Чугунов Николай, Щупак Любовь : другие произведения.

Пралог. Сардэчна запрашаем

Самиздат: [Регистрация] [Найти] [Рейтинги] [Обсуждения] [Новинки] [Обзоры] [Помощь|Техвопросы]
Ссылки:


 Ваша оценка:
  • Аннотация:
    Ненужное слово в нужном месте может стать залогом увлекательных приключений!

  Пралог. Сардэчна запрашаем
  
  Гэты замак заўсёды выклiкаў у яго агiду: голыя каменныя сцены, на якiх нават мох не рос, прысадзiстыя вежы ў вузкiх шчылiнах байнiц, адкуль зрэдку паблiсквала чырвоным, ды глыбокi роў, напалову засыпаны разнастайнымi косткамi. Але - няма чаго рабiць - уладар замка надта шанаваў пунктуальнасць пастаўшчыкоў.
  На рукаў 'выхадной' курткi, пашытай з лепшай уланскай поўсцi, упала клейкая кропля. Гарын Орт-Талар, гаспадар лепшай гуты ў акрузе, узняў вочы i здранцвеў: акурат над брамаю вiсела клетка, у якой варушылася нешта жывое.
  Прыгледзеўшыся, гном сцямiў: гэтае 'нешта' калiсьцi было чалавекам, i, калi судзiць па масiўным залатым ланцугу, якi матляўся на худой шыi, купцом першай гiльдыi. Здаецца, чуткi не хлусiлi, некрамант i сапраўды не цырымонiўся з 'парушальнiкамi'.
  Тонкая батыставая хустка толькi зрабiла пляму яшчэ больш прыкметнай. Гарын з болем падумаў, колькi марак прыйдзецца аддаць за перашыўку, i ў каторы ўжо раз паабяцаў сабе больш не фарсiць на сустрэчах з ведзьмакамi.
  Цела ў клетцы заварушылася, упрыгожыўшы безнадзейна сапсаваную куртку яшчэ дзесяткам смярдзючых кляксаў.
  - Зараза! - гучна ўзвясцiў гном, не здолеўшы стрымаць наплыў пачуццяў.
  - Гэта вы мне? - пачуўся аднекуль збоку знаёмы голас. Гарын кiнуў туды хуткi позiрк i пахаладзеў: ля бакавой брамкi стаяў некрамант уласнай персонай. Здавалася, ён толькi што вярнуўся са шпацыру - на iм быў умерана абрынданы брудам плашч i высокiя батфорты, а ля ног ляжаў мяшок са шлейкамi, набiты чымсьцi вуглаватым.
  - Ой, не... - гном адчуў, як язык ад страху лiтаральна прылiпае да паднябення. - Проста разумееце...
  Некрамант коратка ўсмiхнуўся.
  - Вы сёння на дзiва пунктуальны, Гарын. Стаўце ваш караван на разгрузку - ля Дзявоцкай вежы, як звычайна. Пакажаце Iгару, дзе што ляжыць, а потым будзьце ласкавы зайсцi да мяне. Калi вы, вядома, не спяшаецеся.
  - Ды якое тамака... - гном махнуў рукой. - Вунь колькi тавару прывёз - добра, калi за ноч разгрузiць уходзiцеся.
  - Шмат тавару - гэта добра, - задуменна адклiкнуўся некрамант. - Зрэшты, не буду вас затрымлiваць. Гэй, на варотах! Не спiм.
  Масiўныя створкi варот бясшумна расхiнулiся ва ўвесь абсяг i адчынiлi праход.
  - Значыцца, як разбярэцеся з Iгарам - прашу да мяне.
  * * *
  Гном упершыню быў у пакоях некраманта, i яму ўжо тут не падабалася. Насуперак спадзяванням, чарадзей жыў даволi сцiпла: просты ложак пад полагам, камiн i крэпкiя сталы, пазбiваныя з таўшчэзных дошак - нi табе залатых палiльнiц, нi напаўаголых паннаў - нiчога такога, чым любiлi блiснуць iншыя чараўнiкi. Зрэшты, некраманты заўсёды стаялi паасобку.
  - Так, пуставата, - некрамант заўважыў здзiўленне гнома. - Ды вы прысаджвайцеся.
  Ён, не саромеючыся госця, павесiў плашч на жалезны крук у сцяне i прыняўся пераапранацца. Гарын з невымоўным здзiўленнем утаропiўся ў бледную спiну чарадзея, пакрытую добрым дзесяткам шнароў.
  Застаўшыся галышом, чарадзей схапiў усю сваю адзежу ў ахапак i кiнуў яе ў камiн.
  - Адважна, - выдушыў з сябе гном. - Але марнатраўна.
  Адзежа, здавалася, была зроблена з пораху - успыхнуўшы, яна маментальна ператварылася ў клуб дыму, не пакiнуўшы пасля сябе нават попелу.
  - Дробязi, - махнуў рукой чарадзей. Гарын не мог паверыць сваiм вачам, ён утаропiўся ў цыбатую постаць... Вядзьмак зноў быў апрануты, у такую ж шэрую кашулю i чорныя суконныя штаны, як i тыя, што хвiлiну таму назад адправiлiся ў агонь. - Бяспека куды важнейшая. Але што наконт справы. Скажыце, вы хоць раз пыталiся ў сябе, нашто мне было патрэбна столькi абсталявання?
  Гарын, падумаўшы, пакiваў. Ён, вядома, нiколi не цiкавiўся мэтамi заказчыка - галоўнае, каб тэрмiны дамоў былi прыстойныя ды аплата адпавядала. Але ў голасе чарадзея чулася такое нецярпенне, што гном вырашыў пагадзiцца - для ўласнай бяспекi.
  - Сёння досвiткам, калi ўзышла Ранiшняя зорка, на Дзявоцкай вежы тройчы праспяваў дрозд - i я зразумеў: сёння мяне чакае вялiкi дзень. Я вельмi, вельмi задаволены вашым своечасовым прыбыццём, Гарын. Ужо шмат гадоў я спрабую зрабiць адну рэч... - некрамант нецярплiва папахадзiў па пакоi. - Вам, як гандляру, чала... - чарадзей збянтэжана кашлянуў, - гэта значыць, гному, якi заўсёды падарожнiчае, будзе асаблiва цiкава.
  - Так, несумненна, - ветлiва пагадзiўся гном. На самой справе, цяпер яму было цiкава толькi адно: цi зможа ён выбрацца з замка жывым, i калi зможа - дык праз колькi часу i ў якiм стане.
  - Думаю, Iгар ужо скончыў... - некрамант, зiрнуўшы ў акно, паглядзеў на месяц, якi павольна поўз па небе. - Пайшлi, не варта марнаваць час.
  * * *
  Нiколi ў жыццi Гарын не спадзяваўся патрапiць у лабараторыю ведзьмака ў якасцi экскурсанта, а не падвопытнага. Зрэшты, ведаючы суровы нораў гаспадара, ён маральна падрыхтаваўся, што ўсё можа змянiцца ў любы момант.
  - Усё гатова, - прашыпеў Iгар, вяртлявы гарбаты, падобны на персанаж з нейкага кашмарнага сну. Увогуле, сама лабараторыя выдатна ўвасабляла горшыя з вядомых гному кашмараў. Адусюль чулiся стогны ўперамешку з неразборлiвымi праклёнамi, святло паходняў лыпала, то амаль згасаючы, то разгараючыся так, што станавiлася балюча глядзець, а ў бакавых калiдорах кешкалiся нейкiя пераламаныя фiгуркi.
  - Трэба было б прыбраць тут, - раўнадушна адклiкнуўся некрамант.
  - Будзе зроблена.
  - Гарын, дзе вы там? Не адставайце, вам тут аднаму небяспечна.
  Гном ашалела пакiваў, не ў сiлах адарваць вочы ад дзiўнага стварэння, што iшло за iм крок у крок. Самай прыкметнай рысай на яго твары былi велiзарныя вочы - здавалася, iстота нiколi не бачыла святла мацней свечкi.
  - Гэта вынiк маiх даўнiх эксперыментаў, - паморшчыўшыся, растлумачыў некрамант. Ён павёў далонню, i стварэнне, коратка пiснуўшы, звалiлася нежывое. - Трэба было б вычысцiць, ды ўсё нiяк часу не хапала. Не адставайце, на мяне яны не нападуць, а на вас могуць паспрабаваць.
  * * *
  У цэнтры залы ззяла мяккiм святлом пяцiпромневая зорка. Прыгледзеўшыся, гном ледзь стрымаў зайздросны ўздых - калi судзiць па колеры маленечкiх брусочкаў, з якiх складалiся лiнii, некрамант вылажыў зорку сапраўдным золатам.
  У кутках пентаграмы цьмелi няўяўна смярдзючыя купкi нейкага парашка. Смурод, якi яны выдавалi, больш за ўсё нагадваў пах падпаленай памыйнiцы. Некрамант узяў з рук Iгара разьбяное касцяное жазло, якое ў мiнулым жыццi вiдавочна было нечай галёначнай косткай, i адным скачком апынуўся у цэнтры зоркi.
  - Што ж, пачнем, мабыць. Купкi, якiя да гэтага толькi чадзлi, шуганулi ярка-сiнiм полымем, i памяшканне напоўнiлася нiзкiм гудам. Гном зачаравана сачыў, як, падпарадкоўваючыся рухам жазла, пачынаюць свяцiцца знакi спярша на вонкавым, затым на ўнутраным контуры пентаграмы. Пад канец гудзенне стала зусiм невыносным, i гном з вохканнем прысеў на кукiшкi, зацiскаючы вушы.
  Раптам усё зацiхла, i на Гарына падзьмула марскiм брызам. Ён здзiўлена выпрастаўся, апускаючы рукi - прама перад iм, лiтаральна ў якiм-небудзь метры, вiсеў iмглiсты круг, з якога руляў самы сапраўдны марскi вецер.
  - Атрымалася! Атрымалася, Правал нас забяры! - данёсся да гнома пераможны лямант некраманта. Гарын жадаў удакладнiць, што менавiта атрымалася, але не паспеў: круг разляцеўся блiскучымi пырскамi, асляпiўшы гнома, а калi той усё-такi атрымаў здольнасць бачыць, вакол не было нiчога. Нiчога, акрамя пустыннага пляжу, мора, куды павольна апускалася крывавае сонца, пары чаек, якiя марудна тупалi ўздоўж лiнii прыбоя, i цела некраманта непадалёк.
 Ваша оценка:

Связаться с программистом сайта.

Новые книги авторов СИ, вышедшие из печати:
О.Болдырева "Крадуш. Чужие души" М.Николаев "Вторжение на Землю"

Как попасть в этoт список
Сайт - "Художники" .. || .. Доска об'явлений "Книги"