Моряков Леонид Владимирович : другие произведения.

В

Самиздат: [Регистрация] [Найти] [Рейтинги] [Обсуждения] [Новинки] [Обзоры] [Помощь|Техвопросы]
Ссылки:


 Ваша оценка:

  ВАДКОЎСКI Фёдар Фёдаравiч [1800, Вiцебская губ. - 20.1.1844, Iркуцкая губ.], дзекабрыст, паэт. Паходзiў з дваранскай сям'i. Выхоўваўся ў Маскоўскiм унiверсiтэцкiм пансiёне (1810-12) i ў прыватных пансiёнах Пецярбурга. Вайсковую службу пачаў у прэстыжных Сямёнаўскiм (1818) i Кавалергардскiм палках. У 1824 за жарты на адрас цара i сатырычную песню пераведзены прапаршчыкам у Нежынскi конна-егерскi полк. Член тайнага Паўночнага таварыства, а з 1823 - Паўднёвага таварыства; прыхiльнiк радыкальнай праграмы - знiшчэння царскай сям'i i ўсталявання рэспублiканскага ладу ў Расii. Арыштаваны 21.12.1825 у Курску; асуджаны на вечную катаргу; пазней тэрмiн катаргi скарочаны да 20 i 13 гадоў. З 1839 на пасяленнi ў Iркуцкай губ. Пiсаў рэвалюцыйныя вершы на рускай мове, аўтар музыкi да песнi 'Славянскiя дзевы'.
  Лiт.: Восстание декабристов: Материалы. Т. 1. М.; Л., 1925; Декабристы: Новые материалы. М., 1955; ЭГБ, т. 2; АЗБ.
  
  ВАЗIЛА Аляксандр Цiмафеевiч [псеўданiмы i крыптанiм: Алек де-Вазиллини; Клим Злобич; Правдолюб; Антон Хатыня; Саша Косматый; Аль-Вэ; 28.8(9.9).1888, мяст. Прапойск Быхаўскага пав. Магiлёўскай губ., цяпер Слаўгарад Магiлёўскай вобл. - 4.12.1937, Уладзiмiр, НКВД], грамадскi дзеяч, паэт, публiцыст. Вучыўся на Вышэйшых курсах Т.Лесгафта ў Пецярбургу; у 1908 выключаны за ўдзел у рэвалюцыйным руху i, па некаторых звестках, сасланы ў Сiбiр. У 1912-13 друкаваўся ў газ. 'Белорусский вестник'. Выдаў у 1914 у Златавусце Уфiмскай губ. зборнiк паэзii 'Волны', якi быў канфiскаваны цэнзурай (у кнiзе была i аўтабiяграфiчная частка пра жыццё ссыльных у Сiбiры); супраць аўтара распачата судовая справа. Гэта перашкодзiла выданню В. заяўленага iм штотыднёвiка 'Уральская искра'. У 1916-17 займаўся на курсах кааперацыi ў Петраградзе. У 1917-18 сацыял-дэмакрат-iнтэрнацыяналiст, старшыня Быхаўскай пав. земскай управы. На 1-м Усебеларускiм з'ездзе 1917 выступiў супраць намеру абвясцiць бел. дзяржаўнасць. Яго прамова была надрукавана асобнай брашурай. У 1918 быў рэдактарам час. 'Чырвоны шлях'. З 1919 адышоў ад палiт. дзейнасцi. Арыштоўваўся 18.12.1917, у 1924 i 1932. Пасля арышту 1937 загiнуў у следчым iзалятары Уладзiмiра. Рэабiлiтаваны ў 1956.
  Тв.: Волны: Стихи. Златоуст, 1914; Речь, произнесенная на 1-м Всебелорусском съезде. Пг., 1918.
  Лiт.: Мельнiкаў М. Цi ведаеце вы Аляксандра Вазiлу? // ЛiМ. 1963, 2 жн.; Белюшин М. Арестованная брошюра // Неман. 1975, ? 1; БП, т. 1; ЭГБ, т. 2.
  
  ВАЙНIЛОВIЧ Восiп Мiкалаевiч [1860, Вiцебск - 24.5.1890, Вiцебск], рэвалюцыянер-народнiк, публiцыст. Са старажытнага шляхецкага роду герба 'Габданк'. У час вучобы ў Вiцебскай гiмназii быў членам Вiцебскага рэвалюцыйнага гуртка. З 1882 вучыўся на медыцынскiм ф-це Варшаўскага ун-та, дзе стаў адным са стваральнiкаў Варшаўскага нарадавольскага гуртка бел. студэнтаў. Варшаўская кватэра В. выкарыстоўвалася нарадавольцамi для канспiратыўных сувязей з польскай партыяй 'Пралетарыят'; сюды паступала пошта, друкарскае абсталяванне. У крас. 1883 за ўдзел у выступленнi варшаўскiх студэнтаў выѓключаны з ун-та. Жыў у Вiцебску пад наглядам палiцыi. Арыштаваны 8.3.1884; вызвалены ў снеж. 1884. Даваў прыватныя ўрокi. Займаўся лiтаратурнай творчасцю.
  Лiт.: Czerepica W. Związki rewolucjonistów Białorusi i Polski w latach 70-80 XIX wieku. Warszawa, 1985; ЭГБ, т. 2; АЗБ.
  
  ВАЙНОЎ [ВОЙНАЎ] Вiктар Лявонцевiч [23.2.1904, в. Палужжа Навагрудскага пав. Мiнскай губ. - 29.10.1937, Мiнск, НКВД], журналiст. У 1926-27 сакратар Магiлёўскага акружѓкама КП(б)Б. Быў загадчыкам сельгассектара газ. 'Звязда'. На момант арышту працаваў на фабрыцы 'Камунарка'. Прысуджаны да расстрэлу 28.10.1937. Рэабiлiтаваны 28.4.1956.
  Кр.: НАРБ, IКР.
  
  ВАЙНШТЭЙН Арон Iсакавiч [партыйныя псеўданiмы: Рахмiэль; Рахмiлевiч; 23.11.1877, Вiльня - 1938], палiтычны дзеяч, публiцыст. У 1897 скончыў Вiленскi яўрэйскi настаўнiцкi iнстытут. Працаваў на педагагiчных курсах у Варшаве. Удзельнiчаў у выданнi газ. 'Варшаўскi рабочы'. З 1897 член Бунда, з 1901 член яго ЦК, у 1917-21 старшыня ЦК Бунда (да яго роспуску). Неаднаразова арыштоўваўся царскiмi ўладамi; у 1914-17 сасланы ў Сiбiр. У 1917 старшыня Мiнскай гарадѓской думы. 31.7.1920 ад iмя Бунда падпiсаў Дэкларацыю аб абвяшчэннi незалежнасцi Беларускай ССР. У снеж. 1920-21 старшыня Саўнаргаса БССР. У канцы 1921 накiраваны ў Кiргiзiю, нам. старшынi СНК Кiргiзii. З 1923 у Наркамаце фiнансаў СССР. Арыштаваны ў 1938; загiнуў у зняволеннi.
  Лiт.: ЭГБ, т. 2.
  
  ВАЙШНАРАС Фелiксас [Vajšnoras Feliksas; псеўданiмы: М.Дзегас; Ф.Садайнiс; 18.5.1897, в. Пiльвiшкiс Ковенскай губ., цяпер Вiлкавiшскi р-н, Лiтва - 21.8.1972, Вiльнюс], лiтоўскi паэт, пераѓкладчык, журналiст. У 1916-18 знаходзiўся ў працоўным лагеры, арганiзаваным нямецкiмi акупацыйнымi ўладамi. У 1919 стаў членам ВКП(б). Арганiзоўваў прафсаюзны рух у родных мясцiнах. У 1921-23 зняволены ў каўнаскай турме, дзе пачаў пiсаць вершы. У 1923 у вынiку абмену палiтвязнямi апынуўся ў Маскве. У 1925 скончыў Камунiстычны ун-т нацыянальных меншасцей Захаду. Працаваў у розных выдавецтвах Масквы i Смаленска. З 1930 у Мiнску, працаваў у газ. 'Raudonasis artojas' ('Чырвоны араты'), у 1934-37 - яе рэдактар. З 1934 член СП СССР. Быў членам бюро лiтоўскай секцыi БелАПП, сакратаром лiтоўскай секцыi СП БССР. Перакладаў на лiтоўскую мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, Т.Кляшторнага, I.Харыка, рускiх i латышскiх пiсьменнiкаў. Арыштаваны 23.8.1937; у 1939 прысуджаны да 5 гадоў ссылкi, якую адбываў у Казахстане. Пасля вызвалення ў 1944-45 служыў у 16-й лiтоўскай дывiзii Чырвонай Армii. З 1945 у Вiльнюсе, працаваў у розных выдавецтвах i грамадскiх арганiзацыях. З 1957 на пенсii. У 1965 стаў заслужаным дзеячам культуры Лiтоўскай ССР. Напiсаў i апублiкаваў кнiгу ўспамiнаў.
  Тв.: Po darbo ir kovos vėliavą. Minskas, 1934; Į šviesų gyvenimą: Atsiminimas. Vilnius, 1960.
  Лiт.: Мальдзiс А. Творчыя ўзаемасувязi беларускай i лiтоўскай лiтаратур у савецкi час // Старонкi лiтаратурных сувязей. Мн., 1970; БП, т. 1.
  
  ВАЛАДКЕВIЧ Каспар Восiпавiч [8.2.1891, в. Слабада Вiленскага пав. - 1970], рыма-каталiцкi святар, грамадскi дзеяч. У 1909 скончыў гарадское 3-х класнае вучылiшча ў Ашмянах. У лiст. 1911 атрымаў пасведчанне на званне аптэкарскага вучня ў навучальнай акрузе Пецярбурга. З 1912 вучыўся ў Вiленскай духоўнай каталiцкай семiнарыi. Пасвечаны ў святары (1920). Быў прызначаны вiкарыем у Саколку. У 1921-28 пробашч у парафii Маева. Прыхiльнiк Беларускай хрысцiянскай дэмакратыi. Распаўсюджваў сярод сваiх парафiян бел. выданнi. На пачатку лiп. 1921 абвiнавачаны польскiмi ўладамi ў антыдзяржаўнай дзейнасцi. 26.10.1923 акруговым судом у Вiльнi апраўданы. У 1929-33 служыў святаром у Малой Бераставiцы. З 1934 пробашч у мясцовасцi Квасоўка каля Гродна. У перадваенныя гады служыў у парафii Анжадаў.
  Лiт.: Гарбiнскi БРД.
  
  ВАЛАСЕВIЧ Янка [1912 - 1937, Мiнск, НКВД], паэт. Скончыў лiтаратурны ф-т МВПI. Арыштаваны ў 1936 (?). Закатаваны ў мiнскай 'амерыканцы'.
  Лiт.: Маракоў Л. Вынiшчэнне, або Пяць хваляў арыштаў беларускiх лiтаратараў // ЛiМ. 1999, 10 снеж.
  
  ВАЛIЦКI Аляксандр [псеўданiмы i крыптанiѓмы: Мiсьцюк; Мiншчук; Miściuk; Nowogrodzianin; Nowogrodzianin W.M.; Pauza Symforjan; W.; Z.; Żeleźniak; Alexander Żeleźniak; 27.1(8.2).1826, Вiльня - 13.6.1893, Варшава], лiтаратар, музычны крытык, выдавец. Скончыў Слуцкую гiмназiю, фiлалагiчны ф-т Харкаўскага ун-та. Вучыўся музыцы ў Слуцку i Вiльнi (скрыпка i фартэпiяна). У 1858-62 дасылаў музычныя агляды i рэцэнзii ў варшаўскi час. 'Ruch muzyczny'. У 1863 заснаваў у Мiнску кнiгарню, вакол якой утварыўся лiтаратурны клуб. У 1863 за ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях сасланы ў Тамбоў. Кнiгарню В. прыняла яго сястра Соф'я Савiцкая. З 1868 жыў у Варшаве, быў журналiстам i выдаўцом. У 1890-93 быў захавальнiѓкам бiблiятэкi i архiва Радзiвiлаў у Нясвiжы. Сябраваў з С.Манюшкам, В.Дунiным-Марцiнкевiчам, А.Кiркорам, Я.Лучынам (дапамагаў яму выдаваць свае творы). Пiсаў на польскай, а паводле ўспамiнаў Р.Зямкевiча, i на бел. мове (гэтыя творы не знойдзены).
  Тв.: Stanisław Moniuszko. Warszawa, 1873.
  Лiт.: Słownik muzyków polskich. T. 2. Kraków, 1967; Słownik pracowników książki polskiej. Warszawa-Łódź, 1972; ЭГБ, т. 2; АЗБ.
  
  ВАЛОВIЧ Мiхал Казiмiравiч [18.6.1806, маёнтак Парэчча Слонiмскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Слонiмскi р-н Гродзенскай вобл. - 2.8.1833, Гродна], кiраўнiк сялянскага паўстання на Слонiмѓшчыне. Скончыў Вiленскi ун-т. Прыняў удзел у паўстаннi 1831-32, у сувязi з яго паражэннем быў вымушаны эмiграваць у Францыю, дзе зблiзiўся з дэмакратычнымi арганiзацыямi, рухам карбанарыяў. Пад уплывам Ю.Залiўскага вырашыў прыняць удзел у яго ваеннай экспедыцыi на тэрыторыю Беларусi i Лiтвы, каб узняць там (у адрозненне ад папярэдняга) сялянскае паўстанне. Меркавалася, што карбанарыi Зах. Еўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. Па рашэннi Ю.Залiўскага В. узначалiў слонiмска-навагрудскую акругу. 19.3.1833 паўстанцы перайшлi расiйскую мяжу i пачалi дзейнiчаць на Слонiмшчыне i Гродзеншчыне. У атрад В. прыйшлi сяляне з Парэчча, Вострава i Бардашоў. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалi на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слонiме з тым, каб вызваленыя вязнi далучылiся да паўстанцаў. Але такiя дзеяннi ўстрывожылi ўлады. Гродзенскi губернатар Мураўёў даў загад акружыць атрад В. над Шчарай. В. спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але пiсталет даў асечку. Паўстанцы трапiлi ў палон. Усяго па Гродзеншчыне было арыштавана звыш 150 чалавек. На допыце В. сведчыў, што 'хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстанне, каб здзейснiць свой намер i вызвалiць сялян' (апошнiя два словы падкрэслены следчым). 11.6.1833 у Гродне пачаўся судовы працэс. Побач з В. на лаве падсудных сядзелi 10 сялян. В. быў прысуджаны да пакарання смерцю праз чацвертаванне, аднак князь Далгарукаў змякчыў прысуд. В. павесiлi ў Гродне 2.8.1833. Астатнiя паўстанцы былi высечаны нагайкамi i сасланы ў Сiбiр - на катаржныя работы, у арыштанцкiя роты, на пасяленне. У ссылку адправiлi таксама паўстанцаў з Воранава на чале з М.Шыманскiм.
  Лiт.: Мальдзiс А. '...Прыгавораны да пакарання праз павешанне' // Мальдзiс А. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969; Sidorowicz-Czerniawska K. Sprawa emisarjusza Michała Wołłowicza w r. 1833. Grodno, 1934.
  
  ВАЛОШЫН Павел Пятровiч [28.6(10.7).1891, в. Гаркавiчы Сакольскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча - 3.11.1937, Салаўкi, НКВД], грамадска-палiт. дзеяч, публiцыст. У 1908-12 працаваў паштовым служачым у Крынках (Беласточчына). У 1912 прызваны ў войска. Удзельнiчаў у 1-й сусветнай вайне, быў паранены, трапiў у нямецкi палон. Пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi служыў мiлiцыянерам у Екацярынаславе. У жн. 1919 у дзянiкiнскай армii. Потым ваяваў на баку Чырвонай Армii (у атрадзе Р.Катоўскага). У 1922 вярнуўся на Радзiму. Уваходзiў у Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, потым у Беларускую партыю незалежных сацыялiстаў. 31.7.1923 абраны дэпутатам польскага сейма, увайшоў у Беларускi пасольскi клуб. Стаў адным з заѓснавальнiкаў БСРГ, у 1926-27 член яе ЦК. У 1926 увайшоў у КПЗБ. Пасля забароны БСРГ арыштаваны польскiмi ўладамi ў лют. 1927; на працэсе над грамадоўцамi ('працэс 56-i') асуджаны на 12 гадоў турмы. У вынiку абмену палiт. зняволенымi з 1932 у СССР. Выступаў з лекцыямi i публiкацыямi. З сак. 1933 у Мiнску. Працаваў у Беларускай дзяржаўнай бiблiятэцы i ў Бiблiяграфiчным iнстытуце пры гэтай бiблiятэцы, займаўся грамадскай дзейнасцю. Арыштаваны 1.9.1933 па справе 'Беларускага нацыянальнага цэнтра'. 9.1.1934 Калегiяй ДПУ БССР прыгавораны да расстрэлу, замененага 10 гадамi лагераў. Сасланы на Салаўкi. 9.10.1937 Асобай 'тройкай' УНКВД па Ленiнградскай вобл. зноў прыгавораны да расстрэлу. Рэабiѓлiтаваны па абодвух прыгаворах 16.8.1956.
  Лiт.: Бергман А. Павел Валошын // Беларускi каляндар на 1983 год. Беласток, 1983; ЭГБ, т. 2.
  
  ВАЛЫНЕЦ Флягонт Iгнатавiч [27.12.1878 (8.1.1879), Вiлейка - 27.11.1937, Салаўкi, НКВД], грамадска-палiт. дзеяч, публiцыст, педагог. У 1900 скончыў курсы па падрыхтоўцы народных настаўнiкаў пры Свянцянскiм народным вучылiшчы. Настаўнiчаў на Вiленшчыне. За палiт. ненадзейнасць пазбаўлены права выкладаць. Працаваў страхавым агентам. У 1916-17 служыў вайскоўцам у Мiнску. З лiст. 1917 гарадскi галава Вiлейкi, з лютага 1918 старшыня гарсавета; у час нямецкай акупацыi абраны жыхарамi горада бургамiстрам. У 1920-х г. неаднаразова арыштоўваўся польскiмi ўладамi. З 1926 у БСРГ, са снеж. 1927 член Галоўнай управы Таварыства беларускай школы. Разам з сенатарам А.Уласавым i Р.Шырмам актыўна ўдзельнiчаў у працы павятовых i акруѓговых упраў ТБШ. У 1928 i 1930 абiраўся дэпутатам польскага сейма. Адзiн з кiраўнiкоў рэвалюцыйнай арганiзацыi 'Змаганне'. Пасля роспуску сейма 30.8.1930 арыштаваны; член КПЗБ з 1932. 15.9.1932 у вынiку абмену палiт. зняволенымi пераехаў у Мiнск. Працаваў у Наркамаце камунальнай гаспадаркi БССР. Арыштаваны 31.8.1933 па справе 'Беларускага нацыянальнага цэнтра'. 9.1.1934 Калегiяй ДПУ БССР прыгавораны да расстрэлу, замененага 10 гадамi лагераў. Сасланы на Салаўкi. 9.10.1937 Асобай 'тройкай' УНКВД па Ленiнградскай вобл. прыгавораны да расстрэлу. Рэабiлiтаваны па абодвух прыгаворах 16.8.1956.
  Лiт.: ЭГБ, т. 2.
  
  ВАЛЬКОВIЧ Аляксандр Iванавiч [21.4(3.5). 1892, Мiнск (?) - 4.11.1937, Мiнск, НКВД], грамадска-палiт. дзеяч. У 1914-15 працаваў у Вiленскiм аддзяленнi Дзяржаўнага зямельнага банка. У пачатку 1-й сусветнай вайны ў эвакуацыi ў Тамбове. З вер. 1915 у армii, у 1916 скончыў школу прапаршчыкаў (Горы). Член БПС-Р. З 1918 у Мiнску. Прадстаўнiк БНР пры ўрадзе Грузii, мiнiстр фiнансаў БНР. У час польскай акупацыi Беларусi 1919-20 арыштоўваўся, уцёк за мяжу. У снеж. 1925 вярнуўся ў Мiнск. Працаваў iнспектарам у Наркамаце фiнансаў. У вынiку чысткi апарату Наркамфiна ў сак. 1930 пазбаўлены работы. Арыштаваны ДПУ БССР 18.7.1930 па справе 'Саюза вызвалення Беларусi'. Паводле пастановы АДПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Белябей (Башкiрыя). 25.5.1937 арыштаваны НКУС Башкiрскай АССР па абвiнавачаннi ў прыналежнасцi да 'Польскай вайсковай арганiзацыi'. 28.10.1937 'двойкай' (наркам унутраных спраў i пракурор СССР) прыгавораны да расстрэлу. Па першым прыгаворы рэабiлiтаваны 10.6.1988.
  Лiт.: ЭГБ, т. 2.
  
  ВАНСОЎСКI Бранiслаў Антонавiч [1898, Варшава - 1.9.1938, Мiнск, НКВД], публiцыст. На момант арышту дырэктар 'Белсельгасэлектра'. Арыштаваны 26.3.1937. Асуджаны 17.12.1937. Расстраляны. Рэабiлiтаваны 18.10.1963.
  Кр.: НАРБ, IКР.
  
  ВАСIЛЕВIЧ Язэп Iгнатавiч [4(16).9.1870, мяст. Крывiчы Вiлейскага пав. Вiленскай губ., цяпер Мяѓдзельскi р-н Мiнскай вобл. - 1934, Башкiрыя], грамадска-палiт. дзеяч, педагог, археолаг, публiцыст. Вучыўся ў настаўнiцкай семiнарыi, Маскоўскiм археалагiчным iнстытуце (скончыў у 1914), Маскоўскiм юрыдычным iнстытуце (1914-17). У 1917 стаў адным з лiдэраў Беларускай народнай грамады. Адзiн са стваральнiкаў i ў 1917-19 дырэктар Будслаўскай беларускай гiмназii. У 1919-20 жыў у Маскве. У жн. 1920 вярнуўся ў Будслаў, да кастр. быў дырэктарам школы. З 1921 дырэктар МБПТ. Адначасова выкладаў у БДУ археалогiю. У 1924 перасялiўся ў Вiцебск i стаў дырэктарам культурна-гiстарычнага музея. Браў удзел у падрыхтоўцы i склiканнi Першага з'езда даследчыкаў беларускай археалогii i археаграфii. Арыштаваны ДПУ БССР 1.8.1930 па справе 'Саюза вызвалення Беларусi'. У 1931 высланы ва Уфу (Башкiрыя), дзе i памёр. Рэабiлiтаваны.
  Тв.: Вiцебскi дзяржаўны культурна-гiстарычны музей // Вiцебшчына. Т. 2. Вiцебск, 1928.
  Лiт.: Вяргей В.С. Археалагiчная навука ў Беларускай ССР 1919-1941 гг. Мн., 1992; ЭГБ, т. 2.
  
  ВАСIЛЕЎСКI Данiла Мiнавiч [псеўданiмы i крыптанiм: А.Вiтэнь; Д.Вiтэнь; Д.В.; М.Доброведовский; Шчыры; Д.Шчыры; Шчырый; Д.Шчырый; 17.12.1889, в. Новае Сяло Вiцебскага пав., цяпер Шумiлiнскi р-н Вiцебскай вобл. - 28.12.1963, Феадосiя, Крым], краязнавец, гiсторык, лiтаратуразнавец, педагог. Вучыўся ў Полацкай настаўнiцѓкай семiнарыi, дзе ўвайшоў у гурток 'Вястун ведаў', што знаходзiўся пад уплывам народнiцкiх i сацыял-дэмакратычных iдэй. З 1910 пачаў збiраць фальклор на Полаччыне. Працягваў адукацыю ў Вiцебскiм настаўнiцкiм iнстытуце. У 1914-15 на педагагiчнай рабоце. Дасылаў свае допiсы ў час. 'Школа и жизнь' (псеўданiм М.Доброведовский) i ў газ. 'Наша нiва' (псеўданiмы Шчыры i Вiтэнь). З 1919 iнструктар школ на Вiцебшчыне, пасля - iнспектар народнай асветы ў Оршы. У 1920-я г. актыўна далучыўся да краязнаўчага руху: у 1923 арганiзоўвае Вiцебскае губернскае бюро краязнаўства, з 1924 намеснiк старшынi Аршанскага акруговага таварыства краязнаўства. У 1925 стаў кандыдатам Аршанскай фiлii 'Маладняка'. Публiкаваўся ў газ. 'Савецкая Беларусь' i 'Придвинский край'. З 1930 у Магiлёве, дэкан геаграфiчнага ф-та Магiлёўскага педiнстытута. Удзельнiк раскопак верхнепалеалiтычнай стаянкi Бердыж. Даследаваў гiсторыю бел. лiтаратуры ХIХ ст., бел. кнiгадрукавання, пытаннi этнаграфii i сацыяльна-эканамiчнага развiцця. Арыштаваны 9.12.1936, высланы ў Котлас. Потым працаваў буравiком у Варкуце. Пасля вызвалення з 1945 тэхнiк-геолаг у Варкуце. Рэабiлiтаваны ў 1956. Апошнiя гады жыў у Феадосii.
  Тв.: Друк на Аршаншчыне. Ворша, 1927; Паэт Ян Барѓшчэўскi аб Беларусi: (З уласных лiстоў яго да панi Карсак) // Аршанскi маладняк. 1925, ? 2; Краязнаўчая праца на ўсходзе Беларусi // Аршаншчына. 1926. Ч. 1; Сталецце краязнаўчай працы на Беларусi // Наш край. 1926, ? 2-3; Друк на Аршаншчыне // Аршаншчына. 1927; Паэма 'Тарас на Парнасе' ў краязнаўчым асвятленнi // Наш край. 1929, ? 5; Арцём Iгнатавiч Вярыга i яго лiтаратурна-грамадская чыннасць // Полымя. 1929, ? 6.
  Лiт.: Васiлеўская А. Памяць // Полымя. 1990, ? 7; Кiсялёў Г.В. Пошукi iмя. Мн., 1978; Яго ж. Разыскивается классик... Мн., 1989; Яго ж. Ад Чачота да Багушэвiча. Мн., 1993; Вяргей В.С. Археалагiчная навука ў Беларускай ССР 1919-1941 гг. Мн., 1992; БП, т. 1; ЭГБ, т. 2.
  
  ВАЎЖЭЦКI Тамаш [7.3.1753, маёнтак Мейшты Браслаўскага пав. Вiленскага ваяв., цяпер Браслаўскi р-н Вiцебскай вобл. - 5.8.1816, Вiдзы Лоўчынскiя Браслаўскага пав.], адзiн з кiраўнiкоў паўстання 1794. Вучыўся ў езуiцкай школе ў Вiдзах. Пасля шлюбу жыў у маёнтку жонкi Кавалёва на Ковеншчыне. Дэпутат ад шляхты Браслаўскага пав. на Чатырохгадовым сейме Рэчы Паспалiтай 1788-92, дзе выступаў 169 разоў з палымянымi прамовамi, настойваючы на прыняццi канстытуцыi. У пачатку паўстання 1794 дзейнiчаў у чыне генерала ў Браслаўскiм пав., потым - у Курляндыi. Вызначыўся ў штурме Лiбавы i ў бiтве пад Брэстам. Пасля паланення Т.Касцюшкi ўзначалiў усё паўстанне. Узяты ў палон, быў перавезены ў Пецярбург, дзе два гады знаходзiўся ў зняволеннi. Пасля ўступлення на трон Паўла I вызвалены з турмы, вярнуўся на Радзiму. З цягам часу змянiў сваю арыентацыю на прарасiйскую. У час вайны 1812 знаходзiўся ў Пецярбургу. Займаў у Царстве Польскiм пасады сенатара, ваяводы i мiнiстра юстыцыi. Памяць пра В. ўшанавана ў Браслаўскiм гiсторыка-краязнаўчым музеi.
  Лiт.: Szyndler Bartłomiej. Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania Kościuszkowskiego. Warszawa. 1976.
  
  ВЕРАМЕЙ Мiкалай Сцяпанавiч [канспiратыўны псеўданiм: Пабядзiнскi; 1898, в. Кавальцы Вiленскай губ., цяпер Маладзечанскi р-н Мiнскай вобл. - 22.10.1937, Хабараўскi край], грамадска-палiт. дзеяч, публiцыст. Вучыўся ў Невельскай настаўнiцкай семiнарыi. Працаваў настаўнiкам на Маладзечаншчыне. У 1919 уступiў у Камунiстычную рабочую партыю Польшчы (КРПП); з 1922 член Беларускай рэвалюцыйнай арганiзацыi; з 1923 член КПЗБ. У 1922 выехаў на вучобу ў Чэхаѓславакiю; у 1929 скончыў Пражскi электратэхнiчны iнстытут. Вярнуўся ў Зах. Беларусь. Удзельнiчаў у падрыхтоўцы выбараў у сейм, друкаваў улёткi i iншую нелегальную лiтаратуру; арганiзоўваў бел. школы. Фактычна знаходзiўся на нелегальным становiшчы. У 1930 перапраўлены ў СССР. У 1930 арганiзатар i дырэктар Энергетычнага iнстытута ў Мiнску. З 1931 у Маскве - у польскай секцыi Камiнтэрна. Прозвiшча 'Пабядзiнскi' нададзена вясною 1931 з канспiратыўных меркаванняў. Арыштаваны ДПУ БССР 16.8.1933 па справе 'Беларускага нацыянальнага цэнтра'; высланы ў Хабараўскi край (Арцёмаўск), дзе i загiнуў. Рэабiлiтаваны 16.8.1956.
  Лiт.: ЭГБ, т. 2.
  
  ВЕРНIКОЎСКI Аляксандр Львовiч [25.7.1884, Вiльня - 6.7.1984, Орша], праваслаўны святар, грамадскi i культурны дзеяч, педагог. Паходзiў з сям'i псаломшчыка Вiленскага Прачысценскага сабора. У 1893-97 вучыўся ў Замкавым 2-класным прыходскiм вучылiшчы. У 1901 скончыў Вiленскае андрэеўскае духоўнае вучылiшча. У 1901-07 вучыўся ў Мiнскай духоўнай семiнарыi. З чэрв. 1907 - канцылярскi служачы Вiленѓскага фiлiяла Дзяржаўнага банка. 5.5.1908 прыѓзначаны псаломшчыкам у царкву Казанскага пяхотнага юнкерскага вучылiшча. 25.8.1909 паступiў у Казанскую духоўную акадэмiю, скончыўшы якую атрымаў ступень кандыдата багаслоўя. Са жн. 1914 канцылярскi служачы Казанскай кантрольнай палаты. У канцы 1914 прызначаны на пасаду нам. iнспектара Тульскай духоўнай семiнарыi; адначасова выкладаў у ёй нямецкую i французскую мовы. Вярнуўся ў Зах. Беларусь у лют. 1922. Працаваў псаломшчыкам Нараўскай царквы Белавежскага пав. У 1922-23 дырэктар бел. гiмназii ў Радашковiчах. З 16.10.1923 настаўнiк гiсторыi, царкоўных спеваў i бел. мовы ў Вiленскай праваслаўнай духоўнай семiнарыi. Пэўны час жыў у Беластоку. Пазней пераехаў у Мiнск, дзе служыў настаяцелем Свята-Петрапаўлаўскай царквы на Нямiзе. У жн. 1944 браў удзел у сходзе духавенства, дзе выступiў з асуджэннем камунiстычных парадкаў. Арыштаваны савецкiмi ўладамi 3.1.1945, асуджаны на 5 гадоў лагераў. Пакаранне адбываў на Урале, у Сiбiры i Казахстане. У Беларусь вярнуўся ў 1950. Служыў настаяцелем у мяст. Дварэц (Дзятлаўскi р-н) i ў мяст. Ленiна (Слуцкi р-н), дзе выйшаў на пенсiю. Потым пераехаў да сына Святаслава ў Оршу.
  Лiт.: Гарбiнскi БРД.
  
  ВЕРНIКОЎСКI Ян Непамук [сапр.: Iван Антонавiч; 1799, Iгуменскi пав. Мiнскай губ.; па iншых звестках пад Мазыром - 1877, Казань], гiсторык, мовазнавец, арыенталiст, паэт. Паходзiў са шляхты. У 1820 скончыў фiласофскi ф-т Вiленѓскага ун-та. Выкладаў там сусветную гiсторыю. Арыштаваны царскiмi ўладамi 23.10.1823 па справе фiламатаў. Сасланы ў Казань, дзе ва ун-це выѓкладаў усх. мовы, старажытную гiсторыю i геаграфiю. Быў пад наглядам палiцыi i унiверсiтэцкай адмiнiстрацыi. У 1827-30 выкладчык арабскай i персiдскай моў у Казанскай гiмназii. Зноў арыштаваны ў жн. 1834 (абвiнавачаны ў прыналежнасцi да антыдзяржаўнай арганiзацыi). Пераселены ў Вятку. У 1853 прызначаны дырэктарам школ Сiмбiрскай губ., пазней перасялiўся ў Харкаў. Пiсаў вершы на польскай мове. Перакладаў паэзiю Пiндара i Хафiза.
  Лiт.: PSB; БЭ, т. 4.
  
  ВЕЧАР Алесь [сапр.: Аляксандр Сцяпанавiч; псеўданiм: Алесь Ранiца; 12(25).3.1905, в. Машчыцы Слуцкага пав. Мiнскай губ., цяпер Слуцкi р-н Мiнскай вобл. - 4.4.1985, Мiнск], паэт, бiёлаг. Пачатковую адукацыю атрымаў у Слуцку. У 1923 паступiў у Слуцкi сельгастэхнiкум. У 1925-29 студэнт агранамiчнага ф-та Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii (Горкi). Першы верш апублiкаваў у 1926 у час. 'Аршанскi маладняк'. Быў адным з кiраўнiкоў Аршанскай фiлii 'Маладняка', у 1928-30 узначальваў Мiнскую фiлiю БелАПП. Першую кнiжку вершаў апублiкаваў у 1930. У 1930-31 працаваў выкладчыкам у Гарадоцкiм тэхнiкуме механiзацыi сельскай гаспадаркi. У 1931 паводле абвiнавачання ў прыналежнасцi да кулацкай сям'i выѓключаны з КП(б)Б. У пошуках працы выехаў за межы Беларусi. У 1932-33 аграхiмiк Сочынскай заалагiчнай доследнай станцыi. У 1933 вярнуўся ў Беларусь. Паводле сведчання С.Кандыбовiча, у 1933 быў арыштаваны, але неўзабаве вызвалены. З 1933 працаваў у НДI харчовай прамысловасцi БССР. З 1937 у Iнстытуце харчовай прамысловасцi ў Краснадары. З 1959 у Iнстытуце бiялогii АН БССР, з 1970 у Iнстытуце эксперыментальнай батанiкi АН БССР. Доктар бiялагiчных навук, прафесар (1951). Акадэмiк АН БССР (1966). Заслужаны дзеяч навукi i тэхнiкi Беларусi (1975). Член СП Беларусi з 1978.
  Тв.: Кола дзён: Вершы. Мн., 1930; Основы физической биохимии. Мн., 1966; Зварот да слова: Вершы. Мн., 1977; Фiзiялогiя i бiяхiмiя бульбы. Мн., 1979 (у сааўт. з М.Ганчарыкам); Водородные ионы в биосфере. Мн., 1986.
  Лiт.: Гарэцкi М. 'Маладняк' за пяць гадоў. Мн., 1928; Кандыбовiч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусi. Мн., 2000; Шушкевiч С. Шчодрасць душы // ЛiМ. 1980, 21 сак.; БП, т. 2; ЭГБ, т. 2.
  
  ВIР Васiль [псеўданiм С. Пiнскi; ?, Пiншчына - пасля 1991, Канада], педагог, журналiст, палiт. дзеяч. У 1920-30-х г. актыўна ўдзельнiчаў у Беларускай сялянска-работнiцкай грамадзе на Пiншчыне, спрыяў Таварыству беларускай школы. У Пiнску iмкнуўся стварыць бел. газету, чаго не дазволiлi ўлады. Быў рэпрэсаваны польскiмi ўладамi. У вер. 1939 прымаў удзел у антыпольскiм паўстаннi на заходнебел. Палессi. Падчас нямецкай акупацыi арганiзоўваў бел. школьнiцтва на Пiншчыне i Столiншчыне, друкаваўся ў вiленскай газ. 'Беларускi голас'. Прымаў удзел у бел. нацыянальным падполлi, арганiзоўваў нацыянальную партызанку. У канцы 1943 арыштаваны СД у Пiнску i выѓсланы на прымусовую працу ў Германiю. Напрыканцы 1940-х г. з Зах. Германii выехаў у Канаду. Браў удзел у бел. жыццi, уваходзiў у рэдкалегiю газ. 'Беларускi голас' (Таронта, Канада), дзе выѓступаў як публiцыст, друкаваў успамiны.
  Лiт.: Ёрш С. Беларуская партызанка. Мн., 1999.
  
  ВIТАЛIН Змiтро [сапр.: Сергiевiч Змiцер Рыгоравiч; iншыя псеўданiмы: Байструк; Клоп; П.Прыпецкi; нар. 8.8.1912, в. Сухое Пiнскага пав. Мiнскай губ., цяпер Iванаўскi р-н Брэсцкай вобл.], паэт, празаiк, журналiст. З 1915 знаходзiўся з бацькамi ў эвакуацыi ў Бранску. Летам 1919 вярнулiся ў Беларусь у Калiнкавiчы. У 1928 скончыў Калiнкавiцкую васьмiгодку. З 1929 у Мiнску. Набыў спецыяльнасць электраманцёра i працаваў у Радыёцэнтры БССР радыёманцёрам, потым карэспандэнтам. Друкуецца з 1930. Член БелАПП з 1930. Сакратар час. 'Шляхi калектывiзацыi'. З вясны 1932 адказны сакратар крычаўскай раённай газеты. У вер. 1932 паступiў вучыцца на творчае адѓдзяленне МВПI. Арыштаваны ДПУ БССР 23.2.1933 па справе 'Беларускай народнай Грамады'. Асуджаны на ссылку 10.8.1933. Знаходзiўѓся ў 'Сiблагу' каля Томска. Вярнуўся ў Калiнкаѓвiчы ў канцы 1935. Адбыўшы ваенную службу, працаваў на фанернай фабрыцы ў Мазыры. Быў карэспандэнтам газ. 'Бальшавiк Палесся'. У вайну на фронце. З канца 1943 карэспандэнт дывiзiённай газеты 'Вперёд за Родину!'. З чэрв. 1945 у рэдакцыi газ. 'За честь Родины', якая дыслакавалася ў Вене. У 1950 пераведзены ў адэскую акруѓговую газ. 'Защитник Родины'. У 1956 накiраваны ў Будапешт, дзе працаваў у рэдакцыi газеты групы войск 'Ленинское знамя'. Дэмабiѓлiзаваны ў 1961 у чыне маёра. Вярнуўся ў Адэсу. З 1961 на творчай рабоце. Працуючы ў армейскiм друку i жывучы ў Адэсе, пiсаў на рускай мове. Пад уласным прозвiшчам выдаў кнiгi на ваенную тэматыку 'На голубом Дунае' (Адэса, 1955), 'Первый бой' (Адэса, 1957), 'Мы служим Родине' (Масква, 1962), 'Приветствие из юности' (Адэса, 1964), 'Начало легенды' (Масква, 1966), 'Тревожная осень' (Адэса, 1966), 'Десять дней отдыха' (Масква, 1967), 'Высокий остров' (Адэса, 1969), 'Маршевая рота' (Адэса, 1971), 'Товарищи огненных лет' (Масква, 1972), 'Гроза на рассвете' (Адэса, 1973), 'Сосны среди поля' (Адэса, 1975), 'Хорошие приметы' (Адэса, 1978), 'Нет последних рубежей' (Адэса, 1982), 'Личная война' (Кiеў, 1983). Жыве ў Адэсе.
  Тв.: Будзем жыць: Вершы. Мн., 1932.
  Лiт.: Пруднiкаў П. Абарваная струна // Чырвоная змена. 1985, 17 кастр.; БП, т. 2, 6.
  
  ВIТКОЎСКI Iван Антонавiч [20.4(2.5).1888, в. Чэрчыцы Аршанскага пав. Магiлёўскай губ., цяпер Шумiлiнскi р-н Вiцебскай вобл. - 27.12.1937, Мiнск, НКВД], гiсторык. У 1912 скончыў Пецярбургскую каталiцкую духоўную семiнарыю, 2 курсы Петраградскай духоўнай акадэмii (1914). З канца 1916 вiкарый у Мазыры. Пазбаўлены духоўнага сана ў 1918. Пераехаў у Растоў-на-Доне, дзе ў гiмназii выкладаў лацiнскую мову, гiсторыю i псiхалогiю. У 1919 добраахвотнiкам пайшоў у Чырвоную Армiю; у 1920 паранены. У ВКП(б) з 1920. У 1921 вярнуўся на Радзiму; працаваў у савецкiх i партыйных органах у Оршы i Сянно, прарэктарам Вiцебскага ветэрынарнага iнстытута. З 1925 у Мiнску, выкладчык Камунiстычнага ун-та, нам. загадчыка польскага аддзела Iнбелкульта, нам. дырэктара, з 1932 дырэктар Iнстытута польскай пралетарскай культуры БелѓАН. Адначасова загадчык кафедры гiсторыi МВПI. Прафесар з 1932. Вывучаў паўстанне 1863-64, сувязi памiж рэвалюцыйнымi рухамi Беларусi, Польшчы, Расii. Арыштаваны 26.7.1933. Паводле пастановы пазасудовага органа ад 27.2.1934 накiраваны на 3 гады ў лагеры. Знахоѓдзiўся ў Марыiнску (Сiбiр). Пасля вызвалення жыў у Ленiнградскай вобл. (Баравiчы), працаваў рахункаводам i выкладаў лацiнскую мову. Зноў арыштаваны 22.2.1937 па справе 'Польскай вайсковай арганiзацыi'. Этапаваны ў Мiнск, дзе расстраляны. Рэабiлiтаваны ў 1959.
  Тв.: 1863 г. на Мiншчыне. Мн., 1927 (разам з О.Яневiчам, Л.Лехам); Паўстанне 1863 г. i расiйскi рэвалюцыйны рух пачатку 1860 гадоў. Кн. 3. Мн., 1931; Рэвалюцыйныя гурткi 70 гг. на Беларусi // Полымя. 1929, ? 4; 'Зямля i воля' 60-х гадоў i сувязь яе з паўстаннем 1863 // Полымя. 1930, ? 4.
  Лiт.: ЭГБ, т. 2.
  
  ВIШНЕЎСКАЯ Наталля Вячаславаўна [3.5.1907, Коўна, цяпер Каўнас, Лiтва - 3.5.1989, Ленiнград], паэтэса, рэдактар. У час 1-й сусветнай вайны з бацькамi ў эвакуацыi ў Самарскай губ. Пасля грамадзянскай вайны Вiшнеўскiя жылi на Случчыне. Тады пачала пiсаць вершы. Уплыў на фармаванне паэтэсы аказаў Я.Колас, якi ўвёў яе ў лiтаб'яднанне 'Маладняк' i дапамог стаць студэнткай МБПТ (1924). Удзельнiчала ў 1-м з'ездзе 'Маладняка' (1925). Публiкавалася з 1926. У 1928, на апошнiм курсе вучобы, узяла шлюб з А.Дударом, з якiм пазнаёмiлася ў 'Маладняку'. Неўзабаве мужа арыштавалi i выѓслалi ў Смаленск. Нягледзячы на ярлык жонкi 'ворага народа', В. удаецца паступiць у БДУ (1929). Аднак на працягу года яе творы не друкавалiся, яна не магла знайсцi працы, часам галадала. У 1930 'Маладняк' i 'Савецкая Беларусь' зноў пачалi друкаваць вершы В., але ў сувязi з узбуджэннем новай справы на А.Дудара i выклiкам В. на допыты яна шукае паратунку ў Маскве (1930). Тут працавала ў бел. секцыi Дзяржвыдавецтва народаў СССР. Пасля яе лiквiдацыi перайшла ў газ. 'Гудок', рэдагавала бел. старонку. Там пазнаёмiлася са сваiм другiм мужам А.Звонакам. У 1934 вярнулася ў Мiнск. У 1936 па справах А.Дудара i А.Звонака зноў выклiкалася на допыты. Арышту пазбегла дзякуючы падказцы знаёмага следчага. Разам з мацi падалася на Украiну, потым у Ленiнград (1938), дзе выйшла замуж трэцi раз за бел. паэта Я.Бобрыка. З 1942 у Горкаўскай вобл. У 1945 вярнулася ў Ленiнград, працавала бiблiятэкарам. Выгадавала двух дзетдомаўскiх хлопцаў (абодва сталi капiтанамi далёкага плавання). У канцы 1940-х - пачатку 1950-х г. зноў выклiкалася на допыты ў МДБ. З 1962 на пенсii. Да лiтаратурнай дзейнасцi не вярнулася.
  Тв.: Бандарына З., Вiшнеўская Н., Пфляўмбаум Я. Вершы. Мн., 1926.
  Лiт.: Маракоў Л. Тры замужжы Наталлi Вiшнеўскай // Голас Радзiмы. 1999. 10 - 17 чэрв.
  
  ВОЙЦIК Антон Iванавiч [псеўданiм: А.Войнiч; 1898, в. Вярэнькi Дзiсенскага пав. Вiленскай губ. - 28.3.1948], журналiст, рэдактар, перакладчык. Муж Зоськi Верас. З 17 гадоў працаваў рабочым на Украiне, у рыбалоўнай арцелi ў Саратаве. Удзельнiк 1-й сусветнай вайны. У 1918-23 арганiзатар спажывецкiх кааператываў на Дзiсеншчыне. З 1924 у Вiльнi як журналiст, затым рэдактар газ. 'Сялянская праўда'. Арыштаваны польскай дэфензiвай у 1924 пасля выдання 50-га нумару газеты. Вiленскiм акруговым судом прыгавораны да 2-х гадоў турмы. Сядзеў у Лукiшках. У зняволеннi перакладаў з рускай i ўкраiнскай моваў апавяданнi i навукова-папулярныя нарысы, потым апублiкаваныя ў час. 'Заранка'. У рукапiсе захаваўся пераклад аповесцi К.Гамсуна 'Голад'. У 1930 i 1936 падвяргаўся судоваму праследаванню як выдавец бел. адрыўных календароў. Пасля 2-й сусветнай вайны ў Савецкай Лiтве быў кiраўнiѓком рэспублiканскага аддзела Саюздруку. У ЦДА Лiтвы захоўваюцца 2 судовыя справы В. (Ф. 129, воп. 2, спр. 822, 1511).
  
  ВОЛЬНЫ Анатоль [сапр.: Ажгiрэй Анатоль Iўсцiнавiч; iншыя псеўданiмы i крыптанiм: А.В.; Акша; Алёша; В.Анатолий; Анатолий Вольный; 19.11(2.12).1902, ст. Пухавiчы Iгуменскага пав. Мiнскай губ., цяпер Пухавiцкi р-н Мiнскай вобл. - 29.10.1937, Мiнск, НКВД], паэт, празаiк, кiнаѓдраматург, журналiст. Вучыўся ў Iгуменскай гiмназii (паступiў у 1911). У 1920 пайшоў добраахвотнiкам у Чырвоную Армiю. Пасля дэмабiлiзацыi ў 1921 працаваў у ЦК ЛКСМБ; у газ. 'Малады араты'. Вучыўся ў БДУ. Публiкаваўся з 1921. У 1920-30-х г. быў актыўным удзельнiкам лiтаратурна-мастацкага руху ў Беларусi. З 1923 у лiтаб'яднаннi 'Маладняк'. Адзiн з пачынальнiкаў прыгоднiцкага жанру ў бел. прозе. Член СП Беларусi з 1934; заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусi (1935). Паводле сцэнарыяў В. пастаўлены фiльмы 'Хвоi гамоняць' (1929, суаўтар К.Дзяржавiн), 'Атэль 'Савой' (1930), 'У агнi народжаныя' (1930), 'Сонечны паход' (1931), 'Новая раѓдзiма' (1935) i iнш. Арыштаваны 4.11.1936; вынесены смяротны прысуд. Расстраляны ў Мiнску. Рэабiлiтаваны ў 1957.
  Тв.: Камсамольская нота: Вершы. Мн., 1924 (з А. Александровiчам); Ваўчаняты: Раман беларускiх лясоў / Сааўт. А.Александровiч, А.Дудар. Мн., 1925 (2-е выд. 1929); Два: Аповесць. Мн., 1925; Чарнакудрая радасць: Вершы. Мн., 1926; Барацьбiт: Зборнiк. Мн., 1927; Зборнiк фельетонаў. Мн., 1927; Табе: Вершы. Мн., 1927; Суседзi: Гумарэскi i фельетоны. Мн., 1932; Шасцiдзесятая паралель: Кiнааповесць. Мн., 1935.
  Лiт.: Айзенштадт Г. Ждите нас, звезды!: Докум. очерк о комс. поэте, журналисте и сценаристе А.Вольном // Знамя юности. 1978, 5 окт.; Айзенштат Г. З лiку першапраходцаў // Чырвоная змена. 1981, 21 крас.; Брадзянскi Б. На шляху да рэалiзма: Пра творчасць кiнадраматурга А.Вольнага // ЛiМ. 1935, 16 сак.; Шушкевiч С. Талент, загартаваны Кастрычнiкам: Да 70-годдзя з дня нараджэння А.Вольнага // ЛiМ. 1972, 1 снеж.; Яго ж. Яго ўспамiнаюць добрым словам // Шушкевiч С. Выбр. тв.: У 2 т. Т. 2. Мн., 1978; БП, т. 2.
  
  ВОЎК-ЛЕВАНОВIЧ Iосiф Васiлевiч [6.11.1891, хутар Лявонаўка Бабруйскага пав. Мiнскай губ., цяпер Асiповiцкi р-н Магiлёўскай вобл. - 19.8.1943, ГУЛАГ], мовазнавец. У 1911 скончыў Бабруйскую гiмназiю i паступiў на гiсторыка-фiлалагiчны ф-т Пецярбургскага ун-та. З пачаткам 1-й сусветнай вайны пайшоў добраахвотнiкам у войска. Быў паранены. У лют. 1918 дэмабiлiзаваўся, вярнуўся на Радзiму. Тут перажыў нямецкую i польскую акупацыi. Выкладаў у Бабруйскай i Клецкай гiмназiях рускую i лацiнскую мовы. У жн. 1920 мабiлiзаваны ў Чырвоную Армiю. Дэмабiлiзаваўся ў 1922. Скончыў Петраѓградскi ун-т (1923). Прыехаў у Мiнск, дзе выкладаў бел. мову ў польскiм i яўрэйскiм педтэхнiкумах. З лют. 1924 у БДУ на кафедры гiсторыi бел. мовы. Адначасова з 1927 навуковы сакратар Камiсii па ўкладаннi гiстарычнага слоўнiка беларускай мовы Iнбелкульта. У 1929-30 працаваў у Iнстытуце мовазнаўства БелАН. Асноўныя сферы навуковых iнтарэсаў - гiсторыя бел. мовы i бел. дыялекталогiя. У вер. 1930 вымушаны выѓехаць з Беларусi. Працаваў у Саратаве ва ун-це, з 1931 - у педiнстытуце. З вер. 1934 у Арэнбургскiм педiнстытуце. Арыштаваны 17.9.1937. Сасланы ў лагер на Поўначы. Памёр у зняволеннi. Рэабiлiтаваны.
  Тв.: Лекцыi па гiсторыi беларускай мовы. Уступ i фанетыка. Мн., 1927 (факсiмiльнае выд. 1994); Гiстарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай фiлалогii: Гiсторыка-метадалагiчны нарыс // Працы БДУ. 1925, ? 6-7; Мова выданняў Францiшка Скарыны // Чатырохсотлецце беларускага друку. Мн., 1926; Форма 'прошлага ў будучым' у мове дакументаў 'Лiтоўскай метрыкi' // Працы БДУ. 1927. Т. 16; Ещё к вопросу о 'ляшских' чертах в белорусской фонетике // Slavia (Praha). 1930. R. 9. Se?. 3.
  Лiт.: Германовiч I.К. Беларускiя мовазнаўцы: Нарысы жыцця i навуковай дзейнасцi. Мн., 1985. С. 115-126; Возвращенные имена; Беларуская мова.
  
  ВУЛЬ Ялегi Пранцiш [Ul; сапр.: Карафа-Корбут Элiгiй Францiшак Маўрыкiевiч; 9(21).4.1835, Вiцебск - 1880-я г., Варшава], паэт. З 1846 вучыўся ў Вiцебскай гiмназii, але не скончыў яе. У 1856-62 працаваў пiсарам у Вiцебску. Лiтаратурнымi здольнасцямi вылучыўся ў гiмназii. Як паэт фармiраваўся пад уплывам А.Вярыгi-Дарэўскага i Г.Марцiнкевiча. У 1859 упiсаў у 'Альбом' Вярыгi-Дарэўскага верш 'К дудару Арцёму ад наддзвiнскага мужыка', якi ацэньваецца як адзiн з лепшых узораў бел. грамадзянскай лiрыкi сярэѓдзiны ХIХ ст. М.Гарэцкi ('Гiсторыя беларускае лiтаратуры') паведамляў, што iснавалi iншыя бел. вершы В., але яны не захавалiся. Дасылаў агляды культурнага жыцця Вiцебска ў варшаўскую 'Gazetę codzienną'. В. i ўся яго сям'я ўдзельнiчалi ў паўстаннi 1863-64. В. i яго брат Вiльгельм былi сасланы ў Сiбiр на пасяленне, а iх бацька атрымаў 8 гадоў катаргi. Пасля вяртання з ссылкi пасялiўся ў Варшаве, дзе разам з В.Каратынскiм i А.Плугам утварыў бел. гурток. Паэтычныя творы В. не былi надрукаваныя пры яго жыццi.
  Тв.: К дудару Арцёму ад наддзвiнскага мужыка // Наша нiва. 1912, 9 лiст.; Гарэцкi М. Хрэстаматыя беларускае лiтаратуры. Вiльня, 1922; Дзень паэзii - 65. Мн., 1966; Беларуская лiтаратура ХIХ ст. Мн., 1988; Пачынальнiкi. Мн., 1977.
  Лiт.: Кiсялёў Г. Хто вы, Карафа-Корбуты? // Полымя. 1992, ? 3; Яго ж. Загадка беларускай 'Энеiды'. Мн., 1971; Запрудскi I. Вядомы адным вершам // ЛiМ. 1993, 19 сак.; БП, т. 2; ЭГБ, т. 2.
  
  ВЫДРА Рувiм Маркавiч [1894, Дзвiнск, цяпер Даўгаўпiлс, Латвiя - 28.6.1938, Мiнск, НКВД], фiлосаф, публiцыст. У 1930-я г. прафесар БДУ, старшы навуковы супрацоўнiк Iнстытута фiласофii i права БелАН. У кастр. 1937 выключаны з ВКП(б). Арыштаваны 6.3.1938. У чэрв. 1938 Ваеннай калегiяй Вярхоўнага суда прысуджаны да расстрэлу. Рэабiлiтаваны 4.8.1956.
  Лiт.: Возвращенные имена.
  
  ВЫСОЦКI Пётр Яцак [10.9.1797, мяст. Варта, цяпер Лодзiнскае ваяв., Польшча - 6.1.1875, Варта], адзiн з кiраўнiкоў паўстання 1830-31, мемуарыст. Паходзiў са старажытнага бел. шляхецкага роду герба 'Адравонж'. Скончыў школу падхарунжых у Варшаве, у 1827 атрымаў чын падпаручнiка i стаў iнструктарам школы. У снеж. 1828 заснаваў тайнае таварыства 'Ваенны саюз', якое ставiла мэтай падрыхтоўку ваеннага перавароту. З пачаткам паўстання ў Варшаве ў лiст. 1830 пасля некаторых ваганняў далучыўся да яго (лiчыў паўстанне заўчасным). Быў ад'ютантам галоўнакамандуючага войскамi паўстанцаў М.Радзiвiла. Удзельнiчаў у рэйдзе на Валынь i Галiцыю, адкуль вярнуўся ў чыне палкоўнiка. Браў удзел у перамовах Нацыянальнага ўрада ў Варшаве з галоўнакамандуючым расiйскiмi войскамi I.Паскевiчам. У вер. 1831 пры абароне Варшавы паранены, трапiў у палон. Судом у Бабруйскай крэпасцi прыгавораны да чацвертавання, у 1833 судом у Варшаве - да павешання. Смяротнае пакаранне заменена катаргай у Сiбiр тэрмiнам на 20 гадоў. Адбываў пакаранне на Аляксандраўскай вiнакурнi. У 1835 спрабаваў уцячы, за што падвергнуты экзекуцыi (1 тыс. шпiцрутэнаў). Адпраўлены ў капальнi ў Акатуй, дзе працаваў прыкаваны за нагу да тачкi. Пасля вызвалення ад катаргi застаўся на пасяленнi ў Сiбiры. У 1857 памiлаваны, вярнуўся на Радзiму. Напiсаў успамiны пра паўстанне, выдадзеныя ў Парыжы.
  Тв.: Pamiętnik Piotra Wysockiego o powstaniu 29 listopada 1830 roku. T. 1-2. Paryż, [1863].
  Лiт.: ?epkowski T. Piotr Wysocki. Warszawa, 1972; Дьяков В.А., Кацнельсон Д.Б., Шостакович Б.С. Петр Высоцкий на сибирской каторге (1835-1856) // Ссыльные революционеры в Сибири (ХIХ в. - февр. 1917 г.). Вып. 4. Иркутск, 1979; ЭГБ, т. 2.
  
  ВЯРСОЦКI Янка [17.2.1888, мяст. Гальшаны Ашмянскага пав. Вiленскай губ., цяпер Ашмянскi р-н Гродзенскай вобл. - 22.12.1937, Алма-Ата, НКВД], рыма-каталiцкi святар, грамадскi дзеяч. У 1904-08 вучыўся ў Ашмянскiм гарадскiм 3-класным вучылiшчы. 6.4.1909 паспяхова здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камiсii Пецярбургскай навучальнай акругi. У 1910-15 вучыўся ў Магiлёўскай духоўнай каталiцкай семiнарыi ў Пецярбургу. Падчас вучобы наведваў культурна-асветны гурток бел. студэнтаў-клерыкаў. У 1915 пасвечаны ў святары. Служыў вiкарыем парафiй св. Тройцы ў Мiнску i Смаленѓску. Удзельнiк 1-га з'езда беларускага каталiцкага духавенства (Мiнск, 24-25.5.1917). Член Саюза ксяндзоў-беларусаў. З 1919 адмiнiстратар парафii Забелы Дрыса-Себежскага дэканата Вiцебскай губ. 8.8.1927 арыштаваны АДПУ. Прыгавораны да 3 гадоў лагераў. З 1.1.1928 - на Салаўках. Пасля сканчэння тэрмiну зняволення зноў арыштаваны i высланы ў Алма-Ату (Казахстан). У высылцы арыштаваны чарговы раз; 11.12.1937 прыгавораны да смяротнага пакарання. Расстраляны ў турме НКВД.
  Лiт.: Гарбiнскi БРД; Dzwonkowski R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917-1937: Martyrologium. Lublin, 1998; Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia, 1939.
  
  ВЯРЫГА-ДАРЭЎСКI Арцём [псеўданiмы i крыптанiмы: Artemiusz; Białoruska Duda; A.W.; D...a B.; D-da B.; 23.10(4.11).1816, мяст. Кублiчы Лепельскага пав. Вiцебскай губ., цяпер Ушацкi р-н Вiцебскай вобл. - 1884, Сiбiр], адзiн з пачынальнiкаў новай бел. лiтаратуры, паэт, драматург, публiцыст. Вучыўся ў Забельскай гiмназii (мяст. Валынцы Дрысенскага пав., цяпер Верхнядзвiнскi р-н). Служыў у розных установах Вiцебска. З 1852 калежскi асэсар. Ажанiўшыся, набыў у Вiцебскiм пав. маёнтак Стайкi. У 1850-я г. арганiзаваў у Вiцебску публiчную бiблiятэку. Збiраў бел. фальклор. Пасылаў допiсы ў газ. 'Kurjer Wileński' i 'Виленский вестник' (Вiльня), 'Słowo' (Пецярбург), час. 'Ruch muzyczny' (Варшава). Стаў вядомы як аўтар паэм, гутарак i драматычных твораў, якiя разыходзiлiся ў рукапiсах: паэмы 'Ахульга' (тэматычна звязаная з барацьбой горцаў пад кiраўнiцтвам Шамiля), драмы 'Гордасць', камедый 'Хцiвасць' i 'Грэх 4-ы - гнеў'. Першым пераклаў на бел. мову паэму А.Мiцкевiча 'Конрад Валенрод'. Бел. творы з-за цэнзурных умоў не друкавалiся, рукапiсы не знойдзены. Пры жыццi выйшла адзiная кнiга на польскай мове 'Гутарка пра сваяка'. Грамадскi рэзананс мела паездка В.-Д. ў 1858 у Вiльню, дзе ён сустрэўся з вiднымi прадстаўнiкамi культуры. Тады ж быў запачаткаваны знакамiты 'Альбом Вярыгi-Дарэўскага' (1858-63), якi стаў своеасаблiвым лiтаратурна-грамадскiм альманахам. У 1861-62 браў удзел у патрыятычных дэманстрацыях у Вiцебску, за што стаў аб'ектам пiльнага нагляду жандараў. У 1863 адзiн з кiраўнiкоў узброенага выступлення на Вiцебѓшчыне. Арыштаваны 6.5.1863, амаль два гады правёў пад следствам у вiцебскай турме. Першапачаткова асуджаны на пажыццёвую катаргу, замененую 8 гадамi катаржных работ. У 1865 сасланы ва Усх. Сiбiр (саляварны завод ва Усоллi). З 1868 на пасяленнi ў Iркуцку. Памёр у Сiбiры.
  Тв.: Gawędka o Swojaku przez Białoruską Dudę. Mohylew; Wilno, 1858; Пачынальнiкi. Мн., 1977. С. 213-292; Беларуская лiтаратура ХIХ ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988.
  Лiт.: Васiлеўскi Д. Арцём Iгнатавiч Вярыга-Дарэўскi i яго лiтаратурна-грамадская чыннасць // Полымя. 1929, ? 6; Борковский С.А., Мальдис А.И. Поэтическое наследие Артемия Вериги-Даревского // Советское славяноведение. 1971, ? 2; Кiсялёў Г. Арцём Вярыга-Дарэўскi // Кiсялёў Г. Загадка беларускай 'Энеiды'. Мн., 1971; БП, т. 2; ЭГБ, т. 2; АЗБ.
  
 Ваша оценка:

Связаться с программистом сайта.

Новые книги авторов СИ, вышедшие из печати:
О.Болдырева "Крадуш. Чужие души" М.Николаев "Вторжение на Землю"

Как попасть в этoт список
Сайт - "Художники" .. || .. Доска об'явлений "Книги"