Аннотация: Тэзысы з разважаньняѓ беларускага філёзафа Алега Бабкова
Алег Бабкоў. Некаторыя тэзісы зь лекцыі "Гісторыя беларускай думкі"
1. На мяжы 8-9 ст. - традыцыйнае грамадзтва з трох стратаў (групаў): сьвятары, ваяры, аратыя. На тэрыторыі Беларусі - сымбіёз балтаў і славян (прынамсі што тычыцца крывічэй).
2. На мяжы 9-10 ст. - два магутныя цывілізацыйныя штуршкі, два ўдары, своеасаблівая цывілізацыйная катастрофа для тагачаснага традыцыйнага грамадзтва. Адзін удар - з поўначы, і гэта варагі. Другі ўдар - з поўдня, і гэта грэкі або Бізантыя. Дзякуючы прыходу варагаў стракатая этна-культурная мазаіка замяняецца на рускія княствы й княжаньне. Дзякуючы прыходу, (інтэлектуальнаму і фізічнаму) грэкаў адбываецца выцісканьне з гэтай сацыяльнай структуры язычніцтва й устанаўленьне на гэтым месцы цалкам іншай інфраструктуры. Катастрофа таму, што грамадзтва, якое магло б існаваць далей і арганічна разьвівацца, як, напрыклад, стараіндыйскае грамадзтва, перерабудоўваецца. Выбіваюцца дзьве групы, і ўзьнікае тое, што мы можам назваць гібрыднай сацыяльнай арганізацыяй або структурай. То-бок на месца тутэйшых ваяроў прыходзяць варагі, з сваім этасам і з сваім тыпам культуры. На месца святароў прыходзяць грэкі.
3. Пачынаючы з 19 і ўсё 20 ст. існуе доўгая традыцыя этнічнай інтэрпрэтацыі Русі. Асабліва ў сучаснай расейскай культуры, дзе пэрыяд Русі ці Кіеўскай Русі стаў часткай гістарычнай міталёгіі, генеалягічнага міту, і сфармавалася пэўная лінія пераемнасьці. То-бок спачатку Кіеўская Русь, затым Маскоўскае княства й далей. Ясна, што ўжо ў 20 ст., асабліва калі сам тэрмін Русь і рускія стаў выкарыстоўвацца пераважна для абазначэньня велікаросаў, нашых усходніх суседзяў, то ўзьнікла рэтрасьпектыўная рыэтнізацыя гэтай сытуацыі. То-бок мы пачалі глядзець на Русь, якая паўстае ў 10-13 ст. праз прызму, воляй-няволяй, сёньняшніх этнічных стэрэатыпаў. Аднак Русь тых часоў ня мае ніякага дачыненьня да этнічнасьці, этнасу і да славянаў. Першае ўзгадваньне Русі - 839 г. у франкскай хроніцы "Вертынскія аналы". Сярод бізантыйскіх паслоў франкі сустракаюць групу людзей, якія самі сябе называлі Росьсю або Русьсю. Засьведчана, что гэтыя людзі - гэта сьвіёны або швэды, якія прыехалі не зь сяброўскай місіяй, а як шпіёны, з адпаведным лёсам. Толькі цягам часу гэтыя скандынаўскія плямёны (страта / група ваяроў) паступова непазьбежна славянізуюцца.
4. Далей паўстаюць рускія княствы і княжанні, сам тэрмін Русь пачынае выкарыстоўвацца больш шырока, у дзяржаўным кантэксьце, і ўзьнікае пісьмовая традыцыя, якая сама сябе пачынае называць рускай. Сёньня гэтая мова называецца старарускай, і на гэтай мове ўзьнікае цэлы шэраг пісьмовых тэкстаў. Натальля Якавенка, украінскі гісторык, назвала гэтую старарускую мову кіеўскім койнэ. Мелася на ўвазе, што хутчэй за ўсё не існавала ніякага этнасу, які быў бы натуральнім носьбітам старарускай мовы. Як тагачаснае грамадзтва было грамадзтвам гібрыдным, і розныя ягоныя страты (групы) належалі, па-сутнасьці, да розных этнасаў, існавалі ў розных традыцыях, то ўзьнікла патрэба ў мове камунікацыі, не прывязанай да пэўнай тэрыторыі. Хутчэй за ўсё на аснове кіеўскіх славянскіх дыялектаў і ствараецца рускае койнэ, на якім зьяўляюцца пэўныя тэксты. І гэтыя тэксты абслугоўваюць тую самую княскую традыцыю, тую самую Русь, якая помніць аб сваім скандынаўскім паходжаньні.
5. Зь іншага боку з поўдня прыходзіць грэцкая вера, зь іншым койнэ, зь іншай мовай, стараславянскай. Гэтая стараславянская мова, паводле этнічнага субстрату, зьяўляецца старабалгарскай альбо старамакедонскай. І гэтая мова таксама вельмі рана адрываецца ад этнічнай базы і пачынае выкарыстоўвацца як лінгва-франка. Стараславянская мова, па-сутнасьці, існуе только ў асяродзі славянізаваных элінаў ці эліянізаваных славянаў, то-бок на балгарска-македонска-грэцкам памежж,ы якое цягам наступных трох-чатырох стагодзяў будзе пастаўляць асноўную масу кліру, які будзе прыязджаць на паўночныя тэрыторыі й будзе ствараць аўтаномную традыцыю стараславянскае мовы.
6. У расейскай гісторыі, літаратуры, і ўвогуле ў расейскай культуры шмат сэнтыментальна-патрыятычнай рыторыкі ў дачыненьні да старарускага пэрыяду. Гэта мы можам прачытаць і ў Ліхачова, і ў Панчанкі, і нават у Аверынцава. Яны шмат пішуць пра эпічны стыль, пра патрыятызм зямлі рускай. Гэта хутчэй зацямняе рэальную сытуацію. А рэальная сытуацыя - гэта сытуацыя гібрыднага шматслойнага грамадзтва, у якім ствараюцца літаральна новыя пісьмовыя мовы, пісьмовыя традыцыі. Але калі аб'ектыўна глядзець на месца гэтых тэрыторыяў у тагачаснай Айкумене, абжытам эурапейскам сьвеце, то гэта, канечне, паўночныя правінцыі Бізантыі, асабліва ў культурным, інтэлектуальным сеньсе. Да 15 ст., калі казаць пра клір, толькі 2 чалавекі з усяго кліру былі ня грэкамі. Усе астатнія былі прыезджыя, якія выконвалі пэўную цывілізацыйную місію і закладалі гэтую традыцыю.
7. Цягам 10-13 ст. паўстае Русь ня проста як тэрыторыя, ня проста як дзяржаўнае ўтварэньне, а як пэўны культурна-ідэалягічны комплекс. То-бо як пэўная ідэнтычнасьць або, у некаторым сэньсе, як пэўная ідэя. І гэтая ідэя была вельмі складаная, у непасрэдным сэньсе слова. Яна складалася зь дзьвюх моваў, якія абслугоўвалі дзьве страты (групы): сьвятароў (грэцкую веру) і княскую традыцыю. І асноўная маса насельніцтва, то бок тыя самыя рэшткі традыцыйнага грамадзтва, застаюцца ў вёсцы, сярод тых самых аратых, якія пазбаўленыя свайго інтэлектуальнага або духоўнага складніку і свайго воінскага складніку. Вёска існуе нібыта зьверху, усе гэтыя хвалі яе не кранаюцца. І гэтая вёска зьберагае тыя самыя рэшткі традыцыйнай культуры, якая арыентаваная на рытуал, на ўзнаўленьне касьмічнага цыклу.
8. Далей да грэцкай веры далучылася лацінская вера, потым нямецкая вера (пратэстантызм), потым вунія, потым прыйшлі яўрэі зь юдаізмам, мусульманства. Усё гэта склалася ў стракатую карціну. Воінскія эліты існавалі ў межах рускай традыцыі, потым у межах літоўскай традыцыі, потым (у Рэчы Паспалітай) у межах польскай традыцыі. То-бок эліты мянялі мовы, геапалітычная арыентацыі і саму ідэнтычнасьць, у залежнасьці ад таго ці іншага культурнага пэрыяду. Адным з інварыянтаў (нязьменных часткаў) застаецца беларуская вёска, якая ад канца 9-10 ст. і да канца 20 ст. па-сутнасьці ўяўляе сабой адзін і той жа тып культуры.
9. Прыкладна з 12-13 ст. стараруская мова, альбо кіеўскае койнэ, пачынае лякалізавацца, то-бок на розных тэрыторыях усё гэта пачынае выглядаць па-рознаму. І гэтая пісьмовая традыцыя, так званая стараруская, усё больш і больш усмоктвае мясцовых словаў і ўжо, па-сутнасьці, ператвараецца ў старабеларукую мову. Але, як традыцыя ўжо склалася, то гэтая старабеларуская мова цягам доўгага часу, практычна да самага канца, называе сябе рускай. Франьцішак Скарына перакладаў на паспалітую, рускую мову, а не на старабеларукую. Гэты мы, ужо рэтрасьпектыўна, называем яе старабеларускай. Але гэтая руская мова ня мае дачыненьня да сёньняшняй Расеі і да маскоўскай традыцыі.
10. Каньчатковае атаясамленьне Русі з усходнім суседам адбылося толькі ў 17-18 ст. Каньчаткова ў 19 ст., але самі маскавіты паверылі ў тое, што яны рускія толькі ў 17-18 ст., і тое дзякуючы кіеўскім кніжнікам, якія масава уцякалі з Рэчы Паспалітай. Гэта былі выпускнікі Кіева-Магілянскай акадэміі, якія былі адукаванымі, але якіх не цанілі на радзіме, у Рэчы Паспалітай. Гэта яны стварылі теорыю "Масква - трэці Рым" і навязалі па-сутнасьці аўтархічнай (самадастатковай) маскоўскай традыцыі рускі мэсіянізм, ідэю выратаваньня суседзяў па веры. Пра гэта напісаныя манаграфіі (пераважны ўкраінцамі Гарвардзкага ўніверсітэту), то-бок дакладна прасочана як рускасьць зьмяналася і трансфармавалася цягам гісторыі і як, нарэшце рэшт, супала зь велікарускасьцю.
11. Дагэтуль усё было ня так проста. У выніку перыяда раньняга і сьпелага сярэднявечча мы маем тры вырыянта рускасьці.
12. "Русь маскоўская", праваслаўная - гэта заўсёды аўтархічная, закрытая традыцыя, якая хутчэй не пушчае да сабе іншаземцаў і іншаземныя ўплывы, якая разьвіваецца з сваіх уласных элементаў.
13. "Русь украінская" - гэта Русь аўтахтонная, якая натуральным чынам пераходзіць ў сёньняшнюю Украіну, і пры гэтым гэта Русь абаронча-мадэрнізацыйная. Гэта Русь, клясічным прыкладам якой можа зьяўляцца Кіейска-Магілянскі калегіюм (потым акадэмія), які функцыянуе цягам 16, 17, 18 ст. і гатовіць зацятых абаронцаў грэцкай веры, прычым у Рэчы Паспалітай, на тэрыторыі праціўніка, дзе пануе лацінская вера, лацінскае хрысьціянства. Іх гатовяць на лацінскай і пальскай мовах, праграма калегіюма (акадэміі) цалкам сьпісаная з праграмы Віленскай езуіцкай акадэміі. Кіеўская прафэсура падпраўляе ўсе дагматычныя разыходжаньні, якіх насамрэч не надта шмат. Пры гэтым гэта актыўныя абаронцы грэцкай веры і праваслаўнай традыцыі. Гэта Русь, якая не заканьчваецца з разгромам Кіева татарамі ў 13 ст., а якая далей працягваецца: мы маем кіеўскі рэнэсанс 15 ст. і потым Кіева-Магілянскую акадэмію. Украінцы актыўна спрачаюцца, палемізуюць з прыхільнікамі лацінізму і зьмяняюцца пад яго ўплывам.
14. "Русь беларуская" альбо нашая частка, нашая роля, нашая версія Русі альбо рускай традыцыі - хутчэй гібрыдна-сімбіятычнага тыпу. У нас не спрачаюцца, але пры гэтым уваходзяць у пэўны сымбіёз. Клясічны прыклад - гэта вунія, так званы грэка-каталіцызм, які па-сутнасьці зьяўляецца своеасаблівым перамір'ем паміж грэцкай і лацінскімі верамі.
15. Калі паглядзець як пішыцца гісторыя 10-15 ст., што выкладаецца ўкраінцам, беларусам і расейцам у школах, то расейцы гэта выкладаюць як сваё, для іх пераход ад Кіеўскай Русі да Маскоўскай выглядае ўжо чымсьці натуральным. Украінцы спрабуюць адабраць у расейцаў гэтую гісторыю і, адпаведна, пішуць пра тое, што гэта частка украінскай гісторыі, штучна прысвоеная ўсходнім суседам. Беларусы пішуць беларускую гісторыю тых часоў як гісторыю полацкага сэпаратызму, полацкай партызанкі, пра тое, як полацкія князі, і ня толькі полацкія, пры любой магчымасьці, імкнуліся адарвацца і на сваім "хутары" ўладкаваць сваё ўласнае асобнае жыцьцё.
16. Адпаведная стратэгія абіраецца праз тое, што мусіць быць гістрачны наратыў. Па вялікаму рахунку Русь, якая паўстае ў 10-13 ст., не належыць ані беларусам, ані ўкраінцам, ані расейцам. Яна належыць сама сабе, і сёньняшнія нашыя культуры - гэта культуры, якія спрабуюць ці не спрабуюць прысвоіць сабе гэтую традыцыю. Расейцы спрабуюць прысвоіць яе цалкам і пры гэтам не заўважыць беларусаў і ўкраінцаў, то бок гэтыя два варынты разьвіцьця рускасьці. Украінцы спрабуюць адабраць у расейцаў целае, хаця гэта ім не патрэбна. Украінскі гісторык, доктар навук, А. Талочка піша, што ва ўкраінскім нацыянальным каноне Кіеўская Русь шануецца, але не выкарыстоўваецца. У аснове ўкраінскай культуры ляжыць казацкі міт і зусім іншы гістарычны перыяд, і тут альбо Кіеўская Русь, альбо казацкая Украіна.