленай зямлi. Мы пабудуем новы свет, тым больш, што i сына нашага клiчуць не Каiнам (ты не зважай, што ён не адгукаецца, ён вырасце i прывыкне).
   Я казала яму: Мацею, мы самi напiшам наш лемантар. Ну хочаш, мы налета збудуем ля хаты царкоwку?.. Хочаш?..
   Мёртвымi папяловымi вачыма мой муж сачыw, як прашываюць неба знiчкi. Ён страцiw мову. Я страцiла мужа. Ён застаwся па той бок агню, недзе там, дзе заблукаw у немаце наш сын.
   Я легла на асцё побач з мужам. Паранiла спiну. Я слухала, як з шыпеннем падаюць у траву за пустой хатай знiчкi. Шывок за шыwком сцягвалi яны зямлю i неба. Тужэй i тужэй, блiжэй i блiжэй. Неба знiтавалi з зямлёй знiчкi.
   Я wглядалася w перакулены келiх нябёсаw, наглыталася аблокаw i патанула. Апусцiлася на самае дно пацiра, на першародную глiну. I wбачыла, як нада мною wздрыгвае i шапацiць КРЫЛО НЕБА. Гэта, запаланiwшы wвесь далягляд келiха, абагнуwшы зямлю па коле, з выраю вярталiся буслы i анёлы. Белыя пёры адрывалiся ад крылаw, танчылi w паветры...

* * *

   - Мама!
   Напэwна, я памерла.
   - Мама!
   Ва wсялякiм выпадку, нараджацца нанова было надта мулка. Хваля болю працяла мяне - ад сэрца, штуршкамi, штуршкамi, да рук i да скроняw.
   - Мама!!!
   - Сынку?!
   Гэты крык, ён разануw мяне, ён болем, плачам, вусцiшшу wдарыw мяне, падхапiw на ногi... i пазбавiw моцы.
   - Мама!
   Я спяшалася. Спатыкалася, падала, падымалася, падала, падымалася, бегла. Я ведала, што спазнюся, i загадзя галасiла над сабою, над сваiм нежывым мужам, над яго абпаленымi вачыма, над спапялёным сэрцам, над згарэлымi гарадамi, над пустой хатай, над нямымi кацянятамi, самотным дзiкiм сабакам, над галоднымi сiвымi ваwкамi, над страчаным Эдэмам i забiтым Авелем... Я выплакала wвесь згiнулы свет - бо мой сын клiкаw мяне, а я не магла дабегчы!
   Не адразу я заwважыла, праз слёзы, праз лядзяны адчай на сэрцы, праз жах страты - я зноwку i зноwку падала, гора маё было нязводным, як войска анёлаw, i невычэрпным, як келiх хаосу, - я не адразу заwважыла i не адразу пачула, праз усхлiпы, праз енк, праз барабаны пульсу wвушшу, праз боль i вусцiш, бо не адразу згадала мову - словы прыходзiлi да мяне пакрысе, кiслыя, як жнiвеньскiя знiчкi; я не адразу пачула - што, захлынаючыся ад словаw i аблокаw, якiя заблыталiся w пустазеллi, мой сын апавядае нешта бацьку; я не адразу пачула i не адразу wбачыла - што мой муж стаiць на каленях перад сынам, абдымае яго i выцiрае яму са шчок бруд, - я wбачыла гэта не адразу.
   - БУ... - казаw наш сын.
   - Балiць?.. Бука?.. Бура?.. Бульба?.. Будан?.. Бук?..
   Мы з мужам узгадвалi словы, разам, наноw нараджалi мову - як гэта было балюча!
   - БУ-СЬКА...
   - Буська!
   Буська ходзiць па гародзе. Наш буська. Вярнуwся. Не злятае. Буслiчак!
   Не ведаю, цi бачылi яны, мой муж i мой сын, неба, захiнутае мноствам крылаw, цi бачылi яны шыхты зiхоткiх анёлаw, што спускалiся па празрыстай лесвiцы на глiнiстае дно нашага пацiра, не ведаю, цi адчулi яны, мой сын i мой муж, як уздрыгнуw наш келiх, як пабеглi па iм хвалi, калi з хаосу гукаw, колераw i пачуццяw крышталiзавалася Першае Слова. Я сама ледзьве заwважыла wсё гэта. Я глядзела w вочы маiм любым - i w вачох iхнiх я бачыла НОВУЮ ЗЯМЛЮ
   I НОВАЕ НЕБА.

 Ваша оценка:

Связаться с программистом сайта.

Новые книги авторов СИ, вышедшие из печати:
О.Болдырева "Крадуш. Чужие души" М.Николаев "Вторжение на Землю"

Как попасть в этoт список
Сайт - "Художники" .. || .. Доска об'явлений "Книги"