ШАЛАЙ Макар [сапр.: Шалаеў Макар Ксенафонтавіч; 17.2.1906, в. Цельцы Расонскага р-на Віцебскай вобл. - 29.10.1937, Мінск, НКВД], крытык. Скончыў партшколу ў Віцебску. У 1925-26 працаваў сакратаром Народнага дома пры выканкаме Расонаў. Член 'Беларускай літаратурна-мастацкай камуны' (1927-28). Друкаваўся ў час. 'Росквіт'. Працаваў у газ. 'Чырвонаармейская праўда'. Выступаў з рэцэнзіямі на творы П.Броўкі, А.Александровіча, Я.Скрыгана, Г.Брэскай і інш. У 1928 паступіў у БДУ (пры дапамозе наркама асветы А.Баліцкага і П.Шукайлы). Восенню 1928 стаў членам 'Маладняка', потым БелАППа. Арыштаваны 15.3.1933 па справе 'Беларускай народнай Грамады'. Пасля катаванняў быў вызвалены з дыягназам шызафрэнія, справа спынена 11.7.1933. У сярэдзіне 1930-х г. выкладаў літаратуру ў Расонскай СШ. Зноў арыштаваны 17.11.1936. Вярхоўным судом СССР 28.10.1937 прыгавораны да расстрэлу.
Літ.: Маракоў Л. 'Ён не мысліў сябе без спрэчак...' // ЛіМ. 1999, 26 лют.; Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мн., 2000.
ШАНТЫР Фабіян Гіляравіч [псеўданімы: Н.Светлов; А.Хмара; крыптанімы: Ф.Ш.; Ф.Ш-р; Фабіян Шан-р; Ш.Ф.; 23.1(4.2).1887, Слуцк - 29.5.1920, Навазыбкаў], публіцыст, празаік, паэт, перакладчык, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. За ўдзел у рэвалюцыйных падзеях зняволены ў Слуцкай турме (1905-07). У 1909 жыў у Слуцку; з 1910 у Капылі. Працаваў мулярам, адвакатам, настаўнікам. Друкавацца пачаў у газ. 'Наша ніва', дзе ў 1909-12 змяшчаў празаічныя абразкі-імпрэсіі; там жа апублікаваў некалькі паэтычных твораў. У 1914 мабілізаваны ў войска, служыў наглядчыкам палявога шпіталя ў Бабруйску. У 1916-17 удзельнічаў у рабоце клуба 'Беларуская хатка', куды прыязджаў з Бабруйска. У 1917 стаў адным з лідэраў левага крыла Беларускай сацыялістычнай грамады. На З'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый (Мінск, 25-27.3.1917) абраны ў БНК; у ліп. 1917 - у Цэнтральную раду бел. арганізацый і партый. Удзельнічаў у 1-м Усебеларускім з'ездзе (снеж. 1917). У 1918 супрацоўнік Слуцкага павятовага ваеннага камісарыята, загадчык Смаленскага аддзялення Белнацкама. Адзін з аўтараў зб. 'Зажынкі' (М., 1918). У тым жа годзе арыштаваны. У пачатку 1919 камісар па нацыянальных справах Часовага ўрада БССР. Пасля - супрацоўнік Мінскага губернскага ваеннага камісарыята і Асобай харчовай камісіі Зах. фронту. Удзельнічаў у выданні газ. 'Савецкая Беларусь'. У лют. 1920 мабілізаваны ў Чырвоную Армію. 17.4.1920 арыштаваны і расстраляны.
Тв.: Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народу. Слуцк, 1918; У час барацьбы: [Верш у прозе] // Крыніца. 1988, ? 11.
Літ.: Казбярук У. Рамантычны пошук. Мн., 1983; Гарэцкі М. Шантыр Фабіян // Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. Мн., 1992; Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993; Черепко С. Капкан. Загадка смерти наркома Фабияна Шантыра // Советская Белоруссия. 2000. 26 августа; БП, т. 6.
ШАСТАКОЎ Павел Пятровіч [1899, Мсціслаўскі пав. Магілёўскай губ. - 29.10.1937, Мінск, НКВД], рэдактар, журналіст. З 1905 працаваў настаўнікам школы граматы ў в. Шэнькаўка Мсціслаўскага пав. У 1907 паступіў у Полацкую настаўніцкую семінарыю. З 1912 настаўнічаў у Мсціславе. У жн. 1913 быў залічаны ў Віцебскі настаўніцкі інстытут. З пачаткам 1-й сусветнай вайны мабілізаваны ў войска. У 1916 стаў прапарѓшчыкам. Ваяваў на Румынскім фронце. У 1917 пераведзены ў Маскву. У пачатку 1918 вярнуўся ў Мсціслаў. Удзельнічаў у падрыхтоўцы першага павятовага з'езда Саветаў. Працаваў загадчыкам аддзела народнай асветы. Зімой 1920 прызначаны ваенным камісарам пав. Потым стаў рэдактарам павятовай газ. 'Думы бедняка', у якой публікаваў свае артыкулы і вершы. У 1920 пераехаў у Мінск. Служыў начальнікам палітасветы губваенкамата. З-за хваробы пакінуў армію. З 1921 працаваў у Мсціславе загадчыкам павятовага зямельнага аддзела. Потым быў прызначаны загадчыкам аддзела народнай асветы Магілёўскага акруговага выканкама. Пісаў нарысы і артыкулы па-беларуску і па-руску, публікаваўся ў мясцовай прэсе, у газ. 'Савецкая Беларусь'. Восенню 1926 перавеѓдзены ў Маскву, прызначаны загадчыкам бел. сектара Камуністычнага ун-та нацыянальных меншасцей Захаду імя Ю.Мархлеўскага, дзе таксама выкладаў бел. мову і літаратуру. Арганізаваў у Маскве святкаванне 20-годдзя літаратурнай дзейнасці Якуба Коласа. Быў адным з укладальнікаў зборніка артыкулаў 'Літаратурная творчасць К.М.Міцкевіча (Якуба Коласа)' (М., 1928), аўтар уступнага артыкула ў зборніку. Удзельнічаў у стварэнні Цэнтральнага беларускага клуба ў Маскве (лют. 1928), член праўлення клуба. З восені 1928 у Мінску, нам. наркама асветы БССР. Сябраваў з Я.Купалам. З чэрв. 1929 рэдактар газ. 'Рабочий'. У вер. 1929 прызначаны рэдактарам газ. 'Савецкая Беларусь', дзе публікаваў свае нарысы і артыкулы. У апошнім нумары газеты выступіў з крытыкай бюракратычных парадкаў (артыкул 'Лісты знізу'). 22.3.1933 газета была закрыта. У маі 1933 прызначаны рэдактарам газ. 'Калгаснік Беларусі'. З малавядомай зрабіў гэтую газету папулярнай сярод чытачоў і аўтараў. У жн. 1935 газета закрыта. Ш. прызначаны дырэктарам Белдзяржвыдавецтва. Арыштаваны ў пачатку 1937. Прыгавораны да расстрэлу.
Тв.: Да новых перамог на культурным фронце // Савецкая Беларусь. 1928, 14 кастр.; Лісты знізу // Тамсама. 1933, 21 сак.
Літ.: Карніловіч Э. Сябра Янкі Купалы // Маладосць. 1995, ? 10.
ШАПРАН Усевалад [?, Дзісеншчына - 1941, Мінск, НКВД], паэт. Па прафесіі медык. У 1930-я г. друкаваўся ў час. 'Шлях моладзі'. Расстраляны пры адступленні Чырвонай Арміі з Мінска.
ШАТЭРНІК Мікалай Васілевіч [11.9.1890, в. Стаѓрына Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Чэрвеньскі р-н Мінскай вобл. - 2.12.1934], мовазнавец, краязнавец, педагог. У 1914 скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам на Міншчыне (1914-29). У 1933 скончыў МВПІ. У 1933-34 выкладаў бел. мову і літаратуру ў Аршанскім педтэхнікуме. Выступаў у друку з артыкуламі на педагагічныя і метадычныя тэмы. Займаўся краязнаўчай работай, збіраў прыклады народнай дыялекталагічнай лексікі на тэрыторыі былога Ігуменскага пав., уклаў адпаведны слоўнік (каля 9 тыс. слоў). Арыштаваны ў 1934.
Тв.: Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны. Мн., 1929.
Літ.: Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навуковай дзейнасці. Мн., 1985; Беларуская мова.
ШАШАЛЕВІЧ Васіль Антонавіч [9.1.1897, паводле іншых звестак 1.1.1897, в. Мхінічы Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Краснапольскі р-н Магілёўскай вобл. - 23.10.1941, ГУЛАГ], драматург, паэт. Брат празаіка А.Мрыя. Вучыўся ў духоўным вучылішчы, у Магілёўскай духоўнай семінарыі (1910-14), Яраслаўскім юрыдычным ліцэі (1915-16). З-за матэрыяльных праблем скончыць ліцэй не здолеў. З 1917 настаўнічаў у в. Ясенцы і ў мяст. Краснаполлі на Магілёўшчыне, у Мінску. У 1918 разам з братам і сёстрамі стварыў народны тэатр у Краснаполлі, пісаў для яго аднаактоўкі. На прафесійнай сцэне яго першая драма 'Апраметная' (другая назва 'Зруйнаваная цемра') пастаўлена 16.5.1925 Беларускай тэатральнай студыяй у Маскве. У 1926-27 'Апраметная' ішла на сцэне БДТ-2, створанага на аснове Беларускай тэатральнай студыі ў Маскве. Наступная п'еса 'Змрок' была пастаўлена БДТ-1 у Мінску 30.1.1927; драма 'Сімфонія гневу' пастаўлена БДТ-1 3.3.1935. Першы верш 'Сож' апублікаваў у 1927 у час. 'Узвышша'. У другой палове 1920-х г. працаваў сцэнарыстам на кінафабрыцы. Арыштаваны ДПУ БССР у ліп. 1930 па справе 'Саюза вызвалення Беларусі'; знаходзіўся пад следствам да лют. 1931. Паўторна арыштаваны 28.10.1936; прыгавораны да 10 гадоў лагераў. У Томасінглагу для аматарскага тэатра напісаў п'есу на тэму лагернага жыцця. Змест п'есы не спадабаўся лагернаму кіраўніцтву. Ш. быў адпраўлены на лесапавал, дзе трагічѓна загінуў.
Тв.: Рой: [П'еса] // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. Мн., 1975. Т. 2; Сімфонія гневу: [П'еса] // Тэатральная Беларусь. 1992, ? 4.
Літ.: Хведаровіч М. Мой шчыры, сціплы таварыш // ЛіМ. 1977, 7 студз.; Грахоўскі С. Аўтар 'Сімфоніі гневу' // Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986; Азгур З. Гаварыў ён шчыра... Згадка пра Васіля Шашалевіча ў ягонае 90-годдзе // ЛіМ. 1987, 9 студз.; Грахоўѓскі С. Два лёсы - дзве трагедыі // Маладосць. 1988, ? 1; БП, т. 6.
ШКІЛЬТЭР Карл Юр'евіч [14.6.1891, Латвія - 4.2.1941, ГУЛАГ], гісторык, бібліёграф. Працаваў у латышскім сектары БелАН. Быў дырэктарам Дзяржаўнай бібліятэкі БССР. Арыштаваны 3.12.1937. Паводле пастановы Асобай нарады НКВД ад 10.9.1940 асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў ва Ухта-Іжэмскім лагеры, дзе і загінуў. Рэабілітаваны 24.6.1957.
Кр.: НАРБ, ІКР.
ШКЯЛЁНАК Мікалай Мікалаевіч [1899, Дзісенскі пав. Віленскай губ. - 1947, НКВД], юрыст, гісторык. Скончыў юрыдычны ф-т Віленѓскага ун-та. Кіраваў бел. студэнцкай арганізацыяй. У 1936 далучыўся да бел. нацыяналістычнага руху, у 1940 пасяліўся ў Берліне, супрацоўнічаў з газ. 'Раніца', потым быў яе рэдактарам. У 1942 накіраваны ў Мінск на работу ў Генеральны камісарыят. У 1943 увайшоў у склад БЦР, першы віцэ-прэзідэнт БЦР. Адзін з арганізатараў 2-га Усебеларускага кангрэса, на якім выступіў з асноўным дакладам. Выехаў у Берлін, дзе ўзначаліў калегію Рады БЦР. У 1946 арыштаваны ў Польшчы і прывезены ў Мінск. Расстраляны.
Тв.: У трохсотыя ўгодкі сьмерці Вялікага Канцлера Льва Сапегі // Гадавік Беларускага Навуковага Таварыства. Вільня. 1933. Кн. 1; асобнае выд. - Вільня, 1933; перавыданне - Спадчына. 1991, ? 1.
Літ.: Соловьев А. Белорусская Центральная рада. Создание, деятельность, крах. Мн., 1995. С. 174; Вяртаньне БНП.
ШЛОСБЕРГ Яфім Паўлавіч [6.12.1906, Вільня - 1970, Мінск], гісторык. У 1928 скончыў БДУ. У 1937-41 загадчык кафедры гісторыі МВПІ, адначасова працаваў у Інстытуце гісторыі БелАН. Удзельнік 2-й сусветнай вайны. Узнагароѓджаны ордэнамі і медалямі. Арыштаваны ў час кампаніі 'барацьбы з касмапалітамі' 6.11.1948. Асобай нарадай пры МДБ БССР 23.4.1949 прыгавораны да 10 гадоў лагераў. Пакаранне адбываў у Тайшэтлагу (Іркуцкая вобл.). 3.10.1955 Судзебнай калегіяй Вярхоўнага суда БССР тэрмін пакарання быў зменшаны да 7 гадоў. Вызвалены. Рэабілітаваны Прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 9.5.1956. У 1956-64 старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР.
Кр.: НАРБ, ІКР.
Літ.: Возвращенные имена.
ШЛЮБСКІ Аляксандр Ануфрыевіч [псеўданімы: Алеся Гаротная; Звястун; А.Зніч; Казальнік; Этнограф; крыптанімы: А.; А.Г.; А.Ш.; Ал.Ш.; Ал.Ш-скі; 4(16).6.1897, в. Межава Полацкага пав. Віцебскай губ., цяпер Расонскі р-н Віцебскай вобл. - 1941 ?, ГУЛАГ], літаратураѓзнавец, этнограф, фалькларыст, бібліёграф. Паходзіў з мяшчанскага саслоўя. З 1919 распачаў этнаграфічныя і фалькларыстычныя даследаванні. У 1922 скончыў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1918-23 удзельнічаў у арганізацыі архіўнай справы ў Віцебску, Полацку, Веліжы, Оршы. З 1923 навуковы супрацоўнік Інбелкульта; у 1929-30 - Інстытута гісторыі БелАН. Супрацоўнічаў з многімі часопісамі як краязнаўчага накірунку ('Наш край'), так і літаратурнага ('Полымя', 'Узвышша', 'Маладняк', 'Радавая рунь'). Вынікі даследаванняў Ш. былі выдадзены Інбелкультам у 1927 і 1928 (2 часткі) пад назвай: 'Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны'. У 1927 выйшлі з друку 'Матэрыялы да беларускай бібліяграфіі'. Арыштаваны ДПУ БССР 3.4.1930 па справе 'Саюза вызвалення Беларусі'; паводле пастановы Калегіі АДПУ ад 10.4.1931 высланы тэрмінам на 5 гадоў у Ніжні Ноўгарад (па гэтай справе рэабілітаваны 19.9.1960). Паўторна арыштаваны ў чэрв. 1935 УНКВД па Ленінградскай вобл. Асобай нарадай пры НКВД СССР 16.11.1935 прыгавораны да 3 гадоў пазбаўлення волі. Далейшы лёс невядомы. У 1990 пракуратура Ленінграда адмовіла ў рэѓабілітацыі па гэтай справе.
Кр.: НАРБ, ІКР.
Тв.: Сведения по собиранию устного народного творчества в Белоруссии. Велиж, 1919; Паны і сяляне ў першай палове ХІХ стагоддзя. Мн., 1924; Бядуля як этноѓграф. Мн., 1925; Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і былога Вялікага княства Літоўскага. Коўна, 1925; Крашаніна (набіванка). Віцебск, 1925; Гісторыка-этнаграфічныя нататкі. Мн., 1928; Набойка. Мн., 1928; Этнаграфічная дзейнасць Е.Р.Раманава. Мн., 1928.
Літ.: Возвращенные имена; БП, т. 6.
ШПЕНЦЭР Барыс Маркавіч [1890, Херсон - 3.4.1938, НКВД], хімік. Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса), Маскоўскі тэхналагічны інстытут і 2 курсы Інстытута чырвонай прафесуры. У час грамадзянскай вайны працаваў у савецкіх і партыйных органах Украіны. У 1924-27 у Хімічным інстытуце імя Л.Я.Карпава (Масква). У 1932-34 член Прэзідыума і вучоны сакратар Камітэта па хімізацыі СССР. У 1935-37 старшыня Савета па вывучэнні вытворчых сіл БССР і кіраўнік сектара хімічнай тэхналогіі Інстытута хіміі БелАН. Член-карэспандэнт БелАН (1936), доктар хімічных навук, прафесар. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 3.4.1938 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны 28.11.1956.
Літ.: Возвращенные имена.
ШУКАЙЛА Паўлюк [Павел Захаравіч; псеўданім: Паўлюк Заходні; крыптанім: П.З-ні; 1904, в. Лапенеўцы Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Бераставіцкі р-н Гродзенскай вобл. - 14.4.1939, Мінск, НКВД], паэт, крытык, празаік. У першай палове 1920-х г. удзельнічаў у падпольным рэвалюцыйным руху ў Зах. Беларусі; прыкладна ў 1923 стаў членам КПЗБ. У канцы 1924 або пачатку 1925 перайшоў польска-савецкую мяжу. Далучыўся да дзейнасці літаб'яднання 'Маладняк'. У 1925 выехаў у Слуцк, дзе арганізаваў філію 'Маладняка', быў рэдактарам акруговай газеты, спрыяў выпуску літаратурнага альманаха. Неўзабаве перабраўся ў Расоны, працаваў сакратаром райкама партыі, удзельнічаў у рабоце Полацкай філіі 'Маладняка'. Адначасова з'яўляўся старшынёй камісіі па праверцы ходу беларусізацыі ў раёне. У 1926 прыехаў у Мінск, паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага ф-та БДУ. Стаў ініцыятарам стварэння новага літаб'яднання 'Беларуская літаратурна-мастацкая камуна'. У крытычных артыкулах быў досыць непрымірымы да сваіх літаратурных апанентаў. У 1928 адкамандзіраваны на вучобу ў Камуністычную акадэмію ў Маскве. У 1930 скончыў пры ёй Інстытут чырвонай прафесуры. У 1930-31 працаваў загадчыкам кафедры метадалогіі мастацтва ў Інстытуце кінематаграфіі. Да 1931 кіраўнік Беларускай секцыі Маскоўскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Быў рэдактарам газ. 'Кино' (Масква), дырэктарам Цэнтральнага тэхнікума тэатральнага мастацтва. Арыштаваны АДПУ СССР у вер. 1930 па справе 'Саюза вызвалення Беларусі'. Яму ўдалося адвесці ад сябе абвінавачанні, справа была спынена. З 1932 у Ленінградзе, віцэ-прэзідэнт Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Прафесар (1933). З 1936 зноў у Масѓкве. Паўторна арыштаваны 1.11.1938. Вінаватым сябе не прызнаў. Прыгавораны да расстрэлу 13.4.1939. Рэабілітаваны 14.4.1959.
Тв.: Акрываўленая зямля: Паэзія. Мн., 1930.
Літ.: Скрыган Я. Госці з Мінска // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979; Багдановіч І.Э. Авангард і трацыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраѓджэння. Мн., 2001. С. 364-368; БП, т. 6.
ШУКЕВІЧ-ТРАЦЦЯКОЎ Радыён Канстанцінавіч [23.11.1893, в. Навіны, цяпер Валожынскі р-н Мінскай вобл. - 10.2.1942, Паўночлаг], журналіст, дзяржаўны і паліт. дзеяч. З 1918 на савецкай рабоце ў Слуцку і Смаленску. У 1919-21 служыў у Чырвонай Арміі. У 1922-24 у Галоўным упраўленні палітыка-асветнай работы, старшыня Галоўнага ўпраўлення па справах літаратуры і мастацтва Наркамасветы БССР, сакратар Мінскага павятовага камітэта КП(б)Б. З 1924 рэдактар газ. 'Беларуская вёска'. У 1931-36 навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі, загадчык масавага сектара БелАН. У час чысткі ў кастр. 1935 выключаны з КП(б)Б; у 1936 пазбаўлены работы ў БелАН. Працаваў метадыстам у шахматным клубе. Арыштаваны 18.8.1938. Па пастанове Асобай нарады НКВД ад 9.2.1940 прыгавораны да 5 гадоў лагераў. Быў накіраваны ў Паўночлаг, дзе і памёр. Рэабілітаваны 2.2.1956.
Літ.: Возвращенные имена.
ШУТОВІЧ Віктар [27.10.1890, в. Шутавічы Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл. - 1.3.1960, Барысаў], рыма-каталіцкі святар, педагог, публіцыст. Вучыўся ў Ашмянскай гарадской школе. З 1909 - клірык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У час вучобы далучыўся да бел. культурна-асветнага руху. Пасвечаны ў святары 16.6.1913 у Вільні. Прадоўжыў вучобу за свой кошт ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў вымушаны быў спыніць вучобу. Пачаў службу вікарыем у парафіі Барадзенічы Браслаўскага пав. Распаўсюджваў сярод вернікаў бел. рэлігійныя і свецкія выданні, перыёдыку. Арганізаваў некалькі бел. школ. За сваю дзейнасць пераследаваўся польскімі царкоўнымі і свецкімі ўладамі, падвяргаўся нападкам на старонках польскай 'эндэцкай' прэсы. З 1925 некалькі разоў праводзілася следства па яго дзейнасці. Нейкі час быў пазбаўлены права самастойна кіраваць парафіяй. З 1927 служыў вікарыем у польскай парафіі Тшцяне. У 1929 выехаў у ЗША, дзе знаходзіўся да жн. 1932. Пасля вяртання прызначаны вікарыем у мясцовасць Харошча (пад Беластокам). Супрацоўнічаў з бел. свецкімі і рэлігійнымі перыядычнымі выданнямі. Напісаў драму '950 гадоў хрысціянства на Беларусі'. Да 1943 заставаўся ў Харошчы. Пасля адступлення немцаў пераехаў у Мінск, дзе стаў пробашчам кафедральнага касцёла. Арыштаваны 26.1.1945. Да 1956 знаходзіўся ў лагерах Комі АССР. Вярнуўся ў Беларусь. Апошнія гады быў пробашчам у Барысаве. Пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках.
Тв.: Маёвая чытанка. Вільня, 1940.
Літ.: Гарбінскі БРД.
ШУТОВІЧ Янка [Іван Іосіфавіч; псеўданімы: Іван Дубневіч; Ян Дубневіч; Я.Сцяблінскі; крыптанімы: І.Ш.; Я.Ш.; Я.Ш-ч і інш.; 11(24).1.1904, в. Шутавічы Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл. - 9.12.1973, Вільня], літаратуразнавец, выдавец, грамадскі і культурны дзеяч. Вучыўся ў Віленѓскай беларускай гімназіі. Першыя публікацыі ў зах.-бел. друку з'явіліся ў 1927. У 1934 скончыў юрыдычны ф-т Віленскага ун-та; магістр права. Належаў да партыі хрысціянскіх дэмакратаў. Працаваў карэктарам у бел. друкарні імя Ф.Скарыны. Член Беларускага студэнцкага саюза і Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў Вільні. У 1935-39 быў выдаўцом і рэдактарам літаратурна-навуковага час. 'Калоссе'. Апублікаваў артыкулы пра творчасць М.Машары, Я.Дразѓдовіча. Кіраваў міжарганізацыйным сакратарыятам па справах бел. школ. У пачатку 1939 арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў лагеры Бяроза Картузская, адкуль выѓзвалены савецкімі войскамі. З лют. 1941 да ліст. 1944 быў супрацоўнікам, загадчыкам Беларускага музея ў Вільні; ратаваў матэрыялы музея падчас акупацыі. Арыштаваны органамі НКДБ у ліст. 1944. Рашэннем Асобай нарады пры НКДБ прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў ва Унжлагу Горкаўскай вобл. і Пясчанлагу Карагандзінскай вобл. Вызвалены з лагера 28.8.1954. Да 10.4.1956 знаходзіўся ў ссылцы ў Карагандзе і Сарані Карагандзінскай вобл. Пасля ссылкі вярнуўся ў Вільню. З 1957 працаваў пажарнікам у Віленскім дзяржаўным мастацкім музеі. Рэабілітаваны 25.4.1958. Разам з жонкай, літоўскай паэтэсай Онай Міцютэ, займаўся перакладамі твораў літоўскіх і бел. пісьменнікаў. Адшукаў у архіве рукапіс рамана-хронікі М.Гарэцкага 'Віленскія камунары'. Рукапісны фонд Ш. знаходзіцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа НАНБ.
Тв.: Мастак Пётр Сергіевіч // Беларусь. 1957, ? 9; Гурыновіч Адам: (Паводле старых і новых архіўных матэрыялаў) // Полымя. 1966, ? 11.
Літ.: Вабішчэвіч А. Захавальнік спадчыны: Янка Шутовіч // Куфэрак Віленшчыны. 2001, ? 1; Чэмер А. [Анішчык А.]. Партрэты. Вільнюс, 2001.
ШУШКЕВІЧ Станіслаў Пятровіч [псеўдаѓнімы: Янка Бор; Саўка Койданаўскі; Вільгельм Эрнест; крыптанімы: С.Ш.; Стах Ш.; С.Ш. и В.М. (з В.Мараковым); С.Ш-ч; Шуш; В.Э.; Э-ст; В.Эрн; 6(19).2.1908, в. Бакінава Мінскага пав., цяпер Дзяржынскі р-н Мінскай вобл. - 1.2.1991, Мінск], паэт, празаік. Першы верш апублікаваў у студз. 1924 у газ. 'Чырвоная змена'. У 1924-26 вучыўся ў 11-й сямігадовай школе Мінска. У 1926 паступіў у МБПТ; стаў членам літаб'яднання 'Маладняк'. У 1928-30 працаваў у Кніжнай палаце і Дзяржаўнай бібліятэцы БССР; у 1930-31 загадваў бібліятэкай Навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі; у 1934-35 працаваў у рэдакцыі газ. 'Літаратура і мастацтва', у 1935-36 - газ. 'Звязда'. Адначасова вучыўся на літаратурным ф-це МВПІ, які скончыў у 1934. Член СП Беларусі з 1934. У 1934 апублікаваў першую кніжку вершаў. Арыштаваны 15.11.1936; прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі. У 1937-46 знаходзіўся ў лагеры і ссылцы ў Кемераўскай вобл. У 1946 вярнуўся на Радзіму; працаваў настаўнікам СШ у Данілавічах Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. Паўторна арыштаваны 22.8.1949. Высланы на спецпасяленне ў Краснаярскі край. Вярнуўся ў Мінск у 1956. У 1956-58 працаваў у газ. 'Мінская праўда', у 1958-70 быў загадчыкам аддзела пісем газ. 'Літаратура і мастацтва'. З 1970 на пенсіі. Канчаткова рэабілітаваны па абедзвюх справах 26.9.1975. Пісаў таксама для дзяцей. Многія яго вершы пакладзены на музыку. Аўтар шматлікіх успамінаў пра бел. пісьменнікаў ('Вяртанне ў маладосць: Успаміны і нататкі'. Мн., 1968). Пахаваны ў в. Шчытомірычы Мінскага р-на.
Тв.: Выбр. тв.: У 2 т. Мн., 1978; Дарога ў залатую восень: Вершы. Мн., 1983; Выбранае: Вершы. Мн., 1988.
Літ.: Гніламёдаў У. Будні і святы дзіцячай паэзіі // Полымя. 1974, ? 7; Барадулін Р. І светлай раніцы падаў руку // ЛіМ. 1985, 18 лют.; БП, т. 6.
ШЧАКАЦІХІН Мікола [Мікалай Мікалаевіч; 1(13).10.1896, Масква - 1.4.1940, Белебей Башкірѓскай АССР], мастацтвазнавец, гісторык і тэарэтык мастацтва, педагог. У 1914-18 вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1922 у Мінску. У 1922-24 працаваў у БДУ, дацэнт; у 1925-28 - у Інбелкульце (стварыў пры Інбелкульце Камісію па гісторыі мастацтва), у 1929-30 - у БелАН. Адзін з заснавальнікаў бел. мастацтвазнаўства; вывучаў старажытныя фрэскі, абразы, манументальнае дойлідства XI-XVIII ст., гравюры Ф.Скарыны, творчасць мастакоў В.Вашчанкі, М.Філіповіча, В.Волкава, А.Груѓбэ, І.Ахрэмчыка, У.Кудрэвіча. Упершыню ў бел. мастацтвазнаўстве выпрацаваў навуковую канцэпцыю гісторыі бел. мастацтва, зрабіў яго перыядызацыю. У 1928 выдаў т. 1 сваёй галоўнай працы 'Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва'. Прадоўжыць гэтае выданне не здолеў, бо 18.7.1930 быў арыштаваны ДПУ БССР па справе 'Саюза вызвалення Беларусі'. Па пастанове Калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў Белебей Башкірскай АССР тэрмінам на 5 гадоў. Працаваў статыстыкам, планавіком у кааперацыі, выкладаў у сярэдніх навучальных установах. Нейкі час жыў у в. Колтаўцы (30 км ад Белебея). Працягваў займацца навуковай дзейнасцю, аб выніках якой пісаў у лістах да акадэміка У.Пічэты. Але на навуковыя пасады яму не дазволілі вярнуцца. Рэгулярна перад рэвалюцыйнымі святамі Ш. ў 'прафілактычных' мэтах арыштоўвалі. У турмах захварэў на туберкулёз, ад якога і памёр. Рэабілітаваны 30.1.1956.
Тв.: Феликс Валлотон. М., 1918; Фрэскі Полацкага Барысаглебскага манастыра // Наш край. 1925, ? 1; Васіль Вашчанка - магілёўскі гравёр канца XVI - пачатку XVIII сталецця. Мн., 1925; Матар'ялы да гісторыі беларускага малярства XVIII ст. // Віцебшчына. Т. 1. 1925; Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1928; факсімільнае выд.: Мн., 1993; Новы Менск // Чырвоная Беларусь. 1930, ? 1.
Літ.: Ліс А. Мікола Шчакаціхін. Мн., 1968; Возвращенные имена.
ШЧАРБАКОЎ Васіль Карпавіч [27.2.1898, в. Дуброўка Аршанскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Аршанскі р-н Віцебскай вобл. - 29.6.1938, Мінск, НКВД], гісторык. У 1918 скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. У 1918 уступіў у РКП(б). Удзельнічаў у падпольнай барацьбе супраць нямецкіх акупантаў (1918). Потым ваяваў на Усх. і Паўдн. франтах. Прадоўжыў вучобу ў Харкаўскай вышэйшай партыйнай школе, якую скончыў у 1923. Пасля на партыйнай, педагагічнай, навуковай рабоце. З 1930 загадчык секцыі навукі і асветы ЦК КП(б)Б. Акадэмік БелАН (1931), доктар гістарычных навук. У 1931-35 віцэ-прэзідэнт, у 1935-37 - неадменны сакратар БелАН. З 1931 да 1936 нам. дырэктара, у 1936-37 дырэктар Інстытута гісторыі БелАН. Адначасова ў 1931-36 прафесар Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы Беларусі, МВПІ і БДУ. Галоўная праца Ш. - 'Нарыс гісторыі Беларусі' (паѓспеў выдаць толькі частку 1). Гэтая праца выклікала дыскусію і крытычныя заўвагі У.Пічэты. Падчас кампаніі чысткі ў жн. 1936 выключаны з шэрагаў КП(б)Б. Арыштаваны 21.6.1937. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР у чэрв. 1938 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны 25.7.1957.
ШЫДЛОЎСКІ Усевалад Аляксандравіч [1910, мяст. Смілавічы Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Чэрвеньскі р-н Мінскай вобл. - чэрв. 1992], журналіст, дзіцячы пісьменнік. Арыштаваны ў 1936 (?). Адбыў 10 гадоў на Калыме.
Літ.: Маракоў Л. Вынішчэнне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 снеж.
ШЫРМА Рыгор Раманавіч [псеўданімы: Р. Баравы; Вучыцель; крыптанімы: В.М.; В.-ч; Г.Ш.; Р.Ш.; 8(20).1.1892, в. Шакуны Пружанскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Пружанскі р-н Брэсцкай вобл. - 23.3.1978, Мінск], харавы дырыжор, фалькларыст, грамадскі і музычны дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. У 1911-12 быў слухачом двухгадовых настаўніцкіх курсаў у Свянцянах. Паѓступіў у Седлецкі настаўніцкі інстытут (скончыў у 1918). У канцы 1-й сусветнай вайны мабілізаваны ў армію. У 1924 арганізаваў хор у Пружанах. З 1926 выкладчык Віленскай беларускай гімназіі. Стваральнік харавых калектываў, у тым ліку хору Беларускага саюза студэнтаў у Вільні. У 1926-37 быў сакратаром Галоўнай управы Таварыства беларускай школы. Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1930 і 1933. Быў звольнены з пасады настаўніка гімназіі. З літаратуразнаўчымі артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у друку з 1933. У 1933 разам з Ф.Стацкевічам пачаў выдаваць час. 'Летапіс ТБШ' (пазней 'Беларускі летапіс'). Наладжваў бел. музычныя перадачы на польскім радыё, супрацоўнічаў са спеваком М.Забэйдам-Суміцкім. У сярэдзіне 1930-х г. адзін з першых дзеячаў культуры падтрымаў праграму Народнага фронту, актыўна супрацоўнічаў як публіцыст у народнафронтаўскай газ. 'Наша воля'. Выдаў для школьных і самадзейных хораў зборнікі 'Беларускія народныя песні' (1929) і 'Наша песня' (1938). У 1940 арганізаваў і ўзначаліў (да 1970) Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу БССР (з 1978 яго імя). Арыштаваны ў 1941, сядзеў на Лубянцы. Вызвалены па хадайніцтве Я.Коласа перад П.Панамарэнкам. Сабраў больш за 2 тыс. бел. народных песень. У 1966-78 старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР і сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР. Народны артыст СССР (1955), Герой Сацыялістычнай Працы (1977), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1946). Пахаваны ў Мінску на Усх. могілках.
Тв.: Песня - душа народа: Публіцыстыка; Фальклор; Музыка; Літаратура: 1929-1939; 1944-1974 гг. Мн., 1976; Песня - душа народа: З літаратурнай спадчыны. Мн., 1993.
Літ.: Нисневич И.Г. Г.Р.Ширма: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1971; Песня на ўсё жыццё: Успаміны пра Р.Р.Шырму. Мн., 1983; Рыгор Шырма: (Фотаальбом) / Аўтар-склад. В.Ліцвінка. Мн., 1990; БП, т. 6.
ШЭМЕШ Адам [1808, Слуцкі пав. Мінскай губ. - 1864, Вільня], жывапісец-партрэтыст, мастацтвазнавец, мемуарыст. Мастацкую адукацыю атрымаў у Віленскай мастацкай школе пры Віленскім ун-це ў Я.Рустэма (1826-31). Пасля сканчэння ун-та жыў у Мінску, дзе актыўна займаўся творчай працай і грамадскай дзейнасцю. У гэтыя гады напісаў партрэты У.Сыракомлі і С.Манюшкі, стварыў гістарычныя, рэлігійныя і бытавыя кампазіцыі. Зрабіў ілюстрацыі да паэмы А.Міцкевіча 'Конрад Валенрод'. З ім кансультаваўся У.Сыракомля, калі складаў апісанне помнікаў выяўленчага мастацтва Мінска. За вальнадумства ў 1842 высланы ў цэнтральныя губерні Расіі. У ссылцы не спыняў пубѓліцыстычную і мастацкую дзейнасць, дасылаў свае артыкулы ў газеты і часопісы. Вярнуўся ў Мінск у 1846. Тут намаляваў адзін з лепшых сваіх партрэтаў - Е.Фялінскай. З 1852 жыў у Вільні. Аўтар 'Успамінаў пра Віленскую мастацкую школу', 'Успамінаў пра Дамеля' і інш., апублікаваных у 1840-я г. ў віленскім час. 'Athenaeum'. Пакінуў гістарычна дакладнае апісанне мастацкага жыцця Беларусі і Літвы 1-й паловы XIX ст.
Тв.: Wspomnienia o Damelu // Athenaeum. T. II. 1842; Wspomnienia o Wileńskiej szkole malarskiej // Athenaeum. T. VI. 1844.
Літ.: Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX - начала XX в. Мн., 1974; Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 3. Мн., 1989; АЗБ.